НОСЕВИЧ, ВЯЧЕСЛАВ. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Минск: „Технология“, 2004. 350 с.

Выхад манаграфіі Вячаслава Насевіча „Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе“, на нашу думку, можна прызнаць падзеяй у сучаснай беларускай гістарыя­графіі. Гэтая кніга вылучаецца і арыгінальнасцю даследчыц­кіх падыходаў, і велізарным аб’ёмам апрацаванага аўтарам матэрыялу. Аб’ектам даследавання ў працы В.Насевіча з’яўляецца традыцыйная беларуская вёска. Актуальнасць абранай праблемы не выклікае сумнення. Без разумення таго патрыярхальнага вясковага свету, які на беларускіх землях захоў­ваўся з–за шэрагу прычын асабліва працяглы час, немагчыма зразумець і сучасны, ужо даволі моцна урбанізаваны свет нашай краіны. Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем аўтара, што якраз прадукты распаду традыцыйнага сялянскага грамадства паслужылі глебай, на якой узрасла і сённяшняя палітычная сітуацыя ў Беларусі.

В.Насевіч вызначыў у сваёй працы чатыры галоўныя да­следчыцкія мэты. Першая — рэканструкцыя традыцыйнага вясковага грамадства як цэласнай сістэмы, выяўленне яго агульных рысаў і тых асаблівасцяў, якія былі ўласцівыя менавіта беларускай вёсцы, а ў больш сціслым сэнсе — лакальнай грамадзе сялян–каталікоў Цэнтральнай Беларусі. Пад традыцыйным В.Насевіч разумее такое грамадства, у якім паводзіны яго прадстаўнікоў цалкам вызначаюцца ўзорамі, узятымі ад папярэдніх пакаленняў, жыццёвы шлях асобы жорстка абумоўлены ад самага нараджэння, а прастора свободы выбару вельмі вузкая. Прычым, як зазначае аўтар, істотная частка гэтых узораў існуе не ў форме нейкіх слоўных інструкцый, а ў выглядзе стэрэатыпаў паводзінаў, якія часцяком засвойваюцца індывідам падсвядома, шляхам аўтаматычнага спадкавання. В.Насевіч паспрабаваў вызначыць тыя формы паводзінаў, якія не былі адзіна магчымымі ў канкрэтнай прыродна–гістарычнай сітуацыі, а з’яўляліся культурна абумоўленымі. Гэта становіць другую мэту рэцэнзаванай працы. Аўтар імкнуўся таксама высветліць, якія з элементаў вясковай культуры былі найбольш адэкватнымі адказамі на выклік знешняга свету, а якія — толькі адным з раўнацэнных варыянтаў паводзінаў. Трэцяй мэтай працы аўтарам вызначана вывучэнне гістарычнай дынамікі даследаванай сістэмы ад ХIV ст. да трэцяй чвэрці ХХ ст. І апошняя мэта — выяўленне тых рысаў традыцыйнага вясковага грамадства, што ўзятыя ў спадчыну і адаптаваныя сучаснай урбанізаванай культурай Беларусі і ў вялікай ступені вызначаюць яе своеасаблівасць у сённяшнім усё больш глабалізаваным свеце.

Галоўным метадам даследавання В.Насевіч абраў сістэмны падыход. Традыцыйнае грамадства ён разглядае як цэласную сістэму, якую, у сваю чаргу, можна падзяліць на дзевяць падсістэм: біялагічнае і сацыяльнае аднаўленне, праца (вы­творчасць), валоданне сродкамі вытворчасці, размеркаванне, сацыяльная арганізацыя, вайсковая справа, побытавая культура, інфармацыя і камунікацыя, духоўнае жыццё. Аўтар вельмі шырока выкарыстоўвае колькасны метад, што лагічна вынікае са спецыфікі большасці выкарыстаных ім крыніц, насычаных колькаснымі дадзенымі. Але выкарыстанне квантытатыўнага метаду адносна макрааб’ектаў дае сярэднія лічбы, якія найчасцей не адлюстроўваюць інды­відуальных адхіленняў, а якраз гэтыя адхіленні, як слушна зазначыў В.Насевіч, і складаюць рэальнае жыццё. Азначаную дылему аўтар спрабуе зняць пры дапамозе мікрагістарычнага падыходу. Апош­ні прадугледжвае памяншэнне маштабу даследаванага аб’екта да памераў мікрарэгіёну і максімальна поўны аналіз матэрыялаў, якія адносна яго захаваліся. Менавіта мікра­гістарычны падыход, на нашу думку, надае асаблівую вартасць працы В.Насевіча ў кантэксце сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

У якасці галоўнага аб’екта свайго даследавання В.Насевіч абраў Кораньшчыну — мікрарэгіён, які знаходзіцца ў цэнтральнай Беларусі на адлегласці прыкладна 50 км на поўнач ад Мінска. Галоўным фактарам фармавання азначанага мікрарэгіёну паслужыла тое, што ад першых узгадак у крыніцах Вялікага Княства Літоўскага гэты абшар уяўляў сабой адзіны ўладальніцкі комплекс — маёнтак Корань, які належаў капітулу віленскага катэдральнага касцёла Св.Станіслава. Праўда, па­сля далучэння да Расійскай імперыі частка маёнтка засталася ў валоданні плябаніі Кораньскага касцёла і пазней далучылася да катэгорыі дзяржаўнай ці казённай вёс­кі, а другая частка склала ўжо прыватнаўласніцкі маёнтак Красны Бор. Пасля рэформаў пачатку 1860–х г. гэтая тэрыторыя ўвайшла ў Гайна–Слабадскую воласць Барысаўскага ўезда. Акрамя таго, даследаваны В.Насевічам абшар належаў да Кораньскай рыма–каталіцкай парафіі, складаючы пры­кладна трэць яе тэрыторыі. Гэта дало аўтару падставы сцвярджаць, што азначаны мікрарэгіён, улічваючы яшчэ некалькі прыродна–геаграфічных фактараў, уяўляў сабой на працягу вялікага адрэзку часу пэўнае гістарычнае адзінства і адносна замкнёную сялянскую папуляцыю.

