Гістарычная  сацыялогія

як  новая  даследчая  прапанова

Агнешка Каляса–Новак

Праблема ўзаемасувязяў сацыялогіі і гісторыі належыць да надзвычай складаных і шматузроўневых, калі браць пад увагу розныя традыцыі і непадобныя ўмовы ўзнікнення абедзвюх дысцыплін. Рэфлексія над мінуўшчынай, старая, як людская цыві­лізацыя, працяглы час суцэльна ахоплівала дзейнасць чалавека ў свеце. Толькі ў ХIХ ст. адбылося вылучэнне адмысловых дысцыплін, скіраваных на даследаванне разнастайных аспектаў грамадскай рэчаіснасці. Для эканамічных, палітычных навук, сацыялогіі істотнай характарыстыкай з’яўляюцца ўмовы, з якіх яны паўсталі. Гэткай адметнасцю робіцца пазітывісцкі падыход і, як вынік, агістарычная тэндэнцыя. Таму цікавасць да гісторыі з боку сучасных сацыёлагаў — даволі рэдкая з’ява.

Гістарызм у грамадскіх навуках паўстае пашыраным выбарам, зразумелым надзвычай разнастайна. У ім змяшчаюцца як пазiтывісцкія перадумовы існавання правільнага гістарычнага працэсу, што развіваецца ў вызначаным напрамку, так і ўпэўненасць у кантэкставасці, індывідуальнасці ды непаўторнасці грамадскай рэчаіснасці. Дзве такія крайнія пазіцыі, здаецца, немагчыма ўзгадніць, аднак іх яднае апазіцыя да агістарычных версій сацыялогіі — як тэарэтычнай, так і эмпірычнай: яны ўлічваюць часава–прасторавыя дэтэрмінанты, а таксама дынамічны характар грамадскіх з’яваў1.

Гістарызм марксісцкага кшталту, як стратэгія пабудовы універсальных законаў грамадскага развіцця, быў грунтоўна раскрытыкаваны Карлам Поперам у працы „Ўбоства гістарыцызму“2. З гэтай пары цікаўнасць да мінулага ў сацыялогіі скіравалася на ўлік яго складанасці ды разнароднасці. Усё часцей прызнаецца, што багацце гісторыі не вычэрпваецца простымі прычыннымі схемамі. Яны не даюць падставы для высноваў аб напрамках наступных ператварэнняў і веры ў няўхільнасць слушных працэсаў. Такім чынам, сучасныя гістарычныя падыходы зводзяцца да аксіёмы даследавання канкрэтных грамадстваў ды канкрэтных людзей. Адкідваецца перакананне аб нязменных уласцівасцях чалавечай натуры ці аб універсальных грамадскіх механізмах.

Цікавасць да гісторыі ў сучаснай сацыялогіі паходзіць з дзвюх крыніц. Першая — даволі распаўсюджаныя спробы вы­светліць глабальныя грамадскія механізмы, што фармуюць свет канца ХХ ст. Другая — тэарэтычныя пошукі ў сацыялогіі апошніх гадоў. Гаворка ідзе пра кірункі, у якіх спрабуецца ўзгадніць структурны падыход у даследаванні законаў функцыявання грамадскіх сістэмаў з напрамкам, дзе акцэнтуецца аўтаномная роля людзей і іх творчага дзеяння. Гэтым падкрэсліваецца ўзаемаабумоўленасць структур грамадскага жыцця ды яго актыўных суб’ектаў. Да асноўных перадумоваў такой перспектывы належыць перакананасць у вазе гістарычнага і кантэкставага вымярэння грамадскіх з’яваў.

У сучаснай сацыялогіі, са шматлікіх субдысцыплін і школаў, вылучаецца сацыялогія гістарычная. Яна паўстала і існуе ў цяперашнім выглядзе перадусім у амерыканскай сацыялогіі. Паўторнае адкрыццё гістарычнасці грамадскага жыцця ажывіла там адну з вялікіх традыцыяў сацыялагічнай думкі.

