Агляд развіцця яўрэйскіх даследаванняў у Беларусі

на мяжы ХХ—ХХI ст.*

Зміцер Шавялёў

Збег ХIХ—ХХ ст. супаў з уздымам яўрэйскіх даследаванняў у Расійскай імперыі. На Беларусі пачаткам іудаікі, які стаў адначасова і яе росквітам, была дзейнасць яўрэйскіх навукоўцаў Беларускай акадэміі навук у 1920—1930 г. Новы яе ўздым прыпаў на перыяд пасля распаду СССР. Бачыцца актуальным разгледзець стан развіцця іудаікі на Беларусі на збегу ХХ—ХХI ст., спроба чаго і з’явілася мэтай дадзенага агляду. Задачамі працы сталі: акрэсленне стану развіцця і паказ стаўлення дзяржавы да гэтай галіны навукі. За храналагічныя рамкі да­следавання ўзяты 1993 г. — з’яўленне першай працы па іудаіцы (брашура Яўгена Разэнблата „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Берасце, 1993) — і 2002 г. — сотыя ўгодкі з дня правядзення ў Мінску Другога ўсерасійскага сіянісцкага з’езду (1902 г., 22—28 жніўня па старым стылі).

Вызначым наступныя тэрміны, якімі карыстаюцца адмыслоўцы:

1) „іудаіка“ — паняцце, стылізаванае пад тэрмін лацінскага паходжання: Jūdaicus і Jūdaeicus з лацінскай мовы — іудзей­скі, яўрэйскі; тэрмін азначае даследаванні па яўрэйскай гісторыі і культуры; сінонімам можа служыць тэрмін „яўрэй­скія даследаванні“ — даслоўны пераклад англійскага слова­злучэння „Jewish studies“; у гэтым кантэксце ўжываюць, але рэдка, тэрмін „іудаістыка“;

2) „гебраістыка“ — даследаванні ў галіне яўрэйскіх моў і літаратур, галоўным чынам, старажытнага ці сучаснага іўрыта; англійскі сінонім  Hebrew studies“;

3) „біблеістыка“ — сукупнасць навуковых дысцыплін, што вывучаюць Стары і Новы Запавет; у дачыненні да яўрэйскіх даследаванняў маецца на ўвазе выключна Стары Запавет (Яўрэйская Біблія);

4) „ізраілезнаўства“ — вывучэнне сучаснага грамадства, эканомікі, палітычнай сістэмы і ваеннай справы Дзяржавы Ізраіль (з 1948 г.), альбо яўрэйскай абшчыны Палесціны ў дадзяржаўны перыяд ад пачатку першай сіянісцкай аліі ў Палесціну (з 1880–х г.).

Да 1991 г., да моманту распаду СССР, у Беларусі існавала пэўная традыцыя яўрэйскіх даследаванняў, што было звязана з дзейнасцю адпаведнага сектара Інстытута беларускай культуры і Беларускай Акадэміі навук1 і асобных вучоных — Мікалая Міхайлавіча Нікольскага2 і Гілера Маркавіча Ліўшыца3. Гэты фактар, а таксама абуджэнне нацыянальнага жыцця ў СССР у перыяд перабудовы, а потым і распад Савецкага Саюза прывялі да неабходнасці вядзення даследчыцкай працы па іудаіцы ў Рэспуб­ліцы Беларусь.

За пачатак яўрэйскіх даследаванняў на Беларусі можна лічыць брашуру Я. С. Разэнблата «Жизнь и судьба» брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв.“, выдадзеную Беларускім фондам культуры ў 1993 г.4.

Вельмі моцны штуршок развіццю яўрэйскіх даследаванняў на постсавецкай прасторы дало заснаванне ў Маскве Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ (далей — Цэнтр „Сэфэр“) Расій­скай акадэміяй навук у супрацоўніцтве з Міжнародным Цэнтрам выкладання яўрэйскай цывілізацыі ва універсітэтах (The International Center for University Teaching of Jewish Civi­lization) Яўрэйскага універсітэта ў Ерусаліме і пры падтрымцы Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта (American Jewish Joint Distribution Committee). Задачамі Цэнтра сталі падтрымка і каардынацыя выкладчыцкай і даследчыцкай дзейнасці ў галіне яўрэйскіх даследаванняў у краінах СНД і Прыбалтыкі. База дадзеных Цэнтра ўключае больш за 1000 даследчыкаў, вучоных і выкладчыкаў, што працуюць у галінах гебраістыкі ды іудаікі. Такая база ўжо двойчы выдавалася5.

