Каталіцкія парафіі слонімскага
дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.
Вайда Камунтавічэне
У XVII ст. каталіцкі касцёл на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага перажываў перыяд росквіту. За час Рэфармацыі ён дабіўся перамогі над пратэстанцкімі плынямі, а пасля Берасцейскай уніі з праваслаўнай царквой разгарнуў актыўную дзейнасць на землях цяперашняй Беларусі. Захады па ўкараненні каталіцкага касцёла ў Вялікім Княстве, яго адносіны з тутэйшымі жыхарамі мала даследаваны ў гістарыяграфіі. Пры комплексным вывучэнні гісторыі каталіцтва ў ВКЛ неабходна перадусім прааналізаваць стан касцельных парафій. У працах, прысвечаных касцёлу ў Княстве, амаль не асвятляецца яго дзейнасць на землях сучаснай Беларусі ў XVII ст. Нядаўна выдадзены беларускі энцыклапедычны даведнік, прысвечаны каталіцкім храмам1, пакідае непатлумачаным шэраг пытанняў аб стварэнні касцёлаў ды іх развіцці на беларускіх землях.
За мэту гэтага даследавання ўзяты мікрагістарычны аналіз слонімскага дэканата віленскага каталіцкага біскупства. У якасці галоўнай крыніцы выкарыстаны акты інспектаванняў каталіцкіх касцёлаў слонімскага дэканата ад 1633, 1653, 1668 г., што захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта2. Апрача інспекцыйных актаў, скарыстаны інвентарныя спісы асобных касцёлаў слонімскага дэканата XVII––XVIII ст. Задачамі аўтара было паказаць становішча каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце (акцэнт рабіўся на падтрымку насельніцтвам каталіцкіх парафій і іх грамадскі ўплыў); асвятліць развіццё брацтваў, лякарняў і школ; ахарактарызаваць жыхароў дэканата і каталіцкай касцельнай эліты.
Спіс касцёлаў слонімскага дэканата на працягу XVII ст. мяняўся: пад час асобных інспекцый яны залічваліся то да аднаго, то да другога дэканата. У дадзенай працы вядзецца пра касцёлы, аднесеныя да слонімскага дэканата біскупскім сінодам, зладжаным біскупам Аляксандрам Сапегам у 1669 г. Паводле гэтага спіса, да слонімскага дэканата належалі чатырнаццаць парафій: Слонім, Дарава, Палонка, Мыш, Ляхавічы, Сталовічы, Задзвея, Гарадзішча, Ельня, Усялюб, Дзятлава, Дварэц, Раготна, Моўчадзь3.
Пры даследаванні гісторыі парафій слонімскага дэканата прыдаліся прысвечаныя віленскаму біскупству працы Яна Курчэўскага і Ежы Ахманьскага4, карысныя ў вызначэнні этапаў і адметнасцяў уваходу каталіцкага касцёла да названага рэгіёну, а таксама праца Міндаўгаса Пакніса, у якой вядзецца пра касцельных мецэнатаў на землях ВКЛ у XVII ст.5 Стаўленне каталіцкага касцёла да Рэфармацыі тлумачаць даследаванні Інгі Лукшайтэ6, пра палітычную сітуацыю можна атрымаць уяўленне з працаў Генадзя Сагановіча7.
Інспекцыйныя акты з’яўляюцца незаменнай крыніцай даследавання касцельнай гісторыі, аднак іх не стае, каб вызначыць даты заснавання каталіцкіх храмаў: пробашчы, за адсутнасцю фундацыйных дакументаў, часцяком не помнілі ці памылкова пазначалі дату закладкі касцёла і фундатараў, якія ініцыявалі яго будову ды забяспечвалі землямі ці іншымі, неабходнымі для ўтрымання парафіі, прыбыткамі. Даты заснавання спраўджваліся намі па працах Е. Ахманьскага, Я. Курчэўскага, М. Пакніса — тым не менш, наспявае патрэба адшукаць самі фундацыйныя дакументы, каб дакладней вызначыць прыведзеныя даты.
Узнікненне
парафій слонімскага дэканата
У другой палове XV ст., з ініцыятывы Казіміра Ягайлавіча і шляхты ВКЛ, пачалі засноўвацца каталіцкія парафіі ў наваколлі Слоніма. Да 1492 г. вялікі князь заснаваў касцёлы ў Слоніме (у 1493 г. быў асвечаны драўляны храм), Дзятлаве ды Моўчадзі8.
У XV ст., а таксама ў першай палове XVI ст., шляхта заснавала восем каталіцкіх касцёлаў. У 1437 г. быў закладзены касцёл у Палонцы9: у актах інспекцыі ад 1653 г. сцвярджаецца, што яго заснаваў шляхціч Рачко (Raczko)10 у часы вялікага князя Аляксандра. У 1466 г. быў закладзены касцёл у Раготне11, спустошаны набегам татараў; 27 кастрычніка 1551 г. яго дзейнасць была адноўлена пробашчам Мацеем Жміеўскім ды віленскім біскупам Паўлам Альшанскім12. Касцёл ва Ўсялюбе заснавалі Мікалай Неміровіч і полацкі ваявода Станіслаў Давойна13. 28 кастрычніка 1494 г. Нікастратам Валадковічам быў заснаваны першы драўляны касцёл у Гарадзішчы, дзейнасць якога перапыніў татарскі набег14. Прыблізна ў 1460 г. паўстаў касцёл у Ельні, заснаваны віленскім ваяводам і канцлерам ВКЛ Міхалам Кязгайлавічам. У 1516 г. Мікалай Кязгайлавіч перадаў касцёлу зямельныя ўладанні15. Тым жа актам быў створаны і забяспечаны касцёл у Дварцы, прызначаны філіяй касцёла ў Ельні16. Паводле Е.Ахманьскага, касцёл у Дараве закладзены ды забяспечаны начыннем (убраннем) у 1540 г.17. У актах інспектавання сцвярджаецца, што ў 1510 г. яго фундаваў Марцін Пянтковіч з жонкай Аленай Алехаўнай18. Касцёл у Ляхавічах, згодна з Е.Ахманьскім, заклалі каля 1552 — 53 г.19, а паводле іншых звестак, ён паўстаў у 1535 г. стараннямі А.М.Гаштаўта і напрыканцы XVI ст. згарэў20.
