450 Jahre Sigismund von Herbersteins Rerum Moscoviticarum Commentarii 1549—1999. Jubiläumsvorträge herausge-geben von Frank Kämpfer und Reinhard Frötschner. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2002. 408 (Schriften zur Geistesgeschichte des östlichen Europa, Bd.24).

Зборнік змяшчае пашыраныя і дапрацаваныя версіі дакладаў і паведамленняў, што прагучалі ў часе міжнароднай канферэнцыі з нагоды 450–й гадавіны выхаду ў друк „Запісак пра маскавіцкія справы“ (Rerum Moscoviticarum Commentarii) барона Жыгімонта Герберштайна. Канферэнцыя, што адбылася 12—16 кастрычніка 1999 г. у Мюнстары, была арганізаваная Аддзелам усходнееўрапейскай гісторыі Гістарычнага Семінара Вестфальскага універсітэта і ягоным кіраўніком прафесарам Франкам Кэмпфэрам. Пры фінансавай падтрымцы Нямецкага Даследчыцкага Таварыства ў канферэнцыі бралі ўдзел даследчыкі з усёй Еўропы. Нягледзячы на працяглую традыцыю Герберштайніяны, у многіх дакладах уздымаліся зусім новыя аспекты і праблемы.

Тэматычна апублікаваныя ў томе артыкулы можна ўмоўна падзяліць на наступныя блокі:

1) асоба і адукацыя Герберштайна;

2) змест і характар „Запісак пра маскавіцкія справы“;

3) Герберштайн і ягоныя папярэднікі і сучаснікі;

4) вобраз маскоўскай палітычнай улады, палітычная тытулатура і палітычная ідэалогія, адлюстраваныя ў „Запісках“;

5) міжнародныя адносіны ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе ў часы Герберштайна;

6) рэлігійныя і культурныя кантакты і сувязі ў XVI—XVIII ст.;

7) пераклады, рэцэпцыя і распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе.

Зборнік таксама ўтрымлівае бібліяграфію Герберштайніяны з 1949 да 2002 г., падрыхтаваную доктарам Райнгардам Фрочнарам і магістрам Эфай Маурар.

Першы блок тэкстаў адкрывае Крысціна Гарауэр (Сhristina Harrauer) артыкулам „Sigmunt von Herberstein als Humanist. Mit der Erstpublikation eines Briefes an Herberstein aus dem Jahr 1535 über die neuen astronomischen Erkenntnisse des Nicolaus Copernicus“ (Жыгімонт Герберштайн як гуманіст. Першая публікацыя ліста да Герберштайна з 1535 г. пра новыя астранамічныя адкрыцці Мікалая Каперніка). Вядомая венская даследчыца пачынае свой артыкул крытыкай спробаў сучаснай гістарыяграфіі правесці выразны водападзел паміж г.зв. „гуманістамі“, якім прыпісваюцца выключна філалагічныя штудыі і дыскурсы, і г.зв. прыродазнаўцамі. Ідучы за Дытарам Вутке (Dieter Wuttke), К. Гарауэр сцвярджае, што светапогляд эпохі Адраджэння быў яшчэ цэльны і маналітны, а ў свядомасці адукаваных людзей таго часу не існавала падзелу на прыродазнаўчыя і гуманітарныя галіны. У якасці прыкладу аўтарка прыводзіць дзейнасць вядомага венскага гуманіста, чалавека энцыклапедычных ведаў і рознабаковых навуковых інтарэсаў Конрада Цэльціса (Conrad Celtis), пад кіраўніцтвам якога, магчыма, навучыўся або па меншай меры пераняў некаторыя ягоныя погляды і падыходы сам Герберштайн. Дарэчы, Цэльціс займаўся два гады (1488—1490) у Кракаўскім універсітэце, дзе прыкладна ў той самы час вучыўся будучы вялікакняскі сакратар Адам з Вільні (Котры) і некаторыя іншыя выхадцы з ВКЛ. Ліст вядомага сакратара польскага караля Жыгімонта Старога Бернарда Вапоўскага да Жыгімонта Герберштайна з 1535 г., які друкуецца ўпершыню, толькі пацвярджае непадробны інтарэс аўстрыйскага гуманіста да самых розных бакоў і праяваў тагачаснага навуковага жыцця, у дадзеным выпадку — да геліяцэнтрычнай сістэмы торуньскага астранома.

Ксеня фон Эрцдорф (Xenja von Ertzdorff) з Гісэна вызначае лацінскамоўныя „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ і іхны нямецкамоўны варыянт „Moscovia. Haupstadt in Reussen“ як гістарычна–геаграфічнае краіназнаўчае апісанне, узмоцненае асабістымі перажываннямі аўтара, звесткамі прыватнага характару і біяграфічнымі фактамі (27). На думку аўтаркі, назва лацінскага выдання кнігі аўстрыйскага дыпламата „Commentarii“ з’явілася пад уплывам твора Юлія Цэзара „Commentarii de bellо gallico“ або больш позняга ўзору, як „Commentarii de gestis Concili Basiliensis“ Энея Сільвія Пікаламіні. Даследчыца ставіць працу Герберштайна ў адзін шэраг з падарожнымі нататкамі і апісаннямі замежных краін позняга Сярэднявечча і Новага часу, якія, у сваю чаргу бяруць свае вытокі ў антычных аналагах. У гэтым сэнсе „Commentarii“ (Moscovia) стаяць каля сучасных ім паведамленняў пра адкрытыя землі Хрыстафора Калумба і Амерыга Веспучы.

