BIALOKOZOWICZ, BAZYLI. Miedzy Wschodem a Zachodem. Z dziejow formowania sie bialoruskiej swiadomosci narodowej. Bialystok, 1998. 180.

 

Гэтая кнiга — дваццаць першы выпуск Бiблiятэчкi Беларускага Лiтаратурнага Таварыства „Белавежа“. Складаюць яе, апрача ўступу i заканчэння, чатыры раздзелы, апублiкаваныя раней у навуковых часопiсах i зборнiках. Версii, змешчаныя ў кнiзе, значна пашыраныя i дапоўненыя аўтарскімі развагамi, друкаванымі ў iншых артыкулах знанага польскага славiста Базыля Белаказовiча. (Гл.: Рэдакцыйныя каментары, с.152–153).

У адрозненне ад тэматыкi чатырох галоўных раздзелаў працы, датычных больш цi менш далёкага мiнулага, “Уступныя заўвагi” прысвечаныя сучаснай Беларусi. Аўтар спыняецца на прычынах сённяшняй цяжкай гаспадарчай, грамадскай і нацыянальнай сiтуацыi ў Беларусi. Ён бачыць iх у аслабленнi моцных гаспадарчых сувязяў, якiя калiсьцi лучылi Беларусь з Савецкай Расiяй, а таксама ў слаба развiтай нацыянальнай самасвядомасцi. З разуменнем трактуе схiльнасць беларусаў да паўторнай гаспадарчай iнтэграцыi з усходнiм суседам, падкрэслiваючы, аднак, неабходнасць больш партнёрскага трактавання iх расіянамі, асабліва ў сферы культурнай i нацыянальнай асобнасцi.

Беларусь бачыцца яму мостам памiж Усходам i Захадам, і аўтар ахвотна спасылаецца на погляды Ігната Абдзiраловiча, як вакно Расii на Захад. Белаказовіч звяртае ўвагу на хуткае развiццё гаспадаркi Беларусi ў СССР (хутчэйшае за сярэдняе для ўсёй дзяржавы, у вынiку чаго нацыянальны даход на аднаго жыхара быў у Беларусi вышэйшы на 18% за сярэднi для СССР) i яе заняпад у 90–х г.

Да апошняга, відаць, варта дадаць, што беларуска–расiйскiя ўзаемаадносiны характарызуе iстотная супярэчнасць iнтарэсаў. Расiя, маючы свае велiзарныя прыродныя багаццi, так i не стварыла заможнага дэмакратычнага грамадства, таксама як i цяпер — прынамсі на дадзены момант — не ў стане хутка правесцi рэформы i выйсцi з перманентнага крызiсу. Адначасова расiйская элiта не была ў стане канчаткова адмовiцца ад iмперскіх мараў ды iмкнення падпарадкаваць суседнiя краiны. Дзяржавы Цэнтральнай Еўропы i прыбалтыйскiя рэспублiкi, кiруючыся рацыянальнымi меркаваннямi (як i пачуццём культурнай прыналежнасцi да Захаду), парвалi гаспадарча i палiтычна некарысныя сувязi з такой Расiяй, звужаючы iх i надаючы iм больш партнёрскую сутнасць. Яны мацуюць сувязі з Захадам дзеля таго, каб мець больш высокі ўзровень жыцця. Беларусь жа, у процілегласць да Лiтвы, Латвii i Эстонii, схілілася перад усходнiм выбарам, церпячы ўсе наступствы гэтага, аддаляючыся ад Еўропы не толькi палiтычна, але i — у ступенi непасрэдна больш адчувальнай для сярэдняга беларуса — гаспадарча. Расiя разумее, што заможная, дэмакратычная i адкрытая свету Беларусь будзе ўсталёўваць сваю незалежнасць i мацаваць сувязi з Захадам. Таму яна зацiкаўленая ў Беларусi беднай, недэмакратычнай, iзаляванай ад Еўропы, урэшце, залежнай ад Расii. Беларусы, як паказваюць сацыялагiчныя даследаваннi, праведзеныя Маркам Слiвiнскiм i Валерыем Чэкмонасам, у процілегласць да лiтоўцаў, кiруюцца ў сваiх геапалiтычных выбарах не рацыянальна зразуметым нацыянальным iнтарэсам, але эмацыйна адчуваным пачуццём культурных (моўных) сувязяў з расiянамi1. І наступствы гэтага вiдавочныя ў Менску, асаблiва калi параўнаць яго з Варшавай, цi сталiцамi прыбалтыйскiх рэспублiк.

