Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны*

Сяргей Запрудскі

У апошнія 15 гадоў гісторыя беларускага мовазнаўства зведала, бадай, даволі спрыяльныя часы. Дэмакратызацыя грамадскага і палітычнага жыцця другой паловы 80–х сярод іншага прынесла бурныя дыскусіі пра гісторыю і сучасны стан беларускай мовы, і на гэтай хвалі незвычайна ўзрасла цікавасць да людзей, якія ў 1920–я і пазнейшыя гады займаліся даследаваннем і кадыфікацыяй беларускай мовы, пакінулі след у гісторыі як заснавальнікі або рэфарматары беларускай граматыкі і правапісу.  Як вынік гэтай цікавасці з пачатку 90–х гадоў у Беларусі стала друкавацца лінгвістычная спадчына 1920–х і працы з гісторыі мовазнаўства, у якіх асэнсоўвалася дзейнасць тых або іншых асоб, што зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне беларускай мовы. Так, у 1991 г. выдавецтва „Народная асвета“ перадрукавала 5–е выданне „Беларускай граматыкі для школ“ Браніслава Тарашкевіча (12–тысячным накладам!), у 1994–м — „Лекцыі па гісторыі беларускай мовы“ Іосіфа Ваўка–Левановіча, у 1995–м — „Граматыку беларускае мовы. Фанетыку“ Язэпа Лёсіка. У 1994 г. выйшла з друку энцыклапедыя „Беларуская мова“, і выразнай яе асаблівасцю было імк­ненне падаць гісторыю беларускай лінгвістыкі шырэй, чым гэта магло б быць у выпадку, калі б энцыклапедыя выдавалася ў 1980–я г. Так, у гэтае выданне былі ўключаны артыкулы, прысвечаныя не толькі Б.Тарашкевічу, Сцяпану Некрашэвічу, І.Ваўку–Левановічу, Пятру Бузуку  (аўтарам, лінгвістычны даробак якіх вывучаўся акадэмічнай і універсітэцкай навукай у папярэднія гады), але і Вацлаву Ластоўскаму, Я.Лёсіку, Валянціне Пашкевіч, Яну Пятроўскаму, Янку Станкевічу. 4 гады таму колішні супрацоўнік газеты „Наша ніва“ і радыё „Рацыя“ Віктар Мухін саматужным спосабам і абмежаваным накладам выдаў зборнік „Змены беларускага правапісу ў Савецкай Беларусі“, а таксама брашуру С.Некрашэвіча „Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы“ і падрыхтаваную С.Некрашэвічам і П.Бузуком „Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак пераходных да суседніх моваў“. У 2001—2003 г. выкладчыкі кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта У.Куліковіч, І.Савіцкая і Ю.Бушлякоў абаранілі кандыдацкія дысертацыі па лінгвістычнай спадчыне Уладзімі­ра Дубоўкі, Максіма Гарэцкага і Янкі Станкевіча, папярэдне надрукаваўшы пару дзесяткаў артыкулаў пра сваіх герояў. Нарэшце, у апошнія тры гады былі выдадзены мовазнаўчыя творы Станкевіча (выданне трохі спазнілася да 110–гадовага юбілею), Лёсіка (да 120–гадовага юбілею) і Некрашэвіча (таксама да 120–гадовага юбілею). Акрамя навуковага, з’яўленне гэтых публікацый мела вялікае маральнае значэнне, бо ўсе пералічаныя савецкія аўтары ў 1930–я г. зведалі рэпрэсіі, а аўтары–эмігранты (а таксама Лёсік і Ластоўскі) заслугоўвалі, каб быць далучанымі да агульнай плыні беларускай лінг­вістыкі. 

Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1972 г. у „Весніку БДУ“ быў апублікаваны артыкул І.Германовіча пра мовазнаўчую дзейнасць Некрашэвіча, найбольш вядомая фігура сярод трох нядаўніх юбіляраў — Лёсік, пра якога сталі пісаць толькі ў другой палове 1980–х. У 1920–я г. ён знаходзіў­ся сярод найбольш вядомых арганізатараў беларускай лінгвістычнай навукі. Пад час стварэння Інбелкульта ў 1922 г. Лёсік быў зацверджаны правадзейным членам поруч з Яўхімам Карскім, Янкам Купалам і Якубам Коласам, а ў 1928 г. — акадэмікам Беларускай Акадэміі навук. З лютага 1925 г. Лёсік знаходзіўся на чале правапісна–тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, з кастрычніка 1926 г. — кіраваў Галоўнай тэрмінала­гічнай камісіяй, а ў кастрычніку 1927 г. узначаліў Інстытут навуковай мовы. Са стварэннем у лістападзе 1929 г. Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук ён стаў намеснікам яго дырэктара, Некрашэвіча. У 1921 г. выйшла з друку першая з укладзеных Лёсікам граматыка (з пазнакай: „правапіс подлуг «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча“), і з та­го часу аж да 1929 г. правапісы і граматыкі Лёсіка друка­валі­ся штогод. Шырокай вядомасці Лёсіка ў канцы 80–х — 90–я г. спрыяла  дыскусія вакол яго асобы1, а таксама тая акалічнасць, што ён быў палітыкам (у 1917 г. напісаў брашуру „Аўтаномія Беларусі“, удзель­­нічаў у абвяшчэнні БНР) і ствараў мастацкія творы. Характарыстыка Лёсіка як палітычнага дзеяча дадзена ў кнізе А.Мяснікова „Нацдэмы. Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка“ (1993). У 1994 г. асоба Лёсіка была прадстаўлена ў 4–м томе біябібліяграфічнага слоў­ніка „Беларускія пісьменнікі“ (адпаведны артыкул напісалі літаратуразнаўца Ірына Багдановіч і інжынер Алесь Жынкін), тады ж пісьменніцкае выдавецтва „Мастацкая літаратура“ надрукавала ўкладзены А.Жынкіным том яго мастацкіх і публіцыстычных твораў. Лёсік (разам з Ластоўскім) быў рэабілітаваны толькі ў чэрвені 1988 г., пазней за іншых беларускіх мовазнаўцаў, — і гэтая акалічнасць таксама спрыяла асаблівай грамадскай увазе да ягонай асобы.

У гісторыю беларускага мовазнаўства Лёсік увайшоў найперш як апантаны рэфарматар правапісу беларускай мовы, дзякуючы ініцыятыве якога ў 1926 г. была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі2. Яшчэ ў 1918 г., да з’яўлення граматыкі Тарашкевіча Лёсік выступіў з першым сваім праектам рэгулявання беларускага правапісу, і гэтая цікавасць да розных спосабаў перадачы беларускай мовы на пісьме не пакідала яго да канца 20–х г., часу, да якога ён актыўна працаваў у беларускім мовазнаўстве. Што ж у сярэдзіне 20–х г. хацеў змяніць у беларускай азбуцы і правапісе Лёсік, як матываваў патрэбу гэтых зменаў і якімі былі вынікі ягонай рэфарматарскай  актыўнасці?

Укладзеная прадпрымальнікам Алесем Жынкіным кніга, у якую ўвайшлі амаль усе (але, насуперак укладальніку, не ўсе) рэфарматарскія правапісныя публікацыі Лёсіка, дае дастаткова поўны адказ прынамсі на два першыя з пастаўленых пытанняў. У зборнік уключаны артыкул 1925 г. „Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу“, брашура 1926 г. „Спрашчэнне правапісу“, артыкул „Да рэформы беларускага правапісу“ 1926 г., даклад „Да рэформы беларускага правапісу“ на Акадэмічнай  канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (які ў значнай меры паўтарае названую брашуру), за­ключнае слова Лёсіка пасля абмеркавання даклада, а таксама даволі вялікі фрагмент стэнаграмы паседжання правапіснай камісіі Акадэмічнай канферэнцыі.  (Укладальнік, аднак, абмінуў апублікаваны ў 1929 г. у часопісе „Асвета“ Лёсікаў „Праект рэформы і стабілізацыі беларускага правапісу“.)

У графіцы Лёсік выказваўся за замену літары э знакам є, замену ы на и, й на j, дз і дж на літары д і ж з гачкамі. У правапісе ён прапаноўваў у якасці зыходнага „тэарэтычнага“ падыходу цалкам рэалізаваць на пісьме фанетычны прынцып напісання, выказваўся за „поўнае“ яканне для ўласных слоў, ня­зменнае напісанне злучніка і і прыназоўніка у. Менавіта ад Лёсіка ў сярэдзіне 1920–х зыходзіла ініцыятыва не абазначаць на пісьме асіміляцыйную мяккасць зычных (пісаць: снег, злева замест ранейшых сьнег, зьлева), асаблівасць, якая надзвычай востра дыскутавалася ў Беларусі на пераломе 1980 — 1990–х г. і для некаторых стала культавай.

Цікава, што першая рэфарматарская правапісная публікацыя Лёсіка, аўтара, які к 1925 г. выдаў ужо некалькі сваіх падручнікаў арфаграфіі, была даволі „нятрапная“: у артыкуле „Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу“ Лёсік толькі част­кова вызначыў балючыя праблемы тагачаснага правапісу, абмінуўшы пры гэтым самыя важныя або патрактаваўшы іх неналежным чынам. Так, у названым артыкуле Лёсік нямала месца прысвяціў малаістотнай арфаграфічнай праблеме таго часу — размежаванню уніфікаванага ў Тарашкевіча напісання злучніка і і прыназоўніка у. У сваім артыкуле Лёсік зусім не закрануў праблемы напісання літар е або я ў другім і наступных складах перад націскам, а ў дачыненні да пашырэння акання на запазычаныя словы, з якога ўласна і пачалася гаворка пра рэфармаванне правапісу3, заняў выразна адмоўную пазіцыю.

Звяртае на сябе ўвагу супярэчлівасць галоўных выказаных на канферэнцыі Лёсікавых прапаноў: так, ініцыятыва ў ня­зменным („нескарочаным“) выглядзе пісаць злучнік і і прыназоўнік у, гэтаксама як намер скасаваць мяккі знак у словах тыпу сьнег, зьлева выразна ішлі насуперак генеральнай Лёсікавай тэндэнцыі да панавання фанетычнага прынцыпу права­пісу. Яшчэ больш супярэчнасцяў можна было б знайсці, калі б параўнаць з агульнымі тэарэтычнымі падыходамі Лёсіка некаторыя іншыя яго прыватныя прапановы.

У 1925—1926 г. Лёсік часам крута змяняў свае пазіцыі. У той час, як у артыкуле „Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу“, а таксама на паседжанні мовазнаўчай секцыі Інбелкульта 12 красавіка 1926 г. на адрозненне ад пераважнай большасці беларускіх лінгвістаў Лёсік катэгарычна і, вядома ж, „навукова“4 выказваўся супраць пашырэння акання на чужаземныя словы (г.зн. падтрымліваў складаную тарашкевічаўскую рэдакцыю адпаведнага правіла), у верасні 1926 г. у артыкуле „Спрашчэнне правапісу“ і ў лістападзе 1926 г. на Акадэмічнай канферэнцыі ён выступіў ужо гарачым прыхільнікам пашырэння акання, сцвярджаючы, што адпаведнае правіла (якое сам раней лічыў „дасканалым“, II, 187) аказалася „першым каменем, на які спатыкнуўся наш правапіс і вы­клікала той крызіс, які мы цяпер перажываем“ (II, 197)5.

