У пошуках ворага польскай нацыі*

Алесь Смалянчук

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала неабходнай перадумовай для выпрацоўкі і рэалізацыі ўласна беларускай пазіцыі ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах. Аднак гэты працэс абцяжараны як палітычнымі ўплывамі з боку Расіі (асабліва з восені 1993 г.), так і стэрэатыпамі, уведзенымі ў свядомасць беларускага грамадства яшчэ ў часы панавання савецкай ідэалогіі. Досыць моцна ўплываюць гэтыя фактары на адносіны да Польшчы і да палякаў. Тым не менш аналіз навуковых публікацый па „польскім пытанні“ можа быць вельмі карысны як для разумення асаблівасцяў развіцця беларускай гістарыя­графіі на рубяжы ХХ—ХХI ст., так і для характарыстыкі менталітэту сучаснага беларускага грамадства.

Кніга Здзіслава Юліяна Вінніцкага з’яўляецца спробай падобнага аналізу. Прычым аўтар узяўся аналізаваць не толькі гістарыяграфію, але таксама „сучасную беларускую ідэалогію“ („współczesna doktryna białoruska“). Гэтае сумяшчэнне здзіўляе, бо ідэалогія і навука належаць да розных сфераў жыцця грамадства, выконваюць розныя сацыяльныя функцыі і патрабуюць розных метадаў даследавання. Гэтая рэцэнзія прысвечана гістарыяграфічным аспектам. Адносна „ідэалагічнага сюжэта“ працы З.Вінніцкага абмяжуюся толькі адной заўвагай. Паняцце „сучаснай беларускай ідэалогіі“ па­трабуе спецыяльнага тлумачэння. У нашай краіне (як і ў кожнай іншай) існуюць розныя ідэалогіі, і вывучэнне „польскага пытання“ ў ідэалагічных канцэпцыях, па меншай меры, прадугледжвае аналіз зместу як г.зв. „афіцыйнай ідэалогіі“1, так і праграмаў буйных палітычных партый. Між тым аўтар канцэнтруе ўвагу на асобных выказваннях беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, артыкулах малавядомых журналістаў або прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія часцяком прадстаўляюць не столькі „сучасную беларускую ідэалогію“, колькі саміх сябе. Наогул праблема рэпрэзентатыўнасці выкарыстаных крыніцаў і літаратуры з’яўляецца адной з найважнейшых для дадзенага даследавання.

Галоўным аб’ектам аналізу будуць выказаныя польскім даследчыкам ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі. Але спачатку варта звярнуць увагу на даследчы метад аўтара. Менавіта яму, а таксама канцэпцыі даследавання прысвечаныя Ўводзіны, якія маюць падзагаловак Канцэптуальныя і метадалагічныя ўводзіны. Аднак на самай справе Ўводзіны пачынаюцца з… высновы. З.Вінніцкі адразу заяўляе, што „сучасная беларуская літаратура, асабліва гістарыяграфія і паліталогія <…> абцяжараная своеасаблівым комплексам, калі размова ідзе пра адносіны да Польшчы і палякаў. Прычым гэта датычыць як ацэнкі сучаснасці, так і (перш за ўсё) гісторыі польска–беларускіх (польска–літоўскіх) узаемадачыненняў. У гэтай ацэнцы відавочныя ўплывы расійскай (дарэвалюцыйнай) і адначасна савецкай гістарыяграфіі з вельмі выразным нацыянальна–класавым адценнем, якое выяўляецца ў негатыўных ацэнках гістарычных адносінаў Беларусі (беларусаў) да бліжэйшых суседзяў і ў першую чаргу ў адносінах да польскасці <…>“ (s.5).

Вылучаючы мэты даследавання, З.Вінніцкі першую з іх звязаў з характарыстыкай поглядаў беларускага грамадства на польска–беларускія адносіны, якія „ў сучаснай Беларусі бачацца скрозь прызму тутэйшай гістарыяграфіі“, а наступную — з дэманстрацыяй таго „ідэйна–палітычнага і фактычнага ціску“, ва ўмовах якога знаходзіцца ў Беларусі „мільённая польская супольнасць“ (s.6). Апошняе для аўтара з’яўляецца фактам, які не трэба даказваць, дастаткова канстатаваць. Заўважым, што падобная мэта належыць хутчэй да сферы палітыкі, чым навукі.

Даследчык адзначыў, што ў сучаснай беларускай гістарыя­графіі вылучаюцца два прынцыпова розныя метадалагічныя падыходы — постмарксізм (тлумачэнне гісторыі Беларусі з класавых пазіцый), які залічваюць да „праўрадавага“, або афі­цыйнага кірунку, і „апазіцыйны“, або незалежны падыход, які характарызуецца антысавецкай і антырасійскай пазіцыяй (s.14). Здзіўляе метадалагічная неахайнасць гэтай класіфікацыі, бо першы падыход характарызуецца на падставе даследчага метаду, а другі — на падставе палітычнай пазіцыі ягоных прадстаўнікоў. Аднак існаванне двух кірункаў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба прызнаць. Прадстаўнікі „пра­ўрадавага“ (або „афіцыйнага“) кірунку фармальна выкарыстоўваюць савецкі варыянт марксісцкага метаду даследавання. Але найбольш характэрнай рысай іх працаў з’яўляецца аўтарскае перакананне ў тым, што гісторыя — гэта частка ідэалогіі, і яна павінна абслугоўваць сучасную ўладу. „Нацыянальны“ кірунак, на мой погляд, грунтуецца на ўспрыняцці гісторыі як навукі, якая не падпарадкоўваецца чыноўнікам і палітыкам, і імкненні выкарыстоўваць у даследаваннях усё багацце метадалогіі сусветнай гістарыяграфіі. Нацыянальны змест гэтага кірунку выяўляецца галоўным чынам у спробе разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Перавагу „патрыятычнага“ кампанента над навуковым у працах некаторых прадстаўнікоў гэтага кірунку трэба разглядаць як свайго роду хваробу росту, якая, дарэчы, не з’яўляецца вы­ключна беларускай з’явай.

Тэкст Уводзінаў (68 старонак) уяўляе сабой канспект манаграфіі, ужо напоўнены ацэнкамі даследаванняў беларускай гістарыяграфіі па „польскім пытанні“. Толькі напрыканцы аўтар нарэшце згадвае пра ўласны даследчы метад, які называе „ілюстрацыйным“ (s.62). Ягоная асаблівасць — пастаноўка гіпотэзы на пачатку кожнага раздзела з наступным аналізам крыніцаў. Аднак на самай справе тэзісы, прапанаваныя аўтарам у пачатку раздзелаў (і ў пачатку кнігі), з’яўляюцца не гіпотэзай, якая служыць арганізацыі даследчага працэсу і пад час яго праходзіць верыфікацыю і мадыфікацыю, а гатовымі вынікамі даследавання. Яны яшчэ раз паўтараюцца напрыканцы кожнага раздзела (і кнігі). Такі „метад“ больш адпавядае падручніку, чым навуковай манаграфіі. Трэба прызнаць, што ўласна метадалогія даследавання не раскрытая, а вось канцэпцыя выразна адлюстравалася ў прапанаваных на пачатку манаграфіі аўтарскіх высновах.

