Менск у ХVI стагоддзі:
першы „генеральны“ план горада і яго магчымы аўтар
Расціслаў Баравы
ХVI стагоддзе пачалося для Менска ў 1499 г., калі вялікі князь Аляксандр „…хотечы положенье места нашого Менского в мере лепъшой поставити, абы люди нашы там мѣшкаючыи, через врад добрый а справедливый были размножены…“1, выдаў гораду грамату на магдэбургскае права. У юрыдычным плане магдэбургскае права, калі казаць спрошчана, зводзілася да таго, каб мяшчане дадзенага горада („фізічныя асобы“) і горад у цэлым („юрыдычная асоба“) былі выдзелены з навакольных зямель і іх насельніцтва, гэта значыць — са сферы ўладарных паўнамоцтваў вялікакняжацкага намесніка. Звязаныя з гэтым эканамічныя прывілеі заключаліся ў вызваленні жыхароў горада ад шэрагу агульнадзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасцяў. Часам некаторыя з іх замяняліся грашовымі выплатамі. Уводзіўся таксама шэраг пратэкцыянісцкіх мераў для рамеснікаў, дробных гандляроў і купцоў горада.
Часта атрыманне якім–небудзь населенным пунктам магдэбургскага права суправаджалася і шэрагам мерапрыемстваў горадабудаўнічага характару — аж да „адводу і вымярэння“ гарадской плошчы, вуліц і пляцовак для кожнага домаўладальніцтва2. Аднак гэта датычылася толькі дробных і перш за ўсё новых („осаженых… на сыром корени…“) мястэчак, што было асабліва характэрна для другой паловы XVI — пачатку XVII ст. Улічваючы, што Менск да моманту атрымання магдэбургскага права існаваў ужо каля пяці стагоддзяў і быў адным з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, прывілей на магдэбургскае права не мог паўплываць непасрэдна на планаванне, забудову і знешні выгляд горада.
Сапраўды, акрамя дазволу „на местъцу годномъ… справити ратуш…“, у яго тэксце можна адзначыць толькі два параграфы, ускосна звязаныя з пытаннямі горадабудаўніцтва. Вялікі князь аддае „войту и бурмистром… вси места пустыи в месте и вкруг места поля наши ку осаженью и розмноженью людей…“ — з гэтай тэрыторыі выключаецца толькі „пашня наша городовая“, г. зн. уласная вялікняжацкая ралля „двора Менского“3. З гэтым параграфам прывілею пераклікаецца і наступны, які дае „доброволенство всим мещаном, подле давного обычаю, брати дерево на будоване домовъ их и теж на кухню — в борехъ и в лесехъ за тры мили около местъца… окроме бортного древа… Такежъ где пред тымъ скоть свой… пасывали и нине доброволно имъ… паствити“4.
Пакідаючы пакуль убаку горадабудаўнічыя праблемы і ацэньваючы прывілей 1499 г. у цэлым, можна адзначыць, што да вельмі выгаднага (у нейкай меры — выключнага) геаграфічнага палажэння Менска5 дадаўся шэраг спрыяльных фактараў адміністрацыйна–юрыдычнага характару, якія ў многім вызначылі далейшы лёс горада. Аднак ваенна–палітычная сітуацыя, што складалася ў першай чвэрці XVI ст., не дазволіла Менску адразу і ў поўнай меры выкарыстаць тыя магчымасці.
У 1505 г. горад быў узяты, поўнасцю разрабаваны і спалены крымскімі татарамі (ацалеў толькі Замак)6. У 1508 г. Менск трапіў амаль у месячную асаду (але горад узяты не быў), пазней навакольная мясцовасць горада тры або чатыры разы спусташалася маскоўскім войскам — апошні раз у 1519 г.7 Хаця пасля 1505 г. Менск ні разу не быў узяты, але неаднаразовае спусташэнне навакольнай мясцовасці, ужо не гаворачы пра сам факт пастаянных ваенных дзеянняў на ўсходніх і паўночна–ўсходніх межах ВКЛ, пазбавіла горад асноўнай крыніцы даходаў — непасрэдных і ўскосных паступленняў ад транзітнага гандлю. Працяглы мірны перыяд — амаль уся другая чвэрць XVI ст. — спрыяў буйнаму росквіту горада. Паказчык гэтага — рэзкі рост „мыта“, якое спаганялася з мясцовых і замежных купцоў на Менскай мытні8.
Безумоўна, усе гэтыя працэсы так ці інакш адбіваліся на выглядзе горада — перш за ўсё на яго тэрытарыяльным росце. Аднак стыхійны рост ускраін толькі ў невялікай ступені мог уплываць на структуру горада ў цэлым. Практычна нязменнымі заставаліся асноўныя элементы гэтай структуры — Замак і Стары горад, якія тапаграфічна і генетычна былі звязаны з галоўнай планавальнай воссю горада — сухапутным транзітам „усход — паўднёвы захад“, прывязаным да пераправы (потым — моста) цераз р. Свіслач9. Вакол гэтых трох асноўных элементаў, якія складалі першапачатковую структуру горада, групаваліся пасады — неўмацаваныя (у адрозненне ад Замка або Старога горада) жылыя і гандлёвыя тэрыторыі.
Першапачатковыя пасады імкнуліся да месцаў, зручных для рачных прычалаў (раён т. зв. Менскага порта на стыку сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, таксама раён сучасных вуліц Старавіленскай і Старажоўскай), да тэрыторый, размешчаных паблізу ад асноўнай транзітнай артэрыі рэгіёну (у межах горада — сучасныя вуліцы Няміга і Багдановіча), і да наваколля Замчышча (сучасныя вуліцы Ракаўская — Вызвалення — праспект Машэрава). Пра дакладнае месцазнаходжанне, памеры, канфігурацыю і дынаміку росту гэтых пасадаў мы можам толькі здагадвацца10.
