Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map.

Польскія гісторыкі зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ), у тым ліку і, што варта падкрэсліць, яго гістарычнай геаграфіі і картаграфіі1. У 2002 г. выдавецтва Торуньскага універсітэта імя Мікалая Каперніка апублікавала новае, пераважна геаграфічна–картаграфічнае даследаванне Дароты Міхалюк па гісторыі Мельніцкай зямлі ХVI—ХVII ст., якое, безумоўна, вартае ўвагі і гісторыкаў Беларусі. Разгледзім змест дадзенай манаграфіі з пункту гледжання яе асноўных вартасцяў і, як мы мяркуем, некаторых недахопаў.

Ва ўводзінах Д.Міхалюк слушна адзначае недастатковую вывучанасць гісторыі Падляшша і асабліва Мельніцкай зямлі (6—8), што і стала прычынай з’яўлення разгляданай працы. У пошуках адпаведных крыніц аўтар вывучыла фонды розных архіваў Польшчы, Літвы, Беларусі і Расіі (9—12), а таксама публікацыі крыніц (12—13). Нягледзячы на шырока разгорнуты пошук, крыніцавая база даследавання, асабліва да сярэдзіны XVI ст., як канстатуе аўтар, аказалася аб’ектыўна фрагментарнай (15). Варта таксама адзначыць шырокае выкарыстанне аўтарам старых, навуковых гістарычных і сучасных тапаграфічных карт (13—15).

Раздзел першы ўсебакова асвятляе амаль выключна сучасную геаграфію Мельніцкай зямлі (17—24).

Раздзел другі прысвечаны фармаванню тэрыторыі Мельніцкай зямлі (25—52). Мяркуючы па акце 1391 г., замак Мельнік ужо тады служыў адным з цэнтраў адміністрацыйна–тэрытарыяльных акруг Дарагічынскай зямлі (26). Значную ўвагу аддае аўтар паступоваму прававому адасабленню Мельніцкай зямлі і пераўтварэнню ў самастойную адміністрацыйна–тэрытарыяльную адзінку (27—28). Удалай уяўляецца арыгінальная спроба па павятовай прыналежнасці прыгранічных населеных пунктаў вызначыць і апісаць (28—35), а таксама абазначыць на прыкладзенай карце гістарычныя межы Мельніцкай зямлі (павету) у XVI—XVII ст. (карта 1). Пры гэтым канкрэтна раскрываецца сутнасць іншы раз беспадстаўных шматгадовых прэтэнзій падляскіх зямян на значную частку прылеглай да Мельніцкага павету тэрыторыі Берасцейскага павету, асабліва пасля рэформы адміністрацыйна–судова–ваенна–тэрытарыяльнага дзялення ВКЛ 1565 г. і Люблінскай уніі 1569 г., калі па волі і пад націскам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста да Каралеўства Польскага было далучана Падляшскае ваяводства (31—45). Урэшце, у выніку настойлівых дамаганняў мельніцкай шляхты, у прыватнасці той, што, як мельніцкі падкаморый Каспар Дэмбіньскі — галоўны ініцыятар пагранічных канфліктаў, мела маёнткі ў Берасцейскім павеце, адна са шматлікіх сеймавых пагранічных камісій у 1616 г. вырашыла даўнія працяглыя тэрытарыяльныя спрэчкі. Ад Берасцейскага павету Берасцейскага ваяводства ВКЛ да Мельніцкага павету Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага былі далучаны маёнткі, пераважна буйныя: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя (45—50). Так, як сцвярджае Д.Міхалюк, у першай чвэрці XVII ст. закончыўся складаны працэс фармавання граніц і тэрыторыі Мельніцкай зямлі (50—52). Гэтая мяжа паміж Мельніцкай зямлёй і Берасцейскім паветам стала часткай дзяржаўнай граніцы паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ, якія знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай.

У трэцім раздзеле разглядаецца працэс засялення Мельніцкай зямлі пераважна мазавецкай шляхтай, узнікненне новых населеных пунктаў, а таксама гісторыя апошніх, асабліва гарадоў і мястэчак (53—79). Адзначаюцца вялікія страты ад войн сярэдзіны XVII ст.

