Праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі Беларусі*

Віктар Цемушаў

Гістарычны раздзел „Нацыянальнага Атласа Беларусі“ (далей: НАБ) адлюстраваў узровень і стан сучаснай гістарычнай геаграфіі і картаграфіі ў Беларусі. Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы была здзейснена спроба картаграфічнага адлюстравання шматвяковай беларускай гісторыі. Практычна ўсе значныя падзеі знайшлі месца на старонках гістарычнага раздзела НАБ. Акрамя таго, дзякуючы спецыфіцы картагра­фіч­най працы, змест раздзела значна глыбей, чым адпаведныя па тэматыцы і часе гістарычныя даследаванні пісьмовага характару. Дакладная лакалізацыя падзей, адлюстраванне тэрытарыяльных зменаў, дзяржаўных граніц, напрамкаў паходаў і г.д. — інфармацыя, якая істотна дапаўняе і падымае на новы ўзровень гістарычныя веды і разуменне гістарычнага працэсу ў цэлым.

Адной з пераваг раздзела „Гісторыя“ НАБ з’яўляецца яго строга навуковы характар. Тое, што выданне не арыентавана на выкарыстанне ў сферы адукацыі, дазволіла пазбегнуць абагульненняў і адаптацыі. Вялікі фармат НАБ зрабіў магчымым тое, чаго цяжка было дасягнуць у гістарычных картах малых памераў, якія звычайна ўкладаюцца ў даследаванні ці аб’­ядноў­ваюцца ў атласы. Вялікі калектыў аўтараў здолеў на належным узроўні вырашыць вельмі складаную задачу — са­браць і апрацаваць існуючы, стагоддзямі назапашваны матэрыял (традыцыі выяўлення Беларусі на картах не адно стагоддзе). Спецыфіка картаграфічнага адлюстравання гістарычнай рэчаіснасці такая, што нават добры даследчык–гісторык, звяртаючыся да картаў, сутыкаецца з цалкам незнаёмай для яго сферай ведаў. Як правіла, пры першым набліжэнні да вырашэння пастаўленай задачы пачынаецца пошук ужо гатовых, раней створаных картаў. У выніку такога запазычвання і рэпрадукцыі працягваюць існаваць многія гістарыяграфічныя міфы, пазбаўленне якіх — справа даволі марудная. У гэтай сувязі раздзел „Гісторыя“ НАБ з’явіўся несумненным крокам наперад. Уважлівае рэдагаванне раздзела дазволіла пазбегнуць шматлікіх недакладнасцяў і аўтарскіх памылак, якія сталі „агульным месцам“ многіх гістарычных картаў, што выдаюцца цяпер.

Развіццё гістарычнай картаграфіі Рэчы Паспалітай, Ра­сійскай імперыі, Савецкага Саюза, нарэшце, Рэспублікі Беларусь дало моцны падмурак для стварэння на сучаснай навуковай аснове картаў, якія адлюстроўваюць беларускую гісторыю XVII—XX ст. За некаторымі выключэннямі (казацка–сялянская вайна, першыя гады існавання беларускай дзяржавы і інш.) тэмы, што знайшлі адбітак у раздзеле „Гісторыя“ НАБ, карысталіся пільнай увагай даследчыкаў або былі часткай карта­графічнай вытворчасці, якая абслугоўвала па­трэбы дзяржавы. Асаблівую каштоўнасць у гэтай сувязі набываюць карты, упершыню зробленыя для раздзела „Гісторыя“ НАБ, або карты — абагульняльны вынік папярэдніх распрацовак. Найбольш цікавымі сярод іх можна назваць тыя, што тычацца перыяду беларускай гісторыі, пазбаўленага тагачаснай картаграфічнай традыцыі, дастатковых дакументальных дадзеных і абагульняльных гістарычна–геа­графічных прац. Гэта карты, прысвечаныя беларускаму Сярэднявеччу і ранняму Новаму часу. Складанай працы патрабавала стварэнне наступных картаў:

1. Лысенка П.Ф., Штыхаў Г.В. Беларусь у IX — першай палове XIII ст. 1: 4 000 000 (С. 264).

2. Насевіч В.Л. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рус­кага і Жамойцкага. Другая палова ХIII — XIV ст. 1:5 500 000 (С. 264—265).

3. Насевіч В.Л. Вялікае Княства Літоўскае ў XV — першай палове XVI ст. 1:5 500 000 (С. 265).

4. Спірыдонаў М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000 (С. 266—267). Рэч Паспалітая ў канцы XVI ст. 1:10 000 000 (С. 267).

Паспрабуем праз крытычны разбор пералічаных картаў, а таксама спробу абгрунтавання метадаў гістарычна–геаграфічнага даследавання вызначыць стан гэтага спецыфічнага кірунку сучаснай беларускай навукі.

Пры разглядзе карты „Беларусь у IX — першай палове XIII ст.“ складваецца ўражанне, што галоўным імкненнем яе аўтараў было пазбавіцца праблемных момантаў. І сапраўды, на ёй адсутнічае некалькі рэгіёнаў (частка Дзвіны з Герцыке і Кукенойсам, раён польска–руска–яцвяжскіх кантактаў з Візнай і Райгорадам, частка Пабужжа з Дарагічынам і цалкам руска–польскае памежжа, паўднёвая частка Пагарыння), якія даволі складана размежаваць і вызначыць іх уладальніцкую прыналежнасць. Адсутнасць пазначаных рэгіёнаў, пэўна, звязана з тым, што яны цяпер не ўваходзяць у межы Рэспублікі Беларусь. Вывучаюцца, такім чынам, толькі беларускія землі, пад якімі разумеюцца, відавочна, сучасныя землі Беларусі. Але, незалежна ад нашых жаданняў, сярэднявечныя дзяржаўныя ўтварэнні не ўпісваліся ў сучасныя дзяржаўныя межы. Калі Полацкае княства ці Тураўская зямля займалі частку тэрыторыі сучаснай Польшчы, Літвы або Расіі, то трэба пазначыць іх тэрыторыі поўнасцю. Іншая пазіцыя можа быць ахарактарызавана як антынавуковая. Сказанае тычыцца толькі тых утварэнняў, цэнтры ці найбольшая частка якіх змяшчаліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Па сутнасці, першая карта складаецца з трох зрэзаў, або трох не звязаных паміж сабою картаў: „Тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх племянных саюзаў у IX—X ст.“, „Землі (княствы) X—XII ст.“, „Землі (княствы) першай паловы XIII ст.“ Палітычныя граніцы не супадалі з межамі рассялення племянных саюзаў. Пераемнасці, такім чынам, паміж першым і другім зрэзамі карты можа і не быць. Але незразумела, адкуль узнікаюць зусім іншыя граніцы паміж другім і трэцім зрэзамі. Суадносін паміж граніцамі наогул не назіраецца. Ствараецца ўражанне, што тэрыторыі княстваў XIII ст. склаліся незалежна ад дзяржаўных утварэнняў, якія існавалі раней. Паўночны захад на карце застаўся белай плямай. Балцкія плямёны знахо­дзяцца па–за сферай уплыву рускіх зямель. Аўтары не рызыкуюць распаўсюджваць межы Полацкага княства далей за тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. На карце не акрэслена зона, занятая яцвягамі — так своеасабліва вырашаецца праблема ўключэння часткі яцвяжскіх зямель у склад Галіцка–Валынскага і Мазавецкага княстваў. Наогул здзіўляе даволі вольнае абыходжанне аўтараў карты з граніцамі. Складаныя праблемы полацка–наўгародскага, віцебска–смаленскага, руска–літоўскага, руска–польскага памежжа вырашаюцца або адмаўленнем іх адлюстравання на карце, або грубым абагульненнем і выпростваннем. Верагодна, у выніку такіх ураўноў­ванняў цэнтр полацкага ўдзела Стрэжаў застаўся далёка за межамі полацкіх зямель. Адпавядаюць ці не тагачаснай рэча­існасці пазначаныя на карце граніцы, сказаць цяжка. Але ці трэба на некаторых ускраінах зямель і княстваў наогул пазначаць граніцы? Наўгародскія і полацкія ўладанні не сутыкаліся, а паміж залежнымі ад рускіх князёў тэрыторыямі і землямі незалежных балтаў таксама немагчыма акрэс­ліць граніцы.

