Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) у 1410 г.

Генадзь Сагановіч

Праблема ўдзелу русінаў (пазнейшых беларусаў і ўкраінцаў) у галоўнай бітве з Нямецкім ордэнам у 1410 г., хоць ужо не раз краналася, заслугоўвае асобнага разгляду. Вырашэнне яе, як і апісанне самой бітвы, істотна залежала ад нацыянальнай пазіцыі аўтараў. Калі ў літаратурнай спадчыне данацыянальнага перыяду лаўры Грунвальду прыпісваліся адным палякам1, а не славянам наогул ці літоўцам, дык пазней, дзелячы славу грунвальдскага трыумфу, нацыянальныя гістарыя­графіі сутыкаліся ў вострых канфрантацыях2. Роля народаў у дасягненні перамогі часта ставілася ў залежнасць ад ліку харугваў „сваіх“, якія ўдзельнічалі ў бітве, а ступень іх гераізму — ад маштабаў сечы і ліку разгромленых нямецкіх фармаванняў. Перад спакусай завышаць дадзеныя адносна колькасці армій з абодвух бакоў, перабольшваць ролю „сваіх“ і не заўважаць заслуг іншых не ўдавалася ўстаяць не толькі папулярызатарам гісторыі, але і аўтарам навукова–папулярных ці нават навуковых публікацый3.

Каб наблізіцца да больш–менш адэкватнага ўяўлення пра ўдзельную вагу канкрэтнага народа ў арміі Вітаўта ці Ягайлы, пачынаць неабходна з „самага складанага і спрэчнага пытання“4 — з вызначэння агульнай колькасці ўзброеных сілаў, што ліпеньскай раніцай 1410 г. сутыкнуліся ў смяротнай сечы каля Грунвальда і Танэнберга. Рабіць гэта можна або на падставе мабілізацыйных магчымасцяў дзяржаў, з чаго нельга атрымаць дакладных вынікаў, або зыходзячы з колькасці харугваў — калі ведаць сярэдні лік яе воінаў.

Польскі гісторык Тадэвуш Ладагурскі, які прысвяціў гістарычнай дэмаграфіі Польшчы ХIV ст. спецыяльныя працы, на падставе дадзеных аб каланізацыі сцвердзіў, што яшчэ ў 1340 г. насельніцтва тэрыторыі Польшчы (апрача Заходняга Памор’я і Любускай зямлі) складала 1800 тыс. чалавек, з чаго палова (936 тыс.) жыла ў межах Польскага Каралеўства5. Вынікі яго даследаванняў трапілі пад крытыку6, тым не менш некаторыя вядомыя гісторыкі (і польскія — Г.Лаўмяньскі, Л.Кры­віц­кі, З.Качмарчык, Э.Вельрозэ, і нямецкія — напрыклад, В.Кун7) ацэньвалі дэмаграфічны патэнцыял каралеўства Казіміра Вялі­кага яшчэ вышэй. Хоць для пачатку ХV ст. не захавалася крыніц для дакладных разлікаў, сучасны польскі грунвальда­знаўца Мар’ян Біскуп прыйшоў да заключэння, што перад 1410 г. у Польскім Каралеўстве жылі 1800 тыс. жыхароў, тады як у межах Нямецкага ордэна магло налічвацца да 500 тыс. насельнікаў. Што да дэмаграфічнага патэнцыялу ВКЛ, то М.Біскуп вызначыў яго толькі для этнаграфічнай Літвы — 300 тыс., тады як пра колькасць жыхароў вялізных абшараў Русі гісторыкам не гаворыцца нічога з прычыны „адсутнасці да­дзеных“8.

Сапраўды, да ХVI ст. няма статыстычных матэрыялаў, на аснове якіх можна было б рабіць разлікі, аднак, як даўно прынята лічыць у гістарыяграфіі, колькасна ў часы Вітаўта русіны ВКЛ шматкроць перасягалі літоўцаў9. Згодна з меркаваннем знаўцы праблемы Г.Лаўмяньскага, на тагачаснай тэрыторыі ВКЛ (каля 1 млн. км. кв.) магло жыць да 2 млн. чалавек10, з якіх уласна літоўцы мелі б налічваць не больш за 300 тыс. Нават калі зменшыць колькасць русінаў прыкладна да 1 млн., то су­польны дэмаграфічны патэнцыял саюзнікаў на 1410 г. бу­дзе пе­расягаць 3 млн. чалавек супраць 500 тыс. у Нямецкага ор­дэ­­на11. Іншымі словамі, у людскіх рэсурсах Ягайла і Вітаўт да­ся­­галі больш чым 6–разовай перавагі над непрыяцелем. Да гэ­та­­га трэба дадаць, што і ў гаспадарчых адносінах поль­скія зем­лі на той час ужо мала саступалі прускім уладанням Ордэна12.