Эвалюцыі зямельнай уласнасці, г. зн. гісторыі маёнткаў каралеўскіх, шляхецкіх, а таксама каталіцкай і праваслаўнай, а пасля Берасцейскай уніі 1596 г. уніяцкай цэркваў, прысвечаны чацвёрты раздзел даследавання (80—115). Нягледзячы на пажалаванні маёнткаў шляхце каралю па–ранейшаму належала значная частка зямельнай уласнасці Мельніцкай зямлі: у 1580 г. яна складала 19,55% (разам з дзяржавамі, якія трымала шляхта) усёй. Яе асновай з’яўляліся буйныя стараствы Мельнік і Лосічы. У 1674 г. у іх было, акрамя гарадоў, адпаведна дзевяць і восем вёсак. Гаворачы аб шляхецкай зямельнай уласнасці, якая ў 1580 г. складала 77,8% усёй, аўтар падрабязна аналізуе факты звычайнай змены ўласнікаў пераважна буйных 29 маёнткаў: Бацікі, Вознікі, Гарадзішча, Грушаў, Казерады (Канстантынуў), Межырэч, Нівіцы (з 1616 г. Няміраў), Носава, Палюбічы, Росаш, Сарнакі, Фалятычы, Яблань і інш. З іх найбольшым быў Межырэч: у 1674 г. тут налічвалася 4167 падданых, 5 панскіх двароў, 8 фальваркаў, 2 горада і 47 вёсак.

Даволі грунтоўна ў пятым раздзеле асвятляецца развіццё тэрытарыяльнай арганізацыі каталіцкай і праваслаўнай (з 1596 г. уніяцкай) цэркваў (116—141). Тут асобна выкладаецца гісторыя ўсіх 11 парафій, а таксама некалькіх з 22 у канцы XVI ст. прыходаў, што існавалі ў Мельніцкай зямлі. Гэта сведчыць аб значнай перавазе ў канфесійнай структуры насельніцтва дадзенай зямлі праваслаўных, пазней — уніятаў.

У заключэнні Д.Міхалюк нагадвае асноўныя вывады свайго даследавання, а таксама каментуе карты, што прыкладзены да яго (142—148).

Да манаграфіі прыкладзены шэсць каштоўных дадаткаў — спісаў населеных пунктаў Мельніцкай зямлі ў першай палове XVI ст., у 1580 і 1674 г. з вызначэннямі іх гістарычных і сучасных назваў, тыпаў паселішча і ўласнасці, уласнікаў і ўладальнікаў, колькасці ў іх валок або падданых, а таксама трох дыяграм дынамікі структуры зямельнай уласнасці ў адпаведныя перыяды і гады (149—182).

Вельмі каштоўнымі з’яўляюцца картаграфічныя дадаткі: адзінаццаць каляровых гістарычных карт, якія выразна аформлены на камп’ютары К.В.Валоўскім па матэрыялах Д.Міхалюк. Карты наглядна адлюстроўваюць асноўныя гістарычна–геаграфічныя дадзеныя гэтага даследавання: фармаванне граніц і тэрыторыі Мельніцкай зямлі ў XVI—XVII ст., развіццё сеткі паселішчаў з вызначэннем іх тыпу і прыналежнасці ў пачатку XVI ст., у 1580 і 1674 г., прыблізныя граніцы маёнткаў розных тыпаў уласнасці ў розныя часы, стан сеткі парафій каталіцкай царквы ў 1580 і 1674 г. і прыходаў уніякай царквы на 1674 г.

Бібліяграфія дае канкрэтнае ўяўленне пра выкарыстаныя ў працы крыніцы (у тым ліку і карты), архіўныя і апублікаваныя, а таксама пра даследаванні, у т.л. і аўтара (183—191).

У канцы манаграфіі змешчаны індэксы — імянны (194—204) і геаграфічны (205—214), а таксама рэзюме на англійскай (215—217) і рускай (218—220) мовах.

Такім чынам, манаграфія Д.Міхалюк з’яўляецца салідным гістарычна–геаграфічна–картаграфічным даследаваннем развіцця Мельніцкай зямлі Падляшскага ваяводства да Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ, а потым Каралеўства Польскага Рэчы Паспалітай. У ім на падставе шырокага кола крыніц і даследаванняў усебакова і канкрэтна асвятляюцца істотныя праблемы яе гісторыі: фармаванне граніц і тэрыторыі, эвалюцыя сеткі населеных пунктаў, развіццё зямельнай уласнасці розных тыпаў, стан сеткі парафій і прыходаў дзвюх асноўных канфесій. На жаль, па–за ўвагай даследчыцы пакуль засталіся некаторыя іншыя праблемы гісторыі Мельніцкай зямлі, напрыклад, развіццё панскай і сялянскай гаспадарак, формы асабістай залежнасці і эксплуатацыі сялянства і інш.

