Ruthenica. Том I / Відповедальні редактори: Володимир Ричка, Олексій Толочко. Київ, 2002. 185.

У ўкраінскай гістарыяграфіі з’явіўся новы выдавецкі праект Ruthenica — навуковы зборнік Інстытута гісторыi Ўкраіны НАН Украіны, прысвечаны праблемам гісторыі, культуры, археалогіі і этналогіі ўкраінскага Сярэднявечча, а канкрэтней — праблемам перыяду Кіеўскай Русі. Амаль занядбаны ў савецкія часы ва Ўкраіне (у Беларусі сітуацыя была яшчэ горшая), гэты навуковы кірунак апошнім часам перажывае відавочнае адраджэнне. І гэта пры тым, што перыяду Кіеўскай Русі прысвечана настолькі вялікая колькасць разнастайных вузкапрафесійных выданняў, што новы праект, здавалася, будзе мець значныя цяжкасці. Аднак ужо першы том гэтага зборніка, рэдагаванага спецыялістамі высокага ўзроўню Ўладзімірам Рычкам і Аляксеем Талочкам, сведчыць пра вялікія магчымасці ў вывучэнні ранняга Сярэднявечча Ўсходняй Еўропы. Тут бачыцца адразу два слушных і перспектыўных арганізацыйных моманты з боку рэдактараў: 1) інтэрдысцыплінарнасць — пад адной вокладкай аб’ядноўваюцца гісторыкі, археолагі, этнолагі, антраполагі, лінгвісты і інш.; 2) інтэрнацыянальнасць — побач з украінскімі даследчыкамі друкуюцца расійскія і беларускія. Таксама добрым знакам з’яўляецца аб’яднанне сталых і вядомых навукоўцаў з маладымі, пачаткоўцамі. Плюсам праекта таксама можна лічыць яго пэўны дэмакратызм, г.зн. друкаванне тэкстаў і аўтараў розных метадалагічных поглядаў і пазіцый на родных мовах.

Першы том навуковага зборніка Ruthenica складаецца з матэрыялаў „Круглага стала“ на тэму „Этнічныя працэсы ў сярэднявечным славянскім свеце“, які адбыўся ў Кіеве ў 2000 г. Асноўныя спрэчкі паміж расійскімі, украінскімі і беларускімі гісторыкамі і археолагамі, якія адбываюцца на працягу ўжо амаль дзесяці гадоў, вядуцца вакол праблемы т.зв. „старажытнарускай народнасці“. У залежнасці ад палітычных і метадалагічных пазіцый, кола ўдзельнікаў спрэчкі можна падзяліць на тры групы: 1) прыхільнікі і абаронцы ідэі існавання на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў IХ—ХIII ст. адзінай этнічнай, палітычнай і культурнай супольнасці „стражытнаруская народнасць“; 2) прыхільнікі і абаронцы ідэі неіснавання падобнага этнічнага ўтварэння, замест якога маглі быць іншыя (вайсковыя, рэлігійныя, адміністрацыйныя) формы сувязяў, якія звычайна мелі часовы харатар; 3) традыцыйныя „цэнтрысты“, высновы якіх залежаць часцей за ўсё ад кан’юнктуры і новых поглядаў навуковых аўтарытэтаў.

Падобны падзел яскрава прасочваецца і сярод часткі тэкстаў, змешчаных у рэцэнзаваным зборніку. Да першай групы неабходна аднесці артыкулы Валянціна Сядова „Древнерусская народность и предпосылки ее дифференциации“, Эдуарда Загарульскага „О времени и условиях формирования древнерусской народности“ і Наталлі Юсавай „Проблема давньоруськой народності в праці В.В.Мавродіна «Образование Древнерусского государства» (1945 г.)“.

