Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.

Выбар краінаў невыпадковы. Шатландыя з Нарвегіяй (старадаўнія каралеўствы) разам з Літвой страцілі ўласную дзяржаўную традыцыю ў ранні Новы час ды растварыліся ў гаспадарствах магутных суседзяў, каб паўстаць як маладыя нацыі ў ХХ ст. На думку Эрыксонаса, менавіта канструкцыя старажытнай уласнай галерэі герояў выканала галоўную ролю ў стварэнні нацыянальнага руху, у выніку якога паўсталі незалежныя Нарвегія (1905), Літва (1918) і аўтаномная са сваім соймам Шатландыя (1999). Гістарычны і геаграфічны абсяг працы ўражвае. Тры розныя краіны і мовы, рэтраспектыва з часоў Сярэднявечча да сучаснасці. Згодна з мадэрнымі плынямі сусветнай гістарыяграфіі, аўтар адмаўляецца ад лінейнага апісання мінулага і прапануе замест гэтага цікавую канструкцыю. Калі на яго радзіме і ў суседніх краінах некаторыя гісторыкі працягваюць дапасоўваць гістарычныя факты да сучаснай ідэалогіі, прадукуючы чарговыя міфы, Эрыксонас прысвяціў сваю працу аналізу малавядомых падвалінаў этнічнай свядомасці.

Кніга складаецца з трох частак. У першай аўтар аналізуе нацыянальны рух шатландцаў. Другая прысвечаная Нарвегіі, і апошняя — Літве. Паўсюль мы маем справу не з пераказам мінулага, а з грунтоўным аналізам. Аўтар паказвае, як эліты трох краінаў скарысталіся гераічнай спадчынай з мэтай аб­грунтаваць свае правы на ўласную дзяржаўнасць.

На думку Эрыксонаса, уся навачасная гераічная традыцыя шатландцаў ядналася вакол двух сярэднявечных герояў Вільяма Ўолэса (William Wallace, †1305) і Роберта Бруса (Robert Bruce, †1329). Гераічныя біяграфіі, т. зв. „Кніга Ўолэса“ (1375) і „Кніга Бруса“ (1478), сталі „нацыянальнай Бібліяй“ шатландцаў, якая перапісвалася і друкавалася з пакалення ў пакаленне. Асаблівую ролю гісторыя гэтых герояў адыграла ў ХVII — пачатку ХVIII ст. — часе паўстанняў супраць Англіі. Але актуaлізацыя вобразаў герояў адбылася пасля канчатковай страты незалежнасці (унія з Англіяй 1707 г.), калі практычна ўсе шатландскія пісьменнікі і публіцысты звярталіся да постаці герояў. У выніку працы інтэлектуалаў з 1919 г. „Дзень Ўолэса“ стаў галоўным нацыянальным святам Шатландыі.

Нарвегія, страціўшы сваю незалежнасць у раннім Сярэд­ня­веччы, адрадзілася толькі ў выніку мірнай рэвалюцыі 1905 г. На працягу вякоў залежнасці ад Даніі і Швецыі нарвежская эліта захоўвала і пашырала ўласную гераічную традыцыю. Аўтар паказвае, як нарвежскія пісьменнікі ладкавалі інтэлектуальны супраціў спробам Даніі і Швецыі дапасаваць гісторыю іх каралёў да агульнай скандынаўскай традыцыі (так званы „гатыцызм“). Эрыксонас паказвае, як ва ўмовах блізкай моўнай роднасці і аднолькавай веры (лютэранства) менавіта нарвежскія гераічныя сагі пра караля Олава II Гаральдсана дапамагалі нацыяналістам крышталізаваць адметную ад магутных суседзяў свядомасць і правы на дзяржаўнаю традыцыю. З 1815 г. Нарвегія дамаглася аўтаноміі і ўласнага сойму. Эрыксонас паказвае, як з сярэдзіны ХIХ ст. дзень караля і святога Олава робіцца нацыянальным святам Нарвегіі. Як камітэты па арганізацыі гэтага свята пераўтвараюцца ў галоўнае апірышча нацыяналістаў. Як тэрытарыяльны патрыятызм робіцца нацыянальным. Як рух святкавання “Olsok“ трансфармуецца ў нацыяналістычную правую партыю.

Нарэшце, найбольш цікавая для беларускага чытача частка прысвечана Літве і ВКЛ. Эрыксонас адразу падкрэслівае, што гераічная традыцыя сучаснай Рэспублікі Літва цалкам будуецца на палітычнай спадчыне ВКЛ — шматэтнічнай дзяржавы зусім адрознага, як піша аўтар, ад сучаснай Летувы характару і прасторы. Аўтар падкрэслівае, што ВКЛ ад пачатку было палітычнам сімбіёзам паганскіх літоўскіх кунігасаў і права­слаўных русінскіх (Ruthenian) князёў (243—244). На думку Эрыксонаса, слабасць летувіскай гераічнай традыцыі была абумоўлена тым, што Літва, у адрозненне ад Шатландыі і Нарвегіі ніколі не была каралеўствам і ўвесь час знаходзілася ў полі польскага палітычнага ўплыву. Аўтар піша, што з часоў Жы­гімонта Аўгуста вялікія князі літоўскія ніколі не жылі ў ВКЛ і былі там зрэдку толькі наездамі. Слушная думка, бо са­праўды пасля войнаў 1654—1667 г. палац вялікага князя ў сталічнай Вільні ніколі не аднаўляўся, а палітычным цэнтрам княства была павятовая Горадня. Менавіта таму героямі навачаснай літоўскай традыцыі (антыпольскай і антырасійскай па сваёй накіраванасці) былі абраныя сярэднявечныя балцкія вялікія князі, што ваявалі супраць Польшчы і Масквы.