Адным з перспектыўных напрамкаў пры вывучэнні тэрытарыяльнага ўладкавання старажытных беларускіх зямель з’яўляецца вылучэнне па археалагічных дадзеных арэалаў існавання і дынамікі развіцця валасцей. Распаўсюджванне княжацкай улады фіксуюць апорныя пункты. Яны ўзнікалі на мяжы тэрыторый, якія мелі цягу да вызначанага цэнтра. Гэтыя пункты не абавязкова былі пагранічнымі. Паміж імі і тэрыторыямі, падуладнымі іншым цэнтрам, маглі ляжаць нікім не занятыя, не каланізаваныя або не „акняжаныя“ землі. Напрыклад, сустрэча полацкіх (віцебскіх) уладанняў са смаленскімі адбылася не адразу, а толькі ў XII ст.1 Таксама і фармаванне полацка–наўгародскай, чарнігава–смаленскай і ін­шых граніц адбылося ў пачатку гэтага стагоддзя. Археалагічныя дадзеныя даюць магчымасць прасачыць каланізацыйны працэс і на падставе назіранняў скласці ўяўленне пра рост тэрыторый дзяржаўных утварэнняў.

Другому напрамку вызначэння структуры беларускіх зямель IX — першай паловы XIII ст. дае перспектыву метад Л.В. Аляк­сеева. Вылучэнне тапонімаў і гідронімаў з коранем „рубеж“, „мяжа“, „княж“ і іншых, у некаторых выпадках, дае падставу для рэканструкцыі старажытных дзяржаўных межаў. Аднак трэба вельмі асцярожна карыстацца згаданым метадам. Становіцца рэальнасцю, калі даследчык, валодаючы нейкім наборам пунктаў з назвамі „Рубеж“, „Межнік“ і г.д., даволі адвольна карыстаецца імі, упісваючы ў загадзя створаную схему. Наяўнасць падобных назваў не дае аўтаматычна права на іх выкарыстанне. Так, напрыклад, рака Мяжа (левы прыток Дзвіны), нягледзячы на такую назву, не была ніколі пагранічнай. Таму, карыстаючыся метадам Л.В. Аляксеева, трэба заўжды абапірацца на археалагічныя дадзеныя.

Наколькі існуючыя метады і напрацоўкі даследчыкаў знай­­шлі адлюстраванне на разгляданай карце? На ёй не адлюстравана хоць якой–небудзь дынамікі. Княствы паўстаюць у якасці маналітных утварэнняў з надзіва ўстойлівымі межамі. Ці адбывалася фармаванне дзяржаўнай тэрыторыі Полацкага княства, якім чынам паўстала Тураўскае княства (у некалькі разоў меншае за Тураўскую зямлю), калі і як узніклі агульныя граніцы паміж рускімі княствамі? Гэтыя пытанні застаюцца без адказаў. На карце не толькі не пазначаны тэрытарыяльныя набыткі і страты тых ці іншых княстваў, але не зроблена і спробы акрэсліць межы найбольш значных удзельных княстваў (Менскага, Віцебскага, Друцкага ды інш.). Тут мы зноў назіраем імкненне пазбавіцца рашэння навуковых задач або наогул ігнараванне гістарычных фактаў.

Хоць храналагічныя рамкі карты — першая палова XIII ст., на ёй пазначаны гарады (у тым ліку і цэнтры ўдзельных княст­ваў), што ўпершыню згадваюцца пісьмовымі крыніцамі ў другой палове XIII ст. Палітычныя падзеі, якімі была насычана гісторыя беларускіх зямель IX — першай паловы XIII ст. (напрыклад, барацьба Полацка з Кіевам, абарона незалежнасці Туравам, заваёвы Берасця ці Дарагічына палякамі), на карце наогул не адлюстраваны. Агульную канцэпцыю стваральнікаў гэтай карты характарызуюць адсутнасць войнаў з суседзямі, тэрытарыяльнай экспансіі (не толькі кіеўскіх, але і полацкіх князёў) і наогул якой–небудзь палітычнай барацьбы.

Здаецца, аўтары выкарыстоўвалі метад лінгвістычнай адпаведнасці. Гэты метад, між іншым, ужо саслужыў кепскую службу даследчыкам. Найбольш яскравым прыкладам з’яўляецца лёс Смаленскага княства. Абапіраючыся на унікальную крыніцу — устаўную грамату князя Расціслава Смаленскага для стваранага епіскапства (1136), гісторыкі адшуквалі на карце населеныя пункты, адпаведныя згаданым у грамаце. Зусім няўдалай выглядае спроба І.Д. Бяляева атаясаміць Даброчкава з Добрычамі, Дабраціна — з Добрым, Беніц — з Бялынкавічамі2. Аднак высновы больш вядомага гісторыка П.В. Галубоўскага сталі сапраўды хрэстаматыйнымі. Знайшоўшы ў актах XVI ст. згадку аб Дабрацінскім сяле, П.В. Галубоўскі прыняў яго за цэнтр воласці Дабрацін XII ст. Пасля гэтага гісторык, зыходзячы з таго, што воласці Дабрацін, Даброчкаў і Баброўніцы запісаны ў грамаце групай, знайшоў каля Дабраціна падобныя назвы — сёлы Дабрына і Баброўнікі3. Гэтыя і падобныя няпэўныя лакалізацыі П.В. Галубоўскага на доўгі час вызначылі межы Смаленскага княства, якое ў выніку распасціралася амаль да Масквы. Зрэшты, высновы П.В. Галубоўскага знаходзяць прыхільнікаў і ў наш час4, прычым для іх пацверджання ўжываюцца нават археалагічныя дадзеныя5.

Але вернемся да карты П.Ф. Лысенкі і Г.В. Штыхава. У беларускай гістарычнай навуцы пануе меркаванне аб лакалізацыі Лучына і Стрэжава на Дняпры, ніжэй Рагачова. Атрымліваецца, што на поўдзень ад кіеўскага ўладання Рагачова ўздоўж Дняпра ідзе смаленскі Лучын, потым полацкі Стрэжаў, затым чарнігаўская Рэчыца, якая напрыканцы змяняецца кіеўскімі землямі. Ці магчыма такая цераспалосіца ўладанняў? Варта азначыць, што яна фактычна ігнаруецца складальнікамі карты. Верагодна, канешне, дапусціць існаванне цэнтраў без валасцей, якія існавалі за кошт збірання мыта6, але лепш зноў звярнуць увагу на метад лакалізацыі згаданых паселішчаў. І Лучын, і Стрэжаў ідэнтыфікаваны з падобнымі назвамі на правым беразе Дняпра. Лінгвістычная адпаведнасць пацверджана археалагічнымі знаходкамі. Аднак Лучынаў у наваколлях Смаленска існуе некалькі. Напрыклад, П.В. Галубоўскі лічыў, што Лучын — гэта Лучане на рацэ Ельшы7. Гэтая здагадка не пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі. Як пераканаўча даказвае Л.В. Аляксееў, Лучын знаходзіўся ля Лучанскага возера8. Гэтая лакалізацыя больш адпавядае логіцы тэрытарыяльнага развіцця Смаленскага княства. Спрэчным з’яўляецца і атаясамленне Стрэжава з сучасным Стрэшынам. Хоць у наваколлях апошняга знаходзіцца моцнае гарадзішча старажытнарускага часу, лінгвістычна Стрэжаў і Стрэшын не суадносяцца, тым больш што Стрэжаў павінен знаходзіцца бліжэй да Менску9.

Наогул метад лінгвістычнай адпаведнасці трэба выкарыстоўваць вельмі асцярожна. Вынікі, атрыманыя дзякуючы яму, цяжка ўпісаць у тэрытарыяльную сістэму княскіх уладанняў старажытнарускага перыяду. Па словах аўтарытэтнага да­следчыка рускай генеалогіі і тапанімікі С.Б. Весялоўскага, „метад выбаркі тэрмінаў па сугучнасці ў самых разнастайных мясцовасцях і затым філалагічнай іх апрацоўкі дае невялікія вынікі, па большай частцы вельмі спрэчныя“10. Зрэшты, нель­га і адмаўляцца ад яго выкарыстання. Пры дапамозе археалогіі і глыбіннага вывучэння гісторыі існавання пэўнага населенага пункта можна атрымаць вельмі каштоўныя вынікі.

