ZOLTÁN, ANDRÁS. Oláh Miklos Athila című munkájának XVI.századi lengyel és fehérorosz fordítása /Dimensiones Culturales et Urbariales Regni Hungariae 6/Nyíregyháza, 2004. 554 p. («Атыла» Міклаша Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.).

Грунтоўная манаграфія венгерскага славіста і даўняга сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў доктара Андраша Золтана з’яўляецца плёнам амаль 14–гадовага даследавання занядбанага помніка даўняй беларускай перакладной літаратуры XVI ст. — «Исторыи о Атыли, короли Угорском». Мова­знаўчае на першы погляд, гэтае даследаванне, тым не менш, дадасць нямала карысці й таму, хто вывучае гісторыю, культуру і літаратурны працэс Беларусі эпохі Адраджэння.

Праца складаецца з дзвюх частак — самога даследавання (9—104) і дадатку, які змяшчае: а) факсіміле і транслітарацыю старабеларускага тэксту па рукапісе Бібліятэкі Рычыньскіх у Познані (105—211), б) факсіміле і транслітарацыю польскага старадруку па унікальным экзэмпляры кракаўскага выдання 1574 г. (212—454), в) польскі й беларускі тэксты ў паралельным размяшчэнні з указаннем значных разыходжанняў з лацінскім арыгіналам (455—538), г) падсумаванне на рускай мове (539—554).

Найбольшую цікавасць уяўляе для нас, безумоўна, старабеларускі тэкст, які недаравальна працяглы час заставаўся па–за абсягам навуковых інтарэсаў беларускіх мова– і літаратуразнаўцаў. Слабым суцяшэннем паслужыць хіба тое, што матэрыял помніка ўвайшоў у спіс крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», дзвюх прац А. М. Булыкі пра лексічныя запазычанні ў беларускай мове XVI—XVII ст., а сам твор заслужыў на асобныя артыкулы ў «Гісторыі беларускай літарытуры: Старажытны перыяд» (1997), у ЭГБ (т. 3) ды БелЭн (т. 5). На вялікі жаль для беларускіх даследчыкаў даўніны, чарговая праца, прысвечаная аднаму з твораў Пазнанскага зборніка (у 1983 г. у Фларэнцыі італьянскай даследчыцай Эмануэлай Згамбаці выдадзена манаграфія «Il Tristano Biancorusso» з дадаткам старабеларускага тэксту і яго пера­кладу на італьянскую мову), напісана не айчыннымі спецыя­лі­стамі і з’явілася па–за межамі Беларусі. Як зазначае др. А. Золтан, у яго складваецца ўражанне, што беларускія навукоўцы ўважаюць «Гісторыю пра Атылу» якімсьці другасным, малахарактэрным помнікам старабеларускай мовы XVI ст. (44). Нельга не пагадзіцца з шаноўным даследчыкам у гэтай ацэнцы, дадаўшы ў апраўданне, што «Исторыя о Атыли» з выхадам пры канцы 2003 г. «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII стагоддзя» атрымала належнае прызнанне. Такім чынам, на сёння можна весці гаворку толькі пра кадыфікацыю лексікі помніка ў ГСБМ і частковую публікацыю тэксту–перакладу, але ніяк не пра ацэнку яго якасці, што магчыма выключна шляхам лексіка–стылістычнага і граматычнага параўнання «Исторыи о Атыли» (1580?) з яе польскай крыніцай «Historia spraw Atyle» (1574) і іх супольным пратографам — папулярызаванай хронікай «Athila» (1538) прымаса Венгрыі Міклаша Олаха (1493—1568).

