Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка. Нью Ёрк—Менск: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, [2002]. ХХХVIII, 568.

 

У 1932 г., у перыяд гучных „класавых баёў“ крытык Сымон Куніцкі быў надрукаваў артыкул з характэрнай для свайго часу назвай — „Ці ўсё спакойна на бібліяграфічным фронце?“ На пачатку 30–х, напярэдадні блізкай калектывізацыі пісьменніцкіх сілаў нават такая руцінная „навукова–практычная дзейнасць“ (БелЭн, 3, 141) як бібліяграфічная станавілася не абы–якім фронтам барацьбы. Сёння можна толькі з усмешкай згадваць колішніх пераўтваральнікаў грамадства, якія ўсё імкнуліся ідэа­лагізаваць, зрэшты, маючы на ўвазе фатальныя наступствы іх дзейнасці. Сённяшнія „класавыя баі“, бадай, у нязначнай ступені ўплываюць на змест бібліяграфічнай працы, затое больш выпадае гаварыць пра заняпад некаторых колішніх інстытуцый, якія яшчэ нядаўна больш ці менш паспяхова займаліся ўкладаннем бібліяграфій. Што да беларускай лінгвістычнай бібліяграфіі, то, несумненна, цэлую эпоху ў ёй склалі тры бібліяграфічныя паказальнікі „Беларускае мовазнаўства“ 1967, 1980 і 1993 г., укладзеныя з удзелам або непасрэдна А.Васілеўскай і Я.Ра­мановіч. Гэтыя працы на доўгі час сталі незаменнай крыні­цай інфармацыі аб розных напрамках беларускай лінг­вістыкі ХIХ — ХХ ст., настольнымі кнігамі для многіх беларускіх мовазнаўцаў1. Я.Рамановіч доўгі час працавала ў Інстытуце мова­знаўства Акадэміі навук, і гэта дазваляла ёй займацца зборам бібліяграфічнага матэрыялу ў межах выканання „планавых заданняў“. У параўнанні з 60—80–мі г. цяпер у Інстытуце мова­знаўства намнога горшая кадравая і фінансавая сітуацыя, і, падобна, заснаваную бібліяграфічную традыцыю проста няма каму пераняць.

Зыходзячы з гэтых акалічнасцяў трэба прызнаць, што падрыхтаваная В.Кіпелем і З.Саўкам бібліяграфія ўдала запаўняе лакуну, якая ўжо стала была ўтварацца пад час структурных перабудоваў у сістэме беларускай гуманітарнай навукі і яе дапаможных падраздзяленняў. Укладальнікі добра адчулі кан’юнктуру, асаблівы попыт на беларускія слоўнікі, уласцівы апошнім дзесяцігоддзям, і падрыхтавалі кнігу, якая, несумненна, будзе вельмі карыснай многім. Ля вытокаў гэтай працы ляжалі, падобна, бібліяграфічныя запісы В.Кіпеля, якія ён рабіў цягам 40 гадоў. Некалькі дзесяцігоддзяў таму В.Кіпель браў удзел у падрыхтоўцы „Бібліяграфіі славянскіх слоўнікаў“ („A Bibliography of Slavic Dictionaries“), пазней укладаў некаторыя іншыя, нефілалагічныя бібліяграфіі. Актыўнасць З.Саўкі да апошняга часу рэалізоўвалася на іншым, не звязаным з бібліяграфіяй полі. Можна меркаваць, што раздзяленне працы паміж рознаўзроставымі і рознадосведнымі аўтарамі было наступным: В.Кіпель прапанаваў у агульную скарбонку свае бібліяграфічныя нататкі, магчыма, неяк уплываў на прыняты ў кнізе спосаб апісання слоўнікаў, у той час як Саўка ўзяў на сябе асноўны клопат па фармаванні паўнаты бібліяграфіі, праверцы наяўных дадзеных, выпрацоўцы канцэпцыі бібліяграфічнага апісання і г.д. Гэтая нераўнамернасць укладу двух аўтараў відаць і з змешчаных у кнізе уступных матэрыялаў. Калі В.Кіпель надрукаваў ва ўступе толькі кароткую „напутную“ нататку у значнай меры мемуарнага характару (VII—VIII), то Саўкаваму пяру належыць „уласна“ прадмова, зрэшты, сціпла названая „Асноўныя заўвагі для карыстальнікаў“ (IX—XXVI). У прадмове ахарактарызаваны мэта складання бібліяграфіі, аб’ект бібліяграфічнага апісання, будова выдання, будова каталогаў, будова артыкула і пазіцыі. У дапаможную частку кнігі ўключаны спіс скаротаў і ўмоўных знакаў (XXVII—XXXVIII) і сем паказнікаў: паводле тыпаў слоўнікаў (467—474), тэматычны (475—489), моўны (490—495), асабовы (496—536), геаграфічны (537—553), паводле месца выдання (554—558) і паводле года выдання (559—568).