Вось жа, зыходзячы з такой розніцы патэнцыялаў, лёгка засумнявацца, ці мог Ордэн рэальна ўяўляць „смяротную небяспеку“ для існавання Польскага Каралеўства і ВКЛ, або па­грозу знішчэння іх народаў, пра што так часта сцвярджалася ў айчыннай гістарычнай літаратуры13. Яшчэ рэцэнзуючы першае выданне кнігі С.Кучыньскага, Г.Лаўмяньскі справядліва скрытыкаваў гэты тэзіс. Ён даводзіў, што па гаспадарча–дэмаграфічных рэсурсах Ордэн саступаў нават асобна ўзятай Польшчы14. Таму Ордэнская дзяржава не пагражала існаванню Польскага Каралеўства і ВКЛ. Праўда, умацаванне Ордэна на Балтыцы шкодзіла іх эканамічным інтарэсам, але гэта ўжо праблема іншага ўзроўню.

Зыходзячы з вялізнай перавагі сілаў, Ягайла і Вітаўт у 1410 г. маглі правесці толькі частковую мабілізацыю, і яны сабралі для паходу толькі лепшыя сілы. Дыспануючы, на думку Г.Лаўмяньскага15, прыкладна такімі ж ваеннымі рэсурсамі, як Польскае Каралеўства, Вітаўт задзейнічаў у прускай кампаніі іх меншую частку — маштаб мабілізацыі ўзгадняўся з рэальнай неабходнасцю, а выведныя службы абодвух манархаў, трэба думаць, валодалі дастатковай інфармацыяй наконт арміі непрыяцеля. Выпраўленне большых чым патрэбна сілаў у далёкую дарогу было і нерацыянальным, і небяспечным. Да таго ж, пакінутае дома баярства пэўна мела заданнем звязваць сваёй актыўнасцю Інфлянцкі ордэн, каб не даваць яму магчымасці выслаць армію да Ульрыха фон Юнгінгена.

На падставе дадзеных Яна Длугаша пра колькасць харугваў гісторыкі вызначалі больш дакладныя памеры армій. Не пе­ралічваючы ўсіх, прывяду вынікі самых аўтарытэтных да­след­чыкаў. Так, згаданы вышэй М.Біскуп падае для польскай ар­міі 30 тыс. (што выглядае перабольшаннем), з якіх 16 тыс. кон­ніцы, тады як сілы Вітаўта ацэньвае на 11 тыс. коннікаў16. Больш рэалістычным і ўзважаным, хоць не бездакорным уяў­ля­ецца падыход А.Надольскага, які прапанаваў лічыць, што вой­ска Вялікага Княства магло налічваць 10 тыс. — палову ад коль­касці польскай арміі (20 тыс.), і разам з тым „палову агуль­нага мабілізацыйнага патэнцыялу Літвы, акрэсленага по­пісам 1528 г.“17 Тое, што Вітаўт прывёў у Прусію меншую ар­­мію, чым Ягайла, не выклікае сумненняў, але ў супастаў­лен­­ні яе памераў з дадзенымі 1528 г. наўрад ці была неабходнасць.

