Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. Yale University Press, New Haven and London, 2003. 367.

 

Нягледзячы на значную колькасць публікацыяў пра феномен беларускай самасвядомасці (або феномен адсутнасці такой), няшмат было дададзена да нашага разумення фармавання і развіцця беларускай нацыі. Пераважную большасць працаў займала расцягнутая канстатацыя фактаў і з’яваў, датычных бeларускай самасвядомасці/ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве, са шчодрым прыцягненнем  істотных (і часта неістотных) факта­графічных дэталяў, гушчыня якіх часам замінала ўбачыць і апісаць тэндэнцыі і прычынна–выніковыя сувязі у разгляданай сферы. Нядаўна выдадзеная кніга амерыканскага даследчыка Тыматы Снайдара „Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569—1999“ шчасліва пазбаўленая вышэйзгаданых недахопаў і дае новы пункт погляду на беларускія праблемы праз параўнальны разгляд лёсу этнасаў–спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага, і праз скарыстанне імі спадчыны Вялікага Княства. Спробы ўлучыць ВКЛ у беларускі гістарычны дыскурс, безумоўна, рабіліся раней, рабіліся цэлы час, але атрыманыя вынікі былі фрагментарныя, часам штучна выведзеныя і непераканаўчыя, а галоўнае — рэдка падаваліся ў выглядзе арганічна прасочанага і адкаментаванага працэсу на працягу стагоддзяў; старасветчына не ўвязвалася з новым часам, з сучаснасцю ў гарманічны канструкт, які б трывала стаяў на нагах. У гэтай сувязі ўспамінаецца адзін з мітынгаў БНФ у канцы 1980–х, калі др. Юры Хадыка ўзгадаў Вялікае Княства і ліцвіноў як нашых гераічных продкаў. Людзі побач са мной няўцямна пера­глядаліся, гаворачы адзін аднаму: „Пры чым тут літоўцы?“ На гэтае пытанне шырокае грамадства дасюль не атрымала паслядоўнага вычарпальнага адказу. „Пра­клён“ блізкасці саманазову, мовы і рэлігіі да велізарнага ўсходняга суседа дагэтуль не зняты. Шмат якія рысы палітыкі ўладаў і агульнаграмадскай сітуацыі ў Беларусі сённяшняга дня, па–за фактам існавання сваёй дзяржавы, парадаксальна, нагадваюць палітыку ўладаў і грамадскую сітуацыю ў Беларусі стогадовай даўніны, пра якую піша Т. Снайдар.

Аўтара цікавяць нацыянальныя мадэлі развіцця, нацыянальная ідэалогія.  Шмат якія даследчыкі нацыяналізму наагул адмаўляюць існаванне ў нацыяналізме нейкай тэарэтычнай базы (Э. Гелнэр, Б. Андэрсан), што перагукаецца з савецкімі марксісцкімі сцвярджэннямі пра нацыяналізм як адмоўны, „дробнабуржуазны“ сацыяльны інстынкт, які скарыстоўвае ў сваіх мэтах капітал, каб сварыць пралетарыяў. Падобны погляд, надзіва, да сённяшняга дня захоўваецца ў некаторых даследчыкаў Усходняй Еўропы з вольнага свету. Так, Стывен Коткін у аглядзе кніг пра постсавецкі абшар у „Нью Рыпаблык“ (15 красавіка 2002) з пагардай праводзіць тэзу пра Трашканістан, або „Смеццестан“, карумпаваную пост–савецкую дзяржаўку1 (гэта пра Узбекістан ды іншых; пра Малдову ёсць таксама: „асноўная прадукцыя Малдовы — жаночае цела“). Асноўная ідэя артыкула — што самавы­значэнне ёсць вільсанаўскі і ленінскі фантом, які нясе адно пакуты і разбурэнне простым людзям. Тыповыя развагі: „Балкарская рэспубліка? Каму гэта трэба? Самім балкарцам? А ў простых лю­дзей вы спыталі?!“.  Між тым за нацыя­налізмам стаіць–такі тэорыя, і яна вартая разгляду, што даво­дзяць у сваіх працах Энтані Сміт, Раман Шпарлюк, Лія Грынфэлд, Эрык Гобсбаўм, а таксама Жан–Жак Русо, Эдмунд Бэрк, Фрыдрых Ліст, Ё.–Г. Гэрдар. Больш за тое, без разумення тэорыяў нацыяналізму немагчымае разуменне амаль усёй гісторыі Еўропы і свету апошніх двух стагоддзяў. У сваю чаргу, без разумення такіх тэорыяў немагчыма даць кагерэнтную карціну развіцця беларускага нацыянальнага руху, вытлумачыць ягоныя фенаменальныя дасягненні (прыкладам, стварэнне дзяржавы) і нe менш фенаменальныя няўдачы (няздольнасць кансалідаваць этнас).