Зварот да апісанага вышэй метаду сведчыць пра больш грунтоўны падыход да методыкі гістарычна–геаграфічнага даследавання. Раней асноўны элемент лакалізацыі выглядаў так. Выкарыстоўваючы сучасную карту, у лепшым выпадку спісы населеных пунктаў XIX ст. ці карты таго ж часу, даследчык знаходзіў метадам лінгвістычнай адпаведнасці патрэбныя яму аб’екты, сцвярджаў іх існаванне ў XVI—XVII ст. паводле пісьмовых крыніц і быў упэўнены ў правільнасці сваёй лакалізацыі. Яшчэ адным абавязковым яе элементам стала выкарыстанне археалагічных дадзеных. Але ўся сукупнасць метадаў і, на першы погляд, вельмі моцная навуковая аснова пагражала памылкамі. Прыкладам можа служыць выпадак са старажытнарускім Сверылескам — уладаннем Чарнігаўскага княства. Яго справядліва шукалі каля ракі Акі, але няўдала атаясамілі з сялом Северскім, вядомым па актах з XIV ст., потым знайшлі на сучаснай карце (пры ўпадзенні рэчкі Северкі ў Маскву) і пацвердзілі лакалізацыю археалагічнымі дадзенымі. Чарнігаўскае княства набыло ў выніку неверагодныя абрысы. Як бачым, у прыведзеным прыкладзе памылковым было выкарыстанне метаду лінгвістычнай адпаведнасці. Толь­кі часта вельмі цяжка знайсці загану ў ланцугу лагічна нанізаных метадаў.

Недахопы разгледжанага метаду — у адарванасці кан­крэтных пошукаў ад ведання рэгіёну ў цэлым, у адсутнасці комплекснага даследавання гістарычных тэрыторый. Глыбіннае вывучэнне гісторыі жыцця таго ці іншага населенага пункта ад пачатку яго існавання да знікнення ці да сучаснага стану, выкарыстанне самых разнастайных крыніц і разгляд развіцця канкрэтнага аб’екта ў кантэксце мясцовага асяроддзя дазваляе не толькі пазбегнуць магчымых памылак, але і на новым узроўні атрымаць дадатковыя веды ды зірнуць на гісторыю ўсяго рэ­гіёну.

Комплексныя даследаванні гістарычных тэрыторый ці гістарычных ландшафтаў — новая ступень развіцця гістарычнай геаграфіі. Сутнасць пазначанага напрамку ў сінтэзе метадаў як гуманітарных, так і прыродазнаўчых навук, накіраваных на вывучэнне гістарычна аб’яднаных тэрыторый (валасцей, удзельных княстваў, зямель і г.д.). Накладванне суцэльнага археалагічнага даследавання нейкай мясцовасці на яе ж тапанімічны зрэз, звесткі пра якую атрыманыя дзякуючы разнастайным прыёмам, дае ўяўленне не толькі пра сістэму землеўладання, але і пра эканамічны рост або заняпад на пэўнай гістарычнай тэрыторыі, пра развіццё гаспадарчай дзейнасці і каланізацыйнага руху. На жаль, комплексным даследаваннем не закрануты на сёння ніводны рэгіён Беларусі. Мабыць, у якасці выключэння можа быць пазначана толькі вялікая праца М.Ф. Спірыдонава па даследаванні развіцця тэрыторыі горада Мінска і яго наваколля.

Трэба зазначыць, што камбінаванне метадаў розных навук для вырашэння пастаўленай задачы — не сучаснае дасягненне. Так, ужо С.Б. Весялоўскі, карыстаючыся дадзенымі генеалогіі і тапанімікі, рабіў высновы аб баярскім землеўладанні ў Вялікім Княстве Маскоўскім. Прызнаючы адной з асноў гістарычна–геаграфічнага даследавання лакалізацыю, ён выпрацаваў сваю комплексную сістэму непасрэднага збірання тапанімічных матэрыялаў шляхам суцэльнага даследавання мясцовасці і апытання жыхароў наваколляў11.

Агульнае развіццё спецыяльных гістарычных даследаванняў у межах гістарычнай геаграфіі праходзіць шлях ад дыферэнцыяцыі гістарычных ведаў да інтэграцыі метадаў розных навук, накіраваных на вывучэнне гістарычных рэгіёнаў. Першасная апрацоўка дадзеных, спробы лакалізацыяў і аглядаў пэўных тэрыторый могуць і павінны спалучацца з супастаўленнем дадзеных розных галін гістарычнай навукі (генеалогіі, археалогіі, краязнаўства і г.д.), а калі патрэбна, то і з дадзенымі іншых навук (геаграфіі, мовазнаўства, этналогіі, палеабіялогіі і г.д.).

Адзін з галоўных недахопаў сучаснага гісторыка, які займаецца гістарычнай геаграфіяй і картаграфіяй — няўменне працаваць на кампутары. Несумненная неабходнасць у наш час — авалодванне спецыяльнымі кампутарнымі графічнымі пакетамі, якія дазваляюць пазбавіцца мноства недахопаў ру­ціннай ручной працы і значна ўдасканаліць яе вынікі. Павінна адысці ў мінулае практыка адлюстравання гістарычных рэгіёнаў на бланкоўцы дрэннай якасці ці наогул на непрыстасаванай выпадковай карце алоўкамі ці нават фламастэрамі. Ні аб якой дакладнасці вызначэння межаў, лакалізацыі населеных пунктаў або гістарычных падзей у працы не можа ісці гаворкі. Калі рэдактар–картограф сустракаецца з аўтарскім арыгінал–макетам, то ў ім месцазнаходжанне межаў, паселішчаў і г.д. часта вагаецца ў даволі значных маштабах, бо гісторык перш за ўсё імкнецца пазначыць падзеі, канцэптуальна абумовіць апошнія, адлюстраваць менавіта палітычныя дзеянні, і ў выніку па–ранейшаму працягвае быць толькі гісторыкам. На гістарычна–геаграфічныя атрыбуты карты (граніцы, дакладнасць лакалізацыяў і г.д.) звяртаецца значна менш увагі. Методыка, адпаведна якой гісторык самастойна акрэслівае нейкія межы, вылучае пасля карпатлівага аналізу пэўныя зямельныя ўладанні, непасрэдна карыстаючыся кры­ні­цамі, у працы сучаснага гісторыка амаль адсутнічае. Ён звычайна запазычвае іх з раней складзеных гістарычных картаў. У выніку характэрнай агульнай прыкметай нядобрасумленнай працы гісторыка, які выступае ў якасці картографа, з’яўляецца моцнае спрашчэнне першапачаткова дэтальнага і да­кладнага абрысу межаў дзяржавы, уладанняў, далучаных тэрыторый і г.д. Звярнуўшы ўвагу на дзве наступныя карты, прысвечаныя ўтварэнню і развіццю Вялікага Княства Літоў­скага ў другой палове ХIII — XIV ст. і ў XV — першай палове XVI ст., мы пераканаемся ў тым, што аўтар у сваёй працы не пайшоў далей за гэтую састарэлую методыку.

Тэматычна першая з дзвюх картаў, прысвечаных гісторыі ВКЛ, распадаецца на некалькі сюжэтаў. Перад нашымі вачыма паўстае развіццё некалькіх дзяржаўных утварэнняў — ВКЛ, Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Маскоўскага і Нямецкага ордэна. Пэўная ўвага аддаецца і рускім княствам, на аснове якіх паўсталі дзве найбуйнейшыя дзяржавы Ўсходняй Еўропы, падрабязна разглядаецца барацьба Ордэна за славянскія і балцкія землі. У адрозненне ад папярэдняй карты гэтая насычана мноствам падзей ваеннага характару, на ёй пазначаны амаль усе тэрытарыяльныя фармаванні (дзяржавы, племянныя княствы, гістарычна–геаграфічныя вобласці і г.д.), вылучаны цэнтры рускіх зямель, удзельных княстваў, польскіх княстваў на сярэдзіну XIII ст.

Гэтая карта таксама распадаецца на некалькі зрэзаў. Першы з іх, у адпаведнасці з легендай, называецца „Этнапалітычная сітуацыя на сярэдзіну XIII ст.“ Уся інфармацыя карты, па­значаная каляровай заліўкай, тычыцца менавіта першага зрэзу. Другі зрэз, пазначаны ў легендзе як „Тэрытарыяльныя змены ў другой палове XIII ст.“, падаецца штрыхоўкай, патэрнамі і каляровымі межамі. Трэці, „Тэрытарыяльныя змены ў XIV ст. (да 1384 г.)“, — адлюстроўваецца тымі ж прыёмамі, што і другі. Паміж усімі зрэзамі існуе пераемнасць, адзін дапаўняе другі, сыходзіць ад дадзеных папярэдняга, і ў выніку складваецца гарманічная карціна тэрытарыяльнага развіцця дзяржаў Усходняй Еўропы на працягу другой паловы XIII — XIV ст.

