Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе между­­народных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621.

 

Зусім нядаўна з друку выйшла так доўгачаканая ў навуковых колах новая кніга знанай маскоўскай даследчыцы Ганны Харашкевіч, першапачатковы варыянт якой быў гатовы яшчэ ў сярэдзіне 90–х г. Выходзіць, на шляху да выдання гэтую кнігу чакалі немалыя цяжкасці, што пацвердзіла і сама шаноўная аўтарка. На шчасце, цяпер мы можам азнаёміцца з грунтоўным па аб’ёме даследаваннем, прысвечаным тэматыцы міжнародных адносін у Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст. Трэба прызнаць, што манаграфічныя працы па знешнепалітычнай гісторыі краін гэтага рэгіёну (а значыць — і Вялікага Княства Літоўскага) выходзяць вельмі рэдка. З расійскіх публікацый як найбліжэйшую па часе з’яўлення можна ўзгадаць цікавую, хоць і неадназначную працу І. Б. Грэкава1, з польскіх — грунтоўныя, але ўжо не задавальняючыя цяпер апрацаванні Я. Натансона–Лескага2. Акра­мя іх, нельга, безумоўна, абысці ўвагай фундаментальныя даследаванні навукова–біяграфічнага жанру Ю. Ясноўскага і найноўшае — Г. Гралі, у якім пытанні знешняй палітыкі знаходзяцца на першым месцы3. Таму манаграфія Г. Харашкевіч наспела да выдання ўжо хоць бы з ненасычанасці гістарыяграфічнай прасторы інфармацыяй на тэму міжнародных адносін і знешняй палі­тыкі паасобных дзяржаў рэгіёну ў перыяд ранняга Новага часу.

Структура манаграфіі пабудавана па традыцыйнай схеме, якая складаецца з характарыстыкі крыніц і літаратуры, асноўнай часткі і выніковага заключэння. Асноўная частка змяшчае сем раздзелаў, у якіх асвятляюцца падзеі ад прыняцця Іванам IV царскага тытула да заканчэння першага этапу Інфлянцкай вайны, г. зн. 1570 г. Аўтарка, такім чынам, адыходзіць ад традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны. Атрымліваецца, што вайна 1558—1570 г. вылучаецца ёю ў асобную падзею (але на гэтым Г. Харашкевіч не засяроджвае пільнай увагі, хоць праблема вельмі актуальная). Ад сябе хацелася б дадаць, што з гледзі­шча логікі падзей падобны падыход цалкам апраўданы і мае неабходнае гістарычнае абгрунтаванне, на што намі, дарэчы, раней звярталася ўвага.

Аўтарка прысвяціла сваю кнігу памяці выбітнага даследчыка эпохі Івана IV гісторыка А. А. Зіміна. Гэтае прысвячэнне ў пэўнай ступені тлумачыць канцэптуальны падыход Г. Харашкевіч. Сваю канцэпцыю яна будуе ў рэчышчы ідэй, выказаных у свой час А. Зіміным, негатыўна ставячыся да меркаванняў яго галоўнага апанента Р. Скрыннікава і інш. Такім жа чынам Г. Харашкевіч адносіцца да меркаванняў аб неіснаванні „Выбранай рады“ і ардынарнай ролі ў вялікай палітыцы А. Адашава і Сільвестра, выказаных у апошні час у спецыяльным даследаванні А. Філюшкіна4.

У аснову выкладання праблемы аўтарка паклала строгі храналагічны прынцып, прытрымліваючыся дэклараванага А. А. Зіміным „прагматычнага падыходу“ — комплекснага вывучэння крыніц разам з храналагічным выкладаннем матэрыялу („повествовательностью“). Аднак падобны падыход атрымаў у выкананні даследчыцы і пэўныя хібы. Часта гэта ператваралася ў рэгі­страцыю фактаў. Відавочна, што кніга перанасычана фактычным матэрыялам, часта малаістотнымі для сутнасці справы дадзенымі.

