Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Bia
łystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.

Урэшце, гісторыю можна пісаць з любога моманту, абы яна была праўдзівай і цікавай. І ў гэтым сэнсе прэтэнзій да аўтараў няма. Выданне вылучаецца арыгінальнасцю і навізной. Прыводзяцца новыя факты. Нават шырокавядомыя падзеі дапаўняюцца цікавымі дэталямі і робяцца прывабнымі. Багаты і разнастайны матэрыял выкладаецца лаканічна і даступна. Нават дастаткова вывучаныя гістарычныя з’явы інтэрпрэтуюцца нетрадыцыйна. Аўтары не абмяжоўваюцца пераказам гістарычных падзей, а імкнуцца вызначыць матывацыю іх удзельнікаў. Істотнае месца адводзіцца гістарычнаму лёсу сучасных беларусаў Польшчы. Гісторыя Беларусі выступае неад’емнай часткай еўрапейскага гістарычнага працэсу.

Праца складаецца з 33 раздзелаў, якія дзеляцца на канкрэтныя сюжэты з уласнымі назвамі. На некаторыя арыгінальныя сюжэты і новыя аўтарскія ацэнкі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

На думку гісторыкаў з Беластока, у другой палове ХVIII ст. магдэбургскае права ў гарадскіх паселішчах Беларусі становіцца паўфіктыўным, бо пасля мінулых войнаў мяшчанства не змагло аднавіць былы грамадскі статус. У прыватнаўласніцкіх мястэчках мяшчан выганялі на паншчыну (14). Пецярбург падарваў пасярэдніцкі гандаль Магілёва з Расіяй і ўвогуле стаў сур’ёзным канкурэнтам беларускіх гарадоў у замежным гандлі (15). Адданасць традыцыйнай адукацыі на Смаленшчыне была настолькі моцнай, што яшчэ ў 1728 г. расійскія ўлады спецыяльным загадам забаранялі шляхце пасылаць дзяцей на навучанне ў межы Рэчы Паспалітай (16). З часам усталяваўся звычай называць тэрыторыю першага падзелу краю Беларуссю, а рэшту сучасных беларускіх земляў — Літвой (21). У школьных праграмах, выпрацаваных Адукацыйнай камісіяй у перыяд падзелаў, не фігуравала беларуская мова — у адрозненне ад літоўскай, на якой быў выдадзены буквар (26). Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пісаў вершы па–беларуску (35).

Цікавымі дэталямі напоўнена і беларуская гісторыя першай паловы ХIХ ст. На Беласточчыне была самая высокая ўдзельная вага мяшчан, мяшчанскімі правамі з часоў Рэчы Паспалітай карысталіся тут жыхары вёсак, размешчаных вакол каралеўскіх гарадоў (40). У Віленскім універсітэце існаваў гурток беларускай уніяцкай моладзі на чале з Антонам Марціноўскім (52). У 1820–х г., да паўстання 1831 г., колькасць вучняў у Беларусі была большай, чым ва ўсіх вялікарускіх губернях (54). У 1828 г. Мікалай I загадаў выдаць Статут ВКЛ на рускай, польскай і беларускай мовах, прызнаючы тым самым дзяржаўны статус мовы беларускай (69). На думку аўтараў, забарона царом называць Менскую і Гарадзенскую губерні літоўскімі спрыяла прызнанню іх беларускімі землямі (70). Выдадзены ў 1835 г. каталіцкі катэхізіс для дзяцей быў першай беларускай кніжкай (84).

Некаторыя новыя ацэнкі падзей першай паловы ХIХ ст. патрабуюць удакладненняў. Аўтары выяўляюць у Беларусі таго часу працэс фармавання цэлага пласта заможных сялян, за якіх паншчыну адбывалі іх парабкі, а самі яны займаліся гандлем і трымалі млыны (47). Гаворка, відаць, можа ісці толькі пра асобныя выпадкі. На с.69 сцвярджаецца, што ў 1844 г. у выніку інвентарнай рэформы Паўла Кісялёва дзяржаўныя беларускія сяляне атрымалі такое ж права асабістай вольнасці, як раней расійскія (69). Аднак, атрымаўшы грамадзянскія свабоды, казённыя сяляне заставаліся дзяржаўнымі прыгоннымі.