Уражвае аб’ём апрацаваных аўтарам архіўных крыніц, як і скрупулёзнасць іх апрацоўкі. Праўда, істотна розніцца ўзровень забяспечанасці крыніцамі асобных раздзелаў кнігі, якія датычаць непасрэдна гісторыі Корань­шчыны, што, натуральна, абумоўлена аб’ектыўнымі фактарамі. Таксама дастаткова грунтоўная гістарыяграфія даследавання, а асабліва ўражвае апрацаваная аўтарам англамоўная літаратура. Хаця некаторыя важныя працы выпалі з–пад увагі В.Насевіча. Так, шкада, што аўтар не выкарыстаў успамінаў Адама Багдановіча, у якіх вельмі дэтальна апісваецца штодзённае жыццё традыцыйнай вёскі ў сярэдзіне ХIХ ст. якраз у Цэнтральнай Беларусі1.

Другі раздзел кнігі В.Насевіч назваў „Станаўленне“. Праўда, не зусім зразумела, што аўтар мае на ўвазе — станаўленне Кораньшчыны як асобнага мікрарэгіёну ці станаўленне ўласна традыцыйнага грамадства. У другім выпадку можна гаварыць пра атаясамленне гэтага грамадства з прыгонным ладам і паншчынай як найбольш жорсткай яго формай. Гэтая частка кнігі В.Насевіча ўяўляе сабой вельмі цікавую і чытэльную сінтэзу гісторыі беларускай вёскі ад ХIV ст. да канца ХVII ст. Звесткі пра ўласна Кораньшчыну тут даволі фрагментарныя, таму нельга весці гаворку пра дадзены раздзел кнігі як мікрагістарычнае даследаванне. Але ён мае ўсё ж даволі важнае значэнне, паколькі тут аўтар спрабуе акрэсліць характар працэсаў, што вызначылі спецыфіку развіцця беларускай вёскі ў пазнейшыя стагоддзі. Праўда, некаторыя тэзы В.Насевіча ўяўляюцца досыць спрэчнымі. Гэта, напрыклад, датычыць сцверджання, што ў рускай частцы ВКЛ большасць знаці паходзіла з этнічнай Літвы. Азначаны фактар „иноземного господства и связанной с ним правовой дискриминации местных жителей“, які сам В.Насевіч прызнае небясспрэчным, выкарыстоў­ваецца аўтарам для тлумачэння прычын і спецыфікі фармавання паншчыннай сістэмы ў шэрагу краін Усходняй Еўропы (88—89). Часам аўтар, на нашу думку, дапускае не зусім апраў­даную мадэрнізацыю светапогляду жыхароў традыцыйнай вёскі. Ці была ў сялян эпохі ВКЛ такая ўжо патрэба сама­ідэнтыфікацыі з надлакальнымі структурамі, якая спараджала пакутлівую праблему выбару паміж Захадам і Ўсходам: „При попытках самоотождествления на уровне, превышающем принадлежность к местной общине, индивид неизбежно стал­кивался с дилеммой: какому вектору внешних воздействий отдать предпочтение?“ (105). Ці ведалі ўвогуле тагачасныя вяскоўцы такія паняцці, як Усход і Захад? Ці маглі ўспрымаць дзяржаву, у якой жылі, як сваю ці чужую? Напэўна, што крыніцы не даюць на гэта дакладнага адказу, а гістарычная рэканструкцыя ў такой сітуацыі будуецца на значных дапушчэннях, якія ўжо выразна адлюстроўваюць асаблівасці светапо­гляду самога даследчыка.

Трэці раздзел кнігі „Традыцыйныя структуры“ ахоплівае храналагічны перыяд ХVIII — першай паловы XIX ст. Гэтая частка працы найбольш значная па аб’ёме і насычанасці ліч­бавым матэрыялам. Прычым галоўная ўвага аўтара звернута на аналіз сістэмы біялагічнага і сацыяльнага ўзнаўлення сялянскай папуляцыі Кораньшчыны, што, напэўна, у вялікай ступені абумоўлена менавіта характарам захаваных крыніц. В.Насевіч вельмі грунтоўна прааналізаваў такі аспект у жыцці мікрарэгіёну, як шлюбныя паводзіны прадстаўнікоў даследаванай папуляцыі. Так, аўтар падлічыў сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб для 986 індывідаў мужчынскага і жаночага полу. У выніку гэтых падлікаў ён прыйшоў да высновы, што сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб для жыхароў Кораньшчыны паступова падвышаўся на працягу ХVIII — першай паловы XIX ст. Так, у 1780—1793 г. гэты паказчык складаў 20,1 года для мужчын і 19,8 года для жанчын, а ў 1821—1831 г. — 23,6 і 23 адпаведна. Але ён усё роўна быў ніжэйшым, чым у Заходняй Еўропе, пра што сведчаць прыведзеныя В.Насевічам дадзеныя, якія датычаць ангельскіх і нямецкіх зямель (128). Гэтую тэндэнцыю да павышэння шлюб­нага ўзросту аўтар тлумачыць магчымым уплывам з бо­ку царквы ці ўладальніка (150).

Зніжэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб абумоўлівала, на думку В.Насевіча, таксама другую вельмі важную тэндэнцыю — зніжэнне нараджальнасці і смяротнасці. Паводле падлікаў аўтара, нараджальнасць у 1830—1840–я г. зменшылася на 10 праміляў (колькасць народжаных на тысячу жыхароў) у параўнанні з пачаткам ХIХ ст., а адпаведна перыяду 1770—1780–х г. зніжэнне склала каля 20 праміляў. Заўважна зменшылася за гэты час і смяротнасць. Можна было б весці гаворку пра пачатак дэмаграфічнага пераходу (пра гэтае паняцце мы пагаворым яшчэ ніжэй), але далей В.Насевіч фіксуе павышэнне паказчыка смяротнасці ў першай палове ХIХ ст. На яго думку, „рост популяции практически прекращается, с середины 1820–х г. ее численность испытывает лишь хаотические колебания“ (155). Аўтар тлумачыць гэта агульным крызісам паншчыннай сістэмы, пацвярджаючы тым самым адзін з галоўных тэзісаў беларускай савецкай гістарыя­графіі.

Вельмі грунтоўна таксама прааналізавана В.Насевічам у трэцяй частцы кнігі структура сялянскай дворагаспадаркі. Паводле яго падлікаў, у гэты перыяд назіралася выразная тэндэнцыя да павелічэння сярэдняга памеру дворагаспадаркі: ад 6—7 душ у ХVIII ст. да 8,2 душ у сярэдзіне ХIХ ст. Адначасова ўзрастала і доля шматсямейных гаспадарак (з 36 да 68%), а доля аднасямейных і рэдукаваных скарачалася з 57 да 17%. Для больш дэталёвага аналізу механізмаў гэтых зменаў аўтар будуе мадэлі–рэканструкцыі жыццёвага цыкла, якія адлюстроўваюць поўны набор штогадовых статыстычных параметраў 50 дворагаспадарак Кораньшчыны з 1762 да 1858 г. уключ­на, выкарыстаўшы пры гэтым падыход выдатнага ра­сій­скага вучонага А.Чаянава, заснаваны на ўліку суадносінаў едакоў/работнікаў у адной гаспадарцы. Даследавaнне В.На­севі­ча зафіксавала суіснаванне ў адной гаспадарцы ў сярэднім дзвюх шлюбных пар. Прычыну гэтага аўтар бачыць у тым, што гаспадарка, якая складалася ўсяго з адной шлюбнай пары, па меры нараджэння дзяцей непазбежна праходзіла праз неспрыяльны перыяд суадносінаў едакоў/работнікаў. В.Насевіч вылучае тры спецыфічныя мадэлі паводзінаў: маласямейная, шматсямейная (общежительская) і збалансаваная (тэрмін прапанаваны аўтарам манаграфіі). Для апошняй характэрная наяўнасць у дворагаспадарцы 1,4—1,6 нуклеарнай сям’і (складалася з шлюбнай пары і дзяцей) і сярэдні памер 6—7 душ, а доля аднасямейных двароў не перавышае 50% (169). На думку аўтара, яшчэ ў ХVI ст. на тэрыторыі ВКЛ пераважала аднасямейная мадэль, а ў ХVIII ст. усё больш масавай з’явай становіцца шматсямейная мадэль. Пасля ўсталявання расійскага валадарання з найбольш жорсткай формай прыгону шматсямейная мадэль яшчэ болей пашыраецца, азначаючы пераход да збалансаванай мадэлі. Тут назіралася істотнае адрозненне ад заходнееўрапейскай сітуацыі, дзе пераважала маласямейная мадэль. Беларускія сяляне адчайна трымаліся за ўласную гаспадарку, а страту свайго надзелу і наёмную працу ў іншага гаспадара ўспрымалі як жыццёвую трагедыю, у той час як сярод заходнееўрапейскага сялянства наёмная праца была куды больш пашырана. Таму ў Заходняй Еўропе не існавала праблемы драблення сялянскіх надзелаў паміж кроўнымі сваякамі, што замацоўвалася правам адзінанаследавання.

Важнейшым аспектам жыцця традыцыйнай вёскі былі павіннасці, якія сяляне выконвалі на карысць дзяржавы і землеўладальніка. В.Насевіч зазначае, што пасля далучэння да Расій­скай імперыі развіццё беларускай вёскі пайшло ў адваротным кірунку да таго, па якім адбывалася развіццё заходнееўрапейскай вёскі. Многія сяляне Кораньшчыны якраз тады ўпершыню паспыталі паншчыны. Хаця былыя капітульныя сяляне дзяліліся на цяглых і аброчных. Аўтар зазначае, што ў 1807 г. у валоданні Кораньскага касцёла „при том же объеме барщины появился еще и денежный оброк в размере 56 злотых 10 грошей“ (193). Тут з тэксту незразумела, ці аброк з’я­віў­ся ўзамен паншчыны, ці ў дадатак да яе. В.Насевіч таксама не прасочвае эвалюцыі гэтага аброку ў першай палове ХIХ ст. На жаль, дзяржаўным (ці казённым) сялянам, а ў гэты разрад былі пераведзены былыя падданыя Кораньскага касцёла, аўтар прысвяціў значна менш увагі, чым прыватнаўлас­ніцкім, хаця менавіта дзяржаўная вёска паслужыла ўладам у сярэдзіне ХIХ ст. у якасці своеасаблівага палігону для выпрабоўвання механізмаў і будучай рэформы прыватнаўласніцкай вёскі. Менавіта ў казённых маёнтках у гэты перыяд паншчына ў абавязковым парадку замянялася грашовым аброкам, уводзілася сялянскае самакіраванне, утвараліся вучылішчы Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, фельчарскія пункты і г.д. Паводле назіранняў сучаснікаў, сяляне ў дзяржаўных валоданнях жылі лепш, чым у прыватных. Праўда, да катэгорыі дзяржаўных сялян у даследаваным В.Насевічам мікрарэгіёне належалі толькі жыхары вёсак Корань і Нарбутова, далучаныя да Гайненскай сельскай грамады.

