«Малапрыстасаваныя» рэкамендацыі ці малападрыхтаваныя рэцэнзенты?*

Аляксандр Груша

Пад час знаёмства з рэцэнзіяй супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей — НГАБ) А. М. Латушкіна і З. Л. Яцкевіча1 на «Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кірылічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага»2 (далей — «МР») міжволі ўзнікае некалькі пытанняў: няўжо ў тэксце амаль на 170 старонак, які размеркаваны на больш чым 1000 артыкулаў, няма ніводнай карыснай і кампетэнтнай рэкамендацыі; як атрымалася, што такому «малападрыхтаванаму» аўтару, якім з’яўляецца А. І. Груша, даручылі такую складаную (як адзначаюць рэцэнзенты, «вартую намаганняў цэлага аддзела ці нават інстытута») і адказную працу; нарэшце, куды глядзела рэдкалегія на чале з навуковым рэдактарам, вядомым расійскім археографам Г.Харашкевіч? Але, быць мо­жа, «МР» з’яўляюцца «малапрыстасаванымі» не для ўсіх пуб­лікатараў; быць можа, прычына не ў кваліфікацыі аўтара «МР», а рэдкалегія даволі паспяхова справілася са сваімі задачамі? Давайце разбярэмся.

Звяртае на сабе ўвагу, што крытыка рэцэнзентаў скіравана на вузкае кола праблем. Заўвагі прысвечаны ў асноўным ігнараванню папярэдніх прац, выкарыстанню некалькіх «новых» і «незразумелых» тэрмінаў (як потым высветліцца, новыя і незразумелыя яны толькі для Латушкіна і Яцкевіча) і некаторым агульным крытэрыям стварэння публікатарскіх загалоўкаў. Між тым, гэта не перашкодзіла рэцэнзентам прыйсці да заключэння аб поўнай непрыгоднасці «МР». А як жа тэкст, якому археографы надаюць асаблівае значэнне (у «МР» яму прысвечаны артыкулы 22—251)? Як жа навукова–даведачны апарат (артыкулы 838—998) і г. д.? Няўжо ўсё гэта дробязь у параўнанні са згаданымі праблемамі? Праўда, у адным месцы Латушкін і Яцкевіч паспрабавалі звязаць праблему перадачы тэксту з яго перакладам на сучасную мову. Больш за тое, яны далі зразумець, што пераклад — ледзь не самы дакладны і зручны «тэкст» крыніцы (с. 311). Я не буду ўдавацца ў тонкасці і разважаць на прадмет таго, які тэкст з’яўляецца больш «дакладным» і «зручным» і, наогул, што ўсё ж такі можна назваць тэкстам крыніцы: яго ўласны тэкст ці пераклад, г. зн. вынік творчасці перакладчыка. Адзначу толькі, што па маім (і не толькі маім) глыбокім перакананні, самым дакладным тэкстам можа быць толькі тэкст крыніцы. З другога боку, пра які пераклад ідзе гаворка: са старабеларускай мовы на беларускую? Не ведаю, як асобныя супрацоўнікі НГАБ, але прафесійныя даследчыкі ВКЛ і Беларусі (не толькі беларускія, але польскія, літоўскія і расійскія) такімі перакладамі не карыстаюцца. Быць можа, рэцэнзенты маюць на ўвазе дакументы, напісаныя на лацінскай, нямецкай, польскай і іншых мовах кірыліцай? Калі гэта так, то я б з вялікім задавальненнем па­знаёміўся з імі.

Прызнацца, я вельмі ўражаны заклікам рэцэнзентаў звяртацца пры распрацоўцы метадаў і прыёмаў выдання гістарычных крыніц да спадчыны такіх «знакамітых» археографаў, як І. І. Грыгаровіч, І. Я. Спрогіс, Дз. І. Даўгяла і іншых, да такіх зборнікаў дакументаў, як «Белоруский архив древних грамот», «Беларускі архіў», «Инвентари магнатских владений», публікацый асобных дакументаў у «Архіварыусе», «Беларускім археаграфічным штогодніку», хроніках «Памяць» і г. д. (с. 312). Я, канешне, мог ушанаваць згаданыя імёны і, такім чынам, выказаць павагу да дзейнасці І. Грыгаровіча, І. Спрогі­са, Дз. Даўгялы і інш. Але прызнаюся сумленна, я не выкарыстоўваў іх метадычны вопыт. Я, безумоўна, спаслаўся б на іх, калі б развіццё археаграфіі спынілася на ўзроўні іх публікацый. Але якімі яны ні былі знакамітымі, методыка выдання гістарычных крыніц у XIX ст. — гэта ўчарашні дзень. Безна­дзейна састарэла і методыка публікацыі «Беларускага архіва» Дз. Даўгялы, які абапіраўся на вопыт, што быў набыты ім у дарэвалюцыйны перыяд навуковай дзейнасці. Не разумець гэтага — проста не быць знаёмымі з сучаснымі патрабаваннямі да навуковых выданняў. Што да публікацый асобных дакументаў у навукова–папулярных зборніках «Архіварыус» і хроніках «Памяць», то апошнія саступаюць нават публікацыям І. Грыгаровіча і Дз. Даўгялы. У гэтым сэнсе яны могуць быць пры­кладам таго, як нельга друкаваць крыніцы. Зрэшты, менавіта да спрошчанасці публікацый і заклікаюць Латушкін і Яцкевіч. Менавіта так трэба разумець адно з іх выказванняў: «...пры мэце найбольш хуткага і шырокага ўвядзення іх (г. зн. гістарычных крыніц. — А. Г.) у навуковы ўжытак павінна, натуральна, рабіць мэтазгодным максімальную спрошчанасць правіл публікацыі гэтых крыніц (падкрэслена мной. — А. Г.)». Праўда, як яны дадаюць, «безумоўна, без шкоды для іх да­кладнай археаграфічнай апрацоўкі» (с. 310—311). Выкажам меркаванне, што гаворка ідзе пра непарушнасць «крыніца­знаўчай паўнацэннасці»3 публікацыі. Калі маё меркаванне слушнае, то, відавочна, рэцэнзенты імкнуцца вырашыць невырашальную задачу. Максімальна спрасціць методыку выдання крыніцы і пры гэтым зрабіць яе публікацыю крыніца­знаўча паўнацэннай — гэта тое ж самае, што, напрыклад, Беларусі ўвайсці ў склад Расіі і пры гэтым захаваць поўны суверэнітэт і незалежнасць. Гэта абсалютна немагчыма.

Рэцэнзентам «кінулася ў вочы» ігнараванне «шматлікіх», як яны выказваюцца, падобных прац літоўскіх і польскіх да­следчыкаў (с. 311). Польскія працы па методыцы публікацыі гістарычных крыніц я не ігнарую (хоць інструкцый па выданні кірылічных крыніц у Польшчы і дасюль няма). Каб па­цвердзіць гэта, я раю прачытаць тэкст спасылак на с. 5 «МР». На літоўскія распрацоўкі я не мог даць спасылкі па той простай прычыне, што яны адсутнічаюць. Калі гаварыць пра вопыт выдання гістарычных крыніц у Літве, то самым вялікім дасягненнем літоўскіх вучоных у гэтай галіне з’яўляецца на сённяшні дзень публікацыя кніг Метрыкі ВКЛ. Аднак пры выданні кірылічных дакументаў Метрыкі літоўскія публікатары кіруюцца ў асноўным «Метадычнымі рэкамендацыямі» Г. Л. Харашкевіч і С. М. Каштанава4 (пра што самі абвяшчаюць). Трэба сказаць, што ў параўнанні са згаданымі «Метадычнымі рэкамендацыямі» ў плане методыкі літоўскія выданні Метрыкі ВКЛ амаль нічога не даюць. Па гэтай прычыне яны таксама не былі названы ў ліку тых, на якія я абапіраўся. Адзі­нае, што можна паставіць мне ў папрок, дык гэта замоўчванне імён С. Кутшэбы, У. Сямковіча і Я. Фіялэка, археаграфічным вопытам якіх я сапраўды карыстаўся. Іх зборнікі «Akta unji Polska z Litwą 1385—1791» (Wyd. S. Kutrzeba, W. Sem­ko­wicz. Kraków, 1932) і «Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi wileńskiej» (Wyd. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1948) змяшчаюць у асноўным лацінамоўныя акты. Аднак змест, структура, прыёмы складання і афармлення навуковага і навуковага–даведачнага апарату выданняў вартыя пераймання. Зрэшты, пра гэтыя публікацыі нічога не сказана і ў рэцэнзіі. Гэта — натуральна. Прапаведванне рэцэнзентамі максімальна спрошчанага метаду выдання гістарычных кры­ніц з названымі працамі зусім не ўвязваецца.

