ПУШКІН, ІГАР А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30–я гады ХХ ст.): дакументы і матэрыялы. Магілёў, 2003. 140 с.

Мой калега гісторык і музейны працаўнік Ігар Пушкін выдаў вельмі важную для беларускай гістарычнай навукі кнігу. Ён упершыню выключна на архіўных дакументах пераканаўча  пацвердзіў наяўнасць масавага руху супраць савецкай улады ў 1920—1930–я г. ва Ўсходняй Беларусі. Гэта робіць гонар аўтару, бо антысавецкі супраціў у афіцыйнай гістарычнай навуцы Беларусі дагэтуль традыцыйна замоўчваецца. Першым з да­следчыкаў на паўстанцкі рух ва Ўсходняй Беларусі звярнуў увагу беларускі гісторык у эміграцыі Юрка Віцьбіч1. Замежны статус даследчыка, неда­статковая дакументальная абгрунтаванасць фактаў давалі падставы для недаверу.

Але цяпер мы маем 112 апублікаваных І.Пушкіным архіўных дакументаў, якія яскрава сведчаць — антысавецкі рух у памежных з Расіяй беларускіх землях сапраўды быў і працягваўся амаль да пачатку II сусветнай вайны. Давер да такой важнай інфармацыі, якую пацвердзіў не толькі замежны, але і айчынны гісторык, істотна ўзрос. Публікацыя дакументаў зроблена прафесійна, з выкананнем усіх неабходных да яе патрабаванняў. Ва ўступным аўтарскім раздзеле даецца ўяўленне аб гістарычным перыядзе, адлюстраваным у дакументах, сутнасці ўзброенага супраціву, яго гістарыяграфіі. Тут жа апісваюцца архіўныя фонды, адкуль быў узяты дакументальны матэрыял, а таксама прыводзіцца кароткі аналіз дакументаў. Цяжка ўявіць, але ў канцы 1919 — пачатку 1920 г., калі вялася савецка–польская вайна, толькі ў Гомельскай губерні „вылоўліванню“ падлягалі больш за 170 тыс. дэзерціраў, якія адмаўляліся ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію. 

Існуе меркаванне, што крыніцы аб антысавецкіх выступленнях вельмі засакрэчаныя і з’яўляюцца недаступнымі для гісторыкаў. Як жа аўтару ўдалося здабыць такія рэдкія дакументы? Дзіўна, але  яму не давялося абіваць парогі чыноўнікаў КДБ, каб прарвацца ў іх ведамасны архіў. Такія дакументы, аказваецца, можна знайсці і ў звычайных дзяржаўных абласных архівах. У дадзеным выпадку амаль ўсе апублікаваныя ў кнізе крыніцы былі выяўлены ў дзяржаўных архівах Віцеб­скай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Так што дапытлівасць даследчыка з Магілёва можа служыць добрым прыкладам для іншых.

Другое пытанне, якое ўзнікае, калі прачытваеш тытул кнігі, — чаму Ўсходняя Беларусь?  На гэтае пытанне ў значнай ступені дае адказ сам аўтар ва ўступным раздзеле. Усходнія беларускія землі да сярэдзіны 1920–х г. знаходзіліся ў складзе РСФСР. Яны не трапілі пад нямецкую і польскую акупацыю. Усходнія беларусы добра зведалі, што такое савецкая ўлада з яе „харчразвёрсткай“, прымусовай мабілізацыяй, свавольствам „камісараў“. Вось чаму беларуская вёска гэтага рэгіёну прыкладала максімум намаганняў, каб пазбавіцца ад такой улады. І барацьба тут была не толькі жорсткай і працяглай, але  і мела, дадам ад сябе, больш яскрава выяўлены народны характар, чым у цэнтры і на захадзе Беларусі. Жыхароў цэнтральна–заходніх рэгіёнаў мінула савецкае ліха часоў „ваеннага камунізму“, бо якраз тады яны знаходзіліся пад нямецкай і польскай акупацыяй. І гэтая акупацыя, відаць, была больш цярпімай для беларускіх сялян, чым савецкая. Калі на заходніх межах БССР антысавецкі рух перыядычна падсілкоў­ваўся з Польшчы, то на беларуска–расійскім памежжы ён ўзрастаў на народным пратэсце, гэта значыць, уяўляў сабой зусім натуральную з’яву. Вось гэтую зусім натуральную і адметную ў найноўшай беларускай гісторыі з’яву, якая набыла агульнанацыянальнае значэнне, і адлюстраваў у сваёй кнізе І.Пушкін.

І нарэшце, што хацелі бачыць жыхары Ўсходняй Беларусі замест савецкай улады? Абапіраючыся на дакументы, аўтар паказвае неаднароднасць антысавецкага руху. Адны змагаліся за рэстаўрацыю царскай Расіі, іншыя — за дэмакратычную Расію, што ўзнікла пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., многія імкнуліся да таго, каб Беларусь была незалежнай, нацыянальнай дзяржавай,  шмат хто ваяваў па прынцыпе — лепей любая ўлада, толькі не савецкая. Таму антысавецкі рух не быў тоесным нацыянальна–вызваленчаму руху, як часам можа падацца, калі вывучаеш кнігу Юркі Віцьбіча. Хочацца яшчэ раз звярнуць увагу на існаванне на беларускіх землях агульнарасійскай плыні антысавецкай барацьбы. Насельніцтва Беларусі выяўляла салідарнасць са сваімі ўсходнімі суседзямі ў змаганні за Расію без бальшавікоў. І ў гэтым была яшчэ адна адметная рыса антысавецкага супраціву на ўсходзе Беларусі ў параўнанні з яе захадам.

Усё сказанае дае падставу сцвярджаць, што кніга І.Пушкіна з’яўляецца не лакальным, а тым больш не краязнаўчым творам, а сур’ёзным даследаваннем агульнабеларускага маштабу. Шкада, што яе наклад толькі 30 асобнікаў. Хочацца спадзявацца, што надыдзе час, калі яна будзе перавыдадзена належным тыражом.

Мінск                                                                   Захар Шыбека

 

1 Юрка Віцьбіч (Юрый Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і пар­тызан­ская барацьба на Беларусі. Нью–Ёрк: БІНіМ, 1996. 396 с.

 

 

змест