Тым не менш асобныя пазіцыі рэцэнзаванага даследавання выклікаюць пэўныя, пераважна прыватныя крытычныя заўвагі і пажаданні. Спынімся на некаторых асноўных з іх.

1. У польскай гістарыяграфіі даўно ўсталявалася не ўсебакова абгрунтаваная, а таму, на наш погляд, сумніўная традыцыя ўключаць Берасцейскі павет Троцкага ваяводства ў склад Падляшскага ваяводства з моманту ўтварэння апошняга (1513 г.). Услед за ёю гэтую традыцыю некрытычна ўспрынялі і некаторыя гісторыкі Беларусі2. На жаль, як аксіёму яе падзяляе і Д. Міхалюк (25, 31, 35). Аднак уся маса вядомых крыніц ВКЛ, акрамя прывілею караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ад 10 ліпеня 1520 г.3, такой падставы не дае. У іх прыналежнасць Берасцейскага павету ў процілегласць Бельскаму, Дарагічынскаму і Мельніцкаму Падляшскаму ваяводству як адміністрацыйна–тэрытарыяльнай адзінкі ВКЛ першага рангу ў адрозненне ад Падляшша як гістарычнага рэгіёну4 канкрэтна не зафіксавана. Ва ўсіх крыніцах ВКЛ Берасцейскі павет узгадваецца шматразова, але без якой–небудзь сувязі з Падляшскім ваяводствам. У адпаведных крыніцах да прывілею Жыгімонта Аўгуста ад 30 красавіка 1565 г. „всем обывателем“ Берасцейскага ваяводства аб яго граніцах, увядзенні ў ім земскага суда і яго персанальным складзе5 фігуруюць берасцейскія павет, харужства, стараства і воласць у складзе Троцкага ваяводства. Таму мы не падзяляем сумніўнай традыцыі польскай гістарыяграфіі і далучаемся да заявы ў 1579 г. на пагранічнай камісіі троцкага кашталяна, падканцлера ВКЛ, берасцейскага і кобрынскага старасты Астафія Валовіча: Берасцейскі павет здаўна быў аддзелены ад Падляшскага ваяводства6.

2. Пры апісанні берасцейска–мельніцкай граніцы да 1565 г. мэтазгодна было ўлічыць і пракаментаваць вядомыя навуковыя карты ВКЛ Я. Якубоўскага і Берасцейскага павета А.Ваўжыньчык, а пасля таксама арыгінальны тэкст прывілею Берасцейскаму ваяводству Жыгімонта Аўгуста ад 30 красавіка 1565 г.7, а не абмяжоўвацца толькі адпаведнай цытатай з кнігі А. Ваўжыньчык, і, безумоўна, выкарыстаць карту ВКЛ 1613 г.8

3. Насуперак традыцыйнаму меркаванню аб правядзенні рэформы адміністрацыйна–судова–ваенна–тэрытарыяльнага дзялення ВКЛ у 1565—1566 г. (31, 37, 146) ёсць слушныя падставы сцвярджаць, што яна ў асноўным была рэалізавана ў 1565 г., бо адпаведныя прывілеі шляхце Берасцейскага, Менскага, Новагародскага, Ашменскага і Слонімскага паветаў былі выдадзены Жыгімонтам Аўгустам у красавіку 1565 г., а толькі Кіеўскага і Пінскага — у студзені 1566 г.9

4. Нам уяўляюцца супярэчлівымі палажэнні аб заканчэнні працэсу фармавання тэрыторыі Мельніцкай зямлі ў першай чвэрці XVII ст. і ў пачатку XVI ст. (50, 142).

5. Варта адзначыць, што пры выкарыстанні звестак перапісу войска ВКЛ 1528 г. па яго публікацыі 1915 г. аўтар дапусціла шэраг недакладнасцяў. Так, замест 25 коней паказана 28 (93); замест старонкі 121 спасылка даецца на старонку 120 (93), замест с.9 — на с.14 (93) і замест с. 121 — на с.120 (106, 107).

