Саюз Беларускай Моладзі ў Нямеччыне
Юры Туронак
Летам 1941 г. у берлінскім міністэрстве акупаваных усходніх абшараў (Ostministerium, OMi) праектавалася стварэнне аддзела моладзі для распрацоўкі канцэпцыі моладзевай палітыкі на Ўсходзе. Аднак з увагі на спадзяваную хуткую перамогу ў вайне з СССР гэтае пытанне не лічылася асабліва важным і тэрміновым, бо толькі ў снежні 1941 г. міністр Альфрэд Розенберг прызначыў арганізатара і кіраўніка адпаведнага аддзела. Ім стаў гаўптбанфюрэр Зыгфрыд Нікель — вопытны дзеяч нямецкай арганізацыі моладзі „Гітлерюгенд“, які ў даваенныя гады займаўся кантактамі з замежнымі згуртаваннямі моладзі1. Адначасова Нікель быў сувязным паміж Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі і ОМі.
Паводле Рудальфа Герцага, у той час у міністэрстве Розенберга часта абмяркоўваліся пытанні арганізацыі працы з моладдзю на акупаваных тэрыторыях СССР, аднак доўга яны не прыводзілі да адназначных рашэнняў. У прыватнасці, заставалася адкрытым пытанне — ці аддзел моладзі павінен апекавацца маладымі людзьмі толькі нямецкай нацыянальнасці, ці таксама займацца стварэннем і кантролем згуртаванняў мясцовай ненямецкай моладзі2.
З мэтай даследавання канкрэтных мясцовых умоў для арганізацыі працы аддзела ў лютым — сакавіку 1942 г. Нікель наведаў прыбалтыйскія краіны, Беларусь і Ўкраіну, дзе вывучаў погляды кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі па гэтым пытанні. Наступствам камандзіроўкі Нікеля быў дэкрэт Розенберга ад 3 чэрвеня 1942 г., які аформіў стварэнне аддзела моладзі ў міністэрстве і дазволіў генеральным камісарам у Літве, Латвіі і Эстоніі стварыць аналагічныя аддзелы ў іх установах. Згодна з дэкрэтам, адкрыццё аддзела моладзі ў генеральным камісарыяце Беларусі адкладалася, а ва Ўкраіне ўвогуле не прадугледжвалася3.
Розенберг надалей не выказваўся наконт магчымасці стварэння нацыянальных арганізацый моладзі. Станоўчае вырашэнне гэтага пытання, якое садзейнічала б росту нацыянальнай актыўнасці юнакоў і юначак, у пэўнай меры залежала ад стаўлення да яго паасобных кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі на Ўсходзе.
Супраць стварэння нацыянальнай арганізацыі моладзі першым выступіў райхскамісар Украіны Эрых Кох, які ўсе свае праблемы спадзяваўся вырашыць з дапамогай бізуна. Таксама адмоўна паставіўся да гэтай ідэі генеральны камісар Літвы Адрыян Рэнтэльн, затое падтрымалі яе акупацыйныя ўлады ў Латвіі і Эстоніі. У Беларусі прыхільнікам стварэння моладзевай арганізацыі быў яе генеральны камісар Вільгельм Кубэ. Маючы за сабой шматгадовы вопыт працы з моладдзю ў Нямеччыне, ён добра разумеў значэнне такой арганізацыі для актывізацыі беларускага нацыяналізму, які быў асноўнай канцэпцыяй яго палітыкі. Кубэ рэкамендаваў акруговым камісарам падтрымоўваць ініцыятывы беларускіх настаўнікаў і дзеячоў Беларускай народнай самапомачы ў галіне працы з моладдзю. Пад іх кіраўніцтвам яна праводзілася з восені 1941 г. у гуртках у Менску (кіравала Надзея Абрамава), Баранавічах, Вілейцы, Глыбокім і, магчыма, у іншых гарадах4. Аднак для стварэння агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі неабходна была згода Розенберга. Тым часам яго чэрвеньскі дэкрэт адклаў такую магчымасць на неакрэсленую будучыню. Гэта, вядома, расчаравала Кубэ, хоць і не было для яго асаблівай нечаканасцю, бо Розенберг здаўна скептычна ацэньваў магчымасці беларускага нацыяналізму і не спадзяваўся на перавыхаванне моладзі, якая вырасла ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. Праўда, пад канец 1942 г. ён дазволіў стварыць у менскім генеральным камісарыяце аддзел моладзі, але гэта яшчэ не сведчыла аб прынцыповай згодзе на заснаванне беларускай арганізацыі моладзі. Аддзел, які ўзначалілі дзеячы Гітлерюгенда банфюрэр Вільгельм Шульц і Юлія Гроземан, апекаваўся галоўным чынам сканцэнтраванай у Смалявічах нямецкай дзятвой, пакуль яна вясной 1943 г. не была пераселена ў Нямеччыну. Лёс СБМ вырашаўся ў Берліне.
Істотную ролю ў заснаванні беларускай арганізацыі моладзі адыграў Фабіян Акінчыц — ідэолаг і правадыр нацыянал–сацыялістычнага руху ў Заходняй Беларусі. Вясной 1939 г. ён прыбыў у Берлін, дзейнічаў пры ўстановах Розенберга, а летам 1941 г. стаў супрацоўнікам аддзела прэсы і прапаганды ОМі. Акупацыю Беларусі нямецкай арміяй Акінчыц успрыняў як доўгачаканы шанец перабудовы грамадства, яго абуджэння з летаргічнага нацыянальнага сну, чаго спадзяваўся дасягнуць шляхам перавыхавання беларускага юнацтва ў адпаведнасці з прынцыпамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі, у духу радыкальнага антыбальшавізму5.
Акінчыц крытычна ставіўся да тагачасных эмігранцкіх лідэраў — Мікалая Шчорса, які ўзначальваў групоўку ў Варшаве, Івана Ермачэнкі ў Празе, Радаслава Астроўскага, Вітаўта Тумаша ў Лодзі ды іншых, якіх абвінавачваў у беспрынцыповасці, кар’ерызме і скурніцтве. З–за гэтага ён меў няшмат ідэйных паплечнікаў у Берліне, у сувязі з чым імкнуўся вызваліць з лагераў ваеннапалонных беларусаў–інтэлігентаў, якія б падзялялі яго погляды, і такім чынам стварыць сваю групу дзеяння.
Бадай першым з іх стаў малады падхарунжы (прапаршчык) польскай арміі Генрык Барановіч, які з верасня 1939 г. знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Відаць, у гэтым лагеры, які час ад часу наведваў Акінчыц, пачалося іх знаёмства і супрацоўніцтва, чаму спрыяла адмоўнае стаўленне абодвух да бальшавізму. У выніку захадаў Акінчыца і Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне ў кастрычніку 1940 г. Барановіч быў вызвалены з лагера і накіраваны ў Берлін у якасці настаўніка6.