Само па сабе выкарыстанне першага перапісу войска ВКЛ для вызначэння памераў арміі 1410 г. надзвычай праблематычнае. Як вядома, гэты перапіс быў няпоўны — ахапляў не ўсю тэрыторыю Вялікага Княства і не ўсе катэгорыі жыхароў (не пашыраўся, прыкладам, на панцырных і путных)18, а некаторыя з тых земляў, што выстаўлялі харугвы ў 1410 г., на час стварэння попісу былі ўжо ў складзе Маскоўскай дзяржавы (Смаленская і Чарнігава–Северская). За амаль 120 гадоў, цягам якіх тэрыторыя ВКЛ зменшылася на 1/3, і колькасць, і структура насельніцтва кожнай зямлі хутчэй за ўсё істотна змяніліся. Асабліва значнай магла быць розніца акурат на сумежных з Прусіяй абшарах Літвы і Жамойці, для развіцця якіх 1410 г. адкрыў сапраўды новую эпоху. Наогул, вызначаць дэмаграфічны патэнцыял дзяржавы на год славутай бітвы па звестках, створаных праз 5—6 пакаленняў, мякка кажучы, недастаткова карэктна. Здаецца, і сам А.Надольскі добра разумеў адноснасць прапанаванай ім вeлічыні, бо песімістычна заўважаў, што на цяперашнім узроўні даследаванняў дакладнае вызначэнне колькасці войскаў з абодвух бакоў проста немагчымае, таму ўсе меркаванні, якія выказваюцца цяпер па гэтым пытанні, застаюцца адно толькі больш ці менш абгрунтаванымі гіпотэзамі19.

Калі вызначэнне агульнай колькасці арміі звязана з такімі складанасцямі, то яшчэ менш падстаў дакладна вызначаць этнічны склад сілаў ВКЛ. З народаў арміі Вітаўта, сярод якіх польскі храніст адрозніваў „літоўцаў“, „русінаў“, „жамойтаў“ і „татараў“20, прасцей за ўсё гаварыць пра колькасць і ўдзельную вагу апошніх. Татары хана Джалаладдзіна, якія ўваходзілі ў армію Вітаўта, налічвалі, паводле Длугаша, адно 300 вершні­каў, аднак даследчыкі лічаць, што іх было не менш за 1 тыс.21 А вось наконт суадносін літоўцаў і русінаў у гістарыяграфіі даўно выказваюцца самыя розныя меркаванні. Некаторыя гісторыкі прымалі, што на полі пад Грунвальдам, магчыма, пераважалі русіны22, або што іх налічвалася ўдвая больш, чым літоўцаў23, іншыя ж дапускалі, што тых і другіх у Вітаўта было прыкладна пароўну24. Асобна вылучаецца пазіцыя Т.Васілеўскага, які палічыў магчымым сцвяр­джаць, што балты складалі 2/3 арміі ВКЛ25, але не падаў пераканаўчай аргументацыі.

На якіх падставах можна атрымаць уяўленні аб этнічных суадносінах у арміі Вітаўта? Відаць, толькі са сведчанняў Длугаша, выкарыстоўваючы якія, праўда, важна ўсведамляць іх ненадзейнасць. Як паказаў Свэн Экдаль, на падставе інфармацыі з Branderia Prutenorum і лік харугваў (г.зн. і падлікі колькасці войска), і прапорцыі відаў узбраення могуць быць непраўдзівымі26. Да асцярожнага абыходжання з Длугашавым апісаннем харугваў заклікалі і польскія гісторыкі27. Тым не менш, амаль усе разлікі і рэканструкцыі, датычныя арміі Ягайлы і Вітаўта, абапіраюцца на звесткі Длугаша, бо іншых проста не захавалася.

З усіх 40 харугваў ВКЛ польскі храніст назваў 21: „троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская. Іншыя насілі назвы ад асобаў літоўскіх князёў, якім Вітаўт даручыў іх кіраванне, менавіта Жыгімонта Карыбутавіча, Сямёна Лугвена, Юрыя“28. Такім чынам, па назвах нам вядомая толькі палова фармаванняў, прычым 18 з пералічаных харугваў — земскія. З апошніх 8 супадаюць з пазнейшымі ваяводствамі (віленскае, троцкае, смаленскае, полацкае, віцебскае, наваградскае, берасцейскае і кіеўскае), астатнія 10 адпавядаюць землям ці паветам29. Большасць харугваў ВКЛ (30 з 40), паводле Длугаша, мела на штан­­дарах герб „Пагоню“30, што непраўдападобна, і толькі на 10 былі „калюмны“ („Слупы Гедыміна“), г.зн. яны з’яўляліся надворнымі харугвамі вялікага князя.