Гэтыя тэндэнцыі стыхійнага развіцця, што былі атрыманы Менскам у спадчыну ад першых стагоддзяў існавання, ужо не адпавядалі ні новым рэаліям жыцця горада першай паловы XVI ст. (буйны цэнтр транзітнага гандлю з самакіраваннем па магдэбургскім праве, цэнтр ваяводства), ні сацыяльна–культурным патрабаванням эпохі ў цэлым. Першым, фармальным, і ў нейкай ступені выпадковым імпульсам да ажыццяўлення прынцыповых зменаў у выглядзе горада, перш за ўсё, у яго планавальнай структуры, паслужыў, як гэта часта здаралася ў гісторыі горадабудаўніцтва, вялікі пажар 1547 г.11 У выніку гэтага пажару „Замак Менски“ згарэў цалкам, а „места Менскае“, хаця і не поўнасцю, але, як можна меркаваць па тэксце гэтага і некаторых больш позніх дакументаў, — амаль цалкам. Для „успаможенья“ пацярпелым жыхарам горада Жыгімонт Аўгуст12 вызваліў іх тэрмінам на дзесяць гадоў ад усіх падаткаў і мытных выплат13.
Відаць, горад у цэлым дастаткова хутка акрыяў пасля гэтага стыхійнага бедства — ускосным сведчаннем можа быць рост мыта (гл. вышэй). У 1552 г. горад клапаціўся аб пацвярджэнні прывілею на магдэбургскае права, які таксама згарэў на гэтым пажары разам з іншымі дакументамі, што захоўваліся ў „Замку Менскім“14. У 1569 г., непасрэдна на Люблінскім сойме, гараджане прасілі і атрымалі новае пацвярджэнне грамат 1499 і 1552 г.15. Абедзве гэтыя граматы не даюць ніякіх новых звестак або фактаў, звязаных з гісторыяй горада.
Першае канкрэтнае ўпамінанне аб работах па перапланаванні Менска мы знаходзім у дакуменце, датаваным 10 сакавіка 1571 г.16 Жыхары горада прасілі ў якасці эканамічнай дапамогі прывілею праводзіць „два кірмашы ў год“ і браць „маставыя на рацэ Свіслач“ з купцоў, што праязджаюць праз Менск, спасылаючыся пры гэтым на наступныя прычыны: 1) страты горада ад пераходаў войска і праезду паслоў17; 2) неўраджай, якім жыхары „от колка лет скарани будучи…“18; 3) нарэшце на тое, што „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечи, домы свои знову на инъшие местца переносят и будують…“.
З тэксту граматы вынікае, што самае позняе на мяжы 60—70–х г. XVI ст. у Менску пачалося інтэнсіўнае перапланаванне горада, прычым па непасрэдным распараджэнні вялікага князя („з росказанья нашого…“)19.
Наступны вядомы нам дакумент, што адлюстроўвае хаду гэтага працэсу, адносіцца ўжо да 1589 г. Хаця з пачатку перапланавання прайшло ад 20 да 30 гадоў (гл. ніжэй), ажыццяўленне новага праектнага плана горада было ўсё яшчэ далёкім ад завяршэння і патрабавала пастаяннага ўмяшання ўладаў. Гэты працэс быў звязаны, як заўсёды, з шэрагам юрыдычных і эканамічных праблем, мноства з якіх не маглі быць вырашаны на мясцовым ўзроўні20.
Яшчэ адзін дакумент, датаваны тым жа днём і адрасаваны ўжо непасрэдна да „рэвізораў“, якія накіроўваліся ў Менск21, мяркуючы па загалоўку22, таксама звязаны з перапланаваннем горада. Хаця ў тэксце дакумента ўпамінанне аб гэтым адсутнічае, аднак у скрытым выглядзе („абы …всякие непорадъки и розьницы… поровънали и померъковали…“) гэта тэматыка, несумненна, прысутнічае і тут23.
Праз два гады менскія мяшчане атрымалі ад Жыгімонта III грамату, датаваную „12 студня 1591 года“ — „Привилей… подтвержденья прав и вольностей их…“24, у прэамбуле якога ўпамінаецца таксама „…ратуш, который они теперъ збудовати хочуть…“. На аснове гэтага паведамлення можна заключыць, што тэрыторыя, прызначаная пад цэнтр горада („рынак і вуліцы“), была да 1591 г. канчаткова распланавана, паколькі паўстала пытанне аб пабудове ратушы, якая, зразумела, павінна была займаць цэнтральнае месца ў структуры горада.
Да 1600 г. ратуша на плошчы ўжо была пабудавана25, а навакольныя кварталы з рэгулярным планаваннем, якія атрымалі назву „Новага“, ці „Высокага места“ (пазней — „Рынку“), сталі амаль на тры стагоддзі адміністрацыйным ды эканамічным цэнтрам горада, і нават на мяжы XIX—XX ст. у значнай меры захоўвалі свой першапачатковы статус.
Рэальнае ажыццяўленне ўсяго комплексу мерапрыемстваў па перапланаванні такога масштабу, несумненна, працягвалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XVII ст. Ва ўсякім разе, будаўніцтва знешніх умацаванняў горада — валоў з бастыёнамі і некалькіх брам — працягвалася яшчэ да 30—40–х г. XVII ст.26 У выніку ажыццяўлення праектнага плана горада, распрацаванага яшчэ ў сярэдзіне XVI ст., узнік якасна новы цэнтр — сучасная плошча Свабоды, якая ўяўляе сабой амаль правільны прастакутнік, і шэраг вуліц, што разыходзяцца ад яе ў паўднёвым і заходнім напрамках.