Асноўная частка кнігі складаецца з трох розных па велічыні раздзелаў: „Каталогу выданняў і публікацый“ (1—442), „Каталогу рукапісаў і картатэк“ (443—464) і „Каталогу электронных слоўнікаў“ (465—466). У ёй (асабліва ў першым раздзеле, які налічвае 2181 пазіцыю) даволі поўна прадстаўленая разнастайная інфармацыя, датычная лексікаграфічнай літаратуры пачынаючы ад 1596 г. (першым беларускім слоўнікам лічыцца выдадзены ў Вільні „Лексіс“ Лаўрэнція Зізанія). Несумненнай вартасцю бібліяграфіі з’яўляецца ўвага да літаратуры, апублікаванай за межамі Беларусі. Аднак выказаная Мячкоўскай заўвага ў дачыненні да бібліяграфій Я.Рамановіч адносна няўліку небеларускамоўнай літаратуры была б справядлівай і ў гэтым выпадку. У сваёй прадмове да кнігі З.Саўка піша, што рэцэнзаваная праца ёсць „першая спроба складання бібліяграфіі беларускіх слоўнікаў [...] без тэматычнага, часавага, прасторавага ці якога іншага абмежавання“ і спасылаецца як на прыклады такіх „абмежавальных“ бібліяграфій на бібліяграфіі сваіх папярэднікаў (IX). Папраўдзе гэткае абмежаванне ў кнізе ёсць: беларускім (імпліцытна, бо гэтае пытанне ў прадмове ніяк не абмяркоўваецца) не лічыцца слоўнік, у якім зусім няма беларускай мовы2. З прычыны такога падыходу па–за межамі бібліяграфіі аказаліся даволі шматлікія двухмоўныя ангельска–, нямецка–, французска–, іспанска–, польска–расійскія і іншыя перакладныя (з удзелам расійскай мовы) слоўнікі, што друкаваліся і друкуюцца ў Беларусі пераважна дзеля навучальных мэтаў. Між тым некаторыя з гэтых слоўнікаў (напрыклад, „Slownik wojskowy rosyjsko–polski i polsko–rosyjski“ 1917 г., „Новейший русско–немецко–польский карманный словарь“ 1920 г. і інш.) уяўляюць цікавасць як мінімум з гістарычнага гледзішча. Іншыя ж (напры­клад, „Jidiљ–rusiљer verterbuch“ С.Рохкінд і Г.Шкляр 1940 г.) важныя як помнікі, у якіх засведчаны ўплыў беларускай мовы на нейкую іншую мову (у дадзеным выпадку на ідыш), не кажучы ўжо пра тое, што яны былі падрыхтаваны людзьмі, якія адначасова займаліся і беларускім мовазнаўствам. З другога боку, у бібліяграфію ўключаны толькі расійскамоўныя працы, калі ў іх ёсць біяграфіі людзей, якія нарадзіліся (або жывуць) у Беларусі, а таксама працы, якія змяшчаюць інфармацыю пра беларускія населеныя пункты. Так, напрыклад, у працы чытач знойдзе інфармацыю пра кнігі аб начальніках службы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі „Есть такая служба: Воспоминания, очерки, публицистика“ (Мінск, 2002) і матэрыялы другога Ўсебеларускага народнага сходу „За сильную процветающую Беларусь“ (Мінск, 2001), зборнік „Милиция Гродненщины: Страницы истории“ (Гародня, 2002), трохстаронкавы артыкул Н.Міцковіча „Топонимические этюды Жабинковщины с источниковедческими экскурсами“ (2001), выдаваную „для служебного пользования“ брашуру „Список улиц и переулков гор. Могилева“ (1962) і інш.