Канцэпцыя праявілася таксама ў назвах раздзелаў, прысвечаных асвятленню ў „сучаснай беларускай ідэалогіі“ і гістарыяграфіі „ключавых праблемаў палітычнай і культурнай гісторыі польскай дзяржаўнасці“ (s.63). Да іх аўтар цалкам слушна аднёс наступныя — Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (Раздзел I); Ацэнка поль­ска–літоўскіх уній і ладу I Рэчы Паспалітай (Раздзел II); Канфесійная праблематыка (Раздзел III); Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (Раздзел IV); Адносіны да польскіх нацыянальных паўстанняў (Раздзел V); Гістарычныя постаці з тэрыторыі былога ВКЛдалучэнне да беларускага этнасу і беларускай культуры (Раздзел VI); Ацэнка палітычнага ладу II Рэчы Паспалітай (Раздзел VII); Адносіны да савецкай агрэсіі на Польшчу і яе наступстваў (Раздзел VIII); Адносіны да польскай ваенна–палітычнай дзейнасці на тэрыторыі акупаваных паўночна–ўсходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай у перыяд II сусветнай вайны (Раздзел IХ). Пры гэтым З.Вінніцкі адпаведна свайму „ілюстрацыйнаму метаду“ ўжыў падвойныя назвы, у якіх адлюстрава­ліся ягоныя ацэнкі беларускай пазіцыі па азна­чаных праблемах, напрыклад: Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“ (Раздзел I); Рэч Паспалітая, якая не была Польшчай, але паланізавала Вялікае Княства Літоўскае, якое было „Беларуссю“ (Раздзел II); Пра паланізацыю праз каталіцызм беларусаў, якія спавядалі праваслаўную славянскую веру (Раздзел III); Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі) (Раздзел IV); Поль­ская дзяржава гвалту і беспраўя (Раздзел VII) ды інш. Гэтая падвоенасць надае ўсяму даследаванню выразную публіцыстычную афарбоўку. І тут мы падышлі да адной з „балючых кропак“ манаграфіі З.Вінніцкага.

Кніга напісаная вельмі эмацыйна. Аўтар адмаўляецца ад пазіцыі бесстаронняга аналітыка і ператвараецца ў пракурора, які асуджае беларускіх навукоўцаў і палітыкаў за непрафесіяналізм, варожасць да Польшчы і палякаў, анексійныя намеры адносна тэрыторыі польскай дзяржавы ды інш. З.Він­ніцкі выступае як носьбіт „ісціны ў апошняй інстанцыі“. Ён абвяргае, высмейвае, часам нават здзекуецца з таго, што пярэчыць гэтай „ісціне“. У гэтай сувязі згадваецца думка Марка Блока пра тое, што звычка выносіць прысуд перакрэслівае жаданне зразумець2. Аўтарскі стыль, безумоўна, не служыць справе абмеркавання праблемаў польска–беларускіх адносінаў і іх адлюстравання ў гістарыяграфіі.

Напрыканцы Ўводзінаў аўтар знаёміць чытача з „генераль­ным прынцыпам“ даследавання — „выкарыстанне ўсіх даступ­ных крыніцаў, якія аказваюць непасрэдны і масавы ўплыў на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, палітыкі і ідэалогіі ў адносінах да Польшчы і поль­скасці“ (s.68). Зразумела, што з улікам усёй маштабнасці пастаўленай задачы перад аўтарам непазбежна ўзнікла праблема селекцыі або вы­бару найбольш рэпрэзентатыўных крыні­цаў. Крытэрыі гэтага выбару („даступнасць“ і „масавы ўплыў…“) маюць выразны суб’ектыўны характар.

Знаёмства з тэкстам кнігі паступова пераконвае беларускага чытача, што пры разглядзе многіх гістарычных праблемаў аўтар не выкарыстоўвае найбольш рэпрэзентатыўныя крыніцы або выкарыстоўвае толькі іх частку. У выніку аўтарскай селекцыі беларуская гістарычная паланістыка ператвараецца ў мяшанку з ненавуковых ацэнак і характарыстык, антыпольскіх (неасавецкіх) выпадаў, неабгрунтаваных прэтэнзій (у т.л. тэрытарыяльных) ды інш.

Напрыклад, ацэнкі беларускай гістарыяграфіі ў раздзеле Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (= Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“) заснаваныя амаль выключна на аналізe тэкстаў падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Безумоўна, падручнікі ўплываюць на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, але нельга на іх падставе меркаваць пра ўзровень развіцця гістарыя­графіі, у т.л. пра ўзровень асвятлення пытанняў паланістыкі. Падручнікі непазбежна адлюстроўваюць учорашні дзень гіс­тарычнай навукі (ці нават пазаўчорашні, улічваючы імкненне ўладаў нашай краіны вярнуць гістарычную адукацыю ў рэчышча савецкай ідэалогіі). Па меншай меры, варта сумяшчаць разгляд падобных крыніцаў з аналізам навуковых даследаванняў. Аднак апошні па азначанай праблеме адсут­нічае.

У выніку аналізу тэкстаў падручнікаў аўтар сцвердзіў, што беларускія гісторыкі адмаўляюць факт масавых перасяленняў польскага насельніцтва на беларускія землі і тым самым не прызнаюць палякаў карэнным насельніцтвам, лічаць іх вынікам штучных працэсаў паланізацыі і акаталічвання, сцвяр­джаюць непаўнавартасць палякаў у Беларусі (маўляў, гэта не палякі, а „паланізаваныя беларусы“) і трактуюць творы поль­скай матэрыяльнай і духоўнай культуры як беларускія ў „эт­на–палітычным разуменні“ (s. 71, 97). На гэтых высновах трэба спыніцца, бо яны стануць свайго роду падмуркам далейшых аўтарскіх ацэнак і разважанняў.

Беларускія даследчыкі сапраўды прыйшлі да высновы, што перасяленні польскага насельніцтва на беларускія землі не мелі масавага характару, а паходжанне палякаў Беларусі звязанае галоўным чынам з асіміляцыйнымі працэсамі. Падобную пазіцыю падзяляе таксама большасць гісторыкаў Польшчы і Літвы. Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарычнай літаратуры, зроблены аўтарам гэтых радкоў у манаграфіі Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 (Гродна, 2001) дазваляе сцвярджаць, што, на думку большасці даследчыкаў, перасяленні насельніцтва з тэрыторыі сучаснай Поль­шчы ў Беларусь насілі эпізадычны характар і ніколі не былі масавымі. Галоўным фактарам фармавання польскай супольнасці Беларусі з’яўляліся працэсы паланізацыі і самапаланізацыі карэннага насельніцтва3. У польскай гістарычнай навуцы гэты тэзіс адстойваюць такія вядомыя даследчыкі, як Юліуш Бардах, Уладыслаў Вяльгорскі, Ян Юркевіч, Пётр Эбэрхардт. Ю.Бардах, напрыклад, лічыць, што ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы“ галоўную ролю ады­грала пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў“ з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. Паводле ягонага меркавання, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных рысах быў бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы4. Відавочна, што думкі беларускіх даследчыкаў не з’яўляюцца нейкім кур’ёзам, а адпавядаюць, у прыватнасці, польскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Прызнанне факта, што польская грамадскасць Беларусі сфармавалася галоўным чынам у выніку працэсаў асіміляцыі, толькі спрыяе аднясенню яе да карэннага насельніцтва5 і зусім не сведчыць пра яе „непаўнавартасць“. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці з’яўляецца самасвядомасць чалавека, і ў гэтых адносінах паляк з–пад Горадні нічым не адрозніваецца ад паляка з–пад Варшавы.

Што да ацэнкі феномена „паланізацыі“, то ў беларускай гістарыяграфіі (з часоў Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага) прысутнічае разуменне паланізацыі не толькі як палітыкі асіміляцыйнага гвалту, але як натуральнага працэсу, свайго роду „самапаланізацыі“. Аўтар гэтых радкоў у даследаванні польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошняе пяцідзесяцігоддзе гісторыі Расійскай імперыі таксама прыйшоў да высновы, што немагчыма зразумець працэс асімі­ляцыі, карыстаючыся толькі паняццем „паланізацыя“. Даследаванне нацыянальна–культурнага і палітычнага становішча польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама імкненне разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі спрыялі ўвя­дзенню ва ўжытак беларускай гістарыяграфіі паняцця „самапаланізацыя“6. Аднак трэба прызнаць і тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі і ў сістэме адукацыі ўсё яшчэ даволі распаўсю­джаныя ацэнкі асіміляцыйных працэсаў, заснаваныя не на навуковым, а на ідэалагічна–прапагандысцкім падыходзе. Тым не менш высновы З.Вінніцкага не адлюстроў­ваюць рэальны стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі па праблеме пахо­джання і месца польскай супольнасці ў беларускай гісторыі. Аўтар праігнараваў пазітыўныя перамены апошніх гадоў.