Лёсік матываваў патрэбы прапанаваных ім  заменаў пераважна неабходнасцю спрасціць беларускі правапіс і па­ставіць яго на належны навуковы грунт. Сярод матываў рэформы ён таксама называў эстэтычныя („мы надалі свайму пісь­му ня­правільнага, грубага, а часам і брыдкага выгляду“, II, 102), адвольнасць і выпадковасць тарашкевічавай арфаграфіі („Тарашкевіч усё свядома пераблутаў і стаў запісваць адны і тыя ж граматычныя формы розным правапісам“, II, 253), недастатко­вую блізкасць правапісу да жывой беларускай мовы і (найра­дзей) недастаткова самабытны характар беларускай гра­фі­кі. Вельмі частай падставай для рэфармавання фігуравала таксама аналогія з сітуацыяй рэформы расій­скай мовы ў 1917—1918 г. Лёсік лічыў неабходным рэфармаваць беларускую графіку і правапіс як мага хутчэй, пакуль у карыстальнікаў беларускай мовы не склалася прывычка да ўжыванай графікі і арфаграфіі. Пры гэтым трэба „ужыць некаторую рэвалюцыйнасць“ (II, 196, 211). Змены ў мове ён лічыў вельмі патрэбнымі і, у прыватнасці, сцвярджаў, што „рэформа азбукі — гэта такая справа, аб каторай трэба гаварыць не пераставаючы“ (II, 7, 100). А.Жынкін не без падстаў змяс­ціў гэтае выказванне Лёсіка 1926 г. у якасці аднаго з эпіграфаў да яго кнігі, верагодна, мяркуючы, што яно ўяўляе сабой крэда навукоўца. 

Матэрыялы зборніка паказваюць, што многія вылучаныя Лёсікам на Акадэмічнай канферэнцыі прапановы ў працэсе абмеркавання былі адхілены. За прапановы ў рэфармаванні алфавіту Лёсіка крытыкавалі С.Некрашэвіч, З.Жылуновіч і У.Чаржынскі. Супраць рэалізацыі поўнага якання на пісьме выказаліся ў спрэчках М.Байкоў, У.Чаржынскі, І.Воўк–Левановіч, С.Некрашэвіч, Я.Бялькевіч, П.Бузук, В.Мачульскі. Галасаванне на паседжанні правапіснай камісіі паказала, што прапанову Лёсіка аб поўным яканні (якая, паводле С.Некрашэвіча, была асноўным пунктам праекта рэформы братоў Лёсікаў — III, 14) падтрымалі толькі 7 чалавек, тады як 15 выказаліся супраць яе (II, 254). З другога боку, альтэрнатыўная прапанова Некрашэвіча была падтрымана на паседжанні камісіі 15 галасамі,  у той час як супраць было пададзена толькі 4 галасы (II, 254). Больш паспяховымі аказаліся спробы Лёсіка рэфармаваць правапіс прыназоўніка у і злучніка і. У той час як ўдзельнікі паседжання правапіснай камісіі ў дачыненні да правапісу у прынялі альтэрнатыўныя Лёсікавай прапановы А.Багдановіча („правапіс нескладовага у пакінуць у рэдакцыі Тарашкевіча“ і „выкінуць выключэнні, якія зрабіў Лёсік у сваім правапісе“), у частцы, датычнай правапісу злучніка і, была пад­трымана прапанова заўсёды пісаць яго ня­зменна (II, 265)6.

Яшчэ менш натхняльная карціна адкрылася б чытачу, які захацеў бы больш шырока даведацца пра тое, як былі ўспрыняты на Акадэміч­най канферэнцыі прапановы Я.Лёсіка. Ён пабачыў бы, што, напрыклад, за прапановы скасаваць у беларускім алфавіце літары э і ы Лёсіка крытыкавалі не толькі С.Некрашэвіч, З.Жылуновіч і У.Чаржынскі, але і акадэмік Ляпуноў і настаўнік Янка Бялькевіч, а за намер не карыстацца літарай ы — таксама яшчэ Ластоўскі і Бузук. Грунтоўна раскрытыкаваў прапанаваны Лёсікам на Акадэмічнай канферэнцыі правапісны праект С.Некрашэвіч (III, 11—22), у гэтай крытыцы яго падтрымалі І.Воўк–Левановіч, П.Растаргуеў, П.Бузук, Я.Бялькевіч, А.Багдановіч і інш. Увогуле, можна сцвер­дзіць, што для нядаўняга старшыні правапісна–тэрміналагічнай камісіі Акадэмічная канферэнцыя стала нялёгкім выпрабаваннем: большасць яго графічна–правапісных прапаноў востра раскрытыкавалі, і іх ініцыятар зазнаў амаль поўнае фіяска. Калі пасля Акадэмічнай канферэнцыі была створана новая правапісная камісія, якая мела прадоўжыць спробы ўдасканаліць правапіс, то на чале яе стаў С.Некрашэвіч, які, паводле ўласнага прызнання, правапісам не займаўся (III, 21); зусім відавочна, што ў святле нядаўніх спробаў Лёсіка навязаць усім бачаны ім спосаб рэфармавання беларускай арфаграфіі ўскладаць гэтую місію на яго было нельга7.

Чаму ініцыятар правапіснага рэфармавання на Акадэмічнай канферэнцыі фактычна праваліўся? Ці прапановы Лёсіка ў галіне рэформы беларускага алфавіту і правапісу былі такімі недарэчнымі? Ці, магчыма, удзельнікі канферэнцыі былі не ў стане іх адэкватна ацаніць? Ці, можа, проста ў 1926 г. беларускі правапіс і графіка дастаткова добра функцыянавалі і таму не мелі патрэбы ў якой–небудзь — асабліва радыкальнай — рэформе?

Мы ўжо гаварылі вышэй аб нястройнасці Лёсікавых правапісных прапаноў: будучы ўнутрана супярэчлівымі, яны, бадай, і не маглі здабыць сабе шмат прыхільнікаў. Сярод выказванняў Лёсіка было нямала перабольшаных, бяздоказных, адвольных — кшталту таго, што беларуская графіка непрыгожая або што літары э і ы не могуць перадаць належным чынам адпаведных гукаў беларускай мовы. Прапановы Лёсіка звычайна выкладаліся ў катэгарычнай, „адназначнай“ форме, што таксама не спрыяла іх прыняццю з боку не толькі прывычных да аналітычнага падыходу навуковых супрацоўнікаў Інбелкульта, але і з боку іншых удзельнікаў канферэнцыі, якія імкнуліся да асэнсавання, непрамалінейнага бачання розных правапісных калізій. Прыняццю Лёсікавых прапаноў пера­шкаджала і тое, што асобныя з іх былі выказаны толькі ў самым агульным выглядзе. А.Багдановіч і С.Некрашэвіч заўважалі, што браты Лёсікі падмацоўвалі свае прапановы рэфармаваць правапіс не навуковымі вывадамі, а „індывідуальна–суб’ектыўнымі назіраннямі… або, больш правільна, перакананнямі“ (III, 13). Апошняя акалічнасць ставіла крыж на магчымасці для Лёсіка пераканаць у сваёй рацыі ўдзельнікаў канферэнцыі. Яны не маглі згадзіцца з тым, што беларускі правапіс трэба рэфармаваць пераважна таму, што так таго хоча пры­хільнік „рэвалюцыйнасці“ ў правапісе Лёсік.

У такіх справах, як асэнсаванне лёсу тых або іншых правапісных праектаў, ініцыяваных канкрэтнымі асобамі, міжволі не абысціся без уліку чалавечых якасцяў гэтых асобаў. Што да Лёсіка, то Якуб Колас вызначыў характар свайго дзядзькі як „прамалінейны“8, і гэтая прамалінейнасць добра відаць з правапісна–рэфарматарскіх публікацый Збору твораў Лёсіка. Быўшы адначасова настаўнікам і навукоўцам, падобна, ён лічыў сябе выключным знаўцам у справе правапіснага рэфармавання беларускай мовы, своеасаблівым месіяй  і свята верыў у неабходнасць хуткіх (і неадменна згодных з ягонымі поглядамі) зменаў. Зазнаўшы паразу на канферэнцыі, Лёсік, здаецца, толькі ў нязначнай меры змяніў свае погляды і на некаторых сваіх прапановах настойваў і пазней. Вынікам гучных рэфарматарскіх ініцыятыў Лёсіка стала ўкараненне ў грамадскую думку меркавання аб тым, што тагачасны беларускі правапіс быў недасканалы, такі, які падлягаў абавязковай змене. Гвалтоўна праведзеная ў 1933 г. рэформа беларускай мовы лягла ў пэўнай ступені на падрыхтаваны грунт — у другой палове 20–х аб заганнасці тагачаснага правапісу было сказана занадта многа…

Ёсць пэўны парадокс у тым, што фігура Сцяпана Некрашэвіча як лінгвіста (які ў 1920–я г. у навуковай ерархіі Беларусі нязменна займаў больш высокае месца, чым Лёсік) вядома менш, прычым, падобна, не толькі публіцы, але і больш аба­зна­наму колу гуманітарыяў (за выняткам лінгвістаў). Погляды і дзейнасць першага старшыні Інбелкульта, старшыні ад­дзела мовы і літаратуры, старшыні слоўнікавай і правапіснай камісій, акадэміка і віцэ–прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук, дырэктара Інстытута мовазнаўства Некрашэвіча ў БССР былі пэўнай альтэрнатывай поглядам і правапісным намаганням Лёсіка. Так атрымалася, што на Акадэмічнай канферэнцыі Некрашэвіч стаў адным з галоўных апанентаў Лёсіка, дзе ён пункт за пунктам раскрытыкаваў розныя недастаткова ўгрунтаваныя прапановы ініцыятара рэформы. Паводле Некрашэвіча, ніякага крызісу правапісу Тарашкевіча ў сярэдзіне 1920–х г. не было (III, 22), устаноўленыя Тарашкевічам пра­вілы правапісу трымаліся моцна (III, 12), а сама шырокая пастаноўка пытання рэформы правапісу была заўчаснай (III, 15). Некрашэвіч лічыў, што вылучаны на абмеркаванне Акадэмічнай канферэнцыі правапісны праект братоў Лёсікаў быў „несур’­ёзны“, такі, які не заслугоўваў быць разгледжаным на канферэнцыі (III, 13). Аднак паколькі на форуме праект Лёсіка разглядаўся, „то не дзеля яго навуковай і практычнай вартасці, а каб карыстаючыся аўтарытэтам Канферэнцыі, накіраваць працу па рэформе нашага правапісу на належны шлях“ (III, 14). Гэткі шлях, на думку Некрашэвіча, мог быць адзін: „шырока распачаць працу па даследаванні беларускіх гутарак і на аснове вывадаў даследавання рабіць рэформу правапісу“ (III, 14).

Гэта была прынцыповая і заяўленая яшчэ да канферэнцыі пазіцыя Некрашэвіча.  Такая пастаноўка пытання выбівала глебу з–пад ног у прыхільніка хуткай рэформы беларускай мовы Лёсіка: зразумела, што шырока даследаваць беларускія га­воркі за кароткі час было немагчыма. Чаму ж Некрашэвіч быў так не зацікаўлены ў хуткай правапіснай рэформе бела­рус­кай мовы, фактычна ігнараваў яе нягледзячы на чаканні ўладаў, што ў галіне правапісу на канферэнцыі адбу­дзец­ца акурат „постановка вопроса практически и упрощение“9?

Рэч у тым, што, на адрозненне ад Лёсіка, Некрашэвіч чакаў ад канферэнцыі зусім іншых дасягненняў, чым усяго толькі канкрэтныя змены ў правапісе. У гісторыю беларускай навукі Акадэмічная канферэнцыя ўвайшла як „выдатны по­дзвіг“ (remarkable feat)10, і заслуга Некрашэвіча ў гэтым была надзвычай вялікая. Велічным здзяйсненнем было ўжо тое, што ў Менску, які не меў глыбокіх традыцый вывучэння беларускай мовы, праз некалькі гадоў пасля спусташальных першай сусветнай і грамадзянскай войнаў упершыню ў Савецкім Саюзе з зусім прыстойным міжнародным прадстаўніцтвам адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная адной з наймаладзейшых славянскіх літаратурных моў, само існаванне якой яш­чэ нядаўна  запярэчвалася. Важна тое, што замежныя ўдзель­нікі канферэнцыі зусім не былі „вясельнымі генераламі“ і ў меру свайго разумення канкрэтных праблем бралі актыўны ўдзел у дыскусіях. Беларускія навукоўцы зазначаюць, што толькі з 1926 г. Інбелкульт „прыкметна пайшоў па шляху навукова–даследчай работы... Для мовазнаўчых устаноў такім пераломным момантам з’явілася адзначаная вышэй канферэнцыя…“11. У рэзалюцыі канферэнцыі сярод іншага сцвяр­джалася, што „дзякуючы навуковаму даследаванню і апрацаванню беларуская мова ўваходзіць у сям’ю славянскіх моваў як самастойны і раўнапраўны яе член“12. Ці была б такая фармулёўка магчымая, калі б на канферэнцыі абмяркоўваліся толькі прыкладныя і мала звязаныя з навукай праблемы выкарыстання ў беларускай мове тых або іншых літар або спосабы напісання тых або іншых арфаграм? Пытанне рытарычнае13.