Прыкладам, можа скласціся ўражанне, што лакальныя бая­выя сутычкі 1565 г. маюць такое ж значэнне, як, скажам, бітва над Улай 1564 г. ці захоп ліцвінамі Улы ў 1568 г. (гэтай падзеі ўвогуле прысвечаны толькі адзін радок!). Некаторыя ўзгаданыя факты, як след не пераправераныя, проста не мелі месца (пры­кладам, інфармацыя пра тое, што ў чэрвені 1568 г. Лепель перайшоў у рукі ліцвінаў (498), што Жыгімонт Аўгуст у верасні 1567 г. быў у Дуброўне, г. зн. на памежжы з Маскоўскай дзяржавай (482) і інш.). Увогуле, да інфармацыі, якая датычыць удзе­лу ВКЛ у Інфлянцкай вайне і яго ўнутранай гісторыі, пада­дзенай у манаграфіі, трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю.

Кніга Г. Харашкевіч шчыльна звязана з даследаваннямі ўнутранай гісторыі Расіі эпохі Івана IV, якія інтэнсіўна вяліся ў СССР у другой палове ХХ ст. У прынцыпе, аўтарку хвалююць тыя ж пытанні, што і А. Зіміна. Толькі галоўны акцэнт кладзецца на аналіз знешнепалітычных фактараў, і ў гэтым — істотнае адрозненне кнігі ад астатніх, прысвечаных гісторыі Расіі эпохі Івана IV. Мэта даследавання, па словах аўтаркі, — прасачыць узаемасувязі паміж міжнароднымі падзеямі і такімі з’явамі расій­­скай гісторыі, як рэформы і апрычніна Івана IV. Сцісла кажучы, у канцэптуальным плане аўтарку перш за ўсё цікавіць, хто ж адыгрываў галоўную ролю ў працэсе прыняцця знешнепалітычных рашэнняў, якое месца тут займаў, з аднаго боку, цар Іван IV, а з другога — „Выбраная рада“ і Баярская Дума. Не абыдзена ўвагай і праблема рэакцый розных сацыяльных і палі­тычных груповак на характар дзяржаўнай палітыкі, а таксама адпаведнасці знешнепалітычнага курсу аб’ектыўным па­трэбам краіны. Такім чынам, знешняя палітыка разглядаецца як ключ да зразумення сутнасці ўлады ў Маскоўскай дзяржаве.

Трэба прызнаць, што Г. Харашкевіч, у адрозненне ад савецкіх папярэднікаў, уласціва цалкам крытычная, без усялякай эйфарыі, ацэнка сутнасці знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы. Яна адкрыта заяўляе пра агрэсіўныя памкненні кіраўніцтва дзяржавы, якія выцякалі з аб’ектыўных сацыяльна–эканамічных перадумоў. На думку аўтаркі, „иной альтернативы, кроме войны, в то время у России объективно не было“ (204). Даследчыцца выразна вылучаецца з асяроддзя расійскіх даследчыкаў новай якасцю падыходу да аналізу складаных праблем, звязаных з месцам Расіі ў тагачаснай сістэме міжнародных адносін.

Аўтарка бадай што ўпершыню звяртае такую пільную ўвагу на знешнюю палітыку Расіі эпохі Івана IV у рэчышчы яе ўнутрыпалітычнага развіцця. Назва кнігі крыху заводзіць у зман, бо не зусім дакладна вызначае прадмет даследавання. Г. Харашкевіч прысвяціла сваю працу не аналізу міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі як такім, а менавіта таму, як знешнія чыннікі ўплывалі на ўнутраную палітыку кіраўнічых колаў дзяржавы. Цэласнага асвятлення міжнароднай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне сярэдзіны XVI ст. тут не знойдзеш. У гэтым можна пры жаданні ўбачыць істотны недахоп кнігі, але калі ведаць пра задачы, якія паставіла перад сабой аўтарка, то гэтая сітуацыя робіцца зразумелай. Да таго ж, трэба прызнаць прадуктыўнасць падобнага падыходу. Асвятленне падзей на міжнароднай арэне само па сабе мала што дае, калі не шукаць унутраных крыніц знешнепалітычнага дзеяння. У сучасных варунках развіцця гістарычнай навукі разглядаць знешнюю палітыку у адрыве ад палітыкі ўнутранай — метад не эфектыўны.