Наступную цытату рэцэнзентаў прывяду цалкам: «Най­вялік­шае здзіўленне выклікае назва падраздзела 3.2.2.5. „Апісанне і ідэнтыфікацыя вадзянога знака (вадзяных знакаў) паперы“ (с. 111). Справа ў тым, што аўтару, які любіць выкарыстоўваць столькі новых тэрмінаў, варта было б ведаць, што пасля міжнароднага кангрэса па гісторыі паперы, што адбыўся ў Оксфордзе яшчэ ў 1967 г., для выкарыстання ў навуковых доследах быў прыняты тэрмін „філігрань“. Тлумачыцца гэта тым, што вада не пакідае ніякага знака» (с. 316). Выкарыстанне слова «вялікі» ў найвышэйшай якаснай ступені сведчыць пра тое, што на гэтую заўвагу Латушкін і Яцкевіч рабілі асаблівую стаўку. Аднак, па–першае, кангрэс, які маецца на ўвазе, адбыўся не ў 1967 г., а ў 1961 г. Па–другое, гэта быў не міжнародны кангрэс па гісторыі паперы, а міжнародны кангрэс гісторыкаў паперы (International Association of Paper Historians) (у дадзеным выпадку розніца істотная). Па–трэцяе, лёсавызначальнага рашэння для тэрміна «вадзяны знак» ён не прымаў. Вось што сказана ў кнізе Э. Т. Лаўцявічуса «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.», якая і паслужыла для Латуш­кіна і Яцкевіча крыніцай інфармацыі пра названы кангрэс: «На Міжнародным кангрэсе гісторыкаў паперы (Inter­national Association of Paper Historians) у 1961 г. пры абмеркаванні праблем тэрміналогіі было пастаўленна пытанне аб выкарыстанні тэрміна „вадзяны знак. Некаторыя ўдзельнікі кангрэса тлумачылі: слова „знак можна прыняць, таму што на паперы сапраўды бачны знак, але паколькі ён пакідаецца не ад вады, а ад дроту, з якога сплецена фігура на дне чарпальнай формы, то яго лепей называць „драцяным знакам“ (Wiremark, Drahtzeichen)»5. Галасы асобных удзельні­каў кангрэса — гэта яшчэ не рашэнне ўсяго кангрэса. Да таго ж гаворка ішла аб замене тэрміна «вадзяны знак» не на «філігрань», а на «драцяны знак». Рэцэнзенты яўна пазбеглі б такой недарэчнай недакладнасці, калі б былі добра знаёмыя з сучаснай літаратурай па філіграналогіі. У ёй побач з тэрмінам «філі­грань» па–ранейшаму выкарыстоўваецца «вадзяны знак». Няма сэнсу прыводзіць усе працы, у якіх прысутнічае гэты тэрмін. Спашлемся толькі на некаторыя з іх, а менавіта тыя, што змешчаны ў зборніку «Філіграналагічныя даследаванні. Тэорыя, методыка, практыка» (Ленінград, 1990). Апошні адлюстраваў дасягненні і падвёў вынікі развіцця ўсёй савецкай філіграналогіі. Яго аснову склалі даклады і паведамленні Першай усесаюзнай нарады па філіграназнаўстве, якая адбылася ў траўні 1987 г. у Маскве. Аўтары зборніка — вядучыя савецкія (расійскія, украінскія і эстонскія) філігранолагі, археографы, палеографы, гісторыкі кнігі: С. О. Шмідт, Ю. В. Андрушайціце, А. А. Амосаў, Т. В. Дзіянава, Ы. П. Уттэр, Л. Р. Уттэр, Е. М. Шварц, Л. М. Касцюхіна, Б. М. Клос, Я. Л. Неміроўскі, Л. П. Жукоўская, А. А. Турылаў, А. Я. Мацюк і інш. Усе названыя вучоныя ўжываюць як тэрмін «філігрань», так і «вадзяны знак» («ВЗ»).

Каб не склалася ўражанне, што толькі савецкія гісторыкі карысталіся тэрмінам «вадзяны знак», прывядзем адно выказванне Т. Дзіянавай. Даследчыца палемізуе з Л. Жукоўскай, якая прапанавала пад тэрмінам «вадзяны знак» падразумяваць усе часткі папяровай формы, якія адбіваюцца на папя­ровым аркушы: вяржэры, панцюзо, філігрань, а тэр­мін «філігрань» выкарыстоўваць толькі ў дачыненні да сюжэтных і літарных знакаў. «Аб’ядноўваць паняццем „вадзяны знак“ вяржэры, панцюзо і сюжэтны знак, — піша Т. Дзіянава, — таксама не правамерна, паколькі гэта адвядзе археографаў ад практыкі і тэорыі рускай, савецкай і сусветнай філіграназнаўчай тэрміналогіі. Прагляд апошніх філіграназнаўчых прац — нямецкіх, балгарскіх і айчынных — паказаў, што пад тэрмінам вадзяны знак“ (Wasserzeichen) падразумяваецца эмблематычная частка з літарным суправаджэннем (падкрэслена мной. — А. Г.), а астатнія часткі дна папяровай формы, якія адбіваюцца ў паперы, па традыцыі называюцца вяржэрамі і панцюзо»6. Выдатны літоўскі філігранолаг Э. Лаўцявічус, спа­слаўшыся на існуючую ў Літве практыку, той знак на паперы, які бачны на святло, называў «вадзяным знакам», а драцяны ўзор, які ўплятаўся ў дно чарпальнай формы — «філі­гранню»7. Напэўна, такой жа пазіцыі трымаецца і аўтар найноўшага выдання «Асновы рускай палеа­графіі» І. В. Лёвачкін: «Вадзяны знак (філігрань) — бачная на прасвет выява на паперы, атрыманая з дапамогай драцяной сеткі...», «філі­грань — драцяная выява, якая замацоўваецца на сетцы для адліву папяро­вых аркушаў з мэтай атрымання вадзяных знакаў»8. Тэрмін «вадзяны знак» можна знайсці на старонках самых апош­ніх літоўскіх, польскіх і расійскіх археаграфічных выдан­няў9. Прысутнічае ён і ў сучасных польскіх і расійскіх навучальных дапаможніках10. Варта дадаць, што ў спецыялістаў–папернікаў асноўным тэрмінам з’яўляецца «вадзяны знак», але часам ўжываецца і «філігран» («філігрань»)11. Дарэчы, прыведзеная вышэй цытата з працы Т. Дзіянавай тлумачыць, чаму я нічога не гавару пра літары, якія суправаждаюць выявы вадзяных знакаў: гэта частка вадзянога знака.

Рэцэнзенты адзначаюць: «Цікавую, але незразумелую тэрміналогію прапаноўвае А. І. Груша пры атаясамленні (так у рэцэнзіі, трэба абазначэнні. — А. Г.) ступені блізкасці філі­грані з тымі, якія ёсць у альбомах: „падобны“, „вельмі падобны“, „блізкі“, „тоесны“. Цяжка вызначыць дакладную мяжу ў адрозненнях паміж імі (прыклады ўзяты А. І. Грушай з уводзінаў да кнігі Метрыкі ВКЛ 44, апублікаванай ім у 2001 г.); на наш погляд, ён дэманструе ў гэтым некампетэнтнасць. Напрыклад, філігрань, якую ён называе „Сякера“ — элемент герба „Окша“, а герб „Тапор“, які беларускія даследчыкі звычайна не перакладаюць, мае іншы выгляд» (с. 316—317). Са зместу рэцэнзіі немагчыма вызначыць, да чаго адносіцца мая некампетэнтнасць: да таго, што я выкарыстоўваю формулы «падобны», «вельмі падобны», «блізкі», «тоесны», ці называю «Сякеру» «Сякерай». Хутчэй за ўсё — і да таго, і да іншага. Мяжу адрознення паміж паняццямі «падобны», «вельмі падобны», «блізкі», «тоесны» я адзначаю — трэба быць больш уважлівым12. Праблема ж уніфікацыі тэрміналогіі для абазначэння ступені блізкасці філіграні да тых, што змешчаны ў даведніках (альбомах), даўно з’яўляецца адной з самых актуальных. «Адсутнасць сведчання ў працы пра тое, што аўтар выкарыстоўвае тую ці іншую сістэму тэрмінаў ці стварае сваю ўласную, адсутнасць тлумачэнняў, чаму не з’яўляюцца прымальнымі традыцыйныя тэрміны, часам заблытвае сутнасць праблемы»13. Праблема уніфікацыі тэрміналогіі ўжо мае сваю гістарыяграфію. Так, Ш. Брыке і В. М. Шчэпкін выкарыстоў­валі тры ступені параўнання: а) тоесныя знакі («varietes iden­tiques»), якія супадаюць контурамі; б) «сходные» («varietes similaires»), якія маюць адрозненні ў форме і памеры; в) «подобные» («varietes divergentes», «якія адхіляюцца»), калі падабенства назіраецца ў межах тыпу. А. Амосаў рэкамендаваў адрозніваць: а) тоесныя вадзяныя знакі, якія адпавядаюць варыянту; б) блізкія, якія адпавядаюць разнавіднасці; в) «сходные», якія адпавядаюць віду; г) «подобные», што адпавядаюць групе; д) аналогія, што адпавядае класу14. У распрацаванай у 1977 г. у Францыі Інстытутам даследавання і гісторыі тэкстаў інструкцыі па апісанні рукапісаў прыняты наступныя ступені параўнання: «сходен», варыянт ці падобны тып і нумар па Брыке. У Балгарыі — гэта падобны («simi­laire»), вельмі падобны («tres similaire»), ідэнтычны («iden­tique»), тып («type»)15. Ступень блізкасці вадзяных знакаў ад­значаецца ва ўсіх найбольш грунтоўных археаграфічных выданнях16. І гэта натуральнае патрабаванне да ўсіх публікацый гістарычных крыніц на паперы. Тэрміналогія, якая прапанавана ў маіх «МР», «знешне» падобная на балгарскую (у беларускай мове «подобный» і «сходный» перакладаюцца адным словам — «падобны»; таму тое, што ў рускай мове «сходный», у мяне — «вельмі падобны») і адпавядае наступным узроўням класіфікацыі: а) тоесны — варыянту; б) бліз­кі — разна­від­насці; в) вельмі падобны — віду; г) падобны — тыпу.