У той час як перанасычаныя рытарычнымі прыёмамі ды­скусійныя правапісныя публікацыі Лёсіка на сёння, бадай, страцілі сваю навуковую каштоўнасць і ўяўляюць цікавасць найперш з гістарычнага гледзішча, гэтага нельга сказаць пра артыкул Некрашэвіча „Аб пашырэнні акання на чужаземныя словы“ і яго даклад „Да пытання аб рэформе нашага правапісу“ на Акадэмічнай канферэнцыі. У гэтых працах месціцца ў значнай ступені „стрымвальная“ крытыка ў дачыненні да правапісных ініцыятыў Лёсіка, але чытач у іх багата знойдзе як агульных заўваг адносна прынцыпаў правапіснага рэгулявання, так і трапных ацэнак тагачаснай правапіс­­най сітуацыі.

У нейкай меры падобнай да Лёсіка фігурай быў заходнебеларускі і пазней эмігранцкі лінгвіст Ян Станкевіч. З Лёсікам яго лучыць выключная цікавасць да правапісу і яго рэфармавання. Падобна да Лёсіка, з першымі сваімі правапіснымі праектамі ён выступіў яшчэ да з’яўлення граматыкі Тарашкевіча, апублікаваўшы ў 1918 г. дзве брашуры, адну ў суаўтарстве з нямецкім славістам Рудольфам Абіхтам, а другую — з Антонам Луцкевічам. Правапісная праблематыка не выхо­дзіла з поля зроку Станкевіча на працягу ўсяго ягонага жыцця, апош­нія публікацыі ў гэтай сферы з’явіліся ў 1970–я г.

Калі пра Лёсіка–мовазнаўца існуе зусім мала навуковай літаратуры (і колішнія публікацыі аўтара гэтых радкоў з’яўляюцца хутчэй сціплым унёскам у гэтай галіне), то пра мова­творчую практыку Станкевіча, як ужо згадвалася, у 2003 г. абаронена спецыяльная дысертацыя. Важныя фрагменты з гэтай дысертацыі апублікаваны ў Зборы твораў Станкевіча ў якасці пасляслоўя (Ib, 534—578). На жаль, матывацыя актыўнага правапіснага рэфарматарства Станкевіча 1920–х г. у па­сляслоўі амаль не асвятляецца: Ю.Бушлякоў схільны абмяжоў­вацца пераважна канстатацыямі тыпу той, што ў падруч­ніку „Беларуская правапісь з практыкаваньнямі“ 1921 г. Станкевіч увёў „шэраг правапісных і марфалагічных навацыяў, якія атры­маюць развіццё ў ягонай далейшай лінгвістычнай практыцы“ (Ib, 537), або той, што на старонках „Роднай мовы“  Станкевіч друкаваў свае графічна–арфаграфічныя праекты (выкарыстанне літары j, паслядоўная перадача на пісьме пратэтычных j і в), аднак яго варыянт сістэматызацыі ўтрымліваў „інавацыйную для тагачаснай літаратурнай мовы прапанову ўжывання адаптаваных у народна–дыялектавай мове формаў пазычанняў з канцавымі этымалагічнымі –іо, –іа (опэраца, бібля, ліня, Юля, Яўхіма й г.д.)“ (Ib, 540)14.    

Аўтар пасляслоўя ўхваляе, бадай, ці не ўсе правапісныя і граматычныя прапановы Станкевіча. Бушлякоў сцвярджае, што ў артыкуле „Дыспалаталізацыя l у беларускай мове“ Станкевіч „пераканаўча давёў, што цвёрдае л перад –ц і –ства як асаблівасць агульнабеларуская мае быць канечна ўведзена ў беларускую літаратурную мову (вучыцелка, колца, кавалства, малцы)“ (Ib, 539). Характарызуючы дыскусію 1932 г. паміж „смелым наватарам“ Станкевічам і Антонам Луцкевічам, Бушлякоў сцвердзіў, што Луцкевіч часта адмаўляў усякія інавацыі, якія „выбіваліся з звычных тады (выдзелена мной. — С.З.), апрабаваных часам нормаў беларускай літаратурнай мовы“ (Ib, 542). Спрэчка паміж Луцкевічам і Станкеві­чам ішла пра формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў на –шы (тыпу багатшы, вышшы) і формаў тыпу ліня і Бразыля. Станкевіч, паводле Бушлякова, „мусіў тлумачыць“ нездагадліваму Луцкевічу матываванасць ужывання такіх формаў. Але ці папраўдзе пасля гэтай дыскусіі яны сталі „звыч­нымі“ ў беларускай літаратурнай мове? І, значыць: ці папраўдзе ў гэтай дыскусіі меў рацыю Станкевіч?

Імкненні кадыфікаваць resp. рэфармаваць беларускую гра­фіку або правапіс у канцы 1910–х — самым пачатку 1920–х г. (калі яшчэ не існавала граматыкі Тарашкевіча або калі яна яшчэ толькі заваёўвала сабе прызнанне сярод карыстальнікаў беларускай мовы) можна ацэньваць іначай у параў­нанні з аналагічнымі захадамі другой паловы 1920–х г. Прынамсі , на час правядзення Акадэмічнай канферэнцыі станавілася ўсё больш зразумела, што граматыка Тарашкевіча за выняткам асобных пунктаў вельмі ўдала абагульніла здабыткі папярэдняга пісьменства ў сваёй правапісна–граматычнай частцы, што ўласна і пацвердзіла дыскусія на канферэнцыі15. Параўн. у гэтым плане прыведзеныя вышэй ацэнкі правапісу Тарашкевіча Некрашэвічам або наступную ацэнку сучаснага аўтара і іншыя кваліфікацыі Некрашэвіча: „аўтарытэт граматычных распрацовак Б.Тарашкевіча і Я.Лёсіка (Лёсіка ў той меры, у якой ён не рэфармаваў граматыку Тарашкевіча. — С.З.) быў непахісны да 30–х гадоў“16; „граматыка Б.Тарашке­віча, будучы проста і навукова ўложанай, адпавядаючы ў сваіх вывадах законам беларускай мовы, хутка атрымала самае вялікае пашырэнне і запанавала ва ўсіх нашых школах“, „да 1925 г. правапіс Б.Тарашкевіча трымаўся моцна, і мы ганарыліся тым, што ў нас ва ўсіх частках Беларусі існуе адзін правапіс“  (III, 12)17. Уласна, і сама Акадэмічная канферэнцыя, паводле Некрашэвіча, часткова склікалася дзеля таго, каб сцвердзіць „адзін­ства нашай мовы“18. „Тэндэнцыі асобных ўхілаў“, якія яшчэ дзе–нідзе назіраліся пры апрацоўцы беларускай літаратурнай мовы „галоўным чынам, па–за межамі Савецкае Беларусі“, мелі быць зняты, паводле Некрашэвіча,  „шляхам канферэнцый, шляхам узаемных уступак“19. Старшыня аддзела мовы і літаратуры выказаў на Акадэмічнай канферэнцыі меркаванне, што рэфармаваць беларускую мову належыць з улікам думкі заходнебеларускіх дзеячоў, і засведчыў спадзяванне, што такім шляхам „мы пагодзім гэтыя ўхіленні і выпрацуем беларускую літаратурную мову адну для ўсяго беларускага народа, у якой бы дзяржаве ён ні жыў“20. У святле гэтых ака­лічнасцяў намаганні каго б там ні было другой паловы 1920–х г. радыкальна змяніць правапіс Тарашкевіча варта ацэньваць без асаблівага захаплення і, як мінімум, неадназначна. Што да Станкевіча, то ягоныя матывацыі рэфармавання беларускай мовы другой паловы — пачатку 1930–х г. можна знайсці ў артыкулах „Найважнейшая справа“, „Язык і языкаведа“, „Да вымовы і правапісу чужых словаў“, у водгуку на зборнік працаў Акадэмічнай канферэнцыі21, а таксама ў рэцэнзіі на пятае выданне граматыкі Тарашкевіча.

Пішучы пра Акадэмічную канферэнцыю, Станкевіч цалкам далучыўся да матываў зменаў у алфавіце, выказаных асноўнымі дакладчыкамі па гэтай тэме Я.Лёсікам і П.Растаргуевым. З даклада П.Растаргуева Станкевіч прывёў наступнае меркаванне: „Пытанне аб рэформе беларускае азбукі — адно з асноўных пытанняў сучаснага культурнага жыцця Беларусі; гэта пытанне вымагае безадкладнага вырашэння. Беларуская мова да гэтага часу карысталася расійскай азбукай з нязначнымі яе зменамі. Гэтыя змены ў значнай ступені, за выключэннем ў, — чыста знадворнага характару, і такім чынам беларуская азбука не прыстасавана да асаблівасцей беларускай мовы“ (Ia, 94)22.

У артыкулах „Найважнейшая справа“ і „Язык і языкаведа“ Станкевіч падкрэсліў надзвычайную ролю філолагаў для развіцця літаратурнай мовы. Увогуле, літаратурную мову ствараюць паэты, празаікі, публіцысты, настаўнікі, але многія з іх не вельмі пераймаюцца з нагоды наяўнасці ў беларускай мове чужых уплываў і, увогуле, не ведаюць некаторых асаблівасцяў беларускай мовы (напрыклад, вымаўлення тыпу бібля або ліня). У цэлым у мове беларускай інтэлігенцыі яшчэ „замала беларускага псіхалагізму“ (Ia, 121). Трэба прыцягнуць інтэлігенцыю да „свядомага тварэння“ беларускае літаратурнае мовы, а зрабіць гэта можна пры дапамозе „адумысловых з’ездаў, зборкаў і выдаванага месячніка, пасвячанага беларускай мове“ (Ia, 83). Cтанкевіч даволі падрабязна распісаў структуру і рэгламент гэтых штогадовых зборак, мяркуючы, што яны будуць пачынацца з нарады лінгвістаў, якая далей будзе пашырацца на „паэтаў, наагул пісьменнікаў і публіцыстых і [будзе] пераходзіць у з’езд… гэты з’езд, не перарываючыся пашыраўся б на беларускае вучыцельства высокіх, сярэдніх, а мо й ніжшых школаў. Пашыраны з’езд разглядаў бы вылучна тыя пастановы, якія прыняў з’езд філолагаў з літаратарамі. Прынятыя пашыраным з’ездам пастановы лічыліся б канчальнымі і, як такія, абвяшчаліся б у адумысловым месячніку беларускае мовы“ (Ia, 83—84).