Чацвёрты раздзел кнігі В.Насевіча называецца „Традыцыя і мадэрнізацыя“. Аўтар сцісла не акрэслівае, што ён разумее пад тэрмінам мадэрнізацыя. У „Заключэнні“ В.Насевіч гаворыць пра мадэрнізацыю гаспадаркі і побыту, выкарыстанне новых ідэй і тэхналогій для чыста прагматычных мэтаў як адзін з імпульсаў, якія ўвесь час прыходзілі з Захаду і пад­штурхоўвалі працэс эвалюцыі беларускай вёскі. Другім такім імпульсам аўтар лічыць спірытуалізацыю (гэты тэрмін запазычаны ім у Ж.Дэлюмо) светапогляду, якая прадугледжвала наяўнасць трансцэндэнтнай крыніцы дабра (благодати) і адначасова кропкі адліку для ацэнкі ўсіх зямных спраў чалавека (345). Такім чынам, можна меркаваць, што ў В.Насевіча мадэрнізацыя ў большай ступені звязана з матэрыяльным бокам жыцця вёскі. Пачаткам карэннай мадэрнізацыі беларускага традыцыйнага грамадства аўтар лічыць адмену прыгоннага права. Несумненна, гэтая рэформа зрабіла велізарны ўплыў на развіццё вясковага грамадства, стаўшы каталізатарам цэлага шэрагу найістотнейшых зменаў. Аднак варта заўважыць, што само па сабе прыгоннае права не з’яўляецца абавязковым атры­бутам традыцыйнай вёскі. Зрэшты, сярод дзяржаўных сялян, як намі ўжо адзначана вышэй, падобная рэформа была праведзена яшчэ раней. У выніку аналізу шэрагу дакументаў В.Насевіч прыйшоў да высновы, што рэформы 1863—1865 г. вельмі істотна палепшылі становішча былых прыгонных сялян прыватнага маёнтка Красны Бор. Паводле яго падлікаў, ворыўная плошча ў большасці сялянскіх гаспадарак павялічылася прыкладна на 50% у параўнанні з сярэдзінай ХIХ ст. Дадатковы прыбытак з сярэдняй гаспадаркі ў грашовым вымярэнні мог складаць ад 20 да 40 руб., ці вырас прыкладна ў два разы ў параўнанні з дарэформавым часам (220). Апроч таго вызваліўся вольны час, які раней паглынала паншчына. За гэты час тэарэтычна можна было зарабіць каля 160 руб. У былых дзяржаўных сялян Кораня зямельныя надзелы ў 1860–я г. таксама выраслі на 61% (224). Падлікі аўтара выглядаюць досыць пераканальнымі, але тут вельмі цікава было б убачыць, наколькі змяніліся грашовыя выплаты з сярэдняй гаспадаркі мікрарэгіёну ў параўнанні з дарэформавым часам, паколькі сялянам цяпер абавязкова трэба было ўносіць выкупныя плацяжы, а раней нават і падушны падатак за сялян часцяком выплочваў памешчык. Гэта падштурхоўвала вяскоўцаў актыўней адкрывацца знешняму да іх грамады свету ў пошуках заробку. У любым выпадку, становішча сялян відавочна палепшылася, а як яны ўжо гэта маглі скарыстаць, залежала ў кожным канкрэтным выпадку ад абранай жыццёвай стра­тэгіі і цэлага шэрагу іншых фактараў.

Найважнейшай праявай поступу мадэрнізацыі можна лічыць вель­мі высокі паказчык дэмаграфічнага росту ў другой палове ХIХ ст. З 1858 г. да 1897 г. насельніцтва Кораньшчыны, паводле падлікаў В.Насевіча, павялічылася прыкладна ў два разы. Аў­тар назваў прысвечаны дадзенаму пытанню параграф кнігі „Па­­чатак дэмаграфічнага пераходу“. Дэмаграфічны пераход спа­дарожнічаў працэсу індустрыялізацыі традыцыйнага аг­рар­нага грамадства ў еўрапейскіх краінах і азначаў зніжэнне асноў­ных дэмаграфічных паказчыкаў — нараджальнасці і смя­ротнасці. Аднак адсутнасць такіх грунтоўных дэмаграфічных ма­тэрыялаў, якімі В.Насевіч дыспанаваў адносна другой па­ловы ХVIII — першай паловы ХIХ ст., прымушае яго аб­мя­жоў­вацца дадзенымі па цэлай Мінскай губерні. Зрэшты, гэ­тыя дадзеныя сведчаць, што рэальнае зніжэнне паказчыкаў на­раджальнасці і смяротнасці фіксуецца толькі на пачатку ХХ ст. В.Насевіч таксама адзначае заўважнае зніжэнне смяротнасці на рубяжы 1850—1860–х г., што тлумачыць непа­срэдна ўплы­вам адмены прыгоннага права і паншчыны. Высокі дэма­графічны рост у другой палове ХIХ ст. быў абумоўлены найперш адсутнасцю яўных дэмаграфічных правалаў, абумоўленых пандэміямі і характэрных для папярэдняга перыяду. Мож­на пагадзіцца з аўтарам, што важную ролю тут напэўна адыгра­ла арганізацыя сістэмы дзяржаўнай медычнай дапамогі сялянам. Праўда, што датычыць дзяржаўнай вёскі Беларусі, дык стварэнне такой сістэмы пачалося значна раней за 1868 г.

Дынамічны дэмаграфічны рост стаў вельмі сур’ёзным вы­клікам вясковаму грамадству. Адным з магчымых адказаў была міграцыя з вёскі ў горад. Паводле матэрыялаў В.Насевіча, гэты шлях жыхары Кораньшчыны выбіралі не вельмі ахвотна. Аўтар прыводзіць дадзеныя ўжо за 1917 г., паводле якіх у вёсках даследаванага мікрарэгіёну адсутнічалі (акрамя пры­званых у войска) усяго 9 мужчын (239). Аўтар таксама здабыў звесткі толькі пра двух мужчын з Кораньшчыны, якія адважыліся паехаць на заробкі ў Паўночную Амерыку. Зусім няма інфармацыі і пра перасяленні ў Сібір з вёсак даследаванага мікрарэгіёну.

