АНТОН ЛУЦКЕВІЧ. Да
гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. Укладанне, прадмова, каментар,
анатаваны індэкс імёнаў АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
287 с.
Ідэолаг,
палітык–практык, нацыянальны асветнік — гэтая буйная фігура гісторыі Беларусі
пасля працяглага забыцця, прапагандысцкага шальмавання як «буржуазнага
нацыяналіста», нават «нацыянал–фашыста» (выкрывальных інвектыў не пералічыць)
вернута ў грамадзянскае і творчае жыццё Беларусі. Узрастае ўвага да імёнаў
Луцкевічаў з боку гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, іншых рупліўцаў
новага кірунку ў беларускай гуманістыцы — луцкевічазнаўства. Антону
Луцкевічу адведзены спецыяльны раздзел у найноўшым 4–тамовым акадэмічным
выданні па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.1 Несумненным унёскам у
гэты кірунак з’яўляецца і ўступны (не ва ўсім бясспрэчны, пра што ніжэй)
артыкул укладальніка рэцэнзаванага выдання Анатоля Сідарэвіча «Антон Луцкевіч
і гісторыя беларускага руху». У ім дэтальна разгледжана і роля Луцкевіча ў
беларускім руху, і асвятленне гэтай праблемы ім самім у сваіх працах. Вышэй
усялякай пахвалы вывераны каментар і анатаваны паказнік імёнаў, якія істотна
дапаўняюць і ўзбагачаюць змест кнігі.
Сам
збор твораў А.Луцкевіча пачынаецца артыкулам «Беларусы» («Формы национальных
движений в современном мире», С.–Петербург, 1909) — напэўна, першай у легальным
расійскім друку спробай канцэптуальнага асэнсавання гістарычна–этнічнай
своеасаблівасці народа, характару беларускага руху ў яго палітычнай і
культурна–асветніцкай праявах, такіх як дзейнасць БСГ, газет «Наша Доля», «Наша
Ніва», выдавецкіх таварыстваў, моладзевых гурткоў; імкненне да змякчэння асіміляцыйнага
ціску на беларусаў казённай школы, царкоўных (праваслаўных і каталіцкіх)
інстытуцый, інакш кажучы, двух фактараў, што супрацьдзейнічаюць нацыянальнаму
адраджэнню — «штучнай русіфікацыі і паланізацыі» (40). У тым жа артыкуле
падаецца накід «палітычнага ідэалу» вызваленчага руху, які абумоўлены задачай
нацыянальнага самавызначэння Беларусі, пачаткова ў форме «мясцовага сойму ў
суадносінах з агульнарасійскім парламентам» (37).
Стрыжнёвая
ідэя самавызначэння, узбагачаная практыкай наступных гадоў, развітая ў іншых
працах, пададзеных у кнізе: «На дарозе да новага жыцця» (1912), «Наш шлях»
(1913), «Краёвае становішча» (1914), «Эканамічная эвалюцыя» (1917), нарэшце, «Палітычныя
лёзунгі беларускага руху» (1920). У апошняй з пералічаных публікацый прасочана
эвалюцыя нацыянальнай палітычный думкі і практыкі ў драматычным супрацьстаянні
расійска–самадзяржаўнаму, ліберальнаму (Часоваму ўраду Керанскага), а таксама
бальшавіцкаму цэнтралізму, дадзены скончаны выклад незалежніцкага ідэалу, які
ўвасобіўся ў абвяшчэнні БНР, што цяпер успрымаецца намі не толькі як
найбуйнейшы факт, але дзейсны фактар найноўшай гісторыі Беларусі: «Акт 25
сакавіка 1918 года — гэта найбольш яркае і поўнае ўвасабленне беларускай палітычнай
думкі, што прайшла за пятнаццаць год усе этапы развіцця. Гэта — апошняе слова
беларускай ідэалогіі, штандар, пад якім ідзе беларускі народ да заваявання
сапраўднай свабоды. Далейшая палітычная праца беларусаў — гэта ўжо праца па
рэалізацыі незалежніцкага ідэалу. Ці здзейсніцца гэты ідэал і ў якой ступені,
ці складзе Беларусь цалкам незалежную дзяржаўную адзінку або будзе звязана
федэратыўным саюзам з сваімі суседзямі і ў сваёй палітычнай арыентацыі пойдзе
на Ўсход або на Захад, да Балтыйскага або Чорнага мора — гэта пытанні, якія
могуць быць развязаныя толькі самім жыццём, у залежнасці ад унутранай сілы
беларускага народа і агульнай палітычнай кан’юктуры на Ўсходзе Еўропы» (86).