Тое ж самае можна сцвярджаць адносна тэзіса З.Вінніцкага наконт „крадзяжу“ беларусамі польскіх твораў духоўнай і матэрыяльнай культуры разам з іх творцамі („<…> усе культурныя дасягненні на беларускіх землях <…> характарызуюцца як вынік працы этнічных (і палітычных) беларусаў (на кожным этапе гісторыі I Рэчы Паспалітай і да канца ХIХ ст. уключна)“ (s.411)). На самай справе беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што творчасць, напрыклад, Адама Міцке­віча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага ды іншых належыць не толькі польскай, але таксама і беларускай культуры. Адзначаецца, што гэтыя славутыя дзеячы культуры ніколі не забыва­ліся пра сваю Радзіму, якой быў Беларуска–Літоўскі край (гістарычная Літва). Часцяком менавіта родны край з’яўляўся галоўнай крыніцай творчай энергіі.

Дарэчы, і ў гэтым выпадку беларускія аўтары не выглядаюць ізаляванымі. Ю.Бардах, напрыклад, грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына“, а Польшча — як „вялікая“7. Як „караняжы“, так і „ліцвіны“ ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі ў большай ступені дзяржаўны (палітычны) характар, чым этнакультурны. Падвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці, напрыклад, Адама Міцкевіча, які стаў гонарам і славай польскай паэзіі. У.Вяльгорскі наступным чынам ахарактарызаваў ягоную асобу: „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не ад­дзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай“8. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для перыяду нараджэння нацыяналізмаў феномен. Ліцвінства ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка–палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народы, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай9.

Безумоўна, спроба вызначэння нацыянальнасці (у сучасным яе разуменні) многіх дзеячоў культуры ХIХ ст. выглядае як мадэрнізацыя гісторыі. І шмат каму з беларускіх даследчыкаў (і асабліва публіцыстаў) можна прад’явіць адпаведныя прэтэнзіі, але З.Вінніцкі, настойваючы на выключна „поль­скай нацыянальнай“ прыналежнасці гэтых людзей і іх твораў, робіць тое ж самае. Больш за тое, ягоныя намаганні называць I Рэч Паспалітую выключна „Польшчай“ успрымаюцца як спроба навязаць польскі нацыянальны характар федэратыўнай шматэтнічнай дзяржаве (s.137 ды інш.)10. Зрэшты, выкарыстаныя даследчыкам паняцці патрабуюць спецыяльнай гаворкі.

Аўтар не здолеў вырашыць праблему рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарычнай літаратуры і ў выпадку з гісторыяй ВКЛ. Многія беларускія медыявісты будуць вельмі здзіўленыя, калі з кнігі З.Вінніцкага даведаюцца, што ў беларускай гістарыяграфіі ВКЛ трактуецца выключна як „беларуская дзяржава“ (s.125 ды інш.). Погляд М.Ермаловіча, на працы якога спасылаецца З.Вінніцкі, не з’яўляецца агульнапрынятым ні ў беларускай медыявістыцы11, ні ў сістэме адукацыі. Тое ж самае датычыць выключна негатыўнай ацэнкі гэтым беларускім даследчыкам наступстваў Люблінскай уніі (s.173).

Сцвярджаючы агульнасць тэзіса пра „беларускасць“ ВКЛ, аўтар таксама спасылаецца на працы беларускіх эмігрантаў пасляваенных гадоў (заўважым, што сярод іх практычна адсутнічалі прафесійныя гісторыкі), на некаторыя ацэнкі А.П. Грыцкевіча (1994), а таксама… гарадзенскіх польскіх гісторыкаў Г.Васюка і Т.Кручкоўскага. У гэтым раздзеле З.Вінніцкі адмовіўся выкарыстоўваць падручнікі, цытаванне якіх па іншых праблемах займае значнае месца. Між тым аналіз падручнікаў лёгка абвяргае аўтарскі тэзіс наконт „паўсюднай“ трактоўкі ВКЛ як „беларускай дзяржавы“.

Досыць часта аўтар паўтарае думку пра агульнае перакананне сучасных беларускіх даследчыкаў у тым, што нічога карыснага ў беларускую гісторыю палякі не прынеслі. Але вось што, напрыклад, пісалі Г.Сагановіч і У.Арлоў пра наступствы Люб­лінскай уніі ў адной з самых папулярных кніг па беларускай гісторыі: „Аб’яднанне з Каронай дазволіла вызваліць Полацак, выгнаць з Беларусі акупацыйнае маскоўскае войска, скончыць вайну, паправіць гаспадарку“12. М.Піліпенка звязаў з „польскасцю“ з’яўленне ў Сярэднявеччы новых формаў адмі­ністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму, узбагачэнне слоўнікавага складу беларускай мовы ды інш.13 Гэтыя пазітыўныя ацэнкі польскага ўплыву зусім не з’яўляюцца выключэннем у сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аналізуючы беларускую гістарыяграфію, прысвечаную розным аспектам гісторыі ВКЛ (да і пасля Люблінскай уніі), аўтар павінен быў значна больш увагі аддаць працам Г.Сагановіча, А.Краўцэвіча, Г.Галенчанкі, В.Грыцкевіча, А.Мальдзіса. Аднак імёны і працы гэтых даследчыкаў згадваюцца зрэдку. Затое З.Вінніцкі практычна па ўсіх вылучаных аспектах гісторыі звяртаецца да працаў В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (1926), якія храналагічна не належаць да разгляданага перыяду і ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі трактуюцца пераважна як помнікі гістарычнай думкі. З.Вінніцкі нават акрэсліў В.Ластоўскага „бацькам беларускай гісторыі“ (s.329, 347 ды інш.). 

Абмяжуюся яшчэ толькі адным прыкладам, які ў аўтарскай канцэпцыі займае надзвычай важнае месца. Маецца на ўвазе тэзіс З.Вінніцкага, нібыта ў беларускай гістарыяграфіі, ідэалогіі і палітычным жыцці (у першую чаргу, сярод беларускай апазіцыі) прысутнічаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Беласточчыну (s.257 ды інш.). Аўтар неаднаразова гаворыць пра гэтыя прэтэнзіі, імкнучыся паказаць асаблівую варожасць да Польшчы з боку палітычных праціўнікаў беларускага прэ­зідэнта. Аднак, як сведчыць тэкст раздзела Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (=Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі)), „гэты адзін з важнейшых канонаў беларускай ідэалогіі“ (s.257) прысутнічае толькі ў папулярным выданні доктара тэхнічных навук Я.Шыраева14, у падручніках па гісторыі Беларусі У.Ігнатоўскага (1926), І.Коўкеля і Э.Ярмусіка15, а таксама ў падручніку па беларусазнаўстве І.Саракавіка16. Дарэчы, аўтары падручнікаў, як і маскоўскі даследчык Я.Шыраеў, не маюць ніякага дачынення да беларускай апазіцыі.