6. Не зусім адпавядае спасылцы на крыніцу канстатацыя, што ў 1528 г. мельніцкі зямянін Ю. Горнаўскі ставіў у войска пяць коней нібыта з „маёнтка Хрушаў над Точнай“ (107). Але маёнтак з такой назвай у перапісе войска ВКЛ 1528 г. не згадваецца.

7.Дарэчы, усе імёны і прозвішчы мельніцкіх зямян, як і ўтвораныя ад апошніх назвы адпаведных паселішчаў, што фігуруюць у дадзеным перапісе толькі на тагачаснай „рускай“ мове, у манаграфіі прыводзяцца чамусьці толькі па–польску (149—151). Чаму было б не прыкласці асобны спіс хоць бы геаграфічных назваў у іх гістарычнай форме10. Дарэчы, на нашай карце „Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000“ назвы населеных пунктаў на тэрыторыі ВКЛ, у т.л. і Падляшскага ваяводства, у адпаведнасці з прынцыпам гістарызму дадзены на тагачаснай „рускай“ мове, г. зн. згодна з асноўнай формай іх напісання ў крыніцах ВКЛ XVI ст.11

8. Валока была не столькі надзелам (66), колькі аб’ектам і адзінкай абкладання сялян феадальнымі павіннасцямі12.

9. Аўтар, на жаль, амаль не адрознівае гарады ад мястэчак — аграрна–рамесна–гандлёвых паселішчаў, хоць і разумее істотную розніцу паміж імі (71—79, 143).

10. У манаграфіі часта прыводзяцца спісы населеных пунктаў розных маёнткаў, але, на жаль, у хаатычным (81, 83, 87, 140), а не ў алфавітным парадку.

11. Пры аналізе дадзеных аб развіцці зямельнай уласнасці аўтар адрознівае буйную, сярэднюю і дробную (83, 106, 108, 112 і інш.), але крытэрыі такога дзялення не прыводзіць.

12. Карты, што прыкладзены да манаграфіі, робяць добрае ўражанне. Але варта пашкадаваць, што яны не маюць геаграфічнай сеткі і адпаведна — індэксаў, а таму, на жаль, не мае індэксаў і геаграфічны паказальнік. Усё гэта ўскладняе канкрэтнае разуменне тэксту.

13. На жаль, небездакорны і геаграфічны паказальнік. Так, на большасці старонак ёсць толькі Boratyniec, а не Boratynіec Szlachecki, як паказана ў індэксе. Konstantynów упамінаецца толькі адзін раз (147), а не столькі і не там, як Kozierady.

14. Наогул удала вырашыўшы даволі складаную праблему індэнтыфікацыі гістарычных населеных пунктаў, у прыватнасці тых, якія фігуруюць у перапісе войска ВКЛ 1528 г., з сучаснымі, а тым самым і лакалізацыі іх, аўтар дапусціла памылку адносна маёнтка дарагічынскіх зямян Астроўскіх. Насуперак паказальніку Ostrowiec (150) — гэта, на нашу думку, цяпер вёска Ostrówek Рэпкаўскай гміны Сакалоўскага павету Мазавецкага ваяводства Рэспублікі Польшча, а не Ostrowiec Мельніцкай зямлі Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага, як паказана аўтарам у індэксе. Дарэчы, аналагічная дадзенай праблема ідэнтыфікацыі і лакалізацыі гістарычных паселішчаў намі таксама ў асноўным вырашана ў геаграфічным паказальніку–каментарыю да перавыдання перапісу войска ВКЛ 1528 г., што падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі і цяпер знаходзіцца ў выдавецтве „Беларуская навука“. Але ў адрозненне ад Д. Міхалюк, якая налічыла 35 маёнткаў мельніцкіх зямян (149—151), мы вызначылі іх толькі 29. Часткова розніца ў падліках тлумачыцца рознымі методыкамі ўліку такіх маёнткаў. Наогул ўключэнне ў спіс маёнткаў перапісу войска ВКЛ 1528 г. тых уладанняў (Czeberaki, Czuchów, Droblin, Falatycze, Hruszniew–Ruśniew, Łuzki, Mystkowice, Ruskow), якія ў ім не названы, нам уяўляецца ў прынцыпе некарэктным.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя недахопы, грунтоўнае гістарычна–геаграфічна–картаграфічнае даследаванне Дароты Міхалюк па гісторыі Мельніцкай зямлі ў XVI—XVII ст. можна лічыць важным даробкам у гістарыяграфію ВКЛ, Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай.

