АНТОН ЛУЦКЕВІЧ. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. Укладанне, прадмова, каментар, анатаваны індэкс імёнаў АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. 287 с.

Ідэолаг, палітык–практык, нацыянальны асветнік — гэтая буйная фігура гісторыі Беларусі пасля працяглага забыцця, прапагандысцкага шальмавання як «буржуазнага нацыяналіста», нават «нацыянал–фашыста» (выкрывальных інвектыў не пералічыць) вернута ў грамадзянскае і творчае жыццё Беларусі. Узрастае ўвага да імёнаў Луцкевічаў з боку гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, іншых рупліўцаў новага кірунку ў беларускай гуманістыцы — луцкевічазнаўства. Антону Луцкевічу адведзены спецыяльны раздзел у найноўшым 4–тамовым акадэмічным выданні па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.1 Несумненным унёскам у гэты кірунак з’яўляецца і ўступны (не ва ўсім бясспрэчны, пра што ніжэй) артыкул укла­дальніка рэцэнзаванага выдання Анатоля Сідарэвіча «Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху». У ім дэтальна разгледжана і роля Луцкевіча ў беларускім руху, і асвятленне гэтай праблемы ім самім у сваіх працах. Вышэй усялякай пахвалы вывераны каментар і анатаваны паказнік імёнаў, якія істотна дапаўняюць і ўзбагачаюць змест кнігі.

Сам збор твораў А.Луцкевіча пачынаецца артыкулам «Беларусы» («Формы национальных движений в современном мире», С.–Петербург, 1909) — напэўна, першай у легальным расійскім друку спробай канцэптуальнага асэнсавання гістарычна–этніч­най своеасаблівасці народа, характару беларускага руху ў яго палітычнай і культурна–асветніцкай праявах, такіх як дзейнасць БСГ, газет «Наша Доля», «Наша Ніва», выдавецкіх таварыстваў, моладзевых гурткоў; імкненне да змякчэння асі­міляцыйнага ціску на беларусаў казённай школы, царкоўных (праваслаўных і каталіцкіх) інстытуцый, інакш кажучы, двух фактараў, што супрацьдзейнічаюць нацыянальнаму адра­джэнню — «штучнай русіфікацыі і паланізацыі» (40). У тым жа артыкуле падаецца накід «палітычнага ідэалу» вызваленчага руху, які абумоўлены задачай нацыянальнага самавызначэння Беларусі, пачаткова ў форме «мясцовага сойму ў суадносінах з агульнарасійскім парламентам» (37).

Стрыжнёвая ідэя самавызначэння, узбагачаная практыкай наступных гадоў, развітая ў іншых працах, пададзеных у кнізе: «На дарозе да новага жыцця» (1912), «Наш шлях» (1913), «Краёвае становішча» (1914), «Эканамічная эвалюцыя» (1917), нарэшце, «Палітычныя лёзунгі беларускага руху» (1920). У апошняй з пералічаных публікацый прасочана эвалюцыя нацыянальнай палітычный думкі і практыкі ў драматычным супрацьстаянні расійска–самадзяржаўнаму, ліберальнаму (Часоваму ўраду Керанскага), а таксама бальшавіцкаму цэнтралізму, дадзены скончаны выклад незалежніцкага ідэалу, які ўвасобіўся ў абвяшчэнні БНР, што цяпер успрымаецца намі не толькі як найбуйнейшы факт, але дзейсны фактар найноўшай гісторыі Беларусі: «Акт 25 сакавіка 1918 года — гэта найбольш яркае і поўнае ўвасабленне беларускай палі­тычнай думкі, што прайшла за пятнаццаць год усе этапы развіцця. Гэта — апошняе слова беларускай ідэалогіі, штандар, пад якім ідзе беларускі народ да заваявання сапраўднай свабоды. Далейшая палітычная праца беларусаў — гэта ўжо праца па рэалізацыі незалежніцкага ідэалу. Ці здзейсніцца гэты ідэал і ў якой ступені, ці складзе Беларусь цалкам незалежную дзяржаўную адзінку або будзе звязана федэратыўным саюзам з сваімі суседзямі і ў сваёй палітычнай арыентацыі пойдзе на Ўсход або на Захад, да Балтыйскага або Чорнага мора — гэта пытанні, якія могуць быць развязаныя толькі самім жыццём, у залежнасці ад унутранай сілы беларускага народа і агульнай палітычнай кан’юктуры на Ўсходзе Еўропы» (86).