В.Насевіч слушна называе вельмі важнымі чыннікамі мадэрнізацыі арганізацыю школьніцтва (першыя звесткі аўтара пра існаванне расійскай школы на Кораньшчыне датычаць 1867 г.) і вайсковую рэформу 1874 г. Дарэчы, школа і войска былі вельмі важнымі каналамі вертыкальнай сацыяльнай мабільнасці для выхадцаў з вёскі. Жыхары Кораньшчыны, калі меркаваць з працы В.Насевіча, з гэтых магчымасцяў скарысталі вельмі мала. Аўтар здабыў звесткі (прычым не дакументальныя) толькі пра Івана Акуліча, які быццам даслужыўся да чына штабс–капітана расійскай арміі. Між тым, падобны жыццёвы поспех у канцы ХIХ — на пачатку ХХ ст. у беларускай вёсцы быў не такой ужо і рэдкай з’явай. Дастаткова пра­гледзець фармулярныя спісы чыноўнікаў мясцовых губерн­скіх устаноў. Іншая справа, што гэты поспех быў амаль абавязкова звязаны з моўна–культурнай асіміляцыяй, пераходам на рускую мову і вельмі часта поўным разрывам з родным вясковым асяроддзем. Але магчымасці сацыяльнага поспеху, звязаныя так ці інакш з дзяржаўнай службай, выглядалі значна лепшымі для праваслаўнай вёскі, чым для каталіцкай, паколькі рыма–каталікі, нават сялянскага паходжання, увесь час заставаліся палітычна нядобранадзейным элементам у вачах расійскай адміністрацыі ў Беларусі. З нараджэнцаў Кораньшчыны, як вынікае з тэксту кнігі, першымі настаўнікамі сталі Язэп і Казімір Гладкія, прычым ужо ў той час, калі імперыя спыніла сваё існаванне.

Аўтар прыводзіць вельмі цікавыя архіўныя матэрыялы пра зацятыя сямейныя спрэчкі пад час раздзелаў спадчыннай зямлі. Праўда, дынаміку драбнення сялянскіх надзелаў у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. яму прасачыць не ўдалося. Цалкам можна пагадзіцца з думкай В.Насевіча, што такі варыянт развязання зямельнай праблемы, як падзел нададзеных у 1860–я г. участкаў, у канчатковым выніку быў тупіковым. Аўтар прыйшоў да высновы, што ў 1917 г. з усіх вёсак Кораньшчыны толькі ў вёсцы Казыры яшчэ захоўваліся тэарэтычныя магчымасці весці паўнавартасную па еўрапейскіх мерках гаспадарку. Забяспечанасць сялян зямлёй у разліку на душу ў 1897 г. зменшылася ў параўнанні з 1865 г. амаль у два разы (245). Праблему вельмі ўскладняла яшчэ і зямельная цераспалосіца, якая блакавала любыя спробы прадпрымальных індывідаў культываваць новыя агракультуры. Дзяржаўныя ўлады на пачатку ХХ ст. бачылі выхад у хутарызацыі вёскі, у чым і палягаў сэнс вядомай сталыпінскай рэформы. Ці праводзіліся на Кораньшчыне нейкія мерапрыемствы ў кірунку яе рэалізацыі і як ставіліся да такой перспектывы мясцовыя сяляне, аўтар звестак, на жаль, не прыводзіць.

 Развязанне зямельнай праблемы праз набыццё абшарніцкай зямлі выглядала цалкам нерэальна. В.Насевіч называе чатырох мясцовых гаспадароў, якія ўпершыню набылі памешчыцкія землі ў 1901 г. (248). І ў далейшым з іх узялі прыклад толькі некалькі жыхароў Кораньшчыны. Да новай ся­­лянскай эліты аўтар далучае тых гаспадароў, якія яшчэ ў другой палове ХIХ ст. датэрмінова выкупілі ў поўную ўласнасць свае зямельныя надзелы і пачалі весці гаспадарку фермерскага тыпу, г.зн. гаспадарку, арыентаваную на атрыманне грашовага прыбытку, а не на простае фізічнае выжыванне сялянскай сям’і. Усіх паспяховых сялян аб’ядноўваў той факт, што яны атрымалі ў часе рэформы 1860–х г. апроч сярэдняга надзелу яшчэ зямельныя ўчасткі ў падарунак ад мясцовага памешчыка. Гэта наводзіць на думку, што яны ці іх продкі ўжо нечым вылучаліся сярод аднавяскоўцаў і ў дарэформавы перыяд. Зрэшты, цалкам можна пагадзіцца з В.Насевічам, што вельмі цяжка было стаць паспяховым гаспадаром, абраўшы шлях „чыстага сумлення і пустой кішэні“. Сярод паспяховых лю­дзей, апісаных аўтарам, бачым некалькі асобаў, занятых у валасным самакіраванні. Матэрыялы, вядомыя нам па Гара­дзенскай губерні за гэты перыяд, таксама пераконваюць, што менавіта асобы, звязаныя з сялянскім самакіраваннем, найчасцей былі набыўцамі новай зямлі. Пра гэта піша і Мікалай Улашчык, характарызуючы жыхароў яго роднай Віцькаўшчыны. Вядома, можна дапусціць, што менавіта найбольш актыўных і разумных сяляне абіралі на адказныя пасады. Але бясспрэчным ёсць і тое, што гэтыя пасады ўяўлялі сабой таксама добрыя крыніцы ўзбагачэння. Пра гэта яскрава піша ў сваіх успамінах і Адам Багдановіч. Такім чынам, як гэта ні сумна прызнаць, але напэўна якраз карупцыя, калі выкарыстоўваць сучасную тэрміналогію, давала вясковым жыхарам у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. найлепшыя шанцы на жыццёвы поспех.