Аднак „настаўнічаць“ Барановічу давялося толькі праз год у Вустраўскай школе прапагандыстаў, а пакуль што ён быў пільным вучнем Акінчыца, які прышчапляў маладому сябру сваю беларускую стратэгію і пранямецкую тактыку, рыхтаваў яго на дзеяча будучай арганізацыі беларускай моладзі. З гэтай жа мэтай стварыў Барановічу магчымасць кантактаў з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі, у якім ён вывучаў структуру і метады працы Гітлерюгенда і адначасова прапагандаваў справу СБМ.
У сваіх зносінах з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі Акінчыц і Барановіч імкнуліся абгрунтаваць неабходнасць стварэння СБМ такімі аргументамі, якія не пакінулі б абыякавымі немцаў. Гэтаму, у прыватнасці, служыў „тэзіс“ аб бальшавізацыі беларускай моладзі, „якая нідзе не працуе, ахвотна слухае Сталіна і папаўняе партызанскія банды“, які часта выкарыстоўваўся зацікаўленымі нямецкімі дзеячамі7. І хаця гэты „тэзіс“ у пэўнай меры адлюстроўваў пазіцыю ўсходнебеларускіх камсамольцаў, яго перанос на ўсю беларускую моладзь стаў прапагандысцкім ходам, разлічаным на станоўчае вырашэнне пытання беларускай арганізацыі, якая можа і павінна быць супрацьпастаўлена бальшавіцкім уплывам шляхам яе перавыхавання ў нацыянальным духу.
Іншы аргумент зыходзіў з вялікага запатрабавання Нямеччыны на рабочую сілу і мізэрных вынікаў прымусовай вярбоўкі ў Беларусі. І гэтае важнае для нямецкага кіраўніцтва пытанне павінен быў вырашыць СБМ. Пра гэта сведчыць праект статута СБМ, апрацаваны Барановічам пры несумненным удзеле юрыста Акінчыца і кансультантаў Дзяржаўнага кіраўніцтва моладзі. Вось наступныя праграмныя ўказанні, пададзеныя ў раздзеле „Агульныя вызначэнні“ праектаванага статута:
„Дзейнасць Саюза Беларускай Моладзі
ажыццяўляецца ў дзвюх яго аператыўных групах — „Беларусь“ і „Нямеччына“. Да першай
належаць члены СБМ, якія жывуць у Беларусі, а да другой — якія працуюць у
Нямеччыне. Адной з найважнейшых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх
юнакоў і юначак у аператыўную групу „Нямеччына“. Гэта дазволіць моладзі
актыўна ўдзельнічаць у змаганні з бальшавізмам, развіваць пачуцці сяброўства,
удзячнасці і нераздзельнасці лёсаў беларускага народа і Вялікай Нямеччыны, а
таксама падрыхтавацца да пасляваеннай адбудовы бацькаўшчыны. У асобных выпадках
для членаў аператыўнай групы „Нямеччына“ будуць выдадзены спецыяльныя
вызначэнні“8.
Вясной 1943 г. нямецкія моладзевыя дзеячы, верагодна, з удзелам Барановіча звярнуліся да авіяцыйнай фірмы Юнкерс у Дэсаў з прапановай накіраваць на вучобу і работу на заводы фірмы тысячу беларускіх юнакоў. Для абмеркавання гэтага пытання быў падрыхтаваны праект пагаднення паміж інспектарам СБМ і фірмай Юнкерс, які некаторыя гісторыкі памылкова выдаюць за заключаны дагавор9. Аднак тады заключыць такое пагадненне было немагчыма — СБМ яшчэ не існаваў і не мог даць самазванаму інспектару неабходнае паўнамоцтва. Тым не менш была дасягнута прынцыповая згода на ажыццяўленне гэтага мерапрыемства ў недалёкай будучыні, што значна падмацавала праграмныя ўстаноўкі праектаванага статута СБМ.
Выглядае на тое, што падрыхтаваныя Барановічам праграмныя прынцыпы і спроба іх ажыццяўлення задаволілі Дзяржаўнае кіраўніцтва моладзі і яго дзеяча ў ОМі — Нікеля. Вясной 1943 г. яно было гатовае падтрымаць стварэнне СБМ і аказаць яму матэрыяльную дапамогу (між іншага — пастаўляць уніформу), арганізаваць СБМаўскім дзеячам у Беларусі экскурсіі ў Нямеччыну і двухбаковае культурнае супрацоўніцтва паміж Гітлерюгендам і СБМ. Адначасова Кіраўніцтва моладзі падтрымлівала Барановіча, які аказаўся здольным арганізатарам і лектарам Акінчыцавых курсаў падрыхтоўкі прапагандыстаў у Вустраве. На гэта паказвае захаваны ў архіўных матэрыялах ОМі недатаваны і непадпісаны тэкст „Саюз беларускай моладзі“, які нагадвае праект дакладной запіскі Дзяржаўнага кіраўніцтва моладзі, падрыхтаванай Нікелю для дакладу кіраўніцтву міністэрства. Аўтар запіскі рэзюмаваў аргументы на карысць заснавання СБМ і пісаў, паміж іншага: „Статут СБМ падрыхтаваў адзін беларус, які, па–мойму, адпаведны для ажыццяўлення задач (гэтай арганізацыі — Ю.Т.). Акрамя таго ён мае неабходнае для кіраўніка моладзі жаданне і зразуменне патрэбнасці і правільнасці сваёй працы“. Пры гэтым падкрэсліваў яго добрае веданне псіхікі моладзі і яе „безпамылковы інстынктыўны давер да яго“10. Такая рэкамендацыя павінна была паспрыяць прызначэнню Барановіча шэфам–правадніком СБМ.
Аднак пад канец красавіка 1943 г., калі ў міністэрстве Розенберга прымалася рашэнне па пытанні СБМ, гэтая рэкамендацыя ўжо не разглядалася, і віной таму стаў сам Барановіч. 11 лютага, незадоўга да свайго прыезду ў Менск з чарговай групай прапагандыстаў, ён выслаў Міхасю Ганько ліст, у якім неабачліва раскрыў намер Акінчыцавай групы расправіцца з Ермачэнкам і яго БНСаўскай камандай, якіх вінаваціў у нелаяльнасці да Нямеччыны і іншых цяжкіх грахах11. Ліст Барановіча наўрад ці дайшоў да адрасата — яго перахапілі службоўцы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ, які падтрымліваў свайго супрацоўніка і пратэжэ Ермачэнку.
23 лютага Кубэ з абурэннем паведаміў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і адначасова абвінаваціў Ганько ў „раскладовай дзейнасці“, хацеў нават арыштаваць яго12. У выніку пад канец лютага 1943 г. ні адзін, ні другі не маглі спадзявацца на прыхільнасць генеральнага камісара, ад якога ў значнай меры залежала прызначэнне кіраўніка СБМ. Аднак ужо ў красавіку Кубэ схіляўся да прызначэння Ганько. Невядома, што паўплывала на гэтую змену — ці Ганько змог неяк апраўдацца, ці пасля прымусовай дэпартацыі Ермачэнкі з Менска ў Прагу пытанне такіх ці іншых адносін да яго было ўжо беспрадметным.