Укладальнікі лічаць слоўнікам „спіс з як найменш 10–ці тыпалагічна аднародных моўных адзінак..., што як сукупнасць нясуць лексікаграфічную і/або энцыклапедычную інфармацыю, у якім выконваецца хоць бы адзін з наступных прынцыпаў: 1) альфабэтны парадак размяшчэння адзінак; 2) калі такі спіс мае больш за адно поле..., слоўнікавая адзінка мусіць знаходзіцца ў першым полі, а дэфініцыя павінна ўтрымлівацца ў другім і наступным палях...; 3) афармленне кожнай адзінкі асобным абза­цам“ (XIII). Такое, відавочна, шырокае разуменне тэрміна слоўнік3 дазволіла ўключыць у бібліяграфію шэраг спісаў (параўн., напрыклад, „списки лесных дач“, змешчаныя ў кнізе „Сведения о лесах Гродненской губернии...“; толькі пад літарай „С“ розныя спісы займаюць у кнізе 12 старонак), каталогаў, кадастраў (параўн., напрыклад, „Кадастр карысных выкапняў Магілёўскай вобласці“) і іншых (пераважна навуковых) прац, якія ў іншай сітуацыі, падобна, не маглі б быць залічаны ні да слоўні­каў, ні да энцыклапедый. Акрамя таго, што падобныя пазіцыі часам выглядаюць у кнізе даволі чужародна, іх улучэнне ставіць пытанне паўнаты прадстаўленага матэрыялу. Можна сумнявацца, што ў бібліяграфію ўвайшлі ўсе спісы, якія папраў­дзе друкаваліся ў Беларусі. Так, зварот да летапісаў друку за 1917—1925 г. паказвае, што ў бібліяграфіі не ўлічаны, напрыклад, наступныя пазіцыі: Кнігаспіс [Дзяржаўнае выдавецтва БССР]. Мінск, 1925. 55 с.; Кнігапіс кнігарні Беларускага выдавецтва „Савецкая Беларусь“. Мінск, 1924.13+[2] с. Тое ж датычыцца і даволі выпадкова падабраных навуковых артыкулаў, якія, можна меркаваць, уключаны ў бібліяграфію таму, што яны „нясуць лексікаграфічную і/або энцыклапедычную інфармацыю“. Скажам, у біблія­графію ўключаны ў якасці паралексічнага слоўніка тэзісы этымалагічнага па сваёй прыродзе даклада Р.М.Казловай „Да пытання беларуска–паўднёваславянскіх лексічных паралеляў“ (у арыгінале: „паралелей“), прачытанага ў 1973 г. у Гомелі на канферэнцыі „Рэгіянальныя асаблівасці беларускай мовы, літаратуры, фальклору“ (у арыгінале: „літаратуры і фальклору“). Але ці не трэба было б тады знайсці лексікаграфічны фермент і ў больш позніх і больш грунтоўных працах Р.Казловай „Характарыстыка некаторых усходнеславянска–сербскахарвацкіх ізалекс“ (зборнік „Беларуская мова“. Вып. 7. 1980) і „Беларуска–паўднёваславянскія ізалексы праславянскага паходжання“ (Беларуская лінг­вістыка. Вып. 21. 1982)? Выклікае сумненне аб­грунтаванасць уключэння ў бібліяграфію артыкулаў М.Паўленкі „Жаночыя асабовыя намінацыі на –к–а ў беларускай мове савецкага часу“ (без іншых яго падобных публікацый), А.Лапкоўскай (у кнізе памылкова дадзена: Папкоўскай) „Сістэмнасць тэрмінаў беларускай батанічнай тэрміналогіі“ (без іншых яе падобных публікацый), Г.Семяньковай „Адыменныя прозвішчы ў антрапанімічнай сістэме Віцебшчыны“ (без іншых падобных публікацый іншых аўтараў) і г.д. і да т.п. У кнізе можна знайсці артыкул К.Панюціч „З лексікі гаворак Ушаччыны“ з пазнакай, што ў ім пададзены словы, якіх няма ў „Тлумачальным слоўніку беларускай мовы“ або якія прыведзены ў ім з паметай „абл.“ — але няма славутага артыкула П.Садоўскага „Час одуму“, у якім пропускі „Тлумачальнага“ слоўніка ахарактарызаваны, бадай, найбольш грунтоўна. У бібліяграфіі ёсць праца П.Сцяцко „Народная лексіка і словаўтварэнне“, але няма ягонай жа кнігі „Беларускае народнае слова­ўтварэнне“ — нягледзячы на тое, што яна цалкам магла сыйсці за „слоўнік афіксаў“, і, па–другое, у даведніку Марліна Кручара (Murlin Croucher) „Slavic Studies. A Guide to Biblio­graphies, Encyclopedias, and Handbooks“ (том 2, Вілмінгтон, 1993) яна кваліфікуецца акурат як „a dictionary of written and spoken Byelorussian“.  У кнігу ўлучаны ў якасці бія­графічнага слоўніка артыкул Р.Платонава „Агляд настрояў: Гартаючы старонкі дакладаў «сакрэтнага супрацоўніка»“ — верагодна, таму, што, як сведчыць рэмарка ўкладальнікаў, у ім „упамінаюцца імёны“. Але ці ўсе іншыя працы (ці хоць бы іх большасць), у якіх фігуруюць імёны, увайшлі ў бібліяграфію? Пытанне, вядома, рытарычнае.