Вынікі парэформавага развіцця мікрарэгіёну В.Насевіч ацэньвае на падставе аграрнага перапісу 1917 г. і падатковых спісаў 1921—1922 г. На яго думку, збалансаваная мадэль паводзінаў пачала выцясняцца маласямейнай дзесьці ў 1890–я г. Але для эканамічна паспяховых гаспадарак была ўла­сці­вая ў большай ступені менавіта вялікасямейная (общежительская) мадэль. Сярэдняя населенасць сялянскага двара на Корань­шчыне зменшылася ў 1897 г. да 7,4 асобы. У 1917 г. гэтая лічба складала ўжо 5,9. А асаблівая інтэнсіфікацыя азначанага працэсу адбылася ў 1917—1922 г., калі сяляне маглі свабодна карыстацца ляснымі багаццямі ва ўмовах безуладдзя і актыўна будавалі сабе новыя хаты.

У цэлым погляд В.Насевіча на развіццё беларускай вёскі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца нам даволі пераканальным. І ўсё ж, калі строга прытрымлівацца крытэраў менавіта мікрагістарычнага падыходу, дык адносна Корань­шчыны тут назіраецца істотны прагал у падмацаванні аўтарскіх ідэй архіўнымі матэрыяламі. Гэта датычыць дэмаграфічных і эканамічных працэсаў, штодзённага побыту сялян. Таму, каб запоўніць гэты прагал, аўтар звяртаецца да агуль­набеларускіх і агульнагубернскіх матэрыялаў, да прац М.Улашчыка і Я.Кісьлякова. Але пры гэтым несумненна губляецца магчымасць больш дакладна акрэсліць спецыфіку мікрарэгіёну — а менавіта абранай аўтарам каталіцкай вясковай супольнасці.

Варта адзначыць, што найважнейшым чыннікам мадэрнізацыі з’яўлялася паступленне ў традыцыйную вёску новых прыладаў працы прамысловай вытворчасці і новых тэхналогій. Нягледзячы на кансерватызм вясковай грамады, яны паступова знаходзілі ўжытак і незваротна змянялі жыццё і штодзённы побыт сялян. Гэты працэс амаль няўлоўны для даследчыка. Цяжка знайсці звесткі пра першае з’яўленне ў вёсцы жалезнага плуга, жалезнай бараны, веялкі, сеялкі і іншых прыладаў працы, якія з’яўляюцца ўжо прадуктамі прамысловай вытворчасці. Падобныя звесткі мы сустракаем толькі ў працы М.Улашчыка, але яны грунтуюцца на ўласных успамінах аўтара і датычаць якраз нетыповай вёскі, што складалася з паспяховых гаспадароў, якія набылі ва ўласнасць вельмі вялікія па беларускіх мерках надзелы зямлі. У В.Насе­віча грунтоўных да­дзеных пра гаспадарчае жыццё менавіта сялян Кораньшчыны ў дадзены перыяд няма.

Аналіз духоўнага жыцця сялян Кораньшчыны В.Насевіч грунтуе на вельмі цікавых матэрыялах мясцовага нараджэнца Язэпа Гладкага (псеўд. Адам Варлыга), звяртаецца да этнаграфічных даследаванняў з гэтага перыяду, а ў першую чаргу да кнігі Адама Багдановіча „Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов“. Шкада, што аўтар не выкарыстаў працы выдатнага польскага даследчыка Міхала Федароўскага „Люд беларускі“2, дзе шмат увагі аддаецца менавіта каталіцкай беларускай вёсцы, хаця і ў заходнебеларускім рэгіёне. В.Насевіч таксама актыўна спрабуе выкарыстаць падыходы псіхагісторыі, ідэі і тэрміналогію з галіны псіхааналізу, ад чаго тэкст кнігі момантамі пачынае нагадваць філасофска–рэлігійны трактат.

Як нам уяўляецца, В.Насевічу ўсё ж не ўдалося ў поўнай ступені выявіць рысы, характэрныя для культурнага жыцця менавіта каталіцкай сялянскай супольнасці Беларусі. Усяго некалькі эпізодаў у чацвёртай частцы кнігі звязаныя з дзейнасцю ксяндзоў Кораньскага касцёла. А менавіта ўплыў каталіцкага духавенства на сваіх парафіян–сялян быў для расій­скай адміністрацыі галоўнай праблемай ва ўсім Паўночна–Заходнім краі (тэрыторыя Беларусі і Літвы). Каталіцкае ся­лянства Беларусі відавочна адрознівалася ад праваслаўнага (гэта пацвярджаюць многія тагачасныя аўтары, у тым ліку і праваслаўнага вызнання) вельмі паважным стаўленнем да рэлігійнай абраднасці. І паганскія рытуалы і звычаі ў каталіцкім асяроддзі разбураліся хутчэй, чым у праваслаўным. Вядома, гэта вельмі цяжка пацвердзіць нейкімі дакладнымі дадзенымі на мікрарэгіянальным узроўні, але шматлікія этнаграфічныя матэрыялы і ўспаміны сучаснікаў пераконваюць у слушнасці такога меркавання. Сярод сялян–каталікоў быў, прынамсі да канца ХIХ ст., вышэйшы паказчык пісьменнасці, што таксама з’яўлялася вынікам найперш уплыву з боку парафіяльнага духавенства (прыведзеныя В.Насевічам звесткі адносна існавання парафіяльнай школкі ў мікрарэгіёне Кораньшчына датычаць ужо 1796 г.). Зрэшты, аўтар не прыводзіць звестак адносна ўзроўню пісьменнасці жыхароў даследаванага мікрарэгіёну. Магчыма, што тут якраз сітуацыя выглядала інакш. Прычым рост пісьменнасці ў каталіцкай вёсцы быў абумоўлены ў часе імперыі найперш не прагай сялян да сацыяльнага авансу, а імкненнем навучыцца чытаць кнігі для набажэнства на польскай мове. Дарэчы, польская мова, якая стагоддзямі гучала ў касцёлах Беларусі, станавіла неад’емную частку сакральнага свету беларускай каталіцкай вёскі. Таму сяляне–каталікі вельмі рашуча працівіліся спробам русіфікацыі касцёла, якія расійская ўлада спрабавала ажыццявіць пасля 1869 г. В.Насевіч, як нам уяўляецца, не зусім дастаткова ўвагі звярнуў на факт самастойнага адпраўлення жыхарамі Кораньшчыны рэлігійных абрадаў як формы пратэсту на ўвя­дзенне ў мясцовы касцёл расійскай мовы. Гэта вельмі яркі прыклад самаарганізацыі вясковай грамады, здольнасці да пратэсту супраць грубага ўмяшальніцтва ўладаў у сакральную сферу яе жыцця. А на выступленні супраць улады беларускае сялянства адважвалася даволі рэдка.