На думку Эрыксонаса, адным з матываў хросту літоўскай эліты было яе прагматычнае жаданне ўвайсці ў палітычную сям’ю тагачаснай Еўропы, „бо ў вачах хрысціянскай Еўропы ВКЛ як нармальнай дзяржавы не існавала, пакуль ва ўладзе трымалася паганства, пры гэтым было неістотна, колькі права­слаўных князёў дало прысягу вернасці вялікаму князю“ (245).

Аналізуючы вытокі гераічнай трыдыцыі ВКЛ, Эрыксонас выказвае сенсацыйную гіпотэзу. На яго думку, аўтарам міфа Палемона пра рымскае паходжанне ліцвінаў быў Францішак Скарына. Эрыксонас падкрэслівае, што постаць Скарыны незаслужана забыта літоўскімі гісторыкамі з прычыны яго русін­скага паходжання. Але аўтар упэўнены, што менавіта „знакаміты русін“ стаяў ля вытокаў гераічнай трaдыцыі шляхты. Пад мікраскопам даследчыка апынулася Падуя — горад Вене­цыян­скай рэспублікі і месца навучання Скарыны. Эрыксонас піша, што палітычныя структуры Венецыі і ВКЛ былі вельмі падобнымі. І там, і там дзяржавай кіравалі шляхецкія паны–рада. У абедзвюх краінах жыло каталіцкае і праваслаўнае насельніц­тва (сербы ў Венецыі). Але галоўнае, што венецыянская шляхта падкрэслівала сваё паходжанне ад рымскіх патрыцыяў. Згодна з міфам, Венецыя была пабудаваная шляхцічамі, якія вымушана ўцяклі з Рыма. Як вядома, міф Палемона дакладна паўтарае гэты сюжэт. Эрыксонас лічыць, што якраз старабеларускі гуманіст быў той асобай, якая прынесла гэтую гісторыю з Венецыі ў Літву. У адным з сваіх артыкулаў (на жаль, невядомым Эрыксонасу) я звяртаў увагу на ролю падуанскіх кантактаў у творчасці Скарыны1.

Як вядома, каля 1521 г. Скарына вярнуўся ў ВКЛ, дзе працаваў пісарам віленскага каталіцкага біскупа і праз шлюб з Маргарытай Адвернік (дачкой каталіцкага бурмістра) усталяваў добрыя сувязі з каталіцкай элітай. Як найбольш адукаваны чалавек краіны, Скарына распачаў друк і ўзяў удзел у кадыфікацыі першага Статута. Гэтай працай кіраваў канцлер Альбрэхт Гаштаўт, вядомы пазней як гарачы прыхільнік рымскага паходжання ліцвінаў. Аўтар даводзіць, што запыт на падобны міф быў абгрунтаваны не столькі прэтэнзіямі палякаў, колькі адказам эліты Вялікага Княства Літоўскага 1520–х г. галоўнаму ворагу — Маскоўскай дзяржаве. Нагадаем, што якраз у 1523 г. з’явілася канцэпцыя „Масква — трэці Рым“, што патрабавала хуткага і якаснага адказу Вільні.

Далей чытача чакае іншы сюрпрыз. Эрыксонас звяртае ўвагу на змест кнігі пратэстанта Яна Радвана „Philopatris ad Senatum polumque Lituanum“ (1597), прысвечанай радзе ВКЛ. Радван параўновае раду Літвы з славутым урадам Венецыі, піша пра Палямона і зусім забываецца пра Люблінскую унію з Польшчай (258). У творы Радвана ВКЛ паўстае як Венецыя незалежнай федэрацыяй ваяводстваў, кожнаму з якіх прысвечана асобная частка кнігі.

На слушнyю думку Эрыксанаса, пасля Палтавы (1709 г.) ВКЛ зрабілася тэрыторыяй расійскага панавання, якой дэ–факта кіравалі магнаты ды расійскі штык. Таму, у процівагу маскоўскім уплывам, шляхта арыентавалася на тэрытарыяльны літоўска–польскі патрыятызм ды паступова інтэгравалася ў польскую палітычную нацыю.