Незалежна ад таго, наколькі рэалістычнай для выканання  можна лічыць прапанаваную Станкевічам працэдуру прыняцця лінгвістычных рашэнняў, паўстае пытанне: а што ж рабіць у выпадку, калі падобная схема не будзе вытрымлівацца ў жыцці (а гэта адбывалася, як можна зразумець, заўсёды)? Верагодна, тады проста трэба кіравацца законамі свае мовы (Ia, 112). Паводле Станкевіча, „у языковых законах выняткаў нямашака“, зрэшты, бывае так, што „адныя з’явы маем паводле аднаго языковага закону, а другія паводле іншага“ (Ia, 114). Хто ж будзе вызначаць, штó ў мове ёсць закон, а штó — не? Моўныя законы падае нам „языкаведа (лінгвістыка)“ (Ia, 112)23. А хто з заходнебеларускіх дзеячоў моўнымі законамі, „языкаведай“ займаецца? Вядома, сам Станкевіч. Такі падыход міжволі мог прыводзіць яго (і шматкроць прыводзіў) у працэсе выпрацоўкі ўласных кадыфікацыйных прапаноў да ігнаравання рэальнага ўжывання: як жа можна было на яго абапірацца, калі яно аформілася „несвядома“, без рэгулятыўнага ўплыву прадпісаных Станкевічам рэгулярных філалагічных з’ездаў?24

Увогуле, „норматворчы“ падыход у фармаванні літаратурнай мовы, згодна з якім кадыфікацыя можа адбывацца не ў суладнасці з тагачасным ужываннем, мае права на існаванне і нават з’яўляецца зусім дарэчным для пэўных моў на пэўных гістарычных этапах іх развіцця. Ён, аднак, не можа быць занадта працяглым, а тым больш перманентным. Зусім непрымальнай з’яўляецца сітуацыя, калі нехта (у нашым выпадку — Станкевіч), спекулюючы на абгрунтаванасці „норматворчага“ падыходу, імкнецца накіраваць фармаванне літаратурнай мовы на выключна суб’ектыўны лад, дражлівы амаль для ўсіх карыстальнікаў літаратурнай мовы і зусім нязгодны з узусам. 

Трэба, аднак, сказаць, што адсылка Станкевіча да лінг­вістыкі была даволі ненадзейным развязаннем праблемы, бо часам мовазнаўцы, даследуючы адны і тыя ж з’явы, прыхо­дзяць да неаднолькавых высноў, неталерантна крытыкуюць адзін аднаго. Узор такой нецярпімасці знаходзім у рэцэнзіі Станкевіча на пятае выданне граматыкі Б.Тарашкевіча, апублікаванай пад псеўданімам Брачыслаў Скарыніч. Станкевіч убачыў у славутай працы Тарашкевіча пераважна недахопы.

Тарашкевіч аказаўся вінаваты перад сваім рэцэнзентам, бо выказаў у прадмове да сваёй працы думку пра тое, што ён не бярэцца праводзіць якія–небудзь змены ў сваёй граматыцы „індывідуальна–партызанскім спосабам, накідаючы свой праект праз школьны падручнік“. „У час утраты аўтарытэтаў, — паіранізаваў з гэтай нагоды Станкевіч, — так прыемна бачыць грумадска дысцыплінаванага чалавека“. На думку рэцэнзента, Тарашкевіч тым не менш накінуў свой праект праз школьны падручнік, хоць і меў магчымасць „падаць адумысловы праект навукова выкладзены“ (Ia, 141). Паводле Станкевіча, Тарашкевіч стаўся „капрызным дыктатарам“, калі „не выясніўшы навукова першае рэдакцыі свае граматыкі, зрабіў змены ў другой“ (Ia, 142). У дадзеным выпадку рэцэнзент, відавочна, не змог адэкватна ацаніць значэнне граматыкі Тарашкевіча, якая незалежна ад таго, ці быў Тарашкевіч капрызным чалавекам і на адрозненне ад уласных экзерсісаў Станкевіча, ужо даўно перастала быць „праектам“ і таму магла быць перавыдадзена яе аўтарам з пэўнымі зменамі.

Станкевіч выставіў Тарашкевічу прэтэнзію за тое, што ў яго граматыцы абмінуты суфіксы –ак і –уха, –елка і –ніца, –юсеньк–, –усеньк–, не згадана пра ацвярдзенне ль  перад ц і –cтва (салца, палцы, стралцы, бабылства, самахвалства) (у апошнім выпадку спаслаўшыся як на аўтарытэтны на ўласны артыкул, падпісаны сапраўдным прозвішчам). Але падобныя „акадэмічныя“ заўвагі да практычнай школьнай граматыкі былі зусім недарэчныя. Што да ацвярдзення ль перад ц, якое так настойліва прасоўваў Станкевіч і якое з энтузіязмам пад­трымаў Ю.Бушлякоў, то настойванне на ім як агульнабеларускай рысе было яўным непаразуменнем. У сваім артыкуле з гэтай нагоды Станкевіч няраз спасылаўся на Карскага, але што на гэты конт думаў сам пачынальнік беларускай філалогіі? Яшчэ ў 1929 г. у сваім аглядзе нумара „Запісак“, дзе быў надрукаваны артыкул Станкевіча, Карскі так ацаніў гэтую з’яву: „Что касается старинных белорусских памятников (на якія спасылаўся Станкевіч, даводзячы пашыранасць гэтай з’явы. — С.З.), то там, как и вообще в древнерусских памятниках XIV и следующего веков, мягкое л обозначается редко, так что мало знакомому со старинными рукописями лицу мнимое отвердение л можно встретить очень часто, даже в Лаврентьевском списке летописи Суздальского происхождения“25.

Станкевіч крытыкаваў Тарашкевіча за тое, што апошні ў сваёй граматыцы вылучыў тры скланенні назоўнікаў адпаведна з падзелам назоўнікаў на роды. З уласцівай яму катэгарычнасцю рэцэнзент сцвердзіў, што такі падзел „не толькі не мае нічога супольнага з навуковасцяй… але й вельмі далёкі ад практычнасці“. Больш практычным, паводле Станкевіча, мела б быць выдзяленне… пяці скланенняў назоўнікаў, пры гэтым яшчэ „асобна трэба ўспомніць аб невялічкіх астачах іншых скланенняў з суфіксамі –ес– і –ер–“ (Ia, 144). Ці трэба казаць, што ў сучасных граматыках вылучаюцца менавіта тры скланенні назоўнікаў?

У рэцэнзіі Станкевіч запярэчыў Тарашкевічу ў сувязі з кадыфікацыяй формаў вачэй, вушэй (згодна з рэцэнзентам, павін­на быць: вачоў, вушоў), у сувязі з вылучэннем у якасці асноўнага ў формах ступеняў параўнанняў прыметнікаў суфікса –ейшы (–эйшы) (а не –шы, як на тым настойваў Станкевіч), у звязку з абмежаваннем Тарашкевічам формаў дзее­прыметнікаў незакончанага трывання на –учы (–ючы), з прычыны непрыняцця Тарашкевічам формаў тыпу фантазя, аказя, паэзя і інш. У артыкуле „Аканне ў скланенню назоўных імёнаў“ Станкевіч раскрытыкаваў пададзеныя ў Тарашкевіча формы вучням (давальны склон множнага ліку), аб вучнях (месны склон множнага ліку), прыяцеляў, здарэнняў (родны склон множнага ліку); на думку Станкевіча, у гэтых выпадках „магчыма й трэба“ лічыцца толькі з тым, што тут маюць быць формы тыпу прыяцелем, вучнем (давальны склон множнага ліку), аб прыяцелех, звычаех (месны склон множнага ліку), локцеў, звычаеў, імкненнеў (родны склон множнага ліку). У сваёй спрэчцы з Тарашкевічам  Скарыніч–Станкевіч штораз спасылаўся на аўтарытэтныя меркаванні д–ра П.Вайцюлевіча, М.Піліпёнка, Я.Станкевіча. Калі мець на ўвазе, што П.Вайцюлевіч і М.Піліпёнак — гэта псеўданімы самога Станкевіча, то становіцца зразумелым, каго з тагачасных лінгвістаў ён лічыў найбольш аўтарытэтнай асобай.

Быўшы адарваным ад здабыткаў  усходнебеларускай культурна–навуковай дзейнасці свайго часу, Станкевіч, падобна, затрымаўся на ўзроўні 1918 г. і ні трохі не хацеў разумець, што за дзесяць гадоў з часу першага выдання граматыкі Тарашкевіча сітуацыя моцна змянілася. За гэты час, паводле слоў самога аўтара першай беларускай граматыкі, беларускае „«народнае нарэчча» сілаю [ўжо] сталася «літаратурным языком»“26 і як такое ўжо не патрабавала актыўнага прыкладання намаганняў рэфарматараў. Выдаючы ў Вільні ў 1930—1931 г. лінгвістычны часопіс „Родная мова“, Станкевіч дзіўным чынам знаходзіўся ў своеасаблівай інтэлектуальнай ізаляцыі ад магістральных напрамкаў тагачаснай беларускай мовазнаўчай думкі. Звяртае на сябе ўвагу, напрыклад, тое, што разгледжаны вышэй разбор 1930—1931 г. Станкевіч прысвяціў выданню заходнебеларускага аўтара (фактычна мала змененаму ў параўнанні з 1918 г.), якое мела ўжытак толькі на тэрыто­рыі Заходняй Беларусі, але было практычна невядомае ў Савецкай Беларусі. Чаму ж Станкевіч у 1920–я — пачатку 1930–х нічога не напісаў пра правапісныя і граматычныя падручнікі Лёсіка, якія толькі ў 1926—1928 г. выходзілі вялікімі накладамі 9 разоў? Акурат дапаможнікі Лёсіка на той час былі найбольш вартымі ўвагі з пункту гледжання прыкладання дасягненняў навукі да методыкі навучання беларускай граматыцы і правапісу. Але ці папраўдзе методыка навучання права­пісу турбавала Станкевіча найбольш? Падручнікі Лёсіка выкарыстоўваліся ў Савецкай Беларусі і як такія, на адрозненне ад падручнікаў Тарашкевіча, не стваралі канкурэнцыі ўласным працам Станкевіча; навошта ж было іх крытыкаваць? Чаму так і засталася без Станкевічавай ацэнкі багатая правапісная частка прац Акадэмічнай канферэнцыі?

Калі б Станкевіч ведаў усходнебеларускую навуковую і метадычна–педагагічную літаратуру лепш, то многія яго філіпікі на адрас Тарашкевіча былі б проста непатрэбнымі, прынамсі, іх можна было б пераадрасаваць і шмат якім іншым беларускім лінгвістам. Скажам, „каб раз назаўсёды выясніць справу“ з дзеяслоўнымі суфіксамі –ыва–, –іва–, Станкевіч у 1930 г. спыніўся на іх падрабязна (Ia, 143). Але ў Савецкай Беларусі гэтая праблема  была асветлена яшчэ ў 1922 г. у артыкуле Некрашэвіча „Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм“ (III, 48). У святле той акалічнасці, што не толькі Тарашкевіч, але і большасць тагачасных лінгвістаў выразна абмяжоў­валі ўжыванне дзеепрыметнікаў у беларускай мове, выключна самаўпэўненым выглядае наступнае сцверджанне Станкевіча: „дзее­прыкметы (дзеепрыметнікі. — С.З.) на –учы, –ючы вельмі часта сустракаюцца ў гамонкавай мове“ (Iа, 158). У выпадку з рэцэнзіяй Станкевіча на граматыку Тарашкевіча выпадае гаварыць пра моцнае раздражненне рэцэнзента, дробязную пры­дзірлівасць, суб’ектыўнасць — яны былі абумоўлены, відаць, тым, што рэцэнзент ніяк не мог змірыцца з прыярытэтам Тарашкевіча ў галіне граматычнай кадыфікацыі беларускай мовы. (Элементы зайздрасці, непацешанай амбіцыі трэба бачыць — з даволі падобных прычын — і ў рэфарматарскіх захадах Лёсіка.)