Дзякуючы Цэнтру „Сэфэр“ стала магчымым выданне артыкулаў і абмеркаванне вынікаў даследаванняў на Штогадовых міжнародных навуковых канферэнцыях па іудаіцы6. Цэнтр таксама арганізуе стажыроўкі і прызначае стыпендыі для да­следчыцкай працы. У праграмах стажыровак у Ізраілі, што ўключаюць работу ў архівах і бібліятэках краіны альбо археа­лагічныя раскопкі, бралі ўдзел і маладыя навукоўцы з Беларусі.

Выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў Цэнтр „Сэфэр“, а таксама амерыканскія фундатары — муж і жонка Н’юманы — даюць стыпендыі для месяцовай даследчыцкай працы  Stephanie and Herb Neuman Fellowship Program. Сярод стыпендыятаў фонду Н’юманаў — кандыдаты гістарычных навук Яўген Разэнблат і Ірына Яленская, выкладчыкі Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна (стыпендыі 2000 г.); кандыдат культуралогіі Вольга Сабалеўская і кандыдат гістарычных навук Сяргей Піваварчык, выкладчыкі Гара­дзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (стыпендыі адпаведна 2001 і 2002 г.)7.

Другой арганізацыяй, што падтрымлівала на працягу ад­значанага перыяду даследчыцкую працу ў галіне іудаікі, быў Амерыканскі яўрэйскі аб’яднаны размеркавальны камітэт (АЯАРК). Пры яго дапамозе ў Мінску адбыліся дзве прадстаўнічыя навуковыя канферэнцыі „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі“ (у траўні 1994 г.) і „Евреи в меняющемся мире“ (у кастрычніку 1996 г.)8  з удзелам замежных даследчыкаў.

Вялікай з’явай у развіцці іудаікі на Беларусі стаў выхад у свет зборніка навуковых артыкулаў „Евреи Беларуси. История и культура“. Выданне ўвесь час здзяйснялася пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва АЯАРК на Беларусі. Першы выпуск зборніка быў падрыхтаваны ў 1997 г. Ізраільскім культурна–інфармацыйным цэнтрам у Рэспубліцы Беларусь і Ад­крытым Універсітэтам Ізраіля на Беларусі. Ініцыятаркай і на­тхняльніцай стварэння беларускага выдання па яўрэйскай гісторыі і беларуска–яўрэйскіх стасунках стала кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава. Першыя пяць выданняў падрыхтавалі І. Герасімава, Яўген Кімель9 і Генрых Рутман. Спачатку выданне планавалася як збор артыкулаў і нататкаў студэнтаў і інструктараў Адкрытага Універсітэта Ізраіля на Беларусі. З другога нумара зборнік пачаў друкаваць артыкулы, нататкі і эсэ навукоўцаў і даследчыкаў з усёй краіны, у тым ліку і тых, хто ніяк не быў звязаны з Адкрытым Універсітэтам Ізраіля10. Увесь час зборнік „Евреи Беларуси: История и культура“ выходзіў выключна дзякуючы асабістым намаганням І. Герасімавай.

Беларускіх даследчыкаў цікавяць наступныя накірункі ў галіне беларуска–яўрэйскіх стасункаў: сацыяльна–эканамічнае і культурнае жыццё яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў XVIII — пачатку XX ст., дзейнасць яўрэйскіх партый на Беларусі, пагромы ў Паўночна–Заходнім краі ў пачатку ХХ ст., гісторыя гарадоў і мястэчак, яўрэйская адукацыя на Беларусі, яўрэйскія кнігадрукаванне і перыядычны друк на Беларусі, яўрэйская дабрачыннасць і дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта, гісторыя Халакосту, польска–яўрэйскія стасункі, яўрэі і беларускі нацыянальны рух, рэпрэсіі 1930 г. сярод яўрэйскага насельніцтва Беларусі, гісторыя сіянісцкага руху. Таксама з’яўляюцца працы па біблеістыцы11. На жаль, амаль не існуе прац, якія даследуюць мовы іўрыт і ідыш12.