Складовымі часткамі падарожных нататак і апісанняў замежных земляў з’яўляюцца даследаванне рэлігіі і звычаяў, а таксама і хараграфія, г.зн. як апісанне самой зямлі, так і разгляд яе галоўных населеных пунктаў. Вышэйзгаданым тэмам прысвяцілі свае працы Ганна Харашкевіч (Масква) і Андрэй Юрасаў (Масква). У „Запісках“ Герберштайна абодва аспекты займаюць першачарговае месца. Твор, умоўна кажучы, можна звесці да гэтых дзвюх тэмаў.

Ганна Харашкевіч разглядае рускія звычаі ў апісанні славутага падарожніка. Лагічна і абгрунтавана высветліўшы сэнс слова „звычай“ у творы Герберштайна, аўтарка адрознівае яго кантэксты і сэнсавыя адценні ў „Запісках“. Даследчыца вылучае два комплексы абрадаў: царкоўны і побытавы. Першы комплекс з’яўляецца найбольш інфармацыйным (хрышчэнне, споведзь, пасты і інш.). Апісанне абрадаў у „Запісках“ сведчыць пра своеасаблівы рэлігійны сінкрэтызм у тагачаснай Маскоўскай дзяржаве (асабліва сярод простых людзей), які складаўся з дахрысціянскіх вераванняў ды абрадаў і хрысціянскага царкоўнага культу. Працэс хрысціянізацыі яшчэ зусім мала закрануў сацыяльныя нізы. Такое спалучэнне царкоўных і народных формаў вызначаецца запазычаным у этнографаў тэрмінам „побытавае праваслаўе“, ці „побытавае хрысціянства“. Аднак, тым не менш, Герберштайн адзначае значны прагрэс царкоўных нормаў і адпаведных ім рэлігійных формаў у Маскоўскай Русі. У першай чвэрці ХVI ст. царкоўныя звычаі і нормы ўжо глыбока праніклі ў жыццё тамтэйшых людзей, асабліва вышэйшых пластоў насельніцтва, вызначаючы шматлікія бакі іх паводзін і дзейнасці. Не засталіся па–за ўвагай Герберштайна і г.зв. побытавыя, народныя, штодзённыя звычаі, да якіх належалі кулачныя баі, паляванне, вялікакняскія піры і інш. Многія з іх мелі яшчэ дахрысціянскія, язычніцкія карані.

Андрэй Юрасаў разглядае паведамленні Жыгімонта Герберштайна пра рускія гарады. Як і Ганна Харашкевіч, ён пачынае з тэрміналагічных аспектаў, спрабуючы высветліць тое значэнне тэрміна „горад“, якое надаваў яму аўстрыйскі дыпламат. Юрасаў адзначае, што разуменне Герберштайнам „горада“ было абумоўлена заходнееўрапейскімі ўяўленнямі пра сярэднявечны горад як не проста ўмацаванае паселішча, але шматфункцыянальны гандлёва–рамесны і ваенны цэнтр. Даследчык даводзіць, што Герберштайн стварыў даволі рознабаковую карціну рускіх гарадоў: „Запіскі“ ўтрымліваюць важныя звесткі пра рускія гарады канца XV — першай чвэрці XVI ст., іх геаграфічнае становішча, знешняе аблічча, тапаграфію, заняткі насельніцтва, норавы і звычаі гараджан і г.д. Далейшую перспектыву даследаванняў рускіх гарадоў Юрасаў бачыць у шырокім параўнаўчым аналізе рускага і заходнееўрапейскага горада.

Вольга Сімчыч (Перуджа) у артыкуле „Франческо да Колло и его „Доношение о Московии“ между Меховским и Герберштейном“ прасочвае лёс адной геаграфічнай канцэпцыі таго часу. Яна піша пра спрэчкі вакол існавання або неіснавання г.зв. Рыфейскіх і Гіпербарэйскіх гарадоў, а таксама пра вызначэнне вытокаў Дзвіны, Волгі, Дона — Танаіса. Аўтарка паказвае, як цяжка новыя геаграфічныя канцэпцыі (у дадзеным выпадку ўяўленні Мацея Мяхоўскага) прабівалі сабе дарогу і якія рабіліся незвычайныя спробы, каб прыстасаваць новыя геаграфічныя адкрыцці да традыцыйных поглядаў.