Часам аўтары прыводзяць меркаванні, з якімі цяжка пагадзіцца. Так, імі ставіцца пад сумненне меркаванне пра уніяцтва як беларускае нацыянальнае веравызнанне, бо, маўляў, уніяцкае богаслужэнне ў першай чвэрці ХIХ ст. адбывалася на старацаркоўнаславянскай і польскай мовах (71). Але казані ўсё ж адбываліся і па–беларуску. Аўтары лічаць, што вялікапаляка Ясінскага цяжка падазраваць у літоўскім сепаратызме (32). Крыху далей выказваецца меркаванне, што Паўлюк Багрым быў кавалём, а не паэтам, і верш, прыпісаны яму, стварыў нехта іншы ў 1850–х г. (64). Аўтары звяртаюць увагу на тое, што Францішак Багушэвіч пісаў патрыятычныя вершы толькі па–польску і падзяляў погляды ППС. Таму першым беларускім нацыянальным паэтам, лічаць яны, лепш прызнаць Казіміра Кастравіцкага (118—119). Прыведзеныя выказванні прыніжаюць вартасць знакавых суб’ектаў беларускай гісторыі, хацелі таго стваральнікі кнігі ці не. Яны кіруюцца пры гэтым неабходнасцю развянчання міфаў. Мэта, безумоўна, высакародная, але развянчанне нацыянальных міфаў не ёсць самай актуальнай у беларускай гістарыяграфіі задачай. Тым больш што разбурэнне старых міфаў вядзе да стварэння новых.

Разыходжанні ў поглядах рэцэнзента з аўтарамі выкліканы рознымі адносінамі да праблемы cуадносін матывацый і канкрэтных дзеянняў у гісторыі, ацэнкі фактаў аўтэнтычна мінуламу ці з праекцыяй на сённяшні вопыт гістарычнага развіцця. Важна, як Ясінскі ці Багушэвіч думалі, але не менш важна, як яны дзейнічалі і якія вынікі мела іх дзейнасць у гістарычным лёсе Беларусі. Прынцып аўтэнтычных ацэнак у гісторыі не выклікае сумненняў, але механічнае прытрымліванне яго вядзе да абсурду. Калі да канца ХIХ ст. не было беларусаў, а да пачатку ХХ ст. не існавала БНР і БССР, то адпаведна аўтэнтычнаму прынцыпу не было і іх гісторыі. Выходзіць, нават кіруючыся добрымі намерамі, ролю беларусаў ва ўласнай гісторыі можна звесці да статыстаў і шэрай масы, як гэта робяць нашыя суседзі. І тут свядомая пазіцыя, а не наіўнасць ці недасведчанасць аўтараў.

Падзеі другой паловы ХIХ ст. менш дыскусійныя і больш вывучаныя. Але і тут беларускія гісторыкі з Беластока знаходзяць чым здзівіць нават дасведчанага чытача. Першымі беларусамі, пакаранымі за беларускую нацыянальную дзейнасць, былі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Мамовіч і Апенчанка, якія выступалі кіраўнікамі беларускага студэнцкага гуртка ў згаданай установе (113). Вытокі „крывіцкага руху“ аўтары бачаць ў працы А.Нарутовіча „Гісторыя польскага народа“, а вытокі „заходнерусізму“ — у працы С.Богуш–Сестранцэвіча „Аб Заходняй Расіі“. Узніклая ж у другой палове ХIХ ст. канцэпцыя трыадзінства расійскага народа (вялікарусы, маларусы, беларусы) была, на думку А.Латышонка і Я.Мірановіча, адказам на ідэю адзінага польскага народа, які складаўся з „абодвух народаў“ — польскага і літоўскага (34).

Большая частка кнігі адведзена гісторыі ХХ ст. Пачынаючы ад падзей 1939 г. яе асвятленне насычана дэталямі побыту, прыкладамі побытавай свядомасці, што сведчыць аб выкарыстанні аўтарамі матэрыялаў успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уважліва вывучаны бальшавіцкія пастановы. Ім аддаецца часам больш увагі, чым канкрэтным падзеям.