Традыцыйная агістарычная амерыканская сацыялогія заўжды арыентавалася на практычнае вымярэнне. Характар пры­кладной навукі праявіўся ў надаванні асаблівай ролі бягучым грамадскім праблемам, у развіцці сацыяграфіі, мясцовых даследаванняў і case studies. Такія імкненні суправаджала засяроджанасць на даследчых метадах, а неўзабаве — і на тэарэтычных пытаннях. Даміноўны ўплыў чыкагскай школы ў 1915—1930 г. на доўгі час вызначыў эмпірычны характар грамадскіх навук ў Амерыцы3. У адрозненне ад еўрапейскай сацыялогіі там неставала сувязяў з шырэйшай філасофскай рэфлексіяй, а таксама глыбейшай часавай перспектывы, што абумовіла абмінанне гістарычнага фактару. Прафесіяналізацыя сацыялогіі здзяйснялася праз выразнае адасабленне ад гісторыі.

Функцыяналізм, што развіваўся пасля II сусветнай вайны, спарадзіў імпазантныя тэарэтычныя даследаванні Талката Парсанза і Роберта Мэртана, а таксама метадалагічныя — напры­клад, Паўла Лазарсфельда. Агістарычны, скіраваны на статыку характар іх сістэмных аналізаў замясціў эвалюцыйныя ды іншыя тлумачэнні, якімі апісваліся механізмы грамадскіх зменаў. Характэрная для амерыканскай сацыялогіі прэзентысцкая, эмпірычная і мікраструктуральная скіраванасць спалучалася з інспірацыяй псіхалагічнымі, а не гістарычнымі навукамі. Узбагачэнне праблематыкі праз пытанні, датычныя макрапрацэсаў, схіліла ўвагу даследчыкаў да функцыяналісцкіх традыцыяў брытанскай антрапалогіі. Такім чынам, можна казаць пра праграмны агістарызм амерыканскай сацыялогіі4.

Гістарычная сацыялогія не мела шанцу на развіццё ў да­міноўным асяроддзі „вялікіх тэорыяў“ ды ў замкнёных на вузкім эмпірызме колах — тым больш, еўрапейская традыцыя гістарычнай рэфлексіі была нязвыклай для амерыканскай сацыялогіі. Толькі ўвага да дасягненняў Алексі дэ Таквіля, а перадусім Макса Вэбэра, адкрыла шлях гістарычнай перспектыве5.

Узрастанне папулярнасці тэорыі Карла Маркса ў шасцідзесятыя гады таксама адыграла значную ролю, хоць гэты марксізм быў далёкі ад усходнееўрапейскай версіі. Творчасць Грамшы, Лукача, франкфурцкай школы, разам з уплывам „новых левых“, узмацнілі пазіцыю марксізму ў асяроддзі амерыканскіх гістарычных сацыёлагаў. Гэтая ж тэндэнцыя паўплывала на міждысцыплі­нарныя пошукі брытанскіх гісторыкаў і сацыёлагаў, такіх як Эдвард П. Томпсан, Эрык Хабсбаўм, Джордж Руд, Пол Андэрсан6.