Каталіцкае духавенства выступіла ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. арганізатарам масавага тайнага школь­ніцтва на польскай мове. Магчыма зноў жа, што на Корань­шчыне такіх тайных школак не было, прынамсі аўтар звестак пра іх існаванне не прыводзіць. Але гэта хутчэй зусім не характэрная рыса для каталіцкай сялянскай супольнасці, па меншай меры для заходнебеларускай вёскі. Безумоўна, польская тайная школа ў канчатковым выніку з’яўлялася прыладай моўна–культурнай паланізацыі беларускага сялянства. Але паказальным ёсць той факт, што пачатак беларускай агітацыі ў даследаваным В.Насевічам мікрарэгіёне звязаны якраз з дзейнасцю каталіцкага святара Вацлава Пацэвіча, хоць і жмудзіна паводле нацыянальнасці. Дзякуючы гэтаму святару мясцовыя жыхары ўпершыню пачулі, што яны — беларусы. Такім чынам, менавіта касцёл у беларускай вёсцы, як нам уяўляецца, усё ж быў найважнейшым чыннікам працэсу спірытуалізацыі, уплываючы на традыцыйнае грамадства ў кірунку яго паступовай рацыяналізацыі і расчароўвання сялянскага свету і вызвалення яго ад мноства духаў і розных містычных істотаў. Гэта было адказам касцёла на той выклік мадэрнізацыі, што прыводзіў да разбурэння адвечных маральных нормаў, паніжэння ролі традыцыйных аўтарытэтаў. В.Насевіч прыводзіць прыклады такога раскладу традыцыйнай сістэмы каштоўнасцяў, што праяўлялася ў росце цяжкіх злачынстваў, агульнай агрэ­сіў­насці вясковага грамадства. Аўтар неаднаразова адзначае ў манаграфіі як важную асаблівасць беларускай вёскі той факт, што яна не прайшла праз этап рэфармацыі і контррэфармацыі, як заходнееўрапейскае сялянства: „Традиционное общество белорусской деревни, как и общества Востока, не испытало той кардинальной трансформации, через которую прошла Западная Европа. В этом плане они оказались по разные линии водораздела, и к концу ХIХ в. различия стали уже огромными“ (277). Гэтае сцверджанне падаецца нам занадта катэгарычным, тым больш што і ў Заходняй Еўропе акрэслены працэс працякаў вельмі па–рознаму. Разам з тым В.Насевіч сцвярджае, што сістэма светапогляду беларускіх сялян мела адчувальнае адрозненне ад сістэмы светапогляду расій­скага, ці вялікарускага селяніна — „отсутствие отношения к труду как к неприятной необходимости, реализуемой лишь под внешним принуждением“ (277). Нельга не пагадзіцца з меркаваннем аўтара, што іншым істотным адрозненнем беларускага сялянства ад расійскага быў значна больш высокі ўзровень індывідуалізму, найбольш яскравым доказам чаго выступала якраз падворнае землекарыстанне беларусаў у адрозненне ад расійскай зямельнай абшчыны.

Уплыў праваслаўнай царквы на традыцыйнае вясковае грамадства ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. быў у цэлым слабейшы, чым уплыў каталіцкага касцёла. І якраз у гэтым многія даследчыкі бачаць прычыну папулярнасці сярод беларускага праваслаўнага сялянства сацыялістычных ідэй і даволі масавай падтрымкі ім камуністычнага руху ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі. Зрэшты, В.Насевіч не прыводзіць прыкладаў вельмі ўжо актыўных прыхільнікаў бальшавіцкіх ідэй на Кораньшчыне. Гэта сведчыць, што мясцовае сялянства мела ўсё ж даволі моцную прышчэпку ад такіх ідэй. На жаль, В.Насевіч амаль цалкам абышоў пытанне міжканфесійных адносінаў паміж сялянамі рыма–каталікамі і права­слаўнымі (раней уніятамі). Праўда, аўтар ва ўводнай частцы гаворыць пра існаванне ў мясцовым вясковым асяроддзі канфесійнага бар’еру — „подданные имения Логойск были православными, а подданные имения Корень — католиками, что сдерживало браки между ними гораздо сильнее, чем природные преграды“ (21). Але ў далейшым гэтая тэма ў кнізе не атры­мала развіцця.