Алег Кудраўцаў (Масква) параўноўвае погляды Герберштайна і ягоных папярэднікаў на Русь. Аўтар даводзіць, што іх вобразы Русі істотна адрозніваліся, нягледзячы на тое, што ўсе яны тварылі прыблізна ў адзін і той жа час, — пры вялікім князю Васілю Ш. А.Кудраўцаў робіць выснову, што папярэднікі Герберштайна, такія як Паола Джовія (Paolo Giovio), Ёхан Фабры (Johann Fabri) і Альберт Кампензэ (Alberto Campense), падалі станоўчы, пазітыўны вобраз Масковіі, у той час як сам Герберштайн — адмоўны і непрыязны. Аднак, думаецца, што з такім аўтарскім поглядам можна толькі часткова пагадзіцца. Твор Герберштайна нельга ўспрымаць як нейкі аднастайны тэкст. Яшчэ пры жыцці аўтара ён прайшоў значную эвалюцыю, неаднаразова дапрацоўваўся. Ды і пазней, асабліва ў часе Інфлянцкай вайны, калі ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе шырыліся антымаскоўскія настроі, з ініцыятывы рэдактараў у тэксце „Запісак“ сталі з’яўляцца пасажы пра маскоўскую тыранію і варварства, якіх амаль не было ў першых выданнях (гл. артыкул Г.Гралі ў гэтым зборніку, с.323). Акрамя таго, існуе і іншае прачытанне „Масковіі“ (гл., напрыклад, артыкул Джаванні Маніскалька Базіле), згодна з якім карціна Масковіі ў Герберштайна была ў асноўным станоўчая ці прынамсі нейтральная, а адносіны да яе жыхароў — больш прыязныя.

Вобраз „іншага“ даследуецца і ў публікацыі нямецкага навукоўца Экехарда Вітгофа (Ekkehard Witthoff) з Эсэна. У артыкуле „Grenzen der Kulturen — Irland, Lappland und Russland im Spiegel frühneuzeitlicher europäischer Reisebeschreiburgen“ (Межы культуры — Ірландыя, Лапландыя і Русь у люстэрку Новага часу) даследчык паказвае, як тагачасныя заходнееўрапейскія аўтары разглядалі перыферыі Еўропы з пункту гледжання ўласных культурных уяўленняў, абапіраючыся на запазычаныя з класічнай літаратуры мадэлі і ўзоры. Пры гэтым нярэдка „чужое“, „іншае“ ўспрымалася як поўная супрацьлегласць уласнай культурнай традыцыі. Размежаванне культур, адзначае аўтар, яскрава праступае ў падарожнай літаратуры таго часу, асабліва з перспектывы „цэнтр — перыферыя“.

Асабліва прадстаўнічым і інфармацыйным з’яўляецца чацвёрты блок тэкстаў, прысвечаны маскоўскай палітычнай уладзе, палітычнай тытулатуры ды ідэалогіі. Не дзіўна, бо палітычны лад Маскоўскай Русі прыцягваў асаблівую ўвагу Герберштайна як дыпламата і палітычнага дзеяча. Уладзімір Калабкоў (Санкт–Пецярбург) паказвае той уплыў, які мелі „Запіскі пра Масковію“ Жыгімонта Герберштайна на фармаванне стэрэатыпнага, на думку аўтара, уяўлення еўрапейцаў пра форму кіравання ў Маскоўскай дзяржаве. Гэты вобраз улады, які наследавалі шматлікія наступнікі аўстрыйскага дыпламата, быў народжаны, як сцвярджае У. Калабкоў, пад уплывам тагачаснай імперскай дыпламатыі. Апошняя, маючы на мэце прыцягнуць на свой бок кіраўніцтва Масквы ў якасці патэнцыйных партнёраў на міжнароднай арэне, мусіла абгрунтаваць свой выбар. Дзеля гэтага кніга Герберштайна павінна была паказаць моц і багацце Масковіі, перадусім трываласць улады яе ўладара. Разам з тым, імперскай дыпламатыі даводзілася сур’ёзна ўлічваць і вагу Ягайлавічаў. З мэтай адцягнуць апошніх ад венгерскіх спраў Габсбургі стараліся пераканаць кіраўніцтва Польшчы і Літвы, што яны не мелі ніякага дачынення да прыняцця тытула цара (1547) і не падтрымліваюць палітычных амбіцый маскоўскага ўладара. У выніку Герберштайн спрычыніўся да стварэння на старонках „Масковіі“ вобраза абсалютнай манархіі Рурыкавічаў.

Створаны Герберштайнам вобраз неабмежаванай улады манарха ў Масковіі аказаўся надзвычай жывучы ў наступныя дзесяцігоддзі. Пастулаты аўстрыйскага дыпламата былі ўзяты на ўзбраенне многімі замежнымі аўтарамі, што пісалі пра Расію, у тым ліку і англічанінам Джэромам Джыльсам Флэтчэрам. Аднак Герберштайнаў вобраз неабмежаванай манархіі, на думку аўтара публікацыі, з цяжкасцю стасуецца з тагачаснай палітычнай рэчаіснасцю ў Маскоўскай дзяржаве. Сам У. Калабкоў прытрымліваецца пастулата пра супрацоўніцтва самаўладдзя з арыстакратыяй. У XVI ст. арыстакратычная вярхушка выконвала важную ролю ў кіраванні дзяржавай і прыняцці палітычных рашэнняў, у яе руках знаходзіўся не толькі цэнтральны адміністрацыйны апарат (прыказы), але і ваяводская ўлада ў найбуйнейшых цэнтрах. Маскоўскія ўлады вымушаныя былі абапірацца на гэтую вярхушку, лічыцца з яе саслоўнымі інтарэсамі, і таму яны не мелі абсалютнай улады — робіць выснову аўтар. Але само баярства эвалюцыянавала паступова на працягу XVI ст. ад вотчыннай арыстакратыі да службовай. Менавіта службовы характар арыстакратыі, а таксама неразвітасць астатніх станаў і дазволілі самаўладдзю ўзвысіцца над грамадствам (126—7). У гэтым супрацоўніцтве і выявілася своеасаблівасць станавай манархіі ў Расіі.

