Biblia ruska, vyložena doktorom Franciskom Skorinoju (Prag, 1517—1519): Kommentare; Apostol (Wilna, 1525): Facsimile und Kommentar/ Herausgegeben von Hans Rothe und Friedrich Scholz. Paderborn etc.: Ferdinand Schöningh, 2002. 1048 s.

На Захадзе заўважна расце цікавасць да славянскіх народаў і іхнае гісторыі ды культуры. Сур’ёзныя заходнія навукоўцы бяруцца за вывучэнне спадчыны нашых народаў; паважныя выдавецтвы рыхтуюць грунтоўныя выданні тэкстаў, належных да нашай гісторыі. У Амерыцы заўважнай праявай гэтае тэндэнцыі сталася шматтомавае гарвардскае выданне ўкраінскіх літаратурных помнікаў, добрая палова з якіх змяшчае творы, што з роўным правам належаць і Беларусі (напрыклад, Трэнас Мялета Сматрыцкага). У Еўропе падзеяй апошніх гадоў стала ажыццяўленне ў Нямеччыне комплекснай праграмы Biblia Slavica, у межах якой прадугледжвалася і факсімільнае ўзнаўленне беларускага (скарынаўскага) ды ўкраінскага (астрожскага) выданняў біблійных тэкстаў. Што праўда, ашчадныя немцы пасля выпуску пражскае Бібліі Францыска Скарыны „Беларускай энцыклапедыяй“ адмовіліся ад думкі перавыдаваць кнігі Старога Запавету і засяродзілі сваю ўвагу на віленскім Апостале, пры публікаванні дадаўшы да яго нарыхтаваныя раней матэрыялы. Такім шляхам і паўстаў рэцэнзаваны том. Ён вылучаецца сапраўды нямецкай дбайнасцю і грунтоўнасцю падрыхтоўкі. Уражваюць больш за 1000 старонак тэксту, шмат ілюстрацыяў ды факсімільнае ўзнаўленне! Кніга абцягнута вішнёвага колеру каленкорам і мае залатое цісненне на спінцы: „Biblia Slavica. III–1. Skorina. Kommentare. Apostolos 1525“. Могуць крыху бянтэжыць лічбы „III–1“, але калі адгорнеш тытул, то бачыш, што значаць яны не „том трэці, частка першая“, як падумалася, а тое, што і мае быць: „1–ы том III серыі“. Сeрыя III — гэта „Ostslavische Bibeln“.

За тытульным аркушам выдання ідзе спіс зместу. Транслітарацыя на лацінку зроблена не з рускай мовы, што часта практыкуецца, а з беларускай (да слова, расійскія адпаведнікі аўтарскіх прозвішчаў дадзены ў дужках, што вельмі зручна для замежнага чытача, далёка не заўсёды абазнанага ў адрозненнях нашых моў). Можна, праўда, засумнявацца ў правільнасці транслітарацыі прозвішча Г.Я.Галенчанкі: у кнізе Halenčenko, хоць больш слушна перадаваць Halenčanka. Зрэшты, гэта тут адзінкавы выпадак.

Адкрывае том прадмова–вітанне Адама Мальдзіса (па–беларуску і па–нямецку), у якой аўтар заслужана высока ацэньвае значнасць гэтага выдання. Далей ідуць артыкулы вядомых даследчыкаў розных галін гісторыі і культуры, якія падсумоўваюць дасягненні ў адпаведных галінах скарыназнаўства: А.МакМілін даследуе постаць Скарыны–літаратара як прадстаўніка эпохі Рэнесансу; У.Конан засяроджваецца на жыццёвым шляху першадрукара; Г.Галенчанка разглядае скарынаўскія выданні з кнігазнаўчага пункту гледжання; У.Свяжынскі і А.Жураўскі прысвяцілі свае артыкулы мове Ска­рынавага тэксту ды перакладам, на якія асветнік абапіраўся; І.Саверчанка звяртае ўвагу на тэалагічныя аспекты Скарынавае працы і, урэшце, В.Шматаў вывучае мастацкае аздабленне скарынаўскае Бібліі. Хоць з пэўнымі сцвярджэннямі некаторых аўтараў можна дыскутаваць, аднак, несумненна, выкладзены ў выданні корпус тэкстаў уяўляе з сябе кампендыум даробку сучаснага скарыназнаўства. Але нават не ў публікацыях даследчыкаў неацэннае значэнне выдання. Насамрэч, самым важным з’яўляецца публікацыя факсімільнага ўзнаўлення скарынаўскага Апостала, якая дае магчымасць даследаваць набор і тэкст гэтага вельмі рэдкага на сёння выдання (у свеце засталося не больш за дзесятак паасобнікаў гэтага па­леа­тыпа, і з іх ніводнага няма ў Беларусі!).

Факсіміле зроблена фотаспосабам. Выдаўцы відавочна імкнуліся да уніфікацыі выявы, каб яна нe несла ніякіх пабочных адзнакаў і прыкмет канкрэтнага паасобніка. Пазіцыя, вартая разумення і пашаны, хоць, на маю думку, наяўнасць падкрэсленняў у тэксце ды чытацкіх глосаў з’яўляецца акурат перавагай беларускага выдання скарынаўскай Бібліі. Да таго ж, і якасць выявы ў выданні БелСЭ несумненна лепшая. Імкненне выдаўцоў Апостала да уніфікацыі прывяло да пэўнай „размазанасці“ шрыфту: абрысы літараў зрабіліся невыразнымі ды расплывістымі. Думаецца, што перавыданне Апостала толькі б выйграла, калі б пры ягонай падрыхтоўцы былі выкарыстаныя тыя ж канцэпцыя і тэхналогія ўзнаўлення, якія ў свой час абрала БелСЭ. Тым не менш, мушу зазначыць, што гэты недахоп зусім малазначны ў параўнанні з тымі магчымасцямі, якія публікацыя факсіміле Апостала ад­крывае перад даследчыкамі розных краін, а перадусім Беларусі,  з увагі на тое, што цяпер толькі рэдкая айчынная ўстанова зможа (і згодзіцца) аплаціць далёкую замежную камандзіроўку для навукоўца. Можна быць перакананым, што гэтае вы­данне спрычыніцца да ўздыму даследаванняў Скарыніяны і прывядзе да новых знаходак і адкрыццяў.

Факсіміле суправаждаецца вялікім, дбайна падрыхтаваным аналітычным тэкстам аднаго з выдаўцоў  знанага нямецкага славіста праф. Ганса Ротэ. У ім нямецкі навуковец, даследуючы лексіку скарынаўскага перакладу і прыводзячы моўныя паралелі, паказвае, да якіх тэкстаў асветнік звяртаўся пры працы над Апосталам. Асобна варта адзначыць агромністую гістарыяграфічную працу, якая была здзейснена прафесарам пад час даследаванняў і падрыхтоўкі скарынаўскага тэксту да друку.

На заканчэнне яшчэ раз хацелася б падкрэсліць, што ажыццёўленае ў межах праграмы Biblia Slavica выданне Апостала з’явілася значным дасягненнем як з навуковага, гэтак і з агульнакультурнага гледзішча. Цяпер не толькі выдадзены Скарынам біблійны тэкст зрабіўся даступным для даследчыкаў усяго свету, але, што не менш важна, стала больш даступнай і адкрытай для заходняга чалавека і беларуская культура. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак…

Мінск                                                               Юрась Лаўрык

 

змест