НОСОВ, БОРИС В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. Москва: Индрик, 2004. 728 с.

Назва кнігі досыць трапна перадае яе змест. Аўтар — намеснік дырэктара Інстытута Славяназнаўства Расійскай акадэміі навук — паставіў на мэце спецыяльна даследаваць галоўныя этапы палітыкі Расіі ў Рэчы Паспалітай з пачатку Сямі­гадовай вайны да атрымання ёю на сойме 1767—1768 г. ролі гаранта польской канстытуцыі. Праца падзелена на дзве часткі (мяжой якіх з’яўляецца сойм 1766 г., калі Расіі не ўдалося адразу рэалізаваць свае планы) і 16 раздзелаў (глаў).

У манаграфіі адсутнічаюць прынятыя ў такіх выпадках гістарыяграфічны агляд і заключэнне. Таму чытач вымушаны самастойна рабіць абагульненні паводле вывадаў і назіранняў, раскіданых аўтарам па асобных раздзелах працы. Носаў адразу адзначыў дастатковую распрацаванасць пытання пра заняпад Рэчы Паспалітай у еўрапейскай літаратуры і заявіў, што збіраецца разгледзець увесь спектр польска–расійскіх ад­но­сін 1756—1768 г. для таго, каб усяго толькі „уточнить, а не­ред­ко и пересмотреть признанные концепции“ (9). Гэта ары­ен­туе яго працу на адукаванага чытача, які знаёмы з адпаведнай гістарыяграфіяй і яе канцэпцыямі. Адну з такіх кан­цэпцый аўтар адразу назваў у выглядзе знакамітай анархіі як прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай і ўмяшальніцтва замежных дзяржаў. Носаў адносіць яе захаванне да адной з галоўных мэтаў расійскай палітыкі. Аднак наступны аналіз прыводзіць аўтара да высновы, што лейтматывам, стрыжнем гэтай палітыкі было імкненне Расіі атрымаць „политическое доминирование в Польше“, замяніць шматбаковы міжнародны пратэктарат у адносінах да Рэчы Паспалітай на „исключительно российский“ (168) або дабіцца „собственной гегемонии в Речи Посполитой“ (62, 291).

Для доказу гэтага Носаў прыцягнуў як апублікаваныя крыніцы, так і малавядомыя дакументы з архіваў Масквы, Варшавы, Берліна, а шэраг паказальных дыпламатычных актаў змясціў у дадатку. Сярод скарыстаных крыніц, тым не менш, пераважаюць матэрыялы з Архіва знешняй палітыкі Ра­сійскай імперыі, што робіць высновы аўтара дастаткова аб­грунтаванымі.

Агляд Носавым дзейнасці знешнепалітычнага ведамства Расіі ў Варшаве, Берліне і Вене падцвердзіў распаўсюджаныя ў папярэдняй гістарыяграфіі сцвярджэнні пра крызіс сістэмы міжнародных узаемаадносін, у рамках якой Расія дабілася сваіх знешнепалітычных прыярытэтаў дзякуючы звычайнаму патуральніцтву еўрапейскіх двароў. Носаў толькі падкрэслівае, што ранейшыя традыцыйныя гаранты Рэчы Паспалітай  Францыя і Аўстрыя  не „видели опасности в русской экспансии“ (171), а таму не імкнуліся супрацьстаяць усталяванню расійскага панавання ў рэспубліцы. Тым не менш, гаварыць пра поўную міжнародную ізаляцыю Рэчы Паспалітай не да­зваляюць тыя месцы ў манаграфіі, дзе аўтар піша пра апеляцыю самой Расіі да Англіі, Даніі, Швецыі ў падтрымку сваіх аднабаковых планаў.

Галоўным і самым актыўным партнёрам Расіі на яе шляху да гегемоніі ў Польшчы аказалася Прусія. Як вядома, яны разам пры ўзвядзенні на трон Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. сакрэтна дамовіліся не дапушчаць рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Сярод гэтых рэформ галоўным было пытанне пра замену адзінагалосся (liberum veto) на соймах і сойміках на галасаванне большасцю галасоў. Носаў адзначае, што „решение о недопустимости реформ государственного строя Польши было принято в Петербурге в самом начале бескоролевья независимо от мнения Фридриха II“ (130, 172—173), а потым „безоговорочно принято Пруссией“ (62). Тым самым Носаў абвяргае распаўсюджаны ў гістарычнай літаратуры пасля Ф. Мартэнса і С. Салаўёва тэзіс аб тым, што Расія дзейні­чала пад націскам Прусіі або што расійская манархіня Кацярына II механічна і паслухмяна рэалізоўвала чужую волю.