Артыкул Маршала По (Marshall Poе) з Гарварда працягвае і развівае тэму, закранутую У. Калабковым. Аднак амерыканскі даследчык ідзе далей, спрабуючы адшукаць вытокі вобраза маскоўскай улады ў Герберштайна. На думку По, аўстрыйскі дыпламат не вынайшаў вобраза рускай палітычнай сістэмы, але ягонае адлюстраванне маскоўскай улады было першым, што грунтавалася на асабістым досведзе (132). Пра неабмежаваную ўладу маскоўскага ўладара пісалі Кампензэ (Campense) і Фабры (Fabri), якія, несумненна, паўплывалі на аповед Герберштайна пра форму ўлады ў Маскоўскай дзяржаве. Аднак створаны ім вобраз гэтай улады быў далёкім ад ідэалізаванай карціны Масковіі ягоных папярэднікаў, якія хацелі бачыць у ёй тое, што адсутнічала ў тагачаснай Еўропе, перадусім павагу і культ уладара. Наадварот, у „Запісках“ намаляваны вобраз Івана III і Васіля III як жорсткіх уладароў, якія падпарадкавалі сабе ўсіх князёў Паўночна–Ўсходняй Русі. Тое, што намаляваў Герберштайн у „Запісках“, рэзка пярэчыла ўсяму бачанаму ім дома, дзе рэальна былі вызначаныя межы ўлады імператара, а правы арыстакратыі юрыдычна забяспечваліся (138). Ці не таму аўстрыйскі дыпламат падаў такую змрочную карціну маскоўскага палітычнага жыцця — спрабуе знайсці адказ на пытанне пра Герберштайнаў вобраз маскоўскай улады аўтар.

Прасачыўшы распаўсюджанне „Запісак“ у Еўропе XVI—XVII ст. і высветліўшы іх уплыў на сучаснікаў, М.По спрабуе адказаць на пытанне, як апошнія выкарыстоўвалі тэкст „Запісак“ і да якой ступені на іх паўплываў змест гэтага твора. Але перад тым аўтар паказвае, якім попытам карысталіся „Запіскі“ у Еўропе. У другой палове XVI ст., у звязку з адкрыццём маскоўскага гандлю англічанамі, падзеямі Інфлянцкай вайны і тэрорам Івана IV, кніга набыла асаблівую папулярнасць і стала фактычна тагачасным бестселерам. Да таго ж, доўгі час „Запіскі пра Масковію“ з’яўляліся ледзь не адзіным друкаваным творам, што спаталяў прагу ведаў заходнееўрапейцаў пра Расію. З 1549 да 1611 г. „Запіскі“ вытрымалі 22 выданні ў 8 еўрапейскіх гарадах. Больш за тое, праца Герберштайна істотна паўплывала на тых аўтараў, што пісалі пра Маскоўскую Русь. Многія этнографы і касмографы XVI i XVII ст. старанна і актыўна выкарыстоўвалі „Запіскі“ ў якасці крыніцы для сваіх нататкаў і аглядаў Масковіі, пра што яскрава сведчаць аўтарскія табліцы №3 і №4 (146—148). Маршал По паказвае, што галоўныя характарыстыкі маскоўскай палітычнай улады (абсалютная ўлада вялікага князя, ягоны поўны кантроль над сваімі падданымі і іхнай уласнасцю, надзвычайнае ўшанаванне ўладара) былі запазычанымі большасцю этнографаў, што пісалі пра Масковію паміж 1549 і 1700 г. З 12 аўтараў, якія цытавалі Герберштайна альбо абапіраліся на тэкст, крыніцай якога былі „Запіскі“, 11 падаюць тры і больш асноўных характарыстык дэспатычнага кіравання. Але калі Гваньіні і Ройтэнфэльдс цытуюць „Запіскі“ ледзь не даслоўна, дык Маржарэт і Колінз, якім „Запіскі“ найверагодней не былі вядомыя, нідзе не характарызуюць маскоўскі палітычны лад у такіх тэрмінах Герберштайна. Узровень прамога запазычання змяншаўся з часам. Акрамя таго, з пачатку XVII ст. „Запіскі“ ўжо не валодалі манаполіяй на звесткі пра палітычны лад у Масковіі, бо з’явіўся шэраг новых твораў на гэтую тэму. У галовах заходнееўрапейцаў у гэты час ужо трывала замацавалася агульнае ўяўленне пра маскоўскі дэспатызм.