Што да наймення «Сякера», то ў дачыненні да таго вадзянога знака, на які я спасылаюся, насуперак сцвярджэнню аўтараў рэцэнзіі, сапраўды, выкарыстоўваецца тэрмін «Сякера» («Topór» — па–польску, «Kirvis» — па–літоўску, «Топор» — па–руску)17. У аснову тыпавой класіфікацыі пакладзены герб «Сякера» з выявай сякеры, вастрыё якой павернута ў правы (геральдычны) бок (у Лакіера — у левы)18. Назва ж «Окша» належыць гербу з іншай выявай: алебардай, вастрыё якой накіравана ў правы (геральдычны) бок («biały halabard w czer­wonem polu») ці двума перакрыжаванамі алебардамі19. Такім чынам, імкнучыся прадэманстраваць маю некампетэнт­насць, рэцэнзенты дасягнулі адваротнага. Наогул, іх не бянтэжыць той факт, што назва «Сякера» для абазначэння дадзенага герба прысутнічае ў альбомах вадзяных знакаў (на якія я даю адсылку)20 і археаграфічных публікацыях21. Самае цікавае, што выява менавіта гэтага герба прыведзена ў якасці ілюстрацыі да артыкула „Аколавы герба «Тапор» у «Малым гербоўніку наваградскай шляхты“. Аўтарамі артыкула з’яўляюцца С. Рыбчонак і... Яцкевіч, адзін з маіх рэцэнзентаў22. Відавочна, апошні забыўся на некаторыя дэталі сваіх папярэдніх прац.

Латушкін і Яцкевіч выказваюць неразуменне, чаму аўтар — складальнік «МР» аддае так мала ўвагі такому важнаму элементу пячаткі як кустодзія і абмяжоўваецца толькі адзначэннем яе разнавіднасці (с. 316). Хацелася б чарговы раз выказаць пажаданне быць больш уважлівым пры знаёмстве са зместам працы. Як вынікае з артыкула 698, «для адразных і выразных кустодзій пасля адзначэння тыпу прыводзяцца звесткі аб іх форме (падкрэслена мной. — А. Г.). Напрыклад: ...адразная квадратная... <...> выразная прамавугольная з пашырэннем у левай частцы ў выглядзе прамавугольніка <...>». Не рэкамендуецца адзначаць форму толькі для падразной кустодзіі, якая з–за асаблівасцяў яе вырабу (з дапамогай падрэза) заўжды блізкая да трохвугольніка23. Дарэчы, паведамленне пра тып кустодзіі — не адзіная інфармацыя, якую я лічу неабходным прыводзіць пры апісанні кустодзіі. Наогул, ёй пры­свечана 14 артыкулаў, г. зн. болей, чым, напрыклад, адзначэнню спісаў дакументаў і публікацый. Магчыма, я памыляюся, але здаецца, ні ў Польшчы, ні ў Расіі, ні ў Украіне і дакладна ў Беларусі няма ніводнага выдання крыніцы, у якой бы паведамлялася пра разнавіднасць і форму кустодзій24. Не прадугледжваюць іх апісання і існуючыя інструкцыі і метадычныя рэкамендацыі. Што хочуць сказаць аўтары, калі пішуць: «тут, хутчэй, варта было прымяніць прынцып, выкарыстоўваемы (так у рэцэнзіі. — А. Г.) пры ідэнтыфікацыі філіграней» (с. 316), зразумела, напэўна, ім адным. Дадамо толькі: каб катэгарычна казаць пра залежнасць формы кустодзіі ад віду дакумента (што ў рэцэнзіі маецца на ўвазе пад тэрмінам «від дакумента»?), неабходна правесці спецыяльнае даследаванне. А такога даследавання пакуль што няма.

Спынімся на тэрмінах. Праблема тэрмінаў праходзіць чырвонай ніткай праз усю рэцэнзію. Як лічаць рэцэнзенты, праца проста «нагрувашчана» новай тэрміналогіяй (с. 317). Тэрмін «тапалагічная дата» новым назваць цяжка. Гэты тэрмін для абазначэння таго, што звычайна называецца «месцам выдання», выкарыстоўваў аўтар вядомай працы па Метрыцы ВКЛ М. Р. Беражкоў25. Сапраўды, не ўяўляецца магчымым вызначыць, якую дату меў на ўвазе пісар, калі паведамляў, напрыклад: «П(и)сан у Городне, април 10 ден, инъдик(т) 6»: дату прыняцця самога акта рашэння, падрыхтоўкі дакумента ці яго выдачы (рассылкі)26. У святле гэтых дадзеных тэрмін «месца выдання» (як, дарэчы, і «час выдання») нельга лічыць дакладным. Назва «тапалогія» паходзіць ад двух грэцкіх слоў: topos «месца» і logos «слова» («вучэнне», «навука»). А тэрмін «тапалагічная дата» створаны па аналогіі з тэрмінам «храналагічная дата» (мы ж не называем храналагічную дату «хранічнай»). Не з’яўляецца маім новаўвядзеннем і тэрмін «археограф–дыпламатыст», які рэцэнзенты марна стараліся адшукаць у «Вялікай савецкай энцыклапедыі» (с. 316). У пошуках гэтага тэрміна варта было б звярнуцца да спецыяльнай літаратуры па археаграфіі і дыпламатыцы27. Дыпламатыст — гэта вучоны, які займаецца дыпламатыкай — навукай аб знешняй і ўнутранай форме актаў (што гэта за навука, ведае амаль кожны студэнт). «Археограф–дыпламатыст» — археограф, які выдае актавыя крыніцы. Калі ўлічваць, што выданне акта — не проста перапіска яго тэксту, але і першасная яго навуковая (у першую чаргу, дыпламатычная) апрацоўка, то згаданы тэрмін цалкам адпавядае таму значэнню, якое ўкладваецца ў спалучэнне слоў «археограф» і «дыпламатыст». Ніякіх сувязяў з «дыпламатычным» прыёмам выданняў крыніц гэты тэрмін не мае. Тэрмін «шлемавая эмблема» (с. 317) таксама не мая прыдумка28. Яго павінен ведаць і адзін з рэцэнзентаў — Яцкевіч. Апошні неаднаразова выкарыстоўваў гэты тэрмін у сваіх артыкулах29, але, відавочна, забыўся пра гэта (дарэчы, з забыўлівасцю мы ўжо сустракаліся). Не з’яўляецца памылкай выкарыстанне тэрміна «легенда» замест «надпіс» (с. 317), бо, у прыватнасці, у польскай і расійскай археаграфіі легенда пячаткі традыцыйна называецца надпісам30 («легендай» жа называюць адну з частак навуковага апарату). Невядома на падставе чаго рэцэнзенты лічаць, што замест «прынцып павагі да тэксту» трэба пісаць «прынцып дакладнай перадачы тэксту» (с. 317). Прынцып «павагі да тэксту» («le respect du texte») сфармулявалі заходнееўрапейскія архео­графы31. Згодна з ім тэкст перадаецца без купюр, адвольных дапаўненняў, з захаваннем арфаграфіі крыніцы і г. д. Гэты тэрмін выкарыстаны мной свядома для адпаведнага падраз­дзела. У «МР» я не ўвёў ніводнага новага тэрміна. Але калі б была неабходнасць, я ўсё ж такі зрабіў бы гэта.

У аўтараў рэцэнзіі выклікае «непрыемнае ўражанне», што я «празмерна шырока» карыстаюся запазычаннямі («перакладам і калькаваннем») з кнігі С. Каштанава32 (с. 313). Я ніколі не ставіў перад сабой задачы вызначыць колькасныя суадно­сіны артыкулаў «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава і сваіх. Рэцэнзенты падштурхнулі мяне гэта зрабіць. Выявілася, што з пералічаных артыкулаў ад «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава паходзіць не больш за трэць. Большасць з гэтай трэці — абагульненне папярэдняга археаграфічнага вопыту. Сапраўды, патрабаванні, згодна з якімі, напрыклад, скарачэнні раскрываюцца ва ўсіх выпадках, а літары, якія адсутнічаюць у тэксце, уносяцца ў радок у круглых дужках; пры ўнясенні ў радок прапушчанай літары, якая змяшчаецца ў канцы слова, улічваецца тая граматычная форма, у якой слова выкарыстана ў сказе; пры выкарыстанні малых і вялікіх літар у асноўным трэба кіравацца правіламі сучаснай арфа­графіі і г. д., апрабіраваны ў публікацыях, якія выйшлі задоўга да з’яўлення «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава33. Відавочна, што рэцэнзенты не знаёмы з гэтымі публікацыямі. Сучаснаму археографу–публікатару дасталася вялізная метадалагічная спадчына са шматлікімі варыянтамі рашэння адной і той жа праблемы. Таму часта дастаткова толькі выбраць адзін з самым аптымальных варыянтаў. У гэтай сувязі задача Латушкіна і Яцкевіча павінна заключацца не ў выяўленні і пад­ліку запазычанняў, а ў ацэнцы іх прыдатнасці з пункту гледжання выдання крыніц ВКЛ. Непрыемна ўражваць павінна не тое, што тыя ці іншыя вартыя ўвагі месцы запазычаны, а тое, што яны праігнараваны.

Некаторыя выказванні Латушкіна і Яцкевіча без усмешкі чытаць нельга. Пільнае вока рэцэнзентаў выкрыла плагіят: я ўзяў у С. Каштанава такія тэрміны, як «выбар тэксту», «перадача тэксту», «агульныя прынцыпы перадачы і прадстаўлення тэксту» (с. 313). Гэтыя агульныя навуковыя паняцці жывуць амаль столькі, колькі і сама археаграфія. Дзіўна, што мяне не абвінавацілі ў «калькаванні» такіх тэрмінаў, як «навукова–даведачны апарат», «паказальнік імёнаў», «геаграфічны паказальнік», «каментарыі», «тлумачальны слоўнік», «заўвагі і варыянты» і г. д.

Шэраг заўваг датычыць абазначэння разнавіднасцяў дакументаў: 1) назвы разнавіднасцяў запазычаны з расійскай дыпламатыкі; 2) гэтыя назвы могуць быць выкарыстаны, галоўным чынам, для працы з дакументамі Метрыкі ВКЛ да прыняцця Статута 1588 г. (с. 312). Прадметам крытыкі з’яўляецца, у прыватнасці, і тое, што я «ігнарую» назвы дакументаў, якія існавалі ў XVI—XVII ст.: выкарыстоўваю «пацвярджальны прывілей», хоць з канца XVI ст. гэта «канфірмацыйны» прывілей (або «канфірмацыя»); «уводны ліст», у той час як у крыніцах XVI ст. ён фігуруе пад назвай «падаўчы», «увяжчы» ліст, а ў XVII ст. — як «інтрамісійны»; замест «вырак», «дэкрэт» пішу «прыгавор суда» і г. д.