Рашэнне Кубэ не змяніла стаўлення Барановіча да Ганько. Пазнаёміліся яны хутчэй за ўсё на Вустраўскіх курсах прапагандыстаў, дзе Барановіч быў лектарам, а Ганько — слухачом. З таго часу паміж імі склаліся сяброўскія адносіны, на што ўплывала не толькі агульная ідэя, але і іх заходнебеларускае паходжанне, блізкая ментальнасць і нядаўні ваенны вопыт: абодва апынуліся ў нямецкім палоне — адзін з польскай, а другі з савецкай арміі. Абодва як выхаванцы і ідэйныя паслядоўнікі Акінчыца пасля яго забойства (5.03.1943) не карысталіся прыхільнасцю беларускіх дзеячоў і арыентаваліся толькі на працу з моладдзю. Скандал з лістом не пазбаўляў Барановіча такой магчымасці — яго прысутнасць у Берліне, падтрымка Нікеля і Ганько дазвалялі яму спадзявацца на прызначэнне членам Кіраўнічага штаба і шэфам Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“.
Пасля бюракратычнай валакіты на пачатку траўня 1943 г. ОМі адправіла праект статута генеральнаму камісару ў Менск для зацвярджэння. Тут аднак адбылася нечаканасць: Кубэ не пагадзіўся з вышэй цытаванай часткай „Агульных вызначэнняў“ статута, у якой прадугледжваўся падзел арганізацыі на аператыўныя групы „Беларусь“ і „Нямеччына“, ды выкрасліў яе са статута. Гэтаксама быў выкраслены прадугледжаны ў яго пятым параграфе (Кіраўніцтва) запіс аб стварэнні шостага аддзела Кіраўнічага штаба — Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“. Тым самым страцілі сэнс усе палітычныя ўстаноўкі для членаў гэтай групы, у прыватнасці — праектаваны вызначальны запіс: „Адной з найважнейшых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх юнакоў і юначак у аператыўную групу «Нямеччына»“, якога таксама не стала. Пасля гэтых карэктываў статут СБМ быў апублікаваны ў беларускіх газетах.
Адмаўленне Кубэ ад аператыўнай групы „Нямеччына“, а тым самым ад уключэння СБМ у вярбоўку на працу ў нямецкай эканоміцы, зыходзіла з яго пераканання, што гэтую моладзь чакаюць больш важныя задачы на бацькаўшчыне. У красавіку 1943 г. на нарадзе акруговых кіраўнікоў адміністрацыі ў Менску Кубэ выказаў погляд, што асноўнай задачай у працы з моладдзю з’яўляецца яе выхаванне ў антыбальшавіцкім духу і шырокае выкарыстанне ў адбудове беларускай гаспадаркі13. Таму ён не спяшаўся з адпраўкаю моладзі ў Нямеччыну. Невыпадкова пасля афіцыйнага абвяшчэння СБМ 22 чэрвеня 1943 г. яго кіраўніцтва некалькі месяцаў не займалася вярбоўкай добраахвотнікаў і заключэннем кантракта з Юнкерсам. Нічога ў гэтай галіне не мог зрабіць і Барановіч, які ў выніку выпраўлення статута не меў фармальнай падставы выступаць у Берліне ад імя СБМ.
Аднак такое становішча трывала нядоўга. Пасля забойства Кубэ (22.09.1943) яго пераемнік Курт фон Готберг настойліва дамагаўся актывізацыі СБМ і мабілізацыі моладзі на ажыццяўленне вызначаных берлінскім кіраўніцтвам ваенна–эканамічных задач. Цяпер Ганько пачуваў сябе вальней і 12 лістапада 1943 г. пад час сустрэчы ў Вільні прызначыў Барановіча членам Кіраўнічага штаба і кіраўніком Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, а неўзабаве — упаўнаважаным СБМ у Нямеччыне з службовай ступенню штандаровага14. На гэтай падставе Барановіч быў залічаны ў штаб Нікеля і меў сваю канцылярыю ў ОМі на Клёстэрштрасэ, 79 у Берліне. У арганізацыйнай структуры СБМ ён займаў другое месца пасля шэфа–правадніка Ганько.
Адначасова пачалося ажыццяўленне задуманага праекта. У канцы 1943 г., пасля ўзгаднення з СБМ, міністэрства акупаваных усходніх абшараў заключыла з фірмай Юнкерс афіцыйны дагавор, які акрэсліў умовы вучобы і працы беларускіх юнакоў, а таксама абавязкі сігнатараў15.
Згодна з дагаворам, фірма Юнкерс павінна была забяспечыць юнакам прафесійнае навучанне, жыллё, харчаванне і кішэнныя грошы, а СБМ браў на сябе вярбоўку юнакоў ва ўзросце ад 14 гадоў і прызначэнне кіраўнікоў для апекі над моладдзю. Міністэрства са свайго боку абавязалася выдзеліць Юнкерсу аднаразовую субсідыю ў суме 54 тысяч райхсмарак і пакрываць бягучыя выдаткі фірмы на ўтрыманне юнакоў16.
Першы год юнакі павінны былі вучыцца, рыхтавацца да працы. З такой мэтай быў вызначаны наступны распарадак заняткаў: каля 4 гадзін у дзень яны праходзілі фаховае навучанне пад кіраўніцтвам завадскіх майстроў, а астатнія 3 гадзіны прысвячаліся агульнай адукацыі пад апекай беларускіх настаўнікаў, якіх меўся даставіць СБМ. Аднак па розных прычынах распарадак заняткаў не вытрымліваўся. Паводле Барановіча, фаховае навучанне юнакоў абмяжоўвалася да шасці тыдняў, пасля чаго іх дзялілі на групы і рассылалі на заводы Юнкерса. На пачатку 1944 г. падобны дагавор ОМі заключыла з будаўнічай Organisation Todt (ОТ) у Берліне.
Адпраўленыя па кантрактах з Юнкерсам і ОТ хлопцы стварылі працоўную групу СБМ у Нямеччыне, якой апекаваўся Барановіч пад наглядам служачых аддзела моладзі ОМі Нікеля і Мэнцэля. Па нашых падліках, да вясны 1944 г. іх агульная колькасць не перавышала 2000. Акрамя СБМаўскіх юнакоў, якія, як правіла, добраахвотна паступалі на работу, у Нямеччыне працавала яшчэ больш за 5000 маладых беларусаў, значная частка якіх была пастаўлена гвалтоўна. Яны належалі да катэгорыі г. зв. остарбайтэраў са статусам, няшмат адрозным ад ваеннапалонных17. Гэтыя маладыя остарбайтэры трактаваліся кіраўніцтвам СБМ як рэзервы росту Працоўнай групы. Як паведамлялася ў лістападзе 1943 г. берлінскай „Раніцай“, Кіраўнічы штаб выслаў у Нямеччыну некалькі праваднікоў з мэтай уцягнуць остарбайтэрскую моладзь у СБМ18. Нягледзячы на параўнальна лепшыя ўмовы жыцця і працы СБМаўцаў, поспехі гэтай акцыі былі сціплыя. Як пісаў Алесь Галубіцкі (сапр. Аляксандр Марговіч), які ў чэрвені 1944 г. адведаў лагер у Крымічаў, „остаўцы“ не любілі там СБМаўцаў, абзывалі іх здраднікамі і фашыстамі19. Аднак не ўсюды пераважалі такія настроі і частка „остаўцаў“ далучылася да СБМ, што спрыяла росту Працоўнай групы ў Нямеччыне, колькасць якой на пачатку чэрвеня 1944 г. складала 3500 юнакоў20.