Пры тым, што ў кнізе Кіпеля і Саўкі знайшлі месца некаторыя публікацыі, якія, мне здаецца, не ёсць ні слоўнікі, ні энцыклапедыі, трохі нечакана не ўбачыць у даведніку фактычна ніякіх звестак аб слоўнікавых матэрыялах, што публікаваліся ў складзе каментароў у зборах твораў або й нават у асобных творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і многіх іншых пісьменнікаў. Каментатары шматлікіх беларускіх тэкстаў мусілі і мусяць мець пэўныя навыкі лексікаграфічна–тлумачальнай дзейнасці, і гэты пласт літаратуры, на маю думку, мог знайсці адлюстраванне ў даведніку.

Ніжэй прывядзем спіс некаторых прапушчаных у кнізе слоўнічкаў.

Азбукін М. Геаграфія Еўропы. Масква—Ленінград, 1924. С. 390—393: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: геа­графія.

Гліннік, Вадзім. Матэрыялы да англа–беларускага тэрміналагічнага слоўніка „Захаванне культурнага набытку“ // Тэрміналагічны бюлетэнь. Вып. 1. Мінск, 1997. С. 24—28. (Акрамя гэтага слоўніка, у бібліяграфіі не пазначаны яшчэ 4 тэрміналагічныя слоўнічкі з апублікаваных у 1997 і 1999 г. у двух выпусках „Тэрміналагічнага бюлетэня“; у нашым пераліку не прыводзяцца.)

Круталевіч А. Элементарная алгебра. Ч. II. Масква—Ленін­град, 1924. С. 173—176: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: матэматыка. (У бібліяграфіі, аднак, пададзена першая частка гэтага падручніка, надрукаваная ў 1922 г.).

Круталевіч А.; Міцкевіч А. Трыганаметрыя. Мінск, 1927. С. 201—202: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас.; тэрміналагічны: трыганаметрыя.

Круталевіч А.; Сагаловіч Г. Методыка матэматыкі. Ч. 1. Мінск, 1930. С. 203—204: Слоўнік тэрмінаў: Тлумачальны: тэрміналагічны: матэматыка.

 Лёсік, Антон. У справе беларускае навуковае тэрміналогіі // Полымя. 1926. № 1. С. 142—151. (На сс. 148—151 прыведзены некалькі маленькіх слоўнічкаў).

Маскалевіч С. Лес на службе чалавеку. Мінск, 1930. С. 132—133: Слоўнік тэрмінаў і малазразумелых слоў: Тэрміналагічны: лясная гаспадарка.

Мікельсар Ф.Г. Пачатковая геаметрыя. Масква—Ленін­град, 1924. С. 105—106: Слоўнік тэрмінаў: Перакладны: бел.–рас., тэрміналагічны: геаметрыя.

Мікуліч Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць. Мінск, 1996. С. 136—146: Слоўнік тэрмінаў: Тлумачальны: перакладны: бел.–рас.: тэрміналагічны: этналогія.

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мінск. Беларусь, 1971. [Энц. даведнік.] (Фігуруе ў бібліяграфіі Кручара.)

Шимкевич Ф.С. Словник білоруської мови // Галас Б.К. Ф.С.Шимке­вич як лексикограф і українське словникарство: кінець XVII— початок ХХ ст. Ужгород, 1995. С. 145—180: Перакладны: бел.–рас. Галас Б.К. Покажчик білоруської лексики в „Корнеслове русского языка“ Ф.С.Шимкевича (1842) // Тамсама. С. 211—235. (Рэцэнзіі на кнігу Б.Галаса друкаваліся двойчы ў беларускім друку ў 1997 г. — у „Весніку БДУ“ і „Кантактах і дыялогах“.)