Тры наступныя касцёлы закладзены ў першай палове XVII ст. Наваградскі харужы Юры Галаўня, разам з жонкай Рэгінай Кавачынскай–Галаўнёй, заснаваў касцёл у Задзвеі. Драўляны храм быў збудаваны прыблізна ў 1610 г. і надзелены зямельнымі ўладаннямі 9 жніўня 1617 г.21. У 1600 г. троцкі ваявода Аляксандар Хадкевіч заклаў у Мышы драўляны касцёл22. 7 студзеня 1624 г. на ўтрыманне касцёла пробашчу былі перададзены зямельныя надзелы23. Каля 1632 г. князь Алыкі і Нясвіжа, кавалер мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл збудаваў драўляны касцёл у Сталовічах24. Прыблізна ў 1638 г. побач з касцёлам была закладзена латэранская капліца Святой Панны Марыі25.
5 студзеня 1632 г., пастановай віленскага біскупа, парафіяльныя правы атрымаў драўляны касцёл у Дварцы, адбудаваны мінскім старастам Крыштапам Завішам26.
Такім чынам, падмурак слонімскага дэканата закладзены ў XV ст., калі было заснавана восем парафіяльных касцёлаў. У XVI ст., у выніку рэфармацыйных уплываў, працэс распаўсюду каталіцкага касцёла запаволіўся — былі закладзены толькі два касцёлы і адна філія. У першай палове XVII ст. распачалі дзейнасць яшчэ тры парафіяльныя касцёлы, ды філія ў Дварцы здабыла правы самастойнай парафіі.
Развіццё
парафій у першай палове XVII ст.
На мяжы XVI і XVII ст. працэс Рэфармацыі запаволіўся, пачалася рэформа каталіцкага касцёла, узнялася цікавасць да стану каталіцкіх парафій. Аднаўленне старых і з’яўленне новых фундацый істотна паспрыяла дзейнасці касцёлаў. Названыя працэсы не прамінулі і слонімскі дэканат.
Віленскі ваявода Леў Сапега апекаваўся парафіяльнымі касцёламі ў Слоніме і Дзятлаве. Ён збудаваў ды забяспечыў сродкамі парафіяльны касцёл св. Андрэя ў Слоніме, заснаванне якога 15 сакавіка 1595 г. абвясціў Жыгімонт Ваза. Аднак, прыблізна ў 1650 г., калі ў Слонім пераехалі аўгустынцы, мураваны храм быў перададзены ім, насуперак пратэстам пробашча Казіміра Паца. На патрэбы парафіі быў пакінуты драўляны касцёл27. У 1646 г. у Дзятлаве падканцлер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, спадчыннік маёнткаў канцлера Льва Сапегі, збудаваў мураваны касцёл28.
Іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага Княства таксама апекаваліся каталіцкімі храмамі, дбалі пра паляпшэнне іх фінансавага становішча. На мяжы XVI—XVII ст. Ян Караль Хадкевіч збудаваў новы касцёл у Ляхавічах, асвечаны ў 1600 г. віленскім біскупам Бенедыктам Войнам29. 8 кастрычніка 1600 г. Барталамей Рэміюш (Рэмеш) заклаў касцёл у Раготне30. Драўляны храм у Палонцы ў 1623 г. адбудаваў наваградскі харужы, пазнейшы кашталян Ян Рудаміна Дусяцкі31. Прыблізна ў 1617 г. віленскі канонік Альберт Сялява ўзвёў касцёл у Дараве32.
Цяжка сказаць, колькі каталіцкіх храмаў у часы Рэфармацыі было пераведзена ў пратэстанцкія. Паводле І.Лукшайтэ, пад канец XVI ст. у Гарадзішчы дзейнічаў кальвінскі касцёл33. Пасля згасання Рэфармацыі ў Гарадзішчы паўстаў мураваны каталіцкі касцёл, заснаваны 20 мая 1632 г. наваградскім падстоліем Крыштапам Камінскім з жонкай Аленай Друцка–Горска–Камінскай (пазней Курчовай). К.Камінскі памёр перад завяршэннем будовы, аднак тастаментам прызначыў грошы на дабудову і загадаў заняцца гэтым жонцы ды сыну Яну Камінскаму. Волю памерлага здзейснілі: касцёл быў скончаны пад 1642 г.34
З актаў інспекцыі бачна, што касцёлы ў Дараве, Усялюбе, Раготне трапілі ў рукі „ерэтыкоў“. Каталіцкі касцёл у Дараве фармальна існаваў да 1633 г., аднак у вельмі занядбаным стане: толькі ў 1640 г., калі за справу ўзяўся пробашч, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, храм канчаткова забралі ў рэфарматаў, пабудавалі новы будынак35. Каталіцкі касцёл ва Ўсялюбе дзякуючы ўплывам Мікалая Радзівіла ў 1576—1642 г. функцыяваў як кальвінскі збор36. Пасля працяглых судовых працэсаў у наваградскіх земскіх судах, трыбуналах, а таксама пасля ўмяшання самога Лаўрэнція Мацарскага 16 чэрвеня 1642 г. касцёл быў вернуты каталікам.37. Храм у Раготне спагналі з рэфарматаў паміж 1634—1653 г., што адбылося спрыяннямі пробашча Ельні і Раготны Тамаша Пячкоўскага. У руках рэфарматаў ён знаходзіўся больш за дзесяць гадоў. Касцёл вярнулі запушчаным, ім заняўся маршалак ВКЛ Крыштап Завіша, які адпісаў храму 400 злотых ды зямельныя ўладанні з сялянамі38.