Колькасць беларускай моладзі ў Нямеччыне значна павялічылася ў чэрвені — ліпені 1944 г., што было выклікана:
а) прымусовым вывазам Вермахтам дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў у рамках г. зв. акцыі HEU (heimatlos, elternlos, unterkunftlos); паводле Галубіцкага, 1000 гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак была ў палове чэрвеня прывезена з Беларусі ў лагер Лертэ каля Гановера, адкуль іх СБМаўскія кіраўнікі перавезлі ў пераходны лагер Капэн каля Дэсаў21; паводле іншых крыніц, колькасць вывезеных дзяцей дасягала 300022.
б) эвакуацыяй у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 г. перад наступленнем Чырвонай Арміі Кіраўнічага штаба СБМ і больш за 1000 дзеячаў моладзі, групы членаў Беларускай службы бацькаўшчыне і дзесяткаў тысяч цывільных жыхароў разам з моладдзю23.
У гэты час моцна змянілася мілітарнае становішча Нямеччыны — усходні фронт, які нядаўна стаяў над Дняпром, цяпер стабілізаваўся на лініі Віслы, а на захадзе саюзніцкія войскі развівалі наступленне ў Францыі. Летам 1944 г. ужо мала хто сумняваўся ў паражэнні Нямеччыны. Ва ўмовах узніклага хаосу Кіраўнічы штаб СБМ, які 5 ліпеня апынуўся ў судэцкім горадзе Тропаў, параўнальна доўга не ведаў, ці вызначыць яму задачы ў новых умовах нямецкае кіраўніцтва і якія. Таму ў канцы ліпеня Ганько звязаўся з Астроўскім, які згадзіўся прыняць СБМ пад крыло эвакуяванай Беларускай Цэнтральнай Рады.
Пасля пагаднення з Астроўскім Ганько выдаў дзве адозвы. 1 жніўня 1944 г. ён заявіў аб аднаўленні дзейнасці Кіраўнічага штаба на тэрыторыі Нямеччыны, заклікаў юнакоў і юначак да дысцыпліны, паслухмянасці і сумленнага выконвання сваіх абавязкаў. „З нашай ахвяры, поту і крыві паўстане да жыцця Вольная Беларусь!“ — закончыў Ганько сваё выступленне24. А праз тыдзень, 8 жніўня, заявіў: „СБМ добраахвотна пераходзіць ад сённяшняга дня пад маральную апеку і ў сферу кампетэнцыі БЦР, як адзінага праўнага і прызнанага найвышэйшага прадстаўніцтва беларускага народу“25. На падставе гэтай дэкларацыі 15 верасня 1944 г. Ганько і Абрамава былі пакліканы ў склад членаў Рады БЦР26.
Аднак аднавіць рэальную дзейнасць сваёй арганізацыі Ганько ўжо не змог. У новых умовах Саюз Беларускай Моладзі не асабліва цікавіў дзеячоў БЦР, не быў ён патрэбны і аддзелу моладзі ОМі, які з дапамогай Барановіча кіраваў Працоўнай групай СБМ. Праўда, Ганько лічыўся апекуном ваенна–дапаможнай групы беларускай моладзі, аднак і гэтая яго роля не мела практычнага значэння. У гэты час ён снаваў праекты стварэння Саюза Вызвалення Беларусі і, магчыма, удзельнічаў у арганізацыі разведвальна–дыверсійных груп на базе батальёна „Дальвіц“.
Затое множыліся задачы Барановіча. Ён павінен быў садзейнічаць уладкаванню на працу беларускіх юнакоў і юначак, якія пасля эвакуацыі апынуліся ў Нямеччыне, дбаць пра забеспячэнне іх асноўных бытавых патрэб і прызначэнне ў працоўныя лагеры СБМаўскіх кіраўнікоў для нагляду за парадкам і дысцыплінай. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся эвакуяваныя з Беларусі акруговыя і павятовыя кіраўнікі і кіраўнічкі СБМ, аднак іх было замала. У гэтай сувязі паўстала СБМаўская школа „Крывія“ для падрыхтоўкі новых кіраўнікоў, у якую накіроўваліся адпаведныя эвакуяваныя юнакі і юначкі. Летам 1944 г. школа працавала ў мясцовасці Мальта, у Альпах, а з кастрычніка — у Драйсігакер, каля горада Майнінген (Турынгія), пад кіраўніцтвам Станіслава Грынкевіча (малодшага).
З траўня 1944 г. у Берліне выдаваўся „Малады Змагар“ — штомесячны ілюстраваны часопіс для беларускай моладзі, якая працавала ў Нямеччыне. Часопіс рэдагаваў Барановіч, якому дапамагалі эвакуяваныя з Беларусі паэт Лявон Случчанін, прафесар Мікалай Байкоў ды іншыя. Выходзіў ён тыражом 5000 асобнікаў да лістапада 1944 г., пакуль саюзніцкія самалёты не разбамбілі друкарні ў Берліне і Пляўэне, у якіх „Малады Змагар“ друкаваўся. Іншы часопіс, „Вучэбны лісток“, выдавала з лета 1944 г. рататарнай тэхнікай Надзея Абрамава ў Тропаў. Ён прызначаўся для СБМаўскіх кіраўнікоў у працоўных лагерах моладзі. Абодва часопісы былі, па сутнасці, адзінай формай камунікацыі кіраўніцтва СБМ з моладдзю.
Калі кіраўніцтва СБМ і на бацькаўшчыне не выкарыстоўвала гвалтоўных метадаў вярбоўкі, то ў Нямеччыне не было на тое ні магчымасці, ні патрэбы — моладзь, якая эвакуявалася з Беларусі, сама шукала элементарных умоў для пражыцця. Дапамагаў ёй Барановіч, які накіроўваў новапрыбылых юнакоў і юначак у працоўныя лагеры пры заводах Юнкерса ці Арганізацыі Тот [Todt], да моладзі, якая прыехала раней і была ўжо згуртаванай. Такая яе канцэнтрацыя стварала большыя магчымасці апекі і нагляду ды спрыяла росту Працоўнай групы СБМ.
Паводле афіцыйных дадзеных, на 1 жніўня 1944 г. у Нямеччыне працавала 4500 беларускіх юнакоў і юначак27. Гэтыя дадзеныя блізкія да ацэнкі Барановіча, паводле якой лік моладзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў у складзе Працоўнай групы СБМ даходзіў да 5000, з якіх 3000 працавалі на заводах Юнкерса, а астатнія 2000 — у Арганізацыі Тот28. Пазней да Працоўнай групы было далучана каля тысячы падлеткаў ва ўзросце звыш 10 гадоў, у выніку ў лістападзе 1944 г. яе агульная колькасць перавышала 6000 юнакоў і юначак, размешчаных у 20 лагерах29.