Ствараючы сваё псеўдагістарычнае апісанне подзвігаў венгерскага народнага героя, М. Олах абапіраўся на творы шэрагу гісторыкаў Сярэднявечча і Адраджэння — Экхардa з Аўры («Cronica miscella»), Марка Антонія Кокцыя–Сабэліка («Rhapsodiae historiarum» і «Historia Veneta in decades»), Піліпа Буонакорзі–Калімаха («Attila»), вядомую ў пачатку XVI ст. сусветную Хроніку Сігіберта (ахоплівае падзеі 381—1111 г.) з манастыра Жамблу (Бельгія). Шырока выкарыстоў­вае М. Олах і старажытныя мадзьярскія летапісы і хронікі —найбольш верагодна, былі гэта Хроніка Сімана Кезы (1282), што згадваецца ў Будзінскім летапісе і ў вытворнай ад яго За­грабскай хроніцы, а таксама дапоўнены і выдадзены Я. Турачам у 1464 г. Ілюмінаваны летапіс (1358), у якіх знітаваныя гістарычная праўда і створаныя ў народнай свядомасці міфы пра паходжанне венграў і жыццё Атылы як цэнтральнага героя іх гісторыі. М. Олах старанна пазбягаў фантастычных матываў, якія не стасаваліся з вобразам народнага героя (накшталт распаўсюджанага ў тыя часы ў многіх народаў уяўлення пра Атылу–сабакагалова), аднак пазбегнуць пэўных белетрыстычных элементаў цалкам яму ўсё ж не ўдалося, што дае нам падставы разглядаць хроніку «Athila» не толькі як гістарыяграфічную крыніцу, але і як твор мастацкай літаратуры.

Імкнучыся да стварэння ідэальнага, прыхарошанага вобраза правадыра заваёўнікаў, М. Олах (а ўслед за ім тое ж робяць Ц. Базылік і беларускі перакладчык) амаль пазбаўляе яго адмоўных якасцяў і ўсялякім чынам падкрэслівае мужнасць, разважлівасць, міласэрнасць і мудрасць героя. Дзякуючы гэтаму Атыла паўстае перад чытачом як асоба рэнесансавая, якая больш спадзяецца на ўласныя сілы, чым на божую дапамогу. Высока ацэньваючы асабістыя якасці галоўнага героя, аўтар разам з тым надзвычай стрымана апісвае тыя дзеянні гунаў, дзе гаворыцца пра іх жорсткасць і бязлітаснасць да паняволеных народаў.

Пазней, як дарэчы адзначае ў раздзеле VIII («Атыла» Міклаша Олаха і Хроніка Мацея Стрыйкоўскага) сваёй працы А. Золтан, падобнае разуменне вобраза Атылы было інтэрпалявана на асобу Стафана Баторыя і зафіксавана ў адпаведным раздзеле Хронікі Марціна Бельскага (1597). Дзякуючы венгерскаму паходжанню Стафана Баторыя ў гістарыяграфіі Рэчы Паспалітай з канца XVI ст. знаходзіць сваё новае ідэалагічнае абгрунтаванне ідэя вяртання адабраных маскавітамі «ўсходніх земляў». Так, паводле М. Стрыйкоўскага (1582), Атыла «wyszedł od Rzeki Juhri, a Juhra i teraz iest w ziemi Iwaka [Iвана Жахлівага. — А. Б.] Cara» (56), таму цалкам лагічнай падаецца Стрыйкоўскаму думка, што «y teras Krol Stephan słusznie iako Węgrzyn Oyczyzny swei Juhariey [Угорскай. —А. Б.], pod Moskiewskim może dochodzić, którą on sam Węgrom przyznawa» (69). Паказальнае ў гэтым плане супастаўленне лацінскага, польскага і беларускага тэкстаў: так, лацінскае «Hunni» (у Олаха) ператвараецца ў «Hunnowie, abo iak ich dzisiai pospolicie zową, Węgrowie» (у Базыліка), беларускі ж перакладчык ідзе яшчэ далей — «гуннове, або як их нине посполите зовуть, угрове». Дарэчы, як мяжу паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай называе ў сваёй паэме «Дзесяцігадовая аповесць пра вайсковыя справы пана Мікалая Крыштофа Радзівіла» (1585) раку Угру Андрэй Рымша, які ў падмацаванне сваёй думкі спасылаецца на аўтарытэт вялікага князя Вітаўта:

Co, jeśliby prawdziwie było powiedziano,
Za rubież miedzy Moskwą i Litwą by miano... (1341|42)
Brodził też Uhrę rzekę, kiedy jeno raczył,
Bo granicę litewską po niej był naznaczył. (1353|54)

У выніку ў паэме Рымшы Стафан Баторы ў вачах ліцвіна робіцца прадаўжальнікам справы Вітаўта гэтак жа, як для венграў (уграў) той самы Баторы застаецца прадаўжальнікам справы Атылы.