Італьянскі даследчык Джавані Маніскалька Базіле (Giovanni Maniscalco Basile) зрабіў спробу новага прачытання „Запісак“ Герберштайна. Аўтар разглядае „Запіскі“ як своеасаблівы палітычны даклад, чым яны першапачаткова і былі, пакуль не выйшлі асобным выданнем у 1549 г. Тым не менш, адзначае Базіле, намаляваная Герберштайнам карціна мала стасуецца з сапраўднай маскоўскай рэчаіснасцю, што вынікае з жанравай асаблівасці палітычнага дакладу. У гэтым творы чужая рэчаісасць звычайна падаецца ў адпаведнасці з палітычнымі ўяўленнямі і поглядамі самога ўкладальніка, якія зразумелыя ягонаму чытачу. Аднак адлюстраваны свет ніколі не бывае адпаведнікам рэальнага, апісанне якога ў значнай ступені з’яўляецца недасягальнай мэтай і які куды больш складаны, чым той, які пададзены на старонках наратыўнага твора. У гэтым сэнсе палітычны (дыпламатычны) даклад набліжаецца да утопіі і утапічных твораў — у абодвух адлюстраваная карціна рэальнасці, якая на справе ніколі не існуе ў тым выглядзе, у якім яна падаецца. Любы дыпламатычны даклад, працягвае Базіле, мае на мэце перадачу карыснай інфармацыі пра складаную рэчаіснасць шляхам яе спрошчвання. У вышэйвызначаных метадалагічных рамках Дж. М. Базіле і аналізуе „Запіскі“, карыстаючыся пры гэтым навуковым інструментам гістарычна–палітычнай тэорыі, што скіраваны на стварэнне адпаведных мадэляў і ўзораў ды пошук заканамернасцяў. Высновы, да якіх прыходзіць італьянскі даследчык у выніку аналізу, на першы погляд, могуць збянтэжыць „традыцыяналістаў“, г. зн. прыхільнікаў традыцыйнага разумення „Запісак“ як твора, што рэзка асуджаў палітычную ўладу маскоўскага ўладара, ягоны дэспатызм і свавольства. Нічога падобнага Герберштайн не сцвярджаў і не збіраўся сцвярджаць — аўтарытэтна заяўляе Дж.М. Базіле! Адзінае, што аўстрыйскі дыпламат хацеў перадаць свайму патрону, эрцгерцагу Фердынанду Габсбургу, гэта тое, што маскоўскі ўладар, нягледзячы на ягоныя нязвыкла шырокія ўладныя паўнамоцтвы і абагаўленне падданымі, а таксама на дзіўныя і незразумелыя законы і звычаі, якія пануюць у ягонай дзяржаве, з’яўляецца як раз тым уладаром, з якім можна мець справу. Увогуле, у Маскоўскай дзяржаве і яе палітычнай сістэме, на думку аўтара, аўстрыйскі дыпламат не мог не прызнаць тых рысаў, якія былі ўласцівыя еўрапейскім манархіям у далекім мінулым і якія ўжо даўно сталі набыткам гісторыі, але ўсё яшчэ жылі ў гістарычнай памяці еўрапейца сярэдзіны XVI ст. Для Герберштайна вялікі князь маскоўскі быў тыповым партыманіяльным сюзерэнам, якімі былі і заходнееўрапейскія ўладары ў перыяд феадальнай дэцэнтралізацыі і анархіі. Але, у адрозненне ад многіх з іх, маскоўскі ўладар меў сродкі і сілы стварыць цэнтралізаваную дзяржаву. Джавані Базіле заяўляе, што, паводле Герберштайна, у гэтым і толькі гэтым сэнсе ён тыран. Маўляў, для аўстрыйскага дыпламата вялікі князь маскоўскі быў хрысціянскім уладаром, жорсткім, але міласэрным правіцелем, чыя легітымнасць была прызнаная і асвечаная (183).

Праблема светапогляду Герберштайна разглядаецца і ў працы фінскага даследчыка Які Лехтавірты (Jaakko Lehtovirta). Звярнуўшыся да выкарыстання тытулатуры маскоўскага ўладара ў „Запісках“, Яка Лехтавірта спрабуе высветліць яе дакладнае значэнне і разглядае праблему ў двух аспектах — палітычным і лінгвістычным. Аўтар даводзіць, што тая настойлівасць, з якой Герберштайн адмаўляе вялікаму князю маскоўскаму ў царскім тытуле, — справа хутчэй палітыкі, чым лінгвістыкі. Зразумела, імператарскі слуга жадаў давесці да чытача ідэю аб першынстве свайго сюзерэна над астатнімі манархамі і яго манапольным праве размяркоўваць каралеўскія тытулы і кароны, нават тады, калі сам гэты сюзерэн з палітычных меркаванняў не меў нічога супраць прызнання імператарскага (царскага тытула) і за іншымі ўладарамі, а гэта і мела месца ў выпадку з тытулатурай вялікага князя маскоўскага Васіля III у імперска–маскоўскай дамове 1514 г. Зразумела і палітычнае імкненне спрыяць імперска–ягелонскаму збліжэнню, паставіць маскоўскага ўладара на ніжэйшы ўзровень, чым польскага караля. Адносна лінгвістычнага аспекту Я.Лехтавірта даводзіць, што не варта разводзіць абодва значэнні тэрміна „цар“: маскавіты разумелі пад ім як імператара (цара), так і караля ў заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Такая гнуткасць у выкарыстанні палітычных тэрмінаў была на карысць маскавітаў: іх уладары былі з заходнееўрапейскімі каралямі як каралі, а з імператарамі — як імператары. Аднак такі тэрміналагічны падыход маскавітаў не мог задаволіць такіх асобаў і палітыкаў, як Жыгімонт Герберштайн, дакладней, не адпавядаў іх палітычнаму светапогляду.