Праблема рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарыяграфіі не вырашаная аўтарам і ў іншых раздзелах працы. Аўтар звычайна абмяжоўвае прадстаўленне сучаснай беларускай гістарычнай навукі працамі В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (4 выд., 1926), гістарычнай публіцыстыкай і некалькімі манаграфіямі пачатку 90–х г. ХХ ст., напісанымі не без уплыву „патрыятычнай“ гістарыяграфіі, а таксама сучаснымі падручнікамі неасавецкага кірунку, у прыватнасці, вельмі часта цытуюцца раздзелы падручнікаў па гісторыі Беларусі для ВНУ выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта І.Коўкеля і Э.Ярму­сіка17, а таксама менскіх даследчыкаў Я.Новіка і Г.Марцуля18. Між тым яны належаць да „афіцыйнага“ (неасавецкага) кірунку сучаснай гістарыяграфіі і неаднаразова крытыкаваліся айчыннымі даследчыкамі19. Няўжо цытавання гэтых выданняў дастаткова, каб польскі чытач зразумеў тыя працэсы, што адбываюцца ў беларускай гістарычнай навуцы, у т.л. у ацэнках ролі палякаў і Польшчы ў мінулым краіны і яе народa? Безумоўна, не. Гэтага дастаткова толькі, каб па­цвердзіць аўтарскі прысуд беларускай гістарычнай навуцы, які, нагадаю, прагучаў ужо на с. 5 даследавання.

Паступова становіцца відавочным імкненне аўтара падмяніць навуковы аналіз беларускай гістарыяграфіі павярхоўнымі ацэнкамі спецыяльна падабранай дзеля гэтага літаратуры, у якой сапраўды прысутнічаюць антыпольскія стэрэатыпы яшчэ савецкіх часоў. Аўтарская селекцыя працаў беларускіх гісторыкаў не дазваляе ўбачыць эвалюцыю беларускай гістарыяграфіі, якая на рубяжы стагоддзяў перажывае цікавы і важны перыяд развіцця. Манаграфія З.Вінніцкага стварае вобраз „мёртвай“ навукі, якая недалёка адышла ад Кароткай гісторыі Беларусі.

Завяршаючы гаворку пра рэпрэзентатыўнасць даследавання, звернем увагу на Спіс літаратуры і крыніцаў. Раздзел манаграфій, зборнікаў і артыкулаў налічвае ўсяго каля 240 пазіцый. Беларускую гістарыяграфію пасля 1989 г. прадстаўляюць каля 70 пазіцый. Для працы, якая прэтэндуе на аналіз усёй беларускай гістарыяграфіі канца ХХ — пачатку ХХI ст., гэта вельмі мала. Практычна не згадваюцца працы Г.Сагано­віча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, Я.Анішчанкі, Р.Лазько, Г.Галенчанкі, С.Марозавай, М.Спірыдонава, А.Латышонка, Я.Мірановіча, В.Насевіча, В.Шведа, А.Вабішчэвіча, А.Пяткевіча ды многіх іншых, чые даследчыя інтарэсы непасрэдна датычаць разгляданай праблематыкі20. Таксама не знайшлі свайго разгляду публікацыі такіх беларускіх гістарычных часопісаў як Беларускі гістарычны агляд (выходзіць з 1994 г.), Гістарычны альманах (з 1998), Край (з 2001), на старонках якіх часта асвятляецца праблема паланістыкі, у т.л. і польска–беларускіх адносінаў. Аўтар не прааналізаваў большасць адпаведных артыкулаў 6–томавай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1993—2003), якая, безумоўна, аказвае даволі значны ўплыў на фармаванне гістарычнай свядомасці. Падобнае ігнараванне важнай часткі беларускай гістарыяграфіі тлумачыцца толькі тым, што ў „незаўважаных“ даследаваннях часцяком утрымліваюцца цалкам іншыя ацэнкі ролі Польшчы і палякаў у беларускай гісторыі, чым тыя, якія згадвае З.Вінніцкі.

Сучасная беларуская гістарыяграфія паступова перадольвае выключна канфрантацыйнае ўспрыняцце бліжэйшага заходняга суседа. У масавай свядомасці (дзякуючы таксама гістарычным працам) паступова знікае той вобраз „польскага ворага“, над стварэннем якога добра папрацавала савецкая ідэалогія міжваеннага часу.

Яшчэ адной характэрнай рысай тэксту кнігі з’яўляецца недакладнасць цытавання беларускіх аўтараў, якую ў некаторых выпадках можна ахарактарызаваць як свядомае скажэнне іх пазіцыі. Найбольш „пацярпеў“ аўтар падручніка па гісторыі Беларусі для 8 класа Міхась Біч. Вось некалькі пры­кладаў. У прыватнасці, М.Біч апублікаваў пачатак славутай інвакацыі да „Пана Тадэвуша“ ў перакладзе Я.Семяжона: „Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: / Не цэнім маючы, а страцім залатое…“21

А вось як З.Вінніцкі пераказвае гэты пераклад: „Літва! Беларускі край, ты як здароўе тое…“ [Litwo! Białoruski Kraju, ty jesteś jak zdrowie…“] (s.397). Пры гэтым аўтар піша пра беларускія „маніпуляцыі“: „<…> [(naszym zdaniem jest to mani­pulacja) co do brzmienia jednej z najważniejszych strof mickie­wiczowskiej poezji <…>“]. Маніпуляцыі, як мы бачым, са­праўды маюць месца. Толькі іх аўтар не М.Біч і не Я.Семяжон, а Здзіслаў Вінніцкі, які падманвае польскіх чытачоў!

І, на жаль, не толькі ў гэтым выпадку. Напрыклад, характарызуючы пазіцыю М.Біча адносна партызанскіх дзеянняў пад час вайны 1812 г., З.Вінніцкі сцвярджае, што аўтар пісаў толькі пра вайну супраць салдат арміі Напалеона (s.193, 395), г.зн., што ён застаўся ў межах расійскай гістарыяграфіі. На самай справе М.Біч пісаў і пра народную вайну супраць расій­скай арміі, салдаты якой таксама рабавалі беларускія вёскі22. Скажаецца пазіцыя беларускага даследчыка адносна мовы адукацыі Віленскай навучальнай акругі пачатку ХIХ ст. З.Він­ніцкі сцвярджае, што М.Біч „забыўся“ згадаць пра польскую мову школ Віленскай акругі, у выніку чаго вучні могуць зра­біць выснову пра беларускамоўную адукацыю ў гэтых школах, якую пазней забараніў расійскі ўрад (s.336). А вось што на самай справе пісаў М.Біч: „Ва ўсіх школах акругі (Віленскай — А.С.) асноўнай мовай навучання была польская мова. Руская вывучалася па жаданні бацькоў вучняў. Пытанне аб беларускай, літоўскай, украінскай мовах не ставілася“23.

Aхвярай фальсіфікацыі стаў таксама В.Ластоўскі. Апошні, параўноўваючы беларускае і польскае кнігадрукаванне, ад­значыў, што „польская друкарня ў Кракаве была аткрыта ў 1505 г., значыць на 22 гады пазней беларускай“. І дадаў: „Мы ня хочэм казаць, што палякі ў тыя часы асьветай стаялі ніжэй беларусоў, але гэты факт паказвае на высокую культуру ў беларускаго народу, катораму патрэбны былі друкаваныя кнігі ўжо ў тыя часы, калі па ўсёй Эўропе ледзьве толькі пачынало расхадзіцца друкаванае слова“24. А вось як пераказаў ягоную пазіцыю З.Вінніцкі: „Той жа аўтар (Ластоўскі — А.С.) <…> адзначае, што Біблія на беларускай мове была надрукаваная Францішкам Скарынам — каталіком, а „польская друкарня ў Кракаве пачала дзейнічаць на 22 гады пазней <…> што азначала, што палякі ў той час стаялі ніжэй беларусаў, а гэты факт указвае на высокую культуру беларускай нацыі (sic! — З.В.)“ [„Ten sam autor <…> zaznacza, że Biblia w języku białoruskim była wydrukowana przez Franciszka Skorynę —  katolika, zaś „polska drukarnia w Krakowie została uruchomiona 22 lata później <…> co oznaczało, że Polacy w owych czasach stali niżej od Białorusinów, zaś powyższy fakt wskazuje na wysoką kulturę narodu (sic!) białoruskiego“ (s.235)]25. Прыклады скажэння З.Вінніцкім палажэнняў і тэзісаў беларускіх даследчыкаў можна працягваць, але і прыведзенага дастаткова, каб страціць давер да рэцэнзаванага даследавання.