Выданне прац Станкевіча, Лёсіка і Некрашэвіча заслугоў­вае ўвагі і з пункту гледжання асэнсавання рэалізаваных у дадзеных працах навуковых стандартаў. У гэтых адносінах агля­даныя кнігі былі падрыхтаваны зусім па–рознаму. У той час як выданні твораў Станкевіча і Лёсіка ўкладзены фактычна па–за межамі навуковых або навучальных устаноў27, творы Некрашэвіча падрыхтаваны ў акадэмічным Інстытуце мова­знаўства. Калі ўкладанне твораў Лёсіка здзейснена адным чалавекам, Некрашэвіча — двума28, то падрыхтоўкай прац Станкевіча займаўся цэлы калектыў29. Калі ў выданнях Станкевіча і Лёсіка захаваны асаблівасці правапісу іх аўтараў30, то ў выданні Некрашэвіча тэкст прыведзены ў адпаведнасць з сучаснай арфаграфіяй. Калі Збор твораў Станкевіча рыхтаваўся даволі доўга, то зборнік прац Лёсіка зроблены літаральна за пару месяцаў. Калі на падрыхтоўку прац Некрашэвіча, верагодна, былі асігнаваны нейкія сціплыя сродкі, то А.Жынкін спецыяльна агаворвае, што кніга Лёсіка была зроблена ім „без аніякай выгады“, яна „чыстая і светлая, бо ніякія гранты, ніякія спонсары не дакраналіся да яе“ (II, 4). У той час як выданні Станкевіча і Лёсіка прэтэндуюць на тое, каб поўна паказаць лінгвістычны даробак сваіх герояў, і маюць індэксы імёнаў, то ў прадмове да кнігі Некрашэвіча такая праблема проста не абмяркоўваецца; індэкса ў кнізе Некрашэвіча таксама няма. Калі кніга Станкевіча мае каментары, то ў выданні твораў Некрашэвіча каментароў няма; пазначаны, аднак,  крыніцы першапублікацый. Выглядае на тое, што падрыхтаваныя дзякуючы прыватным ініцыятывам выданні Станкевіча і Лёсіка падаюцца як акадэмічныя (і ў нейкай меры такімі з’яўляюцца), а ўкладзенае ў Акадэміі навук выданне твораў Некрашэвіча — не. Шкада, безумоўна, што ў Інстытуце мова­знаўства паставіліся да выдання твораў свайго першага дырэктара даволі неахайна31. Што ж да твораў Станкевіча і Лёсіка, то спосаб іх выдання заслугоўвае больш дэталёвага разгляду.

Насуперак выразна задэманстраванаму клопату адносна навуковага ўзроўню выдання (гл., напрыклад: Iа, 7, 9), па­праў­дзе далёка не ўсе параметры навуковых выданняў былі ўлічаны ў кнізе ў дастатковай меры.

Сцвярджаючы, што ў кнізе прадстаўлена толькі „тэарэтычнае мовазнаўства“, рэдактар спецыяльна пералічыў працы, якія не былі ўключаны ў Збор твораў. Адны з гэтых прац (напрыклад, брашура 1921 г. „Правапіс чужых словаў“) пазней былі перапрацаваны і акурат у абноўленым выглядзе ўвайшлі ў кнігу Станкевіча. Іншыя (як, напрыклад, „Апытальнік да збірання дыялектычных і некаторых агульных асаблівасцеў беларускага (крывіцкага) языка“) засталіся па–за рамкамі зборніка, верагодна, таму, што маюць у значнай ступені дапаможны, інструкцыйна–метадычны характар. Шэраг прац („Přispevky k dejinám beloruského jazyka na základe rukopisu Al–Kitab“, „Stan badań nad klasyfikacją dialektów białoruskich“, „The Language Policy of the Bolsheviks in the Belorussian SSR“ і інш.) быў адхілены з прычыны таго, што выказаныя ў іх ідэі знайшлі адлюстраванне ў беларускамоўных публікацыях Стан­­кевіча. Калі ў дачыненні да працаў „The Language Po­li­cy…“ або „Some New Changes in the Belorussian Language, as used in the Belorussian SSR“ такі падыход можна прызнаць абгрунтаваным (аднак у адпаведных месцах кнігі варта было б даць адпаведныя каментары), такое абмежаванне ў дачыненні да артыкула „Stan badań nad klasyfikacją dialektów biało­ruskich“ выглядае нелагічным, бо ў ніводнай з публікацый кнігі няма агляду навуковай літаратуры, прысвечанай падзелу беларускіх гаворак. „Апытальнік да збірання дыялектычных…“ таксама быў бы ў кнізе дарэчы: па–першае, у ім можна было б убачыць рысы пэўнай канцэпцыі Станкевіча–дыялектолага; па–другое, спадчына Станкевіча ў галіне дыялекталогіі, якой ён цікавіўся ўсё жыццё, пададзена ў кнізе, здаецца, недастаткова.

Шэраг публікацый Станкевіча абмінуты без якіх–небудзь агаворак:

Праф. Карскі і яго „Белоруссы“ // Крывіч. 1924. № 2 (пра­­ца, аднак, згадваецца ў другім томе ў пасляслоўі Ю.Бушлякова).

Dialekty języka białoruskiego // Sprawy narodowościowe. 1928. Listopad. № 5 (праца рэцэнзавалася Некрашэвічам у 1929 г., прычыны нeўключэння незразумелыя).

Збіранне народных скарбаў // Нёман. 1932. № 4.

Рэц.: Chr. Stang. Die westrussische Kanzleisprache des Gross­fürstentums Litauen. Oslo, 1935 // Baltoslavica. II. Wilno, 1936.

Своеасаблівая моваведа п. Сідарука // Бацькаўшчына. 1955. № 8.

Не шануйма русіфікацыі // Бацькаўшчына. 1955. № 10.

Захоўвайма хорму сваіх назоваў // Бацькаўшчына. 1955. № 14.

З роднае мовы // Веча. 1971. № 1, 2, 3.

Нямала пытанняў выклікае змешчаны ў Зборы твораў іменны паказнік. Пры многіх прозвішчах па­значаны імёны (Мікалас Біржышка, Казімер Буга, Марыя Косіч), пры ін­шых — толькі ініцыял (У.Дзяржынскі, О.Курыла, Л.Асоўскі, Т.Ламцёў, А.Антановіч, Л.Булахоўскі, А.Юрэвіч і інш.). Ці ж не вядома, што Дзяржынскі — Уладзіслаў, Курыла — Алэна, Асоў­скі — Лешак, Антановіч — Антон, Булахоўскі — Леанід? Пры шэрагу прозвішчаў у індэксе няма не толькі імя, але й ініцыяла (Бадзянскі, Барсаў, Брадзінскі, Машынскі, Абнорскі, Гебаўэр, Гераў, Жабацінскі, Лось, Ляпуноў, Малэцкі, Цвяткоў, Эндзэлін і інш.). Ці ж рэдактар і кансультант кнігі не ведаюць прынамсі мовазнаўцаў Восіпа Бадзянскага, Сяргея Абнорскага, Яна Гэбаўэра, Найдзена Герава, Барыса Ляпунова, Льва Цвяткова, Яна Эндзэліна? Некаторыя прозвішчы ў індэксе адсутнічаюць (напрыклад, Рыгор Казела), іншыя — ёсць, ня­гледзячы на тое, што на пазначаных старонках іх не знайсці (як, напрыклад, Лебедзеву). Славутаму індаеўрапеісту і балтысту Аўгусту Лескіну не пашанцавала трапіць у паказнік, відаць, таму, што яго прозвішча Станкевіч ужыў у прыналежнай форме („дзяленне Лескінава“, Iа, 197). Бадуэн дэ Куртэнэ змешчаны ў індэксе пад літарай „к“, быццам Бадуэн — гэта імя. Рэдактар не змог ідэнтыфікаваць крыптонім Л.Я. як прыналежны Язэпу Лёсіку, не ведае, што аўтар часопіса „Крывіч“ Алесь Матач — гэта Вацлаў Ластоўскі, што У.Дзяржынскі і Чаржынскі — гэта адна і тая ж асоба.

Многія месцы ў кнізе патрабавалі б каментароў. Папраў­дзе, расійскі лінгвіст Афанасій Сялішчаў ніколі не выкладаў у БДУ (Ib, 194). Укладзены Купалам тэрміналагічны выпуск „Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва“ выйшаў у 1923–м, а не ў 1926 г. (Ib, 210). Аблудная інфармацыя пра тое, што ў Беларускай Акадэміі навук сярод філолагаў „нікога па 1928 г. не асталося“ (Iа, 328), што Бузук пасля спробы самаспалення страціў здольнасць да навуковай працы (Iа, 333). Няпра­вільна, што дэкрэт СНК ад 28 жніўня 1933 г. „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу“ „балей як у 2/3“ розніўся ад праекта Інстытута мовазнаўства ад 28 чэрвеня 1933 г. (Iа, 328), што згаданым праектам Інстытут мовазнаўства „станаўко выказаўся проці гатаванай рэформы“ (Iа, 331), што пісьменнікі Калюга, Таўбін, Хадыка, Віцьбіч, мовазнавец Мацюкевіч пераследваліся ў БССР за барацьбу з рэформаю правапісу (Iа, 332). Нельга згадзіцца з тым, што Лёсік у сваім артыкуле „Наш правапіс“ выклаў некаторыя правілы граматыкі Тарашкевіча (Iа, 18). Няпраўда, што Карскі ў сваёй карце вылучаў „цвёрдаэнны“ дыялект (Iа, 21). Папраўдзе артыкул А.Харэвіча меў назву „Беларуская мова як сацыяльна–класавы раздражняльнік“ (Ib, 199). Недакладная інфармацыя пра тое, што слоўнікавая камісія Інбелкульта мела ўкласці для тэрыторыі БССР 12 акруговых слоўнікаў (папраўдзе 10), а для тэрыторыі ўсёй этнаграфічнай Беларусі — больш за 40 (папраўдзе 16) (Ib, 191). Першы том кнігі заканчваецца „прычасанай“ згодна з моўнымі поглядамі Станкевіча васьміслоўнай цытатай з Максіма Багдановіча („рупная пчала ўмее ў наўзу мёд збіраць і з гаркіх красак“, Iа, 534), у якой палова слоў выпраўлены; ці ж не дарэчы тут быў бы прынамсі факталагічны каментар? Падобна, рэдактар кнігі згодзен са Станкевічам у тым, што ў беларускай мове няма гука [v] лабіяльнага (Iа, 55), што паймо нацыі „старое як сама гісторыя“ (Iа, 72), што ў 1926 г. у Інбелкульце не было беларускіх філолагаў (Iа, 82), што форма цукар паходзіць з цукр, і а тут — устаўное, „як у агонь“ (!) (Iа, 166), што ў беларускай мове ёсць 4 тыпы гука [l] (Iа, 105), што стараіндыйская мова — „малодшая сястра“ грэцкай і лацінскай (Iа, 71). Няма чаго казаць, што калі напісалася ў Станкевіча прозвішча славутага чэшскага гісторыка Ф.Палацкага як Polacky (Iа, 39), то пры перавыданні так і застанецца.

Каментары, якія паводле Булгакава „акрэсліваюць шырэйшы гуманітарны і, наагул, культурны кантэкст узнікнення публікацый“ (Iа, 9), папраўдзе звяліся да фіксацыі таго, у якой меры пры перапублікацыі ў Зборы твораў захаваны правапіс Станкевіча. Пры 18 змешчаных у першым томе працах у каментарах знаходзім шаблонную формулу пра тое, што „пры перадруку былі зроблены“ гэткія і гэткія змены, яшчэ пры 19 — што „пры перадруку не адлюстроўваюцца асобныя гра­фічныя і правапісныя асаблівасці арыгіналу“ (Iа, 535—543).  Ці не завузкі атрымліваецца „культурны кантэкст“?32

Абавязковай вымогай да навуковых выданняў спадчыны з’яўляецца грунтоўнасць змешчаных у іх спадарожных матэрыялаў: прадмоў, каментароў, хронік жыцця і дзейнасці, па­сляслоўяў і г.д. Прадмову да Збору твораў Станкевіча напісаў В.Булгакаў, сярод іншага сцвердзіўшы, што „Станкевічава «тэа­рэтычная лінгвістыка» мае пераважна прыкладны характар“, што беларуская літаратурная мова — гэта не што іншае як „каласальная перверсія“ і што мову трэба развіваць нават шляхам дэструкцыі (Iа, 12, 15). Як відаць, у прадмове Булгакаў меў намер выказвацца арыгінальна і быў схільны да постмадэрнісцкай інтэрпрэтацыі спадчыны Станкевіча; значыць, шукаць у прадмове строгай аналітычнасці было б не вельмі абачліва. Зрэшты, вартыя ўвагі думкі ў прадмове Булгакава ёсць — здаецца, акурат тады, калі аўтар прадмовы імкнецца ад іх дыстанцыявацца. Падобна, даволі трапнай з’яўляецца заўвага Яна Пятроўскага (Булгакаў называе яе пазбаўленай маралі), згодна з якой Станкевіч як выхадзец з вёскі меў „амбіцыі выкарыстання свайго культурна недаразвітага асяроддзя… Хітрасць была прыроджанаю прыкметаю яго“ (Iа, 11).  Або ці ж не адкрыццём з’яўляецца наступная характарыстыка Станкевіча, дадзеная Максімам Танкам (названая Булгакавым „рытуальнай інвектывай“): „Як філолаг [Янка Станкевіч] да таго глухі, што зусім не адчувае жывой беларускай мовы. Калі б дазволілі яму яе зрэфарміраваць па яго рэцэпту, пачалося б сапраўднае стоўпатварэнне…“ (Iа, 11). Але як у плане аналітычнасці выглядае пасляслоўе навуковага кансультанта?