Адзначым выданні, што, безумоўна, былі знакавымі ў гэтыя гады. Першым і адзіным даследаваннем у галіне яўрэйскага музычнага фальклору Беларусі стала праца дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства Арка­дзя Дзвілянскага „Музыкальный еврейский фольклор Беларуси“, выдадзеная ў 1996 г. накладам 300 асобнікаў пры пад­трымцы АЯАРК. Праца праводзілася на стыпендыю Плана садзейнічання навуковым даследаванням Праграмы пад­трымкі вышэйшай адукацыі (Research Support Scheme of the Higher Education Support Programme). Гэта, напэўна, першае ў СНД даследаванне такога кшталту13.

Становішча яўрэйскага насельніцтва ў час падзелаў Рэчы Паспалітай даследуе кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка14. Гэта, магчыма, той аўтар, які найбольш плённа ў Беларусі працуе ў галіне іудаікі.

Сярод прац, выдадзеных у 1993—2002 г., толькі дзве вы­клікалі найбольшыя спрэчкі сярод спецыялістаў: гэта даследаванне выкладчыкаў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна Я. Разэнблата і І. Яленскай „Пинские евреи 1939—1944“ (Берасце, 1997)15, а таксама кніга Л. Смілавіцкага, ізраільскага аўтара, нараджэнца Беларусі, „Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г.“ (Тэль–Авіў, 2000)16.

У 2000 г. у Беларусі выйшла першая з 1993 г. праца па іудаіцы, напісаная на беларускай мове, — кніга В. А. Сабалеўскай „Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзен­скіх яўрэяў“ (Горадня, 2000)17. Выданне здзейснена пры дабрачыннай падтрымцы гарадзенскага абласнога грамад­скага аб’яднання „Ратуша“ і амерыканскіх фундатараў.

Безумоўным дасягненнем за гэтыя гады стала выданне некалькіх зборнікаў дакументаў — „Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы“ (Мінск, 1997), „Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах“ (Мінск, 1999)18 — і спроба складання бібліяграфічнага паказальніка  „История Холокоста на территории Беларуси“ (Віцебск, 2001)19.

У азначаны перыяд пачала выходзіць „Беларуская энцыклапедыя“ — „першая нацыянальная энцыклапедыя суверэннай дзяржавы“20. Мы разгледзелі тлумачэнне беларускімі спецыялістамі некаторых тэрмінаў, вельмі важных для іудаікі — „гебраістыка“, „Ізраіль“, „Іерусалім“, „іўрыт“, „сіянізм“21.

У выніку намі зроблена выснова, што артыкулы напісаны на нізкім узроўні і складаюцца з шэрагу фактычных памылак, спыняцца на якіх не ёсць задача дадзенай працы. Варта адзначыць, што артыкул „Іўрыт“ у 7 т. „Беларускай энцыклапедыі“ — амаль літаральны выклад такога ж артыкула з „Беларускай савецкай энцыклапедыі22, а артыкул „Гебраістыка“ Эмануіла Іофе скарочана, але тымі ж сказамі перадае аднайменны артыкул „Краткой еврейской энциклопедии»23.

Паказчык развіцця той ці іншай навуковай дысцыпліны — напісанне дысертацыйных даследаванняў. За дзевяць гадоў развіцця іудаікі ў Беларусі было абаронена восем дысертацый. Першай стала праца Ігара Яцкевіча „Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1995). Потым з’явіліся даследаванні І. Герасімавай „Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия“ (Бел. дзярж. пед. ун–т імя Максіма Танка, 1996), Іны Соркінай (Гарадзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1998), Яўгена Разэнблата (Ін–т гісторыі НАН Беларусі, 1999), Вольгі Сабалеўскай (Гара­дзенскі дзярж. ун–т імя Янкі Купалы, 1999), Юліі Функ (Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, 1999), Змітра Шавялёва (Бел. дзярж. ун–т, 2000) і Дзмітрыя Мазарчука (Бел. дзярж. ун–т, 2001)24.

Толькі ў дзвюх дысертацыях, якія належаць грама­дзянам арабскіх краінаў, зроблена спроба даследавання сучаснага Блізкага Ўсходу25. Працы падрыхтаваны на вельмі нізкім ўзроўні: аўтары паказваюць няведанне гістарыяграфіі праблемы, недакладна вызначаны храналагічныя рамкі даследаванняў, апісанне праблем вельмі спрошчана, сустракаюцца памылкі ў напісанні прозвішчаў.