Паколькі беларускі пераклад твора з’яўляецца ананімным, цалкам зразумела, што А. Золтан акцэнтуе ўвагу на асобах М. Олаха (раздзел I.1. — Усходнееўрапейскі «Athila» Міклаша Олаха) і Цыпрыяна Базыліка (раздзел I.2. — Польскае выданне) у кантэксце польска–венгерскага культурнага ўзаемадзеяння. Між тым, у выпадку з Базылікам больш дарэчнай была б гаворка пра яго ўклад у развіццё культурнай сітуацыі ў Беларусі, на тэрыторыі якой ён жыў і працаваў з 1558 да 1570 г.  Яшчэ ў час навучання ў Кракаўскай акадэміі Базылік прыняў кальвінства і навязаў стасункі з аднадумцамі ў ВКЛ, у прыватнасці, з Мікалаем Радзівілам Чорным, на службе ў якога ў 1558—1560 г. будзе знаходзіцца ў якасці прыдворнага музыкі і друкара. У 1560 г. Базылік узначаліў берасцейскую друкарню, уласнікам якой зрабіўся пазней, у 1566 г., пасля смерці свайго патрона М. Радзівіла (1565). Друкарня Базыліка была найбольш паспяховай з вядомых берасцейскіх друкарняў: за дзесяцігоддзе тут пабачылі свет блізу 40 выданняў рознага зместу на польскай і лацінскай мовах, сярод якіх знакамітая Берасцейская Біблія (1563) і напісаныя або перакладзеныя самім друкаром «Размова паляка з ліцвінам» і «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Гісторыя жорсткіх пераследаў Царквы Божай» (1567), «Гісторыя пра Юрыя Кастрыёта, званага Скандэрбегам» (1569). У 1570 г. з выхадам «Працэсу чарцей су­праць людскога роду» дзейнасць брэсцкай друкарні спыняецца праз тое, што Базылік атрымлівае прызначэнне на пасаду войта м. Мельнік на Падляшшы. Наступны пераклад — «Гісторыя справаў Атылы, караля Венгерскага» — з’яўляецца толькі ў 1574 г., але ўжо ў Кракаве. Тым не менш, Базылік, па ўсёй верагоднасці, і надалей падтрымліваў шчыльныя стасункі з «літоўскімі» друкарамі, пра што сведчыць выдадзены ў Лоску ў яго перакладзе трактат А. Фрыча–Маджэўскага «Пра ўладкаванне Рэчы Паспалітай» (з прадмовай Сымона Буднага). З вышэйадзначаных прычын не павінна падацца нацяжкай і думка, што беларускі пераклад «Атылы» зрабіў калі не адзін з былых супрацоўнікаў берасцейскай друкарні Базыліка, то  напэўна што асоба, добра знаёмая з самім Базылікам. На карысць падобнага меркавання сведчыць не толькі мова беларускага перакладу, але найперш той факт, што ў ім, у параў­нанні з выданнем Базыліка, адсутнічае прадмова–прысвячэнне сцяпанскаму старосту Станіславу Граеўскаму і ёсць разыходжанні ў колькасці і змесце маргіналій. Магчыма, такім чынам, што беларускі пераклад быў зроблены не з друкаванага польскага выдання «Historia spraw Atyle», а з яго рукапіснага «чарнавіка»; ужо на стадыі друкавання свайго перакладу Базылік мог унесці нязначныя карэктывы, дзякуючы чаму з’явіліся пэўныя разыходжанні з беларускім рукапісным «перакладам з Базыліка».