Падсумоўваючы набыткі гістарыяграфіі, Г. Харашкевіч, на наш погляд, дае вельмі дакладную ацэнку стану рэчаў у вывучэнні гісторыі знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы і суседніх краін у сярэдзіне XVI ст.: „Мифы, созданные еще современниками–панегиристами Грозного, преобразованы были их преемниками и оспаривались противниками, создававшими в свою очередь новые — антимифы. Внешняя политика и международные отношения — одно из наиболее плодородных полей для произрастания такого растения как „миф“, именно в этой сфере сталкиваются государственные интересы не только прошлого, но и сегодняшнего времени“ (38—39). Цяжка штосьці дадаць да гэтай лаканічнай, але ёмістай характарыстыкі.

Што датычыць выкарыстанай літаратуры, то тут, на жаль, існуюць вельмі вялікія лакуны. Прыкра, што з найноўшых беларускіх прац выкарыстаны толькі невялікі артыкул Г. Сагановіча, а таксама выданне Метрыкі ВКЛ, падрыхтаванае А. Грушам5. Але ж за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі па меншай меры пяць даследчыкаў звярталася да праблематыкі міжнародных адносін ва Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст.! Не выкарыстаны шматлікія выданні крыніц, якія дапамаглі б лепей зразумець сутнасць Інфлянцкай вайны і палітыкі Масквы і ВКЛ у раёне ваенных дзеянняў (прыкладам, вельмі цікавая рэляцыя пасла нямецкага імператара Г. Гофмана 1560 г.6, найкаштоўнейшая перапіска паміж Рыгорам Хадкевічам і Раманам Сангушкам7, пісцовая кніга Полацкага павету 1568—1570 г.8 і інш.). Чамусьці амаль што ніяк не задзейнічаны пры апісанні падзей польска–літоўскія хронікі (асабліва дзівіць ігнараванне хронікі М. Стрыйкоўскага). Пры аналізе палітыкі ВКЛ Г. Харашкевіч карыстаецца ў асноўным двума зборнікамі крыніц: найноўшым выданнем лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў і шматтомавым праектам „Elementa ad Fontium Editiones“, а таксама расійскімі дарэвалюцыйнымі выданнямі9. Гэтага недастаткова, каб зразумець сутнасць падзей, якія адбываліся ў ВКЛ, сутнасць яго ўнутранай і знешняй палітыкі.

Несумненны плюс манаграфіі — скрупулёзны аналіз маскоўскіх пасольскіх кніг. Здаецца, гэтыя найкаштоўнейшыя крыніцы ўпершыню ўведзены ў кантэкст гістарычнай навукі з такой дэталёвасцю. Аўтарка справядліва адзначае, што матэрыялы пасольскіх кніг важныя не толькі пры апісанні знешнепалітычных працэсаў, але і для вывучэння ўнутранай гісторыі Маскоўскай дзяржавы.