Можна сцвярджаць, што перапланаванне, праведзенае ў другой палове XVI ст., не закранула ні Старога горада, які мясціўся на левабярэжжы Свіслачы, ні раён вуліц Нямігі, Ракаўскай і Татарскай вакол Замчышча. Не закранула яно і вуліц, якія звязвалі новы цэнтр горада з той старадаўняй вуліцай–дарогай, якая ішла ўздоўж правага берага ракі Свіслачы ад раёна г. зв. Менскага порта да варот Менскага замка (у XVII ст. — вул. Зыбіцкая, пазней — Гандлёвая).
Такім чынам, праект перапланавання захоўваў у непарушнасці шэраг вулічак і завулкаў правабярэжнай часткі Менска, размешчаных на складаным рэльефе, — менавіта тую структуру „пасадаў“ старадаўняга горада, якая ўзнікла ў першыя стагоддзі яго існавання і традыцыйна аднаўлялася пасля шматлікіх пажараў. Падлягала знішчэнню толькі тая старая забудова, якая знаходзілася на месцы новай плошчы і вуліц (на паўднёвы ўсход, поўдзень і захад ад яе)27.
Праектны план, максімальна „ашчадны“ да тагачаснай забудовы, быў выкананы ў той жа час з яўным разлікам на дастаткова аддаленую перспектыву росту горада. Далей гэты працэс павінен быў адбывацца ўжо ў рамках новай, рэгулярнай планавальнай структуры, якая цалкам адпавядала патрабаванням часу.
Непазбежна ўзнікае пытанне — хто быў, або хто мог быць аўтарам гэтага, вельмі ўдалага (як паказала гісторыя) і перадавога для сваёй эпохі праектнага плана? Простага і бясспрэчнага адказу на гэтае пытанне дакументы, якія ёсць у нашым распараджэнні, не даюць.
Спачатку паспрабуем вызначыць храналагічныя рамкі працэсу перапланавання Менска. Магчымая ніжняя мяжа — 1547 год, калі адбыўся пажар горада. Першую палову 1550–х г., мабыць, неабходна выключыць: адзіны вядомы нам дакумент гэтага перыяду — прывілей, выдадзены гораду Жыгімонтам–Аўгустам у 1552 г., фактычна з’яўляецца паўторам прывілею 1499 г. і не ўтрымлівае ніякіх новых фактаў (акрамя ўпамінання пра пажар 1547 г.)28. Адсутнічае згадка пра перапланаванне горада і ў тэксце прывілею 1569 г. Але, хоць ён паўтарае на 2/3 прывілею 1552 г., у канцы дабаўлена некалькі новых параграфаў, у т. л. адзін, які мае некаторае дачыненне да горадабудаўніцтва: менскім мяшчанам дазваляецца „…двор гостиный на местцу слушномъ для стоянья купцовъ збудовати…“. Нагадаем: у дакуменце ад 10 сакавіка 1571 г. ужо адкрыта гаворыцца пра тое, што жыхары горада па ўказанні вялікага князя пераносяць і нанова будуюць свае дамы на новых месцах „…порадокъ в месте тамошнемъ чинечы…“ — г.зн., праз паўтара года перапланаванне ўжо актыўна вялося. У гэтым кантэксце адсутнасць упамінання пра горадабудаўнічыя працы ў грамаце 1569 г.29 яшчэ не можа лічыцца сцвярджэннем таго, што працэс быў пачаты толькі ў 1570 або ў 1571 г. Нам уяўляецца, што пытанне аб новым плане горада наўрад ці магло ставіцца раней другой паловы 1550–х г. З другога боку, першую (праектную) стадыю гэтых работ мы павінны датаваць, верагодней за ўсё, пачаткам ці першай паловай 1560–х г.
Звяртаючыся да асноўных падзей гэтага даволі вузкага храналагічнага перыяду, мы павінны перш за ўсё звярнуць увагу на так званую Валочную памеру, правядзенне якой (на агульнадзяржаўным узроўні) пачалося менавіта ў гэты час. Выдадзеная ў 1557 г. Устава на валокі (як і „Дапаўненні“ да яе 1558 г.) не змяшчаюць непасрэдных рэкамендацый адносна планавання і землеўпарадкавання гарадоў і мястэчак, аднак шэраг вядомых гісторыкам фактаў недвухсэнсава ўказвае на тое, што практычная дзейнасць па ажыццяўленні гэтай грандыёзнай зямельнай рэформы далёка не вычэрпвалася тэарэтычнымі палажэннямі адзначаных дакументаў30.
Зямельная рэформа Жыгімонта Аўгуста закранула не толькі воласці, г. зн. абшары сялянскіх, уладальніцкіх і дзяржаўных зямель, што выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы, лясоў, пусташаў і г.д., але і землі, якія належалі насельніцтву гарадоў, мяшчанам. Па назіраннях Уладзіміра Пічэты, „…волочное измерение городской площади коснулось только городов, еще не имевших магдебургского права“31, г. зн. зямель Менска гэта, у прынцыпе, не павінна было закранаць, аднак гэты ж аўтар далей указвае на разнастайнасць праблем і пытанняў, якія паўставалі перад каралеўскімі рэвізорамі ў час рэалізацыі Валочнай памеры.
Літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, прыйшлі да высновы, што „складанне праектных планаў гарадоў або іх эскізаў у Вялікім Княстве Літоўскім было пачата ў сувязі з будаўніцтвам новых або перабудовай ужо існуючых гарадоў і мястэчак у час правядзення Валочнай рэформы ў сярэдзіне XVI ст. Такім чынам, рэвізоры і каморнікі, якія ў адзначаных месцах вымяралі валокі, могуць прызнавацца аўтарамі праектных планаў і эскізаў канкрэтных гарадоў і мястэчак“32. Так, напрыклад, Войцэх Дзевялтоўскі, які „вымяраў на валокі“ ў 1550 г. Расенскую воласць33, прызнаецца адным з аўтараў праекта рэканструкцыі мястэчка Баганяй34, а Якуб Лашкоўскі, які „вымяраў на валокі… Палангаўскую дзяржаву“, атрымаў у 1566 г. „Загад… засадити местечко (Полангу) …и пляцы ку будованью и волоки тому месту розмерити“35, што і было ім выканана.
Як сведчаць згаданыя дакументы, у Менску пачатку 1570–х і ў канцы 1580–х г. гаспадарскія рэвізоры таксама вялі работы па „розмеренню пляцов“ і „назначенню места …для будовання домов…“, аднак уласна „праектны план“ горада быў, несумненна, складзены значна раней, пра што сведчаць ужо некаторыя фразы каралеўскай граматы 1571 г. (гл. вышэй). Грамата 1589 г., адрасаваная „Юру Радзивилу“, не толькі пацвярджае, што „рэвізоры“ канца 1580–х г. кіраваліся менавіта гэтым, раней складзеным, „планам“, але і прама ўказвае, што шукаць аўтараў гэтага плана неабходна сярод „…перъшихъ ревизоровъ от продка нашого …Жикгимонта Августа высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых улицъ…“.
Абапіраючыся на выдадзеныя да 2005 г. дакументы Літоўскай Метрыкі, мы можам назваць толькі аднаго „каралеўскага рэвізора“, „засланного“ ў Менск у часы Жыгімонта Аўгуста. Больш за тое, ён прыязджаў у Менск якраз у год завяршэння дзесяцігадовай „налоговай ільготы“ (1547—1557) і па справах, непасрэдна звязаных з землямернымі работамі.
Восенню 1557 г. у Менск прыехаў „…его королевское милости секретаръ, державца Скирстомонский и Росенский Венцлав Миколаевич…“. Яго прыезд быў выкліканы неабходнасцю аднаўлення „знешніх“ межаў гарадскіх зямель — г.зн. той трохмільнай тэрыторыі вакол Менска, якая была зацверджана яшчэ прывілеем 1499 г. Дакументы, што апісвалі і зацвярджалі гэтыя межы, згарэлі пры пажары 1547 г., і навакольная шляхта ўсё часцей захоплівала памежныя ўчасткі зямель, якія належалі гораду36.
Акт датаваны 2 кастрычніка 1557 г., г. зн. сам працэс „аб’езду“ і апісання межаў37 быў, мабыць, пачаты яшчэ ў верасні. Колькі ўсяго часу знаходзіўся Венцлаў Мікалаевіч у Менску ў гэты свой прыезд, дакладна невядома. Аднак можна меркаваць, што не менш за чатыры месяцы, таму што „устава подводная“, якая ўпамінаецца ў прэамбуле дакумента, была ім выдадзена „Месту Менскoму“ толькі 4 студзеня 1558 г.38
Гэтыя два дакументы, што не ўпамінаюцца ў даследаваннях Ежы Ахманьскага39, Міколаса Рочкі40 і Егідыюса Рымшы41, дазваляюць дадаць яшчэ дзве даты да скупой і ўрыўкавай дакументальнай канвы біяграфіі Венцлава Мікалаевіча, якая прасочана гэтымі аўтарамі ў рамках гіпотэзы аб тоеснасці Венцлава Мікалаевіча і Міхалона Літвіна, упершыню выказанай Ежы Ахманьскім яшчэ ў першай палове 1970–х г.42 Па назіраннях Ежы Ахманьскага, комплекс агульных рысаў і фактаў біяграфіі ў аўтара „Трактата…“ і Венцлава Мікалаевіча ўключае, у прыватнасці, такія, як: універсітэцкая адукацыя (В.М. — Кракаў); веданне лацінскай, „рускай” (старабеларускай) і літоўскай моў ды права; шматгадовая работа ў вялікакняскай канцылярыі (В.М. — 26 гадоў); дастаткова цесныя сувязі з вялікакняскім дваром; нарэшце, неаднаразовы ўдзел у важных дыпламатычных місіях (В.М.— пасольства ў Маскву і ў Крым, перамовы з маскоўскімі пасламі ў Любліне ў 1554 г.) і г.д.43
Уведзеная ў навуковы зварот каля трыццаці гадоў назад гіпотэза Е.Ахманьскага ў цяперашні час набыла статус навуковай канцэпцыі, якая практычна нікім не аспрэчвалася і падмацоўваецца дастатковай колькасцю ўскосных доказаў44. Згодна з высновай даследчыка, Венцлаў Мікалаевіч „…у якасці аўтара трактата „De moribus…“ уяўляецца выдатнай па сваім разумовым кругаглядзе фігурай. Ён быў адным з найбольш адукаваных людзей сваёй эпохі ў Літве, адным з першых гуманістаў з шырокім кругаглядам …“45.
Нават вельмі скупыя факты яго біяграфіі46, узятыя ў кантэксце прыведзенай вышэй характарыстыкі і падмацаваныя фактам яго знаходжання ў Менску ў канцы 1557 — пачатку 1558 г. у якасці гаспадарскага рэвізора па ўрэгуляванні межаў гарадскіх зямель, дазваляюць бачыць у Венцлаве Мікалаевічы найбольш верагоднага аўтара першага перапланавання Менска — гэтай унікальнай для дадзенага рэгіёну і часу „праектнай прапановы“. Ні храналогія вядомых нам гістарычных падзей, якія датычацца ўнутранага жыцця Менска другой паловы XVI ст., ні вынік аналізу вядомых нам дакументальных звестак аб ходзе перапланавання горада 1571—1600 г. (гл. вышэй) не супярэчаць гэтаму сцвярджэнню 47.