Беларуская дзяржава павінна мець зацікаўленасць у развіцці яўрэйскіх даследаванняў, менавіта ў галінах беларуска–яўрэйскіх стасункаў і ізраілезнаўства. Даследаванні ў першай галіне дазволяць атрымаць вывады па правядзенні неабходнага кірунку ў міжнацыянальнай палітыцы, а даследаванні ў другой — граматна весці блізкаўсходнюю знешнюю палітыку. Нягледзячы на гэта, на жаль, дзяржава не дае аніякай падтрымкі ні першай галіне, ні апошняй. Так, у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з 1997 г. няма ніводнага (! ) спецыяліста, які валодаў бы мовай іўрыт. Усе працы беларускіх даследчыкаў вядуцца пры падтрымцы замежных навуковых установаў і дабрачынных фондаў.

Сістэмы ў выкладанні сучаснага іўрыта на Беларусі не існавала. Выкладанне на курсах іўрыта (ульпанах) падпарадкоўвалася Яўрэйскаму агенцтву Ізраіля і ізраільскай амбаса­дзе і скіроўвалася на авалоданне пачаткамі размоўнай мовы тымі, хто планаваў пераехаць у Ізраіль на пастаяннае жыхарства. За дзевяць гадоў былі дзве спробы арганізаваць выкладанне іўрыта для патрэб дзяржавы: на факультэце міжнародных адносін БДУ ў 1997—2001 г. і ў Міжнародным гуманітарным інстытуце, што быў заснаваны пры БДУ ў 2000 г. Але ж ніводны з трох выпускнікоў факультэта міжнародных адносін БДУ 2002 г., якія атэставаны па мове іўрыт і маюць узроўні валодання мовай ад „hэй“ да „вав“ універсітэцкага ульпана Ізраіля, не служаць у Міністэрстве замежных спраў, а ў Міжнародным гуманітарным інстытуце мова іўрыт не была вядучай дысцыплінай: на спецыяльнасці „сучасныя замежныя мовы“ іўрыт вывучаўся два гады па чатыры гадзіны ў тыдзень, на спецыяльнасці „культуралогія“ — пяць гадоў па дзве гадзіны ў тыдзень.

Адсутнасць у знешнепалітычным ведамстве спецыялістаў — знаўцаў Ізраіля адбіваецца на якасці інфармацыі (дакладныя запіскі і іншыя службовыя паперы, што накіроўваюцца з амбасадаў у Мінск): апрацоўваецца толькі інфармацыя з рускамоўных альбо англамоўных перыядычных выданняў, з–за чаго шэраг дэталяў, якія былі б даступны на іншых мовах, апускаецца26.

За дзевяць гадоў, з 1993 да 2002 г., беларускімі даследчыкамі было выдадзена толькі пяць прац па ізраілезнаўстве, дзве з якіх — у першым выпуску зборніка „Евреи Беларуси: История и культура“, а дзве апублікаваны ў Маскве ў зборніку „Ближний Восток и современность27.

Такі факт сведчыць, што праца беларускіх даследчыкаў вядома ў блізкім і далёкім замежжы. Грамадскасць знаёміцца з яе вынікамі з 1995 г. са старонак часопіса „Вестник Еврейского университета в Москве“ (потым — „Вестник Еврейского университета: История. Культура. Цивилизация“) — галоўнага навуковага выдання па іудаіцы ў СНД28.

На 2002 г. прыпалі сотыя ўгодкі Другога усерасійскага сіянісцкага з’езду ў Мінску, што меў вялікае значэнне для развіцця ўсяго сіянісцкага руху29. Да гэтай даты ўдалося пера­класці і зверыць частку спіса дэлегатаў з’езду. Сп. І. Герасімава таксама падрыхтавала спецыяльны нумар яўрэйскай газеты „Авив“, прысвечаны гэтай даце30. Значнай з’явай у іудаіцы таго ж года стала выданне матэрыялаў першай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Расіі „Российский сионизм: история и культура“, што адбылася ў кастрычніку 2001 г., з артыкуламі І. Герасімавай і З. Шавялёва31.

У 2002 г. у расійскім часопісе „Диаспоры“ быў надрукаваны артыкул сп. Вольфа Рубінчыка „Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии“, у якім зроблена спроба даць дэталёвы агляд становішча яўрэйскай аб­шчыны ў Беларусі ў 1999—2001 г.32, чаго ні беларускімі, ні замежнымі даследчыкамі яшчэ не рабілася.

Пэўны час у Беларусі вяла працу даследчыца з Францыі Клер Лё Фоль (С. Le Foll), вынікам чаго стала манаграфія „L’йcole artistique de Vitebsk (1897—1923): Йveil et rayonnement autour de Pen, Chagall et Malйvitch“ („Віцебская мастацкая школа (1897—1923 г.): Абуджэнне і бляск Пэна, Шагала і Малевіча“)33.