У
кнізе дамінуе «ўсходні», а дакладней расійскі, фактар знешняга кантэксту
самавызначальных высілкаў Беларусі. Між тым не менш адчувальны і «заходні»,
польскі фактар, таксама адлюстраваны ў палітычнай спадчыне аўтара. Узгадаем
хоць бы яго брашуру (не ўвайшла ў дадзены зборнік), выдадзеную па гарачых
слядах «вызвольнага» паходу начальніка Польшчы Юзафа Пілсудскага на «ўсходнія
крэсы» ў 1919—20 г., у якой адлюстраваны жахлівыя факты яго акупацыйнай
палітыкі2.
Закранутыя
вышэй пытанні абагульнена пададзены Луцкевічам у нарысе–ўспаміне «За дваццаць гадоў»
(1929), які быў напісаны ў час знаходжання за кратамі. У ім паказана панарама
палітычнага (падрабязна выкладзены праграмныя ўстаноўкі і практыкі БСГ) і
нацыянальна–культурнага руху ў першай чвэрці ХХ ст. (141—164). Ва ўспаміне
адлюстраваны многія фігуранты вызваленчага працэсу — В.Іваноўскі, А.Бурбіс,
Цётка (Э.Пашкевіч), А.Уласаў, Я.Лёсік, К.Езавітаў, В.Ластоўскі, Б.Тарашкевіч,
А.Смоліч і, у прыватнасці, І.Луцкевіч як галоўны інспіратар і арганізатар
многіх ключавых пачынанняў дзеячоў адраджэння. Яму, Луцкевічу–старэйшаму,
згасламу ад сухотаў у няпоўныя сорак, прысвечана асобная публікацыя «Жыццё і
праца Івана Луцкевіча» (1920, 87—101).
Шмат
іншых фактаў, падзеяў, асобаў беларускай вызваленчай легенды адлюстравана ў
нататках і артыкулах «25 марца 1918 г…» (1921), «Наша Ніва» (1926), «Роля
моладзі ў пачатках адраджэнчага руху» (1927) і «Палітычны працэс Якуба Коласа…»
(пра ўдзел будучага народнага паэта ў рэвалюцыйным руху беларускіх настаўнікаў
у 1905—1906 г.). «Прысутнасць» Якуба Коласа ў зборніку адразу наводзіць на
думку пра яшчэ адну, даволі значную і праніклівую працу Луцкевіча, прысвечаную
магутнай, вяршыннай асобе беларускага творчага духу — «Янка Купала як прарок
нацыянальнага адраджэння» (1932). Можна толькі шкадаваць пра адсутнасць у кнізе
дадзенага артыкула. Тым больш, што ён годна замяніў бы ў зборніку асобныя, менш
значныя тэксты, ніколькі не парушаючы, а наадворот узмацняючы, праясняючы
агульную гістарычную канву беларускага вызваленчага руху.
У
дзвюх іншых працах пададзены тэарэтычныя погляды аўтара па нацыянальным пытанні
(«Дэмакрацыя, пралетарыят і нацыянальнае пытанне» (1923), «Нацыянальнае пытанне
і пралетарыят» (1924), у якіх выказана салідарнасць з вядомым выказваннем
Ф.Энгельса (ліст да К.Каўцкага ад 7 лютага 1882 г.) пра незаменнае значэнне
нацыянальных рухаў для міжнароднай лучнасці пралетарыяту, магчымай «толькі
паміж незалежнымі нацыямі» (117).