У гэтай сувязі паўстае пытанне пра якасць беларускага перакладу адносна польскай крыніцы, а таксама польскай адносна лацінскай. Трэба адзначыць, што пераклад Ц. Базыліка быў даволі прафесійны і сумленны, у чымсьці блізкі да сучаснага т.зв. «тэхнічнага» перакладу з яго максімальна поўнай перадачай асаблівасцяў арыгіналу: унесеныя Ц. Базылікам змены не былі істотнымі і ў асноўным заключаліся ў нешматлікіх спрашчэннях лацінскіх сказаў, усячэнні канчаткаў асабовых імёнаў і іх замене на займеннікі або польскія адпаведнікі. Згаданыя асаблівасці захоўвае і старабеларускі пера­клад, найбольш характэрная рыса якога — надзвычайная залежнасць ад польскага тэксту: пераклад зроблены літаральна слова ў слова, з захаваннем таго ж стылю аповеду і тых жа сінтаксічных структур, што і ў Ц. Базыліка. Не кажучы пра разнастайныя памылкі, беларускі перакладчык часам прапускае незразумелыя для яго польскія словы, утвараючы ў гэтых месцах беларускага тэксту лакуны. Так, не здолеў ён пера­класці такіх словаў, як fortel ‘зручны спосаб’, jałoszka ‘ялавіца’, cofnać ‘адкінуць, занядбаць’, wieś ‘паселішча’, motłoch ‘грамада, тлум, зграя, банда’ і многіх іншых (што добра сведчыць пра тагачасны ўзровень паланізаванасці беларускага насельніц­тва).

У сувязі з вышэйсказаным надзвычай важным у структуры манаграфічнага даследавання Андраша Золтана з’яўляецца VI раздзел («Кароткія высновы па польскім і беларускім тэкстах»). Як вынікае з даследавання, некаторыя паланізмы (накшталт twarz і trwaćтвар і трываць), звычныя ў сучаснай беларускай мове, пры канцы ХVI ст. былі нехарактэрныя для старабеларускай мовы. На жаль, аўтар не падмацоўвае сваёй высновы спасылкамі на астатнія творы Пазнанскага зборніка, у тым ліку і «Летапіс Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» (спіс Рачынскага), або іншыя тагачасныя помнікі (напрыклад, Статуты ВКЛ 1566 і 1588). Між тым у названых помніках слова твар сустракаецца толькі аднойчы («Аповесць пра Баву»), а трываць можна знайсці хіба толькі ў «Аповесці пра Трышчана». Адзін з найбольш значных у раздзеле мана­графіі  — параграф 2.1. (60—65). Тут аўтар, канстатуючы па­слядоўнасць замены ў «Исторыи о Атыли» і звязаных з ёй старабеларускіх перакладах польскіх лексем з коранем trzym– усходнеславянскім держ–, паказвае, як польскі ідыяматычны выраз otrzymać zwycięstwo — калька з лац. victoriam obtineo — праз заходнерускія тэксты (одержати звитяжство) з канца ХVII ст. трапляе ў Масковію, дзе паланізм звитяжство замяняецца царкоўнаславянізмам победа.

Старабеларуская «Исторыя о Атыли» вызначаецца яшчэ і тым, што менавіта ў ёй упершыню зафіксавана добра вядомае сёння беларускае слова бусел (52). Характэрна таксама, як адзначае А. Золтан (59), што польскі выраз Kapitolium Rzymskie (рымскі Капітолій) беларускі перакладчык замяніў выразам Глава Рымская (дадамо таксама, што тым самым выразам перакладзены ў беларускім тэксце і Senat Rzymski, хоць Rada Rzymska заўсёды перадаецца адпаведна — Рада Рымская).

Прызнаючы высокі навуковы ўзровень падрыхтоўкі А. Золтанам змешчаных у дадатку старапольскага і старабеларускага тэкстаў, хацелася б даць пералік непазбежных, на жаль, у такой карпатлівай працы памылак расшыфроўкі беларускага тэксту (у пары першае слова адпавядае выданню А. Золтана, другое — рукапісу; у дужках падаецца старонка і, праз двукроп’е, нумар адпаведнага радка ў выданні А. Золтана): умеретиумереть (113:30), жытижыть (123:19), възрушативзрушать (131:28), отягнувшыоттягнувшы (133:27), пустелниковопустэлниково (139:4), эцысовоюэцыусовою (157:28), боятися  бояться (163:4) і облежэнемоблежэньем (163:18), доконченэньемъдокончэньемъ (167:16), пославшы посла до Валентыняна — пославшы посла своего до Валентыняна (203:19). Зразумела, што падобныя памылкі не маюць вызначальнага характару пры ацэнцы ўсёй значнасці і каштоўнасці праведзенай венгерскім славістам працы. Больш за тое, відавочна, што манаграфія Андраша Золтана «„Атыла“ Міклаша Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.» для беларускіх лінгвістаў павінна паслужыць узорам для пераймання.

Мінск                                                                 Алесь Бразгуноў

 

змест