Трэба адзначыць, што карта не адлюстроўвае цалкам XIV ст.: аўтар спыніўся на 1385 г. — часе заключэння Крэўскай уніі. Наступная карта пачынаецца з канца XIV ст. (хоць у назве храналагічным пачаткам абвешчана XV ст.). Але, нягле­дзячы на неадпаведнасць назваў картаў іх інфармацыйнаму зместу, пераемнасць абедзвюх захавалася.

Храналагічны падзел паміж дзвюмя картамі, якія прысвечаны гісторыі ВКЛ, падаецца няўдалым. Як бачым, аўтар абе­дзвюх картаў сам не быў паслядоўным і не давёў да адпаведнасці храналогію назвы і рэальнае адлюстраванне часу на картах. Не заўсёды пры вызначэнні складу картаў можна выкарыстаць гістарычную храналогію. Трэба ўлічваць зручнасць менавіта тэрытарыяльнага развіцця краіны, гісторыю якой мяркуецца адлюстраваць. Напрыклад, рубяжом паміж картамі па гісторыі ВКЛ можа служыць канец першай трэці XV ст., калі ВКЛ дасягнула найвялікшай палітычнай магутнасці, скончылася яго барацьба з Каралеўствам Польскім за галіцка–валын­скую спадчыну і наогул яго тэрыторыя дасягнула сваіх найбольшых памераў. Падобны рубеж праглядваецца таксама ў канцы XV ст., калі пачынаюцца войны паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім, якія прынеслі вялізныя тэрытарыяльныя змены. У выніку атрымліваецца не менш за тры карты на перыяд ад утварэння ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. Пры неабходнасці можна аб’яднаць іх і зрабіць дзве (рубеж паміж імі — першая трэць XV ст.), аднак больш мэтазгодны першы варыянт.

Адлюстраванне на карце зямель Русі сярэдзіны XIII ст. мае шмат недахопаў. Па–першае, трэба зазначыць, што яно цалкам не адпавядае папярэдняй карце, у якой пададзены межы зямель (княстваў) на першую палову XIII ст. Тое вылучэнне цэнтраў зямель Русі, якое робіць В. Насевіч, для сітуацыі XIII ст. не мае ніякага сэнсу, тым больш што гэтыя цэнтры вызначаюцца вельмі адвольна. Тэрыторыі Русі групуюцца па незразумелым прынцыпе вакол Галіча (ён не быў цэнтрам Галіцка–Валынскага княства, а сталіцай у той час з’яўляўся Холм), Пінска, Новагародка, Полацка, Смаленска, Кіева, Чарнігава, Пераяслава–Разанскага (і пасля мангола–татарскага нашэсця некаторы час сталіцай Разанскага княства заставалася Разань — а яна нават не пазначана на карце), Мурама, Уладзіміра. На самай справе падзел Русі на шэраг зямель для сітуацыі другой паловы XIII ст. — з’ява састарэлая. У гэты час фармуюцца новыя групоўкі княстваў, напрыклад, Вярхоўскія княствы, Чарнігава–Северская зямля з цэнтрам у Бранску. Цяжка зна­й­сці цэнтры на тэрыторыі Беларусі, Паўночна–Ўсходняй Русі. У палітычным плане часткі пазначаных тэрыторый моцна аддаліліся адна ад адной і ўяўлялі сабой незалежныя дзяржавы — цэнтры княстваў–зямель, у межах якіх утвараліся свае княствы. Прынцып „адзіная княжацкая дынастыя — адзі­ная зямля“ быў моцна парушаны яшчэ да мангольскага нашэсця.

У сярэдзіне XIII ст. не існавала гарадоў Мядынь (упер­шыню згадваецца больш чым праз стагоддзе), Камянца (каля Днястра), Браслава (на Паўднёвым Бугу), Жытоміра, Калугі (з другой паловы XIV ст.). Няма ўпэўненасці ў статусе горада такіх населеных пунктаў, як Рагачоў, Магілёў, Глуск, Гомель і г.д.

Падаецца больш мэтазгодным адлюстраваць не тэрыторыі Русі, падуладныя Залатой Ардзе з сярэдзіны XIII ст., а межы зямель, падуладных Залатой Ардзе (уключыўшы ў іх склад і Галіцка–Валынскае княства). У гэтым выпадку з’явіцца магчымасць выкарыстаць колер для пазначэння росту тэрыторый ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага. Метадычна ня­правільна аддаваць другараднай інфармацыі найбольш наглядны сродак адлюстравання. Штрыхоўку, што абазначае тэрыторыі рускіх княстваў, пра якія няма звестак, лепей ужываць для тых тэрыторый Русі, якія захавалі незалежнасць ад Арды.

Дарэчы, здзіўляе фармулёўка легенды карты (якая, між іншым, ніколі раней не сустракалася): „Тэрыторыі [...] рускіх княстваў, пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“. Выкарыстоўваючы разнастайныя метады, прынамсі, пазначаныя вышэй, цалкам рэальна ліквідаваць усе „белыя плямы“. Другая справа, што не было спробы зрабіць гэта. Таксама выклікае незадаволенасць фраза легенды: „Тэрыторыі [...] рускіх княстваў, якія, верагодна, захавалі незалежнасць ад Арды“. Не верагодныя, а дакладныя межы тэрыторый акрэсліваюцца дзякуючы канкрэтным сведчанням крыніц і шматлікім даследаванням (напрыклад, В.Л. Ягорава)12.

Больш за ўсё крытыкі заслугоўвае азначэнне межаў дзяржаўных утварэнняў і далучаных тэрыторый (існаванне апошніх не растлумачана ў легендзе карты). Большасць з іх — або спрошчанае запазычанне, або выдумка аўтара. Тэрыторыя Галіцка–Валынскага княства на сярэдзіну XIII ст. пададзена з улікам зменаў, якія адбыліся пазней, і не адпавядае рэальнасці пазначанага часу. Так, Малдаўскае княства (больш дакладная назва Малдаўская зямля, або Малдаўскае ваяводства) утварылася толькі ў 1359 г. (яно ніколі не было залежным ад Арды, як пазначана на карце), а дагэтуль будучыя часткі яго тэрыторыі належалі Венгерскаму каралеўству, Залатой Ардзе і Галіцка–Валынскаму княству. Таксама некаторыя землі Карпата–Днястроўскага рэгіёну, якія трапілі ў склад Малдовы ў другой палове XIV ст., раней нават не былі асвоены. Пасля мангола–татарскага нашэсця значныя часткі тэрыторыі Галіцка–Валын­скага княства ці адарваліся ад цэнтральнай княскай улады — у іх абаснаваліся мясцовыя баяры (у Галічы, Луцку, Перамышлі, Крамянцы, Бакоце, Уграўску), ці трапілі пад непасрэдную ўладу татарскіх ордаў (Курэмсы, Бурундая). Падолле (тагачасная назва — Паніззе), насуперак сцвярджэнню карты, не належала ў сярэдзіне XIII ст. галіцка–валынскім князям. Толькі ў другой палове XIII ст. пачынаецца аднаўленне іх уплы­ву на землі Прута–Днястроўскага міжрэчча. У 1254 г. да ўладанняў князёў Раманавічаў адышла Болахаўская зямля — былая частка Кіеўскага княства. (Яна нават не пазначана на карце.) У першай трэці XIV ст. у сферу ўплыву галіцка–валынскіх князёў зноў трапіла значная частка Падольскай зямлі (паняцце Падольская зямля да таго часу аха­піла значна большую тэрыторыю, заняўшы, як мяркуюць малдаўская даследчыкі, значную частку пазнейшага Малдаўскага княства). Аднак у хуткім часе пачалася барацьба за галіцка–валынскую спадчыну паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ.