У
кнізе прадстаўлена галоўным чынам палітычная частка творчасці А.Луцкевіча, якая
адлюстравала, у той ці іншай ступені, і іншыя гістарычна–культурныя,
літаратурныя, школьна–адукацыйныя і рэлігійныя аспекты беларускага руху.
Давяршаюць
выданне паказанні Луцкевіча, якія былі запісаныя пры яго допытах у вязніцы
НКУС (кастрычнік, лістапад 1939). Па сутнасці — гэта суровая, мужная
справаздача–споведзь за пройдзены шматгадовы драматычны шлях чалавека, які
застаўся паслядоўны ў служэнні ідэі, радзіме і народу. Абвінавачванні ў
контррэвалюцыйнасці, у супрацоўніцтве з польскай разведкай падследны, наколькі
было ў яго магчымасцях, рашуча і адназначна адхіліў (237—238). Нікога пры
гэтым, як адзначана ў прадмове, не абгаварыў і не «заклаў».
Грунтоўнасці
ўводнага артыкула і каментарам складальніка кнігі належнае ўжо аддадзена. Тым
не менш, некаторыя праўкі і ўдакладненні напрошваюцца самі па сабе.
Так,
канферэнцыя сацыялістычных рэвалюцыйных партый расійскай дзяржавы з удзелам
прадстаўнікоў БСГ (І.Луцкевіча) праходзіла ў Фінляндыі не ў 1907 г. (258,
спасылка 34), а на пачатку 1905 г. На ёй, паміж іншага, у сумеснай дэкларацыі
Польскай сацыялістычнай партыі і БСГ абвяшчалася неабходнасць «выдзялення
тэрыторыі гістарычнай Літвы (Літвы і Беларусі) разам з усімі нацыянальнасцямі,
што яе насяляюць, у асобны палітычны арганізм»3. Ці не быў гэта першы,
зафіксаваны ў друку, сігнал «самавызначэння» Беларусі?
Даволі
сумніўна, на наш погляд, «набілітаванне» А.Луцкевіча ў разрад марксістаў, хай і
артадаксальных (19, 21). Далёка не ўпэўнены, што з гэтым пагадзіўся б аўтар
пададзеных «Твораў», а тым больш стваральнікі «Камуністычнага маніфеста» або
«Дзяржавы і рэвалюцыі». Маючы на ўвазе стрыжнёвае ў марксізме рабочае,
«пралетарскае» пытанне ў яго сусветна–місійнай пастаноўцы, у якой пытанню
нацыянальнаму (для Луцкевіча, Луцкевічаў, іх паплечнікаў — першаснаму,
вызначальнаму над усімі іншымі) адводзілася, у лепшым выпадку, роля дапаможная
(Маркс, Энгельс), у горшым — выключна інструментальная, тактычная (Ленін,
бальшавізм), што абярнулася на практыцы звыклым валюнтарызмам і авантурызмам у
нацыянальнай палітыцы. М.Гарэцкі, удумлівы аналітык не толькі літаратурнага,
але ў значнай ступені ўсяго гістарычна–сацыяльнага працэсу ў Беларусі, пэўна,
не вельмі памыляўся, называючы А.Луцкевіча «нацыянальным рэвалюцыянерам»4. Наўрад ці можна
пагадзіцца з тым, што рэвалюцыйная сутнасць Луцкевічаў (палітычна–ідэалагічная
«злітнасць» абодвух братоў — вядомая аксіёма) абумоўлена карэнным
нацыянальна–вызваленчым інтарэсам беларускага народа, задачай аднаўлення
(адраджэння) ім уласнай дэмакратычнай дзяржавы і не мела нічога агульнага з
разбуральнай, «барыкаднай» ідэалогіяй, якая, мімікруючы пад марксізм, доўгія
дзесяцігоддзі панавала над лёсам Беларусі і не яе адной. Наступствы вядомыя.