Але вернемся да Снайдара. Ягонай задачай, як ён піша ў прадмове, было прасачыць, як паўстаюць нацыі і як яны прыходзяць да мадэрнага стану, а таксама як узнікаюць і трансфармуюцца нацыянальныя ідэі, калі і чаму супярэчнасці паміж нацыямі ператвараюцца ў крывавыя канфлікты або вырашаюцца мірна. Свой разгляд аўтар будуе на доследзе феномена і спадчыны Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці (Polish–Lithuanian Commonwealth) — апошні тэрмін, які робіцца штошырэй прыняты ў англамоўнай літаратуры, больш да­кладна перадае сутнасць гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Дарэчы, пра тэрміны — аўтар прызнае, што яны, у тым ліку тапонімы і этнонімы, нясуць ідэалагічную нагрузку, і абгаворвае ўжыванне тэрмінаў у розных кантэкстах. Аўтар адмыслова абмяркоўвае ўжыванне адпаведных рэаліяў у сваёй кнізе, дае напачатку параўнальную табліцу найважнейшых геаграфічных назваў з рэгіё­ну ў 8 мовах (на жаль, Менск па–беларуску прадстаўлены там як „Мінск“, с. хі). У выпадку Беларусі „тэрмін Беларусь (Belarus) сведчыць пра прыхільнасць да мясцовых традыцыяў, а тэрмін Беларусія (Belorussia) мае на ўвазе веру ў інтэгральную лучнасць з Расіяй“ (х). Выклад матэрыялу паказвае кампетэнтнасць аўтара ў  рэаліях і гісторыі земляў былой Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці.

У папярэдняй кнізе, манаграфіі пра Казімера Келес–Краўза, ідэолага ППС на пераломе ХIХ і ХХ ст., Снайдар раскрывае яго як аднаго з першых мысляроў, што спасціглі вытокі і сэнс сучаснага нацыяналізму, які заклікаў прызнаць нацыянальны статус няпольскіх насельнікаў былой Польска–Літоўскай Са­дружнасці і падтрымаць нацыянальныя памкненні ўсходніх суседзяў Польшчы і габрэяў. Гэтая салідная і грунтоўная праца, што ахоплівае розныя аспэкты ўзнікнення і развіцця нацыянальных і палітычных рухаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе у часы мадэрнізацыі, сталася добрай перадумовай для не менш грунтоўнай працы, што разглядаецца тут.

Найбольш каштоўнай рысай дадзенай кнігі ёсць, безумоўна, метадалагічна выніковы спосаб пабудовы доследу — разгляд мясцовых ідэнтычнасцяў у насельнікаў на землях Вялікага Княства ад старажытнасці і да новага часу, вызначэнне асаблівасцяў нараджэння і развіцця нацыянальных рухаў і параўнанне гэтых ідэнтычнасцяў і рухаў, з адзначэннем асноўнай палітыкі дзяржаваў (пераважна Расійскай імперыі) у дачыненні да ўзгаданых нацыяў (этнасаў) і рухаў. „Найбольш эфэктыўныя нацыянальныя ідэі ўлучаюць скажэнне мінулага; каб зразумець сілу, што здольная прынесці змены, якія ўтрымліваюць гэтыя ідэі, мы мусім адэкватна ацаніць мінулае“(17). Аўтар дае кароткі агляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і адмыслова разглядае пытанні, што з’яўляюцца вузлавымі ў гістарыяграфіі разгляданага рэгіёну. Сярод іх — паходжанне і статус старабеларускай актавай мовы, паланізацыя арыстакратыі, канцэпт „тутэйшасці“, канцэпт гістарычнай Літвы ў творчасці Міцкевіча ды іншых пісьменнікаў, уніяцкая царква і мовы, якія ўжываліся ў ёй (з графікам працэнту ўжывання розных моваў па гадах), этнічная прыналежнасць Вільні і Віленшчыны ды шэраг іншых пытанняў.