Кніга Г. Харашкевіч яшчэ раз паказала, як цяжка захоў­ваць бесстароннасць пры аналізе міжнародных адносін. Гэта асабліва моцна выяўляецца пры асвятленні ўзаемадачыненняў Масквы і Вільні. Даследчык вымушаны грунтавацца на рацыі аднаго з бакоў, бо праблема царскага тытула, якая паўстала ў Маскоўскай дзяржаве ў сярэдзіне XVI ст., і звязаная з ёй праблема наймення дзяржавы была не толькі адным з самых балючых пытанняў ва ўзаемных стасунках, але і сур’ёзным выпрабаваннем для гісторыка. Можна сказаць, гэтая праблема ляжыць у аснове прыхаванага „канфлікта гістарыяграфій“. Напэўна, літоўскія і беларускія гісторыкі, якія разглядаюць ВКЛ як уласную дзяржаўна–гістарычную спадчыну, ніколі не пагодзяцца з правам Масквы на „ўз’яднанне зямель Старажытнай Русі“. А менавіта з гэтага палажэння выходзіць Г. Харашкевіч, аргументуючы сваю пазіцыю, што, у прынцыпе, уласціва расійскай гістарыяграфіі. Аўтарка адмаўляецца выкарыстоўваць тэрміны кшталту „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ (бо яны мелі польска–літоўскае (sic!) паходжанне) і прапануе тэрмін „княжество всея Руси“, бо менавіта такой была саманазва дзяржавы ў азначаны перыяд. Аднак калі глядзець на справу з гледзішча рацыі інтарэсаў ВКЛ, то найменні „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ маюць такое ж права на існаванне, бо добра стасуюцца з гістарычнымі рэаліямі і таксама былі „в ходу у современников описываемых событий“ ( 59). Здаецца, ад праблемы выбару „званіцы“ тут не па­збавіцца.

У сваёй кнізе Г. Харашкевіч мэтанакіравана даводзіць, што Іван IV не валодаў паўнатой улады ў знешнепалітычнай сферы. Да Інфлянцкай вайны прэрагатывы прыняцця знешнепалітычных рашэнняў трымала ў сваіх руках „Выбраная рада“ і Баярская Дума, якія часта дзейнічалі насуперак меркаванням цара. Асноўнай задачай для яго было ўзяцце пад свой поўны кантроль знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Аднак нават у перыяд апрычніны Іван IV быў вымушаны прыслухоўвацца да меркаванняў баяраў.

Гэтая барацьба за знешнепалітычныя прэрагатывы паміж царом і баярамі (а таксама „Выбранай радай“) — адзін з найважнейшых канцэптуальных момантаў кнігі. Найбольш відавочным выяўленнем гэтага суперніцтва з’яўлялася стаўленне палітычнай эліты дзяржавы да пытання прызнання царскага тытула Івана IV. Як вядома, з самага пачатку, г. зн. з 1547 г., гэтая праблема значна ўскладніла ўзаемадачыненні паміж Маскоўскім княствам і ВКЛ. Апошняе не жадала называць Івана IV царом, бо бачыла ў гэтым акце імкненне па–новаму абгрунтаваць маскоўскія прэтэнзіі на ўсе „рускія“ землі. Пад націскам баяраў у канцы 40–х і ў 50–х г. XVI ст. пытанне царскага тытула часта апускалася пры дыпламатычных перамовах з ліцвінамі. Таксама з боку баяраў і „Выбранай рады“ ігнаравалася жаданне Івана IV распачаць з–за гэтай прычыны вайну з ВКЛ. Прыярытэты знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы яны бачылі на ўсходзе — у змаганні з рэшткамі Залатой Арды. Пасля авалодання Казанню ў 1552 г. галоўная ўвага мусіла быць звернута на ліквідацыю „крымскай пагрозы“.

Аўтарка лічыць, што змаганне з Крымскім ханствам было выкананнем менавіта баярскай знешнепалітычнай праграмы. Гэта адпавядала нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Іван IV, у сваю чаргу, звярнуў свой позірк на Інфлянты, зыходзячы з гіпертрафаванага жадання авалодаць „усім Сусветам“, зацвердзіць сябе ў якасці сапраўднага пераемніка Пруса (204). Гэтыя эгаістычныя памкненні прывялі да распачынання Інфлянцкай вайны. Аўтарка лічыць, што ўскладненне маскоўска–інфлянцкіх стасункаў у 1554 г. і распачынанне Інфлянцкай вайны ў 1558 г. былі справакаваныя царом (148—149).

