Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў / Пад рэд. В.М.Лебедзевай . Гомель—Рэчыца: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2000. 293 с.

У зборнік увайшлі, як пазначаецца (2), найноўшыя матэрыялы і даследаванні архівістаў, гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, эканамістаў і правазнаўцаў Беларусі, Расіі, Украіны і Германіі, у тым ліку апрабаваныя на Першых і Другіх доўнараўскіх чытаннях у г. Рэчыцы (1997, 1999), а таксама частка эпісталярных дакументаў.

Кніга складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя — „М.В.Доўнар-Запольскі: навуковец і ХХ стагоддзе" і „Навуковая спадчына і традыцыя М.В.Доўнара-Запольскага" — утрымліваюць матэрыялы і даследаванні, а трэці — „З эпісталярнай спадчыны" — прысвечаны непасрэдна ліставанню Мітрафана Доўнара-Запольскага і змяшчае публікацыі яго лістоў. Трэба адзначыць, што ў зборнік не патрапілі ўсе матэрыялы ўдзельнікаў канферэнцый, а частка была апублікавана1.

У першы раздзел зборніка ўвайшлі даследаванні, пераважна прысвечаныя пэўным сюжэтам жыцця і творчасці гісторыка. У артыкуле А.Ліса даецца агульны агляд навуковай дзейнасці Доўнара-Запольскага. Каштоўнай спробай рэканструя ваць радавод вучонага з'яўляецца артыкул З.Яцкевіча, напісаны на падставе аналізу дакументаў Нацыянальнага Гістарычнага архіва Беларусі. Наступны матэрыял належыць вядомаму на Беларусі нямецкаму гісторыку Р.Лінднэру. Аўтар грунтоўна спыняецца на трох аспектах: жыццё, гістарычныя погляды, адносіны гісторыка да савецкай сістэмы. Заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу, аўтарскі аналіз творчасці Доўнара-Запольскага, яго ўнёску ў распрацоўку нацыянальнай беларускай гісторыі. Разгляд савецкага перыяду ў жыцці гісторыка адбываецца ў кантэксце тэзіса: „Гісторыя беларускай гістарыяграфіі ў сталінскім Савецкім Саюзе была гісторыяй яе ліквідацыі" (24). У цэлым асноўныя высновы аўтара вядомыя з ранейшых публікацый2. Педагагічнай дзейнасці Доўнара-Запольскага і яго навуковай школе прысвечаны артыкул С.Міхальчанкі. Аўтар вылучае адметнасці школы вучонага, прадстаўнікі якой канцэнтравалі ўвагу на эканамічных даследаваннях гісторыі Русі ХV—XVII ст., грунтуючыся пераважна на пісцовых кнігах (53). Улічваў Доўнар-Запольскі і асабістую зацікаўленасць сваіх вучняў у галіне ўкраіназнаўства (53). Міхальчанка сцвярджае, што гісторыкі гэтай школы не стварылі нейкай цэнтральнай канцэпцыі рускай гісторыі, а бальшыня прац была ілюстрацыяй да канцэпцыі Доўнар-Запольскага аб крызісе палітычнага і гаспадарчага жыцця Расіі ў 2-й палове XVI—XVII ст. (54) Школа спыніла існаванне пасля ад'езду яе кіраўніка з Кіева ў 1920 г. (55)

Два артыкулы зборніка належаць І.Вярбе. Адзін прысвечаны гуртку і лёсу вучняў Доўнара-Запольскага. Сярод вучняў асаблівая ўвага аддаецца Н.Палонскай, якая мела з Доўнарам-Запольскім больш шчыльныя і неафіцыйныя адносіны. Другі матэрыял Вярбы прысвечаны ўдзелу Доўнара-Запольс кага ў стварэнні Кіеўскага археалагічнага інстытута. Станоўча ацэньваецца роля беларускага гісторыка, які ўмеў не толькі арганізоўваць навучальны працэс, але і падбіраць выкладчыкаў-прафесіяналаў. Аўтар адзначае, што менавіта пагроза правінцыялізацыі, якая была, на думку Доўнара-Запольскага, вынікам украінізацыі, вымусіла яго адмовіцца ад пасады дырэктара інстытута (92). Тым не менш, Доўнар-Запольскі стаяў ля вытокаў першай ва Ўкраіне ўстановы для падрыхтоўкі археолагаў, архівістаў, музейных і бібліятэчных супрацоўнікаў.

Кіраўніцтву Доўнарам-Запольскім Кіеўскім камерцыйным інстытутам і ўвогуле спецыфіцы гэтай установы прысвечаны артыкул А.Кіштымава. Гэты матэрыял, заснаваны на прапрацоўцы шэрагу фондаў кіеўскіх архіваў, яскрава дэманструе арганізацыйныя таленты Доўнара-Запольскага. Аўтар засяроджвае ўвагу на арганізацыі працы інстытута, друкаваных выданнях ККІ, дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў, у тым ліку беларускага. Акрэсліваючы зацікаўленасць Доўнара-Запольскага ў асноўным сферай гісторыі і археаграфіі, Кіштымаў падкрэсліў, што „…адказ на выклік часу, на новыя эканамічныя рэаліі, на неабходнасць арганізацыі вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі будучых прадпрымальнікаў узяўся шукаць універсітэцкі гісторык, а не эканаміст" (85). Менавіта гэты перыяд жыцця, звязаны з кіраўніцтвам ККІ, быў, на думку Кіштымава, „…перыядам найбольшай творчай і асабістай свабоды вучонага" (86). Адзначым, што матэрыялы зборніка, падрыхтаваныя з улікам звестак з украінскіх архіваў, уяўляюцца больш інфармацыйна насычанымі і актуальнымі для беларускага чытача.