Таксама заўважальная адсутнасць спасылак на многія цытаты. У прыватнасці, на s.152 прыводзіцца антыпольскае выказванне аднаго з нядаўніх лідэраў апазіцыі С.Шарэцкага (маўляў, „з часоў Гарадзельскай уніі палякі заўсёды падманвалі беларусаў“). Аднак аўтар не ўказвае, калі яно было зроблена і дзе апублікаванае. Пры аналізе пазіцыі беларускай гістарыяграфіі па праблеме агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. З.Вінніцкі падрабязна (на 6 старонках) разбірае тэкст А.Кавалені, асобныя палажэнні якога носяць сенсацыйны характар, бо, напрыклад, сцвярджаецца „факт“ тайных перамоваў у верасні 1939 г. паміж дэлегацыямі Нямеччыны, з аднаго боку, і Францыі ды Англіі, з іншага. Але спасылкі на гэтую „сенсацыйную“ публікацыю адсутнічаюць26. 

Асобнай гаворкі патрабуе тэрміналагічны аппарат даследавання. Яшчэ раз заўважым, што З.Вінніцкі з абурэннем рэагуе на тое, што беларускія гісторыкі для назвы краіны, пачатак якой паклала Люблінская унія, ужываюць тэрмін „Рэч Паспалітая“ і пазбягаюць называць яе „Польшчай“. Ва ўжыванні афіцыйнай назвы дзяржавы ён убачыў праявы палонафобіі. Але прэтэнзіі польскага даследчыка на „нацыянальнае прысваенне“ шматэтнічнай дзяржавы выглядаюць смешнымі. Добра вядома, што тэрмін „паляк“ на працягу амаль усёй гісторыі Рэчы Паспалітай быў пераважна палітонімам, а не этнонімам. У першую чаргу ён азначаў прыналежнасць да шляхецкага стану. Менавіта гэта ператварала ў „палякаў“ эт­нічна неаднародную шляхту краіны. Імкненне некаторых да­следчыкаў навязаць Рэчы Паспалітай польскі нацыянальны характар з’яўляецца даўно адхіленай (між іншым, многімі польскімі гісторыкамі) мадэрнізацыяй гісторыі.

Звяртае на сябе ўвагу амаль паўсюднае выкарыстанне З.Вінніцкім тэрміна „Беларусь“ у двукоссі. Тым самым даследчык падкрэслівае недапушчальнасць ужывання гэтага тэрміна як негістарычнага для часоў Сярэднявечча і нават для ХIХ ст. Пры гэтым без двукосся, г.зн. як гістарычная рэалія, ужываюцца тэрміны „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ (s.48 ды інш.). Хочацца параіць аўтару пазнаёміцца з добра вядомай (і даступнай!) у краіне кнігай Алеся Белага27 і артыкуламі Г.Сагановіча28.

Што да ХIХ ст., для якога аўтар лічыць навукова карэктным ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“, то хачу адзначыць значнае распаўсюджванне тэрміна „Беларусь“ у другой палове стагоддзя. Тэрмін „Беларусь“ актыўна выкарыстоўваўся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры. У якасці прыкладу можна згадаць публікацыі часопіса беларускіх народнікаў „Гомон“ пачатку 80–х г. ХIХ ст., артыкулы гісторыка М.Доўнара–Запольскага „Беларускае мінулае“, надрукаваныя ў газеце „Минский листок“ (1888), паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча „Дудка беларуская“ (1891), „Кароткую гісторыю Беларусі“ В.Ластоўскага (1910) ды інш. Ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ без двукосся ўспрымаецца ў Беларусі як адмаўленне яе права на самастойны гістарычны шлях і непрызнанне беларусаў суб’ектам уласнай гісторыі. Наогул, вывучэнне тэксту З.Вінніцкага паступова пераконвае ў тым, што Беларусь для аўтара не мае ні этнакультурнай, ні дзяржаўнай адметнасці. Для З.Вінніцкага гэта ўсё тыя ж „крэсы ўсходнія“, якія толькі праз нейкі гістарычны кур’ёз напрыканцы ХХ ст. атрымалі назву „Рэспубліка Беларусь“.

Таксама варта адзначыць, што выкарыстоўванне тэрміна „Беларусь“ у дачыненні, напрыклад, да часоў ранняга Сярэднявечча тлумачыцца імкненнем падкрэсліць пераемнасць і непарыўнасць беларускай гісторыі. Тое ж самае робяць польскія гісторыкі, якія, напрыклад, апісваюць умовы жыцця першабытнага чалавека ў Польшчы або сцвярджаюць факт пражывання ў Польшчы ў VI ст. славянскіх прапольскіх плямёнаў29 ды інш.

Тэрміналагічны апарат, якім карыстаўся З.Вінніцкі, да­зваляе заўважыць яшчэ адну важную рысу даследавання — палонацэнтрызм. Менавіта ён перашкаджае аўтару прыслухацца да аргументаў іншага (беларускага) боку і зразумець, напрыклад, крытычнае стаўленне беларускага грамадства да вынікаў Рыжскага міру. Між тым, падзел беларускай зямлі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1920—1921 г. азначаў крах спадзяванняў на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Пратакол, падпісаны ў Рызе, абумовіў паўкаланіяльны стан Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст.

Палонацэнтрызм даследчыка выявіўся таксама ў трактоўцы паўстання 1863 г. як выключна „польскага нацыянальнага“ (s.321), хоць агульнавядомы актыўны ўдзел у паўстанні, у прыватнасці, беларускіх сялян Гарадзенскай губерні. Цікава, што аўтарская трактоўка паўстання цалкам супадае з ягонай ацэнкай у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аўтар выказвае здзіўленне, што беларускія гісторыкі пішуць вы­ключна пра падзеі паўстання ў Беларусі. За гэтым „здзіўленнем“ хаваецца абвінавачванне беларускага боку ў тым, што паўстанне 1863 г. трактуецца ім як „беларускае нацыянальнае“. На самай справе ніхто з беларускіх гісторыкаў не падважае вялікай ролі палякаў у падрыхтоўцы паўстання і ў паўстанчай барацьбе. У айчыннай гістарыяграфіі адсутнічаюць ацэнкі паўстання як „беларускага нацыянальнага“. Найбольш пашыраны тэрмін — „Паўстанне 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве“. Што датычыць праяваў „беларускага нацыянальнага“ ў паўстанні, то звычайна іх звязваюць з асобай Вікенція Канстанціна Каліноўскага (1838—1864). Дарэчы, аналіз дыскусіі па праблеме ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі, у якой актыўна ўдзельнічалі М.Біч і У.Казбярук, дазваляе заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашай гістарычнай навуцы. На жаль, З.Вінніцкі праігнараваў гэтую дыскусію, як, дарэчы, і іншыя.