Сярод комплексу расійска–польскіх узаемадносін Носаў прасочвае рэалізацыю расійскай дыпламатыяй галоўных і другарадных задач. Пры ўзвядзенні на трон васальнага ад сябе караля (Станіслава Панятоўскага), лічыць даследчык, Расія не мела выразнай або цвёрдай праграмы, акрамя таго, што да сейма 1766 г. з дапамогай таго ж караля ёй удалося ўрэгуляваць „все второстепенные проблемы русско–польских отношений“ адносна мяжы, уцекачоў, мытных пошлін за транзітны гандаль (426). Таму дамаганне Расіяй у наступным праз Слуцкую, Торуньскую, Радамскую канфедэрацыі і надзвычайны сейм 1767—1768 г. уласнага пратэктарату над існуючым ладам Рэчы Паспалітай выглядае праявай узброенага дыктату або гвалту. Носаў выразна піша, што здабытае праз адзначаныя канфедэрацыі і сойм „господство России в Речи Посполитой основывалось исключительно на военной силе“ (177) або на „прямой военной интервенции“ (172). Тым не менш, пры гэтых сцвярджэннях аўтар адыходзіць ад сваіх жа ранейшых заяў аб тым, што на ўсім працягу разгляданага часу Расія прытрымлівалася стратэгічнай лініі  адзінаўладнага гаспадарання ў Польшчы ва ўмовах яе міжнароднай ізаляцыі.

Носаў не першы гісторык, які называе так званае дысі­дэнц­кае пытанне сродкам расійскай палітыкі, паколькі яно выконвала чыста інструментальную функцыю ў атрыманні „российской гарантии политической системы Речи Посполитой“ і „сохранении политической анархии в Польше“ (614—615). Гісторык лічыць, што Расія была ініцыятарам і сфармулявала дысідэнцкае пытанне таксама „без консультаций“ с Пруссией (330, 331, 335). Праўда, і на гэты раз аўтар не зусім узгадняе сваю пазіцыю з прыведзенымі ім жа сведчаннямі аб тым, што расійскія дыпламатыя „праціскала“ гэтае пытанне на сойме 1767—1768 г. разам з прускім, дацкім, англійскім і шведскім пасламі.

Пры разглядзе адносін Расіі са сваімі „акцёрамі“ ўнутры Рэчы Паспалітай Носаў займае невыразную пазіцыю са спасылкай на цякучасць і няўстойлівасць сваіх „партызанаў“ у пытаннях да намечаных каралём і яго акружэннем грамадскіх пераўтварэнняў. Як адзначае аўтар, галоўным сярод іх было знішчэнне „ліберум вета“ і ўвядзенне галасавання на соймах і сойміках большасцю галасоў. Гэта дазваляла пазбегнуць зрыву соймавых пасяджэнняў і стабілізаваць прававы працэс. Аднак, заўважае Носаў, гэтыя навацыі, хоць яны і мелі даўнюю традыцыю, выглядалі ініцыятывай караля з яго атачэннем (так званай Фаміліі), байкатаваліся расійскім бокам і не ўспрымаліся з боку шляхты.

Да прыкладу, даследчык сцвяр­джае, што напрыканцы сойму 1766 г. праціўнікі караля і Фаміліі мелі колькасную перавагу на выбарах дэлегатаў ад шляхты з–за папулярызацыі імі непахіснасці „ліберум вета“ сярод іншых старадаўніх шляхецкіх станавых прывілеяў. Таму робіцца незразумелым, чаму пры такім поспеху папулярныя лозунгі „не пользовались авторитетом“ сярод шляхты (133), або чаму, як піша Носаў, нават сама „идея реформ была чуждой для подавляющего большинства“ шляхты (177). З кантэксту аналізу атрымліваецца, што кароль і яго атачэнне ў сваім упартым жаданні рэфармаваць палітычны лад Рэчы Паспалітай займаліся палітычным самазабойствам, а Расія, якая падтрымала іх, тым самым наўмысна і свядома правакавала су­праць сябе пратэстныя настроі ў шляхецкай карпарацыі. Пры адказе на гэтае пытанне Носаў лічыць, што рэфарматарскія памкненні польскага двара атаясамліваліся шараговай шляхтай з расійскай палітыкай, якая была не толькі „враждебной коренным шляхетским интересам... но опасной и для Речи Посполитой“ у цэлым. Тым не менш Носаў называе парадоксам тое, што ад 40–х г. ХVIII ст. Расія падтрымлівала ў Рэчы Паспалітай кансерватыўныя ко­лы, якія „питали антироссийскую оппозицию“ (637). Уласна на гэтым метадалагічным назіранні і завяршаецца разгляданы твор.

Падобныя лагічныя недарэчнасці не могуць у цэлым за­пляміць выдатныя якасці навуковай працы Б. Носава. Варта падкрэсліць, што расійскі даследчык адкрыта выступае з палажэннямі, якія тут, у Беларусі не першы раз называюцца „ненавуковымі“, „русафобскімі“ або „знявагай Расіі“. Насычанасць кнігі малавядомымі звесткамі, лагічнасць кампазіцыйнай будовы, аргументаванасць пазіцыі аўтара робяць даследаванне Б. Носава дастаткова аб’ектыўным і важкім унёскам у разуменне абставін, прычын і перадумоў першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Мінск                                                               Яўген Анішчанка

 

 

змест