Несумненнай вартасцю артыкула Бушлякова  з’яўляецца тое, што ў ім выкладзены даволі падрабязны жыццяпіс Станкевіча і згадваецца значная колькасць ягоных прац. Чытанню перашкаджае, аднак, тое, што Ю.Бушлякоў наперад ведае, што Станкевіч — вялікі вучоны, і глядзіць на аб’ект свайго даследавання толькі з замілаваннем33. Адпаведна свой выклад аўтар пасляслоўя будуе пераважна ў жанры хваласпеву: Станкевіч „актыўна аналізаваў грамадска–палітычную і куль­тур­ніц­кую праблематыку“ (535), „актыўна працаваў у Віленскай беларускай радзе“ (536), „актывізаваў даследніцкую працу“ (543), „працягваў актыўную лінгвістычную практыку“ (550), „плённа працаваў у навуцы“ (549), „плённа працягваў сваю навуковую дзейнасць“ (547), „на працягу ўсяго свайго жыцця заставаўся ў творчым пошуку“ (550), „засведчыў свой заўсёдны клопат“ (542), „усклаў на сябе місію“ (544), „выключны патэнцыял Станкевіча“ (538), „грунтоўная манаграфія“ (538), „панарамнае даследаванне“ (548)34, „арыгінальны рэфармацыйна–наватарскай скіраванасцю падручнік“ (546), „нярэдка зведваў ігнараванні і недаацэнкі“ (552), „Станкевічавы сучаснікі часта не былі гатовыя (скажам, праз свае кансерватыўныя погляды) да пурыстычнага ажыўлення мовы“ (578) і г.д. У апошнім выпадку сімптаматычнае гэта „скажам“: чытач не павінен сумнявацца, што ў разе патрэбы навуковы кансультант можа прывесці яшчэ паўтузіна довадаў на карысць таго, што Станкевіч быў мадэрны і прагрэсіўны, а яго сучаснікі — адсталыя35. Пры такой устаноўцы складана чакаць цвярозага, аналітычнага погляду. Бушлякоў яўна перабольшвае навуковыя дасягненні Станкевіча, часам не могучы ад­дзяліць чыны Станкевіча ад здзяйсненняў іншых асоб, з якімі ён супрацоўнічаў. Напрыклад, пішучы пра брашуру „prosty sposab stacca u karotkim čase hramatnym“, аўтар пасляслоўя асабліва не мудруючы сцвярджае, што яна „прадстаўляла фактычна пэўную рэалізацыю пурыстычных поглядаў Станкевіча“ (Ib, 536). У дадзеным выпадку варта было б мець на ўвазе, што гэтая брашура была вынікам працы двух чалавек: 68–гадовага вопытнага нямецкага славіста Рудольфа Абіхта і 27–гадовага, без вышэйшай адукацыі, беларуса Станкевіча. Паводле Э.Смулковай, якая прысвяціла разгляду дадзенай брашуры спецыяльны артыкул, паходжанне гэтага праекта трэба шукаць „у адукацыі і мовазнаўчай традыцыі, да якой належаў Р.Абіхт“36. У прыватнасці, Смулкова тут бачыць уплыў млада­граматычнай школы.    

Аўтар пасляслоўя сцвярджае, што „беручы ўвагу на даследаванні аўтарытэтных лінгвістаў (у прыватнасці, Я.Карскага і С.Некрашэвіча)“, Станкевіч уніфікаваў утварэнне прыметнікавых ступеняў параўнання тыпу хворшы, гарачшы, дарожшы (Ib, 567), але, відавочна, таго не ведае, што Станкевічавы спасылкі, прынамсі, на Некрашэвіча, былі некарэктнымі. Станкевіч пасылаецца на с. 105 працы Некрашэвіча „Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты“, але ў ёй Некрашэвіч пісаў: „канчаткі 2 ступені прыраўнання на –шый, досыць рэдкія ў жывых гаворках, але пашыраныя ў нашым помніку“ (III, 175—176). Ці ж не відаць, што Станкевічава спасылка на Некрашэвіча, згодна з якой такія канчаткі засведчаны ва „ўсіх“ прыкладах з старых помнікаў і „ў велізарнай большасці з цяперашняе мовы народнае“ (Iа, 273), была падтасоўкай, злоўжываннем?

А вось, пішучы пра выдаваны Станкевічам часопіс „Родная мова“, Бушлякоў „для паралелі“ згадвае, што практычна адначасова ў Чэхаславакіі быў заснаваны месячнік „Slove­nska reč“, рэкамендацыі якога „адыгралі вялікую ролю ва ўнармаванні славацкай літаратурнай мовы“ (Ib, 540). Паколькі часопіс „Родная мова“ быў заснаваны ў 1930–м, а „Slovenska reč“ — у 1932–м, то можна падумаць, што тут робіцца нейкі намёк аб уплыве беларускага чыну на славацкі. Вядома ж, гэта дэз­арыентацыя, бо славацкі часопіс узнік хутчэй пад уплывам чэшскага выдання „Naše reč“. З другога боку, нядрэнна было б паказаць, што Станкевічаў часопіс папраўдзе адыграў вялікую ролю ва ўнармаванні беларускай мовы. Нарэшце, больш дарэчы тут была б спасылка на ўжо названае чэшскае выданне. Паводле чэшскага лінгвіста Францішка Ціхага, Станкевіч рабіў свой часопіс паводле чэшскага ўзору37, і гаворка пра славацкую паралель без згадвання чэшскай тут яўна недарэчы.

Паколькі ў прадмове да кнігі Лёсіка мовазнаўчыя праблемы зусім не абмяркоўваюцца (А.Жынкін піша толькі, што словы тыпу „апостал“, „волат“, „змагар“ былі б занадта банальнымі для характарыстыкі ягонага героя — II, 4), а каментары звычайна ўяўляюць сабой указанні на крыніцы публікацый, пра спосаб укладання гэтай кнігі няма патрэбы гаварыць па­драбязна. Кідаецца ў вочы, аднак, адсутнасць некаторых пуб­лі­кацый. Так, акрамя ўжо названага „Праекта рэформы і стабілізацыі…“ (дарэчы, згадванага ў артыкуле пра Лёсіка, змешчаным у энцыклапедыі „Беларуская мова“), у кнізе прапушчаны таксама наступныя працы:

Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып.1. Граматычная тэрміналогія // Вестник народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921. № 2. С. 13—18.

Тлумачэнне да рэцэнзіі на „Практычную граматыку. Курс першы“ Яз. Лёсіка // Вестник народного комиссариата просвещения ССРБ. 1922. №1 (3). С. 5—10.

Ліст у рэдакцыю // Савецкая Беларусь. 1926. № 242 (23 кас­трычніка). С.6.

Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 15. Слоўнік граматычна–лінгвістычнае тэрміналогіі (праект). Менск, 1927.

Інструкцыя для складання тэрміналагічных праектаў (у су­аўтарстве з Л.Цвятковым) // Наш край. 1928. № 4. С. 44—46.

Ліст у рэдакцыю (разам з Л.Цвятковым, К.Міцкевічам, І.Лу­цэвічам, А.Гурло, М.Грамыкам) // Полымя. 1928. № 4. С.211.

З другога боку, уключэнне ў кнігу (у выглядзе аўтарскай працы Лёсіка) артыкула Я.Карскага „Белоруссы“, апублікаванага ў 1927 і 1930 г. у „Большой Советской Энциклопедии“ (II, 266—270), выглядае неабгрунтаваным. Укладальнік спа­слаўся на дакумент з архіва НАН Беларусі, згодна з якім Лёсік разам з Азбукіным „апрацаваў і дапоўніў“ названы артыкул; акрамя таго, згодна з тым жа дакументам, Лёсік і Азбукін прасілі пад­пісаць гэтую працу ініцыяламі „Л.А.“ (II, 266). Але ці дапаўненне (і асабліва „апрацоўка“) ёсць аўтарская праца? Верагодна, тут прынамсі пажадана было б паспрабаваць вы­значыць, наколькі названы артыкул адрозніваецца ад іншых публікацый Карскага, аўтарства якіх аспрэчванню не падлягае. Калі артыкул быў замоўлены рэдакцыяй БСЭ супрацоўнікам Інбелкульта, то незразумела, чаму ён з’явіўся ў друку без пазначэння іх укладу ў гэтую справу (хоць яны недвухсэнсоўна аб гэтым прасілі), затое пазначаны аўтар (Карскі), якому, магчыма, артыкул не заказваўся? Між іншым, Лёсік раней ужо рэдагаваў Карскага: у Мінску ў 1920 г. выходзіла брашура класіка „Беларускі народ і яго мова“ з пазнакай: „рэдактар тэксту — Я.Л.“. Праўда, ад гэтага Карскі не пераставаў быць Карскім.

Калі ўключэнне ў кнігу Лёсіка працы „Нацыянальнае пытанне і пралетарыят“ можна апраўдаць наяўнасцю колішняга (яшчэ 1923 г.) каментара аб тым, што артыкул напісаны „па кнізе Г.Сафронава «Национальный вопрос и пролетариат»“ (II, 71), то з працай „Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі“ (II, 157—176), узноўленай паводле збор­ніка „Беларусь“ 1924 г.,  сітуацыя даволі казытлі­вая. У 1927 г. у хроніцы часопіса „Узвышша“ сярод іншага паведамлялася: „Літаратурная камісія запрасіла Я.Лёсіка, З.Бядулю і І.Сераду напісаць успаміны аб Гаруне, якога яны блізка і добра ведалі. У сакавіку–месяцы бяг[учага] г[ода] літ[аратурная] камісія ад Я.Лёсіка і Эпімах–Шыпілы атрымала шэраг аўтографаў Гаруна і Цёткі (А.Пашкевіч); з аўтографаў Гаруна вызначаецца аўтограф артыкула «Культурны стан Беларусі да Февральскай рэвалюцыі»“38. Здаецца, гэтай публікацыі ў кнізе не пашкодзіў бы каментар тыпу: „не выключана, што пры напісанні свайго артыкула Лёсік карыстаўся рукапісам артыкула Гаруна“. Увогуле, Лёсік нярэдка быў не асабліва далікатны з тэкстамі іншых аўтараў, таму пры сучасным узнаўленні ягоных твораў па­трэбны былі б адпаведныя заўвагі.  