У адрозненне ад «МР», жанр якіх прымушае мяне не выходзіць за рамкі выключна рэкамендацый, дадзены адказ з’яўляецца першай магчымасцю абгрунтаваць сфармуляваныя палажэнні.

Рэцэнзенты самі заўважылі няўстойлівасць тэрміналогіі для абазначэння разнавіднасцяў некаторых дакументаў, але высноваў, якія напрошваюцца ў сувязі з гэтым, не зрабілі. У той жа час відавочна, што найменні пераважнай большасці дакументаў утвораны ад назваў тых юрыдычных дзеянняў, якія яны фіксавалі: «потверженый» ці «потвержоный» — ад «потвержать», «продажный» — ад «продавать», «дзельчий» — ад «дзелить», «меновный» — ад «менять», «заставный» — ад «застававлять», «умоцованый» — ад «умоцовывать» і г. д. Лексічным сродкам для абазначэння дадзенага дзеяння былі словы, якія існавалі ў старабеларускай мове. Калі з другой паловы XVI ст. дзякуючы больш цесным культурным кантактам ВКЛ і Польшчы ў старабеларускую мову праз польскую пра­ніклі і зацвердзіліся дзеясловы з лацінскай мовы (якія абазначалі юрыдычныя дзеянні), то менавіта ад іх і сталі ўтвараць назвы дакументаў. Адсюль «кансэнсы» — дазволы; «канфірмацыі», «канфірмацыйныя» — пацвярджэнні, пацвяр­джальныя; «цэсіі», «цэсійныя» — саступкі, саступныя; «туторыі» — апекі; «кансервацыі», «кансервацыйныя» — аховы, ахоўныя; «лібертацыі», «лібертацыйныя» — льготы, льготныя; «інтрамісіі», «інтрамісійныя» — увядзенні, уводныя; «данацыі» — даніны; «абляты» — яўкі; «кадукі» — спадкі і інш. Утварэнне найменняў дакументаў па назве юрыдычнага дзеяння на мове дадзенага часу — універсальны прынцып, якім кіраваліся пісары XV—XVIII ст. і павінны кіравацца, як я перакананы, сучасныя беларускія археографы. У гэтым, а не ў сляпым перайманні тэрміналогіі, і выяўляецца традыцыйнасць методыкі пры­свойвання найменняў дакументам. Таму ў маіх «МР» і фігуруюць «даравальны» ліст — ад «дараваць», «уводны» — ад «уво­дзіць», «прыгавор» — ад «прыгаварыць», «сведчыя» квіты — ад «сведчыць», «пастанова» — ад «пастанавіць», «вярыцельны» — ад «верыць», «прысяжны» — ад «прысягаць», «аб’язны» — ад «аб’язджаць» і інш. Ужо па гэтай прычыне згаданыя назвы не могуць лічыцца запазычаннямі з рускай дыпламатыкі. Старыя назвы захоўваюцца, калі іх сэнс даволі зразумелы: «прывілей», «позва», «атмена», «укладны», «фундушавы», «інвентар», «рэестр»; калі яны ўтвораны ад назвы юрыдычнага дзеяння, якое, у сваю чаргу, дало найменне другой разна­віднасці: «глейт»; у дачыненні да якіх пакуль што не выяўлены адпаведны дакладны тэрмін у сучаснай беларускай мове: «даніна», «даканчальны», «жалезны», «баніцыя», «ліст», «рэлаксацыйны». Ёсць некалькі выключэнняў іншага парадку.

Характэрна, што, карыстаючыся згаданым прынцыпам, былі ўтвораны назвы, якія не адрозніваюцца ці мала чым ад­роз­ніваюцца ад старых: «граничный лист»34; «даровный лист»35; «дельчий лист»36; «призволеный лист», «дозволеный лист», «лист дозволенье»37; «заручный лист»38; «заставный лист», «зоставный лист»39; «меновный лист»40; «постановене на соиме»41, «постановенье соимовое», «уфала и постано­венье соймовое»42; «потвержоный лист», «потверженый лист», «потверженье»43; «продажный лист», «лист продажи»44, «сведчоный лист»45 і інш. І гэта не дзіўна: у старабеларускай мове шмат чаго агульнага з сучаснай беларускай. Тэрміны «даравальная» (грамата), «даравальны» (ліст) амаль не сустракаюцца ў кры­ніцах. Аднак у дыспазітыўнай частцы даравальных фігуруе дзеяслоў «жаловать», г. зн. «дараваць», а ў карабарацыі — таксама і «жалованье»: «На потверженье того моего жалованья и твердости печать нашу велели есмо привесити к сему листу»; «А на потверженье того нашого жалованья про лепъшую памят и твердость и печать нашу велели есмо привесити к сему нашому листу»46 і г. д. Слова «жаловать» шырока ўжываецца і ў XVI ст.: «И бил намъ чоломъ, абыхъмо его пожаловали именицом, с чого бы собе поживенье мелъ... Мы… пожаловали есмо его, дали ему люди н(а)ши…»; «А такъ мы… тымъ спадкомъ его пожаловали… ему есмо да­ли…»47 і г. д. У гэтым значэнні выкарыстоўваўся і дзеяслоў «даровать», які ёсць і ў сучаснай беларускай мове, і ад якога ўласна і ўтворана назва «даравальны»: «...за его к нам верную службу, тот двор Дорогово даемъ и даруем»; «…дали есмо еи и вечне даровали, записуемъ и вечне записали тымъ то нашимъ привилем дворъ в Мерецъкомъ повете…»; «...и тепер его м(и)л(о)сти дали и вечъне даровали, записуем и вечъне записали...»; «даемъ з ласки нашое, даруем тымъ нашимъ листомъ… тые люди…»48.

Ці не гэтыя найменні, па сцвярджэнні рэцэнзентаў, пахо­дзяць з рускай дыпламатыкі? Маё здзіўленне пераўзыходзіць усе межы: Латушкін і Яцкевіч не ведаюць назваў тых дакументаў, апісанне якіх пастаўлена ў іх службовы абавязак як супрацоўнікаў НГАБ. Адсюль і супярэчнасць: адзначаецца, што «...тэрміналогія, з дапамогай якой аўтар стварае загалоўкі і апісвае дакументы, фактычна цалкам узята з прац расійскіх даследчыкаў Г. Л. Харашкевіч і С. М. Каштанава і найбольш падыходзіць да археаграфічнай апрацоўкі дакументаў Маскоўскай дзяржавы» і тут жа сцвярджаецца, што «яна можа быць выкарыстана для працы з дакументамі, якія выдаваліся ва ўстановах ВКЛ, але, галоўным чынам, для працы з актамі Метрыкі ВКЛ, якія напісаны на кірыліцы (так у рэцэнзіі, трэба чытаць кірыліцай“. — А. Г.) да прыняцця Статута ВКЛ 1588 г.» (с. 312)49. Мне хацелася б пабачыць рэакцыю ра­сійскага гісторыка, калі б у адносінах да «указной граматы» Маскоўскай дзяржавы была выкарыстана назва «ліст», а да «даравальнай граматы» — «прывілей». І няўжо аўтары рэцэнзіі мяркуюць, што прадажныя, мяноўныя, дзельчыя, за­стаўныя і іншыя лісты, якія ўпісваліся ў кнігі Метрыкі, настолькі моцна адрозніваліся ад тых жа лістоў у іншых актавых кнігах, што называліся ці павінны называцца ў сучасных археа­графічных выданнях інакш? Са слоў рэцэнзентаў вынікае, што дакумент адной разнавіднасці павінен мець іншую назву, калі ён напісаны не кірыліцай (!?). Тут без каментарыяў.

Многія дакументы ў «Метадычных рэкамендацыях» Г. Харашкевіч і С. Кашатанава адсутнічаюць. Вось яны: «атмены»; «даканчальныя»; «даніны»; аб’язныя; баніцыі; ваенныя, сеймавыя, срэбшчынныя, паслушныя апавяшчальныя акруговыя; выпісы ўпісанняў; глейты; гранічныя з загаду і ўгод­лівыя; даравальныя застаўныя, адкупныя, мяноўныя, да­звольчыя, укладныя, фундушавыя, бласлаўленныя, вызвольчыя, ахоўныя, апякальныя (прывілеі); дароўныя, укладныя і фундушавыя; дзельчыя ўгодлівыя, яднальныя, па прыгавору суда і проста дзельчыя; дзельчыя, прадажныя і застаўныя інвентары; прыгаворы суда; рэлаксацыйныя; сведчыя; уводныя з граніцамі, з аб’ездам і граніцамі; уводныя, камісійныя, ваенныя, сеймавыя, срэбшчынныя, заручныя «граматы» і «лісты»; умацаваныя і інш. Ці не гэта называецца запазычаннем? Калі абазначэнне дакумента, якое прапаноўваюць ін­шыя даследчыкі, з’яўляецца абгрунтаваным, чаму яно не можа быць прынята? Няўжо даследчык павінен прынцыпова адмовіцца ад папярэдніх дасягненняў? У Маскоўскай дзяржаве не існавала прывілеяў, а былі толькі даравальныя (з падразнавіднасцямі: данныя, аброчныя, тарханныя, абельныя, тарханна–аброчныя, тарханна–праезджыя, тарханна–несудзімыя (абельна–несудзімыя), ружныя, палетныя і інш.); не прыгаворы суда, а судныя спісы, дакладныя судныя спісы і правыя граматы (дарэчы, апошні тэрмін сустракаецца, праўда, рэдка і ў ВКЛ); не «глейты», а «опасы»; не «адмоўная», а «размётныя» і г. д. Нязначныя па колькасці супа­дзенні (даравальныя, мяноўныя, устаўныя) гавораць толькі аб пэўнай блізкасці сучаснай беларускай і старарускай моў.

