Беларусь у ХХ стагоддзі

 

4—5 лістапада 2004 г. у старажытным польскім горадзе Торунь адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя „Беларусь у ХХ стагоддзі. У звязку культуры і палітыкі“ (Białoruś w XX stuleciu. W kręgu kultury i polityki). Яна ла­дзілася кафедрай міжнародных зносін факультэта гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка. Ініцыятарамі і ста­раннымі арганізатарамі канферэнцыі сталі выкладчыкі уні­версітэта доктар Дарота Міхалюк, прафесар Станіслаў Александровіч і прафесар Збігнеў Карпусь. У прывітальным слове ўдзельнікам канферэнцыі прарэктар універсітэта прафесар Анджэй Радзіміньскі адзначыў важнасць узнятай тэмы для навукоўцаў не толькі Беларусі і Польшчы, але і многіх іншых краін Еўропы. Гэтую думку падтрымаў прафесар Збігнеў Карпусь, які ачольваў працу самай першай часткі канферэнцыі. Ранішняе паседжанне было абмежавана двума да­кладамі, але менавіта яны сталі загалоўнымі і вызначылі танальнасць усёй канферэнцыі. Першым прагучаў даклад доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука „Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя ХIХ — пачатку ХХ ст.“. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў сваю тэму пры­свяціў таксама стасункам рубяжа двух стагоддзяў „Битва двух капиталов? Роль российского и польского капиталов в развитии экономики Беларуси XIX — начала XX века“. На працягу першага дня канферэнцыі адбыліся яшчэ тры паседжанні, якімі кіравалі, змяняючы адзін аднаго, прафесар Войцэх Матэрскі, прафесар Яўген Мірановіч i доктар Юры Туронак. Большая частка дакладаў гэтага дня была прысвечана гісторыі міжваеннай Беларусі. Даследаванні Станіслава Рудовіча „Беларусы ў часе Першай сусветнай вайны: цяжкі старт у ХХ ст.“, Сяргея Токця „Беларуская інтэлігенцыя ў нацыянальным руху ў першай палове ХХ ст.“, Валянціны Лебедзевай „Тэрытарыяльнае пытанне ў беларуска–ўкраінскіх адносінах на этапе станаўлення дзяржаўнасці (1918—1919)“, Дароты Міхалюк „Мяжа паміж Беларускай Народнай Рэспуб­лікай і Украінскай Народнай Рэспублікай у 1918 на мапах сумеснай камісіі па справах размежавання“,  Алега Латышонка „Дзяржаўная сімволіка Беларускай Народнай Рэспублікі“, Рыгора Лазько „Беларуска–савецкія перамовы ў 1920 г.“, Яўгена Мірановіча „Праблема беларускай меншасці ў II Рэчы Паспалітай на форуме Лігі Нацый у 20-х гадах мінулага стагоддзя“, Андрэя Чарнякевіча „Партрэт на фоне інтэр’ера: штодзённае жыццё беларускага дзеяча ў Гродне 1909—1939“ яскрава даказалі актуальнасць абранай тэмы і засведчылі добрыя вынікі працы цэлай плеяды вучоных. Сенсацыйна прагучалі даклады прафесара Дзмітрыя Ліна „Демографические процессы в Беларуси в ХХ веке“ і прафесара Рышарда Радзіка „Фармаванне сучаснай беларускасці ў ХХ ст.“. Узорам крыніцазнаўчай дасведчанасці стаў даклад вядомага ва Ўкраіне архівіста, прафесара Ірыны Мацяш „Дакументы па гісторыі Беларусі ХХ ст. ва ўкраінскіх архівах“. Па выніках дакладаў першага дня адбы­ліся дыскусіі, у якіх вы­ступілі многія з удзельнікаў канферэнцыі, а таксама аспіранты і студэнты Універсітэта Мікалая Каперніка.

Секцыямі другога дня канферэнцыі кіравалі доктар Д. Мі­халюк, прафесар Р. Радзік, доктар А. Смалянчук. Тэма міжваеннай Беларусі мела працяг у ранішняй секцыі 5 лістапада. Прафесар З. Карпусь выступіў з дакладам „Прызыў у вайсковыя атрады, арганізаваны Беларускай вайсковай камісіяй“, маладая вучоная з Украіны В.Ямкова на падставе архіўных крыніц і ўласнага асэнсавання бліскуча выступіла па тэме „Узаемаадносіны і супрацоўніцтва ўкраінскай і беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі ў 1920—1930–х гадах“. З навуковай дакладнасцю і вялікай павагай да беларусаў прагучалі вы­ступленні вучоных з Каўнаса Аўшры Юрэвічутэ („Беларускія вайсковыя часткі ў літоўскай арміі 1918—1923“) і Альгіса Маркунаса („Ваенная і грамадская дзейнасць падпалкоўніка Аляксандра Ружанцова ў Літве і эміграцыі (1919—1966)“). Некалькі дакладаў былі прысвечаны тэме беларускіх стасункаў у часе Другой сусветнай вайны і ў паваенныя гады. Юры Туронак распавёў пра дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца ў Берліне ў 1939—1943 г., прафесар Войцэх Матэрскі — пра праблемы Беларусі ў дыпламатычных перамовах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1944—1945), кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі — пра станаўленне беларуска-польскай мяжы пасля Другой сусветнай вайны (1944—1945), доктар Міраслаў Голан выступіў з дакладам „Да слова аб польска–савецкіх стасунках“.

На другі дзень прагучала некалькі дакладаў на тэму культуры і адукацыі Беларусі ў ХХ ст., хоць трэба сказаць, што гэтая тэма не стала дамінавальнай на дадзенай канферэнцыі. Алена Глагоўская выступіла з дакладам „Беларуская культура ў міжваенны перыяд“ і ўвяла ў навуковы ўжытак многа новых крыніц і фактаў. Аўтар гэтых нататак зрабіла спробу сістэматызацыі крыніц па гісторыі беларускай літаратуры 20–х — 30–х г. Мар’ян Семаковіч даследаваў малавядомыя старонкі асветнай палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да беларускай меншасці ў II Рэчы Паспалітай. Віталь Скалабан, даклад якога быў успрыняты з асаблівай цікавасцю, зрабіў вельмі важкі ўнёсак у даследаванне тэмы „Дзяржава і культура ў паваеннай Беларусі (1945—1953)“. Неабыякавымі засталіся ўдзельнікі канферэнцыі да паведамлення даследчыцы з Барнаула (Расія), якая вывучае гісторыю беларусаў на Алтаі.

Адным з апошніх выступіў на канферэнцыі прафесар Станіслаў Александровіч, хоць у праграме яго даклад быў пазначаны першым. Яго тэма „Як пісалася гісторыя Беларусі ў ХХ ст.“ прагучала як грунтоўнае падсумаванне гістарычных да­следаванняў, як неабходны заключны акорд самой канферэнцыі і як запрашэнне да працягу навуковай гаворкі. Падвядзенне вынікаў было зроблена намаганнямі Збігнева Карпуся і Дароты Міхалюк.

На завяршэнне трэба адзначыць высокі ўзровень арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі, волю яе арганізатараў, адмысловае ўладкаванне побыту ўдзельнікаў. Словы асаблівай удзячнасці ўдзельнікаў канферэнцыі Дароце Міхалюк, Збігневу Карпусю, Станіславу Александровічу і рэктарату Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.

Ганна Запартыка

змест