Ганна Харашкевіч сцвярджае, што цар з самага пачатку меў яснае ўяўленне аб мэтах сваёй інфлянцкай палітыкі. Дзіўны, супярэчлівы характар вайны на пачатковым этапе вынікаў з рознагалоссяў паміж Іванам IV і „Выбранай радай“. На яе думку, прадстаўнікі баярскай эліты займаліся амаль што непрыхаваным сабатажам намераў цара, жадаючы заключыць анты­крымскі саюз з ВКЛ. Гэтая разарванасць інтарэсаў палітычнай эліты прывяла да няўдач на знешнепалітычным фронце.

Думка пра свядомы пачатак Інфлянцкай вайны выглядае непераканаўчай, бо дакладна вядома, што першыя ваенныя акцыі маскоўцаў у Інфлянтах не мелі на мэце захопу тэрыторыі і нагадвалі маланкавыя „татарскія“ набегі. Невядома, ці адбыўся б захоп Нарвы ў траўні 1558 г., калі б яе гарнізон не распачаў правакацыі супраць Івангорада. Аўтарка таксама выразна не тлумачыць, чаму ж Іван IV пайшоў на часовае замірэнне з інфлянцамі ў сакавіку 1559 г., а не працягваў далейшы наступ на Інфлянты.

Гэтаксама непераканаўча гучыць меркаванне, што сябры „Выбранай рады“ рабілі перашкоды на шляху рэалізацыі царскіх задумаў у Інфлянтах. Дакументы сведчаць, што знешняя палітыка праводзілася згуртавана ўсімі членамі ўрада. Так, на перамовах з інфлянцкімі пасламі стала ўдзельнічаў лідэр „Выбранай рады“ А. Адашаў. Ягоны брат, Д. Адашаў, быў адным з кіраўнікоў аперацыі па захопу Нарвы, за сваю службу неаднаразова атрымліваў падзякі ад Івана IV. Нічога аб супярэчнасцях унутры маскоўскага ўрада па знешнепалітычных пытаннях не паведамляе Г. Гофман, які, гледзячы на ўсё, меў шырокі доступ да сакрэтнай інфармацыі. Згаданыя ў пасланнях Івана IV да Андрэя Курбскага „супротисловия“ кіраўнікоў „Выбранай рады“ маглі быць проста альтэрнатыўнымі меркаваннямі, якія паўсталі пад час абмеркавання далейшых дзеянняў. Магчыма, рознагалоссі ўзніклі з–за розных поглядаў не на мэты вайны, а на метады падпарадкавання Інфлянцкай дзяржавы. Менавіта такім чынам можна праінтэрпрэтаваць тыя палемічныя i тэндэнцыйныя выпады цара ў першым пасланні да Курбскага, якімі звычайна абгрунтоўваецца асаблівая пазіцыя „Выбранай рады“.

Нават калі Іван IV расправіўся з лідэрам „Выбранай рады“, гэта не прывяло да актывізацыі ваенных дзеянняў у Інфлянтах. З іншага боку, атрымліваецца, што актыўныя дзеянні супраць Крымскага ханства напрыканцы 50–х г. XVI ст. не мелі санкцыі цара, у што цяжка паверыць. Падаецца, аўтарка не ўлічвае, што разам са зменай сітуацыі на міжнароднай арэне маглі кардынальным, часта непрадказальным чынам мяняцца і пазіцыі розных палітычных сілаў. Іван IV раздзьмуў вогнішча Інфлянцкай вайны, добра не ўсведамляючы, што гэта можа прывесці да значнага міжнароднага канфлікту.