1 Упершыню надрукавана ў:
Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные
Археографической комиссией. Т. 1. С.–Петербург, 1846. С. 187—189. Цытуецца па:
Беларускі архiў. Т. 3. Менскія акты. Менск, 1930. С. 3—5. Мяркуючы па агаворцы
ў тэксце граматы „…в месте вышей речоном Меньском войтовъство знову вставъляем
…“ (аналагічная агаворка ёсць і ў тэксце Полацкага прывілею 1498 г.) Менск, як і
Полацк, належаў да ліку тых гарадоў, якія, на думку Юліуша Бардаха, „атрымалі
гарадскую юрысдыкцыю раней, але яна не замацавалася“ (гл. Бардах Ю. Штудыi з
гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. Менск, 2002. С. 119). Відавочна, што
Менск і Полацк атрымалі магдэбургскае права яшчэ ад Казіміра Ягайлавіча, г.зн.,
у 1450—1480–я г.
2 Гл.: Пичета В.И. Аграрная
реформа Сигизмунда–Августа в Литовско–Русском государстве. Москва, 1958. С.
434, 456 і інш.
3 Пичета В.И. Цыт. праца.
С. 143—147. Гл. таксама: Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мінск, 1997. С.
52—53.
4 „Міля“ ў сістэме мераў
ВКЛ раўнялася „пяці верстам“ (798 сажань) — г. зн. складала прыкладна 7,8 км
(гл.: Гольштейн С.М. Польско–литовские древности. С.–Петербург, 1913. С. 136;
Скурат К.У. Даўнiя беларускiя меры. Мінск, 1974. С. 43). Такім чынам, радыус у
„тры мілі“ адпавядаў прыкладна 23 км. Можна таксама меркаваць, что гэта быў на
самай справе „радыус“ — г.зн. адлегласць бралася не ад „мяжы“ горада, якая
маглa мяняцца, а ад нейкай умоўнай кропкі, якая прыкладна адпавядала яго
„цэнтру“.
5 Пичета В.И. Цыт. праца.
С. 68. Падрабязней пра гандлёвыя шляхі Мінскага рэгіёну гл.: Боровой Р.В.
Историческая топография древнего Минска: Обзор источников и современное
состояние проблемы // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск, 1997. № 12. С.
31—41.
6 Хроника Литовская и
Жемойтская // ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 101; Хроника Быховца // ПСРЛ. Т.
32. Москва, 1975. С. 170.
7 Магчыма, у ваколіцах
Менска маскоўскае войска пабывала і ў 1535 г. Гл.: Акты Западной Росии. Т. 2. С.–Петербург,
1848. С. 23; Кром М.М. Между Русью и Литвой. Москва, 1995. С. 125, 186, 189,
196.
8 Гл.: Довнар–Запольский
М.В. Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах.
Т.1. Киев, 1901. Приложения ССXXII—XXXIV — „Мыто менское“: 1509 г. — 300 „коп
грошей; 1519 г. — 150 к.г.; 1525 г. — 450 к.г.; 1532 г. — 550 к.г.; 1553 г. —
15000 к.г.; 1563 г. — 2200 к.г.; 1571 г. — 2630 к.г.
9 Гл.: Боровой Р.В. Минские
древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам // Гiстарычна–археалагiчны
зборнiк // Мінск, 2000. № 15. С. 128—131.
10 Гл.: Боровой Р.В.
Историческая топография древнего Минска.
11 Фармулёўка „того лета
прошлого …“ можа разумецца двухсэнсава (1546 або 1547 г.), але ўлічваючы тыя
абставіны, што такія прашэнні (гл. ніжэй) падаюць па гарачых слядах, а не праз
год з лішнім (час і месца выдачы граматы: „21 кастрычніка, Вільня“), пажар
трэба аднесці менавіта да лета 1547 г.
12 Хаця Жыгімонт I
(„Стары“) памёр толькі 1.04.1548, граматы Жыгімонта Аўгуста з тытулам
„…кароль …Вялікі князь…“ сустракаюцца ўжо у пачатку 1547 г. (Гл.:
Daniłowicz J. Skarbiec diplomatów. T. 2. Wilno. 1862. № 2344. №
2345. Тытулатура гэтых грамат абапіраецца, мабыць, на акт яго фармальнага
выбрання і каранацыі ў канцы 1529 — пачатку 1530 г., а таксама на тыя
абставіны, што ён фактычна правіў ВКЛ ужо з 1544 г.
13 Беларускi архiў. Т. 3. №
17. С. 14—15. „ …Били намъ чоломъ подданые наши, войть и вси мещане места
Менского, о томъ, ижъ што того лета прошлого, з божьего допущенья, замокъ нашъ
Менский и место Менское, зо всими маетностьями их, подданыхъ нашихъ, погорело,
и для того они к немалому впаду пришли и подачокъ нашихъ не могуть пополнити
<…> Ино мы, бачечи на тое згоренье и на впад, и на шкоду ихъ, …даемъ имъ
воли на десять годъ, то есть от м–ца сентябра первого дня, который былъ в року
лета божьего нароженья тисеча пятьсотъ чотырдесятъ семомъ от инъдикта шостого,
ажъ до десяти год, до того жъ м–ца сентябра первого дня до инъдикта первого,
што будеть в року пятдесятъ шостомъ. И в тую десять годъ вызволяемъ ихъ от
серебъщины и от ордынъщины и от капъщины медовое и пивное, и горелковое, и от
инъшихъ подачокъ… <…> Нижли в которых мещанъ домовъ и маетности в замъку
не было, ани тежъ в месте домы ихъ з маетъностями ихъ не погорели, — таковымъ
воли не даемъ, и от жадных подачокъ и повинъностей ихъ не вызволяемъ. <…>
14 Акты Южной и Западной
России. Т. 1. С.–Петербург, 1836. С. 135—137; Беларускi архiў. Т. 3. № 19. С.