Дзейнасць занядбанага касцёла ў Ляхавічах узнавіў Лаўрэнці Мацарскі39. Як бачым, за той час яго спрыяннямі былі адноўлены тры касцёлы: у Дараве, Усялюбе ды Ляхавічах. Ён застаўся пробашчам ва ўсіх трох і толькі ў 1650 г. перадаў касцёл ва Ўсялюбе сваяку Андрэю Мацарскаму40.
Пасля спагнанняў касцёлы былі адрамантаваныя, нанова асвечаныя, ім прызначылі дадатковыя фундацыі. У 1642 г. метоньскі біскуп, віленскі суфраган ды канонік Станіслаў Няборскі асвяціў два касцёлы слонімскага дэканата: 23 чэрвеня ў Гарадзішчы і 2 ліпеня ў Ельні41.
Як бачна з інспекцыйных матэрыялаў, стан каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце да 1653 г. палепшыўся: былі пераадолены страты часоў Рэфармацыі, выправілася фінансавая сітуацыя. Сітуацыя пагоршылася ў сувязі з войнамі 1654––1655 г. Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расіяй, акупацыяй ВКЛ, голадам і маравой пошасцю, якія забралі каля паловы насельніцтва ВКЛ.
Становішча
пасля войнаў сярэдзіны XVII ст.
У 1655 г. расійскае войска пустошыла наваколле на сваім шляху да Вільні. Ратнікі Аляксея Трубяцкога спалілі Мыш, Сталовічы, Слонім разам з навакольнымі пасяленнямі. У ваколіцах Слоніма бітвы ўзнавіліся ў 1660 г. Каля Палонкі войска ВКЛ разам з аддзеламі Стэфана Чарнецкага, прыбылымі з Польшчы, разбіла войска Івана Хаванскага, і неўзабаве пачалося адступленне царскай арміі з земляў Княства42. У 1660 г., праз шэсць месяцаў, аблогу перацярпелі Ляхавічы. У 1660—1661 г. перамога Рэчы Паспалітай прадвызначыла канец вайны, а ў 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй.
Войны сярэдзіны XVII ст. разбурылі дасягнутае каталіцкім касцёлам за апошнія 50 гадоў. У слонімскім дэканаце былі зруйнаваны касцёлы ў Слоніме, Палонцы, Мышы, Дараве, Ляхавічах, Сталовічах, Задзвеі, Ельні, Дварцы і Раготне. Ацалелі толькі тры мураваныя храмы ў Дзятлаве, Усялюбе і Гарадзішчы43, а таксама драўляны касцёл у Моўчадзі44.
Пасля вайны паўстала патрэба ўзвядзення пабураных храмаў. Звычайна іх адбудоўвалі на старых падмурках. Новыя касцёлы на месцы зруйнаваных былі ўзведзены ў пяці мясцовасцях: у Дварцы (1667), Ельні (1667), Ляхавічах, Сталовічах i ў Мышы45. За адбудову храма ў Дварцы ўзяўся маршалак ВКЛ Крыштап Завіша. Касцёл у Ельні фундавала і пабудавала Зоф’я Мар’яна Адахоўска–Альшэўска46. Касцёл у Ляхавічах адбудаваў тамтэйшы пробашч, смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі47. У Сталовічах новы драўляны касцёл быў узведзены на сродкі, пакінутыя тастаментам наваградскага кашталяна, кавалера мальтыйскага ордэна Мікалая Юдыцкага48.
З–за недахопу сродкаў чатыры старыя касцёлы (у Слоніме, Раготне, Задзвеі і Дараве) у 1668 г. былі зведзены да капліц49. Капліцай ў Дараве апекаваліся манахі–аўгустынцы, а старэйшы прэпазіт слонімскага кляштара Аляксандр Галімскі быў адначасова і пробашчам у Дараве50. Яшчэ горшая доля спасцігла касцёл у Палонцы: пасля вайны дзейнасць парафіі не аднавілася. Каталікоў з наваколля Палонкі абслугоўвала парафія Задзвеі51.
З дадзенага апісання можна зрабіць выснову, што страты, панесеныя за час войнаў сярэдзіны XVII ст., перасягнулі ўзровень стратаў, абумоўленых Рэфармацыяй. Вяртанне былога становішча вымагала вялікіх высілкаў і фінансаў, аднак да 1668 г. гэтага зрабіць не ўдалося. Так, напрыклад, будову касцёла ў Раготне скончылі толькі пад 1673 г., дзякуючы сродкам, дадзеным менскім старастам і сакратаром ВКЛ Андрэем Казімірам Завішам52.
Каталіцкая духоўная і шляхецкая эліта
ў слонімскім дэканаце
Развіццю каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце спрыялі выдатныя дыгнітарскія роды — уладальнікі дэканацкіх земляў: найперш Сапегі, якія апекаваліся касцёламі ў Слоніме, Ляхавічах, Дзятлаве, а таксама Радзівілы, што ахвяравалі сродкі на дзейнасць касцёлаў у Сталовічах, Усялюбе ды Моўчадзі. У XV—XVI ст. парафіямі дэканата займаліся Кязгайлавічы — фундатары касцёлаў у Ельні і Дварцы. Потым клопат пра храм у Дварцы ўзялі на сябе Завішы, якія апекаваліся таксама і парафіяй у Раготне. Хадкевічы, у сваю чаргу, фінансавалі дзейнасць касцёла ў Мышы. Шляхецкі род Камінскіх дбаў пра касцёл у Гарадзішчы, а Галаўня фінансаваў касцёлы ў Задзвеі, Рудаміне, Палонцы ды інш.
Адсюль бачна, што каля паловы касцёлаў фінансаваліся са сродкаў дыгнітарскіх родаў. Гэтыя фаміліі найбольш спрычыніліся да ўмацавання пазіцый каталіцкага касцёла ў слонімскім дэканаце — не толькі будавалі касцёлы, але засноўвалі і фінансавалі лякарні ды парафіяльныя школы.