Праўда, у іншым месцы (26, падрадкоўнік) і А.Сідарэвіч, нясмела, але
справядліва падымае пытанне пра нацыянальную рэвалюцыю ў прымяненні да
беларускага руху, нахіляючы сучасных гісторыкаў да асэнсавання дадзенай
праблемы. Гэтаму, дадамо ад сябе, немалыя падставы дае найноўшы корпус
крыніцазнаўчых публікацый — «Архівы
БНР» (Т. 1. Кн.1—2), тамы «Беларускай думкі», «Беларускі хрысціянскі рух ХХ
стагоддзя», «Слуцкі збройны чын 1920», выпускі «Знешняя палітыка Беларусі» і
г.д.
Не
бачым падстаў падазраваць А.Луцкевіча ў магчымым антысемітызме з–за
выкарыстання слова «жыд» у артыкулах «Аб жыдох». «Жыдоўскае пытанне ў нашым
пісьменстве» і інш. (21, падрадкоўнік). Дадзены сінонім здаўна замацаваўся ў
беларускай пісьмовай (гл. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т.10. С.28—29) і
гутарковай лексіцы, як і ў іншых славянскіх мовах. Ён не нясе
негатыўна–ацэначнага сэнсу. Да таго ж фактычны змест названых і іншых артыкулаў
аўтара (які карыстаўся дасавецкімі граматычнымі нормамі беларускай мовы)
паслядоўна вытрыманы ў духу ўзаемнай сімпатыі і салідарнасці беларускага і
яўрэйскага народаў у агульным вызваленчым працэсе. Варта ўзяць пад увагу і
асабісты момант у біяграфіі А.Луцкевіча, які пабраўся шлюбам ў 1919 г. з
яўрэйскай дзяўчынай Соф’яй Абрамовіч, выхаванкай Сарбоны, доктарам–педыятрам,
якая трагічна загінула праз дзесяць гадоў. У сужэнцаў было два сыны — Юры і
Лявон. Лявон Луцкевіч (памёр у 1997 г.) з годнасцю працягваў справу бацькі ў
якасці аднаго з лідэраў беларускай дыяспары ў Літве. Ён быў аўтарам
гістарычна–краязнаўчых нарысаў пра памятныя беларускія месціны ў Вільні5 — гэтага старажытнага
балта–славянскага горада. У ваколіцах «беларускіх Афін», на мемарыяльных могілках
Росы, у пачатку 90–х гадоў ХХ ст. быў усталяваны сімвалічны помнік Антону і
Івану Луцкевічам.
Увогуле
творчы фармат Антона Луцкевіча даволі абсяжны, і партыйна–палітычныя крытэрыі
асэнсавання даюць толькі частковае, далёка не поўнае ўяўленне пра гэтую неардынарную
постаць. Як і пра нашаніўскую, вырашальную для нацыянальнага абуджэння эпоху, у
якой яму давялося тварыць, адказаўшы на выклік Гісторыі да тутэйшага люду
забранай краіны («А хто там ідзе?...») ясна, неабвержна: «Беларусы». Іншая
справа, што хада беларуская Адвечным Шляхам пакуль не набыла патрэбнага
паскарэння, хоць яе імклівае скіраванасці ўжо нікому не спыніць. У гэтай
выснове і тоіцца, мабыць, асноўны аптымістычны ўрок трагічнага лёсу выбітнага
Беларуса.
Вяртаючыся
да кнігі, падкрэслім галоўнае — нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі
ўзбагацілася відавочным гістарыяграфічным набыткам, з чым яе прыхільнікаў
застаецца толькі павіншаваць.
Масква Аляксей Каўка
1
Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т.1. 1901—1927. Мінск,
1999. С.447—462.
2
Луцкевіч А. Польская акупацыя Беларусі. Вільня, 1920 (рэпрынт, Менск, 1992).
3
Przedświt. 1905. № 4—5. S. 176.
4
Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Очерк современной белорусской литературы
1905—1928. Минск, 1928. С.354.
5
Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.