16—18.
15 Беларускi архiў. Т. 3. №
23. С. 27—31.
16 Беларускi архiў. Т. 3. №
24. С. 31—33.
17 Хаця Менск і не панёс
непасрэдных стратаў ад ваенных дзеянняў у ходзе Інфлянцкай вайны, таму што
запланаваны рэйд маскоўскага войска ў напрамку Менск — Наваградак (1564) не
адбыўся, але горад праз сваё геаграфічнае размяшчэнне сапраўды быў асноўным
месцам збору войскаў, з’ездаў вышэйшых ваенных і грамадзянскіх чыноў ВКЛ, а
таксама адным з пунктаў прыпынку шматлікіх пасольстваў і ганцоў.
18 Гл.: Борисенко Е.П.,
Пасецкий В.М. Тысячелетняя летопись необычных явлений природы. Москва, 1988.
Приложения (XVI в.); Бараш С.И. История неурожаев в Европе. Москва, 1989. С.
204—207.
19 „<…> Били намъ
чоломъ бурмистры, радцы и вси мещане места нашого Менского и поведили перед
нами, ижъ от немалого часу, яко з непиятелемъ нашимъ княземъ великимъ
Московскимъ валка почалася, гетмани и войски наши, и послы наши через место
тамошнее Менское часто–крот хоживали, и люд нашъ служебный, немалый час
уставичне тамъ у нихъ мешкаючи, великие трудности имъ задавалъ, для чого на
маетностяъ своихъ знищене немалое приняли. А к тому тепер, з расказанья нашого,
порадокъ в месте тамошнемъ чинечи, домы свои знову на инъшие местца переносят и
будують, звалаща от пана бога великимъ неврожаемъ от колка лет скарани будучи,
просили, абыхмо ласку нашу гдръскую учинили…“ (Літ. Метр. Кн. зап. № 50
адв.—346 адв. У заўвагах складальнік адзначае, што „Такі ж акт запісаны ў Кн.
зап. № 51 л. 280—181 з датай 1581 г. 10 лют.“).
20 Беларускi архiў. Т. 3. №
30. С. 37—38: „Лист, писаный до его милости князя Юря кардынала Радивила,
бискупа Виленского, абы мещане Меньские костелные для порадного будованья тому
месту домы свои, которые бы были на перешкоде будованью места, зносили альбо
отъмену отъ ревизоровъ брали за пляцы свои“.
„<…> Ознаймуемъ твоей милости,
ижъ хотечи мы то мети, абы в месте нашомъ Меньскомъ зачатый порадокъ перъшихъ
ревизоровъ отъ продка нашого славъное памети короля его милости Жикгимонъта
Августа, высыланыхъ зъ стороны перенесеня на инъшое местъце рынъку и некоторых
улицъ и порадъного будованья домовъ в томъ месте Меньскомъ, пристойне
сконьчитисе моглъ, и тежъ для выведанья, яко шкоды скаръбу нашого, в чомъ бы се
отъ кого не деела, такъ тежъ кривдъ подданыхъ и для поровънанья всякихъ инъшихъ
розницъ, которые бы се одъно в томъ месте Меньскомъ показати могли, зъсылаемъ
тамъ до места Меньского равизоръми маръшалъка нашого старосту Меньского, писара
замъковъ и волостей наших украинъныхъ рускихъ, пана Дмитра Скумина, а воеводича
берестейского Марътина Тишкевича Логойского, росказавъши имъ обо все науку, яко
се тамъ на той ревизыи справовати и заховати мають, на инъструкъцыи с
канъцляреи нашое дати.
А ижъ маемъ того ведомость, же в томъ
месте Меньскомъ немало подданыхъ костельныхъ плебании Меньское межи мещаны
Меньскими домами своими непорадъне седять, за чимъ тотъ зачатый порадокъ
селенья домовъ и переношенья рынъку и улицъ пристойне отъправоватисе не
можеть, — про то хочемъ мети, абы твоя милость через листъ свой плебану
Менскому росказалъ, ижъ бы онъ всимъ таковымъ подъданымъ костела католицъкого с
тыхъ пляцовъ, которые бы на перешкоде будованью места были, за росказаньемъ
тыхъ ревизоровъ нашихъ прочъ зноситисе, и за тые пляцы и кгрунты свои отъмену,
отъ тыхъ же ревизоровъ указаную, брати и приймовати велели, никоторого в томъ
спротивеньства тым паномъ ревизоромъ нашимъ не чинечи, яко бы се тымъ жадъное
затрудъненье и переказы порадъному селенью и будованью места нашого Меньского
не деяло.
Писанъ у Городъне, лета божого
нароженья тисеча пятьсотъ осмъдесятъ девятого, м–ца генъвара петънадъцатого дня“.
21 Тышкевiч Дзiмiтр
Скумiн, з 1588 г. пiсар дваровы гаспадарскi (да 1609 г.) i стараста менскi
(да 1592 г.). Гл.: Urzędnicy centralni i dostojnici Wielkiego
Księstwa Litewskiego. XIV—XVIII w. Spisy. Kórnik. 1994. S. 245;
Тышкевiч
Марцiн (Лагойскi), з 1582 г. войт менскi
(Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Вып. 1. Мінск, 2003. С. 552).