З–за няўдалага храналагічнага падзелу тэрытарыяльная спрэчка за галіцка–валынскія землі на першай карце застаецца нявырашанай і пераносіцца на другую. Здзіўляе неадпаведнасць межаў разгляданага рэгіёну на дзвюх картах. Межы тэрыторый, падуладных у той ці іншы час Літве або Польшчы, пазначаны вельмі прыблізна, і складваецца ўражанне, што адвольна. Напрыклад, ёсць Уладзімір, часова падуладны Польшчы, а яго тэрыторыя акрэсліваецца на нейкай адлегласці вакол горада. Але дзякуючы польскім і ўкраінскім даследаванням тэрыторыі гістарычных абласцей Галіцка–Валын­скай зямлі можна вызначыць даволі дакладна. У некаторых выпадках нельга пагадзіцца і з пазначэннем часу прыналежнасці галіцка–валынскіх зямель таму ці іншаму боку. Так, наконт Уладзімірскай зямлі сказана: „Тэрыторыя, часова пад­уладная Польшчы ў 1349—1352 і 1366—1370 г.“ Аднак ужо з 1350 г. Уладзімір — уладанне ВКЛ, што было сцверджана дагаворам 1352 г. Падобныя недакладнасці ёсць і ў звестках пра іншыя галіцка–валынскія землі. Магчыма,  табліца 1 дапаможа ўдакладніць інфармацыю аўтара карты.

Наступны вялікі рэгіён, які можна вызначыць на першай карце па ВКЛ, — кіеўскія і чарнігава–северскія землі. Здаецца, яго трэба было б таксама пазначыць як „тэрыторыі рускіх княстваў, пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“. Бо на ім нанесены толькі некаторыя цэнтры княстваў сярэдзіны XIII ст. У другой палове XIII — XIV ст. у спусташэнне прыхо­дзяць гарады Пуціўль, Ноўгарад–Северскі, Старадуб, Трубчэўск, Ялец, Курск. Адпаведна і княствы з цэнтрамі ў гэтых гарадах спыняюць сваё існаванне. Вызначыць іх межы на самай справе даволі складана. Аднак аўтар, зыходзячы з свайго меркавання аб складзе Кіеўскай і Чарнігава–Север­скай зямель, пазначае вельмі няпэўныя граніцы як саміх зямель, так і іх удзельных княстваў.

Пасля мангола–татарскага нашэсця на першы план у рэгіёне выходзяць новаўтвораныя Бранскае і Вярхоўскія княствы. Некаторыя тэрыторыі становяцца часткай непасрэдных уладанняў Залатой Арды, іншыя трапляюць у склад Кіеўскай зямлі (напрыклад, Пуціўль). Тэрытарыяльная сітуацыя другой паловы XIII — XIV ст. на карце застаецца нявызначанай. Мы даведваемся толькі аб няпэўных датах далучэння невядомых тэрыторый да ВКЛ і бачым вельмі абагульненую літоўскую граніцу напярэдадні Крэўскай уніі. Між іншым, межы ВКЛ у той час на ўсходзе не дасягалі Дону (толькі Северскага Данца і яго прытока Аскола), а на паўднёвым усходзе заходзілі за раку Ворсклу.

Не буду падрабязна спыняцца на некаторых іншых рэгіёнах — Смаленскай, Разанскай, Мурамскай і Наўгародскай землях. Можна толькі зазначыць, што прыналежнасць Мядыні, і асабліва Мажайска Вяземскаму княству (як гэта паказана на карце) — справа не даказаная. Межы Смаленскай зямлі і яе ўдзелаў, а таксама сумесных уладзіміра–наўгародскіх уладанняў вельмі абагульнены. Цікава, што да Ўла­дзімірскай зямлі аднесена Каломна, якая, як вядома, да пачатку XIV ст. знаходзілася ў складзе Разанскага княства.

Найбольшая колькасць недакладнасцяў, а часцей памылак і неапраўданых ігнараванняў, звязана з адлюстраваннем Паўночна–Ўсходняй Русі. Вялікую частку карты трэба пера­працаваць. Вядома, што аўтар у якасці асновы выкарыстаў працы вядучага расійскага даследчыка гістарычнай геаграфіі Маскоўскай Русі Ў.А. Кучкіна, але запазычванні былі зроблены вельмі няўдала і тычыліся толькі граніц княстваў (неверагодна абагульненых), а многія іншыя высновы навукоўца папросту ігнараваліся. Шмат увагі Ў.А. Кучкін надаваў пытанню аб складзе і межах Ўладзімірскага княства ў другой палове XIII — другой трэці XIV ст. (да зліцця з Вялікім Княствам Маскоўскім)13. За валоданне ўладзімірскім сталом ішла барацьба паміж найбольш уплывовымі рускімі князямі Паўночна–Ўсходняй Русі. Па традыцыі, усе вымарачныя княствы адыходзілі ў склад Вялікага Княства Ўладзімірскага (Пераяслаў–Залескі, Кастрама, Угліч, Юр’еў–Польскі). Такім чынам, уладзімірскія ўладанні не былі нязменным масівам зямель, яны дынамічна развіваліся ў бок павелічэння. Вяліка­княскія ўладанні і тэрыторыі іншых паўночна–ўсходніх рускіх княстваў ніколі не змешваліся, і нават князь, які атрымаў уладзімірскі стол, не меў права лічыць іх сваімі. Грубай памылкай аўтара з’яўляецца абагульненне ўсёй Паўночна–Ўсходняй Русі пад назвай Вялікае Княства Ўладзімірскае. Адпаведна легендзе, так называюцца дзяржавы ў другой палове XIV ст. Аднак у гэты час у Паўночна–Ўсходняй Русі існавала ўжо чатыры вя­лікія княствы — Уладзімірскае, Маскоўскае, Цвярское і Суздальска–Ніжагародскае. У гэтай сувязі незразумела, чаму Вя­лі­кае Княства Маскоўскае аўтар паслядоўна называе проста Маскоўскім княствам. Складваецца ўражанне, што карце ўласціва пэўная тэндэнцыйнасць, свядомае імкненне пазба­віц­ца ад фіксавання яшчэ аднаго цэнтра аб’яднання рускіх зямель і яго ўплыву на пэўныя тэрыторыі. Таксама фактычна ігнаруюцца і іншыя княствы Паўночна–Ўсходняй Русі. У сярэдзіне XIII ст. акрамя пазначаных на карце Пераяслава–Залескага, Суздальскага, Старадубскага, Растоўскага, Цвяр­скога і Ўладзімірскага несумненна існавалі Юр’еўскае, Дзмітраўскае (горада Дзмітрава наогул няма на карце), Углічскае і Гара­дзецкае княствы.

Трэба пагадзіцца з тым, што тэрыторыі Смаленскага, Вяземскага, Вярхоўскіх княстваў папераменна знаходзіліся ў залежнасці ад ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага. Але складана гаварыць пра тое ж адносна Наўгародскай зямлі. Бясспрэчна, Вялікі Ноўгарад — сфера ўплыву Масквы. Між іншым, на карце Наўгародскую зямлю трэба было пазначыць як сама­стойнае дзяржаўнае ўтварэнне. Незразумела, чаму да пераменна залежных зямель не аднeсена Ржэва. Менавіта за Ржэву вялася няспынная барацьба паміж Вільняй і Масквой. Гэта добра адлюстроўвае табліца 2.

Усе граніцы княстваў Паўночна–Ўсходняй Русі пададзены вельмі прыблізна. Яны зусім не адпавядаюць сучаснаму ўзроўню развіцця расійскай гістарычнай геаграфіі. Няма неабходнасці спыняцца на ўсіх недакладнасцях гэтай карты. Аднак яшчэ трэба зазначыць, што, як падаецца, яна не адлюстроўвае адзін з важных аспектаў — працэс аб’яднання рускіх зямель Масквой (у якасці працэсу, канкурэнтнаму росту тэрыторыі ВКЛ).