 

                                                ***

Асаблівая цікавасць апошняга часу да мовазнаўчай спадчыны 20–х і пазнейшых гадоў мінулага стагоддзя сведчыць, што гісторыя беларускага мовазнаўства ХХ ст. яшчэ як след не вывучана. Сімптаматычна, што да выданняў мовазнаўчай спадчыны далучаюцца не толькі прафесіяналы. Сам факт прыналежнасці да навуковай установы не гарантуе стараннасці ў працэсе падрыхтоўкі твораў выдатных асоб мінулага, а па­трыятычная, але не падтрыманая высокай ква­лі­фікацыяй скіраванасць не ў стане забяспечыць адпаведных навуковых стандартаў. Увагу прыцягваюць цяпер найперш пасіянарныя, складаныя для вытлумачэння лінг­вісты мінулага стагоддзя, якія няўдала імкнуліся рэфармаваць беларускую мову. Пра іх некаторыя сучасныя аўтары пішуць in extenso, узносячы ім хваласпевы. Працы лінгвістаў 1920–х г. аналізуюцца цяпер, як правіла, ізалявана ад развіцця беларускай мова­знаўчай думкі адпаведнага перыяду. Агляданыя выданні робяць да­ступнымі працы мала вядомых у лінг­вістыцы аўтараў і яны, несумненна, будуць спрыяць далейшаму самаўсведамленню беларускага мовазнаўства. Пытанне аб тым, наколькі заслужанай з’яўляецца сённяшняя гучная хвала ў дачыненні да некаторых лінгвістаў мінулага, вырашыць, як заўсёды, гісторыя.

* Станкевіч, Ян. Збор твораў: У 2 т. Рэдактар В.Булгакаў. Менск: Энцыклапедыкс, 2002. Т. 1. 549. Т. 2. 585.

Лёсік, Язэп. 1921—1930. Збор твораў. Уклад., прадм. і камент. А.Жынкіна. Мінск, 2003. 395.

Выбраныя навуковыя працы акадэміка С.М.Некрашэвіча. Да 120–годдзя з дня нараджэння. Навуковы рэдактар акадэмік А.І.Падлужны. Мінск: Беларуская навука, 2004. 190.

1 Пачалася артыкулам В.Шчэрбіна „Класавы дальтанізм. Каму патрэбна рэанімацыя «навуковых» поглядаў Язэпа Лёсіка“. Гл.: Звязда. 1987. 20 верасня. У гэтай дыскусіі „на баку Лёсіка“ браў удзел і аўтар гэтых радкоў. Гл.: Запрудский С. Человек из прошлого, или Почему трудно стирать „белые пятна“ в истории белорусского языкознания // Нёман. 1991. № 6. С. 180—190.

2 Л.Шакун  сцвярджае, што Я.Лёсік разам з С.Некрашэвічам у сярэдзіне 1920–х належалі да кола асоб, якія выказваліся за „радыкальную рэформу графікі і правапісу, а таксама граматыкі“. Гл.: Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мінск, 1995. С. 135. У дачыненні да Некрашэвіча такое сцверджанне несправядлівае, падрабязней гл. ніжэй.

3 Гл.: Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С.8 (далей: Працы...).

4 Лёсік, верагодна, цалкам шчыра  лічыў, што рэфармаванне правапісу павінна адбывацца зыходзячы з навуковых меркаванняў. Найбольш навуковыя падыходы ён бачыў ва ўласных прапановах. Папраўдзе рэфарматарскія прапановы ў сферы правапісу звычайна маюць толькі ўскоснае дачыненне да навукі, і толькі наіўныя, некампетэнтныя або не вельмі шчырыя людзі сцвярджаюць, што галоўнай матывацыяй пры рэфармаванні правапісу з’яўляецца навуковая.

5 У артыкуле прыняты наступны спосаб пазначэння агляданых прац: першы том прац Станкевіча пазначаецца знакамі Ia, другі — Ib, працы Лёсіка — II, працы Некрашэвіча — III.

6 Цікава заўважыць, што ініцыяваная Лёсікам і ўрэшце зацверджаная забарона на напісанні тыпу яна й ён, сястра й сын даволі няўхвальна ацэньвалася пазней патрыятычна скіраванымі дзеячамі правапісных дыскусій, а таксама незалежнымі назіральнікамі. Даволі сказаць, што лаяльнасць да такіх напісанняў была засведчана ў правапісных рэкамендацыях Таварыства беларускай мовы 1993 г. (гл.: Наша слова. 1993. № 15), а таксама ў меркаваннях адносна беларускага правапісу Пітэра Джона Мэё (гл.: Андэрсан Ж. Погляды Пітэра Джона Мэё на развіццё беларускага правапісу ў ХХ ст. // Роднае слова. 2001. № 9. С. 40). Рэалізаванае ў сучасным правапісе (і нярэдка крытыкаванае) выключэнне з агульнага правіла  адносна нескарачэння у пасля галосных у пачатку запазычаных слоў (ва ўладзе, але ва універсітэце) сягае таксама да ініцыятыў Лёсіка.

7 Звяртае ўвагу эвалюцыя поглядаў 1926—1930 г. на прапановы Лёсіка з боку Янкі Купалы. На Акадэмічнай канферэнцыі ён, падобна, пад­трымліваў усе прапановы Лёсіка і, у прыватнасці, падпісаў разам з ім, Антонам Лёсікам і Якубам Коласам ліст пратэсту з нагоды зацвер­джання канферэнцыяй ініцыяваных Некрашэвічам правілаў аб напісанні я толькі ў першым складзе перад націскам і нязменным напісанні часціцы не і прыназоўніка без (II, 255). А ў 1930 г. ён адна­значна схіліўся на бок Некрашэвіча: калі выйшаў праект правапісу, то ў ім Купала выказаў сваю поўную  салідарнасць амаль з усімі заўвагамі да праекта Некрашэвіча. Гл.: Беларускі правапіс (Праект). Менск, 1930. С. 51.

8 Колас Я. Ліст Л.М.Клейнбарту ад 25/Х 1927 г. // Колас Я. Збор твораў: У 14 т. Т. 13. Пісьмы 1908—1949. Мінск, 1977. С. 81.

9 Гл.: Беларусізацыя: 1920–я гады: Дакументы і матэрыялы / Пад агульнай рэдакцыяй Р.П.Платонава і У.К.Коршака. Мінск, 2001. С. 104. Між іншым, вартасцю свайго падыходу ў правапісным рэфармаванні беларускай мовы Лёсік называў тое, што ён не сягае глыбока ў гісторыю пісьма, затое „ставіць пытанне практычна“ (II, 226).

10 Wexler P. The Academic Conference on the Reform of Belorussian Orthography and Alphabet (Minsk 1926): A unique non–event? // Joshua A. Fishman (ed.). The Earliest Stage of Language Planning. The „First Congress“ Phenomenon. Mouton de Gruyter, 1993. P. 31.

11 Жураўскі А.І. Мовазнаўства // Інстытут беларускай культуры. Мінск, 1993. С. 52.

12 Працы… С. 395.

13 Аж да канца 80–х г. навуковае значэнне Акадэмічнай канферэнцыі ўсяляк прымяншалася. Падобныя спробы сустракаюцца і ў нашы дні, параўн. наступную заўвагу Ігара Клімава: „У беларускай навуцы, як афіцыйнай, так і неафіцыйнай, канферэнцыя падаецца як вялізнае навуковае дасягненне беларускай лінгвістыкі, але гэта рэлятыўна. Шмат прапаноў ці выступленняў на ёй не мелі навуковай вартасці, а некаторыя з іх нават былі чыстай фантастыкай… Навуковыя задачы, якія ўлады ставілі перад канферэнцыяй, былі ў асноўным практычнага характару…“ Гл.: Клімаў I. Беларусізацыя ў дакументах // БГА. Том 8. Сшыткі 1—2. Снежань 2001. С. 283. Будзем, аднак, памятаць, што канферэнцыя адбылася ўсяго толькі праз некалькі гадоў пасля таго, як была апублікавана граматыка беларускай мовы. Вядома, амерыканскі нарвежац Эйнар Хаўген мог дапускаць, што славак Штур, правансалец Містраль, чэх Добраўскі, эстонец Аавік, літовец Яблонскіс былі „больш патрыётамі, чым лінг­вістамі“ (гл.: Хауген Э. Лингвистика и языковое планирование // Новое в лингвистике. Выпуск VII. Социолингвистика. Москва, 1975. С. 454), але ці згадзіліся б з такой ацэнкай, напрыклад, Добраўскага славісты? Кваліфікацыя І.Клімава не ўлічвае таксама той акалічнасці, што канферэнцыя яўна перарасла рамкі практычнага правапіснага мерапрыемства, і зацікаўлены чытач можа пазнаёміцца хоць бы з тымі старонкамі матэрыялаў канферэнцыі, на якіх выкладзена абмеркаванне дэлегатамі дакладаў Некрашэвіча „Сучасны стан вывучэння беларускай мовы“ або, асаб­ліва, Бузука „Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў“.     

14 Кадыфікацыю Станкевічам запазычанай лексікі Ю.Бушлякоў са спасылкай на Поля Вэкслера кваліфікуе наступным чынам: Станкевіч „заставаўся ў цэлым у рэчышчы традыцыі новакласічнага перыяду развіцця беларускай літаратурнай мовы“ (Ib, 540). З прычыны прабелаў у адукацыі (яны, аднак, не пашыраюцца на беларусістычныя працы Вэкслера, які, дарэчы, ніколі не называў пурыстычны перыяд развіцця беларускай літаратурнай мовы „новакласічным“) я не бяруся хоць–колькі дакладна інтэрпрэтаваць гэты тэзіс Бушлякова. Заўважу толькі, што незразумела, чаму выкарыстанне літары j і перадача на пісьме пратэтычнага j залічаны да тых феноменаў, што складалі традыцыю „новакласічнага“ перыяду, а напісанні тыпу опэраца і бібля — да тых, якія былі інавацыямі.

15 У сваёй спробе абараніць беларускі правапіс ад гучнай крытыкі Лёсіка А.Багдановіч у якасці выключна аўтарытэтнай крыніцы спасылаўся на „Беларускі правапіс“ 1925 г. ... самога Лёсіка. Гл.: Багдановіч А. Аб неўстаноўленых выпадках нашага правапісу (Адказ на артыкул Я.Лёсіка. Часопіс „Полымя“. №2. 1925) // Полымя. 1925. №7. С. 153—154. Лёсік, аднак, не хацеў задаволіцца рэпутацыяй аўтара добрых падручнікаў і прагнуў славы „навуковага“ рэфарматара беларускай мовы.

16 Шакун Л.М. Гісторыя… С. 134.

17 Каб ацаніць значнасць дасягнення адзінства беларускага правапісу, варта мець на ўвазе, што, напрыклад, ва Ўкраіне сітуацыя была прынцыпова іншай: да 1928 г. ды й нават пазней у Заходняй Украіне, з аднаго боку, і ў наддняпроўскай, з другога, былі ва ўжытку неаднолькавыя правапісы.

18 Працы… С.70.

19 Тамсама. С. 50.

20 Тамсама. Іначай думаў наконт пагоджанасці сваіх прапаноў з поглядамі навукоўцаў Заходняй Беларусі Лёсік. Паводле яго, у Заходняй Беларусі „бясспрэчна, згодзяцца з нашаю рэформаю“, а ўвогуле гэта не вельмі істотна, бо важней „зрабіць пачын, палажыць аснову ды ведаць, што рэформу зрабіць канечна трэба…“ (II, 106).

21 На жаль, Станкевіч абмеркаваў у гэтай рэцэнзіі толькі праблемы алфавітнага рэфармавання так, як яны ставіліся на канферэнцыі, але нічога не напісаў пра арфаграфічныя.