У артыкуле Райнгарда Фрочнара (Reinhard Frötschner) з Мюнхена „Ugrier — Ungarn — Hunnen. Herberstein über ein Motiv der Moskauer polischen Mythologie“ („Угры — венгры — гуны. Герберштайн пра адзін матыў маскоўскай палітычнай міфалогіі“) даследуецца адзін асобна ўзяты аспект маскоўскай палітычнай думкі канца XV — першай паловы XVI ст. Гутарка вядзецца пра сувязь паміж уяўнай ідэнтычнасцю уграў, венграў і гунаў ды палітычнымі прэтэнзіямі маскоўскага кіраўніцтва на землі Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы.

Для даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага будзе цікавым блок з наступных трох артыкулаў. Яцэк Віячка з Кельцаў у артыкуле „Die moscovitiche Frage in den diplomatichen Beziehungen Polen–Litauens zum Reich in der Zeit Kaiser Karls V (1519—1556) разглядае адносіны паміж Рэччу Паспалітай ды Імперыяй у часы імператара Карла V (1519—1556) у святле г.зв. маскоўскага пытання. Аўтар адзначае, што імператар у той час выкарыстоўваў адносіны з Ягайлавічамі дзеля ўмацавання ўласных пазіцый на міжнароднай арэне. Яму ўдалося навязаць сваё пасярэдніцтва для перамоваў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Але за падтрымку імператара ў маскоўскім пытанні кіраўніцтву ВКЛ і Польшчы даводзілася нярэдка плаціць вельмі высокую цану. Напрыклад, у 1553 г. Жыгімонт Аўгуст пагадзіўся на шлюбны саюз з Габсбургамі, які сур’ёзна звязаў яму рукі ў венгерскім пытанні. Віячка пераканаўча паказвае, што ў Вільні і Кракаве не заўжды разумелі і ведалі, што рэальна адбываецца на маскоўскім двары.

Даследчык з Санкт–Пецярбурга Міхаіл Кром у артыкуле „Polnische Einflüsse auf diĺ Rossica im Reich in der 1. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Польскія ўплывы на русістыку ў Імперыі ў першай палове 16 ст.“) звяртаецца да тэмы крыніц і інфарматараў для нямецкіх аўтараў, якія пісалі пра Маскоўскую Русь. Аўтар адзначае, што нямецкія аўтары, у тым ліку і Герберштайн, шырока выкарыстоўвалі тыя звесткі пра Русь, якія яны знаходзілі ў польскіх калегаў (Мацей Мяхоўскі, Бернард Вапоўскі і інш.), або якімі іх забяспечвалі іх добрыя знаёмыя ў Польшчы і ВКЛ (сярод інфарматараў Герберштайна быў і тагачасны канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Альбрыхт Марцінавіч Гаштаўт). Аднак, як заўважае даследчык, пры перапрацоўцы і выкарыстанні атрыманых паведамленняў нямецкія аўтары імкнуліся звычайна адкідваць з іх палітычныя тэндэнцыі. Таму і вобраз Масковіі ў нямецкіх землях у першай палове XVI ст. не меў негатыву; стаўленне нямецкіх аўтараў гэтага перыяду да Маскоўскай дзяржавы было нейтральным (Себасцьян Мюнстар, Ёхан Бён, Жыгімонт Герберштайн) або нават спрыяльным (Ёхан Фабры). Тлумачэнне гэтай з’яве Міхаіл Кром знаходзіць у адносна познім адкрыцці Масковіі нямецкімі дыпламатамі, падарожнікамі і пісьменнікамі, а таксама ў асаблівасцях тагачаснага палітычнага становішча (суперніцтва паміж Габсбургамі і Ягайлавічамі, спробы палітычнага супрацоўніцтва Імперыі і Маскоўскай дзяржавы супраць Польшчы і ВКЛ). Толькі ў другой палове XVI ст., сцвярджае аўтар, калі кардынальна змянілася палітычнае становішча ў гэтай частцы Еўропы, радыкальна змяніўся і вобраз Масковіі ў свядомасці еўрапейцаў: з нейтральна–спрыяльнага ён стаў адкрыта варожым.