Такім чынам, існаванне даўніх традыцыяў у галіне яўрэйскіх даследаванняў дало моцны штуршок іх развіццю на Беларусі ў канцы 1990–х г. Актывізацыя навуковай працы па іудаіцы на абшарах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, звязана ў першую чаргу з дзейнасцю Цэнтра навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“, што з сярэдзіны 1990–х г. падтрымлівае вялікую частку праектаў беларускіх даследчыкаў. Спроба сканцэнтраваць іх сілы ўнутры краіны звязана з заснаваннем навуковага выдання „Евреи Беларуси. История и культура».

Праца беларускіх даследчыкаў вядома як у СНД, так і за межамі былога Савецкага Саюза: з 1995 г. іх работы друкуюцца ў вядучых расійскіх навуковых выданнях, яны з поспехам выступаюць на канферэнцыях і калёквіумах у Маскве, Санкт–Пецярбурзе, Рызе; на іх даследаванні з’явіліся водгукі ў навуковых выданнях далёкага замежжа.

Існаванне ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна базы гістарычных даследаванняў, падтрымка берасцейскіх вучоных замежнымі навуковымі ўстановамі і, у першую чаргу, самаадданая праца саміх даследчыкаў на працягу амаль дзесяці гадоў дазваляюць казаць пра складванне ў Берасці моцнага навуковага кірунку ў галіне іудаікі, асноўныя рысы якога: вывучэнне гісторыі Халакосту, дэталёвая верыфі­кацыя крыніц і сканцэнтраванасць даследаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

*Аўтар шчыра дзякуе Цэнтру навуковых работнікаў і выкладчыкаў іудаікі ў вышэйшых навучальных установах „Сэфэр“ за магчымасць удзелу ў праграме стажыроўкі Stephanie and Herb Neuman Fellowship 2001 г., у час якой быў пачаты збор матэрыялаў па гэтай тэме.

 

1 Пра гэта распавядаецца выключна ў трох працах: Greenbaum A. A. Jewish scholarship and scholarly institutions in Soviet Russia. 1918—1953. Jerusalem, 1978. Рускі пераклад гл. у зборніку „Евреи в России. Историографические очерки: 2–я половина ХIХ века — ХХ век“ (Москва—Иерусалим, 1994). Гл. таксама: Токараў М. Вывучэнне культуры і гісторыі яўрэяў у Беларускай Акадэміі навук // Бела­русі­ка= Albaruthenica: Кн.4. Мінск, 1995. С. 133—136; Герасимова И. К истории еврейского отдела Института белорусской культуры (Инбелкульта) и еврейского сектора Белорусской Академии Наук в 20—30–х годах // Вестник еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим, 1996. № 2 (12). С.144—167. Яўрэйскім сектарам Беларускай Акадэміі навук выдаваўся на мове ідыш навуковы зборнік „Часопіс для дасьледваньня яўрэйскай гісторыі, дэмаграфіі і эканомікі, літаратуры, мовы і этнаграфіі“ („Цайтшрифт фар идишэр гэшихтэ, дэмографіэ, ун экономик, литэратур, форшунг, шпрахвисншафт ун этнографиэ“). Том 1. Менск, 1926; Том 2—3. Менск, 1928; Том 4. Менск, 1930; Том 5. Менск, 1931.

2 Гл.: Ботвинник М. Н. М. Никольский. Минск, 1967.

3 Гл.: Ботвинник М. Г. М. Лившиц: Историографический очерк / Под ред. В. А. Федосика. Минск, 1994.

4 Розенблат Е. С. „Жизнь и судьба“ брестской еврейской общины ХIV—ХХ вв. Брест, 1993.

5 Гл.: Исследователи истории и культуры евреев Восточной Европы / О–во „Еврейское наследие“. Москва, 1996; Иудаика в странах СНГ и Балтии (справочник) / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет в Иерусалиме). Москва, 1999.

6 Выходзяць матэрыялы штогадовых міжнародных міждысцыплінарных канферэнцый па іудаіцы, іншых канферэнцый, якія праводзяцца Цэнтрам „Сэфэр“. Гл., напрыклад: Материалы Девятой Ежегодной Международной Междисциплинарной конференции по иудаике / Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“; Международный Центр университетского преподавания еврейской цивилизации (Еврейский университет, Иерусалим); Институт славяноведения РАН. Москва, 2002. Ч. 1—2 (Академическая серия. Вып.10).