Безумоўна, даволі цяжка адлюстраваць ўсе тэрытарыяльныя змены, аднак для разгляданай карты, для якой прыняты прынцып выбаркі галоўных эпізодаў тэрытарыяльнага развіцця пэўных дзяржаў, гэта і не патрэбна. Дзякуючы такому прынцыпу можна пазначыць асноўныя моманты існавання таго ці іншага дзяржаўнага ўтварэння (напрыклад, яго межы пры ўтварэнні, у час найвялікшага тэрытарыяльнага развіцця і напрыканцы існавання). У выніку склалася б дастаткова поў­ная карціна тэрытарыяльнага ўпарадкавання дзяржаў Усходняй Еўропы другой паловы ХIII — XIV ст. Згаданы прынцып стварэння карты адзіна магчымы пры патрэбе адлюстравання зменаў на вялікай тэрыторыі працяглы перыяд. На акрэслены час прыпадае складванне дзяржаўнай тэрыторыі ВКЛ, Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Маскоўскага, Малдаўскага княства і Нямецкага ордэна. Магчыма, трэба было, у адпаведнасці з назвай карты, засяродзіць увагу на ўтварэнні і развіцці менавіта ВКЛ, звярнуўшыся перш за ўсё да беларускіх зямель, якія па сутнасці губляюцца на фоне мноства падзей і тэрытарыяльных зменаў, далёкіх ад іх межаў. На жаль, тэрыторыямі, „пра межы і прыналежнасць якіх звестак няма“ або „якія, верагодна, захавалі незалежнасць ад Арды“, сталі менавіта беларускія землі. У гэтай сувязі навуковае значэнне карты як даследавання па гісторыі Беларусі становіцца вельмі няпэўным. Адлюстраванне ўсёй тэрыторыі Польшчы, большасці рускіх княстваў ды і ўсёй тэрыторыі ВКЛ бачыцца немэтазгодным (паўторым, што гэта не адпавядае і назве карты). Яно апраўдана хіба толькі тым, што пералі­чаныя тэрыторыі лепш даследаваны, таму аўтару было адкуль браць дадзеныя. Складваецца ўражанне, што адзін з галоўных метадаў, які ўжываў аўтар — метад запазычвання.

Наступная карта В.Насевіча мае няўдалыя храналагічныя рамкі. Два розныя працэсы (рост тэрыторыі ВКЛ, які працягваўся ў першай трэці XV ст., і нястрымная экспансія Маскоўскай дзяржавы, што пачалася з канца XV ст.) накладваюцца адзін на адзін. У выніку графічнае адлюстраванне тэрытарыяльных зменаў губляе нагляднасць і вырашаецца шэрагам штрыховак і каляровых межаў. Гэтага можна было пазбегнуць, калі б папярэднюю карту храналагічна працягнулі да 30–х г. XV ст.

Яшчэ адным вынікам няўдалага храналагічнага падзелу стаў перанос на другі план вельмі значных падзеяў гісторыі ВКЛ. Далучэнні да ВКЛ Смаленска і Вязьмы зліваюцца ў адну падзею, гісторыя пашырэння літоўскай улады на Вярхоўскія княствы несправядліва абагульняецца. Вядома, што Вязьма была захоплена літоўскім князем Лугвенам раней за Смаленск, у 1403 г.14 Знешнепалітычная арыентацыя вярхоўскіх князёў у апошняй чвэрці XIV ст. не была аднолькавай. Князі Навасільскія і Тарускія заставаліся ў залежнасці ад Масквы, Казельскія і Ялецкія трапілі пад уладу Разані дзякуючы дзейнасці князя Алега Іванавіча, які таксама рэалізоўваў праграму аб’яднання рускіх зямель. Асобныя Карачаўскія князі або арыентаваліся на ВКЛ, або захоўвалі незалежнасць. У 1393 г. самастойнасць Тарускага княства была ліквідаваная — ярлык на валоданне ім набыў у Тахтамыша маскоўскі вялікі князь Васіль I. Пры гэтым тарускія князі працягвалі валодаць сваімі вотчынамі. Некаторыя з іх ад’ехалі да Вітаўта і атрымалі ад яго вялікую частку Карачаўскага княства. Адарваны ад Тарусы, як асобная адзінка, па–ранейшаму працягваў існаваць Валконскі ўдзел Тарускага княства. Палітыка ВКЛ у дачыненні да Вярхоўскіх княстваў актывізавалася ў канцы XIV ст. Тады Вітаўтам быў заняты шэраг гарадоў у вярхоўях Акі. Але захаваць свой уплыў вялікі князь літоўскі не здолеў з–за паразы на рацэ Ворскле (1399). Аслабленне ВКЛ выкарыстала Масква, да якой быў далучаны Казельск. Экспансія ВКЛ у Вярхоўскія княствы атрымала найбольшую выніковасць у пачатку XV ст. У выніку ваенных дзеянняў 1406—1408 г. Карачаў­скае княства было ліквідавана, а ў Казельску, Любуцку і Мцэнску створаны намесніцтвы. Князь Перамышльскі і, часова, князі Бялёўскія ад’ехалі ў Маскву. Навасільскія князі некаторы час захоўвалі прыхільнасць да Масквы, але ў 1427 г. зрабіліся васаламі Вітаўта, захаваўшы, аднак, у адрозненне ад іншых вярхоўскіх князёў, пэўную самастойнасць.

Безумоўна, каб адлюстраваць усе палітычныя падзеі, звязаныя з вельмі насычанай гісторыяй Вярхоўскіх княстваў або ўсяго ўсходняга памежжа ВКЛ, неабходна скласці асобную карту ці змясціць на вялікай карце „ўрэзку“. Аднак памылкова сцвярджаць, што ўсе Вярхоўскія княствы былі залежныя ад ВКЛ з канца XIV ст. і непасрэдна далучаныя да яго ў 1420–я г. Не трэба было і аб’ядноўваць Смаленскае княства з Вязем­скім.

Нягледзячы на адмоўныя заўвагі, карта „Вялікае Княства Літоўскае ў XV — першай палове XVI ст.“ мае вялікую навуковую каштоўнасць. Упершыню была зроблена спроба вызначыць катэгорыі зямельных уладанняў ВКЛ у другой палове XV ст. Справа гэта вельмі складаная, бо, каб акрэсліць зямельныя ўладанні на значнай тэрыторыі ВКЛ, трэба правесці карпатлівую, амаль непад’ёмную апрацоўку шматлікіх актавых матэрыялаў, ажыццявіць поўнамаштабную лакалізацыю, прыцягнуць дзеля гэтага дадзеныя мноства крыніц разнастайнага характару і часу. Здаецца, аднак, што дадзеная работа не была выканана на належным узроўні. Па–першае, бянтэжыць час, у межах якога вызначаюцца зямельныя ўладанні. Няўжо за паўстагоддзя не адбылося аніякіх зменаў? Бачыцца больш мэтазгодным арыентавацца на кароткі адрэзак часу, як гэта робіць М.Ф. Спірыдонаў, які пазначае населеныя пункты паводле тыпу ўласнасці на 1600 г. Па–другое, напэўна, трэба адмовіцца ад вызначэння тэрыторыі таго ці іншага ўладання. Пры існуючым змешванні зямельных уладанняў, а таксама немагчымасці пазначыць іх межы больш абгрунтаванай вы­глядае пазіцыя М.Ф. Спірыдонава, які размяркоўвае па тыпу ўласнасці менавіта населеныя пункты. Межы зямельных уладанняў, адлюстраваныя на карце В.Л. Насевічам, выглядаюць часта вельмі абагульненымі, а калі яны тычацца суцэльных масіваў, напрыклад, Вяземскага, Бельскага ці Вярхоўскіх княстваў, то не адпавядаюць рэальнасці. Па–трэцяе, падаецца не зусім дакладным падзел зямельных уладанняў ВКЛ толькі на тры катэгорыі. Удзельныя князі ВКЛ знаходзіліся ў рознай ступені залежнасці ад віленскага двара і валодалі сваімі землямі не на аднолькавых умовах. Наогул, тэрмін „удзельныя князі“ не зусім удалы. Статус прадстаўнікоў прывілеяванага стану ВКЛ быў вельмі разнастайны, ад князёў–васалаў да князёў–вотчыннікаў, адпаведна княскія ўладанні ўяўлялі сабой ці напалову самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні, ці вотчыны, ці нетрывалыя наданні, ці наогул намесніцтвы15. Вызначэнне катэгорый зямельных уладанняў здаецца вельмі цяжкай справай.

Разгляданая карта выглядае больш цэльнай і гарманічнай, чым астатнія, але ў ёй таксама існуюць пэўныя асобныя зрэзы. Карта была б значна разгружана, калі б ад яе аднялі інфармацыю першай трэці XV ст. Між іншым, гэта інфармацыя недастаткова падрабязная і недакладная. Адарванай ад папярэдняй карты, не да канца выкананай праблемай выглядаюць тэрытарыяльныя падзелы паміж Польшчай і Літвой былых галіцка–валынскіх зямель. Мала карысці для карты, прысвечанай гісторыі ВКЛ, дае адлюстраванне тэрыторыі Каралеўства Польскага і памежных дзяржаў, злучаных з Поль­шчай уніямі ці васальнымі адносінамі.