Апрача шляхты — фундатараў і апекуноў каталіцкіх парафій — важную ролю адыгрывалі прадстаўнікі дэканацкага духавенства. Сярод імёнаў пробашчаў, якія працавалі ў дэканаце, варта згадаць двух дактароў тэалогіі: прыблізна ў 1668 г. ельненскім пробашчам служыў доктар тэалагічных навук Юзаф Папуцэвіч53, у Слоніме з 1618 г. да канца 40–х г. пробашчам быў Ян Забжэскі (Zabrzeski)54. Пасля яго ў 1644 г. гэтае месца заняла іншая значная ў святарскім асяродку XVII ст. асоба — Казімір Пац55, былы смаленскі і віленскі канонік, які ў 1664 г. стаў смаленскім, а ў 1667 г. жамойцкім біскупам.
Як ужо згадвалася, ва ўзнаўленні дзейнасці парафій слонімскага дэканата ў паваенны час адметную ролю адыграў Лаўрэнці Мацарскі, віленскі канонік у 1648—1657 г. Віленскім канонікам быў і пробашч дзятлаўскай парафіі Адальбэр Млынэцкі56, парафіяй у Ляхавічах тым часам кіраваў смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі. Гэтае кола святароў утварала касцельную эліту XVII ст., чыя дзейнасць была асабліва значнай у часы, калі каталіцкі касцёл мусіў чыніць супраціў Рэфармацыі, а таксама пасля вайны, калі прыкладаліся намаганні аднавіць патэнцыял каталіцкага касцёла.
Жыхары
слонімскага дэканата
У інспекцыйных актах змешчана інфармацыя пра рэлігіі, вызнаваныя жыхарамі паасобных парафій. У 1633 г. насельніцтва слонімскага дэканата ў веравызнанні было неаднародным. Побач жылі каталікі (latini), уніяты (graeci uniti), праваслаўныя (schizmatici або rutheni) ды рэфарматы (haeretici). Цяжка вызначыць як прапорцыю, так і пераважную канфесію. Найчасцей інспектар акрэсліваў насельніцтва наступным чынам: уніяты грэцкага абраду жывуць мяшана з каталікамі (mixti graeci uniti cum latinis).
У 1633 г. згадваюцца нешматлікія пратэстанты, у некаторых парафіях іх зусім не было. Не згадваючы пра рэфарматаў, апісваюцца парафіі ў Ляхавічах, Мышы ды Задзвеі57. У Моўчадзі быў толькі адзін „ерэтык“ Жандкіўскі58, у Слоніме два59, у Ельні пратэстанцтва вызнавалі Маклок з жонкай — былы каталік, ды Свайкоўскі — ранейшы праваслаўны60; некалькі рэфарматаў шляхецкага стану было ў парафіі Гарадзішча61, і г. д. Прыведзеныя звесткі пацвярджаюць прынятае ў гістарыяграфіі меркаванне, што ў першай палове XVII ст. на землях ВКЛ пратэстанцтва паступова знікала.
Сярод шляхты ў 1633 г. у слонімскім дэканаце заставалася трохі праваслаўных родаў. Найбольш іх названа ў Гарадзішчы, дзе „схізматыкамі“ былі такія шляхцічы, як Барадзеж, Тукала, Свайкоўскі, Пятрашэвіч, Гаціскія, Трызны, Таханоўскія62. У Гарадзішчы жыло больш праваслаўных, чым рэфарматаў. У іншых парафіях згадваецца, што праваслаўных меншасць, або зусім не адзначана іх прысутнасць63. Такі стан рэчаў сведчыць, што ў першай палове XVII ст. на тэрыторыі слонімскага дэканата ўжо ажыццявіліся пастулаты Берасцейскай уніі.
Якім чынам суіснавалі жыхары розных канфесій? Пра тое, што канфлікты здараліся, сведчыць выпадак, зафіксаваны ў Моўчадзі. Тамтэйшы пробашч, незадаволены тым, што праваслаўны святар вянчаў каталікоў у царкве64, зганіў змяшаныя шлюбы каталікоў з праваслаўнымі. Прыведзены канфлікт, аднак, не перарос у рэлігійную вайну.
Інфармацыя пра канфесійны склад жыхароў дэканата, змешчаная ў інспекцыйных актах 1653 г., значна бяднейшая, чым у актах ад 1633 г. Звесткі па гэтым пытанні знаходзім толькі ў апісаннях чатырох парафій (Ельня, Мыш, Раготна, Слонім). Апісанні сведчаць, што рэлігійнае размежаванне супадала з сацыяльным. Усе прадстаўнікі шляхты былі каталіцкага вызнання, у той час як сяляне звычайна належалі да уніяцкай царквы65. Бачна істотная дынаміка веравызнанняў у слонімскім дэканаце ў 1633—1653 г.: на працягу дваццаці гадоў дэканат зазнаваў выразны працэс пераходу шляхецкага насельніцтва ў каталіцтва. Тэндэнцыя распальвалася палітыкай дзяржавы, якая аддавала перавагу адной канфесіі перад астатнімі, абмяжоўваючы прадстаўнікам іншых вызнанняў магчымасць займаць высокія дзяржаўныя пасады.
Інфармацыя пра status animarum супольнасці, змешчаная ў інспекцыйных дакументах ад 1668 г., значна больш змястоўная. Хоць сярод прадстаўнікоў шляхты дамінавалі каталікі, падкрэсліваецца наяўнасць асоб іншых вызнанняў. У Дварцы жыла лютэранка пані Зелянёва66, у Ельні пазначана сем кальвінісцкіх сем’яў, некалькі мусульманскіх — найчасцей татарскага паходжання67. У Раготне быў толькі адзін некаталік — Уладыслаў Зянкевіч (на жаль, інспектар не згадвае ягоную веру)68.