У кнізе дамінуе «ўсходні», а дакладней расійскі, фактар знешняга кантэксту самавызначальных высілкаў Беларусі. Між тым не менш адчувальны і «заходні», польскі фактар, таксама адлюстраваны ў палітычнай спадчыне аўтара. Узгадаем хоць бы яго брашуру (не ўвайшла ў дадзены зборнік), выда­дзеную па гарачых слядах «вызвольнага» паходу начальніка Польшчы Юзафа Пілсудскага на «ўсходнія крэсы» ў 1919—20 г., у якой адлюстраваны жахлівыя факты яго акупацыйнай палітыкі2.

Закранутыя вышэй пытанні абагульнена пададзены Луцкевічам у нарысе–ўспаміне «За дваццаць гадоў» (1929), які быў напісаны ў час знаходжання за кратамі. У ім паказана панарама палітычнага (падрабязна выкладзены праграмныя ўстаноўкі і практыкі БСГ) і нацыянальна–культурнага руху ў першай чвэрці ХХ ст. (141—164). Ва ўспаміне адлюстраваны многія фігуранты вызваленчага працэсу — В.Іваноўскі, А.Бурбіс, Цётка (Э.Пашкевіч), А.Уласаў, Я.Лёсік, К.Езавітаў, В.Ластоўскі, Б.Тарашкевіч, А.Смоліч і, у прыватнасці, І.Луцкевіч як галоўны інспіратар і арганізатар многіх ключавых пачынанняў дзеячоў адраджэння. Яму, Луцкевічу–старэйшаму, згасламу ад сухотаў у няпоўныя сорак, прысвечана асобная публікацыя «Жыццё і праца Івана Луцкевіча» (1920, 87—101).

Шмат іншых фактаў, падзеяў, асобаў беларускай вызваленчай легенды адлюстравана ў нататках і артыкулах «25 марца 1918 г…» (1921), «Наша Ніва» (1926), «Роля моладзі ў пачатках адраджэнчага руху» (1927) і «Палітычны працэс Якуба Коласа…» (пра ўдзел будучага народнага паэта ў рэвалюцыйным руху беларускіх настаўнікаў у 1905—1906 г.). «Прысутнасць» Якуба Коласа ў зборніку адразу наводзіць на думку пра яшчэ адну, даволі значную і праніклівую працу Луцкевіча, прысвечаную магутнай, вяршыннай асобе беларускага творчага духу — «Янка Купала як прарок нацыянальнага адраджэння» (1932). Можна толькі шкадаваць пра адсутнасць у кнізе дадзенага артыкула. Тым больш, што ён годна замяніў бы ў зборніку асобныя, менш значныя тэксты, ніколькі не парушаючы, а наадворот узмацняючы, праясняючы агульную гістарычную канву беларускага вызваленчага руху.

У дзвюх іншых працах пададзены тэарэтычныя погляды аўтара па нацыянальным пытанні («Дэмакрацыя, пралетарыят і нацыянальнае пытанне» (1923), «Нацыянальнае пытанне і пралетарыят» (1924), у якіх выказана салідарнасць з вядомым выказваннем Ф.Энгельса (ліст да К.Каўцкага ад 7 лютага 1882 г.) пра незаменнае значэнне нацыянальных рухаў для міжнароднай лучнасці пралетарыяту, магчымай «толькі паміж незалежнымі нацыямі» (117).