Прыкладам, „тутэйшасць“ падаецца як „свядомае адмаўленне ад ідэалогіяў, што здаваліся непрыдатнымі для акрэсленых мясцовых рэаліяў і традыцыі. Тутэйшасць сялянаў з–пад Вільні была практычным адказам на скамплікаваныя ўзоры лінгвістычнай асіміляцыі і спробай дыпламатычным спосабам унікнуць абавязку станавіцца на бок або польскамоўнай шляхты, або расійскіх імперскіх чыноўнікаў“ (40). Адзначаецца таксама, што „патрыятызм Міцкевіча быў збудаваны не на мадэрнай этнічнай або лінгвістычнай дэфініцыі Польшчы, а на настальгічных рэспубліканскіх ідэях Вялікага Княства Літоўскага, якія ён супрацьстаўляў гістарычнаму ўяўленню аўтакратычнай Расіі“ (41).

У аналізе поспехаў адных нацыянальных рухаў і паразаў другіх аўтар даследуе, у які спосаб трактавалі гісторыю прадстаўнікі адпаведных рухаў. Там, дзе пэўныя этапы гісторыі ад­кідаліся і замест ужываліся вынаходніцтвы, справа ішла лягчэй, чымся ў выпадках, калі змена традыцыяў думалася праз  змены паводзінаў эліты. „Традыцыя ўлучае рэчы, што людзі робяць фактычна ў дадзены момант, тады як гісторыя апавядае пра тое, што людзі (як мяркуем) рабілі ў мінулым. Тое, дзе традыцыя спыняецца і дзе пачынаецца гісторыя, у вялікай меры залежыць ад сацыяльнага паходжання нацыянальных актывістаў.“ Літоўскія актывісты, пераважна сялянскага паходжання, ахвотна і лёгка выкідалі з свайго наратыву некалькі стагоддзяў і гаварылі пра адраджэнне. Беларускія актывісты, пераважна паходжаннем з польскамоўнай каталіцкай шляхты, з меншай лёгкасцю ўспрымалі ідэю стварэння этнічнай Беларусі на падставах насельніцтва і мовы, не азіраючыся на гісторыю. І гэта сталася адным з чыннікаў, што заміналі поспеху беларускага нацыянальнага руху. Паставіўшы сабе пытанне „Чаму беларускі рух пацярпеў няўдачу там, дзе іншыя мелі поспех?“, Тыматы Снайдар адзначае, што ў параўнанні з іншымі этнасамі раннемадэрновай гістарычнай Літвы „протабеларускі“ этнас меў усе падставы для поспеху. Ён быў самым шматлікім на разгляданым абшары, на ягонай мове вялося справаводства Вялікага Княства, дыялекты гэтай мовы былі прыдатнай падставай для стварэння літаратурнай мовы, у гэтым руху бралі ўдзел адданыя актывісты. Далей Снайдар аналізуе поспехі літоўцаў і палякаў, паралельна адзначаючы цяжкасці або немагчымасць скарыстаць з тых жа рэчаў для беларускага руху. Сярод перашкодаў для беларускага руху на пераломе ХIХ—ХХ ст. названыя некадыфікаванасць мовы, адсутнасць суро­дзічаў па–за межамі Расіі, на дапамогу якіх можна было б спа­дзявацца, як гэта было для палякаў і літоўцаў, адсутнасць насельніцтва, што чытала б толькі па–беларуску, бліз­касць беларускай мовы да моваў суседзяў, адсутнасць „нацыянальнага“ веравызнання і г.д. Усё гэта не новае, але ідэя сістэматычнага аналізу прычынаў, што выклікалі няўдачы беларускага руху ў ХХ ст., дагэтуль не рэалізаваная, і таму яна вартая самай пільнай увагі гісторыкаў, палітолагаў, культуролагаў ды спецыялістаў у розных галінах беларусаведы. Вельмі плённым падаецца параўнаўчы аналіз з’яваў адносна іншых, суабшарных або суседніх нацыянальных групаў, а таксама канцэнтрацыя ў гэткім аналізе на нейкай канкрэтнай з’яве, як гэта бліскуча зрабіў Снайдар, аналізуючы гісторыю віленскага пытання ў ХХ ст.