Як бы там ні было, старыя назвы я не ігнарую. Паводле артыкула 289: «У загалоўку можа быць прыведзена і саманазва дакумента, якая змяшчаецца пасля назвы падразнавіднасці ў круглыя дужкі і двукоссе (...)».

Дарэчы, са слоў рэцэнзентаў вынікае, што мяжой існавання назваў дакументаў, які змешчаны у «МР», быў Статут ВКЛ 1588 г. Спакушальна, але небяспечна рабіць з вядомых пісьмовых помнікаў дэмаркацыйную лінію для тых ці ін­шых з’яў. Статут ВКЛ 1588 г. не адмяняў старыя і не ўводзіў новыя назвы, а толькі ўзнаўляў існуючыя. Вось прыклады з загалоўкаў да кніг Метрыкі ВКЛ, якія былі складзены ў 90–х г. XVI — пачатку XVII ст.: «привилей потверженья», «привилей и потверженье», «лист потверженья», «потверженье привилею», «потверженье», «потверженье на дозволенье»; «лист на вызволенье», «лист вызволенья», «лист и вызволенье», «привилей на вызволенье», «вызволенье»; «лист на дозволенье» або «позволенье», «привилей, позволенье», «лист и позволенье», «привилей на дозволенье» або «позволенье», «позволенье»; «лист военный»; «лист серебщизный»; «соймовыи листы»; «комисийный лист»; «лист заручный»; «лист кглейтовный»; «лист заставный»; «вписане до книгъ тестаменту», «вписанье листу...»; «уписанье копии з выроку комисарского…», «вписанье копии» і інш.50 Такія назвы як «позволенье», «заручны лист», «потверженье», «железны лист», «глейт», «глейтовы лист», «даровный лист» часта сустракаюцца і ў другой палове XVII ст.51, а словы «ўпісанне» і «ўпісываць» ва «ўпісаннях» — таксама і ў другой палове XVIII ст., прычым не толькі кнігах Метрыкі52. Але справа, як я гаварыў вышэй, не ў гэтым.

Калі для аўтараў рэцэнзіі іх пункт гледжання з’яўляецца прынцыповым, чаму тады выпіс яны не называюць «мінутай53», «відымусам»54, «экстрактам», «прэпісам»55; «увяжчы» ці «інтрамісійны» — «заводчым» ці «завозчым»56; «вырак» — «судовым» лістом57, «сказаннем», «усказываннем»58, «разсудкам»59 і г. д.?

Па сцвярджэнні рэцэнзентаў, «загалоўкі складзены не традыцыйна і стылістычна нязручна (...), перагружаны інфармацыйна, перанасычаны тэрмінамі, часам настолькі, што цяжка зразумець іх сэнс...» (с. 313), колькасць інфармацыі, якая вынесена ў загаловак «робіць цяжка ўспрымальнай інфармацыю пра змест дакументаў для чытачоў і даследчыкаў» (с. 314). Для прыкладу, з больш як 150 загалоўкаў, змешчаных у працы, абраны адзін і, канешне, самы аб’ёмны. Вось некалькі тыповых загалоўкаў «МР»: «Дазвольчы прывілей вял. кн. літ. Жыгімонта I Старога татарыну Троцкага пав. Абдуле Абрагімавічу на продаж троцкай ваяводзінай, пані Пятровай Ганне Аляксандраўне с. Краснае»; «Камісійны „ліст“ вял. кн. літ. Жыгімонта III Вазы да наўгародскага в–ды, гародзенскага с–ты, п. Тэадора Скуміна–Тышкевіча і зем. падск. і пісара ВКЛ, п. Яраша Валовіча па іску спраўцы манастыра ў г. Гародня Кліменція Багдана Гадкінскага на манахаў Бернардынскага кляштара аб зямлі на р. Нёман і цагельні»; «Прыгавор ка­мі­сарскага суда берасцейскага кашт. Рыгора Войны, берасцейскага падкаморага кн. Яна Шуйскага і Мальхера Райскага па цяжбе паміж мяшчанамі г. Бярэсце і п. Іванам Каліховічам–Бразоўскім аб валоданні валокамі зямлі». Я наўмысна не прыводжу больш сціслых загалоўкаў. Не ўяўляючы, аб якіх традыцыях у складанні загалоўкаў ідзе гаворка, адзначу, што амаль ва ўсіх выпадках структура загалоўка наступная: назва разнавіднасці (і падразнавіднасці) — адрасант — адрасат — сутнасць здзелкі ці дзеяння. Гэта даўно апрабаваная навуковая мадэль загалоўка. Таму, відавочна, у аснове цяжкасці ўспрымання прыведзеных загалоўкаў аўтарамі рэцэнзіі ляжаць вы­ключна, мягка кажучы, суб’ектыўныя прычыны. Паспрабуем задаволіць патрабаванні рэцэнзентаў: скароцім адзін ці некалькіх структурных адзінак. Змест загалоўка будзе ўсечаны, няпоўны. Ці не лепей у такім выпадку цалкам адмовіцца ад іх уключэння ў выданне?

«Форма складанняў загалоўкаў для выпісаў дакументаў... — пішуць аўтары рэцэнзіі, — непрыдатная для практычнага выкарыстання» (с. 314). Ніжэй яны прыводзяць прыклад, як павінен выглядаць загаловак для дадзенай разнавіднасці. Параўнаем мой варыянт і варыянт рэцэнзентаў.  «МР»: «Выпіс са слонімскіх гродскіх кніг зямяніну Слонімскага павета пану Віктару Адзінцэвічу ўпісання прадажнага 1570 г. мая 28. С. Бусяж. Адзінцэвіча і яго жонкі Святохны Багданаўны Мезгіроўны зямяніну Слонімскага павета пану Войтэху Чыжу на сенажаці пад с. Гаголіцы за 15 коп літ. гр.»; рэцэнзія: «Выпіс з кніг Слонімскага гродскага суда ад ... ліста зямяніна ЯКМ Слонімскага павета пану Віктара Адзінцэвіча і яго жонкі Святохны Багданаўны Мезгіроўны аб продажы зямяніну ЯКМ Слонімскага павета пану Войцеху Чыжу сенажаці пад с. Гаголіцы за 15 коп літ. гр. Бусяж. 28 мая 1570 г.»

Робячы стаўку на простасць успрымання, аўтары рэцэнзіі ігнаруюць элементарныя навуковыя патрабаванні. Прадажныя і іншыя прыватнаправавыя згодна са Статутам ВКЛ 1588 г. набывалі юрыдычныю сілу толькі пасля ўпісання іх у земскія кнігі, кнігі Трыбунала і Метрыкі (паміж сесіямі земскага суда яны маглі быць унесены і ў кнігі гродскага суда з умовай перанясення іх у далейшым у земскія кнігі (Статут ВКЛ 1588 г. Р. 7. Арт. 1, 2, 3 і інш.); пастанова аб упісанні ў павятовыя кнігі «вячыстых» прадажных, дароўных і іншых лістоў была прынята ў 1551 г. і ўступіла ў сілу ў 1552 г.). Занясенне гэтых дакументаў у кнігу — не прыватны выпадак капіявання іх тэксту на падставе асабістага пагаднення зацікаўленай асобы з дзякам ці падпіскам, а афіцыйная працэдура з удзелам службовых асоб «урада», якія пасля знаёмства з прадстаўленым дакументам аддавалі распараджэнне аб іх упісанні. Дадзеная працэдура знайшла адлюстраванне ў змесце таго тэксту, які суправаджаў унесены ў кнігі дакумент. Разам са скапіяваным гэты тэкст меў усе неабходныя рысы асобнага акта з пачатковым пратаколам, асноўнай часткай і канцавым пратаколам. Ён так і называўся: «упис», «впис», «уписанье», «вписанье», пазней на лацінскі манер — таксама і «актыкацыя». На падставе ўпісання рабіўся выпіс. У любым выпадку апошні не мог быць зроблены непасрэдна з прыватнаправавога ліста — ён рабіўся з яго ўпісання. Таму формула «выпіс з кніг суда ліста аб продажы» з навуковага пункту гледжання не мае права на жыццё. У любым выпадку, структура загалоўка да ўпісанняў, якую прапаную я, не больш складаная, чым тая, што прапануюць рэцэнзенты. Да прыведзенага Латушкіным і Яцкевічам прыкладу ёсць і іншыя пытанні: чаму прыводзяцца даты (тапалагічная і храналагічная) упісання, але адсутнічаюць даты прадажнага ліста? Што такое ЯКМ? Калі гэта «яго каралеўскай міласці», то шляхта ВКЛ была падданай не караля поль­скага, а вялікага князя літоўскага.

Прадметам крытыкі з’яўляецца тое, што ў большасці загалоўкаў, прыведзеных у якасці прыкладаў, адсутнічае дата. Больш за тое, выказваецца меркаванне, што зроблена гэта свядома, бо прыведзеныя загалоўкі датуюцца пераважна XVI ст. (с. 311). Баюся расчараваць аўтараў рэцэнзіі — прычына больш банальная. Адзначэнню дат у загалоўках намі адведзены спецыяльны падраздзел. Там і трэба шукаць пры­клады з датамі. Па той прычыне, па якой у прыкладах для дат не прыводзіцца змест загалоўка, не адзначаюцца даты ў тых артыкулах, якія прысвечаны зместу загалоўкаў. Тут рэалізавана патрабаванне рацыянальнага размяшчэння тэксту выдання.

Рэцэнзенты не захацелі, а хутчэй за ўсё проста не змаглі заўважыць і ацаніць асноўную масу артыкулаў «МР». Для таго каб зрабіць гэта, трэба як мінімум ведаць, на што абапіраліся, як вырашалі тыя ці іншыя праблемы папярэднія археографы. Такімі ведамі рэцэнзенты пахваліцца не могуць. Як правіла, усё складанае набывае вобраз «тэорыі». Таму мая праца, якая змяшчае толькі практычныя рэкамендацыі, у вачах Латушкіна і Яцкевіча пераўтварылася ў распрацоўку тэарэтычнага характару (с. 317).