Галоўная ідэя артыкула В.Сядова: на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў Х—ХII ст. існавала агульная этнамоўная супольнасць — старажытнаруская (усходнеславянская) народнасць. Яе існаванне, на думку расійскага даследчыка, пацвярджаюць археалагічныя, мовазнаўчыя і гістарычныя дадзеныя. Па–першае, у Х ст. на змену разнастайным і шматлікім археалагічным культурам, якія адлюстроўвалі папярэдні дыялектна–этнаграфічны падзел, фармуецца адзіная культура. Яе развіццё было абумоўлена станаўленнем уніфікаванага гарадскога жыцця з дынамічнай рамеснай дзейнасцю, складваннем вайскова–дружыннага і адміністрацыйнага станаў. Гэта ў сваю чаргу прыводзіла да адзінства прадметаў побыту і ўзбраення, нівелявання дыялектных і этнаграфічных асаблівасцяў прадстаўнікоў розных этнаграфічных групаў. Па–другое, у Х—ХIII ст. назіраецца уніфікацыя пахавальных помнікаў на тэрыторыі рассялення ўсходніх славянаў, што таксама сведчыць пра знікненне этнаграфічных асаблівасцяў сярод вясковага насельніцтва. І па–трэцяе, фактарам кансалідацыі ды інтэграцыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы канца I тыс. н.э. сталі славянскія перасяленцы з Дуная. На думку В.Сядова, менавіта яны хутка распаўсюдзілі ганчарную кераміку, удасканалілі ювелірнае і іншыя рамёствы, прынеслі пахавальны абрад трупапакладання. Спасылаючыся на аўтарытэты, В.Сядоў падмацоўвае свае меркаванні гістарычнымі і мовазнаўчымі фактамі. Старажытнаруская народнасць была даволі моцнай, бо нават у перыяд феадальнай раздробленнасці ХII — першай трэці ХIII ст. яе адзінства ўсведамлялася як супрацьстаянне падзелам. І толькі трагедыі сярэдзіны ХIII ст. — мангола–татарская навала і літоўскія захопы — канчаткова знішчылі магчымасці існавання адзінага этнічнага, культурнага, палітычнага і эканамічнага жыцця насельніцтва Ўсходняй Еўропы.

Гістарычным фактам „старажытнаруская народнасць“ з’яўляецца і для беларускага даследчыка Эдуарда Загарульскага. Адзіная мова, адна культура, агульная самасвядомасць і тэрыторыя — вось тыя галоўныя адзнакі насельніцтва Русі IХ—ХIII ст. Праўда, Э.Загарульскі справядліва звяртае ўвагу на недаследаваныя аспекты ў пытаннях „старажытнарускай народнасці“. Напрыклад, ён выступае супраць савецкай канцэпцыі фармавання гэтай народнасці на базе ўсходнеславянскіх летапісных груповак у перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы і ў межах яе вялізнай тэрыторыі. На думку Э.Загарульскага, этнагенетычныя працэсы сёння можна растлумачыць наступным чынам: асновы „старажытнарускай народнасці“ былі закладзены ў VI—IХ ст. у невялікай прасторы, якая ахоплівала паўднёвую Беларусь і паўночную Ўкраіну. Менавіта сюды перасялілася з прарадзімы частка носьбітаў пражскай культуры, якія пад нязначным уплывам мясцовага балцкага насельніцтва пачалі вылучацца як асобная (усходняя) група славянаў са сваёй усходнеславянскай мовай. У IХ—Х ст. усходнія славяне, ужо сфармаваныя ў адзіны народ „Русь“, з агульнай мовай і культурай, пачалі рассяляцца на землях на поўнач і на ўсход ад Прыпяці. Менавіта адзінства надоўга забяспечыла непадзельнасць „старажытнарускай народнасці“. Археалагічным сведчаннем дадзенага працэсу з’яўляецца шырокае распаўсюджванне сферычных курганоў з адзінкавымі трупаспаленнямі і ўзнікненне гарадоў. Больш за тое, уяўленне аб ўсходніх славянах як этнічна і палітычна маналітнай супольнасці ставіць пад сумненне існаванне племянных саюзаў крывічоў, дрыгавічоў, вяцічаў і інш. „Старажытнаруская народнасць“ увесь час знаходзілася пад уздзеяннем разбуральных сілаў: тэрытарыяльны фактар, розныя моўныя субстраты, паглыбленне феадальнай раздробленасці, а пазней і палітычнае размежаванне. Менавіта накапленне элементаў дыференцыяцыі з’явілася галоўнай прычынай паступовага падзелу ўсходняга славянства на тры народы — вялікарусаў, украінцаў і беларусаў.