У пятым раздзеле кнігі В.Насевіч разглядае разбурэнне традыцыйнай вёскі. Як зазначае аўтар, у выніку перамог самы радыкальны варыянт развязання зямельнай праблемы: за­браць зямлю ў багацейшых і падзяліць паміж беднымі. Хаця, на думку В.Насевіча, гэтая ідэя не была спараджэннем традыцыйнага светапогляду, а прыйшла ў вёску ўжо ў форме рэвалюцыйнай агітацыі кніжных разумнікаў. У выніку рэалізацыя гэтага варыянта, як выдатна паказаў аўтар, прывяла да разбурэння найбольш паспяховых гаспадарак і асабістай трагедыі самых актыўных і прадпрымальных сялян, якія ўспрымаліся новай савецкай уладай як ворагі. Далейшым крокам стала калектывізацыя і непазбежны тэрор у дачыненні да непакорлівай часткі вяскоўцаў. Як снегавы камяк нарастала плынь даносаў і скаргаў на сваіх суседзяў, што сведчыла пра прагрэсуючы распад традыцыйнай маралі, якая заклікала шанаваць маёмасць, працу і жыццё аднавяскоўцаў. Паводле падлікаў аўтара, ад пачатку калектывізацыі да 1938 г. непасрэднымі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі 7% жыхароў Кораньшчыны, а агульная колькасць пацярпелых разам з сямейнікамі дасягала 18—19%, ці амаль пятай часткі папуляцыі (329). Другая су­светная вайна прынесла новыя страшэнныя ахвяры: колькасць загінулых склала 17,7% папуляцыі, вывезеных на рабскую працу ў Нямеччыну — 5,7% (338). Перажытае нанесла настолькі моцны ўдар па псіхіцы сялян, што ўсё астатняе жыццё большасць з іх вымярала і ацэньвала рэчаіснасць паводле крытэру „каб толькі не было вайны“.

У пасляваенныя гады пачаўся імклівы распад структур традыцыйнага грамадства на Кораньшчыне і татальны сыход моладзі ў горад — найперш у блізкі Мінск. Аўтар пры­знае, што акрэсліў гэты працэс толькі беглымі штрыхамі (339). Жыццёвыя прыярытэты рэзка змяніліся. Цяпер ужо той, хто застаўся ў роднай вёсцы на гаспадарцы, успрымаўся як завершаны няўдачнік. Крытэрам жыццёвага поспеху стала замацаванне ў горадзе, атрыманне кватэры „со всеми удобствами“. Гэтаму спадарожнічаў і масавы пераход былых вяскоўцаў на рускую мову. Мова ж бацькоў і дзядоў трывала асацыявалася ў новых гараджан з сялянскай мовай, успрымалася як сімвал жыццёвай няўдачы. Разам з тым, як адзначае аўтар, вяскоўцы перанеслі ў горад важныя элементы традыцыйных структур. Зрэшты, вучыцца праўдзіваму гарадскому жыццю ім проста не было ў каго. Да такіх рудыментаў вясковага грамадства В.Насевіч адносіць сумеснае пражыванне дарослых жанатых дзяцей разам з бацькамі ў адной гарадской кватэры, што ў далейшым становіцца прычынай вострага кватэрнага пытання. Тут аўтар бачыць пэўную аналогію з драбленнем зямельных надзелаў у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. Рысамі традыцыйнай ментальнасці, якія перажылі савецкую мадэрнізацыю, В.Насевіч лічыць і патрыярхальную няроўнасць паміж поламі, і інстынктыўнае неўспрыняцце сацыяльнай няроўнасці.

Абвостранае суперажыванне В.Насевіча лёсам герояў свайго даследавання выразна адчуваецца ва ўсёй працы. Гэта цалкам зразумела, зважаючы на тое, што даследаваны мікрарэгіён — малая радзіма аўтара манаграфіі. Бачыцца пэўная роспач у фразе: „Деревня так никогда и не сумела приспособиться к миру, в котором все, даже и земля и человеческий труд, свободно продается и покупается… Разрыв в уровне ма­те­риального благополучия с западноевропейскими страна­­ми — это расплата, которую мы продолжаем вносить до сих пор“ (346). Часткова віну за гэта аўтар ускладвае на саміх сялян: „Трудно представить себе тот уровень пассивности, который обеспечил растянувшееся на десятилетия сползание в безземелье без каких–либо попыток изменить свою судьбу. Трагедия этих людей заключалась в том, что избранный ими путь был освящен традицией: они всего лишь жили так, как предписывала им унаследованная от предков модель поведения“ (247). Але трэба прызнаць, што беларускія вяскоўцы сапраўды сутыкнуліся з вельмі складаным выклікам часу. Зрэшты, падобныя праблемы паўставалі, напрыклад, і перад польскімі сялянамі3. Але ў польскіх вяскоўцаў былі значна лепшыя магчымасці для іх развязання. У той жа час, як слушна адзначае В.Насевіч, якраз самыя актыўныя і прадпрымальныя прадстаўнікі традыцыйнай вёскі, бунтары і наватары, найчасцей станавіліся ва ўмовах Беларусі ахвярамі лёсу, што найбольш характэрным было для часоў савецкай мадэрнізацыі. А пры­стасоўванне да сітуацыі і пасіўная пакорлівасць уладзе ці страснае імкненне ёй дагадзіць часта рабілася найбольш зручнай і рацыянальнай стратэгіяй выжывання. Са­праўды, узняты ў манаграфіі В.Насевіча пласт праблем значна выходзіць за рамкі звычайнага мікрагістарычнага даследавання і прымушае чытача задумацца над галоўнымі, стрыжнёвымі пытаннямі нашай гісторыі. І ў гэтым заключаецца таксама вартасць рэцэнзаванай кнігі, якая, паўторымся, несумненна з’яўляецца падзеяй у сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

Горадня                                                                  Сяргей Токць

 

1 Богданович A. Мои воспоминания // Нёман. 1994. № 6—8.

2 Fedorowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1—3. 1897—1903.

3 Гл.: W.Mędzrecki. Młodzież wiejska na ziemiach Polski centralnej 1864—1939. Procesy socjalizacji. Warszawa, 2002.

 

 

змест