Што гаварыць пра тэрміналогію, калі Латушкін і Яцкевіч не ведаюць задач эдыцыйнай археаграфіі. Выказваючы ўласныя ўяўленні аб задачах археаграфіі, яны нагадваюць: «асноўная мэта практычнай археаграфіі — забеспячэнне даследчыкаў дакладнымі і зручнымі для карыстання тэкстамі дакументаў» (с. 312). Я б не раіў нагадваць гэта ні мне, ні іншым, паколькі археограф–публікатар выдае гістарычныя крыніцы, а не іх тэксты, хоць тэксты і з’яўляюцца найважнейшым элементам крыніцы.

Многія сцвярджэнні рэцэнзентаў галаслоўныя. Па якой прычыне, напрыклад, немэтазгодна ў паказальніку адзначаць асобу пад імем (с. 315)? Чаму нельга пісаць «Дзельчы інвентар падкаморага Слонімскага пав. Рыгора Трызны дарагіцкаму с–це, п. Мікалаю Кішку на Цеханаўцу м–ка Косаў Слонімскага пав.», а трэба «Інвентар м–ка Косаў Слонімскага пав. Рыгора Трызны, складзены пры падзеле з дарагіцкім старостай п. Мікалаем Кішкай на Ціханаўцу. Месца, дата» (с. 315)?

Рэцэнзенты пішуць: «Аўтар–складальнік паведамляе, што асобныя пытанні, выкладзеныя ім у рэкамендацыях, у далейшым будуць дапрацоўвацца і, больш таго, яны будуць дэталізавацца. Узнікае пытанне: а чаму не зараз і навошта яшчэ больш іх дэталізаваць?» (с. 318). Па першай частцы пытання («а чаму не зараз?») я наўрад ці змагу што–небудзь адказаць тым, хто не мае ніводнай буйной публікацыі, а значыць, не ведае спецыфікі працы над ёй. На другую частку пытання («на­вошта яшчэ больш іх дэталізаваць?») я ўсё ж такі адкажу: для таго каб павысіць узровень крыніцазнаўчай ін­фар­ма­цый­насці археаграфічных выданняў, а таксама каб скараціць колькасць такіх публікацый, якія робіць, у прыватнас­ці, Яцкевіч.

Цікава, што калі на старонках рэцэнзіі Яцкевіч перакананы ў немэтазгоднасці адзначэння падразнавіднасцяў прывілеяў (с. 314), то ў сваіх артыкулах ён сцвярджае адваротнае. Адсюль «набілітацыйныя прывілеі», «намінацыйныя прывілеі»60. Пры гэтым асобна падкрэсліваецца, што тэрмін «набілітацыйны прывілей» мае ўсе падставы для таго, каб заняць належнае месца ў класіфікацыі прывілеяў для жыхароў ВКЛ і РП»61. Дзе ж паслядоўнасць?

На старонках рэцэнзіі сцвярджаецца, што раздзел «Легенда» амаль цалкам з’яўляецца перакладам раздзела кнігі С. Каштанава «Актавая археаграфія». Я ўпэўнены, што пры ўваж­лівым знаёмстве з тэкстам маіх «МР» Латушкін і Яцкевіч не змогуць выявіць больш за чвэрць аднолькавых артыкулаў (нават са стандартнымі нормамі раздзела «Месца захоўвання і шыфр дакумента»). Арыгінальныя падраздзелы «Знешняя форма дакумента і яго фармат» (сем артыкулаў), «Апісанне арганізацыі старонкі» (11 артыкулаў), «Апісанне пісьма» (17 артыкулаў), «Адзначэнне вязі і апісанне малюнкаў (для рукапісаў з вяззю і малюнкамі)» (сем артыкулаў), «Адзначэнне квадратаў дакумента, якія ўтвораны яго згінамі» (шэсць артыкулаў). З 114 артыкулаў падраздзела «Апісанне пячаткі (ці пячатак)» да артыкулаў з «Метадычных рэкамендацый» С. Каштанава можна аднесці не больш за два дзясяткі. Амаль цалкам арыгінальны падраздзел «Адзначэнне пазнейшых паметак і надпісаў дакумента» (23 артыкулы) (выключэнне складае некалькі артыкулаў) і г. д. І гэта не гаворачы пра шматлікія прынцыповыя дапаўненні і ўдакладненні.

Рэцэнзенты ўпадаюць у супярэчнасць, калі лічаць адмоўным момантам наяўнасць запазычанняў у С. Каштанава, i пры гэтым замоўчваюць тыя, якія паходзяць, напрыклад, ад міжнародных правіл выдання гістарычных крыніц і распрацовак польскіх і ўкраінскіх археографаў.

Аўтары рэцэнзіі груба перакручваюць змест «МР»: «Памылковасць або сапраўднасць формы імені, — пішуць яны, — можна вызначыць толькі пры пэўнай колькасці згадак гэтага імені ў дакументах. Аўтар жа у рэкамендацыях прапануе вы­значаць памылковасць ці сапраўднасць імя, зыходзячы з прыёму ўзяцця за сапраўдную форму імя адну з форм напісання (часцяком бывае складана вызначыць, якая форма імя сапраўдная, паколькі ў аднаго імя і прозвішча могуць мецца некалькі форм напісання)» (с. 315). Гэтая заўвага датычыць артыкула 470, які гучыць так: «Імя, імя па бацьку, дзеду, прозвішча ці імя–мянушка адной і той жа асобы ў загалоўках да розных дакументаў прыводзяцца па магчымасці ў аднолькавай форме. Калі яны ў адным і тым жа ці розных дакументах маюць розныя варыянты, той які сустракаецца часцей, абіраецца як асноўны, астатнія прыводзяцца ў круглых дужках (за выключэннем яўна памылковых)». Як можна заўважыць, я не рэкамендую вызначаць памылковасць, нічога не пішу пра «сапраўдную» форму імя. А яўныя памылкі — гэта калі, напрыклад, Копаць Васілевіч названы Лопатам Васі­­ле­вічам, а Грынька Грамыка (вялікакняжацкія пісары) — Дрынькам Грамыкам. Гэтыя памылкі без цяжкасці заўважаюцца тымі, хто апрача ка­піявання тэксту рашае за­дачы ідэнтыфікацыі асоб і населеных пунктаў, якія су­стра­каюц­ца ў крыніцы. Апошняе, у прыватнасці, і прад­угледж­ваюць «МР».

У рэцэнзіі сказана: «Адзначаць у паказальніку асобу адначасова на імя (Філон Сямёнавіч Кміта), на імя па бацьку (Ся­мёнавіч Філон Кміта) і яго прыдомок (Чарнобыльскі Філон Кміта) немэтазгодна, таксама як і выносіць асобна варыянт прозвішча па–старабеларуску і па–сучаснаму» (с. 315). Такая форма як «Сямёнавіч Філон Кміта» як у «МР», так і ў выданні Метрыкі 44, адкуль узяты гэты прыклад, адсутнічае. Гэта — плён фантазіі рэцэнзентаў. Пад імем па бацьку (і дзеду) рэкамендуецца адзначаць толькі тых асоб, якія фігуруюць у крыні­цы без прозвішча62.

Латушкін і Яцкевіч сцвярджаюць, што аўтар–складальнік «МР» не мае вопыту працы з арыгінальнымі дакументамі (не мікрафільмаванымі). Гэтае сцвярджэнне я пакідаю без каментарыяў. Зрэшты, я дапускаю, што з маімі публікацыямі Латушкін і Яцкевіч знаёмы не лепей, чым з «МР» і працамі (метадычнымі і публікацыямі крыніц) іншых вучоных, г. зн. павярхоўна ці наогул не маюць аб іх ніякага ўяўлення (вышэй я прыводзіў шмат прыкладаў такога роду).

Наогул, складваецца цікавая сітуацыя. Многія з патрабаванняў, якія ляглі ў аснову маіх «МР», былі рэалізаваны пры падрыхтоўцы кнігі Метрыкі ВКЛ 44. Гэтая кніга была падрыхтавана ў НГАБ і абмяркоўвалася на пасяджэнні аддзела старажытных актаў, на якім прысутнічаў адзін з рэцэнзентаў — Яцкевіч. З боку апошняга была выказана толькі адна заўвага: наконт адсутнасці тлумачальнага слоўніка. Што ж атрымліваецца: рэкамендацыі, змешчаныя ў працы, якая рэцэнзуецца, дрэнныя, а вось кніга, што выдадзена па гэтых рэкамендацыях — добрая. Логікі тут няма.

Я разгледзеў амаль усе заўвагі рэцэнзентаў. Усе яны супярэ­чаць тэорыі, методыцы і практыцы археаграфіі, фактам і эле­мен­тарнай логіцы. Паставіўшы перад сабой надзвычай склада­ную задачу — ацаніць маю працу з навуковага пункту гле­джан­ня — рэцэнзенты толькі прадэманстравалі элементарную неда­сведчанасць у галіне археаграфіі, а таксама ў тых на­вуках, якія сінтэзуе археаграфія: палеаграфія, філіграналогія, гістарычнае дакументазнаўства, дыпламатыка і інш. Шчыра прызнацца, я ніколі не чытаў рэцэнзіі, дзе б апрача ўсяго астат­няга дэ­ман­стра­­валася такая няўважлівасць да аб’екта крыты­кі, ды яшчэ ў спа­лучэнні з такім безапеляцыйным тонам. Маё пажа­данне Ла­тушкіну і Яцкевічу — павышаць свой узровень падрыхтоўкі.