Моладзь, прымацаваную да фірмы Юнкерс, спачатку прывозілі ў пераходны лагер Крымічаў у Саксоніі, дзе пасля тэхнічнай падрыхтоўкі дзялілі на групы і рассылалі на заводы ў Дэсаў, Магдэбург, Мульдэнштайн і Цвікаў. Каля паловы юнакоў, якія працавалі ў Арганізацыі Тот, размяшчаліся ў Берліне, а меншыя групы — у Ростаку, каля Фалькенбурга на Памор’і, Рацібара ў Сілезіі і іншых мясцовасцях. Асобныя лагеры былі арганізаваны для дзяцей і падлеткаў. Найбольш іх пражывала ў Дэсаў (два лагеры), Капэн, Крымічаў, менш — у Магдэбургу, Мульдэнштайн і Эберсбах каля Дрэздэна.
Як пісаў Барановіч (Чурыла), у выніку яго намаганняў і прыхільнага стаўлення дырэкцыі Юнкерса ды кіраўніцтва ОТ, „уся беларуская моладзь, ахопленая СБМ у Нямеччыне, мела людскую вопратку, магчымыя баракі, абутак і харчаванне такое самае, як нямецкая моладзь“30. Аднак іншыя сведчанні не пацвярджаюць такой ацэнкі. Так, напрыклад, Мечыслаў Рачыцкі пісаў аб забойстве 14–гадовага хлопца з Наваградчыны ў спрэчцы за мерзлую бручку, што здарылася на пачатку 1945 г. у берлінскім лагеры ОТ31. Галіна Бузук, кіраўнічка дзяўчат у Мульдэнштайн, скардзілася, што яе малалетнія падапечныя вымушаны ў марозны час працаваць босымі32. Побытавыя ўмовы былі розныя, прычым, відаць, працоўная моладзь забяспечвалася лепш, чым дзеці і падлеткі.
Вывезеныя прымусова з Беларусі ў рамках акцыі HEU насельнікі лагераў патрабавалі спецыяльнай апекі, якую павінны былі запэўніць СБМаўскія кіраўнікі і кіраўнічкі. Рыхтаваліся яны на двух–трохтыднёвых курсах у школе „Крывія“. Акрамя агульнага нагляду за дзятвой яны мусілі па магчымасці праводзіць элементарныя заняткі па праграме першых класаў пачатковай школы — вучыць чытаць, пісаць (калі было чым і на чым), навучаць пачаткам арыфметыкі, спевам, ладзіць гульні, пастаноўкі, падтрымліваць у дзетак беларускі дух. „Адным словам, <...> рабілася ўсё магчымае, каб хоць трохі скрасіць гэтым няшчасным дзеткам іх шэрае, аднастайнае, сірочае жыццё на чужыне“33.
Для старэйшай моладзі прадугледжваліся заняткі па беларусазнаўстве, галоўным чынам на падставе матэрыялаў, публікаваных у выдаваных у Нямеччыне газетах і часопісах „Раніца“, „Беларускі работнік“, „Малады Змагар“ ды ў СБМаўскім бюлетэні „Вучэбны лісток“. Часта аднак пасля доўгага працоўнага дня не хапала на тое часу і магчымасцяў. Дарэчы, і аддзел моладзі ОМі, і кіраўніцтва СБМ не асабліва настойвалі на правядзенні гэтых заняткаў — яны больш за ўсё цікавіліся пытаннямі парадку і чысціні ў бараках, здароўя і дысцыпліны юнакоў і юначак і г. д.
У Нямеччыне гэтая моладзь перш за ўсё цяжка працавала. Паводле Барановіча, яна выдатна выконвала свае задачы, чым заслужыла прызнанне дырэкцыі Юнкерса і берлінскага кіраўніцтва34. Змяніў свой погляд на беларускую моладзь нават недаверлівы Розенберг. Пасля свайго візіта ў Дэсаў, 28 верасня 1944 г., ён напісаў Гітлеру: „Нядаўна я сам пераканаўся, як гэтыя беларусы працуюць на заводах Юнкерса ў Дэсаў… У выніку адпаведных разважных паводзінаў нямецкія рабочыя на заводзе згодна супрацоўнічаюць з беларускай моладдзю, у адрозненне ад замежных рабочых, якія там працавалі раней, у прыватнасці, ад італьянцаў. Да гэтага часу сярод беларусаў не заўважана ніякіх апазіцыйных настрояў, ані найменшага сабатажу“35.
Расцярушаныя па розных лагерах, удзельнікі Працоўнай групы рэгістраваліся кіраўніцтам СБМ у Нямеччыне і былі на яго ўліку. Таму прыведзеныя дадзеныя аб іх колькасці можна лічыць блізкімі да сапраўднасці. Затое юнакі і юначкі, якія служылі ў нямецкай арміі, не стваралі асобнай суцэльнай групы СБМ і не падлягалі яго кіраўніцтву. Праўда, шэф–праваднік Ганько лічыўся іх апекуном, але яго кантакт з моладдзю, як правіла, абрываўся пасля яе перадачы нямецкаму камандаванню. Ён нават не меў дакладнай інфармацыі аб месцазнаходжанні сваіх падапечных.
Па гэтай прычыне наўрад ці магчыма вызначыць дакладную колькасць членаў СБМ, якія служылі ў шэрагах нямецкай арміі. Гэтае пытанне не цікавіла нямецкае камандаванне, якое ў сваіх справаздачах не вылучала СБМаўцаў з агульнай масы завербаванай моладзі. Не разглядалася яно і беларускімі гісторыкамі на бацькаўшчыне і на эміграцыі. А значная разбежнасць ацэнак Ганько і Барановіча (пра што гл. ніжэй) толькі выклікае сумненні ў іх верагоднасці. Усё ж паспрабуем разгледзець гэтае няпростае пытанне.
На пачатку 1944 г. у Беларусі ўзнікла ідэя адпраўкі ў Нямеччыну групы юнакоў, якія пасля колькімесячнай падрыхтоўкі павінны былі вярнуцца на бацькаўшчыну ў якасці маладых афіцэраў. Не ведаем, адкуль зыходзіла гэтая ініцыятыва, аднак можам не сумнявацца, што яна ажыццяўлялася са згоды ці па загадзе Готберга. Відаць, па яго ўказанні вярбоўкай добраахвотнікаў заняўся Кіраўнічы штаб СБМ.
16 красавіка 1944 г. у вайсковы падрыхтоўчы лагер у Мальце прыбылі 100 юнакоў. Аднак у выніку адступлення немцаў з Беларусі яны не вярнуліся на бацькаўшчыну і не сталі афіцэрамі. Летам група была расфармаваная: большасць курсантаў накіравалі ў 30–ю дывізію Зіглінга, а невялікую частку перадалі ў часовае распараджэнне кіраўніцтва СБМ у Нямеччыне36.