Другую групу склалі артыкулы Георгія Штыхава „У истоков белорусской народности“, Аляксея Талочкі „Воображённая народность“ і Аляксандра Моці „З «міфів народів світу»: про час появы східнослов’янських націй“. Беларускі даследчык Г.Штыхаў не без падстаў лічыць канцэпцыю „старажытнарускай народнасці“ палітычнай, а не навуковай. Створана яна была ў канцы 40— пачатку 50–х г. ХХ ст. А працэс фармавання беларускага народа адбываўся незалежна ад створанага савецкай навукай поліэтноніма. Вытокі яго знаходзяцца ў балта–славянскім сімбіёзе, які складваўся ў другой палове I тыс. н.э. Тут Г.Штыхаў поўнасцю прымае канцэпцыю В.Сядова, і якраз славяна–балцкія ўзаемакантакты з’яўляюцца для яго адной з падстаў спецыфічнай беларускай ментальнасці. У выніку дадзеных кантактаў сфармаваліся летапісныя племянныя групоўкі, якія ў сваю чаргу сталі асновай утварэння княстваў. І толькі ў ХII ст. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы самастойныя княствы пачалі аб’ядноўвацца ў групы па палітычных, эканамічных і тэрытарыяльных матывах. Менавіта ў дадзеных групах пазначылася вылучэнне тэрыторыі беларускай, украінскай і вялікарускай народнасцяў. Для першых, беларусаў, падобнай групай сталі Полацка–Мінская, Смаленская і Турава–Пінская землі.

Арыгінальным падаюцца думкі пра этнічна–культурныя працэсы часоў Кіеўскай Русі, выказаныя Аляксеем Талочкам. Адзначаючы пэўную тупіковасць у сучаснай навуковай інтэрпрэтацыі этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ранняга Сярэднявечча, украінскі даследчык прапануе звярнуцца да новага, больш глыбока крыніцазнаўчага аналізу летапісных тэкстаў (улік наратыўных канвенцый летапісаў) і да метадалагічных інавацый сучаснай навукі (антрапалагічнае разуменне народнасці). Карыснымі ў першую чаргу маглі б стаць падыходы Бенедыкта Андэрсэна па даследаванні мадэрных нацый (маецца на ўвазе канцэпцыя „ўяўных супольнасцяў“).

Да цікавых высноў у артыкуле „О древнерусских «землях»“ прыходзіць і гісторык Антон Горскі. Аналіз крыніцаў ХII—ХIII ст. дазволіў аўтару сцвердзіць, што паняцце „зямля“ тоеснае суверэнным дзяржаўным утварэнням Усходняй Еўропы эпохі ранняга Сярэднявечча. Зразумела, гэта тычыцца і Полацкага ды Смаленскага княстваў.

Багата карыснай інфармацыі можна знайсці і ў іншых артыкулах, апублікаваных у 1 томе Ruthenica: „Теоретіко–методологічні засади дослідження етногенезу східнослов’янських народів у цивілізацийному контексті“ Юрыя Паўленкі, „Біля витоків слов’янства (за матеріалами Подніпров’я)“ Расціслава Церпілоўскага, „Етнічни процеси на Волині та Галичині в ранньоримський час (археологічний аспект)“ Дзяніса Казака, „До питання про Дунайську прабатьківшчину слав’ян“ Аляксея Стрыжака, „Деякі питання походження та етнічної історії населення Русі–України за даними антропології“ Сяргея Сегеды і „Лично–родовые знаки князей Рюриковичей на металлических подвесках ХI в.“ Сяргея Бялецкага.

Горадня

Генадзь Семянчук

змест