У кнізе прадстаўлена галоўным чынам палітычная частка творчасці А.Луцкевіча, якая адлюстравала, у той ці іншай ступені, і іншыя гістарычна–культурныя, літаратурныя, школьна–адукацыйныя і рэлігійныя аспекты беларускага руху.

Давяршаюць выданне паказанні Луцкевіча, якія былі за­пісаныя пры яго допытах у вязніцы НКУС (кастрычнік, лістапад 1939). Па сутнасці — гэта суровая, мужная справаздача–споведзь за пройдзены шматгадовы драматычны шлях чалавека, які застаўся паслядоўны ў служэнні ідэі, радзіме і народу. Абвінавачванні ў контррэвалюцыйнасці, у супрацоўніцтве з польскай разведкай падследны, наколькі было ў яго магчымасцях, рашуча і адназначна адхіліў (237—238). Нікога пры гэтым, як адзначана ў прадмове, не абгаварыў і не «заклаў».

Грунтоўнасці ўводнага артыкула і каментарам складальні­ка кнігі належнае ўжо аддадзена. Тым не менш, некаторыя праўкі і ўдакладненні напрошваюцца самі па сабе.

Так, канферэнцыя сацыялістычных рэвалюцыйных пар­тый расійскай дзяржавы з удзелам прадстаўнікоў БСГ (І.Луцкевіча) праходзіла ў Фінляндыі не ў 1907 г. (258, спасылка 34), а на пачатку 1905 г. На ёй, паміж іншага, у сумеснай дэкларацыі Польскай сацыялістычнай партыі і БСГ абвяшчалася неабходнасць «выдзялення тэрыторыі гістарычнай Літвы (Літвы і Беларусі) разам з усімі нацыянальнасцямі, што яе насяляюць, у асобны палітычны арганізм»3. Ці не быў гэта першы, зафіксаваны ў друку, сігнал «самавызначэння» Беларусі?

Даволі сумніўна, на наш погляд, «набілітаванне» А.Луцкевіча ў разрад марксістаў, хай і артадаксальных (19, 21). Далёка не ўпэўнены, што з гэтым пагадзіўся б аўтар пададзеных «Твораў», а тым больш стваральнікі «Камуністычнага маніфеста» або «Дзяржавы і рэвалюцыі». Маючы на ўвазе стрыжнёвае ў марксізме рабочае, «пралетарскае» пытанне ў яго сусветна–місійнай пастаноўцы, у якой пытанню нацыянальнаму (для Луцкевіча, Луцкевічаў, іх паплечнікаў — першаснаму, вызначальнаму над усімі іншымі) адводзілася, у лепшым выпадку, роля дапаможная (Маркс, Энгельс), у горшым — вы­ключна інструментальная, тактычная (Ленін, бальшавізм), што абярнулася на практыцы звыклым валюнтарызмам і авантурызмам у нацыянальнай палітыцы. М.Гарэцкі, удумлівы аналітык не толькі літаратурнага, але ў значнай ступені ўсяго гістарычна–сацыяльнага працэсу ў Беларусі, пэўна, не вельмі памыляўся, называючы А.Луцкевіча «нацыянальным рэвалюцыянерам»4. Наўрад ці можна пагадзіцца з тым, што рэвалюцыйная сутнасць Луцкевічаў (палітычна–ідэалагічная «злітнасць» абодвух братоў — вядомая аксіёма) абумоўлена карэнным нацыянальна–вызваленчым інтарэсам беларускага народа, задачай аднаўлення (адраджэння) ім уласнай дэма­кратычнай дзяржавы і не мела нічога агульнага з разбуральнай, «барыкаднай» ідэало­гіяй, якая, мімікруючы пад марксізм, доўгія дзесяцігоддзі панавала над лёсам Беларусі і не яе адной. Наступствы вядомыя. Праўда, у іншым месцы (26, падрадкоўнік) і А.Сідарэвіч, нясмела, але справядліва падымае пытанне пра нацыянальную рэвалюцыю ў прымяненні да беларускага руху, нахіляючы сучасных гісторыкаў да асэнсавання дадзенай праблемы. Гэтаму, дадамо ад сябе, немалыя падставы дае найноўшы корпус крыніцазнаўчых  публікацый — «Архівы БНР» (Т. 1. Кн.1—2), тамы «Беларускай думкі», «Беларускі хрысціянскі рух ХХ стагоддзя», «Слуцкі збройны чын 1920», выпускі «Знешняя палітыка Беларусі» і г.д.