Тут варта адразу закрыць пытанне наконт меркаванага ўдзелу ў бітве „рускай“ харугвы з Ноўгарада Вялікага. Хоць у Длугаша нічога падобнага не згадваецца, у гістарычнай літаратуры даўно пашырылася меркаванне, што ў бітве з Ордэнам браў удзел і „отряд новгородцев под руководством Лугвеня“31. На павер яно аказваецца зусім недаказаным. Усе развагі пра ноўгарадцаў абапіраюцца толькі на адну канкрэтную згадку ў ніжненямецкай хроніцы, створанай па чутках пасля бітвы, якая за­фіксавала фантастычныя ўяўленні пра яе ўдзельнікаў: „кароль Ноўгарада“, які быццам „прыйшоў з русінамі“, названы тут разам з царом татараў, мільёнамі сарацэнаў, турак, пер­саў і г.д.32 Гэтую неверагодную інфармацыю немагчыма ўспрымаць як вартае ўвагі сведчанне, што даказвала б пры­сут­насць наўгародцаў на полі бітвы. У пачатку ХV ст. Ноўгарад Вялікі традыцыйна ўхіляўся ад адкрытай вайны з Ордэнам, аберагаючы сваю самастойнасць палітыкай нейтралітэту33. Калі ж дапускаць, што за пералічанымі ў хроніцы правадырамі ўсё ж хаваліся рэальныя постаці, то не выключана, што „каралём Ноўгарада“ мог быць названы князь Ноўгарада–Северскага — зямлі, якая ў 1410 г. выставіла сваю харугву34. Што да князя Сымона Лугвена Альгердавіча як камандзіра ноўгарадцаў, то ён узначальваў пад час бітвы смаленскія харугвы. А згаданы Длугашам князь Юры, якому Вітаўт таксама даручыў кіраванне часткай харугваў, не мог быць Лугвенавічам, бо сын Сымона Лугвена меў тады якіх–небудзь 10 ці крыху больш гадоў.

Паколькі большасць харугваў арміі ВКЛ фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе35, а насельніцтва многіх рэгіёнаў было, як правіла, поліэтнічным, то іх этнічная ідэнтыфікацыя можа быць вельмі прыблізнай. Напрыклад, на Падляшшы русіны сутыкаліся з палякамі, а ў Панямонні і Павіллі — з літоўцамі. Падобная сітуацыя склалася на ўкраінска–польскім і польска–прускім памежжы. Урэшце, асобныя харугвы, як і ўсё войска, маглі быць і этнічна „пярэстымі“, бо этнічны фактар на той час яшчэ не вызначаў прыроду канфліктаў. Прыкладам, большасць рыцараў хелмінскай зямлі, якая ваявала пад штандарамі Ордэна, размаўляла па–польску36, а ў арміі Ягайлы, наадварот, былі і нямецкія рыцары37.

Не аддаючы належнага ўсёй складанасці разлікаў, Аляксандр Барбашоў у свой час даводзіў, што ў арміі Вітаўта з 40 харугваў ажно 36 былі „рускія“ (г.зн. беларускія і ўкраінскія), і толькі 4 — літоўскія і жамойцкія. Дадаўшы да іх яшчэ 7 „рускіх“ харугваў каралеўскай арміі (львоўскую, пярэмышльскую, холмскую, галіцкую і тры падольскіх), ён атрымліваў 43 харугвы русінаў — амаль столькі ж, колькі палякаў38. Да бліз­кіх разлікаў прыйшоў Дзмітры Даўгяла, які, праўда, называў літоўскімі не 4, а 5 з пералічаных Длугашам харугваў (вілен­скую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую)39. І хоць такі павярхоўны падыход быў слушна раскрытыкаваны С.Кучыньскім, у сучаснай айчыннай літаратуры да яго часам вяртаюцца40.

Між тым, з этнічнай ідэнтыфікацыяй некаторых вядомых па назве фармаванняў не ўсё так проста. Так, харугву Жыгімонта Карыбутавіча, хоць тая і на штандары мела „Пагоню“, і яе князь быў літоўскага паходжання, Длугаш пад нумарам 51 чамусьці змясціў у складзе польскай арміі. Праўдападобна, гэта было звязана з тым, што яна складалася з рыцарства валынскіх зямель, спрэчных паміж Літвой і Польшчай41. Малаверагодна, каб прычынай стала цалкам польскае рыцарства, навербаванае Карыбутам у сваю харугву, як гэта тлумачыў А.Надольскі42.