 Асобнай гаворкі патрабуюць ацэнкі Здзіславам Вінніцкім асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі польска–беларускіх адносінаў. Паводле аўтара, характэрнай рысай гэтага асвятлення з’яўляецца палонафобія: „У адносінах да польскасці ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця сучасная беларуская гістарыяграфія працягвае царскую і савецкую палітыку, галоўнай мэтай якой заўсёды была поўная дэпаланізацыя <…>“ (s.37); „У сучаснай Беларусі (у беларусаў) здаўна прысутнічае выразны (у вялікай ступені класавы) польскі комплекс. На жаль, на яго існаванне ўплывае сістэма адукацыі, якая прадстаўляе беларуска–польскія адносіны часцяком у ідэалагізаваным выглядзе…“ (s.394). Пры гэтым гісторык імкнецца даказаць, што пачаткі беларускай палонафобіі караняцца ў палітыцы і гістарыяграфіі яшчэ дарэвалюцыйнай Расіі (s. 5, 97 ды інш.). Апошняя выснова не з’яўляецца арыгінальнай. Тое ж самае спрабаваў давесці старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі ў кнізе Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności (Слонім, 2003)30. Характэрна, што пры гэтым аб’ектам аналізу польскага дзеяча сталі пераважна навукова–папулярныя выданні 1990—1993 г., напрыклад, 100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі (Мінск, 1993), а таксама тыя канцэпцыі і ідэі, якія нарадзіліся на самым пачатку станаўлення Рэспублікі Беларусь і не былі пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці. Т.Кручкоўскі таксама вельмі лёгка вырашыў праблему рэпрэзентатыўнасці: выкарыстоўвалася ўсё, што адпавядала ягонай канцэпцыі.

Варта адзначыць поўную згоду абодвух польскіх аўтараў адносна агульнай ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі і яе напрацовак па праблеме польска–беларускіх дачыненняў. У прыватнасці, абодва аўтары лічаць феномен беларуса–каталіка штучнай з’явай, народжанай яшчэ пад час расійскай імперскай дэпаланізацыйнай палітыкі. Паводле меркавання Т.Кручкоўскага, паняцце „беларус–каталік“ пазней выкарыстоўвалася савецкім кіраўніцтвам, а на пачатку 90–х г. ХХ ст. ужо ўладамі незалежнай Беларусі і дзеячамі БНФ, якія фактычна спрабавалі працягваць расійскую і савецкую палітыку дэпаланізацыі31. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў зборніка Т.Кручкоўскага з’яўляецца шматразовае паўтарэнне састарэлых стэрэатыпаў — „паляк=каталік“ і „беларус (расіец)=праваслаўны“.

 З.Вінніцкі, на першы погляд, пазбягае падобнай адна­значнасці. Сцвярджаючы, што ў Расійскай імперыі каталіцызм атаясамліваўся галоўным чынам з польскай нацыянальнасцю, а ў сучаснай Беларусі паняцці „каталіцызм“ і „польская вера“ тоесныя (s.78), ён тым не менш адзначыў існаванне беларусаў–каталікоў у міжваенны час у Віленскім ваяводстве (17—20% насельніцтва). Аднак ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, паводле меркавання З.Вінніцкага, нацыянальнага па­дзелу сярод каталікоў не існавала — усе каталікі былі палякамі. І ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, сцвярджае даследчык, асноўная маса каталіцкага насельніцтва з’яўляецца свядомымі палякамі або адчувае моцную сувязь з польскай нацыянальнасцю (s.79). Пры гэтым З.Вінніцкі рэгулярна падвяргае сумненню беларускасць такіх дзеячоў беларускага руху, як браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, В.Іваноўскі (s.383 ды інш.). Падстава — іх прыналежнасць да каталіцкай канфесіі. Нават характарызуючы беларускае нацыянальна–культурнае Адра­джэнне пачатку ХХ ст., аўтар падкрэсліў, што ягонымі пачынальнікамі былі прадстаўнікі каталіцкіх шляхецкіх сем’яў, „якіх усе лічылі (і яны самі сябе лічылі) польскімі“ (s.37).

Пашыранасць стэрэатыпа „каталік=паляк“ у працах мно­гіх польскіх даследчыкаў, якія закранаюць праблемы гісторыі беларускіх земляў, патрабуе спецыяльнай увагі. У гэтай рэцэнзіі адзначу толькі, што ў другой палове ХIХ ст. гэты стэрэатып на беларускіх землях пашырала не толькі каталіцкае духавенства, якое такім чынам супрацьстаяла спробам русіфікацыі касцёла, але і самі расейскія ўлады. Яны не здолелі зна­йсці іншы крытэрый для вызначэння польскага насельніцтва, на якое распаўсюджваліся палітычныя, эканамічныя і культурна–рэлігійныя абмежаванні. У пэўны момант (апошняя трэць ХIХ ст.) інтарэсы нацыянальна арыентаванай часткі польскага каталіцкага духавенства і расійскага чыноўніцтва пачалі супадаць. Беларускую нацыю разбіралі па канфесійнай прыкмеце на праваслаўных=расійцаў і каталікоў=палякаў.

У польскай гістарыяграфіі прысутнічае тэндэнцыя адмовы ад гэтага састарэлага стэрэатыпа. На пачатку ХХ ст. пра беларусаў–каталікоў пісалі такія грунтоўныя знаўцы Беларуска–Літоўскага краю, як Міхал Ромэр32 і Леон Васілеўскі33. Існаванне беларусаў–каталікоў прызнае таксама Юліуш Бардах34. Вядомы дэмограф, географ і гісторык П.Эбэрхардт пісаў пра беларусаў–каталікоў на рубяжы ХIХ—ХХ ст. у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі35. Толькі на беларуска–польскім этнічным памежжы, на яго думку, прыналежнасць да каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. трэба лічыць крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці. Што да сучаснай Беларусі, то асабістыя кантакты з П.Эбэрхардтам пераканалі ў тым, што гэты польскі даследчык, як і большасць іншых, не ставіць пад сумненне існаванне беларусаў–каталікоў у нашай краіне. Паўтарэнне сучаснымі польскімі аўтарамі (З.Вінніцкі і Т.Кручкоўскі) стэрэатыпаў ХIХ ст., якія, як здавалася, былі цалкам перакрэсленыя актыўным удзелам каталіцкага насельніцтва ў беларускім нацыянальна–культурным Адраджэнні пачатку ХХ ст., можна ахарактарызаваць як палітычны анахранізм.

Аднак разважанні З.Вінніцкага пра штучнасць і дэпаланізацыйную сутнасць феномена „беларус–каталік“ не абмяжоў­ваюцца выключна гістарыяграфічнай цікавасцю. Аўтар неаднаразова падкрэслівае памылковасць і згубнасць увядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства: „Некаторыя духоўныя асобы насуперак волі вернікаў уводзяць у набажэнства беларускую мову“ (s.81); „<…> пачынаючы з другой паловы 90–х г. ХХ ст. <…> каталіцкі касцёл у Беларусі ўсё часцей уводзіць беларускую літургію (замест польскай) у большасці выпадкаў насуперак волі мясцовых каталікоў–палякаў“ (s.199—200)“ ды інш. Асабліва рэзка крытыкуецца ксёндз У.Завальнюк (парафія св.Сямёна і св.Алены ў Менску), якога аўтар абвінавачвае ў дэпаланізацыі [„odpolszczeniu“ (s.225)] каталіцкага касцёла і яго вернікаў36.

Пры гэтым З.Вінніцкі імкнецца пераканаць чытача ў тым, што беларусы амаль цалкам зрусіфікаваныя. Паводле сваіх падлікаў, крыніцы якіх невядомыя, ён сцвярджае, што на пачатку 90–х г. ХХ ст. толькі 20% насельніцтва Беларусі штодня карысталася роднай мовай, а сучасныя паказчыкі амаль не змяніліся (s.87). Заўважым, што даследчык праігнараваў вынікі перапісу 1999 г., адпаведна якому беларускай мовай штодня карыстаецца 36,7% насельніцтва. (Сярод беларусаў — 41,3%, сярод палякаў — 57,6%). Прычым у найбольш „каталіцкіх“ Менскай і Гарадзенскай вобл. болей за 50% насель­ніцтва паўсядзённа размаўляе па–беларуску37. Пры гэтым польскай мовай штодня карыстаецца меней за 5,6% палякаў Гарадзенскай вобл.38 Лічбы сведчаць пра неабходнасць больш шырокага ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства. Варта падкрэсліць, што перапіс адбываўся ва ўмовах, калі дзяржаўныя ўлады нашай краіны мэтанакіравана праводзілі (і праводзяць!) палітыку русіфікацыі. 

