Соціум. Альманах соціальної історії / Головний редактор В.СМО­ЛІЙ; відповідальний редактор В.ГОРОБЕЦЬ. Вип. 1—3. Київ: Інститут історії України НАН України, 2002—2003.

Сацыяльная гісторыя ці, дакладней, новая сацыяльная гісторыя з’яўляецца адным з магістральных кірункаў развіцця сучаснай гістарычнай навукі. Цікавасць, што выяўляюць да яе гісторыкі па ўсім свеце, прыносіць стварэнне адпаведных спецыялізаваных акадэмічных і універсітэцкіх асяродкаў, якія паступова афармляюцца арганізацыйна. Гэты пра­цэс — праўда, адносна нядаўна — закрануў і гістарыяграфію постсавецкіх краін. З 1998 г. у Маскве выходзіць „Социальная история. Ежегодник“. У 2002 г. адбыліся дзве важныя падзеі ў навуковым жыцці нашых паўднёвых суседзяў. Пачаў выходзіць альманах сацыяльнай гісторыі „Соцыум“, а ў Інстытуце гісторыі Украіны НАН Украіны быў створаны Цэнтр даследавання праблем сацыяльнай гісторыі, друкаваным органам якога і стала згаданае выданне.

З самага пачатку рэдакцыяй быў пракламаваны міжнародны і міждысцыплінарны характар выдання. Разам з ук­раін­скімі даследчыкамі свае працы змясцілі тут вучоныя з Расіі і Польшчы. Сярод артыкулаў знаходзім напісаныя мастацтвазнаўцамі і этнолагамі, а аўтары–гісторыкі актыўна выкарыстоўвалі ў сваіх працах не толькі традыцыйны гістарычны інструментарый і матэрыял.

У альманаху знайшла адлюстраванне вельмі разнастайная праблематыка, якая вынікае з шырока зразуметага паняцця „сацыяльная гісторыя“. Храналагічна змешчаныя ў выдан­ні матэрыялы ахопліваюць часы ад антычнасці да пачатку XIX ст., але пераважная іх большасць датычыцца ранняга новага часу. Геаграфічна прадстаўлены ў першую чаргу ўкраінскія землі.

Выпускі выдання складаюцца з рубрык: „Гісторыя ўяўленняў“, „Гісторыя сацыяльных супольнасцяў“, „Гісторыя прыватнага жыцця“, „Гістарычная канфлікталогія“, „Сацыяльная гісторыя рэлігій“, „Гісторыя жанчын“, „Тэорыя і гістарыяграфія сацыяльнай гісторыі“. Колькасць рубрык і іх насычанасць матэрыяламі ў выпусках варыюецца. Ва ўсіх трох нумарах змешчаны рэцэнзіі, агляды і інфармацыя.

У межах гэтага кароткага агляду вельмі цяжка ды і, ві­даць, няма патрэбы спыняцца на ўсіх 43 артыкулах першых выпускаў альманаха, кожны з якіх па–свойму цікавы. Звернемся толькі да некаторых, якія прыцягваюць найбольшую ўвагу ці то з тэматычнага і метадычнага пунктаў гледжання, ці то ў сувязі з нашай айчыннай гісторыяй.

Княскае паляванне здаўна разглядалася гісторыкамі ў першую чаргу як элітная забава, якая, апрача таго, прыносіла князям і іх атачэнню харчаванне і футры. У сваім артыкуле „Княскія ловы як сацыяльны феномен Кіеўскай Русі“ (вып. 1) У. Рычка паспрабаваў зірнуць на гэтую з’яву з іншага боку. Ён разгледзеў княскае паляванне як пэўную норму сацыяльных паводзінаў, як ваенна–сакральны рытуал, які знаходзіць паралелі і тыпалагічна адпавядае ідэалу заходнееўрапейскага рыцарства.

Вельмі цікавай падаецца спроба Т. Вілкул (артыкул „Дружына–веча: баланс абстракцый“, вып. 1) давесці тоеснасць старажытнарускага веча і княскай дружыны. Праўда, аўтар агаворвае залежнасць сваіх высноваў ад спецыфікі крыніц — старажытнарускіх летапісаў з іх зменлівай тэрміналогіяй і нават прызнае пэўную спекуляцыйнасць сваіх заключэнняў. Але слушна і тое, што, бадай, любая канцэпцыя ў гэтай сферы абапіраецца на тыя самыя летапісы з іх сапраўды вельмі разнастайнай і часам супярэчлівай сацыяльнай тэрміналогіяй. Так што поле для інтэрпрэтацый вельмі шырокае і адкрытае. У артыкуле, сярод іншага, выказана свежае назіранне ў сувязі з вядомым апавяданнем 1159 г. пра падзеі ў Полацкай зямлі, якое паходзіць з Кіеўскага летапісу. Гаворачы пра князя Рагвалода Барысавіча, крыніца паведамляе, што насустрач яму выехалі 300 „лодии дрьючанъ и полчанъ“. Т. Вілкул абгрунтавана бачыць тут памылку перапісчыка, пад пяром якога людзі ператварыліся ў ладдзі.