Пры аналізе пазіцыі ВКЛ у інфлянцкім канфлікце на яго пачатковай стадыі з–за недастатковага ведання сутнасці падзей даследчыца прыходзіць да няслушных высноваў. Так, яна здзіўляецца, чаму ВКЛ, заключыўшы восенню 1557 г. Пазвольскую дамову з Інфлянтамі, абыякава глядзела на падзеі ў Інфлянтах у 1558 г. Такое пытанне не ўзнікла б, калі ведаць, што гэтая дамова мела таемны характар, а ваенны саюз ВКЛ з Інфлянцкім ордэнам пачынаў дзейнічаць, згодна з дамоўленасцю, не раней за 1562 г. Далей гаворыцца, што толькі ў сакавіку 1561 г. Жыгі­монт Аўгуст вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Інфлянтаў (266). Але яшчэ па надрукаваных у „Актах Западной России“ дакументах вядома, што кантынгент ліцвінаў з’явіўся тут ужо напрыканцы 1559 г. па заключанай у жніўні таго ж года дамоўленасці з інфлянтцамі.

Варта адзначыць яшчэ адну сімптаматычную дэталь для зразумення падыходу аўтаркі да інтэрпрэтацыі падзей. Аналізуючы ліставанне паміж І. Фёдаравым і Р. Хадкевічам восенню 1562 г., Г. Харашкевіч прыходзіць да высновы, што дзякуючы намаганням маскоўскага баярына і ліцвінскага праваслаўнага магната было заключана нефармальнае перамір’е. З–пад увагі пры гэтым губляецца той факт, што звычайна з надыходам зімы ваенныя дзеянні сцішваліся. Да таго ж, пачынаючы з верасня 1562 г., Іван IV мэтанакіравана рыхтаваўся да шырокамаштабнага паходу на Полацк, і ўвядзенне ў зман ліцвінаў сваімі міралюбнымі намерамі яму было толькі на карысць.

Увогуле ж матыў супрацьпастаўлення баярскіх і царскіх інтарэсаў і дзеянняў у знешнепалітычнай сферы праходзіць праз усю кнігу. Асабліва арыгінальна ён з’яўляецца пры трактоўцы вынікаў і значэння захопу маскоўскім войскам Полацка ў 1563 г. Г. Харашкевіч сцвярджае, што гэтая падзея стала толькі фармальнай перамогай для цара. У рэчаіснасці ж Іван IV зноў спа­знаў прыкрае пачуццё паразы, калі баяры не рашыліся далей працягваць наступ на ВКЛ, а заключылі перамір’е з раднымі панамі.

Падобнае трактаванне выклікае падвойнае ўражанне. З аднаго боку, аўтарка раскрывае вельмі цікавы аспект унутраных разыходжанняў у кіраўніцтве Маскоўскай дзяржавы. З іншага ж, відавочным ёсць празмернае захапленне ідэяй супрацьстаяння баяр і цара. А можа, Іван IV проста пагадзіўся з аб’ектыўнымі рэаліямі вайны? Полацкая выправа была грандыёзнай акцыяй і патрабавала надзвычайных высілкаў. Аўтарка не задаецца пытаннем, ці мела вялізнае маскоўскае войска ў неспрыяльных зімовых умовах рэсурсы для працягу выправы. Да таго ж, цяжка аспрэчваць той факт, што пасля захопу Полацка ініцыятыва цвёрда перайшла ў рукі Масквы. Кароткачасовае перамір’е для ўзнаўлення сілаў было ёй толькі выгадным.

А той факт, што маскоўскае войска прыпынілася ў гарадскіх граніцах, цалкам вытлумачальны. Як сведчыць змест дыпламатычных перамоў, маскоўскае кіраўніцтва зыходзіла з таго пастулата, што пасля захопу галоўнага адміністрацыйнага цэнтра тэрыторыя ўсяго „павету“ пераходзіць пад новую ўладу. Дый што яшчэ можна было захапіць у Полацкай зямлі, акрамя неўмацаваных паселішчаў? Пасылкі маскоўскіх атрадаў углыб Полаччыны прымаць у мясцовага насельніцтва прысягу на вернасць цару часта канчаліся збройнымі выступленнямі супраць акупантаў. Кантраляваць сітуацыю ў падобных варунках можна было толькі з добраўмацаваных замкаў, якім з’яўляўся Полацк. Дарэчы, Г. Харашкевіч нічога не піша пра ўсталяваны ў Полацку і акрузе акупацыйны рэжым, пра стаўленне новых уладароў да тутэйшых людзей і наадварот — рэакцыі палачан на палітыку маскоўскай улады. А гэтая тэма вельмі важная для зразумення сутнасці палі­тыкі Маскоўскай дзяржавы.