І ў выкладанні гэтага перыяду гісторыі выяўляецца імкненне да „дэгераізацыі“ мінулага. Наўрад ці ёсць падставы сцвярджаць, што беларускі рух уяўляў сабой маргінез галоўнага струменя падзей 1917 г. (131). Галоўным зместам тых падзей была барацьба за ўладу ў Беларусі. І беларусы ўпершыню выступілі ў гэтай барацьбе самастойнай палітычнай сілай, з якой не маглі не лічыцца ні рускія, ні палякі. Першы Ўсебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) — ніяк не другарадная з’ява ў палітычнай гісторыі Беларусі ды і Расіі ў цэлым. Супраціўленне савецкай уладзе пасля заканчэння II сусветнай вайны тлумачыцца не столькі патрыятычнымі матывамі, колькі барацьбой за выжыванне „лясных братоў“, а ў ліку прычын з’яўлення студэнцкага антысавецкага падполля называецца правакацыя КДБ (236). Аўтары сцвярджаюць, што структуры апазіцыйнага руху з’явіліся ў БССР толькі ў гады „перабудовы“ (261). Гэта так, але і ў 1960—1980–х г. антыкамуністычныя настроі і антысавецкі рух усё ж існаваў, і пра іх варта было б успомніць.

Заслугоўвае ўвагі ацэнка савецкіх партызан. Хто яны? Нацыянальныя патрыёты, героі або „пушачнае мяса“ для бальшавікоў? Аўтары адмаўляюць партызанскаму руху ў нацыянальным патрыятызме. Партызанка — гэта адзін з франтоў Чырвонай Арміі, які кіраваўся з Масквы, а не праява ўсенароднай барацьбы з акупантамі. І, відаць, нашы калегі маюць рацыю. „Рабіць“ партызан нацыянальнымі героямі вельмі цяжка. Няўжо беларусы ішлі ў партызаны, каб ратаваць Айчыну, якой у іх не было, ратаваць бальшавіцкія парадкі, ад якіх пакутавалі да вайны? Людзей гнаў у лясы пераважна страх. Іначай чаму партызанскі рух не стаў масавым да перамогі над немцамі пад Сталінградам і Курскам? І тут мы трацім яшчэ адну гераічную старонку сваёй гісторыі. Але якой яе цаной набывалі? Цаной апраўдання пакорлівага падпарадкавання бальшавіцкай Расіі.

Вялікае месца ў кнізе адводзіцца ацэнкам страт жыхароў Беларусі ад нацызму і бальшавізму. Аўтары робяць важную і слушную выснову, што ў часы нацысцкай акупацыі ў беларусаў не было групавых матывацый для супрацоўніцтва з немцамі, бо яны не мелі вопыту працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнай адукацыі (208). Гэтая акалічнасць, а таксама жорсткасць нацыстаў і актыўнасць савецкіх партызан абумовілі асабліва вялікую долю загінутага пад акупацыяй цывільнага насельніцтва ў параўнанні з іншымі акупаванымі краінамі Еўропы (227). Беларусь страціла ў мінулай вайне нацыянальную эліту (228). У 1945—1955 г. з Беларусі на падставе барацьбы з калабарантамі і нацыяналістамі і ў рамках „перавыхавання“ вывезены амаль мільён чалавек, пераважна жыхароў гарадскіх паселішчаў. Іх месца заступалі расіяне, якія складалі тут кіроўную эліту (235).

Прыводзяцца шэраг прыкладаў „ідыятызму“ савецкай улады пасляваеннага часу. Не замоўчваюцца і асобныя поспехі. Можна сказаць, заўважаецца нават іх некаторае перабольшванне. Відаць, дзеля таго, каб патлумачыць прыхільнасць сучасных беларусаў да савецкага мінулага. Але не ўсё было так добра, як можа падацца нават прафесійным даследчыкам мінулага. Праўленне А.Лукашэнкі ацэньваецца вельмі крытычна, на падставе фактаў, але не абразліва.

Галоўная ўвага пры асвятленні гісторыі ХХ ст. звяртаецца ўсё ж на беларуска–польскія ўзаемаадносіны. Польская палітыка 1919—1920 г. у Беларусі і пазнейшая палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі ацэньваецца вельмі жорстка — як палітыка каланіяльная, накіраваная на асіміляцыю беларусаў. На думку аўтараў, гэтая палітыка наносіла шкоду не толькі адносінам паміж палякамі і беларусамі, але і інтарэсам польскай дзяржавы.