Неабходна таксама звярнуць увагу на аўтарскую ацэнку палітыкі беларусізацыі і яе наступстваў для лёсу польскай супольнасці. Праблема дастаткова складаная і патрабуе грунтоўнага даследавання. Аднак для аўтара ніякай складанасці тут няма. Беларусізацыя разглядаецца ім толькі ў якасці праявы антыпольскай палітыкі, у якой таксама ўдзельнічалі беларускія гісторыкі. Ужо ва Ўводзінах З.Вінніцкі заявіў, што „сучасная беларуская гістарыяграфія ўдзельнічае ў працягу царскай і савецкай палітыкі, мэтаю якой была і застаецца дэпаланізацыя <…> Земляў забраных, Літвы, Паўночна–Заходняга краю, Заходняй Беларусі, заходніх абласцей БССР — РБ. У пэўныя моманты гэтая палітыка набывае выгляд <…> „дзіцячай хваробы нацыяналізму“ (s.37).

З.Вінніцкі вылучыў восем этапаў беларусізацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палова з іх (у перыяд з 1924 да 1956 г.) суправаджалася антыпольскім рэпрэсіямі і фізічным вы­нішчэннем прадстаўнікоў польскай супольнасці (с.37—38), і не згадаў пра антыбеларускі тэрор канца 20–х — сярэдзіны 50–х г., які па сваіх памерах і наступствах быў не менш жах­лівым. Дэманструючы даволі арыгінальнае разуменне „беларусізацыі“, якая, напрыклад, магла суправаджацца антыбеларускім тэрорам, польскі даследчык у якасці апошняга перыяду гэтай палітыкі вылучыў 1996—2002 г. (?!), а праз некалькі старонак заўважыў, што дэпаланізацыя працягваецца і сёння (s.47). Наогул, гісторыя Рэспублікі Беларусь з яе намаганнямі па Адраджэнні беларускай культуры, якімі характарызаваўся перыяд парламенцкай рэспублікі (1991—1994), разглядаецца пераважна як чарговы этап дэпаланізацыі. Аўтар упарта падкрэслівае антыпольскасць беларускіх палітыкаў незалежніцкага кірунку, як пад час іх знаходжання пры ўладзе, так і ў перыяд апазіцыйнай дзейнасці. Аднак варта нагадаць, што амаль усе культурныя і адукацыйныя поспехі польскай грамадскасці былі дасягнутыя якраз на пачатку 90–х г., а палітычныя рашэнні па ліквідацыі перашкодаў для развіцця ўсіх нацыянальных супольнасцяў Беларусі прымаліся пераважна людзьмі, якія сёння належаць да палітычнай апазіцыі. Дарэчы, гэта іншым разам прызнае і З.Вінніцкі. У прыватнасці, ён згадаў, што Закон аб мовах (1990) спрыяў развіццю культуры ўсіх народаў Беларусі (s.90). Аднак на агульныя ацэнкі З.Він­ніцкім стаўлення прыхільнікаў беларусізацыі да польскай супольнасці гэта ніяк не паўплывала. Аўтар адстойвае думку, што антыпольская палітыка была неад’емным атрыбутам кожнага этапу беларускага Адраджэння.

Адзначым таксама шматлікія факталагічныя памылкі, абумоўленыя аўтарскім няведаннем многіх падзеяў беларускай гісторыі. У прыватнасці, З.Вінніцкі лічыць Еўфрасінню Полацкую княгіняй (s.127, 365), якая жыла і кіравала Полацкам з 1104 да 1116 г. (s.367). Ён жа сцвярджае, што Слуцкім паўстаннем (1920) кіраваў Булак–Булаховіч (s.323—324) ды інш.

У выніку праведзенага „даследавання“ З.Вінніцкі заявіў, што „ў адносінах да трактавання Польшчы і польскасці гістарыяграфія (у прынцыпе ўся) і ідэалогія (грамадская і дзяржаўная) у Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад таго, ці зыходзіць яна з афіцыйных цэнтраў ці з апазіцыйных, практычна тоесная, або па меншай меры вельмі падобная. Гэта абумоў­лівае (і тлумачыць) няшчырыя, халодныя, а часамі непрыязныя адносіны да бліжэйшага суседа Рэспублікі Белaрусь — Рэчы Паспалітай Польскай. У такім аспекце трэба тлумачыць адносіны да польскай нацыянальнай меншасці ў сучаснай Беларусі. Гэта павінны ўлічваць польскія палітычныя цэнтры, зацікаўленыя польска–беларускімі адносінамі, і даследчыкі, якія вывучаюць уплыў дактрыны на палітыку. Яны па­він­ны зрабіць практычныя высновы, патрэбныя палітыкам“ (s.601).

Заўважым невыпадковасць адкрытай палітызаванасці высноваў З.Вінніцкага. Знаёмства з тэкстам пераконвае ў тым, што аўтар не выканаў падставовых нормаў навуковага даследавання, дзеля доказу сваіх тэзісаў часцяком скажаў пазіцыі беларускіх аўтараў і падманваў чытача. Ён свядома ствараў з беларусаў (у першую чаргу з прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі) вобраз ворага Польшчы i палякаў.

Сапраўды, польска–беларускія адносіны ў мінулым стагоддзі часцяком набывалі даволі востры характар, але ці толькі беларусы ў гэтым вінаватыя? Навуковае даследаванне праблемаў, якія датычаць міжнацыянальных адносінаў, па­він­на адрознівацца падкрэсленым аб’ектывізмам, імкненнем да разумення іншага боку, здольнасцю прыняць іншае меркаванне і пагадзіцца з ім.

Вядомы польскі гісторык Ежы Тапольскі, разважаючы пра аб’ектыўнасць даследчыка, згадаў пра прынцып адкрытасці. Ён быў упэўнены, што аб’ектыўным можа быць толькі той гісторык, які адкрыты на іншыя культуры і іншыя спосабы мыслення. Паводле Е.Тапольскага, аб’ектыўнасць — гэта, у першую чаргу, „супрацьстаянне кожнаму ідэалагічнаму гвалту (і ўплыву), накіраванаму на рэалізацыю мэтаў толькі адной сацыяльнай групы або адной нацыі на шкоду іншым. Аб’ектыўнасць  — гэта разуменне „іншых“ і адначасная салідарнасць, якая закранае максімальна шырокія групы людзей“39. Пра неабходнасць нейтралізацыі ўласнага пункту погляду шляхам ягонага асэнсавання і аналізу пісаў таксама амерыканскі да­следчык Георг Ігерс. На яго думку, менавіта „на гэтым грунтуецца адказнасць даследчыка і ўчора, і сёння“40. Ён жа выказаў меркаванне, што „гістарыяграфія — гэта бясконцы дыялог, які неабавязкова прыводзіць да кансэнсуса“41.

На жаль, З.Вінніцкі ў рэцэнзаванай працы цалкам праігнараваў гэтыя і падобныя ім думкі, якія датычаць „майстэрні гісторыка“. Амаль з першых старонак кнігі ён выступае як носьбіт „абсалютнай ісціны“ і звычайна вядзе гаворку тонам пракурора пад час судовага працэсу. Звычайна падобная па­зіцыя чалавека, які прэтэндуе на тое, каб называцца гісторыкам, выклікае толькі ўсмешку ўдумлівага чытача. Але ў дадзеным выпадку паблажлівасць недапушчальная. Занадта важныя праблемы сталі прадметам абмеркавання ў кнізе З.Він­ніцкага.