Асобным зрэзам з’яўляюцца адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Па сутнасці, калі адняць інфармацыю аб катэгорыях зямельных уладанняў ВКЛ, яны складаюць галоўны змест карты. Шкада, што падзеі 1487—1537 г. адлюстроў­ваюцца на недастаткова належным узроўні. Уражваюць ма­штабы спрашчэння межаў княстваў і далучаных тэрыторый, скажэнне тэрытарыяльных зменаў. У выніку ўзнікае вельмі аддаленае ўяўленне аб рэальным ходзе канфлікту паміж дзвюма дзяржавамі, якія змагаліся за падзел рускіх зямель.

Да прыкладу можна параўнаць адлюстраванне Вяземскага княства і фрагмента літоўска–маскоўскай мяжы на карце В. Л. Насевіча (злева) і ў варыянце, выкананым аўтарам рэцэнзіі (справа). Непадобна, што першы працаваў з крыніцамі ці нават знаёміўся з працамі папярэднікаў (напрыклад, з картамі І. Галубцова). Характэрна, што В.Л. Насевіч робіць тыповую памылку, калі змяшчае вярхоўі ракі Масквы на тэрыторыі Вяземскага княства. Яшчэ М.К. Любаўскі абмовіўся, што ў вярхоўях ракі Масквы знахо­дзіўся „маёнтак шматлікага роду князёў Глінскіх“ — Глінкі16. Гэтую ідэю запазычыў, не спасылаючыся на аўтара, Ф. Леантовіч17, аднак сам М.К. Любаўскі ў крытычным разборы працы Ф. Леантовіча растлумачыў сваю пазіцыю тым, што ў вярхоўях ракі Масквы яму выпадкова сустрэліся некалькі ўрочышч з назвай Глінкі, якія ён звязаў з уладаннямі Глінскіх і памылкова выказаў сваю здагадку ў катэгарычнай форме18. На справе, у пазначаным М.К. Любаў­скім месцы лакалізуецца воласць Вышняе Глінскае, упершыню згаданая ў духоўнай грамаце вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога сярод маскоўскіх уладанняў19. Чамусьці на папярэдняй карце В. Насевіча растлумачанай памылкі няма, і, такім чынам, мы зноў сустракаемся з адсутнасцю пераемнасці паміж картамі аднаго і таго ж аўтара.

Не варта пералічаць усе недасканаласці і памылкі, якія ўтрымлівае карта. Можна, аднак, заўважыць, што няведанне межаў тэрытарыяльных адзінак ВКЛ прывяло да значных скажэнняў і ў адлюстраванні зямельных уладанняў. Так, амаль увесь правы бок ракі Угры належаў князям Варатынскім на праву вотчыны, але ён паказаны ў складзе Смаленскай зямлі ў якасці зямлі–намесніцтва. Карачаў (які ўжо не меў статусу горада) непасрэдна падпарадкоўваўся вялікаму князю літоўскаму. Перамышль і некаторыя іншыя гарады, не адлюстраваныя на карце, былі намесніцтвамі і г.д. Аднак, трэба сказаць, сітуацыя з зямельнымі ўладаннямі ва ўсходнім рэгіёне ВКЛ была вельмі складаная і — што больш істотна — нестабільная. Напрыклад, тыя ж уладанні Варатынскіх уздоўж ракі Угры былі страчаны імі пасля ад’езду ў Маскву напрыканцы XV ст., і ў гэтых землях з’явіліся вялікакняскія намеснікі. Недахопы картаграфічнага адлюстравання тычацца таксама і іншых тэрыторый, памежных з Маскоўскай дзяржавай. Здзіў­ляе наяўнасць земляў, страчаных ВКЛ на карысць Вялікага Княства Разанскага ў 1430–я г. А межы Вялікага Княства Разанскага, Вялікага Княства Цвярскога і Пскоўскай зямлі моцна абагульнены.

Прычына недастатковага навуковага ўзроўню разгледжаных картаў можа хавацца ў слабасці метадычнай базы даследавання. Між тым, нягледзячы на звычайны недахоп крыніц, дзякуючы нефармальнаму падыходу, узброіўшыся пэўнай колькасцю метадаў, можна адужаць на першы погляд невырашальныя задачы. Паспрабуем азначыць некаторыя прыёмы, якія могуць дапамагчы пры рабоце над недастаткова акрэсленымі рэгіёнамі.

Пры вызначэнні межаў якой–небудзь зямельнай адзінкі трэба карыстацца звесткамі, што вызначаюць яе тэрыторыю з двух бакоў. Па–першае, вылучаюцца гранічныя пункты, прыналежныя самой гэтай тэрыторыі. Па–другое, адшукваюцца бліжэйшыя ўладанні суседзяў. Паміж уласнымі і чужымі пунктамі з пэўнай дакладнасцю праводзіцца граніца. Звычайна другое ігнаруецца даследчыкамі. Гэта абумоўлена яго складанасцю, таму што даводзіцца аналізаваць у некалькі разоў больш інфармацыі, якая на першы погляд і не тычыцца па­трэбнай тэрыторыі. Так, толькі па аднабаковых звестках (унутранай прасторы) вызначаецца граніца дадзенай тэрыторыі, якая ў выніку больш аддалена ад рэальнасці, чым пры выкарыстанні абодвух падыходаў (з дадатковым даследаваннем знешняй прасторы). Несумненна, пры вызначэнні пэўнай гістарычнай тэрыторыі неабходна камбінаваць абодва падыходы. Пры амаль поўнай адсутнасці звестак пра ўнутраны змест тэрыторыі на дапамогу прыходзіць другі метад, дзякуючы якому тэрыторыя вызначаецца звонку.

Іншыя шляхі вызначэння ўмоўнай тэрыторыі — рух па часе. Вынікі дасягаюцца рухам ад ранейшага да пазнейшага і наадварот. Так, ВКЛ у сваім развіцці ўключала ў свой склад тэрыторыі княстваў і зямель (Полацкага, Кіеўскага, Смален­скага і г.д.), частка межаў якіх вызначала рубяжы новай дзяржавы. Акрэсліўшы межы тэрытарыяльных адзінак, якія існавалі дагэтуль, абапіраючыся пры гэтым на сведчанні, ранейшыя за іх уключэнне ў склад ВКЛ, мы будзем ведаць частку рубяжоў новага дзяржаўнага ўтварэння. Гэты метад іншы раз незаменны, але ёсць у яго і істотныя недахопы. Па–першае, карыстаючыся ім, можна акрэсліць толькі невялікую частку новай мяжы. Па–другое, крыніцы больш ранняга часу не да­зваляюць скласці дакладнага ўяўлення пра межы якой–небудзь тэрыторыі, яны толькі азначаюць іх прыкладныя контуры. Па–трэцяе, тэрытарыяльныя адзінкі — не застылыя фармаванні: з цягам часу яны пашыраліся, іх межы ўдасканальваліся, яны ўваходзілі ва ўзаемадзеянне з іншымі тэрытарыяльнымі масівамі, што таксама прыводзіла да іх трансфармацыі.

Вызначэнне тэрыторыі нейкай адзінкі, якое рэалізуецца праз рух ад пазнейшага да ранейшага, можна назваць адным з варыянтаў рэтраспектыўнага метаду даследавання, з той заўвагай, што метад рэтраспекцыі — гэта перанясенне якіх–небудзь дадзеных з крыніц больш позняга перыяду на ранейшыя часы, а метад, пра які цяпер гаворыцца, звяртаецца менавіта да запазычвання тэрытарыяльных формаў пазнейшага часу і іх распаўсюджвання на мінулае.

Наогул, без рэтраспектыўнага метаду немагчыма займацца гістарычнай картаграфіяй. Гэта адзін з асноўных інструментаў, які дазваляе наблізіцца да разумення тэрытарыяльнай структуры дзяржаўных утварэнняў Сярэднявечча. Мноства тэрытарыяльных адзінак захоўвала свае рубяжы на працягу даволі доўгага часу, а іх змены звычайна фіксаваліся крыніцамі. Вывучаючы тэрытарыяльныя фармаванні, здавалася б, іншай эпохі, мы маем магчымасць рэканструяваць абрысы патрэбнага абшару ў патрэбны перыяд. Перавага метаду ў тым, што дзякуючы яму выкарыстоўваецца большая коль­касць крыніц, пры гэтым знаходзіцца інфармацыя і пра тэрыторыі, пазбаўленыя непасрэдных звестак. Мінус гэтага метаду ў тым, што ён не ўлічвае дэмаграфічнага і каланізацыйнага фактару, а атрыманыя дзякуючы яму ўяўленні пра пэўную тэрыторыю іншым разам моцна скажаюцца пры пераносе на ранейшыя часы.