Напрыканцы заўважу, што эдыцыйная археаграфія — такая ж сур’ёзная гістарычная навука, як і ўсе астатнія. Яна па­трабуе высокай кваліфікацыі, глыбокай эрудыцыі, нарэшце, практычнага вопыту. Рашэнне яе праблем «з наскоку» асу­джана на ня­ўдачу. Рэцэнзія Латушкіна і Яцкевіча — выразны таму прыклад.

 * Ад рэдакцыі: Хоць рэцэнзія А. Латушкіна і З. Яцкевіча на «Метадычныя рэкамендацыі» друкавалася ў «Беларускім археаграфічным штогодніку», гэтае выданне адмовілася змяшчаць адказ А.Грушы. Не прымаючы практыкі падобнага стрымлівання навуковай палемікі, мы палічылі вартым прапанаваць заангажаваным у ёй гісторыкам старонкі БГА.

1 Латушкін А. М., Яцкевіч З. Л. Малапрыстасаваныя для практычнага выкарыстання рэкамендацыі // Беларускі археаграфічны штогоднік (далей — БАШ). 2003. Вып. 4. С. 310—318.

2 Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кіры­лічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага) / Аўтар–складальнік А. І. Груша. Мінск, 2003.

3 Пра гэта гл.: Добрушкин Е. М. Основы археографии: Учебное пособие. Москва, 1992. С. 37 і інш.

4 Методические рекомендации по изданию и описанию Литовской Метрики / Сост. А. Л. Хорошкевич, С. М. Каштанов. Вильнюс, 1985.

5 Лауцявичюс Э. Бумага в Литве в XV—XVIII вв. Вильнюс, 1979. С. 41.

6 Дианова Т. В. Использование водяных знаков при описании рукописей // Филигранологические исследования. Теория. Методика. Практика. Москва, 1990. С. 42—43.

7 Лауцявичюс Э. Op. cit. С. 41. Важнае і яшчэ адно выказванне гісторыка: «Знакі на паперы на розных мовах называюцца па–рознаму. У большасці моў іх называюць вадзянымі знакамі (water mark, wasserzeichen, wodny znak), але ў французскай, італьянскай і іншых мовах — філігранямі» (Тамсама).

8 Лёвочкин И. В. Основы русской палеографии. Москва, 2003. С. 163, 166.

9 Напр.: Lietuvos Metrika (1528—1547). 6–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1995 (далей — LM–225). Š. CXXXVI—CXXXVIII; Lietuvos Metrika (1522—1530). 4–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spau­dai par. S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1997 (далей — LM–224). Š. CXL; Lietuvos Metrika (1533 — 1535). 8–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. I. Valikonytė, S. Lazutka, N. Šlimienė ir kt. Vinius, 1999 (далей — LM–227). Š. LXXXIX; Lietuvos Metrika (1542 m.). 11–oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai par. I. Valikonytė, S. Viskantaitė, L. Steponavičienė. Vilnius, 2001 (далей — LM–230). Š. XXXIV; Metryka Litewska. Księga wpisów nr. 131 / Oprac. A. Rachuba. Warszawa, 2001 (далей — ML–131). S. 6—7; Памятники истории Восточной Европы. Источники XV—XVII вв. Москва—Варшава, 2002. Т. 6. Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки. Первая половина XVI в. / Сост. М. М. Кром (далей — Радзивилловские акты). С. 25, 26, 27, 33, 35 і інш.

10 Напр.: Люблинская А. Д. Латинская палеография. Москва, 1967. С. 33 и др.; Николаева А. Т. Палеография. Москва, 1980. С. 35; Szymański J. Nauki pomocnicze historii. Warszawa, 2002. S. 311, 312.

11 Андрюшайтите Ю. В. О работе Э. Лауцявичюса «Бумага в Литве в XV—XVIII веках» и некоторых вопросах перевода филиграноведческой литературы // Археографический ежегодник за 1981 год. Москва, 1982. С. 80.

12 МР. С. 10, 111.

13 Дианова Т. В. Op.cit. С. 35—36.

14 Амосов А. А. Проблемы точности филигранологических наблюдений. 1. Терминология // Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности. Ленинград, 1981. 80—81; Ён жа. Датировка и кодикологическая структура «Истории Грозного» в Лицевом летописном своде (Заметки о бумаге так называемой Царственной книги) // Вспомогательные исторические дисциплины. Ленинград, 1982. Вып. 13. С. 159—160; Шварц Е. М. О методике определения филиграней (на материале славянских средневековых кодексов) // Вспомогательные исторические дисциплины. Ленинград, 1983. Вып. 15. С. 81—82; Дианова Т. В. Op. cit. С. 37.

15 Дианова Т. В. Op.cit. С. 38—39.

16 Напр.: Акты Русского государства 1505—1526 гг. / Сост. С. Б. Веселовский; доп. и подг. Р. В. Бахтурина, И. А. Булыгин, Л. И. Ивина и др. Москва, 1975 (далей — АРГ). № 2. С. 9, № 7. С. 16, № 11. С. 22. № 40. С. 46 і інш.; Радзивилловские акты; LM–224. Р. CXL; LM–225. Р. CXXXVI—CXXXVIII; LM–227. Р. LXXXIX; LM–230. Р. XXXIV.

17 Лауцявичюс Э. Op. cit. С. 46 (рис. 17), 110—111.

18 Paprocki B. Herby rycerstwa polskiego / Wydane K.–J. Turowskiego. Kraków, 1858. S. 58—104, 1907. T. 11; напр.: Boniecki A. Herbarz Polski. Cz. 1. Wiadomości historyczno–genealogiczne o rodach szlacheckich. Warszawa, 1906. Т. 9. S. 161, 206; 1907. T. 10. S. 83; Т. 11. S. 198; 1908. Т. 12. S. 70; 1909. Т. 13. S. 62, 172; Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano–Slavica Posnaniensia Studia Historica. 1989. Т. 3. S. 68 і ілюстр. 3 на с. 81; Лакиер А. Б. Русская геральдика. Москва, 1990. С. 292.

19 Paprocki B. Op.cit. S. 561—565; напр.: Boniecki A. Herbarz Polski. S. 158; Лакиер А. Б. Op.cit. С. 292. С. 261 (табл. XIX, мал. 10).

20 Sіniarskа–Czaplicka J. Filigrany papierni położonych na obszarze Rzeczy­pospolitej Polskiej od początku XVI do polowy XVIII wieku. Wrocław—Warszawa—Krakуw, 1959. S. XI, 19—20. Расійскія філігранолагі таксама адрозніваюць вадзяныя знакі «Сякера» і «Алебарда» (Загребин В. М., Шварц Е. М. Водяные знаки бумаги XIV и XV вв. (Обзор) // Методические рекомендации по описанию славяно–русских рукописных книг. Москва, 1990. Вып. 3. Ч. 1. С. 8).

21 Напр.: LM–225. Р. CXXXVII—CXXXVIII; LM–227. Р. LXXXIX; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 15 (1528—1538). U˛rašymų knyga 15 / Par. A. Dubonis. Vilnius, 2002. Р. 15.

22 Малы гербоўнік наваградскай шляхты / А. Гануш, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. Мінск, 1997. С. 15—16.

23 МР. С. 122.

24 У некаторых выпадках форму кустодзіі адзначае М. М. Кром (Радзивилловские акты. № 24. С. 78, № 64. С. 146).

25 Бережков Н. Литовская Метрика как исторический источник. Москва—Ленинград, 1946. Ч. 1: О первоначальном составе книг Литовской Метрики по 1522 год. Прим. С. 165. Адсюль, напрыклад: «... документы... датированы Вильной...». С. 41.

26 Часта ў копіях дакументаў, што змешчаны ў кнігах Метрыкі, на месцы дат нічога не пазначана (так званыя «акенцы»), а ў арыгіналах даты падпісаны іншым чарнілам.

27 Напр.: Каштанов С. М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 91. Праўда, тут «дыпламатыст–археограф».

28 Черных А. П. Геральдика // Введение в специальные исторические дисциплины. Москва, 1990. С. 65 і інш.

29 «На ўсіх малюнках на шлем адзета тыповая шляхецкая карона. На апошняй знаходзіцца шлемавая эмблема (вылучана намі. — А. Г.), якая звычайна складзена з выявы самога герба ці ягоных частак, а таксама са стравусіных ці паўлінавых пёраў» (Яцкевіч З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты. Мінск, 1999. С. 14). Слова ў слова ў іншым выданні (Гербоўнік беларускай шляхты / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. Мінск, 2002. С. 33).

30 Гл., напр.: Akta unji Polska z Litwą 1385 — 1791 / Wyd. S. Kutrzeba, W. Semkowicz. Kraków, 1932. № 6. S. 5, № 10, S. 7, № 16, S. 13, № 21. S. 18 і інш.; Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi wileńskiej / Wyd. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1948. № 35, S. 62, № 56, S. 86, № 58, S. 90, № 125, S. 145, № 150, S. 167 і інш.; Грамоты Великого Новгорода и Пскова / Подг. В. Г. Гейман, Н. А. Казакова, А. И. Копанев и др.; под ред. С. Н. Валка. Москва—Ленинград, 1949. № 4. С. 13, № 6. С. 15, № 10. С. 21, № 11. С. 23, № 14. С. 26 і інш.; Акты социально–экономической истории Северо–Восточной Руси конца XIV — начала XVI в. Т. 1 / Сост. С. Б. Веселовский; подг. И. А. Голубцов, А. А. Зимин, Л. В. Черепнин; отв. Ред. Б. Д. Греков. Москва, 1952 (далей — АСЭИ). № 2. С. 27, № 47. С. 51, № 55. С. 56, № 74. С. 66, № 102. С. 82 і інш.; АРГ. № 16. С. 25, № 15. С. 24, № 23. С. 32, № 29. С. 36, № 32. С. 39 і інш.; Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Ч. 2 / Сост. и подг. А. Л. Хорошкевич. Москва, 1972 (далей — ПГ). № 124. С. 8, № 135. С. 23. № 140. С. 30, № 141. С. 31, № 142. С. 33 і інш.