Сучасная беларуская гістарычная паланістыка перажывае складаны этап станаўлення, важнай рысай якога з’яўляецца паступовае пазбаўленне ад таго „вобраза ворага“, у які пера­тварылі палякаў ідэолагі яшчэ сталінскіх часоў. Гэты працэс ідзе досыць няпроста, і праца З.Вінніцкага пры ўсіх сваіх недахопах і свядомай антыбеларускай пазіцыі аўтара прымушае звярнуць увагу на неабходнасць канчатковага пазбаўлення савецкіх стэрэатыпаў.

Кніга З.Вінніцкага адначасна сведчыць пра пэўныя праблемы польскай гістарыяграфіі, якая таксама цяжка развітваецца са стэрэатыпамі „крэсовай“ гістарычнай публіцыстыкі міжваеннага часу. Рэцэнзаваная праца быццам пераносіць чытача на сто гадоў назад, у эпоху ваяўнічых нацыяналізмаў. На фоне многіх іншых сучасных даследаванняў, прысвечаных міжнацыянальным аспектам і накіраваных на дыялог з іншы­мі культурамі, кніга З.Вінніцкага выглядае як іржавы асколак даўняй вайны.

Зразумела, што рэцэнзаваная манаграфія зусім не адлюстроўвае ўзровень польскай гістарычнай беларусістыкі, якая можа ганарыцца працамі Р.Радзіка, Ю.Бардаха, А.Бергман, К.Гамулкі, П.Эбэрхардта, Е.Клачоўскага, У.Вяльгорскага ды інш. Наогул, кантакты з польскімі навукоўцамі вельмі спрыяюць пазітыўным пераменам у айчыннай гістарычнай навуцы. Кніга З.Вінніцкага таксама будзе карыснай для азнаямлення, але галоўным чынам як прыклад таго, як нельга праводзіць гістарычнае даследаванне.

* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

1 Гл., напр., публікацыі часопіса Беларуская думка.

2 Блок М. Апология истории или ремесло историка. Изд. 2. Москва, 1986. С. 80.

3 Гл., напр., Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. 1994, t. 22; Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908; Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryż, 1993; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989; Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Wale­wandra. Lublin: KUL, 1991; Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. Гродна, 2001; Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w. // Biuletyn Historii pogranicza. 2000. Nr 1.

4 Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 197—198. 

5 Гл., напр., публікацыі А.Смаленчука, у т.л. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй.

6 Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. С. 28 ды інш.

7 Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 201—202.

8 Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane.  Londyn, 1958. S. 112.

9 Тамсама.

10 Вядомы польскі гісторык Ежы Клачоўскі ў адным з інтэрв’ю прызнаў, што „…Рэч Паспалітая ў нашай (польскай — А.С.) гістарыяграфіі часта трактавалася проста як Польшча. На працягу стагодзьдзяў мы ўсімі сіламі імкнуліся прыпісаць на нашу ўласнасць гэтую дзяржаву і глядзелі на яе з пэрспэктывы нашых нацыянальных інтарэсаў. Поль­шча, канешне, была часткаю Рэчы Паспалітае, але гэтай Рэччу Паспалітай мы павінны падзяліцца. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што яна была ў сваёй аснове дзяржаваю ў роўных правох палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Зразумела, мы ня можам не ўлічыць вялікую ролю немцаў як з Каралеўскай, так і Княскай Прусіі, якія доўгі час былі ленам Рэчы Паспалітае, і, канешне, гэбраяў, якія стварылі на гэтых землях унікальную культуру (Клачоўскі Е., Уроньскі П. Пра Люблінскую унію і унію Эўрапейскую // Спадчына. 2000. № 1. С. 65—66).

11 Напр., Г.Сагановіч у кнізе Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. (Мінск, 2001) ахарактарызаваў ВКЛ як літоўска–беларускую дзяржаву, у якой пры палітычнай дамінацыі літоўцаў вельмі значную ролю адыгрывалі беларускія землі з іх вялізным дэмаграфічным і грамадска–культурным патэнцыялам (С. 72).

12 Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. 862—1918. Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 2002. С. 108. (Гэта адна з рэдкіх кніг па гісторыі Беларусі, якая вытрымала ўжо 3 выданні і па–ранейшаму карыстаецца попытам на кніжным рынку краіны).

13 Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск: Беларусь, 1991. С. 99.

14 Ширяев Е.Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Минск, 1991.

15 Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.

16 Саракавік І.А. Беларусазнаўства. Мінск, 1998.

17 Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.

18 Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.; Ч. 2. Люты 1917 — 2000 г. : Вучэб. дапам. / пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Выд 2. Мінск, 2000. 

19 Гл., напр., Г.Сагановіч. Вяртанне ў „Северо–Западный край“? // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998; Біч М. Гістарыяграфічныя „навацыі“ ў навучальнай літаратуры // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998.

20 Хачу таксама звярнуць увагу на ўласны сціплы ўнёсак у вывучэнне гісторыі палякаў Беларусі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. У перыяд з 1993 да 2002 г. апублікаваныя каля 50 артыкулаў і 2 мана­графіі, якія атрымалі пераважна станоўчыя ацэнкі беларускіх (рэцэнзіі С.Рудовіча і Я.Мірановіча), літоўскіх (рэцэнзія Р.Гайдзіса) і польскіх (рэцэнзіі Л.Заштаўта, Я.Юркевіча, Д.Тарасюка) калегаў.

21 Біч М.В. Гісторыя Беларусі. Канец XVIII ст. — 1917 г. / Вучэб. дапам. для 8 класа агульнаадукацыйнай школы. Мінск, 1998. С. 68.

22 Тамсама. С. 16.

23 Тамсама. С. 54.

24 Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 48 (цытата з захаваннем моўных асаблівасцяў арыгіналу).

25 З.Вінніцкі чамусьці спаслаўся на с. 50—51 Кароткай гісторыі Беларусі.

26 З.Вінніцкі сцвярджае, што ўсе беларускія аўтары лічаць савецкую агрэсію актам гістарычнай і класавай справядлівасці. Прычым прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфіі да таго ж прэтэндуюць на анексію польскай Беласточчыны (s.534). Аўтар праігнараваў кнігу вядомага беларускага паланіста Р.Лазько Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939) (Мінск, 2000), дзе 1939 год трактуецца як трагедыя Польшчы і ўсяго свету. Таксама хачу спаслацца на ўласны артыкул Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі (Гістарычны альманах. 2000. Т. 3), дзе падзеям верасня 1939 г. была дадзеная падобная ацэнка.

27 Белы А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000.

28 Гл., напр., Сагановіч Г. Да гісторыі назвы „Белая Русь“ // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992.

29 Dzieje Polski. Pod red. Jerzego Topolskiego. Warszawa, 1976. S. 14, 78.

30 Рэцэнзія на кнігу Т.Кручкоўскага апублікаваная на старонках Гістарычнага альманаха (2003, т. 9).

31 Kruczkowski T. Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności. Слоним, 2003. S. 209.

32 Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskigo. S. 9.

33 Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 5.

34 Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy sistemowej // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraina. The foundations of historical and cultural traditions in East Central Europe. Lublin–Rome, 1999. S. 377.

35 Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989. Мінск, 1997.

36 Некаторыя аўтарскія ацэнкі асобы ксяндза У.Завальнюка нагадваюць сапраўдны данос, адрасаваны кіраўніцтву каталіцкага касцёла Беларусі.

37 Численность и основные социально–демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999. С. 23.

38 Перепись населения Республики Беларусь. Итоговые таблицы первой очереди. Б.м., б.д. Табл. 34.

39 Topolski J. Jak się pisze i rozumie historię. Tajemnice narracji histo­rycznej. Warszawa, 1998. S. 376.

40 Iggers G.G. Użycia i nadużycia historii: o odpowiedzialności historyka w przeszłości i obecnie // Pamięc, etyka i historia. Angło–amerykańska teoria historiografii lat dziewięćdziesiątych / pod red. Ewy Domańskiej. Poznań, 2002. S. 113.

41 Тамсама.

 

змест