У артыкуле А. Русінай „Ад Кузьмішчы–кіяніна да кіяніна Скабейкі (мадэляванне смерці ў „Хроніцы Быхаўца“)“ (вып. 1) параўноўваюцца летапісныя аповесці пра забойства Жыгімонта Кейстутавіча і Андрэя Багалюбскага. Аўтар прыйшла да высновы, што асобныя элементы адпаведнага апавядання „Хронікі Быхаўца“ запазычаны з Іпацеўскага летапісу. Трэба зазначыць, што фрагмент з „Хронікі Быхаўца“ аб забойстве Жыгімонта Кейстутавіча — адна з самых папулярных сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага галаваломак. Першым з крыніцазнаўчага пункту гледжання яго спецыяльна аналізаваў Б. Барвінскі1. У далейшым гэтыя спробы перыядычна аднаўляліся, прыкладам чаго могуць быць разгляданы артыкул, а таксама зусім нядаўняя праца польскага даследчыка Я. Нікадэма2. Увогуле ж погляд А. Русінай падаецца небясспрэчным — калі на такім матэрыяле ўвогуле можна зрабіць бясспрэчныя высновы.

У першым выпуску прыкметнае месца займаюць артыкулы гістарычна–юрыдычнай праблематыкі, выкананыя на валынскіх дадзеных другой паловы XVI ст.: Ул. Палішчук і Н. Старчанка разглядаюць інстытуты адпаведна віжоўства3 і адвакатуры.

Аднымі з самых шырока прадстаўленых у альманаху сталі праблемы міжэтнічных і міжканфесійных стасункаў. Пад увагу даследчыкаў трапілі стараабрадцы і яўрэі. У артыкулах разгледжаны, у прыватнасці, антыяўрэйскія выступленні ў Львове ў XVII—XVIII ст. (М. Капраль, вып. 2) і розныя аспекты жыцця стараверскіх слабод на ўкраінскіх землях. Прынамсі ў двух артыкулах зроблены спробы перагледзець старыя погляды на праблемы міжканфесійных стасункаў, і перш за ўсё з удзелам праваслаўных і уніятаў. Апрача сваёй складанасці і далікатнасці, гэтыя пытанні, як вядома, былі занядбаны савецкай гістарыяграфіяй, а калі і закраналіся, дык вельмі павярхоўна і аднабакова. У выніку наша сённяшняе бачанне праблемы знаходзіцца ў вельмі моцнай залежнасці ад ра­сійскіх гістарыяграфічных міфаў XIX — пачатку XX ст. Артыкулы М. Даўбішчанкі „Рэаліі і міфы рэлігійнага супрацьстаяння на Валыні напрыканцы XVI — у першай палове XVII ст.“ (вып. 2) і М. Ярэменкі „Міжканфесійныя стасункі ва Ўкраіне і на Беларусі ў XVIII ст. (пастаноўка праблемы)“ (вып. 3) і прысвечаны ў першую чаргу разбурэнню гэтых застылых схем. Яны з усёй выразнасцю паказваюць, якой вострай з’яўляецца неабходнасць зноў разгледзець гэтыя праблемы — на падставе дэталёвага вывучэння крыніц. Пры больш уважлівым іх вывучэнні высвятляецца, што старыя міфы часта грунтуюцца на кепска зразуметых ці тэндэнцыйна патрактаваных фактах. Так, напрыклад, М. Ярэменка асабліва настойвае на маёмасных падставах многіх канфліктаў, у якія апынуліся ўцягнутымі праваслаўныя манастыры і асобныя вернікі. Ён звяртае ўвагу таксама на абыякавасць народных нізоў да рэлі­гійных праблем.

Вельмі цікавыя назіранні зрабіла расійская даследчыца Т. Апа­рына, паставіўшы пытанне наступным чынам: „Украінскія казакі ў Расіі: адзінаверцы ці іншаверцы? (Мікіта Маркушэўскі супраць Лявонція Плешчаева)“ (вып. 3). Яна прывяла прыклады перахрышчвання ў Маскве ў 10—20–я г. XVII ст. нават праваслаўных выхадцаў з Рэчы Паспалітай. Для нас ўяўляе цікавасць і яшчэ адна яе выснова: „беларусцамі“ ў Маскве ў гэты час называлі выхадцаў з беларускіх і ўкраінскіх зямель Рэчы Паспалітай, а паводле веравызнання — як праваслаўных, так і уніятаў.