Аўтар — адзін з першых гісторыкаў, што ўважліва і незаангажавана паглядзеў на ролю новай расійскай улады ў нацыянальным літоўскім руху. Падкрэслена вага найбуйнейшага ў Расій­скай імперыі Віленскага універсітэта ў адраджэнні ге­раіч­най спадчыны ВКЛ. Асобныя старонкі прысвечаны Мікалаю Румянцаву (1754—1826). І зноў мы сустракаем тут шэраг новых фактаў і параўнанняў. Аказваецца, як сенатар і канцлер Расіі, Румянцаў добра разумеў карту нацыяналізму. Выхаванец гістарычнага факультэта Ляйдэнскага універсітэта, ён першы пачаў ствараць прарасійскі рух сярод элітаў новых народаў на цывілізаваным захадзе Імперыі, на абшарах, што былі забраныя Расіяй у Швецыі і Польшчы.

На працягу сваёй доўгай кар’еры Румянцаў здолеў выгадаваць шэраг прарасійскіх актывістаў: фінскіх (антышведскіх па поглядах), літоўскіх і беларускіх (антыпольскіх). Менавіта Ру­мян­цаў фундаваў фінскі універсітэт у Турку (Обу), які стварыў кан­курэнцыю мясцоваму шведскаму універсітэту. Румянцаў ар­­ганізаваў гурт фінскіх вучоных, якія на яго грошы выдавалі фін­скія слоўнікі і этнаграфічныя працы. У гістарычных працах фін­скага гуртка Румянцава даводзілася вага славянскага Ноў­га­рада ў гісторыі фінаў ды хаўрус паміж імі, вядома ж, су­праць Швецыі. У святле гэтых фактаў больш зразумелай ро­біц­­ца пазіцыя беларускага гуртка Румянцава, ягоная пад­трым­­ка дзейнасці Івана Грыгаровіча і Канстанціна Ка­лай­дові­ча, выданне працы „Белорусский архив древних грамот“ (1824) і г. д.

Зрэшты, Эрыксонас паказвае, як у выніку доўгага пошуку літоўская эліта абрала цэнтральным героем сваёй традыцыі Вітаўта Вялікага. На 500–годдзе князя, якое святкавалася ў Коўне ў 1930 г., было выдадзена ажно 3 кнігі пра Вітаўтаса. Гэты год стаў нараджэннем новага нацыянальнага культу. Шкада, што аўтар не заўважыў беларускага водгуку тых самых падзей (у 1930 г. у былой сталіцы ВКЛ Адам Станкевіч выдаў культавую кнігу „Вітаўт Вялікі і беларусы“).

Пры канцы некалькі крытычных заўваг. Аўтар паўтарае сцвярджэнне літоўскай гістарыяграфіі пра „апошні паганскі народ Еўропы“ (244), забываючыся пра народ саамі, які прыняў хрост ажно ў ХVII ст. На с. 258 аўтар паўтарае пашыраны стэрэатып пра „арыстакратычныя фаміліі Радзівілаў і Сапегаў (sic), якія на пачатку ХVII ст. фактычна кіравалі Літвой“. Заўважу, што, у адрозненне ад Радзівілаў, Сапегі былі разгалінаванай шляхецкай радзінай, якая толькі дзякуючы высілкам асобных прадстаўнікоў апанавала магнацкія вяршыні. Словам, калі ўсе Ра­дзівілы былі магнатамі, то далёка не кожны Сапега пачуваўся арыстакратам. На маю думку, аўтару не хапіла часу разгле­дзець усе творы гераічнай традыцыі ВКЛ. Праігнараванымі засталіся шмат твораў, выдадзеных цягам ХVII ст. па–польску2. Няправільна перададзены арыгінальныя польскія формы прозвішчаў Яўстаха Тышкевіча і Саламона Рысінскага (258, 272).

Нягледзячы на дробныя недахопы, кніга Лінаса Эрыксонаса з’яўляецца ўзорным творам сучаснай гістарыяграфіі. Аўтар апрацаваў велізарны абсяг інфармацыі і ператварыў яе ў правакацыйную (у добрым сэнсе) і глыбокую кнігу, чытаць якую — адно задавальненне. Яе можна раіць усім аспірантам і маладым гісторыкам Беларусі, якія шукаюць шляхі пісаць па–новаму, нестандартна і прафесійна.

Стакгольм                                                   Андрэй Катлярчук

 

1 Катлярчук А. Францішак Скарына і харвацкія гуманісты // Кантакты і дыялогі. 1999. № 9—10. С. 3—8.

2 Напрыклад: Ugniewski Sz. Żywot s. Władysława krola Wegierskogo… Wilna, 1630; Rybinski Ian. Ku czci Jaśnie Wielmożnemu Panu panu Lwowi Sapieże… Wilna, 1607; Glós tureckich y inflaskich woien: O sławney pamieci Janie Karolu Chodkiewiczu… Wilna, 1640; Emblemata cnót dzielnych i spraw przewaznych sławnych potomków Kiszkow. Wilna, 1614; Klęska turecka przez zwycięskiej oręże strzałę y miecz wykonana na powitanie hetmanow WXL z Marsowego Pola ...od młodzi Collegium Brzeskiego Soc. Iesu ogłoszona roku 1694. 1694; etc.

 

змест