7 Гл. буклет: „Sefer“ Mentoring Program / The Moscow Center for Uni­versity Teaching of Jewish Civilization Sefer. [2002?].

8 Матэрыялы першай апублікаваны: Беларусіка=Albaruthenica: Кн.4: [Матэрыялы канферэнцый: „Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з іншымі культурамі (май 1994 г., Мінск)“; „Вацлаў Ластоўскі — выдатны дзеяч беларускага адраджэння (кастрычнік 1993 г., Наваполацк)“]. Мінск, 1995. Трэба таксама ўзгадаць навуковы калёквіум, прысвечаны 140–годдзю з дня нараджэння Ш. Дубнова, т.зв. Дубноўскія чытанні (кастрычнік 2000 г.), якія павінны былі стаць штогадовымі, але, на жаль, такімі не зрабіліся. Гл.: Дубновские чтения: Материалы 1–й Международной научной конференции „Наследие Семена Дубнова и изучение истории евреев в странах СНГ и Балтии“, посвященной 140–летию со дня рождения ученого (г. Могилев, 17—19 октября 2000 г.): Сб. ст. / Союз белорусских еврейских общественных объединений и общин; Научно–просветительский центр С. Дубнова. Минск, 2001.

9 Яўген Анатолевіч Кімель, які памёр у 2000 г., стаяў ля вытокаў беларускай іудаікі. На працягу чатырох гадоў сп. Кімель быў членам рэдакцыйнай рады зборніка „Евреи Беларуси. История и культура“. Выдатны філолаг, вучань М. Бахціна. Выпускнік Вышэйшых курсаў іудаікі Інстытута краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава, сваёй працай ён садзейнічаў развіццю акадэмічнай іудаікі на Беларусі, а таксама прымаў удзел у выданні беларускага часопіса татараў–мусульман „Байрам“, вывучаў матэрыялы па гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Ніжэй пералічаны асноўныя працы сп. Кімеля: Кімель Я. Яўрэйскае гарад­ское насельніцтва Беларусі ў 1897—1926 г. // Беларусіка=­Alba­ruthenica. Кн. 4. С.89—92; Ён жа. Становление источниковедения истории евреев Беларуси: Археографическое наследие проф. С. А. Бершадского // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 1. Минск, 1997. С.26—32; Ён жа. [Рэц. на:] Анищенко Е. К. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998 // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 3—4. Минск, 1998. С.311—317; Ён жа. Программа преподавания курса „Евреи Беларуси“ // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып. 5. Минск, 2000. С.315—318.

10 У 1997—2002 г. выйшла шэсць выпускаў зборніка. Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст. Вып. 1 / Ред. колл.: Герасимова И., Киммель Е., Рутман Г. Минск, 1997; Вып. 2. Минск, 1998; Вып. 3—4. Минск, 1998; Вып. 5. Минск, 2000; Вып. 6. Минск, 2001.

11 Гл.: Синило Г. В. Древние литературы Ближнего Востока и мир Танаха (Ветхого Завета): Учебное пособие для студентов филологических факультетов вузов. Минск, 1998.

12 Абрамова Е. Гебраизмы и идишизмы в белорусском языке // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 1. С. 96—102; Цыхун Г., Літвіноўская А. Лёс яўрэйскіх запазычанняў у беларускай мове // Белару­сіка=Albaruthenica. Кн.4. С. 212—217.

13 Двилянский А. Музыкальный еврейский фольклор Беларуси: Науч.–публ. исследование. Могилев, 1996.

14 Гл.: Анішчанка Я. К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гады) / Гуманітарна–эканамічны недзярж. ін–т; Пад рэд. У. А. Сосны. Мінск, 1998; Ён жа. Черта оседлости: (Белорусская синагога в царствование Екатерины II). Минск, 1998. Апошняя таксама выдадзена пры пад­трымцы АЯАРК.