Параўноўваючы дадзеныя ад 1668 г. са звесткамі папярэдніх інспектаванняў, можна заўважыць змены ў веравызнанні сялянства. У Дзятлаве i Ўсялюбе яшчэ заставаліся сяляне праваслаўныя69, аднак у 1668 г. каталіцтва інтэнсіўна пашыралася і ў гэтай грамадскай групе. У інспекцыйных актах пазначаецца, што ва Ўсялюбе, поруч з праваслаўнымі, частка сялян вызнае каталіцтва, а частка належыць да уніяцкай царквы70, у Задзвеі вядзецца пра сялян — каталікоў ды уніятаў71, і г.д. Вяртаннем сялян у каталіцтва займаўся не толькі касцёл, але і шляхта каталіцкага вызнання. Сяляне ў Ляхавічах — ritus graeci — на ўзор шляхты ішлі да каталіцкага касцёла і прымалі таемствы72. Нявыключана, што шляхта змушала іх да гэтага. Тым не менш, паступова слонімскі дэканат рабіўся каталіцкім, паколькі дзяржаўны статус касцёла адыгрываў істотную ролю ў яго пашырэнні ў неаднародным асяродку. Найхутчэй дадзенай тэндэнцыі скарылася шляхта, якая хацела атрымаць доступ да палітычнага жыцця і дзяржаўнай кар’еры, а следам за ёй скіравалася сялянства.
Дзейнасць
касцельных брацтваў
З часоў Трыдэнцкага сабору каталіцкі касцёл стымуляваў стварэнне касцельных брацтваў, прызначаных у дапамогу пробашчам пашыраць веру ў парафіі, набліжаць касцёл да вернікаў, далучаць іх да працы па разбудове касцёла. Касцельныя брацтвы давалі супольнікам пачуццё грамадскай бяспекі, гарантавалі ўратаванне душы. Сябры брацтва мусілі рэгулярна ўдзельнічаць у набажэнствах, брацкіх сходах, абіраць старэйшынаў — тыя адказвалі за дзейнасць брацтва, захоўвалі спісы ды ардынацкія кнігі. Супольнікі ўдзельнічалі ў святах і мелі свае атрыбуты73.
Касцельнае брацтва св.Ганны ў ляхавіцкай парафіі паўстала ў часы віленскага біскупа Я.Валовіча ў 20–я г. XVII ст. Брацтва рупілася пра каплічны алтар св.Ганны, яго сябры мелі статут, трымаліся яго рэгулаў, вялі кнігу выдаткаў ды ахвяраванняў, а таксама спіс супольнікаў74. Інспектар у 1633 г. загадаў дакладней весці рахункі і ўлік брацкай касы, трымаць яе замкнёнай на ключ, выкарыстоўваць толькі ў найбольш важных справах, дбайней рэгістраваць прыбыткі з выдаткамі. У жыцці брацтва адметную ролю адыгрывала кіраўніцтва, абавязанае рэгулярна склікаць сходы75. Пра дзейнасць брацтва св.Ганны згадваецца і ў дакументах ад 1668 г.76
Апрача брацтва св.Ганны ў Ляхавічах, у слонімскім дэканаце дзейнічалі яшчэ два касцельныя брацтвы, мэтай якіх было шанаванне святой Панны Марыі. 14 лістапада 1635 г. у ельненскай парафіі было заснавана брацтва св.Ружанца. Віленскі падкаморы Яраслаў Шэмет з жонкай Ганнай Сапежанкай паклаў трыста злотых на брацкую дзейнасць77. У Раготне ў 1652 г. брацтва св.Ружанца стварыў правінцыял дамініканскага ордэна (ordinis praedicatorum) Сымон Акульскі, а сродкі на ўтрыманне прызначыў Адам Казімір Гайжэўскі з жонкай Катарынай Гжывеньскай — трыста злотых78. Брацтвы св.Ружанца шанавалі культ Марыі, значнасць якога ў ВКЛ асабліва ўзрасла ў сярэдзіне XVII ст. Брацтвы, заснаваныя дзеля ўшанавання Марыі, былі найбольш пашыранымі ў ВКЛ, і слонімскі дэканат не стаў выключэннем.
Значэнне
шпіталяў
Дзейнасць шпіталяў ды школ у слонімскім дэканаце ў 1653—1668 г. ужо даследавана ў артыкуле, прысвечаным аналізу агульнага становішча лякарняў і школ на тэрыторыі ВКЛ у другой палове XVII ст.79 Дзеля пазбягання паўтораў у цяперашняй працы акцэнтуецца папярэдні этап дзейнасці, вядзецца пра стан рэчаў на працягу ўсяго XVII ст.
У 1633 г. у палове дэканацкіх парафій дзейнічалі парафіяльныя лякарні. Найлепшай сітуацыя была ў Слоніме, Задзвеі і Дзятлаве, дзе лякарні мелі сталыя сродкі, гарантаваныя фундатарамі. Віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Леў Сапега пры стварэнні лякарні ў Слонімe 19 лютага 1614 г. прызначыў „na każdy miesiąc beczkę żyta także i beczkę słodu do szpitala Słonimskie[g]o, a na każdy rok abyś dawał po sześciu beczek jęczmieniu, gryki też sześć beczek, grochu dwie beczki, sześć połciów słoniny, trzy sadła“ [штомесяц бочку жыта і бочку соладу на Слонімскі шпіталь, а штогод даваць па шэсць бочак ячменю, шэсць бочак грэчкі, дзве бочкі гароху, шэсць полцяў саланіны, тры сала]. 6 верасня 1618 г. Ян Сапега загадаў, каб шпіталь утрымліваў дзесяць беднякоў, мужчын і жанчын80. Калі мураваны касцёл быў перададзены аўгустынцам, лякарня таксама перайшла пад іх кіраванне, і ў пазнейшых інспекцыях пазначана, што ў Слонімскай парафіі лякарня не дзейнічае.
Віленскі ваявода Леў Сапега аднавіў81 таксама шпіталь у Дзятлаве, прызначыўшы штогод на яго ўтрыманне 20 польскіх злотых, 20 бочак пшаніцы і штотыдзень па 5 вазоў дроў. У 1633 г. у шпіталі знаходзілася чатырнаццаць чалавек82. Пасля пажару ў 1653 г. новы шпіталь пабудаваў падканцлер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, які забяспечыў яго такімі ж даходамі, якія калісь выдзеліў Леў Сапега83. У 1668 г. у ім трымалася дзесяць чалавек84.