Блізкі да метаду рэтраспекцыі метад рэтрагрэсіі (рух ад больш позніх падрабязных крыніц да ранніх недастатковымі звесткамі). Звычайна структура нейкага тэрытарыяльнага фармавання раскрываецца не адразу ва ўсёй паўнаце. Па рэдкіх згадках з разнастайных крыніц збіраецца інфармацыя, якая паступова запаўняе пустэчы. Амаль заўсёды пры першых упамінаннях якой–небудзь тэрытарыяльнай адзінкі прыналежныя ёй воласці, населеныя пункты, вадаёмы, урочышчы і г.д. не пералічаюцца. Толькі пазнейшыя крыніцы даюць неабходныя звесткі. Напрыклад, тэрыторыя Казельскага княства XIV ст., акрамя абазначэння цэнтра Казельска і ягонага ўдзела Перамышля, амаль не паддаецца вызначэнню. Аб структуры казельскіх валасцей мы даведваемся толькі напрыканцы XV ст. Лакалізацыя пералічаных валасцей XV ст. дае ўяўленне аб тэрыторыі Казельскага княства XIV ст. Безумоўна, для разгляданага метаду характэрны тыя ж самыя недахопы, што і для рэтраспектыўнага, але дзякуючы яму магчымасці даследчыка значна павялічваюцца.

Карта М.Ф. Спірыдонава „Беларусь у другой палове XVI ст.“ (з урэзкай „Рэч Паспалітая ў канцы XVI ст.“) значна адрозніваецца ад папярэдніх. Тут мы бачым сапраўдную карпатлівую гістарычна–геаграфічную працу, дасканалае даследаванне ўсіх куткоў Беларусі. Калі рабіць выснову аб стане сучаснай беларускай гістарычнай геаграфіі, то неабходна звярнуцца перш за ўсё да работ М.Ф. Спірыдонава. Варта дадаць, што наогул з’яўленне ў свет гістарычнай часткі НАБ стала магчымым дзякуючы арганізацыйнай дзейнасці Міхаіла Фёдаравіча.

Карта „Беларусь у другой палове XVI ст.“ сапраўды ўражвае сваёй навуковай грунтоўнасцю. Метадам працы над крыніцамі і адлюстравання гістарычнага матэрыялу на карце трэба вучыцца менавіта ў М. Спірыдонава. Вялізны інфармацыйны масіў так добра згрупаваны і пададзены, што не складваецца пачуцця перанасычанасці карты. Раней не было нават спробаў картаграфічна зафіксаваць усё багацце гісторыі зямель Беларусі. Цяпер пры вывучэнні тэрыторыі Беларусі і ранейшага часу даследчыкі звяртаюцца менавіта да працы М. Спірыдонава, бо на ёй пазначаны населеныя пункты і акрэслены адміністрацыйныя межы, якія часта існавалі і раней.

Далейшая работа над гістарычнай геаграфіяй беларускіх зямель другой паловы XVI ст. павінна весціся ў напрамку ўдасканальвання таго, што зрабіў М. Спірыдонаў. Напрыклад, скарыстаўшы адзін з вышэйпазначаных метадаў (вызначэння тэрыторыі звонку), можна ўдакладніць полацка–пскоўскую граніцу. Магчыма, пільную ўвагу трэба звярнуць не толькі на тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь, а і на іншыя абшары ВКЛ, якія не лічыліся з сучаснымі межамі. Давялося чуць многа крытычных водгукаў адносна аднаго з самых удалых метадычных прыёмаў, скарыстаных на разгляданай карце. Адлюстраванне назваў населеных пунктаў у адпаведнасці з той формай, у якой яны існавалі ў дадзены час, бачыцца да­кладна адпаведным ідэі набліжэння да рэальнасці далёкага часу і прынцыпу гістарызму, згаданаму самім М.Ф. Спірыдонавым. Безумоўна, на сёння карта М.Ф. Спірыдонава павінна служыць прыкладам і эталонам працы ў гістарычнай геа­графіі.

Цяпер агульныя высновы пра гістарычны раздзел НАБ. У цэлым адным з недахопаў разгледжаных картаў з’яўляецца адсутнасць пераемнасці паміж імі. Нават адзін аўтар дзвюх картаў не здолеў зрабіць так, каб адна з іх дапаўняла другую. На жаль, захавалася няўзгодненасць з папярэднімі і на карце М. Спірыдонава. Другі праблемны момант — моцнае спрашчэнне межаў тэрытарыяльных фармаванняў, што сведчыць пра дрэнную методыку працы або нават яе адсутнасць і пра скажонае запазычванне гатовых напрацовак. Заўважна незнаёмства аўтараў з даследаваннямі па гістарычнай геаграфіі памежных з Беларуссю краін, выкарыстанне састарэлых уяўленняў аб працягласці той ці іншай тэрыторыі. Усе разгледжаныя карты, акрамя апошняй, маюць шмат недакладнасцяў або канкрэтных памылак, якія выкрываюць нядбайнасць працы іх аўтараў. Трэба заўважыць, што, па сутнасці, увесь раздзел „Гісторыя“ НАБ прысвечаны разгляду толькі палітычнай гісторыі, а сацыяльна–эканамічная гісторыя засталася па–за яго межамі. Недастаткова поўна адлюстравана этнаканфесій­ная гісторыя беларускіх зямель, іх культурнае развіццё.

На жаль, развіццё гістарычнай геаграфіі Беларусі ў дачыненні да перыяду Сярэднявечча застаецца на пачатковым узроўні. Хацелася б спадзявацца, што беларуская гістарычная навука хутка пазбавіцца панавання аўтарытэтаў і тыражавання традыцыйных уяўленняў, якія нярэдка не адпавядаюць належнаму ўзроўню навуковага даследавання.

* Нацыянальны Атлас Беларусі. Гісторыя. Мінск, 2002. С. 261—289.

1 Ляўко В.М. Смаленска–Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // Гістарычна–археалагічны зборнік. №12. Мінск, 1997. С. 172—177.

2 Беляев И. Д. О географических сведениях в древней России // Записки Императорского Русского Географического Общества. Кн. VI. С.–Петербург, 1852. С. 178.

3 Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. Киев, 1895. С. 71—72.

4 Юшко А. А. Московская земля IX—XIV веков. Москва, 1991. С. 144. Прим. 236.

5 Успенская А. В. Древнерусское поселение Беницы // Ежегодник Государственного исторического музея. 1962 год. Москва, 1964.

6 Мяцельскі А.А. Смаленска–чарнігаўскае памежжа ХII ст. у міжрэччы Дзясны і Дняпра // Гістарычна–археалагічны зборнік. 1994. № 4. С. 150.

7 Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. С. 10—12.

8 Алексеев Л. В. Периферийные центры домонгольской Смоленщины // Советская археология. 1979. №4. С. 104.

9 Алексеев Л.В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X—XIII вв. Москва, 1975. С. 227.

10 Веселовский С.Б. Топонимика на службе у истории // Исторические записки. Вып. 17 (1945). С. 34.

11 Веселовский С.Б. Топонимика на службе у истории // Исторические записки. 1945. Вып. 17. С. 29.

12 Егоров В. Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. Москва, 1985; Ён жа. Граница Руси с Золотой Ордой в XIII—XIV веках // Вопросы истории. 1985 № 1. С. 16—30.

13 Кучкин В.А. Формирование государственной территории северо–восточной Руси в X—XIV вв. Москва, 1984. С. 125—144.

14 ПСРЛ. Т. 11. Москва, 2000. С. 188; Приселков М.Д. Троицкая летопись (Реконструкция текста). С.–Петербург, 2002. С. 456.

16 Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско–литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. Москва, 1995. С. 65—66.

16 Глінкі, т.ч. атаясамліваюцца з Вышнім Глінскім. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско–Русского государства ко времени издания первого литовского статута. Москва, 1892. С. 284.

17 Леонтович Ф. Очерки истории литовско–русского права. Образование государственной территории. С.–Петербург, 1894. С. 108.

18 Любавский М. К вопросу об удельных князьях и местном управлении в Литовско–Русском государстве // Журнал Министерства Народного Просвещения. 1894. № 7—8. С. 366.

19 Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. Москва—Ленинград, 1950. № 12. С. 34.

 

 

змест