Доўгі час вялася вострая палеміка адносна прыналежнасці згаданай Длугашам медніцкай харугвы, і пытанне, думаю, засталося адкрытым. З моманту выхаду „Вялікай вайны“ С.Кучыньскага гэтая харугва залічвалася да палкоў Жамойцкай зямлі43. Магчыма, пад яго ўплывам да Жамойці аднеслі яе і аўтары крытычнага разбору хронікі Длугаша44. С.Кучыньскі сцвярджаў, што тыя Меднікі, якія пад Вільняй, „не могуць уваходзіць у разлік, паколькі не выконвалі палітычна–адміністрацыйнай ролі, тады як Меднікі—Ворні з 1417 г. былі сядзібай жамойцкага біскупа“, ды што Длугаш у сваёй хроніцы заўжды згадвае менавіта іх45. Больш за тое, спасылаючыся на пераказ ліста рагнецкага комтура ад 13 чэрвеня 1410 г.46, дзе гаворыцца, быццам Вітаўт загадаў жамойцкім землям падрыхтаваць для вайны па 300 узброеных людзей (Кучыньскі апублікаваў копію арыгінала, у якім сказана нават пра 400 чалавек), да­следчык настойваў, што 7 жамойцкіх паветаў сапраўды вы­ставілі 2800 коннікаў, якія і склалі медніцкую харугву47.

Меркаванне аўтарытэтнага грунвальдазнаўцы ў свой час востра крытыкаваў Ежы Ахманьскі, які адназначна звязаў медніцкую харугву 1410 г. з Меднікамі пад Вільняй і пад­крэсліў, што Жамойць ніколі не дзялілася на 7 паветаў48. У адказ на крытыку С.Кучыньскі выступіў з глыбокім абгрунтаваннем сваёй пазіцыі49, аднак яго аргументацыя не паўсюль пераканаўчая. У прыватнасці, прывёўшы шэраг згадак, мястэчка Меднікі ў хроніцы Длугаша, ён зноў заявіў, што ва ўсіх іх гаворыцца пра пазнейшыя Ворні (Меднікі жамойцкія), між тым гэта не зусім так. Напрыклад, апісваючы паход маршала Генрыха на ВКЛ пад 1312 г., Ян Длугаш паведамляе, што рыцары рушылі на „Myedniky, Cruwiczin, Trziwiczany50. На думку С.Кучыньскага, храніст і тут мае на ўвазе Меднікі жамойцкія51, аднак гэта непраўдападобна, бо ў Жамойці „Крывічан“ не выяўлена52. Затое Пётр з Дусбурга пісаў пра „terra Crivicie“ у Беларускім Панямонні, на Наваградчыне53. Услед за ім „Kriwitzin“, „Kriwi­tzenland“ на Наваградчыне змясціў Мікалай з Ярошына54. Вядома, што Длугаш шырока выкарыстоўваў гэтыя нямецкія хронікі, з іх у польскага аналіста і з’явіліся „Крывічаны“. Няма сумнення, што ў гэтым выпадку Длугаш мае на ўвазе Меднікі ў Павіллі, а не ў Жамойці. Пра тыя ж віленскія Меднікі неаднаразова пісалася раней у „Літоўскім апісанні шляхоў“, створаным у канцы ХIV ст. (маршрут 72, 81, 97 і інш.)55. Менавіта яны з’яўляліся аб’ектам нападаў ордэнскіх кантынгентаў і на пачатку ХV ст.56. Таму наўрад ці можна сцвярджаць, быццам на момант генеральнай бітвы гэтыя Меднікі былі настолькі нязначнымі, што не маглі выставіць харугвы. Тым больш, што да цэнтральнай харугвы маглі далучацца іншыя суседнія, меншыя двары. Паводле перапісу 1528 г. Меднікі з–пад Вільні мусілі выставіць 138 коней57. Значыць, Длугашава медніцкая харугва магла выстаўляцца не з Жамойці, а з павілейскіх абшараў, на той час моцна каланізаваных славянамі. У такім выпадку і яе прынамсі напалову мусілі складаць русіны.