У шпіталі ў Задзвеі, які заснаваў Юры Галаўня, у 1633 і 1653 г. змяшчалася пяць чалавек, а за 1668 г. лічба апекаваных не падаецца85. На ўтрыманне гэтай лякарні было прызначана 20 бочак пшаніцы ды іншых відаў ежы, а таксама 10 злотых на адзенне86. Тры апісаныя тут лякарні былі найлепей забяспечаны і, бясспрэчна, амаль бесперапынна працавалі на працягу ўсяго XVII ст. Лякарня ў Гарадзішчы, збудаваная перад 1633 г., мела сродкі на ўтрыманне чатырох беднякоў, прызначаныя курыяй, аднак у 1633 г. ніводны жабрак там яшчэ не знаходзіўся, і пробашчу было загадана ўзяць на сябе гэты клопат87. Шпіталь функцыяваў у 1653 г., а ў 1668 г. у ім утрымлівалася сем асоб88.
Шпіталь у Мышы знаходзіўся далёка ад плябаніі, складаўся з чатырох будынкаў і падлягаў юрысдыкцыі касцёла. Пасля няўдалай спробы Альбрэхта Маклока перад 1653 г. тастаментам гарантаваць яму рэгулярнае ўтрыманне шпіталь застаўся без сталых сродкаў, а яго жыхары цяжка жылі з міласціны89.
Шпіталі ў Дварцы i Ляхавічах, дзейныя ў 1633 г., спынілі існаванне каля 1653 г. Хоць перад 1668 г. яны і аднавілі сваю дзейнасць, з–за войнаў былі страчаны сталыя ахвяраванні, і апекаваныя разлічвалі толькі на міласціну. Так, у 1633 г. пісалася, што ляхавіцкі шпіталь утрымліваецца са сродкаў парафіяльнай курыі, фундаванай маршалкам ВКЛ Станіславам Сапегам, аднак гэтых сродкаў не стае, будынак не мае даху. У 1668 г. пішацца, што „fundatio nulla certa“90.
Пасля вайны, каля 1668 г., былі адбудаваны не толькі дварцоўскі ды ляхавіцкі шпіталі, такія ўстановы пачалі дзейнічаць у Сталовічах і Ўсялюбе. Лякарня ў Сталовічах была заснавана кавалерам мальтыйскага ордэна Жыгімонтам Радзівілам, аднак не стала дзейнай91. На ўтрыманне парафіяльнага шпіталю ва Ўсялюбе было прызначана чатыры валокі зямлі, якую апрацоўвалі сяляне92.
Увогуле, калі ў 1633 г. у слонімскім дэканаце дзейнічала шэсць шпіталяў, то ў 1653 г. іх колькасць была зменшана да чатырох. А пасля войнаў сярэдзіны XVII ст. назіраецца асабліва актыўны працэс стварэння шпіталяў. У 1668 г. у дэканаце дзейнічалі цэлых восем лякарняў. Іх задачай быў клопат пра самотных, нямоглых, пазбаўленых сродкаў жыцця. Жыхарам лякарняў ставілася ўмова быць шчырымі каталікамі, рэгулярна наведваць касцёл, спавядацца, удзельнічаць у імшы, па магчымасці далучацца да прыбірання касцёла і парафіяльнай гаспадаркі, біць у званы.
Парафіяльныя
школы
У XVII ст. было толькі дзве парафіі дэканата — у Мышы і Дзятлаве, дзе парафіяльныя школы працавалі амаль бесперапынна. Школа ў Мышы трымала сад для патрэбаў бакалаўра. У 1668 г. згадваецца, што школу ўтрымліваюць езуіты93. У 1633 г. у Дзятлаве вучыліся ажно 50 дзяцей — рэдкая лічба для тых часоў, бо звычайна ў парафіяльнай школе было не больш за 20 вучняў. Школа ў Дзятлаве мела валоку зямлі ў вёсцы Хадаўляны, у якой працавалі бакалаўр, кантар ды два памагатыя94. У 1653 г. школа заняпала, будынак пачаў развальвацца, але арганіст, бакалаўр ды кантар працягвалі вучыць дзяцей95. У 1668 г. у школе працаваў бакалаўр і кантар96. Можна сцвярджаць, што дзятлаўская парафіяльная школа належала да шэрагу самых буйных у ВКЛ, мела найбольшы персанал.
У 1633 i 1653 г. парафіяльныя школы працавалі ў Гарадзішчы i Ляхавічах. Школа ў Гарадзішчы валодала дзвюма валокамі зямлі, у 1633 г. у ёй працавалі бакалаўр i кантар: не ставала арганіста, якога інспектар распарадзіўся знайсці97. У 1653 г. у Гарадзішчы быў новы школьны будынак, аднак не згадваецца, хто там працаваў і ці быў бакалаўр98. Школа ў Ляхавічах у 1633 г. таксама трымала бакалаўрa, кантарa і арганіста99. Ужо ў 1668 г. у ляхавіцкай парафіі школы не было, а інспектар загадаў аднавіць яе дзейнасць і запрасіць бакалаўрa100.
У 1633 г. у Слоніме паўстаў невялікі дом, у якім навучаліся дзеці. У 1653 г. пра школу не згадваецца, а інспектар загадвае набраць кантараў з добрымі галасамі, каб умелі спяваць харалы101. Перашкоды ўзнікалі і ў дзейнасці іншых парафіяльных школ. Паводле звестак ад 1633 г., чыніліся спробы стварыць парафіяльныя школы ў Дварцы, Ельні, Задзвеі. У Дварцы быў бакалаўр i кантар, у Ельні трымалі бакалаўра з двума памагатымі. У Задзвеі быў бакалаўр, арганіст і кантар, меўся школьны будынак, аднак дзецей там не вучылі102. Магчыма, жыхары не пускалі дзяцей у школу, каб не адрываць ад гаспадарчых прац, або не маглі іх належна апрануць, ці з рэлігійных прычынаў. Варта адзначыць, што парафіяльная школа ў Дварцы працавала толькі ў 1668 г.103, a парафіяльныя школы ў Ельні ды Задзвеі працу так і не пачалі.