22 Насуперак выразнаму рэфарматарскаму імпэту, які можна ўбачыць у прыведзеным Станкевічам самым пачатку прамовы П.Растаргуева на Акадэмічнай канферэнцыі, апошні даволі стрымана ставіўся да неабходнасці рэфармаваць беларускую графіку і правапіс. Яшчэ ў сваім прывітальным слове на пачатку канферэнцыі Растаргуеў палічыў па­трэбным выказаць засцярогу з нагоды таго, што „справа рэформы правапісу і азбукі — складаная і трудная“ і папярэдзіць, што пры рэфармаванні „патрэбна вялікая асцярожнасць, каб не адтаўхнуць народныя масы ад праведзенай рэформы“. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што далей ён адразу ж пераключыўся на іншую тэму і загаварыў пра неабходнасць для Інбелкульта засяродзіцца „на навуковым вывучэнні сучаснай беларускай літаратурнай мовы“, чым, на яго думку, практычныя заняткі правапісам і граматыкай не з’яўляліся. Гл.: Працы… С. 27—28. На адрозненне ад Лёсіка, які ў сваім заключным слове пасля дыскусіі з нагоды рэформы графікі толькі ў нязначнай меры пры­знаў недахопы свайго праекта і выказаў надзею, што з часам, „праз 10—15 гадоў“ яго праект будзе прызнаны, бо ў яго аснове ляжаць „жыццёвая патрэба і навука“ (II, 225), Растаргуеў яшчэ ў заканчэнні свайго даклада сказаў, што ён не спадзяецца і не настойвае на тым, каб ягоны праект быў прыняты і праведзены ў жыццё: „сама традыцыя, прывычка, боязь навіны і іншыя падобныя аргументы, на жаль, будуць гаварыць супроць паказанай тут рэформы; супроць яе будзе гаварыць і тая асцярожнасць у рэформе, аб якой я ўжо казаў у сваім прывітанні“. У заключным слове пасля завяршэння дыскусіі ён яшчэ раз цалкам паўтарыў вышэйпрыведзеныя ўласныя словы. Гл.: Працы… С. 131, 166.

23 Залішне частая гаворка пра моўныя законы прымяняльна да права­пісу (які з’яўляецца пераважна канвенцыйным, а гэта значыць не абавязкова выснаваным з законаў мовы, у пэўным сэнсе „незаконным“) нярэдка можа прыводзіць да дэзарыентацыі неспецыялістаў з боку ініцыятараў моўнага рэфармавання. Логіка прыхільнікаў угрунтаванага на „навуковай“ аснове правапісу такая: 1) у мове існуюць аб’ектыўныя законы, 2) прыхільнікі „навуковага“ правапісу іх адкрываюць і паказваюць, 3) быўшы аб’ектыўнымі, выяўленыя прыхільнікамі „навуковага“ правапісу законы павінны ўкараняцца ў практыку. Падобны спосаб разважання даволі эфектыўна дзейнічае пры камуні­кацыі паміж мовазнаўцамі і неспецыялістамі. Ён, аднак, не спрацоў­вае, калі ініцыятары моўных рэформаў маюць справу з роўнымі сабе прафесіяналамі. Ведаючы гэта, ініцыятары рэформаў звычайна не любяць выступаць у аўдыторыях, дзе прысутнічаюць навукоўцы, затое шырока папулярызуюць свае ініцыятывы сярод дылетантаў–аматараў. У нашым выпадку паказальна, што Лёсік падмацоўваў свае прапановы ўяўнай падтрымкай з боку настаўніцтва і, падобна да Станкевіча, часта спасылаўся на моўныя законы.

24 Даволі падобныя думкі выказваў у Савецкай Беларусі Я.Лёсік. У прыватнасці, ён наракаў на практыку „мала свядомага ў правапісе даўнейшага пісьменства“ (II, 201) і як вынік уносіў папраўкі ў правілы, якія, паводле іранічных слоў А.Багдановіча, былі „няправільна… умоўна прыняты“. Гл.: Багдановіч А. Аб неўстаноўленых… С. 153. На пытанне рэцэнзента аднаго з выданняў лёсікавага „Правапісу“ адносна таго, як адрозніць ужывальнасць / няўжывальнасць таго або іншага запазычанага слова ў масах народу, Лёсік не вагаючыся адказаў, што крытэрый гэтага адрознення ўстановяць „людзі навукі — мова­знаўцы, філолагі, хто знаецца на гэтай справе“ (II, 187).  А хто быў такім філолагам і знаўся на гэтай справе? Вядома, сам Лёсік, аўтар некалькіх падручнікаў з правапісу. (Пазней, праўда, высветлілася, што нават спецыяльна створаная з мэтай правесці адрозненне паміж абеларушанымі і неабеларушанымі запазычанымі словамі і ўзначальваная самім Лёсікам камісія не змагла зрабіць гэта.)

25 Карский Е.Ф.  Рэц. на: Запіскі аддзела гуманітарных навук. Кн. 2. Т. 1 // Известия по русскому языку и словесности. 1929. Т. II. Кн. 1. Ленинград, 1929. С. 366.

26 Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ. Выд. пятае, пераробленае і пашыранае. Вільня, 1929. С. 3.

27 Складана меркаваць, які канкрэтны ўклад у падрыхтоўку выдання твораў Станкевіча за выняткам напісання пасляслоўя ўнёс былы вы­кладчык БДУ Ю.Бушлякоў, які выступіў таксама ў якасці навуковага кансультанта выдання. Што да твораў Лёсіка, то ў кнізе пазначана, што выданне падрыхтавана ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, але А.Жынкін у названым архіве не працуе.

28 У прадмове да твораў Некрашэвіча (але толькі ў ёй) пазначана, што „асноўную працу па падрыхтоўцы зборніка ажыццявілі кандыдаты філалагічных навук Л.Г.Хартановіч і А.М.Астапчук“ (III, 10).

29 Выданнем апекавалася выдавецкая рада з 7 чалавек, якую склалі тры сыны Станкевіча і чатыры маладзейшыя навукоўцы. Кнігу ўклаў і адрэдагаваў адзін з сяброў выдавецкай рады, ініцыятар і выканавец многіх выдавецкіх праектаў апошняга часу Валер Булгакаў. У якасці „суўкладальнікаў“ у выходных дадзеных пазначаны таксама А.Антанян, Ю.Бушлякоў, Л.Юрэвіч; да ўкладання спрычыніліся таксама А.Санько і Л.Сільнова. Як ужо сказана, кніга мела і навуковага кансультанта.

30 У прадмове да твораў Станкевіча В.Булгакаў спецыяльна агаварыў той факт, што прынятая ў Зборы твораў арфаграфія для выдавецкай рады была прадметам „заўзятых спрэчак“ (Iа, 9).

31 Насуперак сцверджанню аб нарматыўным правапісе ў зборніку захаваны некаторыя старыя формы (што датыча — II, 22, 71, класа ‘клас’ — II, 36, Эўг.Барычэўскі — II, 56, пэрыяд — II, 59, у залі, дыалектах — II, 68). Укладальнікі замянілі слова адбіваць на адлюстроўваць (12), паверыць на праверыць (21), гардзіцца на ганарыцца (12), але не зрабілі падобных замен у іншых выпадках, пакінуўшы нязмененымі словы застанавіцца (22), адбіць ‘адлюстраваць’, адбіцца ‘адлюстравацца’ (37, 52, 57), насельнасць ‘насельніцтва’ (55), рачавістасць (62), гутарка  тэрм. ‘гаворка’ (14). Можна ўсумніцца ў неабходнасці правядзення замены выразу даследчая праца спалучэннем даследчыцкая праца (14). Яўнай сваволяй з’яўляюцца замены слоў вывады на выданні (11), перанос на правапіс (12).

32 З нагоды правядзення ў Мінску 3 студзеня 2001 г. зборкі пяцёх чалавек па пытаннях упарадкавання тарашкевіцы газета „Наша Ніва“ неяк паведаміла, што дадзеная нарада была „першай у гэтым тысячагоддзі“. Гл.: Мухін В. Правапісная нарада // Наша Ніва. 2001. 8 сту­дзеня. Здабыўшы сабе пэўны сімвалічны (падобна, і не толькі) капітал у справе барацьбы за „са­праўдны“ беларускі правапіс, некаторыя сучасныя рэфарматары беларускай мовы, падобна, хацелі б „гаварыць не пераставаючы“ пра правапісную рэформу яшчэ тысячу гадоў. Між тым мы жывем ужо ў ХХI ст., і перад беларускай мовай стаяць намнога больш важныя заданні, чымся змены адной умоўнай арфаграмы на другую.

33 Ю.Бушлякоў меў намер абараніць сваю дысертацыю ў 2001 г. і выносіў на абарону палажэнне аб „прысутнасці ў беларускім мовазнаўстве ХХ ст. выдатнага вучонага–універсала“, г.зн. Янкі Станкевіча. Гл.: Бушлякоў Ю.С. Янка Станкевіч і пытанні нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук. Мінск, 2001. С.3. Я не ўпэўнены, ці эпітэт „універсал“ ужываецца звычайна нават у дачыненні да такога рознабаковага лінгвіста як Карскі. У інтэрв’ю газеце „Наша Ніва“ з нагоды выхаду з друку Збору твораў Станкевіча Бушлякоў увогуле параўнаў Станкевіча з… Добраўскім і Караджычам. Але Добраўскі і Караджыч пакінулі даволі неаднолькавы след у гісторыі: калі для першага галоўнымі матывамі дзейнасці былі навуковыя, то для другога — у значнай ступені практычна–рэфарматарскія. На адрозненне, аднак, ад Станкевіча, Добраўскі меў незлічоную колькасць наступнікаў, а Караджыч быў выключна паспяховым рэфарматарам. Або навуковы кансультант не ведае, хто такія Добраўскі з Караджычам, або кепска сабе ўяўляе, хто такі Станкевіч.

34 Ідзецца пра 19–старонкавую брашуру „Доля мовы беларускае ў розных перыядах гісторыі Беларусі“.

35 Але сярод Станкевічавых апанентаў не ўсе былі непатрыёты і, больш за тое, сярод іх было нямала разумных людзей. Скажам, Юрка Віць­біч. На адрозненне ад Станкевіча, ён лічыў, што абагачэнне беларускай літаратурнай мовы не павінна ісці „па лініі фабрыкацыі ва ўласнай мовазнаўчай лабараторыі наватвораў або па лініі засмечвання яе слоўнікам пэўнага самотнага засценка, што знаходзіцца на нашых этнаграфічных паўзмежжах“. Гл.: Дзе–ка А. Юрка Віцьбіч // Спадчына. 1995. №1. С. 18. Ці, напрыклад, пляменнік Янкі Станкевіча Ста­ніслаў, які сцвярджаў, што яго дзядзька падыходзіў да працы ў галіне нармавання літаратурнай мовы „чыста тэарэтычна і фармальна, не звяртаючы належнай увагі на практычныя магчымасці і патрэбы нашае мовы, ды пры гэтым не лічачыся з псіхалагічнай рэакцыяй чытачоў“. Гл.: Ст.Станкевіч. Мае заўвагі да „Кутка мовы“ // Бацькаўшчына. 1955. № 37.

А вось меркаванні старонняга, але вельмі кваліфікаванага назіральніка, аўтара дзвюх грунтоўных прац пра развіццё беларускага правапісу ў ХХ ст. З пэўных канкрэтных нагодаў ангельскі беларусіст Пітэр Джон Мэё заўважаў, што Станкевіч часам рабіў свае вывады пры дапамозе няшчырай (tortuous) логікі, што ён „няправільна разумеў ролю арфаграфіі“. Самую канцэпцыю беларускай мовы Станкеві­ча Мэё ацаніў як „у многіх адносінах ідыясінкратычную“. Гл.: Mayo P.J. Byelorussian Orthography: from the 1933 Reform to the Present Day // The Journal of Byelorussian Studies. Vol. IV. 1978. No. 2. P. 46. Ён жа: The Alphabet and Orthography of Byelorussian in the 20th Century // The Journal of Byelorussian Studies. Vol. IV. 1977. No. 1. Р. 41, 40.

36 Гл.: Smułkowa E. Informacja o mało znanej propozycji znormalizowania pisowni białoruskiej z 1918 r. // Studia polsko–litewsko–białoruskie. Warszawa, 1988. S. 308.

37 Гл.: Tichý Fr. Spisovný jazyk beloruský // Slovanské spisovné jazyky v době přitomné. Praha, 1937. C. 293.

38 У літаратурнай камісіі Інбелкульта // Узвышша. 1927. № 2. С.213.

 

змест