Калі прыняць версію С.Кучыньскага і паверыць, быццам адна Жамойцкая зямля выстаўляла амаль 3–тысячнае войска (2800 коннікаў), прычым, гэта былі 7 харугваў, якія называлі­ся адной, „медніцкай“58, то трэба дапускаць, што і іншыя земскія харугвы маглі налічваць прынамсі па 1—2 тыс. У вы­ні­ку агульная колькасць арміі Вітаўта дасягне неверагодных памераў, што само па сабе абвяргае сцвярджэнне С.Кучынь­скага. Пагадзіцца з ім немагчыма і з іншых меркаванняў. Жамойць толькі–толькі выйшла з–пад улады Ордэна, перажыўшы антынямецкія паўстанні і вайну 1409 г., да таго ж значныя сілы яна мусіла пакідаць дома на выпадак уварвання прускіх або інфлянцкіх кантынгентаў. Цяжка ўявіць, каб гэтая зямля без неабходнасці пайшла на максімальныя мабілізацыйныя высілкі, ставячы сябе пры гэтым у небяспечнае становішча. З іншага боку, ваенныя рэсурсы небалцкай часткі ВКЛ некаторымі гісторыкамі, здаецца, безпадстаўна заніжаюцца59. Ядро арміі Вітаўта ўтварала коннае паспалітае рушанне шляхты і баяраў, а таксама — хоць у меншай ступені — фармаванні, выстаўленыя ад мяшчанства60. Калі ўлічваць, што ў 1410 г. было мабілізаванае і путнае, дробнае баярства, вельмі шмат­лі­кае акурат на ўсходніх абшарах ВКЛ61, то правамерна меркаваць, што за кошт іх, а таксама фармаванняў ад гарадоў землі Беларусі маглі выставіць дастатковую колькасць харугваў, і не менш укамплектаваных, чым этнічная Літва або маленькая і аслабленая Жамойць.

Такім чынам, пры пэўнай спрошчанасці можна меркаваць, што з русінаў (беларусаў) былі сфармаваныя такія харугвы, як гарадзенская, лідская, смаленскія (тры), полацкая, віцебская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, а ў медніцкай (калі прымем яе за павілейскую), віленскай і нават троцкай яны маглі складаць значную частку коннікаў. У фармаваннях з Падляшша (драгічынскім, мельніцкім і крамянецкім) іх доля магла быць яшчэ большай. Да пералічаных трэба дадаць 3 харугвы з Украіны — кіеўскую, старадубскую і валынскую (Жыгімонта Карыбутаві­ча). Невядома, дзе фармаваліся астатнія харугвы, але нават калі б яны паходзілі з этнічнай Літвы, то русінаў усё адно было б у арміі Вітаўта не менш за палову. Між тым, сярод неназваных Длугашам харугваў хутчэй за ўсё былі яшчэ кантынгенты з некаторых іншых зямель Беларусі — Менскай, Слуцкай, Тураўскай і інш. З улікам 7 харугваў з Русі кароннай, хоць яны фармаваліся і з удзелам польскага элементa, русіны сапраўды ўяўлялі ў арміі саюзнікаў вялікую сілу, магчыма — другую пасля палякаў. У гэтай сувязі была б несправядлівай неда­ацэнка іх удзелу ў бітве, падобна як неапраўданым з’яўляецца прысваенне ім галоўнай заслугі ў перамозе62.

 

1 Nowak–Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Śred­nio­wiecze. Warszawa, 1963. S. 51f.

2 У гэтым плане з расійскага боку паказальнымі можна лічыць публікацыі П.Гейсмана і А.Барбашова, якія востра палемізавалі з польскай традыцыяй Грунвальда, а з польскага — Ф. Канечнага і Л.Кочы, які, прыкладам, і ў паваенным часе сцвярджаў, што „бітва пад Грунвальдам была бітвай польскай, а не славянскай“ (гл. Koczy L. Grunwald. Dzień chwały polskiego oręża. Glasgow, 1966. S.27).

3 Пра падобныя з’явы ў айчыннай літаратуры гл.: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // БГА. Т. 9 (2002). Сш. 16—17. С. 155—165.

4 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S. 106.