Польскі гісторык Геранім Граля выступае з артыкулам „Die Rezeption der „Rerum Moscoviticarum Commentarii“ des Sigismund von Herberstein in Polen–Litauen in der 2. Hälfte des 16. Jahrhunderts“ (Рэцэпцыя „Запісак пра маскавіцкія справы“ Жыгімонта Герберштайна ў Польшчы і ВКЛ у другой палове XVI ст.). Аўтар вызначае тое сацыяльнае кола ў Рэчы Паспалітай, у якім праца слыннага імперскага пасла была асабліва запатрабаваная: гэта палітыкі і дыпламаты. Аднак, як падкрэслівае Граля, „Запіскі“, асабліва першае выданне 1549 г., не былі адназначна ўспрынятыя грамадскай думкай на Вісле і Нёмане. Асобныя прадстаўнікі культурнай і палітычнай эліты, перадусім у Польшчы (напрыклад, канонік Ст. Гурскі, выдаўца „Acta Tomiciana“) крытычна паставіліся як да іх зместу (маскоўскі палон кн. Канстанціна Астрожскага), так і прагабсбургскіх палітычных тэндэнцый, што ўтрымліваліся ў кнізе. Але перапрацаваныя „Запіскі“ Жыгімонта Герберштайна карысталіся значным поспехам у польскіх аўтараў; на працу аўстрыйскага дыпламата часта спасылаўся Мацей Стрыйкоўскі ў сваіх творах. Цікава было б высветліць, ці мелася гэтая Герберштайнава кніга ў старабеларускіх зборах, прыкладам, у бібліятэцы Алелькавічаў у Слуцку. Толькі пасля заключэння Ям–Запольскай мірнай дамовы (1682) паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай пачала змяншацца цікавасць да працы Герберштайна ў Рэчы Паспалітай. У наступныя тры дзесяцігоддзі мірнага існавання паміж абедзвюмa дзяржавамі на змену Герберштайну ў якасці знаўцаў Масковіі паступова прыходзяць іншыя, пераважна мясцовыя аўтары (Кромэр, Бельскі і інш.).

Рэлігійныя і канфесійныя пытанні ў творах Герберштайна і заходніх аўтараў разглядаюцца пераважна ў артыкулах даследчыкаў з Фінляндыі і Швецыі. Сяргей Багатыроў, які працуе ва універсітэтах Хельсінкі і Ёэнсу, разглядае міжканфесійныя кантакты паміж каталікамі, пратэстантамі і праваслаўнымі ў часе дыпламічных зносінаў у XVI ст. Даследчык адзначае, што тагачасныя дыпламаты як на захадзе, так і на ўсходзе кантынента ва ўзаемаадносінах кіраваліся перадусім прынцыпам практычнай талерантнасці, што асабліва выяўлялася ў хрысціянскай рыторыцы (спасылкі на агульнахрысціянскую еднасць) і прыняцці некаторых абрадаў і практыкаў іншых канфесій і рэлігій. Пры гэтым, аднак, ніхто з дыпламатаў не збіраўся адмаўляцца ад думкі пра адзіную правільную веру, пад якой кожны з іх разумеў тую веру, якую асабіста спавядаў. Увогуле ж, як робіць выснову аўтар, у культурным жыцці хрысціянскага свету ў XVI ст. было надзвычай мала месца для сапраўднай рэлігійнай талерантнасці.

Маскоўскае праваслаўе ў кантэксце пратэстанцкай тэалогіі пачатку XVII ст. даследуецца ў артыкуле „Московское православие в западной богословской традиции. С.Герберштейн и Й. Ботвиди“ Ларысы Макрабародавай з Турку (Аба). Аўтарка паказвае, як шведскі тэолаг, абапіраючыся на лагічныя працэдуры схаластычнай рыторыкі, узмоцненыя крытэрыямі новай гуманістычнай навукі, станоўча вырашае пытанне пра хрысціянства маскавітаў. Пры гэтым Й. Батвідзі абапіраецца на „Запіскі“ Ж. Герберштайна, у якіх якраз і сцвярджаюцца новыя навуковыя прынцыпы эпохі гуманізму.

Маргарэт Атыус Зольман (Margareta Attius Sohlman) з універсітэта Упсалы, аналізуючы твор Ж. Герберштайна і працы шведскіх аўтараў Алауса Магнуса (Olaus Magnus) і Петруса Петрэюса (Petrus Petrejus), прыходзіць да высновы, што ўсе яны кіраваліся аднолькавай дуалістычнай канцэпцыяй, у адпаведнасці з якой „цывілізаваная“ Еўропа супрацьстаяла „варварскай“ Масковіі. Аднак тэрмін „варварскі“, дастасаваны да пэўнай зямлі або народа, яшчэ не сведчыць пра негатыўнае стаўленне да іх. Маргарэт Зольман адзначае, што вышэйназваныя аўтары расплюшчылі заходнееўрапейцам вочы на гісторыю, традыцыі і рэлігію Русі, а гэта, на думку даследчыцы, набывае асаблівую актуальнасць у святле сучаснага паступовага збліжэння абедзвюх частак кантынента.

З вышэйназванымі артыкуламі звязаная і публікацыя Габрыэле Шайдэгер (Gabriele Scheidegger) з Цюрыха, якая даследуе дзяржаўна–прававое значэнне галоўных убораў (у дадзеным выпадку капелюша) у дыпламатычным цырыманіяле XVI—XVII ст. Аўтарка адзначае, што прывілей насіць галаўны ўбор у прысутнасці замежнага ўладара сімвалізаваў прызнанне паўнамоцтваў дыпламата, а таксама міжнародны аўтарытэт таго манарха, якога дыпламат прэзэнтаваў. Даследчыца таксама сцвярджае, што ў часы цара Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) адбыўся паступовы адыход ад вышэйзгаданай традыцыі: падданыя мусілі з’яўляцца перад уладаром толькі з непакрытай галавой. Далей у публікацыі паказана, якія складанасці на міжнароднай арэне, у тым ліку ў дыпламатычных зносінах з замежнымі ўладарамі, выклікаў адыход ад гэтага старарускага звычаю. Шайдэгер робіць выснову, што ўся гэтая гісторыя з капелюшамі (Hut–Gеschichte) сведчыць пра дынамічны, але не статычны характар старажытнарускай культуры. Шмат з таго, што назіраў Ж. Герберштайн у Масковіі ў першай чвэрці XVI ст., у другой палове XVII ст. незваротна адышло ў гісторыю