Звестак пра дзейнасць школ у іншых парафіях няма для ўсяго XVII ст. Аднак у Сталовічах ды Ўсялюбе ў 1653 і 1668 г. інспектары патрабавалі стварыць школы, запрасіць бакалаўраў з іншымі касцельнымі служкамі, якія б вучылі дзяцей катэхізісу і асновам пісьма104. У Сталовічах, праўда, у 1668 г. быў арганіст і два ягоныя памочнікі, аднак гэтага не хапала, каб распачаць дзейнасць парафіяльнай школы105.
Увогуле асветніцкія цэнтры слонімскага дэканата знаходзіліся ў парафіях Мышы і Задзвеі, дзе стала працавалі школы. Лічба дзейных школ у слонімскім дэканаце ўвесь час мянялася. Калі ў 1633 г. дзеці вучыліся ў пяці парафіях, то ў 1653 г. у чатырох, a ў 1668 г. ужо толькі ў трох. Каталіцкі касцёл выказваў занепакоенасць, настойваў, каб стваралі парафіяльныя школы, запрашалі настаўнікаў. Галоўнай мэтай парафіяльных школ было навучанне дзяцей асновам граматы (чытання, пісьма, лічэння), а таксама далучэнне да асноў каталіцкай веры. Вучняў вучылі касцельным спевам, абавязкам касцельных служкаў.
Заключэнне
1. Падмурак слонімскага дэканата паўстаў яшчэ ў XV ст., калі спрыяннямі ўладара ды шляхты былі заснаваны 8 парафіяльных каталіцкіх касцёлаў. У першай палове XVI ст. узніклі яшчэ 2 парафіяльныя касцёлы, у 1632 г. правы касцёла атрымала філія ў Дварцы. У першай палове XVII ст. былі заснаваны апошнія 3 касцёлы. Найцяжэйшыя часы каталіцтва цярпела тут у другой палове XVI ст., калі частка касцёлаў перастала існаваць пад уплывам Рэфармацыі, а таксама ў другой палове XVII ст.: за гады вайны былі разбураны 10 з 14 парафіяльных касцёлаў.
2. З першай паловы XVII ст. дзейнасць каталіцкіх касцёлаў у дэканаце ўзрасла, у значнай ступені дзякуючы падтрымцы выдатных дыгнітарыяў Льва Сапегі і Казіміра Лявона Сапегі. Дыгнітарыі агарнулі апекай палову каталіцкіх храмаў дэканата, іншымі касцёламі рупілася драбнейшая шляхта. Да духоўнай эліты слонімскага дэканата належалі дактары тэалогіі Юзаф Папуцэвіч і Ян Забжэскі, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, Адальбэрт Млынэцкі, Мельхіёр Такарскі, Казімір Пац. Апошні быў пазней прызначаны жамойцкім біскупам. Асобна трэба адзначыць заслугі Лаўрэнція Мацарскага, які ў 30–я і 40–я г. XVII ст. істотна паспрыяў аднаўленню дзейнасці касцёлаў у Дараве, Усялюбе і Ляхавічах.
3. Слонімскі дэканат быў шматканфесійны, населены рэфарматамі, праваслаўнымі, уніятамі, каталікамі, мусульманамі і інш. Канфесійны склад насельніцтва ўвесь час мяняўся. Асноўная вызначальная тэндэнцыя першай паловы XVII ст. — раптоўнае змяншэнне колькасці рэфарматаў і праваслаўных на карысць уніятаў і каталікоў. У XVII ст. большасць шляхты спавядала каталіцкае вызнанне, следам за ёй у другой палове XVII ст. у касцёл скіравалася частка сялянства (большасць, тым не менш, засталася ва уніяцтве).
4. Галоўным кірункам дзейнасці каталіцкага касцёла на тэрыторыі слонімскага дэканата была пастарская, асветная і дабрачынная праца. Для яе вядзення ў дэканаце ад пачатку да 50–х г. XVII ст. былі заснаваны тры касцельныя брацтвы (у Ляхавічах — брацтва св.Ганны, у Ельні і Раготне — брацтвы св.Ружанца). У парафіяльных школах дзяцей вучылі катэхізісу і пачаткам пісьма. Мэтай шпіталяў быў клопат пра бедных, няздольных здабыць ежу і дах. У 1633 г. у дэканаце дзейнічала 6 шпіталяў і 5 школ, у 1653 г. іх было па 4, а ў 1668 г. працавала 8 шпіталяў і толькі 3 школы.
Пераклала Вольга Мазурава
1 Кулагiн А.М. Каталiцкiя
храмы на Беларусi. Мiнск, 2001.
2 1633, 1641, 1645 r.
Інспектаванні віленскага біскупства, праведзеныя па даручэнні біскупа А.Войны
віленскім канонікам Касперам Залеўскім. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага
універсітэта (далей — БВУ). F. 57, P. 53—40; Інспектаванні віленскага
біскупства ад 1653—1654 г., праведзеныя па даручэнні біскупа Ежы Тышкевіча
Сымонам Адальбэртам Млынецкім. БВУ. F.57, P. 53—42; Інспектаванні ружанскага,
ваўкавыскага і слонімскага дэканатаў віленскага біскупства ад 1668 г., праведзеныя
віленскім біскупам Аляксандрам Сапегам і віленскім scholiasta пралатам
Аляксандрам Катовічам. БВУ. F. 57, P. 53—41. (Далей у спасылках на дадзеныя
крыніцы будзе падавацца толькі год інспекцыі.)