15 Розенблат Е. С., Еленская И. Э. Пинские евреи 1939—1944 / Брест. гос. ун–т. Брест, 1997. 308 с.; Рэцэнзіі на гэтую працу гл.: Romanovsky D. The Jews in Pinsk: Sovietization, Then Holocaust: Review // „Jews in Eastern Europe“. Jerusalem, 2001 (fall). No.2 (45). P.73—78; Романовски Д. Йэhудэй Пинск ле–ор тэ’уд архиони ми–hа–шаним 1939—1943 // „Йад Ва–Шэм: ковэтс мекарим 29“. Йерушалайим, 2001. Ам. 117—141; Здановіч У. // БГА. Т.4 (1997). Сш.6—7. С.290—296; Альтман И. Пинские евреи в годы Холокоста: взгляд из Москвы // Евреи Беларуси. История и культура: Вып. 3—4. С. 277—279; Иоффе Э. Книга необычного жанра // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 284—285; Жумарь С. О книге „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ и некоторых проблемах изучения Холокоста в Белоруссии // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 286—295; Вабишевич А. Судьба пинских евреев времен Холокоста // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. 3—4. С. 296—300. Разэнблат і Яленская — найбольш вядомыя аўтары, хто даследуе праблемы Халакосту на Беларусі. Гл., напрыклад: Еленская И. Э. Документы немецко–фашист­ских оккупационных органов управления и учреждений как исторический источник: (По материалам Госархива Брестской области): Дис. ... канд. ист. наук (07.00.09) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941—1944 г.): Дис. ... канд. ист. наук (07.00.02) / НАН Беларуси. Ин–т истории. Минск, 1999.

16 Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 г. / Фонд АМОС для поддержки ученых и писателей, Всеобщего попечительского фонда им. Эвы Минскер де Вилар для поддержки ученых, писателей и художников репатриантов из СССР при Министерстве абсорбции, Фонд им. Йорана Шницера по изучению истории еврейского народа при Тель–Авивском университете. Тель–Авив, 2000. Рэцэнзіі на працу гл.: Рубінчык В. Яшчэ пра Галакост // Arche. 2000. №4. С.75—76; Шыбека З. // Кантакты і дыялогі. 2000. №10. С.43—44; Иоффе Э. // Нёман. 2001. №1. С.248—251; Ён жа. // „Авив“.  2001. №3 (март). C.20; Ён жа. // БГА. 2001. Т.8. Сш. 1—2 (14—15). С. 353—356; Розенблат Е., Еленская И. Новая книга о Холокосте // Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.6. С.238—252; Ботвинник М. Отрицательный отзыв — хорошая реклама для книги // „Авив“. 2001. №8 (август). С.10; Кантарович Б. Памятники трагической эпохи // „Мишпоха“. Витебск, 2000. №8. С.140. Параўн. рэцэнзіі сп. Іофе ў часопісах „Нёман“ і „Беларускі Гістарычны Агляд“.

17 Сабалеўская В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гара­дзенскіх яўрэяў. Гародня, 2000.

18 Бунд в Беларуси. 1897—1921: Документы и материалы / Сост. Э. М. Савицкий; Нац. Арх. Республики Беларусь, БелНИИ документоведения и арх. дела. Минск, 1997; „Нацистское золото“ из Беларуси: Документы и факты / Бел. респ. фонд „Взаимопонимание и примирение“. Минск, 1998; Judenfrei! Свободно от евреев! История минского гетто в документах / Сост. Р. А. Черноглазова. Минск, 1999.

19 История Холокоста на территории Беларуси: Библиографический указатель / Научно–просветительский центр истории евреев Беларуси и Холокоста им. С. Дубнова; Еврейский общинный центр (г. Минск), Американский еврейский объед. распределит. комитет. Сост.: И. П. Герасимова, С. М. Паперная. Витебск, 2001.

20 Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.1. Мінск, 1996. С.5 (далей БелЭН).

21 Гл.: Іофэ Э. Р. Гебраістыка // БелЭН. Т. 5. Мінск, 1997. С.129; Афнагель І. Я., Кошалеў У. С., Лянькевіч Р. Ч., Сініла Г. В., Шунейка Я. Ф. Ізраіль // БелЭН. Т.7. Мінск, 1998. С.181—188; Мазоўка Н. К., Шунейка Я. Ф. Іерусалім // БелЭН. Т.7. С. 171—172; Іўрыт // БелЭН. Т. 7. С.368; Боўш В. І. Сіянізм // БелЭН. Т.14. Мінск, 2002. С.429. Крыху адрозні­ваецца ад усіх толькі артыкул сп.  М. Рыбко „Сіянізм“, падрыхтаваны для „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“: Рыбко М. Сіянізм // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.6. Кн.1. Мінск, 2001. С.304—306.

22 Гл.: Іўрыт // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т.5. Мінск, 1972. С.183.

23 Параўн.: Гебраистика // Краткая еврейская энциклопедия / Общество по исследованию еврейских общин. Гл.ред.: И. Орен (Надель), М. Занд. Т.2. Иерусалим, 1982. Кол. 46—57.