Вялікім блокам артыкулаў, некаторыя з якіх былі ўжо згаданы вышэй, прадстаўлена гістарычная канфлікталогія. Барацьбе за вяртанне Астрога і іншых бацькоўскіх уладанняў, якую вёў славуты князь Васіль–Канстанцін Астрожскі, пры­свечаны артыкул І. Цясленкі (вып. 3). Прадметам вывучэння Н. Старчанкі стаў буйны канфлікт паміж войтам і мяшчанамі ў горадзе Ўладзіміры (Валынскім) у 1566 г. Яна прыйшла да той высновы, што зводзіць гэта сутыкненне толькі да процістаяння войта і мяшчанскай супольнасці — пэўнае спрашчэнне. На самай справе канфлікт меў нашмат больш бакоў і разгортваўся пад уплывам велізарнай колькасці фактараў. Прасачыўшы праблему на шырокім фоне, аўтар паказала многія з іх. Падрабязны разгляд канфлікту ўсё ж, як здаецца, сведчыць аб перманентным характары супярэчнасцяў паміж войтам і мяшчанамі. І гэта была ўласцівасць не толькі Ўладзіміра. У 1558 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст разглядаў вялікую скаргу полацкіх мяшчан на свайго войта (і адначасова полацкага ваяводу) Станіслава Давойну4. Паралелі і параўнанні могуць стаць тэмай асобнага даследавання. У якасці заўвагі да артыкула, нягледзячы на незнаёмства з адпаведнымі архіўнымі матэрыяламі, рызыкну ўсё ж выказаць сумненне ў дакладнасці некаторых цытат.

У артыкулах К. Дысы (вып. 2) і А. Борак (вып. 3) знайшла адлюстраванне вельмі модная цяпер у заходнееўрапейскай гістарыяграфіі тэматыка чараўніц. Аднак ці толькі ў модзе і заходніх уплывах справа? Магчыма, карані такой зацікаўленасці варта пашукаць і ў мясцовых традыцыях? Згадаем хаця б кіеўскае паходжанне М. Булгакава, аўтара „Майстра і Маргарыты“. А яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. сяляне Барысаўскага павету Менскай губерні лічылі сталіцай чараўніц менавіта Кіеў, сярод вяскоўцаў хадзіў нават выраз „кіеўская ведзьма“5. Адным словам, ёсць над чым паразважаць. І, як высвятляецца, ёсць каму.

Выразны адбітак на змесце альманаха пакінула традыцыйная ўжо для ўкраінскай гістарыяграфіі казацкая праблематыка. Розным аспектам гісторыі казацтва прысвечана 9 артыкулаў.

Увогуле ж трэба канстатаваць, што як задума, так і выка­нан­не альманаха аказаліся ўдалымі. У рамках абвешчанай кан­цэпцыі выдання розныя аўтары ў рэчаіснасці выкарысталі ў сваіх працах самыя розныя падыходы і даследчыцкія метады — ад наватарскіх да больш традыцыйных. І, думаецца, гэта толькі ўзбагаціла змест альманаха. І яшчэ адна яго рыса — нязменна высокі навуковы ўзровень матэрыялаў.

Сярод іншага, хацелася б асабліва адзначыць імкненне ўкраінскіх даследчыкаў упісаць гісторыю сваёй краіны ў еўрапейскі і сусветны кантэкст. Яны шырока выкарыстоўваюць дасягненні заходняй гістарычнай навукі, чаго, на жаль, так бракуе нашым вучоным.

Альманах пазначаны даволі прыкметным беларускім акцэнтам — тэматычным, але пакуль што, як ні шкада, не аўтарскім.

„Соцыум“ — зусім маладое выданне, узрост якога вылічваецца гадамі. Але ўжо ў трэцім яго выпуску абвешчаны намер выпускаць новы перыёдык, які адгалінуецца ад „Соцыума“ і будзе прысвечаны адмыслова культурнай антрапалогіі. Можна толькі парадавацца такому дынамічнаму развіццю ўкраінскай гістарычнай навукі, новы крок якой, будзем спадзявацца, стане не менш упэўненым і ўдалым, чым папярэдні.

Мінск                                                                   Васіль Варонін

 

 

1 Барвінський Б.О. Жигимонт Кейстутович великий князь литовско-руский (1432—1440): Історична монографія. Жовква, 1905. С. 137—146.

2 Nikodem J. Przyczyny zamordowania Zygmunta Kiejstutowicza // Biało­ruskie Zeszyty Historyczne. 2002. Nr 17. S. 5—33.

3 Гл. таксама: Поліщук В.В. Офіційні свідки в структурі луцького замкового уряду до реформ 1564—1566 років (службове підпорядкування і правові послуги). Автореферат дис. кандидата іст. наук. Київ, 2003.

4 Гл.: Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Адз. зах. 249. Арк. 126—137адв.

5 Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847. S. 401.

 

 

змест