Два артыкулы ў зборніку прысвечаныя найранейшым перакладам на англійскую мову „Запісак“ Герберштайна, а таксама распаўсюджанню гэтай кнігі ў Вялікай Брытаніі. Патрыярх Герберштайніяны, прафесар Вальтар Ляйч (Walter Leitsch) з Вены даследуе самы ранні пераклад асобных частак „запісак“ на англійскую мову, зроблены ў 1555 г. Рычардам Эдэнам (Richard Eden). Аўтар артыкула грунтоўна аналізуе крытэрыі тэкставага выбару, метады перакладу, нарэшце, саму якасць перакладу, параўноўваючы англамоўны варыянт з італамоўным. Варта адзначыць, абапіраючыся на даследаванні В.Ляйча, што ў перакладным тэксце Р. Эдэна знайшоў месца і раздзел пра Вялікае Княства Літоўскае. Гэта значыць, што некаторыя англійскія чытачы сярэдзіны другой паловы XVI ст. мелі ўжо пэўнае ўяўленне пра беларускія землі на берагах Нёмана, Віліі і Дняпра.

Пол Д’юкс (Paul Dukes) з Абердына разглядае месца „Запісак“ Герберштайна ў кантэксце замежных апісанняў Масковіі XVI ст. Даследчык спыняецца ў першую чаргу на асобе Рычарда Гаклюйта (Richard Hakluyt), які выдаў у канцы XVI ст. зборнік падарожных нататак, што ўтрымлівалі і невялікую перакладзеную Эдэнам частку працы Герберштайна, у справе рэцэпцыі і распаўсюджання звестак пра Масковію ў Вялікай Брытаніі. Гаворачы пра інтарэс да Герберштайніяны ў Вялікай Брытаніі, П. Д’юкс робіць выснову: цікавасць да яе, на жаль, у ХIХ і ХХ ст. зменшылася, што было выклікана перамяшчэннем цэнтра палітычных і эканамічных інтарэсаў Вялікай Брытаніі з Еўропы на трансатлантычныя прасторы, у бок Паўночнай Амерыкі.

Тэму ўплыву кнігі Герберштайна на нашчадкаў працягвае і артыкул Валерыі Жэранімі (Valerie Geronimi) з Страсбурга. Аўтарка прасочвае тую значную ролю, якую адыграў Герберштайн і ягоная праца на фармаванне поглядаў Юрыя Крыжаніча адносна Русі. Гэты харвацкі асветнік пачаў сваю царкоўную і навуковую дзейнасць у „Рутэніі“, у Смаленску, які тады знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Толькі пазней ён перабраўся ў Маскву, дзе і напісаў сваю асноўную працу „Палітыка“, якая прынесла яму заслужаную славу як аднаго з самых арыгінальных славянскіх мысляроў.

Нарэшце, у артыкуле Інгэ Ауэрбах (Inge Auerbach) з Марбурга засяроджваецца ўвага чытача на адным малавядомым эпізодзе з гісторыі аўстрыйска–рускіх палітычных адносінаў пачатку XVII ст., а менавіта праекце ўзвядзення на царскі трон аднаго з Габсбургаў. Аўтарка паказвае, якую ролю павінна была адыграць праца Герберштайна як крыніца ведаў пра Маскоўскую Русь у часе падрыхтоўкі і выканання дыпламатычнай місіі Адама Турна, што, дарэчы, скончылася беспаспяхова і на трон узышоў малады прадстаўнік старога тамтэйшага баярскага роду Міхаіл Раманаў.

Ужо сёння можна смела адзначыць, што зборнік з’яўляецца сур’ёзным унёскам у сучасную Герберштайніяну. Большасць артыкулаў маюць міждысцыплінарны падыход. Многія аўтары спрабуюць весці даследаванні з пазіцый гістарычна–антрапалагічнага і культурна–антрапалагічнага метадаў. Артыкулы ў зборніку істотна пашыраюць і ўзбагачаюць нашыя веды і ўяўленні пра асобу і ўнутраны свет Герберштайна, ягоныя палітычныя погляды і асабістыя повязі з дзеячамі культуры свайго часу. Не забытыя і аўтарскі творчы метад ды жанравыя асаблівасці „Запісак“, тэма культурных уплываў і запазычанняў, нарэшце, агульная культурная дамінанта ў тагачаснай Еўропе. Асаблівая ўвага аддаецца рэцэпцыі і распаўсюджванню „Запісак“ у Еўропе ў XVI і наступных стагоддзях. Верыцца, што зборнік натхніць міжнародную навуковую супольнасць на далейшыя пошукі і даследаванні ў галіне Герберштайніяны.

Мінск

Уладзімір Канановіч

змест