У чэрвені 1944 г. з цывільнай і ваеннай зоны Беларусі значная колькасць добраахвотнікаў ва ўзросце 15—20 гадоў прыехала ў Нямеччыну на дапаможную службу ў Люфтвафэ. Вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля, па магчымасці — з дапамогай акруговых кіраўнікоў СБМ. Колькасныя вынікі гэтай акцыі ацэньваліся па–рознаму. Паводле вярхоўнага камандавання войск цэнтральнага ўчастка ўсходняга фронту, на дапаможную службу ў Люфтвафэ з’явілася з Беларусі 4000 юнакоў, Ганько ж ацэньваў іх колькасць на 3000—3200 (разам з юначкамі), а Барановіч — на 500037.
Невядома, ці патрэбы Люфтвафэ былі меншыя, ці можа з–за непрыдатнасці часткі кандыдатаў, але ў канчатковым выніку не ўсе ахвотнікі былі прыняты камандаваннем паветраных сілаў. Паводле справаздачы штаба Нікеля кіраўніцтву ОМі, на 20 верасня 1944 г. у проціпаветранай ахове ўдзельнічала агулам 2354 беларускіх юнакоў і неакрэсленая колькасць юначак38. Пераважная іх колькасць абслугоўвала зенітную артылерыю, астатнія працавалі ў галіне сігналізацыі і іншых сферах. Відаць, немалая частка завербаванай моладзі была накіравана ў дывізію Зіглінга ці іншыя фармаванні Вермахта.
Варта заўважыць, што пэўная частка гэтай моладзі не ўваходзіла на бацькаўшчыне ў арганізацыю СБМ і толькі ў прыёмных лагерах атрымала членскія білеты і нацыянальныя павязкі на рукавы. Першапачаткова дружыннікі Люфтвафэ накіроўваліся ў вучэбны лагер у г. Эгер, у Судэтах, а пасля падрыхтоўкі іх падзялялі на групы і пасылалі да зенітных батарэяў у розных мясцовасцях Нямеччыны. Для юначак быў арганізаваны падрыхтоўчы лагер у горадзе Пютніц, у Памераніі.
Апошнюю групу СБМаўскіх ваяроў складалі эвакуяваныя ў ліпені 1944 г. навучэнцы Менскай школы камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны. Па дарозе ў невядомае большая іх частка вярнулася дамоў, некалькі загінула і толькі 110 — 120 юнакоў дабраліся да месца канцэнтрацыі рэштак БКА і іншых вайскова–паліцэйскіх фармаванняў у раёне Плоцка, над Віслай39. Пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі іх уключылі ў 30–ю дывізію і 23 жніўня адправілі ў Францыю змагацца з амерыканцамі.
Гэтыя тры групы СБМаўскай моладзі, якія апынуліся ў складзе 30–й дывізіі, супроцьпаветранай аховы і іншых фармаванняў нямецкай арміі, разам налічвалі 4500—5000 юнакоў і юначак. Калі да гэтага дадаць удзельнікаў Працоўнай групы (часткова з падлеткамі да 14–гадовага ўзросту), то восенню 1944 г. агульны лік СБМаўскай моладзі ў Нямеччыне складаў 10—11 тысяч юнакоў і юначак.
Гэтая іх колькасць, па сутнасці, не мянялася да канца ваенных дзеянняў, мянялася толькі сфера прызначэння моладзі. На пачатку 1945 г. нямецкая ваенная прамысловасць была ўжо моцна разбурана саюзніцкай авіяцыяй, у выніку чаго зменшыліся патрэбы заводаў у рабочай сіле і частка моладзі магла быць накіравана ў армію. Паводле Барановіча, афіцыйнага набору ў Вафэн СС з СБМаўскіх рабочых лагераў не было, і ўсё ж у лютым 1945 г. немцы прывезлі з Дэсаў у Берлін 200 юнакоў, якіх рыхтавалі для абароны горада. Вайсковымі інструктарамі гэтай роты былі падафіцэры СС і СБМаўскія кіраўнікі, а агульны нагляд выконвалі банфюрэр Мэнцэль і Барановіч. „Ані адзін з юнакоў ці кіраўнікоў СБМ не хацеў абараняць Берліна. Але мы не мелі іншага выхаду“, — пісаў Барановіч пасля вайны40.
На СБМаўскае юнацтва спадзявалася і БЦР. Пасля ўключэння рэштак БКА ў 30–ю дывізію Астроўскі імкнуўся адбудаваць сваё войска. Выступаючы на з’ездзе кіраўнікоў моладзі, які адбываўся 16—17 лістапада 1944 г. у школе „Крывія“ ў Драйсігакер, ён заявіў: „Магчыма, у хуткім часе частку з вас мы паклічам у беларускі легіён, які будзе, безумоўна, пад палітычным кіраўніцтвам толькі і выключна БЦР, а аперацыйна будзе падпарадкоўвацца нямецкаму галоўнаму камандаванню“41.
Аднак замест спадзяванага легіёна пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне дывізіі шляхам вярбоўкі беларусаў. З гэтага часу яна ўжо звалася „30 Waffen–SS Grenadier Division (weissruthenische № 1)“ (замест ранейшага назову „russische Nr 2“). Месцам яе фармавання былі ваколіцы Вайдэн–Гіршаў у Баварыі. У гэтую дывізію БЦР адправіла частку свайго т. зв. кадравага батальёна БКА, у складзе якога было некалькі дзесяткаў юнакоў, і занялася вярбоўкай новых кандыдатаў. На пачатку сакавіка разаслалі вярбоўшчыкаў у рабочыя лагеры, аднак вынікі былі нязначныя: ва ўмовах ужо блізкай катастрофы Нямеччыны мала хто хацеў за яе змагацца42.
З гэтай жа прычыны няшмат ахвотнікаў было сярод юнакоў — удзельнікаў Працоўнай групы СБМ. Усё ж некаторыя ўступілі ў дывізію, якая фармавалася далёка ад меркаванай зоны савецкай акупацыі, а гэта давала надзею на паратунак ад нежаданых сустрэч з Чырвонай Арміяй. Туды ў канцы сакавіка з’ехалі з Берліна, Дэсаў і іншых гарадоў СБМаўскія кіраўнікі Генрык Барановіч, Дзмітры Стэльмах, Палікарп Манькоў і іншыя. Урэшце недзе за месяц да капітуляцыі ў выніку захадаў БЦР у дывізію прыехала некалькі дзесяткаў юнакоў, якіх адпусціла камандаванне Люфтвафэ43. У канцы красавіка 1945 г., калі 30–я дывізія апынулася ў амерыканскім палоне, у яе складзе лічылася амаль 1100 чалавек, у тым ліку — сотні СБМаўцаў.
Удзел юнакоў і юначак у ваенна–эканамічных мерапрыемствах Нямеччыны выклікаў пасля вайны, мякка кажучы, некаторыя праблемы. Ніхто не мог запярэчыць, што яны кавалі ў фабрыках зброю для нямецкай арміі, чым так захапляўся Розенберг, што будавалі ваенныя аб’екты і дапамагалі збіваць саюзніцкія самалёты. Аднак ніводзін з пасляваенных Нюрнбергскіх трыбуналаў, ніводзін даследчык не мог даказаць прымусовай вярбоўкі моладзі (акрамя акцыі HEU, да якой СБМ не меў ніякага дачынення). Яна ішла добраахвотна.
