Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. / Рэд. кал.: Р.П. ПЛАТОНАЎ (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2002. 276 с.; Вып. 4. / Рэд. кал.: У.І. АДАМУШКА і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2003. 356 с.

У 2002 і 2003 г. свет пабачылі два новыя выпускі „Беларускага археаграфічнага штогодніка“, які, пачаўшы існаванне толькі ў 2000 г., ужо знайшоў свайго сталага чытача. Трэці выпуск выйшаў яшчэ пад рэдакцыяй прафесара Р.П. Платонава, а ў чацвёртым галоўнага рэдактара ўвогуле няма. Можна адзначыць змены і ў складзе рэдакцыйнай калегіі: у апошнім БАШы ў ёй не стала М. Сташкевіча і В. Чамярыцкага, а папоўнілася калегія гарадзенскім гісторыкам Дз. Каравым. Структура БАШа пасля адыходу галоўнага рэдактара не змянілася.

Цэнтральны раздзел трэцяга выпуска БАШа, прысвечаны археаграфіі, укамплектаваны 11 артыкуламі. У большасці тэкстаў даследчыкі раскрываюць канкрэтныя праблемы, але разам з тым некаторыя з іх можна аб’яднаць пад агульнай тэмай — гісторыя беларускай археаграфіі. Сюды можна аднесці матэрыял М. Шумейкі „Деятельность археографической комиссии Белкомархива в 2000—2001 г. и перспективы её развития“, дзе аўтар, улічыўшы ўкраінскі і расійскі досвед, скептычна паставіўся да перспектываў развіцця археаграфіі ў галоўным навуковым асяродку Беларусі — Нацыянальнай Акадэміі навук, акрэсліў зробленае Архіўнай камісіяй і абгрунтаваў слушнасць і плённасць яе існавання пры Дзяржкамархіве. Разглядаюцца ў артыкуле і апошнія дасягненні беларускай навукі ў галіне выдання і вывучэння архіўнай спадчыны. Тут жа адзначым, што больш дэталёва і крытычна напрацоўкі беларускіх археографаў вывучаюцца ў артыкуле Ю. Несцяровіча „Некаторыя пытанні археаграфічнай культуры беларускіх дакументальных выданняў другой паловы 1990–х гадоў“. М. Нікалаеў публікуе метадычныя рэкамендацыі па апісанні рукапісных кніг, складзеныя знакамітым беларускім археографам І. Грыгаровічам у 1821 г., а В. Голубеў — агляд найбольш цікавых матэрыялаў па палітычнай і сацыяльна–эканамічнай гісторыі Беларусі з „Скарбніцы грамат“ І. Даніловіча. Змяшчаюцца таксама два новыя дакументы па археаграфічнай працы У. Пічэты і яго аспірантаў (1929 г.).

Параўнанне беларускай і літоўскай публікацыі „Успамінаў“ Ф. Еўлашоўскага, зробленае У. Свяжынскім для трэцяга выпуску штогодніка, дало аўтару падставы прызнаць „пэўны прагрэс літоўскага выдання“. Сп. Свяжынскі мог бы згадаць імя гісторыка Даруса Вілімаса, які рыхтаваў літоўскі пераклад, тым больш што Д. Вілімас шчыльна супрацоўнічае з беларускімі калегамі.

Уласны досвед археаграфічнай працы прэзентуецца ў публікацыі А. Грушы „З вопыту падрыхтоўкі да выдання кнігі Метрыкі ВКЛ 44 (1559—1566)“ і М. Спірыдонава „Населённые пункты в географических указателях публикаций источников Великого Княжества Литовского XVI в.“.

З чатырох матэрыялаў, змешчаных у раздзеле „Археаграфія“, якія ўвайшлі ў апошні выпуск БАШа, адзначым артыкул М. Шумейкі, прысвечаны гісторыі Метрыкі ВКЛ у 20–я гады мінулага стагоддзя, агляд Л. Міхайлоўскай публікацый „Хронікі“ Б. Вапоўскага і працу Л. Малыхіна, які аналізуе апублікаваныя матэрыялы па гісторыі Літоўска–Беларускай ССР.