Не бачым падстаў падазраваць А.Луцкевіча ў магчымым антысемітызме з–за выкарыстання слова «жыд» у артыкулах «Аб жыдох». «Жыдоўскае пытанне ў нашым пісьменстве» і інш. (21, падрадкоўнік). Дадзены сінонім здаўна замацаваўся ў беларускай пісьмовай (гл. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т.10. С.28—29) і гутарковай лексіцы, як і ў іншых славянскіх мовах. Ён не нясе негатыўна–ацэначнага сэнсу. Да таго ж фактычны змест названых і іншых артыкулаў аўтара (які карыстаўся дасавецкімі граматычнымі нормамі беларускай мовы) паслядоўна вытрыманы ў духу ўзаемнай сімпатыі і салідарнасці беларускага і яўрэйскага народаў у агульным вызваленчым працэсе. Варта ўзяць пад увагу і асабісты момант у біяграфіі А.Луцкевіча, які пабраўся шлюбам ў 1919 г. з яўрэйскай дзяўчынай Соф’яй Абрамовіч, выхаванкай Сарбоны, доктарам–педыятрам, якая трагічна загінула праз дзесяць гадоў. У сужэнцаў было два сыны — Юры і Лявон. Лявон Луцкевіч (памёр у 1997 г.) з годнасцю працягваў справу бацькі ў якасці аднаго з лідэраў беларускай дыяспары ў Літве. Ён быў аўтарам гістарычна–краязнаўчых нарысаў пра памятныя беларускія месціны ў Вільні5 — гэтага старажытнага балта–славянскага горада. У ваколіцах «беларускіх Афін», на мемарыяльных могілках Росы, у пачатку 90–х гадоў ХХ ст. быў усталяваны сімвалічны помнік Антону і Івану Луцкевічам.

Увогуле творчы фармат Антона Луцкевіча даволі абсяжны, і партыйна–палітычныя крытэрыі асэнсавання даюць толькі частковае, далёка не поўнае ўяўленне пра гэтую неардынарную постаць. Як і пра нашаніўскую, вырашальную для нацыянальнага абуджэння эпоху, у якой яму давялося тварыць, адказаўшы на выклік Гісторыі да тутэйшага люду забранай краіны («А хто там ідзе?...») ясна, неабвержна: «Беларусы». Іншая справа, што хада беларуская Адвечным Шляхам пакуль не набыла патрэбнага паскарэння, хоць яе імклівае скіраванасці ўжо нікому не спыніць. У гэтай выснове і тоіцца, мабыць, асноўны аптымістычны ўрок трагічнага лёсу выбітнага Беларуса.   

Вяртаючыся да кнігі, падкрэслім галоўнае — нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі ўзбагацілася відавочным гістарыяграфічным набыткам, з чым яе прыхільнікаў застаецца толькі павіншаваць.

Масква                                                                Аляксей Каўка

1 Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т.1. 1901—1927. Мінск, 1999. С.447—462.

2 Луцкевіч А. Польская акупацыя Беларусі. Вільня, 1920 (рэпрынт, Менск, 1992).

3 Przedświt. 1905. № 4—5. S. 176.

4 Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Очерк современной белорусской литературы 1905—1928. Минск, 1928. С.354.

5 Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

 

 

змест