Разглядаючы паступленне моладзі на дапаможную службу ў Люфтвафэ, нямецкі даследчык Герцаг пісаў: „...цяжка ўявіць, што летам 1944 г., калі Вермахт паўсюдна адступаў, а на радзіме практычна панавалі партызаны, і ўжо амаль ніхто не сумняваўся ў паспяховым для Расіі выніку вайны, так многа юнакоў добраахвотна паступіла ў распараджэнне нямецкай арміі. Яны павінны былі ўяўляць, які лёс іх чакае ў выпадку паражэння Нямеччыны“44.
Такі выбар моладзі быў асабліва невыгодны для беларускіх гісторыкаў. Яны, кіруючыся ідэалагічнымі ўстаноўкамі, з усіх сіл кляймілі СБМ, аднак не спрабавалі даказаць гвалтоўную вярбоўку. Васіль Раманоўскі ў сваёй кнізе Саўдзельнікі ў злачынствах (1964) палічыў за лепшае не разглядаць гэтага пытання, а Аляксандр Каваленя, які ці не першы з беларускіх гісторыкаў нясмела парушыў табу, звярнуў увагу на масіраваную прапаганду, якой паддаваліся нявопытныя беларускія юнакі і юначкі45. Да падобных вывадаў дайшоў і былы член Кіраўнічага штаба Ўладзімір Гарэлік, які спасылаўся на „палітычную няграматнасць“ СБМаўскага кіраўніцтва і моладзі46.
Разглядаючы гэтае няпростае пытанне, неабходна мець на ўвазе і тое, што такую „няграматнасць“ прадэманстравала моладзь з усіх абшараў СССР, якія на той час яшчэ знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Як паведамляў Нікель у сваёй вышэй згаданай справаздачы, да 20 верасня 1944 г. колькасць добраахвотных памочнікаў Люфтвафэ з гэтых абшараў дасягнула 18 917 юнакоў, у тым ліку ўкраінцаў 5933, латышоў 3614, эстаў 3000, беларусаў 2354, рускіх 1383 і літоўцаў 1012. Акрамя іх было яшчэ 2500 дзяўчат, разам — 21 417 юнакоў і юначак, якія ахоўвалі нямецкае неба47.
Масавы ўдзел „савецкай“ моладзі ў ваенна–эканамічных мерапрыемствах Нямеччыны быў несумненным фактам, які нелагічна тлумачыць толькі яе нявопытнасцю і падатлівасцю на прапаганду моладзевых арганізацый. Дарэчы, вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля: у Беларусі — дзе–нідзе з удзелам СБМаўскіх кіраўнікоў як перакладчыкаў, а ў Літве і Галіччыне, дзе падобныя арганізацыі не існавалі, гэтая акцыя праводзілася імі самастойна з цалкам задавальняючымі вынікамі.
Прычыны ўдзелу СБМаўскай моладзі ў працы на ваенную прамысловасць Нямеччыны былі розныя. Адных клікала цывілізацыйная прывабнасць Захаду і бясплатная пуцёўка ў Еўропу, іншых — спадзяванне на тэхнічную ці ваенную адукацыю, лепшую долю пасля вайны. Многія імкнуліся застрахавацца перад прымусовай адпраўкай у Нямеччыну ў якасці остарбайтараў ці пазбегнуць прызыву ў партызанскія атрады. Нямала было і такіх, якія імкнуліся пазбегнуць спадзяванага бальшавіцкага вызвалення.
Урэшце пэўная частка моладзі кіравалася ідэйнымі матывамі, якія сфармаваліся пад уплывам акупацыйных рэаліяў і выхаваўчай працы ў шэрагах СБМ. Паслядоўная беларусізацыя грамадскага жыцця, нацыянальная сімволіка, прапагандысцкая роля БЦР і многія іншыя фактары хутка ўплывалі на рост нацыянальнай свядомасці і актыўнасць моладзі і разглядаліся як гістарычны шанец аднаўлення дзяржаўнасці. Гэтаму не маглі перашкодзіць трагічныя вынікі партызанскай вайны: паўсюдна асуджаліся не толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, якія іх выклікалі — маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Яны ў сваю чаргу спрыялі самачыннаму пашырэнню сярод часткі моладзі палітычнай арыентацыі на Нямеччыну. Гістарычныя вывады ці прапагандысцкія лозунгі тут рабіліся лішнімі — само жыццё наглядна паказвала, што не Расія ці Польшча, а Нямеччына спрыяла нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пацвярджалі гэта захопніцкія памкненні абодвух суседзяў пад час вайны. Выпадала з рахунку і арыентацыя на Англію і ЗША, якія ігнаравалі Беларусь, а падтрымлівалі гэтых суседзяў. Заставалася адна Нямеччына, з якой звязваліся надзеі на станоўчае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці. Але для гэтага патрабавалася перамога, перш за ўсё — у вайне з СССР.
Набліжалася, аднак, не перамога, а катастрофа, якую раней за немцаў адчула беларуская моладзь. Гімлер, які ніколі раней не пагаджаўся з нацыянальнай палітыкай Розенберга і Кубэ ды пасля замаху на Гітлера (20.07.1944) умацаваў сваю кіраўнічую пазіцыю, у верасні 1944 г. ухваліў уласаўскую канцэпцыю стварэння антыбальшавіцкага Камітэта вызвалення народаў Расіі ды падпарадкаванай яму арміі, у якую загадаў уключыць, між іншым, беларускіх вайскоўцаў48. У выніку гэтага патрабавання ў снежні 1944 г. у войска Ўласава былі ўключаны рэшткі 30–й дывізіі Зіглінга (расійская №2), у якой знаходзіліся тысячы беларусаў. Праўда, пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне гэтай дывізіі ўжо як „беларускай № 1“, і невядома, як склаўся б яе лёс, калі б пад канец красавіка яна не апынулася ў амерыканскім палоне.
Кіруючыся патрабаваннем Гімлера, у сакавіку 1945 г. Нікель спрабаваў перадаць уласаўскаму камітэту таксама ўсю моладзь з савецкіх тэрыторый, якая знаходзілася ў Нямеччыне, а ў яе ліку — і СБМ. 30 сакавіка ў штабе Нікеля адбылася сустрэча з прадстаўнікамі моладзі, між іншага — шэфам–правадніком СБМ Ганько, якія атрымалі машынапісны праект афармлення моладзевых арганізацый пад юрысдыкцыяй Камітэта вызвалення народаў Расіі49. Аднак на ажыццяўленне гэтага праекта ўжо не засталося часу — неўзабаве пачаўся штурм Берліна і да капітуляцыі Нямеччыны заставаліся лічаныя дні.
Для многіх юнакоў і юначак, палітычна зарыентаваных на Нямеччыну, стаўка Гімлера на Ўласава была раўназначная здрадзе нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Ніякай іншай апоры яны ўжо не бачылі. Для многіх гэта была драма: сфармаваныя ідэйна ў духу патрыятычных СБМаўскіх „дзесяці запаветаў“, яшчэ да капітуляцыі Нямеччыны апынуліся яны перад прывідам паўторнага маральна–палітычнага заняволення. Адных немцы заганялі ў абдымкі ўласаўскіх апекуноў, іншыя самі кіраваліся ў войска Андэрса, якое імкнулася ж аднавіць польскае панаванне на беларускай зямлі. Нягледзячы на такія ці іншыя матывацыі, кожны, хто мог, клапаціўся ўжо толькі аб свой асабісты лёс.