24 Гл.: Яцкевич И. Г. Агитационная и пропагандистская деятельность Бунда в Беларуси в 1907 — первой половине 1914 года: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1995; Герасимова И. П. Еврейское образование в Белоруссии в ХIХ — начале ХХ вв. и отношение к нему российского самодержавия: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Бел. гос. пед. ун–т им. Максима Танка. Минск, 1996; Соркіна І. В. Роля мястэчак у сацыяльна–эканамічным і культурным развіцці Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў: Аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук: 07.00.02 / НАН Беларусі. Ін–т гісторыі. Мінск, 1998; Розенблат Е. С. Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларуси (1941––1944 г.): Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.02 / НАН Беларуси. Ин–т истории. Мінск, 1999; Сабалеўская В. А. Яўрэі Беларусі ў канцы ХVIII — першай палове ХIХ стагоддзя: лад жыцця і культура: Аўтарэф. дыс. … канд. культуралагічных навук: 24.00.02 / Гродзен. дзярж. ун–т ім. Янкі Купалы. Гродна, 1999; Функ Ю. В. Еврейская благотворительность в Беларуси в ХIХ — начале ХХ в. и источники ее исследования: Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.09. / Бел. НИИ документоведения и архивного дела. Минск, 1999; Шевелёв Д. Л. Генезис палестинской проблемы, 1882—1917 г.: Дис. …канд. ист. наук: 07.00.05. / Бел. гос. ун–т. Минск, 2000; Мазарчук Д. В. Религиозно–политические движения в Иудее персидского периода: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.03 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.

25 Хиджаз Раухи Мохаммад Абдул Хак. Динамика палестино–израиль­ского конфликта и пути его урегулирования: Автореф. дисс. … канд. социол. наук: 22.00.04 / НАН Беларуси. Ин–т социологии. Минск, 1998; Аль–Катаунех Ахмад Гани. Роль Иордании в становлении и развитии мирного процесса на Ближнем Востоке в 90–е годы: Автореф. дисс. … канд. ист. наук: 07.00.15 / Бел. гос. ун–т. Минск, 2001.

26 Пра гэты факт сведчыць дакумент, што з’явіўся ў выданні „Вестник Министерства иностранных дел“ у 2001 г. — агляд дзейнасці беларускай амбасады ў Ізраілі, падрыхтаваны яе супрацоўнікамі (Вестник Министерства иностранных дел. Минск, 2001. №2. С.130—135). У аглядзе сустракаецца шэраг фактычных памылак і недакладнасцяў.

27 Гл.: Евреи Беларуси. История и культура: Сб.ст.: Вып.1. С.83–89; С.90—95; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.14. Москва, 2002. С.275—298; Ближний Восток и современность: Сб.ст.: Вып.15. Москва, 2002. С.229—238. Гл. таксама: Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2000. №1. С.82—86.

28 Гл.: Холокост на территории Пинщины. 1941—1944 г. // Вестник Еврейского университета в Москве. Москва—Иерусалим. 1995. №2 (9). С.114—118.

29 Пра другі ўсерасійскі з’езд сіяністаў 1902 г. гл.: Штейн И. А. Всероссийский съезд сионистов в Минске: Отчет. Елисаветград, 1902 (Сионистское образование; №6). Гл. таксама: Герасимова И. П. Первая конференция сионистов в России: Минск, 1902 год. Люди. События. Взгляд через 100 лет // Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции. Москва, 2002. С.87—110.

30 „Авив“. Минск, 2002.  №11 (80).

31 Российский сионизм: история и культура: Материалы научной конференции / Еврейское агентство в России; Центр научных работников и преподавателей иудаики в вузах „Сэфер“. Москва, 2002.

32 Рубинчик  В. П. Критические заметки о „еврейской жизни“ в постсоветской Белоруссии // Диаспоры. Москва, 2002. №4. С.53–86.

33 Le Foll C. Lécole artistique de Vitebsk (18971923): Éveil et rayon­nement autour de Pen, Chagall et Malévitch / Préfacé par Suzanne Pour­chier et Yves Plasseraud.  LHarmattan, 2002.  280 p.  (Collection Biélorussie).Рэц.: Шишанов В. Пэновский „сват“ сосватал еврейское, русское и белорусское искусство // „Мишпоха“. Витебск, 2002. Вып. 12. С. 141—142.

 

змест