3 Acta synodi diaecesis
Vilnensis praesidente Illustrissimo ac Reverendissimo Domino D. Alexandro in
Macieiow Sapieha Dei et Apostolicae sedis gratia Episcopo Vilnensi. Vilnae,
Typis Academicis, 1669.
4 Kurczewski J. Biskupstwo
Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w
średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972.
5 Paknys M.
Mecenatystės reiškinys XVII a. LDK. Bažnytinės architektūros
užsakymai. Vilnius, 2003.
6 Lukšaitė I.
Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir
Mažojoje Lietuvoje. XVI a. trečias dešimtmetis — XVII a. pirmas
dešimtmetis. Vilnius, 1999.
7 Сагановiч Г. Невядомая
вайна 1654—1667. Мiнск, 1995; Сагановiч Г. Нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск,
2001.
8 Ochmański J. S.
64—65.
9 Ochmański J. S.
66—67.
10 1653. K. 452.
11 Ochmański J. S.
66—67.
12 1653. K.370; 1668. L.76.
13 1653. K.316;
Ochmański J. S. 66—67.
14 1653. K.138.
15 1668. K.87. Е.Ахманьскі
пазначае факт заснавання Кязгайлавічамі касцёла ў Ельні, у 1498 г.:
Ochmański J. S. 66—67.
16 1668. K.81v. Паводле Е.
Ахманьскага, касцёл у Дварцы закладзены ў 1529 г.: Ochmański J. S.
69—70.
17 Ochmański J. S.
69—70.
18 1653. K.255v; 1668. K.
110.
19 Ochmański J. S.
69—70.
20 Кулагiн А.М. C. 185.
21 1653. K. 464—465.
22 Інспекцыя парафіяльнага
касцёла ў Мышы ад 1651 г. БВУ. F. 57, P. 53—846.
23 1653. K. 397—398.
24 1633. K. 123; 1653. K.
415—421.
25 Paknys M. S.187.
26 1633. K. 108. У другой
палове XVI ст. кіеўскі ваявода Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі збудаваў
драўляны касцёл у Дзятлаве: Інвентарны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані ад
1716 г. БВУ, F.57, P. 53—448.
27 1633. K.99—101; 1653. K.
369, 380, 390. Paknys M. S. 191.
28 1633. K.114—115; 1653.
K. 328; 1668. K.78; Kurczewski J. S. 232.
29 1633. K. 142v; 1653. K.
255.
30 Інвентарны спіс
раготніцкага касцёла ад 15.01.1726 г. БВУ. F.57, P.53—952, K. 4.
31 1653. K. 452.
32 Paknys M. S.194.
33 Lukšaitė I. S.
584–585.
34 1633. K. 120—121; 1653.
K. 437—439.
35 1653. K. 255.
36 Кулагiн А.М. C.153.
37 1653. K. 316; 1668.
K.95.
38 1653. K. 369.
39 1653. K. 255.
40 1653. K. 316—317.
41 1653. K. 438, 357.
42 Сагановiч Г. Невядомая
вайна... С.51—52; Сагановiч Г. Нарыс... С. 277, 283.
43 1668. K. 78, 92, 96.
44 1668. K. 79.
45 1668. K.80, 84, 104,
111, 115. Інвентарны спіс парафіяльнага касцёла ў Дварцы. БВУ. F.57, P.53—359.
46 Paknys M. S.209, 177.
47 1668. K.104.
48 1668. K.111.
49 1668. K.73—75, 76, 99,
110.
50 1668. K.110.
51 1668. K.101v.
52 Paknys M. S.209.
53 1668. K. 93.
54 1633. K. 99—101.
55 1653. K. 369.
56 1668. K. 78v.
57 1633. K. 144v, 127,
134v.
58 1633. K. 118.
59 1633. K. 101.
60 1633. K. 112v.
61 1633. K. 122.
62 1633. K. 122.
63 1633. K. 112v, 144v,
127, 101, 134v, 114v.
64 1633. K. 118.
65 1653. K. 357, 402—403,
371, 382,
66 1668. K. 82v.
67 1668. K. 91v—93.
68 1668. K. 77v.
69 1668. K. 79, 95v.
70 1668. K. 95v.
71 1668. K. 101.
72 1668. K. 109.
73 Jovaiša L. Brolijos
// Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyrinėjimai
ir vaizdai. Vilnius, 2001. S. 109.
74 1633. K. 444—144v.
75 1633. K. 146v.
76 1668. K. 108.
77 1653. K. 359.
78 1653. K. 367, 370—371;
1668. K. 76v.
79 Kamuntavičienė
V. Szpitale i szkoły parafialne diecezji wileńskiej i żmudzkiej
w drugiej połowie XVII wieku według danych aktów wizytacyjnych
Kościoła katolickiego // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. S.
51—72.
80 1633. K. 99v.
81 23 верасня 1570 г.
Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі заснаваў шпіталь у Дзятлаве і прызначыў
сродкі на яго ўтрыманне: Інвентарны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані з 1716
г. БВУ. F. 57, P. 53—448.
82 1633. K. 115.
83 1653. K. 330.
84 1668. K. 78v.
851633. K. 134; 1653. K.
462; 1668. K. 101.
86 Гл.:
Kamuntavičienė V. S. 64.
87 1633. K. 121, 122v.
88 1653. K. 438. 1668. L.
98.
89 1633. K. 126;
Kamuntavičienė V.
90 1633. K. 109, 144; 1668.
K. 81v, 109.
91 1668. K. 114.
92 1668. K. 95.
93 1633. K. 126; 1653. K.
403; 1668. K. 116.
94 1633. K. 114v.
95 1653. K. 330.
96 1668. K. 78v.
97 1633. K. 122v.
98 1653. K. 438.
99 1633. K. 144; 1653. K.
254.
100 1668. K. 109v—110.
101 1633. K. 101v; 1653. K.
388.
102 1633. K. 108v, 112,
134.
103 1668. K. 82v.
104 1633. K. 423, 318;
1653. K. 96.
105 1668. K. 114v.