22 Беларускі архіў. Т. 3. №
31. С. 38—39: „Лист, писаный до ревизоров пана Дмитра Скумина а пана Мартина
Тишкевича, абы до Меньска зъехавъши и для будованя домовъ месту Меньскому
местце назначили и пляцы розмерили“.
23 „<…> Маючи мы о
томъ ведомость, ижъ в месте нашомъ Меньскомъ великий се непорадокъ дееть:
многие подъданые наши, мешане Меньские, угелаючи повинъностей местъскихъ, подъ
моцъ и послушеньство князей, пановъ духовъных и шляхтъ з домами, пляцами и
кгрунътами нашими местъскими задаються. Ку тому немало кгрунътовъ нашихъ отъ
того староства Меньского и тежъ отъ костела католицъкого, монастыровъ и церквей
закону греческого через князей, пановъ шляхту забрано. <…> О чомъ всемъ
хотечи мы достаточънейшую ведомость мети и таковыхъ непорадъковъ и
сволволеньства погамовати, — хочемъ мети и приказуемъ вамъ, абы есте до того
места Меньского ревизоры зъехавъши, того досмотрели, яко всякие непорадъки и
розъницы, в чомъ бы ся межи паны шляхътою, а местомъ Менским деели, —
поровънали и померъковали… водлугъ инъструкъцеи и науки, вамъ в столу с
канъцляреи нашое даное“.
24 Беларускi архiў. Менск,
1930. Т. 3. № 34. С. 42—47.
25 НГА Беларусi. Ф. 1727.
Воп. 1. Адз. зах. 1. Арк. 336—338 адв. Гл. таксама: Боровой Р.В. Минские
древности: „Старый город“ средневекового Минска по письменным источникам…“.
26 Знешняя лінія
ўмацаванняў, акрамя толькі абарончых функцый, з’яўлялася таксама нейкай
„метафізічнай канстантай“ ранне– і, часткова, познесярэднявечнага еўрапейскага
горада. Лінія ўмацаванняў уяўляла сабой таксама свайго роду „нясучы каркас“ для
планавання — г.зн. была адным з асноўных элементаў усялякага „новага“ плана
горада, асабліва на „праектнай стадыі“. Несумненна, такую ж ролю гэта „лінія“
іграла і ў новым плане Менска. Аднак на практыцы з–за расцягнутасці (больш чым
на паўстагоддзя) працэсу ажыццяўлення гэтага плана, што выклікала (за сабой)
„маральнае старэнне“ гэтых умацаванняў, яны, мабыць, так і не былі выкананы на
ўсім працягу і ў прадугледжаным праектам аб’еме. У дакументах 1620 — 1630–х г.
неаднойчы ўпамінаецца пра неабходнасць завяршыць звязаныя з гэтым земляныя
работы, адсутнасць сродкаў, нежаданне жыхароў горада выконваць натуральныя
павіннасці (земляныя работы, возніцтва) і г.д. Валы, відаць, былі насыпаны
вельмі нізкія, бастыёны таксама не былі даведзены да прадугледжанага праектам
„абарончага“ стану. Аднак, калі не ў ваенных, то ў побытавых адносінах, горад
усё ж меў нейкую „лінію“, што аддзяляла яго ад навакольнай прасторы, таму што ў
дакументах XVII ст. упамінаецца некалькі „брамаў“. Так, напрыклад, пад 1649 г.
упамінаецца „дом… пры браме Юр’еўскай…“, у 1653 г. — „ніва... за брамай
Койданаўскай“, адзін раз упамінаецца і „брама Лошыцкая“ (часцей за ўсё ў
дакументах першай паловы XVII ст. упамінаецца брама Койданаўская).
27 Да ліку гэтых вуліц
адносяцца (існуюць і цяпер) — Інтэрнацыянальная (да сярэдзіны XIX ст. яе частка
на ўсход ад плошчы Свабоды называлася Валоскай, а на захад — Зборавай;
Рэвалюцыйная (Койданаўская); Энгельса (Дамініканская); Леніна (Францысканская
або Лошыцкая); Камсамольская (Феліцыянская). Не існуюць у наш час вуліцы: Школьная
(спуск з плошчы Свабоды да Нямігі ўздоўж сучаснага будынка „Белпрампраекта“) і
Юр’еўская (праходзіла прыкладна паралельна праспекту Скарыны, ад Палаца
прафсаюзаў да сучаснай вуліцы Леніна).
28 Беларускі архіў. Т. 3. №
19. С. 16—18.
29 Можна меркаваць, што
падставамі з’яўлення „Подтвердительного привилея“ менавіта ў 1569 г. быў факт
заснавання на Віленскім сойме 1565—66 г., у ліку іншых, Менскага ваяводства. У
выніку гэтага горад атрымаў, замест вялікакняскіх намеснікаў (пасада з
няпэўнымі паўнамоцтвамі і абавязкамі, якая часта была вакантная на 10, 15 і
нават 40 гадоў — гл. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa
Litewskiego. Kraków, 1885. S. 25), ваяводу і кашталяна. Гэтыя пасады
маглі пуставаць толькі ў сувязі з якімі–небудзь надзвычайнымі абставінамі, а
паўнамоцтвы (г. зн. і асабістыя інтарэсы) у адносінах да горада і гараджан у
новых уладаў былі значна шырэйшыя, і мяшчане, відаць, хацелі падстрахавацца.
Магчымая таксама сувязь гэтага прывілею з рэвізіяй вялікакняскіх уладанняў,
якая адбывалася ў 1569 г.
30 Гл. Пичета В.И. Аграрная
реформа Сигизмунда–Августа. С. 186—190, 203—228, 424—430 і інш.