Мінск
Міхаіл Спірыдонаў

1 Alexandrowicz S. Geneza i rozwój sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy XVII w. // ABS. T.7 (1970). S.47 —108; Jakubowski J. Mapa Wielkiego Księstwa Litewskiego w poł. XVI w. Część północna. 1 : 1 600 000. Objaśnienia do mapy. Kraków, 1928; Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz.1: Granica Moskiewska w epoce Jagiellońskiej. Lwów, Warszawa, 1922; Wawżyńczyk A. Rozwój wielkiej wlasności na Podlasiu w XV i XVI w. Wrocław, 1951; Wojtkowiak Z. Litwa Zawilejska w XV i 1 poł. XVI w. Poznań, 1980.

2 Камінскі М. Берасцейскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.2. Мінск, 1994. С.18; Камянецкі павет // Тамсама. Т.4. Мінск, 1997. С.80; Пазднякоў В. Кобрынскае княства // Тамсама. С.219; Казлоў Л. Кобрынская эканомія // Тамсама. С.219; ён жа, Кобрынскі павет // Тамсама. С.220; Падляшскае ваяводства // Тамсама. Т.5. Мінск, 1999. С.373.

3 żródła dziejowe. T.17. Cz.1: Polska XVI wieku pod względem geograficzno–statystycznym. T.6. Cz. 3: Podlasie (województwo) / Opisanie przez A. Jabłonowskiego. Warszawa, 1910. S.157—159, 257—259.

4 Литовская метрика. Кн.51: Кн. Записей (1566—1574) / Подгот. А.Балюлис, Р.Рагаускене, А.Рагаускас. Вильнюс, 2000. №111 (1567).

5 Аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Збор Дуброўскага. А.127. №3. А.4—12 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 і 12.01.1590; Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве. Архіў Радзівілаў (далей — AGAD. AR). Аддзел 2. №45. Афіцыйная копія ад 12.03.1578; Метрыка ВКЛ. Кн. 59. А.103 адв. — 109 адв. (Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Фонд 389. Воп.1). Афіцыйная копія ад 13.04.1578 г. Дата прывілею ў ёй — 13.04.1565 г., мяркуючы па іншых крыніцах, недакладная; Тамсама. Кн. 64. А. 282—287. Афіцыйная копія 1579 г.

6 Протокол комиссии, назначенной королём Стэфаном Баторием для определения границы между воеводством Подляшским и Брестским и указания подсудности пограничных имений того и другого воеводств. (Из актовой книги Мельницкого гродского суда за 1578—1580 г. Л. 145—154). 21.03.1579 // Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России / Сост. и издал С.Шолкович. Вып.2. Вильна, 1887. С.87—88.

7 Гл. спас. 5.

8 Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.–культуралаг. зб. Вып. 2. Мінск, 1997. С.133—195.

9Аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Збор Дуброўскага. А.127. №3. А.4—12 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 і 12.01.1590; AGAD. AR. Аддзел 2. №45. Афіцыйная копія ад 12.03.1578; Метрыка ВКЛ. Кн. 59. А.103 адв. — 109 адв. Афіцыйная копія ад 13.04.1578 г. Тамсама. Кн.64. А. 282—287. Афіцыйная копія 1579; Спірыдонаў М. Паны і прыгонныя // Памяць: Гістор.–дакум. хроніка Навагрудскага раёна. Мінск, 1996. С.100, 102—105; Спиридонов М.Ф. Источники о реформе административно–территориального деления Великого княжества Литовского 1565 г. в зарубежных архивах // Замежная архіўная беларусіка. Матэрыялы міжнар. навук. канф. 25—26 красавіка 1996 г., г. Мінск. Мінск, 1998. С.77—80, 310—312; Ён жа. Завяршэнне фарміравання Пінскага павета ў 1566 г. // Весці НАН Беларусі. СГН. 1998. №4. С.42—50; Ён жа. Тры Мядзелы // Памяць: Гіст.–дакум. хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, 1998. С.72.

10 Спиридонов М.Ф. Населенные пункты в географических указателях публикаций источников Великого княжества Литовского XVI в. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. Мінск, 2002. С.42—50.

11 Спірыдонаў М.Ф. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1500 000 // Нацыянальны атлас Беларусі. Мінск, 2002. С.266—267.

12 Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.) Мінск, 1993. С. 73—76.

змест