Спроба ўзнаўлення татальнага наступлення на ВКЛ была прадпрынятая праз год, але пацярпела фіяска з–за паразы ў бітве над Улай. На жаль, Г. Харашкевіч аддае ёй мала ўвагі, хоць і падкрэслівае яе важнае значэнне для змянення сітуацыі ў вайне паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Даследчыца некрытычна паставілася да інфармацыі аб колькасці войска ВКЛ пад час няўдалай выправы пад Полацк восенню 1564 г. Аніяк не магло яго там быць 50 тысяч чалавек. І палякі прынялі чынны ўдзел у вайне з маскоўцамі зусім не пад час гэтай выправы, а нашмат раней. Узяць пад увагу хоць бы бітву пад Невелем у жніўні 1562 г., дзе войска А. Курбскага разбілі якраз дзевяць польскіх конных ротаў.

Адным з найважнейшых момантаў для зразумення канцэпцыі кнігі з’яўляецца трактаванне падзей на Земскім саборы 1566 г. Як вядома, на ім было прынята рашэнне аб працягу Інфлянцкай вайны. Гэтую ідэю, у прыватнасці, падтрымала Баярская Дума. Г. Харашкевіч лічыць, што гэта было фатальнай памылкай, больш за тое, яна ўскладвае на баяр віну за крах у далейшым часе знешняй палітыкі Масквы. У 1566 г. быў прадвырашаны зыход Інфлянцкай вайны (440—441).

Аднак такая інтэрпрэтацыя не ўзгадняецца з многімі фактамі. На нашу думку, у 1566 г. стаяла пытанне не столькі працягу шырокамаштабнай наступальнай вайны (для гэтага ўжо сапраўды бракавала рэсурсаў), колькі непрымальнасці варункаў прымірэння з ліцвінамі. Звернем увагу на два прынцыповыя моманты: маскоўцам так і не ўдалося дамагчыся ад паслоў з ВКЛ адмовіцца ад прэтэнзій на Рыгу, ліцвіны прапаноўвалі толькі кароткачасовае перамір’е — на пяць–шэсць гадоў, што было не ў інтарэсах маскоўскага боку. Кампрамісу так і не ўдалося дасягнуць.

Нельга казаць, што ў 1566 г. міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы было бязвыхадным. Ці абавязкова ў Крамлі маглі прадбачыць у гэты час, што ў 1568 г. у Швецыі зменіцца ўлада, а напрыканцы 60–х г. XVI ст. абвострацца адносіны з Турцыяй і Крымскім ханствам?

Безумоўна, былі надзеі калі не перамагчы ВКЛ у вайне, дык па меншай меры ўмацаваць сваё становішча на дасягнутым узроўні. Даследчыца зусім выпускае з–пад увагі, што пасля 1564 г. маскоўскае кіраўніцтва не прадпрымала шырокамаштабных ваенных акцый, а са жніўня 1566 г. пачало будаваць у Полацкай зямлі невялікія, але добраўмацаваныя замкі, тым самым паступова пашыраючы зону свайго кантролю. Неўзабаве распачалася раздача зямельных надзелаў новаяўленым памешчыкам. Гэта азначала, што Масква перайшла да палітыкі ўмацавання сваёй прысутнасці на захопленых землях.