Тэарэтычным праблемам археаграфіі ў трэцім і чацвёртым БАШы прысвечаны два артыкулы: І. Глебава „Археография как компонент общественной культуры“ і Ю. Несцяровіч „Аб’ект і прадмет археаграфіі“.

Другі раздзел БАШа называецца „Архівазнаўства і архіўная справа“ (у трэцім выпуску, а ў чацвёртым проста — „Архі­вазнаўства“) і ўтрымлівае адпаведна па 4 публікацыі ў кожным томе. З ліку змешчаных матэрыялаў належыць найперш вылучыць працяг публікацыі апісанняў дакументаў з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, распачатай Г. Брэгерам і Л. Лінскай у другім БАШы. На гэты раз да­следчыкі прапанавалі апісанне дакументаў па гісторыі маёнтка Замошша Менскага ваяводства, якія адносяцца да другой паловы XVIII ст. (Вып. 3), а таксама зрабілі агляд спраў за XVI—XIX ст. з невядомага фрагмента былога Нясвіжскага архіва Радзівілаў, у тым ліку матэрыялаў з архіва Кішкаў, Слуцкага княства, Койданаўскага графства, Радзівілаўскай камісіі і г.д. (Вып. 4). У апошнім БАШы заслугоўвае ўвагі спроба В. Івановай сістэматызаваць справы з калекцыі Грыгаровічаў, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва. Аўтарка апрацавала не ўвесь комплекс матэрыялаў (118 адз. зах.), а толькі найбольш каштоўную частку гэтай калекцыі, якая характарызуе жыццёвы шлях і дзейнасць пратаіерэя І. Грыгаровіча (51 адз. зах.).

У двух выпусках БАШа крыніцазнаўчай праблематыцы прысвечана шэсць артыкулаў: чатыры ў трэцім і два ў чацвёртым. Сярод змешчаных у трэцім выпуску можна вылучыць працы А. Кіштымава і Н. Леўчыца. Так, А. Кіштымаў акрэсліў беларусіку з фонда Румянцавых у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, а Н. Леўчык у сваёй працы звярнуўся да гісторыі абнаўленчай царквы на Беларусі ў 1922—1935 г. Крыніца­знаўчы раздзел чацвёртага штогодніка складаецца з разбору асаблівасцяў адлюстравання Нямецкага ордэна на старонках беларуска–літоўскіх летапісаў Г. Сагановічам і агляду крыніц па гісторыі вайны 1812 г. на Беларусі Л. Лісавай.

Тэксталагічны блок матэрыялаў штогодніка невялікі. Яго складаюць тры публікацыі: апісанне рукапісаў —  „Пралога“ XVI ст. (В. Галко) і Скруткаў Торы (А. Цітавец), а таксама нарысу па гісторыі правілаў складання лістоў у часы Сярэднявечча і Рэнесансу (І. Клімаў).

Сфрагістыка і геральдыка прадстаўлена ў штогодніках наступным чынам: А. Палягайлаў па матэрыялах Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Ўкраіны зрабіў агляд пячатак беларускіх судова–адміністрацыйных устаноў XVI—XIX ст. (Вып. 3), С. Расадзін прасачыў эвалюцыю герба Горадні (Вып. 3), Р. Жаўняркевіч даследаваў у кантэксце гісторыі канфесій пячаткі рэлігійных устаноў Беларусі часоў нямецкай акупацыі 1941—1944 г. (Вып. 4).

Раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ прапануе пазнаёміцца з артыкулам І. Мацяш „М.В. Довнар–Запольский и архивное образование на Украине“ (Вып. 3), які дапаўняе ўжо раней апублікаваныя працы1, даследаваннем І. Шпілеўскай пра станаўленне і асаблівасці справаводства канцылярыі менскага губернатара (Вып. 4), працай А. Лашкевіча пра вайскова–цывільную адміністрацыю Менскай губерніі ў час паў­стання 1863—1864 г. (Вып. 4), нарысам гісторыі Гомельскай губерні (1919—1926 г.), падрыхтаваным А. Карасёвым (Вып. 4). Незразумела толькі, якое дачыненне да гісторыі дзяржаўных устаноў мае змешчаная ў дадзеным раздзеле праца М. Ялін­скай пра маёмаснае і службовае становішча на Беларусі шляхты заходнееўрапейскага паходжання (Вып. 4).