Даследаваная Белаказовiчам беларуская праблематыка ахоплівае ў асноўным перыяд падзелаў Рэчы Паспалiтай. Развагi пра Францiшка Скарыну, першага выдаўца Бiблii на старабеларускай мове, вынiкаюць з зацiкаўленасцi гэтай постаццю Мiколы Янчука, навуковую дзейнасць якога ў галiне беларусазнаўства і аналiзуе Белаказовіч. На беларускую культуру польскi славiст часта паглядае праз бiяграфii асобаў, якiя паходзяць з памежжа трох культураў: беларускай, польскай i расiйскай. Яго цікавіць iх навуковая, лiтаратурная і народазнаўчая дзейнасць.

У першым раздзеле працы аўтар засяроджваецца на дзвюх тэмах. Па–першае, яго цiкавяць “беларускiя каранi Адама Мiцкевiча”, у тым лiку беларуска–яўрэйскае паходжанне сям’i апошняга, і асаблiва наяўнасць беларускiх культурных элементаў у яго творчасцi. Звяртае ўвагу, што паэт не толькi ведаў беларускi фальклор (што бачна з яго твораў) i з любоўю ставiўся да сваёй “рэгiянальнай” лiтоўска–беларускай айчыны, але ведаў таксама, што старадаўняя „рушчызна“ была ўрадавай мовай Вялiкага Княства Лiтоўскага. Па–другое, аўтар пiша пра iдэнтыфiкаваную iм у Музеi Адама Мiцкевiча ў Парыжы лiтаграфiю Ёзафа Аземблоўскага „Niewolnik slowianski“, якая моцна ўразіла Герцэна. Яе не ведалі выдаўцы твораў Герцэна ў 1962 г. (нягледзячы на тое, што раней яна была апублiкаваная ў Польшчы). Параўноўваючы погляды Мiцкевiча i Герцэна, Б.Белаказовiч пiша: „Мiцкевiч разглядаў Беларусь як складовую частку Вялiкага Княства Лiтоўскага ў межах Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў, якую мела прыняць у спадчыну абноўленая на падставе Канстытуцыi 3 Мая 1791 г. супольная польская дзяржава. Герцэн у той час, хоць паслядоўна баранiў прынцыпы свабоднага самавызначэння народаў i, як вынiк, падтрымлiваў польскi нацыянальна–вызваленчы рух на ўсёй тэрыторыi былой Рэчы Паспалiтай да ейных падзелаў, у справах незалежнасцi Лiтвы, а ў гiстарычным разуменнi гэтага тэрміна — і Беларусi, не меў да канца сфармаваных поглядаў“ (42).

Другi раздзел, што мае назву „Ля вытокаў станаўлення новачаснай беларускай нацыянальнай свядомасцi“, найбольшы i, як мы лiчым, найцiкавейшы. Напiсаны ён на беларускай мове. Яго праблематыка да гэтага часу рэдка ўздымалася ў навуковых працах. У апошнiя гады як у Беларусi, так i ў Польшчы пачалi згадваць пра навуковую дзейнасць групы маладых даследчыкаў (пераважна сыноў унiяцкiх святароў), звязаных у другiм i трэцiм дзесяцiгоддзях ХIХ ст. з Вiленскiм унiверсiтэтам. Сярод iх былi, у прыватнасцi, Мiхал Баброўскi, Ігнат Данiловiч, Язэп Ярашэвiч. Цiкавiла iх мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага, культурная, прававая, рэлiгiйная даўніна, яго русiнская спецыфiка. Б.Белаказовiч слушна заўважае, што яны „нiколi не называлiся беларусамi, бо не ўсведамлялi сябе кiмсьцi нацыянальна“ (58). Лiчым, што прыпiсваць iм (як у некаторых навуковых тэкстах) беларускую нацыянальную свядомасць неправамерна. Яны не пiсалi па–беларуску i не сфармавалi беларускай нацыянальнай iдэi (гэта зрабiлi ўпершыню творцы пецярбургскага „Гомана“). Іх дыстанцыяванне ад польскасцi лучылася з экспанаваннем „русінскасцi“, аднак жа без выразнага акрэслення яе межаў, а тым больш нацыянальнай сутнасцi. Яны не перайшлi бар’ер нацыянальнай самасвядомасцi, нацыянальнага самавызначэння. Іх „рускасць“ была культурнай, а не нацыянальнай. Што цiкава, яны не супрацiўлялiся лiквiдацыi унiяцкай царквы. Аўтар кнiгi спасылаецца на цiкавае сцвярджэнне Алега Латышонка, што, працiвячыся паланiзацыi, М.Баброўскi i ягоныя паплечнікі не былi падрыхтаваныя да супрацьстаяння русiфiкацыi краю, якая праводзiлася ўрадам Мiкалая I (76).