Bosak V.; Bosak A. Russisch–Belorussisches Wцrterbuch der Boden­kunde und Agrochemie. Мінск, 1999. Слоўнік тэрмінаў: перакладны.

Marples, David R. Belarus: From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe. Edmonton. The University Alberta Press. C. 170—171: Glossary. Тлумачальны.

Арыгінальнай уяўляецца спроба ўкладальнікаў біблія­графічна апісаць не толькі апублікаваныя слоўнікі й энцыклапедыі, але й нявыдадзеныя крыніцы: рукапісы й картатэкі. Тут В.Кіпель і З.Саўка сутыкнуліся з большымі праблемамі, чым гэта было пры камплектаванні першага раздзела кнігі. Калі пераважная частка слоўнікаў і энцыклапедый увогуле даступная, гэтыя працы можна патрымаць у руках, калі слоўнікі й энцыклапедыі звычайна раней рэгістраваліся ў нейкіх іншых бібліяграфіях, то гэтага нельга сказаць пра лексікаграфічныя рукапісы і картатэкі4. Інфармацыю пра іх можна сабраць хіба на падставе нейкіх пісьмовых звестак, дакументаў, навуковых прац або вусных сведчанняў канкрэтных асобаў. Вось жа ў другім раздзеле пры большасці з 129 пазіцый змешчаны і звесткі пра крыніцы інфармацыі, выкладзеныя пасля скарачэння „пвд.“ (‘паводле’) або нейкім іншым спосабам. Так, згодна з вусным паведамленнем З.Санькі, у прыродзе існуе рукапіс беларуска–нямецкага слоў­ніка на 50 тысяч слоў. Паводле перакладчыка і выдаўца Змітра Коласа, Мікола Бусел уклаў 15–тысячны італьянска–беларускі слоўнік. Паводле сведчання, знойдзенага ўкладальнікамі ў „Этымалагічным слоўніку беларускай мовы“, ёсць картатэка „Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа“ і г.д. Укладальнікам аказаліся невядомымі брашуры 1932—1935 г. „Вытворчы план Беларускай Акадэміі навук на 1932...5 год“, у якіх зафіксаваны факты (у некаторых выпадках, магчыма, больш намеры) падрыхтоўкі некалькіх слоўнікаў (беларуска–латышскага, беларуска–польскага, руска–літоўска–беларускага па сацыялістычным будаўніцтве,  арфаграфічнага, тэрміналагічных па арганічнай і неарганічнай хіміі, выяўленчым мастацтве, палітэканоміі і філасофіі, лінгвістыцы і інш.). У бібліяграфіі прапушчана праца В.Ластоўскага 1917 г. „Niamiecki dla paиynajuиych: hutarki bielaruska–niamieckije“ (пра яе пісала ў 2001 г. у „Кантактах і дыялогах“ К.Любецкая). З спецыяльнай публікацыі А.Гурло 1932 г. „Інстытут мовы на шляхох перабудовы“ („За пралетарскую навуку“, 6 ліс­тапада) вядома, што ў Інстытуце мовы быў складзены слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі на ідыш, які, аднак, меў і беларускі тэкст (быў хутчэй за ўсё ідыш–беларускім). Да сярэдзіны 1935 г. у Беларусі быў падрыхтаваны і латышска–беларускі слоўнік (гл.: „Звязда“, 16 кастрычніка 1935 г.). Падобна, укладальнікі не давалі сабе клопату з верыфікацыяй выяўленых звестак аб рукапісах і ўключылі ў біблія­графію ледзь не ўсялякі слоўнік, інфармацыю пра які яны знайшлі ў друку. Скажам, на падставе публікацыі А.Луцкевіча ў віленскіх „Запісах Беларускага навуковага таварыства“ за 1938 г. (дарэчы, перадрукаванай ў №1—2 за 2001 г. у „Спадчыне“) паведамляецца, што Ф.Багушэвіч рыхтаваў „слоўнік беларускай мовы“.  Ці не пісалі пра гэты факт з канкрэтнымі спасылкамі якія–небудзь сучасныя даследчыкі творчасці Ф.Багушэвіча? На падставе сведчання ковенскай „Часопісі“ ад 1920 г. у бібліяграфію ўключаны рукапіс „Беларускага Нацыянальнага Слоўніка“, пра які толькі й вядома было тое, што ён „рыхтуецца“. Чаму ж тады ў біблія­графіі абмінуты слоўнікі па заалогіі, антрапалогіі, садоўніцтве і агародніцтве, ветэрынарыі, электратэхніцы, фінансавай справе, этна­графіі, таваразнаўстве, гандлёвай справе, жывёлагадоўлі, археа­логіі, мікрабіялогіі, гідраўліцы і інш., якія мелі быць выда­дзенымі ў 1931—1933 г.? (Гл.: Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 87).