У раздзеле „Постаці“ галоўнае месца адведзена асобе А. Кіркора. Для трэцяга выпуску штогодніка грунтоўную біяграфію беларускага гісторыка і этнографа падрыхтаваў Г. Кісялёў, які ў рэзюмэ да свайго артыкула адзначыў, што „сёння на Беларусі амаль не засталося матэрыяльных памятак, звязаных з Кіркорам“ (163). Працягам тэмы ў чацвёртым БАШы з’яўляецца артыкул З. Яцкевіча „Радавод А.Г. Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў“. Даследчык узнаўляе падрабязнасці гісторыі роду А. Кіркора пачынаючы з XVI ст. Новыя дакументы пра А. Кіркора выяўлены З. Яцкевічам у фондзе Магілёўскай рыма–каталіцкай кансісторыі. Так, напрыклад, тут захаваліся звесткі пра сапраўдную дату хросту А. Кіркора — 14 студзеня 1819 г. (па новым стылі 26 студзеня). Сярод іншых артыкулаў у раздзеле можна адзначыць нарыс жыцця магілёўскага гісторыка і археографа М. Гартынскага, складзены З. Яцкевічам (Вып. 3).

Агляд замежных архіўных крыніц на старонках БАШа да­дзены ў артыкулах С. Новікава і А. Зубко. Першага зацікавілі розныя аспекты гаспадарчай палітыкі немцаў на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналіз пабудаваны на аснове справаздачы былога камісара Глыбоцкай акругі Паўля Гахмана. Украінская даследчыца ў сваю чаргу прадставіла агляд спраў па гісторыі беларускага руху ў 1917—1930–х г. з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва вышэйшых органаў улады і кіравання Ўкраіны. Галоўным чынам гэта дакументы пра дзейнасць БНР і беларускую эміграцыю ў Празе.

Раздзел „Дакументальныя публікацыі“ ўкамплектаваны самымі разнастайнымі матэрыяламі па тэматыцы і храналогіі. Як і ў папярэдніх двух выпусках, яны складаюцца з аўтарскай прадмовы–каментара і публікацыі тэксту. У трэцім выпуску БАШа З. Яцкевіч друкуе прывілей на ўрад каралеў­скага сакратара, датаваны 1661 г., У. Ракішэвіч — урыўкі з прамовы вядомага беларускага палітыка К. Дуж–Душэўскага „Беларуска–літоўскія адносіны і справа акупаваных Поль­шчай зямель“ (Коўна, 1927), С. Кубека — дакументы па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі ў 1942 г. з нацыянальнай калекцыі „Александрыйскія мікрафільмы“. У чацвёртым выпуску БАШа заслугоўвае ўвагі публікацыя А. Жлуткам у ары­гінале і ўпершыню на беларускай мове 17 дакументаў папаў Інацэнта IV, Аляксандра IV і Клімента IV часоў Міндоўга. У гэтым жа выпуску Г. Кісялёў друкуе 10 лістоў А. Ельскага да Ю.І. Крашэўскага, а С. Міхальчанка — 24 лісты М. Доўнара–Запольскага да С. Мельгунова. Ужо традыцыйнымі для БАШа сталі дакументальныя матэрыялы Я. Ані­шчанкі, прысвечаныя па­дзеям паўстання 1794 г., а таксама прывілеі з Метрыкі ВКЛ, падрыхтаваныя В. Мянжынскім і Ю. Несцяровічам. Таксама ў абодвух выпусках друкуецца раней невядомае шырокаму чытачу ліставанне паміж Я. Маўрам і Я. Коласам за 1941—1943 г., падрыхтаванае да друку Л. Балынінай і Т. Кекелевай.

БАШ — выданне спецыфічнае, разлічанае на вузкае кола спецыялістаў, да таго ж мае абмежаваны наклад (100 асобнікаў). Рэдакцыйная калегія, відаць, памылкова лічыць, што чытачам не патрэбная інфармацыя пра аўтараў публікацый у штогодніку. Думаецца, такое выданне павінна змяшчаць больш дадзеных пра даследчыкаў.

                                                                   Наваполацк                                                   Віталь Галубовіч

 

1 Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар–Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў. Гомель—Рэчыца, 2000. C. 89—93, 188—201.

 

змест