Даследчыкі В.Мазец і В.Лебедзева звярнулі ўвагу ў сваіх артыкулах на супрацоўніцтва Доўнара-Запольскага з БНР, З.Шыбека спыніўся на менскіх эпізодах жыцця гісторыка, а К.Козак на яго ролі ў арганізацыі архіўнай справы на Беларусі. Цікавасць выклікае заснаваны на матэрыялах закрытых пасяджэнняў бюро, сакратарыята і пленумаў ЦК КП(б)Б першай паловы 1926 і 1929—1931 г. артыкул Р.Платонава. Аўтар аналізуе абставіны высялення Доўнара-Запольскага з БССР. Праца па шэрагу пазіцый удакладняе механізм вырашэння лёсу вучонага, спыніць выгнанне якога не мог нават кіраўнік Дзяржплана і намеснік старшыні СНК БССР С.Карп (120). Дарэчы, у артыкуле пазначаецца і магчымы кірунак пошуку страчаных частак доўнараўскай „Гісторыі Беларусі» (123).

Другі раздзел зборніка ўтрымлівае тэматычна больш стракатыя матэрыялы. Можна вылучыць некалькі праблемных блокаў. Шэраг артыкулаў прысвечаны этнаграфічнаму кірунку дзейнасці Доўнара-Запольскага. Ролю этнаграфіі і фальклору ў фармаванні гісторыка прааналізаваў А.Ліс, У.Конан крытычна разгледзеў працу „Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных забабонах" і выявіў крыніцы тэарэтычных поглядаў Доўнара-Запольскага. Праблему вызначэння беларускай этнічнай тэрыторыі вучоным асвятліў В.Шур, а А.Сувалаў засяродзіў увагу на поглядах вучонага адносна фармавання беларускага этнасу. Адштурхоўваючыся ад традыцыі этнаграфічных даследаванняў Доўнара-Запольскага, даследчыца Т.Літвінова паспрабавала класіфікаваць ручнікі Гомельшчы ны, А.Яшчанка прывёў вынікі апрацоўкі анкетных дадзеных на хрысціянскія сем'і прызыўнікоў Магілёва пачатку ХХ ст., В.Новак прасачыў пераемнасць сучасных палескіх вясельных абрадаў з этнаграфічнымі звесткамі Доўнара-Запольскага.

Наступны блок праблем звязаны з такой значнай часткай спадчыны вучонага, як археаграфія і крыніцазнаўства. Менскія даследчыкі А.Гануш і П.Кручок падрабязна разгледзелі падрыхтаваныя Доўнарам-Запольскім даследаванні і публікацыі гістарычных крыніц. У артыкуле разглядаецца схема аналізу дакументаў, прапанаваная Доўнарам-Запольскім, яго ўнёсак у распрацоўку прынцыпаў публікацыі архіўных матэрыялаў, рэфармавання архіўнай справы ўвогуле. Аналагічнай праблематыцы прысвечаны артыкул М.Шумейкі. У сваю чаргу, украінская даследчыца І.Мацяш асвятліла ролю вучонага ў арганізацыі архівазнаўства на Ўкраіне ў кіеўскі і харкаўскі перыяды яго жыцця.

Аналіз поглядаў Доўнара-Запольскага на эканамічную гісторыю Беларусі ХVII—XVIII ст. у сваім артыкуле даў І.Кітурка, Х.Бейлькін крытычна прааналізаваў высновы навукоўца па развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў перыяд капіталіз му. Іншыя аспекты эканамічных поглядаў вучонага разгледжаны ў матэрыялах Д.Казлова, Б.Сарвірава, Ю.Ключнікава.

Асобным праблемам навуковай спадчыны Доўнара-За польскага прысвечаны матэрыялы Э.Іофэ (погляды вучонага на палітычны лад Беларусі IХ—ХХ ст.), Г.Штыхава (гістарычная геаграфія IХ—ХII ст. у працах Доўнара-Запольскага), А.Каўкі (Доўнар-Запольскі як літаратуразнавец).

Апошні раздзел зборніка змяшчае: па-першае, даследаванне Ю. Мыцыка „Лісты М.В.Доўнара-Запольскага да М.С.Грушэўс кага", дзе даецца агляд 18 лістоў, якія былі выяўлены ў асабістым архіве М.Грушэўскага; па-другое, публікацыю Мыцыкам лістоў беларускага гісторыка да Д.Яварніцкага; па-трэцяе, 19 лістоў Доўнара-Запольскага да Я.Ляцкага, пераважна за перыяд студэнцтва, падрыхтаваныя да друку С.Міхальчанкам. Апошняя публікацыя з'яўляецца найкаштоўнейшай ілюстрацыяй да таго калектыўнага партрэта, які ствараюць матэрыялы зборніка.

Наваполацк
Віталь Галубовіч


1 Беларускі Гістарычны Агляд. 1997. Т. 4. Сш. 1—2. С. 310.
2 Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870—1945) // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 2. С. 367—394.

змест