31 «Le principe gйnйral qui doit guider tout йditeur est le respect du texte» [«Агульны прынцып, якім павінен кіравацца любы публікатар — гэта прынцып павагі да тэксту»] (Normes internationales pour l’edition des documents medievaux // Folia Caesaraugustana. 1. Diplomatica et sigilo­graphica. Travaux preliminaires de la Commission internationale de diplomatique et de la Commission internationale de sigillographie pour une normalisation internationale des иditions de documents et un Voca­bulaire international de la Diplomatique et de la Sigillographie. Zaragoza, 1984. P. 37).

32 Каштанов. Актовая археография.

33 Гл., напр.: АСЭИ, АРГ, ПГ.

34 Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Воп. 1 (далей — Метрыка). Спр. 7. Арк. 1180; спр. 19. Арк. 95 адв.; спр. 22. Арк. 25; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 25 (1387—1546). U˛rašymų knyga 25 / Par. D. Antanavičius, A. Baliulis. Vilnius, 1998 (далей — LM–25). № 234. Р. 285 і інш.

35 LM–224. № 426. Р. 351; № 427. Р. 352 і інш.

36 НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 130, 132, 132 адв.; Метрыка. Спр. 21. Арк. 111 адв.; спр. 228. Арк. 46 адв., 130 адв.; LM–25. № 140. Р. 202; LM–224. № 17. Р. 54; № 55. Р. 79; LM–225. № 78. Р. 70, № 204. Р. 150; LM–227. № 71. Р. 59; LM–230. № 33. Р. 36 і інш.

37 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 288; Метрыка. Спр. 228. Арк. 43 адв.; Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссиею. Санкт–Петербург, 1910. Т. 27: Литовская Метрика. Отд. 1. Ч. 1: Книги записей. Т. 1 / Под ред. И. И. Лаппо (далей — РИБ. Т. 27). № 21. Стб. 533. № 183. Стб. 712 і інш.

38 Метрыка. Спр. 21. Арк. 110 адв.; LM–25. № 154. Р. 217; LM–225. № 10. Р. 28; LM–227. № 42. Р. 50, № 56. Р. 55 і інш.

39 НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 25, 26, 41, 156, 156 адв.; воп. 4. Спр. 903. Арк. 23; ф. 1785. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 17; Метрыка. Спр. 21. Арк. 126 адв., 127, 127 адв., 128 адв., 129, 129 адв.; спр. 228. Арк. 27 адв., 28 адв., 162, 168 адв.; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529). U˛rašymų knyga 12 / Par. D. Antanavičius, A. Baliulis. Vilnius, 2001 (далей — LM–12). № 453. Р. 363; LM–224. № 379. Р. 315; LM–225. № 277. Р. 197, № 365. Р. 248; LM–227. № 59. Р. 56 і інш.

40 НГАБ. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 21; LM–12. № 19. Р. 130; № 48. Р. 148; № 49. Р. 149; № 236. Р. 250; LM–25. № 93. P. 150; LM–224. № 17. Р. 54; № 391. Р. 330; № 427. Р. 352 і інш.

41 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 114; LM–8. № 399. Р. 299 і інш.

42 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 114; LM–12. № 47. Р. 147 і інш.

43 Метрыка. Спр. 18. Арк. 30 адв., 71; спр. 21. Арк. 50, 50 адв., 85; LM–12. № 49. Р. 149; № 429. Р. 350; № 503. Р. 398—399; LM–25. № 133. P. 193; № 235. Р. 286; LM–227. № 56. Р. 55; № 367. Р. 173, 174 і інш.

44 НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4395. Арк. 59; воп. 4. Спр. 902. Арк. 18, 33 адв.; спр. 6029. Арк. 444; Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 18 адв., 19, 20, 21 адв.; спр. 9. Арк. 18 адв., 19, 19 адв.; спр. 14. Арк. 12 адв., 13 адв., 18 адв., 19, 19 адв., 20 і інш.

45 РИБ. Т. 27. № 97. Стб. 408.

46 LM–25. № 241. Р. 293, 242. Р. 294.

47 LM–25. № 26. P. 92, № 52. Р. 117.

48 Lietuvos Metrika (1427—1506). Knyga Nr. 5. U˛rašymų knyga 5 / Par. E. Banionis. Vilnius, 1993. № 145. Р. 262; LM–25. №15. Р. 83, № 16. Р. 85, № 224. Р. 278 і інш.

49 Дарэчы, І. Грыгаровіч, ігнараванне вопыту якога з майго боку ў рэцэнзентаў выклікала вялікае негадаванне, абазначаў дакументы другой паловы XVI—XVII ст. «даравальнымі» («жалованными» — па–руску), «даравальнымі (пацвярджальнымі)», «пацвярджальнымі», «даравальнымі пацвярджальнымі» (Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею (далей — АЗР). Санкт–Петербург, 1848. Т. 3 (1544—1587) (далей — АЗР. Т. 3). № 49. С. 153, № 52. С. 157, № 54. С. 159; АЗР. Санкт–Петербург, 1851. Т. 4 (1588—1632). № 4. С. 7, № 6. С. 10, № 8. С. 13, № 171. С. 258; АЗР. Санкт–Петербург, 1853. Т. 5 (1633—1699). № 1. С. 1, № 2. С. 2, № 17. С. 67 і інш.). Ёсць у яго і «ўводная» грамата і «каралеўскія прыгаворы» (АЗР. Т. 3. № 57. С. 163, № 111. С. 241). Але і не працы І. Грыгаровіча паслужылі мне ўзорам для пераймання.

50 Метрыка. Спр. 19. Арк. 27 адв., 28, 28 адв., 29, 31 адв.; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499—1514). U˛rašymų knyga 8 / Par. A. Baliulis, R. Firkovičius, D. Antanavičius. Vilnius, 1995. № 197. Р. 190; LM–12. № 19. Р. 129, № 209. Р. 235, № 216. Р. 238, № 218. Р. 239, № 247. Р. 257, № 269. Р. 267, № 336. Р. 300, № 337. Р. 301, № 434. Р. 352, № 437. Р. 355; LM–15. № 106. Р. 140, № 131. Р. 161, № 147. Р. 185, № 186. Р. 243; Метрыка Вялiкага княства Лiтоўскага. Кнi­га 28 (1522—1552). Кнiга запiсаў 28 / Падрыхт. В. Мянжынскi, У. Свя­жынскi. Мінск, 2000. № 5. С. 51, № 19. С. 68, № 29. С. 80, № 30. С. 80, № 55. С. 103, № 56. С. 104, № 61. С. 109, № 75. С. 124, № 81. С. 131, № 119. С. 160, № 152. С. 196; LM–224. № 453. Р. 366, № 508. Р. 404; LM–225. № 299. Р. 214; LM–227. № 89. Р. 65, № 90. Р. 66, № 184. Р. 97, № 225. Р. 108, № 336. Р. 155; LM–230. № 4. Р. 7 і інш.

51 ML–131. № 37. S. 28, № 45. S. 31, № 78. S. 40, № 84. S. 41, № 222. S. 75, № 270. S. 85, № 332. S. 102, № 353. S. 106, № 470. S. 136, № 472. S. 137, № 556. S. 161, № 562. S. 162, № 616. S. 181, № 780. S. 233, № 821. S. 244, № 1090. S. 362 і інш.; Руська (Волинська) Метрика. Регести документів Коронної канцелярії для українських земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 // Передмова П. Кеннеді Грімстед; упорядники Г. Боряк, Г. Вайс, К. Вислобоков і інш. Київ, 2002. № 97. С. 804, № 98. С. 804, № 101. С. 804, № 102. С. 804, № 103. С. 804, № 105. С. 805 і інш.

52 Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов (далей — АВАК). Вильна, 1865. Т. 1. Акты Гродненского земского суда. № 35. С. 130, № 38. С. 143; АВАК. Вильна, 1870. Т. 3. Акты Брестского гродского суда. № 4. С. 7, № 5. С. 9, № 11. С. 20, № 12. С. 20, № 37. С. 58, № 45. С. 67, № 46. С. 68, № 48. С. 71 і інш.

53 Метрыка. Спр. 21. Арк. 130 і інш.

54 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 692. Т. 2. Арк. 71; спр. 1336. Т. 2. Арк. 391, 602, 624, 633 і інш.

55 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк. 112 адв. і інш.

56 Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 17 / Склад. Т. І.Блізнюк, А. М. Булыка, Р. С. Гамзовіч і інш. Мінск, 1998. С. 55.

57 НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Т. 1. Арк.  17, 18 і інш.

58 «И пани Воитеховая перед нами мовила, ижъ пану моему жадного суда и усказываня и с Сенкомъ Звегою не было, а то он листъ указывает жалобъныи, нехаи он листъ укажетъ судовыи…» (Lietuvos Met­rika. Knyga Nr. 11 (1518—1523). Įrašų knyga 11 / Par. A. Dubonis. Vilnius, 1997 (далей — LM–11). № 138. Р. 133). Гл. таксама: LM–11. № 109. Р. 115; Метрыка. Спр. 21. Арк. 113; спр. 228. Арк. 33, 51, 53 адв. і інш. Дарэчы, тэрміны «увяжчы» і «вырак», я выкарыстоўваў у выданні кнігі Метрыкі ВКЛ 44, таму для мяне яны не з’яўляюцца «адкрыццём».

59 «И мы тому порозумевши, таковыи есмо промежку них розсудок и сказанье вчинили… (Метрыка. Спр. 18. Арк. 30 адв.; «...розсудок тому вчинити водле прав писаных Статуту земского…» (Метрыка. Спр. 21. Арк. 82) і інш.

60 Напр.: БАШ. Вып. 3. 2001. С. 186, 189.

61 БАШ. Вып. 2. 2001. С. 228.

62 МР. С. 147. Артыкул 916.

 

змест