Значная частка другога раздзелу прысвечаная разгляду агульных умоваў, у якiх выпала дзейнiчаць маладым даследчыкам „рускасцi“, магчымасцям нацыянальнага развiцця (культурнага, рэлiгiйнага, моўнага) тагачаснай беларускай грамадскасцi. Напрыканцы раздзелу аўтар разважае пра нацыянальную сiтуацыю беларусаў на сённяшняй Беласточчыне. Можна дадаць, што навуковая дзейнасць М.Баброўскага i яго таварышаў не аказала значнага ўплыву на фармаванне нацыянальнай беларускасцi. Яна ў значнай ступенi была забытая. У Беларусі да яе звярталіся спарадычна. У Польшчы гэта зрабiў Б.Белаказовiч на пераломе 50–х i 60–х г. у беластоцкай беларускамоўнай „Ніве“. Артыкулы на гэтую тэму апошнiмі гадамі змяшчаліся ў украiнскай газеце „Над Бугом i Нарвою“. Даследаваннi тоеснасцi тагачасных шукальнiкаў „рускасцi“ толькi распачатыя. Іх працяг вымагае звароту да архiўных матэрыялаў.

Два апошнiя раздзелы працы прысвечаныя Мiкалаю Янчуку, даследчыку культуры ўсходніх славянаў, якi паходзiў з Падляшша (Б.Белаказовiч з’яўляецца аўтарам кнiгi, прысвечанай гэтай постацi: „Mikolaj Janczuk (1859–1921). Podlaskie skrzyzowania tradycji slowianskich, Olsztyn 1996“). У трэцім раздзеле аўтар апiсвае прадстаўлены Янчуком у 1907 г. мемарыял, у якiм вучоны выказваўся за тое, каб сабраць у адно цэлае i выдаць тагачасную беларускую народную i лiтаратурную творчасць, надрукаваную i тую, што захоўвалася ў рукапiсах. Мэтай гэтай, нiколi не рэалiзаванай, ініцыятывы мусіў стаць навуковы аналiз тэкстаў, ацэнка iх культурнай i моўнай вартасцi. Белаказовіч пiша, што Янчук зразумеў асобнасць беларускай мовы i неабходнасць яе самастойнага развiцця, у тым лiку ў нацыянальным вымярэннi.

Чацвёрты, апошнi раздзел называецца „Францiшак Скарына ў разуменнi М.Янчука“. Галоўным прадметам зацiкаўленасцi аўтара тут ёсць частка выдадзенай пасля смерцi Янчука працы „Нарыс гiсторыi беларускай лiтаратуры. Старадаўнi перыяд“, якая датычыць Скарыны. Янчук — пiша польскi даследчык, — „на першы план высоўвае патрыятызм Скарыны, любоў i шанаванне роднага айчыннага краю, роднай зямлі („каханьне бацькаўшчыны“), яго эмацыянальныя сувязi з Полацкам i Беларуссю, якiя хацеў пацвердзiць учынкам у форме паспалiтага дабра“ (125). Палемізуе тут таксама з Уладзiмiрам Свяжынскiм, аўтарам энцыклапедычнага артыкула „Янчук“, якi быў надрукаваны ў выданнi „Скарына. Энцыклапедычны даведнiк“.

У развагах, названых „Замест заканчэння“, аўтар змясцiў цiкавыя заўвагi пра некаторыя аспекты (галоўным чынам палiтычныя, лiтаратурныя, моўныя) беларускага нацыянальнага адраджэння ў XIX–XX ст. і яе сувязь з беларушчынай, якая iснавала ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.

Усе раздзелы працы лучыць агульна зразуметая беларуская тэматыка. Яе галоўныя героi не з’яўляюцца ў прынцыпе беларусамi па нацыянальнасцi ў сённяшнiм разуменнi гэтага слова. Сутнасцю працы ёсць па–рознаму зразуметая iмi „русінскасць“, ці беларускасць, iх блiзкi стасунак да яе i грамадскiя перадумовы фармавання тагачасных пазiцый. Шмат увагi аўтар прысвячае прадстаўленню поглядаў на згаданыя пытаннi ў беларускай i польскай лiтаратуры. Цягам многіх дзесяцiгоддзяў фармаванне беларускай нацыянальнай свядомасцi не належала да галоўнага кiрунку даследчыцкiх зацiкаўленняў у Беларусi. У Польшчы ёю займалiся ў 1980–90–х г. перадусiм Юры Туронак, Крысцiна Гамулка, Яўген Мiрановiч, Алег Латышонак, Алена Глагоўская. Апошнiмі радкамі сваёй кнiгi Б.Белаказовiч дэкларуе свой зварот да гэтай праблематыкi. Неабходна напiсаць вялiкі і цэльны нарыс фармавання беларускага нацыянальнага руху, а адсюль — і беларускай iдэалогii ды нацыянальнай свядомасцi ў XIX–XX ст.

Люблін

Рышард Радзiк


1 Гл.: Sliwiсski M., Иekmonas V. Swiadomoъг narodowa mieszkaсcуw Litwy i Biaщorusi // Przeglаd Wschodni. T.IV (1997). Z.3 (15). S.561–596.