5 Ładogórski T. Studia nad zaludnieniem Polski XIV w. Wrocław, 1958. S. 168f.

6 Dziewulski W. Nowa praca o zaludnieniu ziem polskich XIV w. // ZH. T. 27 (1962); Buczek K. Rachunki świętopietrza jako podstawa badań nad zaludnieniem Polski XIV w. // Mediaevalia. W 50–rocznicę pracy nau­kowej Jana Dąbrowskiego. Warszawa, 1960. S. 7—102.

7 Kuhn W. Ostsiedlung und Bevölkerungsgeschichte // Ostdeutsche Wis­sen­­schaft. Jahrbuch des Ostdeutschen Kulturrates. T. VII (1960). S. 31—68.

8 Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 173; Idem. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim 1308—1521. Gdańsk, 1993. S. 54—55.

9 Łowmiański H. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. S. 32—33.

10 Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim w latach 1409—1411 (Warszawa, 1955) // KH. R. 62 (1955). Nr. 4—5. S. 226.

11 Нават калі прыняць 700 тыс., вызначаныя калісь для Прусіі пачатку ХV ст. нямецкім гісторыкам Л.Вэбэрам (гл.: Weber L. Preussen von 500 Jah­ren in kulturhistorischer, statistischer und militдrischer Beziehung. Dan­zig, 1878. S. 123—126), дыспрапорцыя застанецца амаль той самай.

12 У польскай літаратуры прадмета канстатуецца, што на мяжы ХIV—ХV ст. менавіта дзякуючы ўзрастанню ваеннага патэнцыялу Польскага Каралеўства з’явілася магчымасць вярнуць забранае Ордэнам Памор’е (гл.: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 79).

13 Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 10. Тое ж у беларускай гістарыяграфіі гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV — першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мінск, 1995. С. 39; Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С. 14, 21; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С. 118.

14 Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżac­kim. S. 224.

15 Ibidem. S. 226.

16Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 89—90.

17 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 113.

18 Пра перапіс як крыніцу для вызначэння колькасці насельніцтва гл.: Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zalud­nienie w roku 1528. Poznań, 1998; Idem. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Wilno, 1934. Сучаснае выданне помніка нядаўна пабачыла свет у Мінску: Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Падрыхтавалі А.Груша, М.Спірыдонаў, М.Вайтовіч. Мінск, 2003.

19 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 115.

20 Długosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107, 124 і інш.

21 Гл.: Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 59.

22 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 81.

23 Dąbrowski J. Grunwald // MSH. 1960. Z. 1/2. S. 9; Biskup M. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409—1411) w świetle najnowszych badań // Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. Toruń, 1990. S. 174.

24 Kuczyński S. М. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 243. Палемізуючы з Барбашовым, аўтар даводзіў, што ўдзел русінаў быў „не меншы, чым літоўцаў“. Гл. таксама: Nowak T. M. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego. S. 87.

25 Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529 // Studia Grunwaldzkie. T. 1. Olsztyn, 1991. S. 55.

26 Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg. Göttingen, 1976. S. 156.

27 Гл.: Łojko J. Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. T. III. Poznań, 1989. S. 145—152.

28 Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 10—108.

29 Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T.1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław etc., 1961. S. 106.

30 Dlugosz J. Roczniki… Ks. 10—11. S. 107.

31 Барбашев А. Витовт, последние двадцать лет княжения: 1410—1430. С.–Петербург, 1891. С. 59, спас. 45. У пазнейшай літаратуры іх удзел стаў падавацца як бясспрэчны факт. Гл., напр.: Бернадский В. Новгород и Новгородская земля в ХV веке. Москва — Ленинград, 1961. С. 209.

32 „…konnigk von Neugarde mit den Russen“ (SRP. Bd. 3. S. 405).

33 Казакова Н. Русско–ливонские и русско–ганзейские отношения. Конец ХIV — начало ХVI в. Ленинград, 1975. С. 46.

34 На малаверагоднасць прысутнасці наўгародцаў у арміі ВКЛ першым звярнуў увагу П. Остэн–Закен. Гл.: Osten–Sacken P. Livländisch—Russische Beziehungen während der Regierungszeit des Grossfürsten Witowt von Litauen (1392—1420) // MLG. Bd. 20 (1908). S. 233.