Цяжка пагадзіцца з аўтарскай ацэнкай перамір’я 1570 г. Згодна з ёй, заключэнне гэтага перамір’я прадэманстравала поў­нае фіяска знешняй палітыкі Івана IV на заходнім напрамку (554). Даследчыца тлумачыць, што Масква не замацавала за сабой тэрытарыяльных набыткаў: яна толькі прэтэндавала (!) на збудаваныя сваімі рукамі памежныя замкі на Полаччыне. Вы­снова ніяк не стасуецца з логікай і гістарычнымі фактамі. Дарэчы, яшчэ Р. Мяніцкі адзначыў, што вызначаная ў маскоўскай перамірнай грамаце мяжа больш адпавядала рэчаіснаму стану рэчаў, чым тая, якую прадставілі ліцвіны10. Таму меркаванне Г. Харашкевіч, што Маскоўская дзяржава выйшла з вайны з нічым, не зусім слушнае. На наш погляд, ваюючыя бакі знайшлі кампраміс у патрэбе перадышкі і з гэтай прычыны заключылі перамір’е на падставе status quo.

Увогуле ж, у Г. Харашкевіч складваецца вельмі песімістычная ацэнка знешняй палітыкі Івана IV на першым этапе Інфлянцкай вайны. Для расійскай гістарыяграфіі падобная візія з’яўляецца чымсьці абсалютна новым. Аўтарка тым самым правакуе на сур’ёзную дыскусію, без якой цяпер не абысціся. Арыгінальная пастаноўка пытанняў, зробленая Г. Харашкевіч, сама па сабе з’яўляецца крокам наперад у вывучэнні праблематыкі.

У заключэнне трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўсе недахопы манаграфіі, яна з’яўляецца важнай пазіцыяй у асвятленні знешняй палітыкі і міжнароднага становішча Расіі ў сярэдзіне XVI ст. І хоць не заўсёды пастаўленыя пытанні ўдалося вырашыць на належным узроўні, трэба прызнаць безумоўным дасягненнем увядзенне знешнепалітычных падзей і працэсаў у кантэкст унутранай гісторыі Расіі. Тым самым аўтарка раскрыла новыя аспекты ўзаемных стасункаў цара Івана IV, „Выбранай рады“ і Баярскай Думы, акцэнтавала ўвагу на значнасці прэрагатыў улады ў знешнепалітычнай сферы. На нашу думку, толькі падобны падыход можа быць прадуктыўным пры аналізе знешняй палітыкі дзяржавы, бо дазваляе ўбачыць яе ўнутраныя механізмы і зразумець матывацыі дзеяння кіруючых колаў.

 

Мінск
Андрэй Янушкевіч 

 

1 Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI  вв. Москва, 1963.

2 Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1: Granica moskiewska w epoce Jagielloсskiej. Lwуw—Warszawa, 1922.; Natanson–Leski J. Epoka Stefana Batorego w dziejach granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Lwуw-Warszawa, 1924.

3 Jasnowski J. Mikoіaj Czarny Radziwiіі (1515—1565): kanclerz i marszaіek ziemski Wielkiego Ksiкstwa Litewskiego, wojewoda wileсski. Warszawa, 1939; Граля И. Иван Михайлов Висковатый: Карьера государственного деятеля в России XVI в. Москва, 1994.

4 Филюшкин А. И. История одной мистификации: Иван IV и „Избранная рада“. Москва, 1998.

5 Сагановіч Г. М. Захоп Полацка Іванам IV паводле нямецкіх „лятучых лісткоў“ 1563 г. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 263—270; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга запісаў 44 (1559—1566). Мінск, 2001.

6 Посольство И. Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 г. // Исторический архив. 1957. № 6. С. 131—142.

7 Archiwum ksi№ї№t Lubartowiczуw Sanguszkуw w Sіawucie. T. 7. Lwуw, 1910

8 Писцовая книга Полоцка и Полоцкого повета // Писцовые книги Московского государства / Под ред. Н. В. Калачова. Ч. 1, отд. 2. С.–Петербург, 1877. С. 421—566.

9 Listy krуla Zygmunta Augusta do Radziwiііуw / Opr. I. Kaniewska. Krakуw, 1998; Elementa ad Fontium Editiones. T. 1—96. Roma, 1960—1997.

10 Mienicki R. Egzulanci Poііoccy (1563—1580) // Ateneum Wileсskie. 1934. R. IX. S. 31—128.

 

змест