Аўтар не ўзгадвае і, здаецца, не дае сабе справы з размежаванасці беларускага грамадства па нацыянальных, веравы­знаўчых, сацыяльных „курыях“, і з рэзкай мяжы паміж імі, нават наўпрост — у прасторы (расійска–габрэйскі горад — габрэйскае мястэчка — „каталіцкі“ двор/фальварак — „тутэйшая“ вёска, акіян вёсак). Ці хто калі задумваўся над такімі вось словамі габрэя з Беларусі: „Калі б я не ведаў тэарэтычна, што мы, габрэі, жывем на выгнанні, я меў бы права сказаць, што жыву ў габрэйскай краіне — так мала рэчаў у нашым краі, Беларусі, нагадвала нам пра выгнанне. Здавалася, край  гэты некалі належаў гоям, але мы, габрэі, захапілі яго зброяй і, як часта бывае ў гісторыі, па праву пераможцаў сталі валадарамі — калі не ў палітычным сэнсе, дык дакладна ў сэнсе эканамічным, нацыянальным і культурным“2.

Цікавыя думкі ёсць у ягоным аналізе імперскай расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі, напрыклад спробы зрабіць гісторыю Вялікага Княства, як „Рускай дзяржавы“, часткай гісторыі Расіі і праз тое элімінаваць магчымасць выкарыстання яе (гісторыі Княства) канкуруючымі гістарыяграфіямі. З гэтай нагоды можна пашкадаваць, як мала Расія вывучаная беларускімі навукоўцамі. Менавіта дакладнае вывучэнне Расіі, гісторыі расій­скага нацыянальнага ўсведамлення паможа больш дакладна, навукова акрэсліць, чым мы не ёсць. Расія зрабілася шматнацыянальнай імперыяй перад тым, як сфармавалася расійская нацыянальная ідэнтычнасць; паміж калоніямі і метраполіяй не было яснага тэрытарыяльнага размежавання; роля дзяржавы была ўсеахопнай, грамадства атаесамлялася з дзяржавай; гэтая роля дзяржавы не паменшылася, а нават узрасла, калі ўладу ад аўтакратыі перанялі радыкальныя сацыялісты3. І так далей, і да таго падобнае — кожная бадай расійская рыса ёсць унікальная, і кожная мусіць стаць, так бы мовіць, „штакецінай у плоце“ паміж дзвюма ідэнтычнасцямі, беларускай і расійскай.

Вартыя ўвагі назіранні Т. Снайдара пра тое, як літоўская і расійская гісторыясофіі спалучылі ў наратывах Сярэднявечча з сучаснасцю, прапускаючы раннемадэрны час; як савецкі камунізм браў удзел у гамагенізацыі нацыяў і ўзмацненні паваенных Польшчы і Літвы, як рознілася палітыка і трактаванні польскай нацыянальнай меншасці ў БССР і ў Літоўскай ССР, як развіваліся падзеі 1989—1991 г. у Беларусі і ў Літве, як Беларусь змянілася ў першае дзесяцігоддзе незалежнасці. Тут падаецца вартым нагадаць пра адсутнасць салідных доследаў гісторыі савецкага часу, савецкай нацыянальнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Шмат можна было б скарыстаць з ідэяў Снайдара, выказаных пры аналізе сітуацыі вакол Вільні, польска–ўкраінскага канфлікту і другога адраджэння Польшчы. Недаследаваны і ўплыў мадэрнізацыі на беларускае грамадства ў ХХ ст., і трансфармацыя Беларусі пад гэтым уплывам.

Аўтар менш інфармаваны пра функцыянаванне беларускай нацыянальнай ідэі, лічыць, што яна ў сучасным выглядзе яшчэ не існуе, і лічыць падставай для яе поспеху сінтэзу міфічнага канцэпту Вялікага Княства, праваслаўнай рэлігіі і савецкай гістарычнай памяці бальшыні беларускага насельніцтва. „Такая сінтэза, як і з’яўленне Адама Міцкевіча ў ролі беларускага нацыяналіста, будзе знакам павароту беларускай нацыянальнай ідэі да сучаснасці“ (284).  І яшчэ: „Нацыяналізм прэтэндуе на пераемнасць. На справе ж ён мусіць улучаць рэканструкцыю раннемадэрных палітычных традыцыяў дастаткова радыкальна, каб даць магчымасць масам зразумець і пажадаць далучыцца да новаазначанай палітычнай супольнасці“ ( 281).

Наагул аўтар стрымана аптымістычны ў адносінах да беларускага руху, паказвае, што ён мае, урэшце, не менш падставаў для поспеху, чым рухі літоўскі і польскі. Усё гэта паказвае, што гісторыя Беларусі — гэта захапляльная, хоць і малавядомая па–за краем, навуковая дзялянка, якая дае прастору выпрабаваць інтэлектуальныя сілы, што паказвае цяпер і паспяховая праца гарвардскага даследчыка Тыматы Снайдара.

 

Нью–Ёрк
Віталь Зайка

змест