1 Herzog R.
Besatzungsverwaltung in den besetzten Ostgebieten — Abteilung Jugend.
Tьbingen, 1960. S. 9.
2 Тамсама. С. 10.
3 Mitteilungsblatt des
Reichsministers fьr die besetzten Ostgebiete. Berlin. 6.06.1942.
4 Юрэвіч Л. Вырваныя
бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. Мінск, 2001. С.135.
5 Туронак Ю. Фабіян Акінчыц
— правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў // Беларускі Гістарычны Агляд. Т.10
(2003). Сш.1—2 (18—19). С.145 — 161.
6 Генрык Барановіч, сын
Уладзіслава і Ганны, нарадзіўся 19.02.1916 г. у вёсцы Крывуля Ашмянскага
павету. У сярэдзіне 30–х г. скончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю, працаваў
настаўнікам. Як падхарунжы 5–га Віленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у
нямецка–польскай вайне і 22.09.1939 г. трапіў у нямецкі палон. 9.10.1940 г.
вызвалены з лагера ваеннапалонных, дзейнічаў у групе Акінчыца ў Берліне. Пасля
вайны жыў у Таронта, уваходзіў у склад кіраўніцтва Згуртавання беларусаў
Канады, быў прыхільнікам БНРаўскай арыентацыі. Памёр у 2003 г. у Таронта.
7 Archiwum Akt Nowych
(AAN), Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka 23/446–450: Die Lage der Jugend
in Weissruthenien.
8 Тамсама. Т–454, ролік
23/451—458: Satzungen der Jugendorganisation „Weissruthenisches Jugendwerk“.
9 Белорусские остарбайтеры.
Документы и материалы. Книга 2 (1943—1944). Минск, 1997. С. 104; Каваленя А.
Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941—1944. Вытокі, структура,
дзейнасць. Мінск, 1999. С. 126; Белорусские остарбайтеры.
Историко–аналитическое исследование. Минск, 2001. С. 80. У прыватнасці нельга
згадзіцца з выказваннямі, што дагавор быў заключаны ў маі 1943 г. (а на думку
Кавалені — нават у канцы мая), а ўжо 1 чэрвеня, г. зн. праз некалькі дзён,
пачалася адпраўка юнакоў у Дэсаў. Нават у выпадку заключэння дагавора на іх
вярбоўку спатрэбілася б больш часу.
10 AAN, Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka
23/465—469: Das weissruthenische Jugendwerk.
11 Тамсама. Т–454, ролік
39/1055: ліст Г. Барановіча да М. Ганько ад 11.02.1943.
12 Тамсама. Т.454, ролік
39/1053: ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943.
13 Веснік Беларускага
дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. 1994. № 1. С.72.
14 Белорусские
остарбайтеры. Документы и материалы. Книга 2. С. 243; Ліст Г. Барановіча да А.
Вініцкага ад 11.12.1967. Архіў аўтара.
15 Herzog R. Op. cit. С.
33—34.
16 Тамсама.
17 Белорусские
остарбайтеры. Минск, 2001. С.115—165.
18 Раніца. 21.11.1943. №
47.
19 Галубіцкі Алесь (сапр.
Марговіч Аляксандр). Шляхі беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну // Бацькаўшчына.
Мюнхен. 12.06.1955. № 24.
20 Прамова Міхася Ганько //
Беларуская Газэта. 28.06.1944. № 51.
21 Галубіцкі А. цыт. праца.
22 Herzog R. Op. cit. С.51;
Каваленя А. Цыт. праца. С. 213.
23 Вініцкі А. Матэрыялы да
гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. Лёс Анджэлес, 1968
— Менск, 1994. С. 36.
24 Раніца. 20.08.1944. №
34.
25 Раніца. 3.09.1944. № 36.
26 За дзяржаўную
незалежнасьць Беларусі. Лёндан, выд. БЦР, 1960. С. 121.
27 Herzog R. Op. cit. С.
35.
28 Вініцкі А. Цыт. праца.
С. 19.
29 Раніца. 26.11.1944. №
49.
30 Вініцкі А. Цыт. праца.
С. 21—22.
31 Тамсама. С. 45—46.
32 НАРБ. Воп. 2, спр. 8, ч.
2, арк. 368—385: лісты Галіны Бузук да Надзеі Абрамавай.
33 Вініцкі А. Цыт. праца.
С. 32.
34 Ліст Г. Барановіча да А.
Вініцкага ад 11.12.1967, архіў аўтара.
35 Archiwum
Głównej Komisji Zbrodni Hitlerowskich w Warszawie, Amerykański
Trybunał Wojenny XI, Dokumenty Prokuratury, tom 45, list Rosenberga do
Hitlera z 28.09.1944 (dok. NO 2464).
36 Галубіцкі А. Цыт. праца;
Вініцкі А. Цыт. праца. С. 26.
37 Зелений З. Украінське
юнацтво в вирі Другоі світовой війны. Торонто, 1965. С. 115; Вініцкі А. Цыт.
праца. С. 22.
38 Herzog R. Op. cit. С.
80.
39 Грыбоўскі Ю., Козак К.
Забытыя жаўнеры Польскага войска ў час Другой сусветнай вайны. Мінск, 2003. С.
84; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 56.
40 Вініцкі А. Цыт. праца С.
22.
41 Раніца. 26.11.1944. №
49.
42 Кушаль Ф. Спробы
стварэння беларускага войска. Менск, 1999. С. 110.
43 Запруднік Я.
Дванаццатка. Нью Ёрк, 2002. С. 23.
44 Herzog R. Op. cit. С.
68.
45 Каваленя А. Цыт. праца.
С. 212—213.
46 Гарэлік У. Успаміны пра
арышт Кіраўнічага штабу СБМ вясной 1944 г. // Беларус, 2000, студзень (№ 466).
47 Herzog R. Op. cit. С.
80.
48 Гімлер „аргументаваў“
гэта так: „Калі нейкі беларус ці ўкраінец стварае сваё войска, то нягледзячы на
гэта ён жа застаецца рускім (ist er doch trotzdem ein Russe). Уявіце сабе, што
прыходзіць да мяне нехта, напрыклад нейкі нямецкі эмігрант з Баварыі ці Бадэна,
і кажа, што ён не немец, а толькі баварац ці бадэнец, і змагаецца за свабоду
Баварыі ці Бадэна. Гэта ж без сэнсу. Такое нам натварыў толькі гэты дурань Розенберг.
Дык вось, паведаміце мне пра колькасць усіх гэтых рускіх“ (Thorwald
Jürgen. Wen sie verderben wollen. Bericht des grossen Verrats. Stuttgart,
1952. S.409—410).
49 Зелений З. Цыт. праца.
С.173, 267—268.