35 Родавых харугваў, відаць, як і ў польскай арміі, у Вітаўта былі адзінкі. Гл.: Mosingiewicz K. Chorągwie rodowe i ich dowodcy w bitwie pod Grunwaldem // Ordines militares. II. Toruń, 1984. S. 107—125.

36 Urban W. Tannenberg and after. P. 168, footnote 65.

37etliche Deutsche“ (SRP. Bd. 3. S. 628).

38 Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. Ч. CCLIV. 1887. ЧШ. С.171—172; ён жа. Витовт, последние двадцать лет княжения... С. 58—59, 60—61. Такую выснову аўтар рабіў на падставе „пералічэння харугваў Длугашам“, але, нагадаю, у Длугаша названа толькі 21 харугва ВКЛ.

39 Довгяло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. (К 500–летнему юбилею). Вильна, 1909. С. 21.

40 Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн. 2. Гродна, 1990. С. 173.

41 Semkowicz W. O ustroju chorągiewnym w bitwie pod Grunwaldem // Miesięcznik heraldyczny. R. 3. Lwów, 1910. S. 95.

42 Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 64.  

43 Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409—1411. Warszawa, 1955. S. 396.

44 Rozbiór krytyczny Annalium Poloniae Jana Długosza z lat 1385—1444. T. 1. Oprac. Gawęda S., Pieradzka K., Radziszewska J., Stachowska K. Wrocław, 1961. S. 106.

45 Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240, спас. 396.

46 Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376—1430. Wyd. A.Prochaska. Cracoviae, 1882. №444. S. 209.

47 Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240; Idem. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Słowiańszczyzna — Polska. Poznań, 1970. S. 442.

48 Ochmański J. Rec.: Spieralski Z. W sprawie rejestru popisowego z czasów Wielkiej wojny z Zakonem Krzyżackim, in: SMHW. T. 5 (1960) // Studia Źródłoznawcze. T. 7. Poznań, 1962. S. 185. Гэтую пазіцыю С.Кучынь­скага слушна крытыкаваў і нямецкі гісторык Готхалд Родэ. Гл.: Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyński) // ZfO. Jg. 22 (1973). Hf. 3. S. 475—486.

49 Kuczyński S. M. Charągiew Miednicka Długosza // Europa — Sło­wiań­szczyzna — Polska. Poznań, 1970. Тое ж, in: Idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 177—191.

50 Długosz J. Roczniki… Ks. 9. Warszawa, 1975. S. 105.

51 Kuczyński S. Charągiew Miednicka Długosza // idem. Spór o Grunwald. Warszawa, 1972. S. 181.

52 Няма іх і на карце Жамойці і Медніцкай зямлі, створанай самім С.Кучыньскім (Гл.: Kuczyński S. М. Charągiew Miednicka Długosza. S. 188—189).

53 Petri de Dusburg. Chronica terre Prussie // SRP. Bd.1. Leipzig, 1861. №322. Падобную згадку „Крывічан“ утрымлівае і эпітома самбійскага каноніка, аднак, магчыма, яна не самастойная: не выключана, што храніст Пётр з Дусбурга і аўтар эпітомы былі адной асобай. Гл.: Wenta J. Kronika Piotra z Dusburga. Szkice źródłoznawcze. Toruń, 2003. S. 96—97.

54 Nikolaus von Jeroschin. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd. 1. Leipzig, 1861. S. 584—585.

55 Die littauischen Wegeberichte // SRР. Leipzig, 1863. S. 696, 700, 707.

56 Prochaska A. Dzieje Witolda w. księcia Litwy. Wilno, 1914. S. 103.

57 Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Мінск, 2003. С. 60—61.

58 Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim. S. 240.

59 Wasilewski T. Uwagi o liczebności, składzie etnicznym i uzbrojeniu litewskiego pospolitego ruszenia konnego w latach 1410—1529. S. 54—55.

60 Прысутнасць сялян, пра якіх пісаў С.Кучыньскі, нічым верагодным не пацвярджаецца, і яны наўрад ці ўдзельнічалі ў паходзе.

61 Łowmiański H. Rec.: Kuczyński S. M. Wielka wojna z Zakonem Krzy­żackim. S. 227.

62 Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С. 237, 239.

 

змест