Кніга змяшчае цікавы раздзел пад назвай „Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы 1944—1955“. Праўда, гаворка ў ім чамусьці ідзе толькі пра Беластоцкае ваяводства. Лёс беларусаў Польшчы да 1949 г. аказаўся не лепшым, чым у пасляваеннай сталінскай Беларусі. У пачатку 1946 г. польскае падполле спаліла жыўцом у замкнутым будынку жыхароў беларускай вёскі Залешаны (245). Крытэрыем беларускасці ў камуністычнай Польшчы было праваслаўе, як і пад царскім прыгнётам (241). Інвеставанне заходнебеларускіх земляў стрымлівалася пасля вайны небяспечнасцю іх захопу патэнцыйным праціўнікам (233). Прыведзены і іншыя прыклады дыскрымінацыі і паланізацыі беларусаў, што стала адной з прычын іх камунізацыі і падтрымкі імі існуючых тады ўладаў.

Узнятая тэма разглядаецца і ў другім раздзеле „Беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы 1955—1989“. Хрушчоўская „адліга“ і ў Польшчы выклікала адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця (265). Для беларускага насельніцтва гэта быў час і абыякавасці, і гераічнай барацьбы за захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Падкрэсліваецца выключны ўклад у захаванні беларускасці Cакрата Яновіча і Юрыя Туронка. Хоць працэс дыскрэдытацыі і асіміляцыі не прыпыняўся. Адсутнасць інвестыцый спрыяла абязлюдзенню Беласточчыны, якая мэтанакіравана засялялася асаднікамі з цэнтральнай Польшчы (270). Уражвае падабенства антыбеларускіх захадаў савецкай Расіі і камуністычнай Польшчы. Нават „Салідарнасць“ прытрымлівалася пастулата „паляк—каталік“ (273).

Тэму завяршае раздзел „Беларусы ў III Рэчы Паспалітай“, які дае дастаткова поўнае ўяўленне аб сучасным становішчы беларусаў у польскай дзяржаве. А яно выглядае лепшым, чым у Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўключэння Польшчы ў Еўрапейскі Саюз правы нацыянальных меншасцяў атрымалі там яшчэ большую гарантыю. Заўвагу выклікае толькі тэрмін „III Рэч Паспалітая“. Ён не вельмі прымальны для беларускай гістарыяграфіі. Бясспрэчна прызнаючы III Рэч Паспалітую польскай дзяржавай, ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і I Рэч Паспалітая.

У падсумаванні неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што праца беларускіх гісторыкаў з Беластока заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Абапіраючыся на здабыткі польскай гістарыяграфіі, яны глыбока і па–новаму распрацавалі гісторыю Беларусі, уключылі Беласточчыну ў кантэкст беларускай гісторыі, грунтоўна паказаўшы польскаму чытачу асаблівасці гісторыі Беларусі і ролю ў ёй Польшчы, і наогул зрабілі шмат для сцвярджэння цвярозага погляду на айчынную гісторыю. Хоць рэцэнзент больш прыхільны да рамантычных адносін да мінулага, трэба прызнаць, што прагматызм гістарычных ацэнак — можа самы моцны бок дадзенай кнігі.

У кнізе чамусьці няма ніводнай карты. Як у кожным выданні, у ёй сустракаюцца памылкі: напрыклад, 1761 г., а не 1861 г. (17), XVIII cт., а не XVII cт. (36); у Віцебску ў 1898 г. быў пушчаны электрычны, а не конны трамвай (105).

Дапаможнік такога ўзроўню варты не толькі сярэдняй, але і вышэйшай школы. Ён будзе карысны і выкладчыкам, і даследчыкам. Такога дапаможніка няма ў Беларусі, таму нашы выдаўцы зрабілі б добрую справу, калі б выдалі яго ў перакладзе на беларускую мову. Беластоцкі дапаможнік дае добрую падставу для істотнага дапаўнення і ўдасканальвання беларускай версіі найноўшай гісторыі.

Мінск
Захар Шыбека

змест