У каталогу рукапісаў і картатэк фігуруюць лексікаграфічныя дадаткі да кандыдацкіх дысертацый М.Бірылы і Л.Выгоннай, але ж падобных дадаткаў існуе намнога больш. Сярод картатэк адсутнічае самая вялікая з існуючых — фундаментальная лексічная картатэка Інстытута мовазнаўства. Уласныя картатэкі маюць, бадай, усе хоць колькі сур’ёзныя лінгвісты, між тым у бібліяграфіі адзначаны толькі асобныя з такіх картатэк.

Нягледзячы на адзначаныя заўвагі (абумоўленыя, відаць, тым, што ўкладальнікі кваліфікавалі сваю дзейнасць найперш як практычную і, у меншай ступені, як навуковую) рэцэнзаваная бібліяграфія уяўляе сабой выдатны практычны (і вельмі зручны ў карыстанні) дапаможнік не толькі для лексікографаў і энцыклапедыстаў, але й для шырэйшага кола спецыялістаў. Можна не сумнявацца, што старанна падрыхтаванай кнізе В.Кіпеля і З.Саўкі наканавана вельмі доўгае (мінімум некалькі дзесяцігоддзяў) і актыўнае жыццё.

Мінск
Сяргей Запрудзкі

 

1 Пра тое, наколькі важнымі былі гэтыя працы для славістаў, можа сведчыць той факт, што, напрыклад, бібліяграфія 1967 г. рэцэнзавалася ў нямецкім часопісе „Zeitschrift fьr Slawistik“. Трохі нечакана даведнікі 1980 і 1993 г. нядаўна падлеглі даволі рэзкай крытыцы пад пяром доктара філалагічных навук Ніны Мячкоўскай. Гл.: Мячкоўская Н. Сацыялінгвістычны погляд на чыннікі, тармазы і прыярытэты нацыянальнага адраджэння // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мінск, 2001. С. 178—179; Nina Mechkovskaia. Чем Белорусы Отличаются от Русских // New Zealand Slavonic Journal. 2002. C. 166—167. Прэтэнзіі Н.Мячкоўскай да названых даведнікаў тычацца няўліку ў іх прац пра мовы, іншыя, чым беларуская, напісаных на мовах, іншых, чым беларуская, расійская і ўкраінская, нарэшце, прац, выдадзеных за межамі колішняга Савецкага Саюза. Незразумела, чаму гэтая крытыка не з’явілася адразу пасля выхаду з друку гэтых прац?..     

2 Гэты падыход, аднак, не пашыраны на выдадзеныя ў Беларусі расійскамоўныя энцыклапедыі: яны, здаецца, у любым выпадку лічацца беларускімі.

3 Укладальнікі напісалі, што яно мае „выключна ўжытковы характар, закліканы абслугоўваць патрэбы гэтае працы“ (XIII), тым самым аўтаматычна знізіўшы навуковую вартасць сваёй кнігі.

4 Паколькі рэцэнзаваная бібліяграфія была б, бадай, немагчымай у цяперашнім яе выглядзе, калі б не існавалі бібліяграфіі Я.Рамановіч, то чакалася, каб укладальнікі ў прадмове замест таго, каб крытыкаваць працы сваіх папярэднікаў (акрамя бібліяграфій Я.Рамановіч, да іх ліку належыць і даведнік „Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні): 1918—1998“; згадваецца ў кнізе як праца, якая адлюстроўвае „толькі адзін сегмент акрэсленай намі сукупнасці крыніцаў“), зусім выразна сказалі, у якой меры яны іх выкарысталі. Відаць, няўдалым, ці, прынамсі, неэканомным трэба прызнаць прыняты ў біблія­графіі спосаб пазначэння крыніцы інфармацыі аб шэрагу тэрмінала­гічных слоўнікаў, пры якім даведнік „Тэрміналагічныя слоўнікі...“ ў поўным яго апі­санні фігуруе ў кнізе ці не з дзесятак разоў. Верагодна, лепш было б прыняць для яго нейкае адмысловае скарачэнне.

 

змест