31 Тамсама. С. 203.
32 Мишкинис А., Балюлис А.
Планы городов и местечек Литвы, составленные до 1800 г. // Научные труды вузов
Лит. ССР. Градостроительство и районная планировка. Градостроительство и
формирование окружающей среды. Вильнюс, 1986. С. 140.
33 Пичета В.И. Аграрная
реформа… С. 240.
34 Мишкинис А. Балюлис А.
Планы городов... С. 140—141.
35 Пичета В.И. Аграрная
реформа… С. 242.
36 Беларускі архіў. Т. 3. №
20. С. 18—23: „<…> З росказанья господара короля его милости и великого
князя Жыкгимонта Августа, его королевское милости секретаръ, державца
Скирстомонский и Росенский, Венцлав Миколаевич, будучи зесланым до места
господарьского Менского для ревидованья кгрунътов, земль, поль, сеножати и бору
господаръского, которого мещане Менские его королевское милости права местского
Майдеборского держать и ужывают, щого они до скарбу господарьского поплат
давать, то есть пенези подводные такъ же и стацыями послов и гонцов
господарских и чужоземских подыймоват повинны, <…> с тое прычыны, ижъ
прывилия и листы ревизыйные, тым мещаном господарьским наданые, в которых были
меновите описаны границы тых кгрунтов их, в городе Менском, з допущеня божего,
дей погорели, а князи, бояре повету Менского старожитные границы тых
кгрунтов их псують и некоторые земли, сеножати и боры, кгрунты господарские
местские до дворов именей своих заходят. Ино я секретар для поданья уставы тому
месту Менскому за пенези подводные и змену тых подвод, такъ же выписанья
границ кгрунтов господарьских, месту Менскому належачых, зосланый от его
милости господара короля будучи, тогда есми з маршалком господарьскимъ
старостою и войтомъ Менскимъ паном Васильем Тишъкевичомъ, маючы зъ собою бояр
господарьских тогож повету Минского: князя Ивана Домонта, пана Петра Пятевича,
пана Томка Рецгесевича, а пана Павла Тишу — лентвойта Менского, а пры насъ
мещане господарьские Менские, маючы зъ собою подданых митропольих, замковых и
манастырских, также князских, боярских, в месте Менском мешкаючих и людей
околичных, суседей розных панов, ведомцов тых границ, немало показовали границы
свои кгрунтов господарьских, местских, где а в котором месте которое врочищо
от их кгрунтов делять кгрунты князей, панов и бояр повету Менского. <…>
<…> За высланьемъ господарским,
на сем лист мой ревизорский мещаномъ господарским Менским права Майдеборского
дал есми, под печатью моею и с подписом руки моее.
Писан у Менску, лета божого нароженя
тысеча пятсот петдесят семого, месяца октебра второго дня.
У того листу граничного печать прытистненая
одна. А подпис руки писъмом руским тыми словы: Венцлав секретар“.
37 Падрабязней пра
практычнае ажыццяўленне гэтага мерапрыемства гл.: Боровой Р.В. Историческая
топография древнего Минска. С. 34—35.
38 Беларускі архіў. Т. 3. №
47. С. 72—75. „<…> З росказаня господара его милости короля и великого
князя Жикгимонта Августа, за его господарьское милости, секретаръ, державца
Скирстомонский и Росенский Венцлав Миколаевич, посланый отъ его милости з
уставою новою на подводы по местомъ и волостямъ Великого Князства, дал есми у
Менску мещаномъ уставу тую подводную, з выроку его милости господарского
выписаную. <…>
<…> На то выпис сей под печатью
моею дан там у Менску, року тисеча пятьсотъ пятьдесятъ осмого, генвара
четвертого.
У тое уставы печать притисненая, и на
другой стороне написано тыми словы: Выписъ уставы господарьское на подводы
месту Менскому мещанамъ всимъ, яко господарьским, такъ и тым, чии колвек в
месте том, або на передместьи мешкают <…>“.
39 Ochmański J.
Michalon Litwin i jego traktat o zwyczajach tatarów, litwinów i
moskwicinów z polowy XVI w. // Kwartalnik Historyczny. 1976. № 4. S.
765—783; Охманьский Е. Михалон Литвин и его трактат „О нравах татар, литовцев и
москвитян“ середины XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV—XVIII вв. Москва,
1979. С. 97—117.
40 Ročka М. Mykolas
Lietuvis. Vilnius, 1988.
41 Rimša E. Venclovas
Agripa ir jo gimine (1: Kilme ir pirmtakai; 2: Agripu gimine) // Lietuvos TSR
Mokslu Akademijos darbai. Ser. 1986. N. 1. (94). P. 63—75; N. 2 (95). Р. 72—83.
42 Ochmański J.
Michalon Litwin…
43 Охманьский Е. Михалон
Литвин… С. 111—112.
44 Гл.: Михалон Литвин. О
нравах татар, литовцев и московитян / Пер. В.И. Матузовой; отв. ред. А.Л.
Хорошкевич. Москва, 1994. С. 6—55.
45 Охманьский Е. Михалон
Литвин… С. 115.
46 Гл. згаданыя працы Е.
Ахманьскага, М. Рочкі і Е. Рымшы.
47 На наш погляд, існуючыя
гістарычныя крыніцы, пры ўмове выкарыстання пэўнай метадалогіі, дазваляюць
рэканструяваць хаця б найбольш яўныя і бясспрэчныя адметнасці гэтага першага
„генеральнага плана Менска“, зразумела, у яго „ідэальным“ (праектным) выглядзе.
Гэтае пытанне аўтар плануе разгледзець у асобным артыкуле.