Генезіс сучаснага сусветнага ладу, асабліва ўзнікненне індустрыяльнага капіталістычнага грамадства, зацікавілі даследчыкаў яшчэ і дзякуючы папулярнасці тэорыі мадэрнізацыі ды развіцця. Пасля II сусветнай вайны сацыёлагі, перадусім палітычныя, пачалі разглядаць праблемы ўзнікнення рынкавай эканомікі ды прамысловай рэвалюцыі, генезіс дэмакратычнага палітычнага ладу. Напрамкі развіцця грамадстваў Трэцяга свету зрабіліся прадметам зацікаўленасці не толькі палітыкаў, але і навукоўцаў. Працэсы мадэрнізацыі тлумачыліся ў той час у катэгорыях эндагенных з’яваў, абавязковых і аднародных. У шасцідзесятыя ды сямідзесятыя гады такая мадэль была ўзята пад сумнеў, абмяркоўвалася магчымасць шматвектарнага развіцця, абумоўленага лакальнай традыцыяй і ўплывам знешніх фактараў. Вынікам змянення стала не толькі адкінутая еўропацэнтрычная перспектыва — пашырыліся параўнальныя даследаванні канкрэтных гістарычных уласцівасцяў аналізаваных грамадстваў7. Пачаткам змянення стала тэорыя залежнасці, якая з часам зрабілася зыходным пунктам для мадэлі сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайнa. Тыя неамарксісцкія падыходы, якія ўзніклі як рэакцыя на практыку дзяржаў Трэцяга свету, грунтаваліся на сцвярджэнні, што гістарычны працэс, спрыяльны для развіцця ў заходнім цэнтры, адначасова спараджае занядбанасць ды адсталасць Трэцяга свету8.

Адну з першых прапановаў, дзе пастулат пашырэння рэ­флексіі аб гістарычным вымярэнні атрымаў тэарэтычнае і філасофскае абгрунтаванне, сфармуляваў Чарлз Райт Мілз у класічнай працы The Sociological Imagination9. Галоўнай думкай у кнізе стала неабходнасць узнаўлення сувязі тэарэтычнай рэ­флексіі з да­следаваннем грамадскай рэчаіснасці. Сваёй крытыкай функцыяналізму Мілз падкрэслівае ролю грамадскага кантэксту і унікальнай часава–прасторавай абумоўленасці. Гістарычна–параўнальны метад аўтар прызнаваў за аптымальны. Выкарыстоўваючы яго, неабходна пазбягаць чыстай індукцыйнай працэдуры, з аднаго боку, і аперавання на ўзроўні агульных мадэляў, з другога: тады метад дае магчымасць „уздымаць канкрэтныя тэарэтычныя праблемы на гістарычным узроўні рэчаіснасці“10.

Шасцідзесятыя гады сталі пачаткам шырэйшага „антытэарэтычнага павароту“ ў сацыялогіі і спарадзілі, сярод астатняга, крытыку функцыяналізму Рэлфа Дарэндорфа, крытыку механістычнага марксізму Карла Попера, крытыку метафары ўзросту і развіцця Робэрта Нісбэта11. Спад папулярнасці функцыянальнай тэорыі, крытыкаванай за недастатковае тлумачэнне з’яваў змянення, улады і канфлікту, паспрыяў узнікненню амерыканскай гістарычнай сацыялогіі. Крытыка функцыяналізму часта атаяснялася з рухамі „новых левых“ і папулярнасцю марксізму ды тэорыі канфлікту ў шасцідзесятыя гады. Заняпад функцыянальнай школы распачаў пашыраны сёння стан фрагментацыі, тэарэтычнага плюралізму і прагрэсоўнай спецыялізацыі. Сітуацыю сучаснай сацыялагічнай рэфлексіі характарызуе разладдзе паміж тэорыяй і даследаваннямі, а таксама павелічэнне размежаванняў у абсягу самой тэорыі12. Адным са шляхоў развіцця робіцца параўнальна–гістарычная сацыялогія. Стан гэтага напрамку пакуль цяжка ацаніць, хоць і паўстаюць спробы залічыць яго, разам з інтэрпрэтацыйнай сацыялогіяй ды колькасным падыходам, да трох галоўных плыняў сучаснай амерыканскай сацыялогіі13. У значнай ступені ён абумовіў перанясенне ўвагі сацыёлагаў, перадусім у макраструктурных аналізах, з аўтаматычнага, механічнага функцыянавання сістэмы на творчую актыўнасць суб’ектаў14.

Да сямідзесятых гадоў сацыягістарычныя працы ў англасаксонскай сацыялогіі з’яўляліся рэдка — нягледзячы на паслядоўную крытыку агістарызму ў сацыялогіі, перадусім у тэорыі мадэрнізацыі15. Большасць сацыёлагаў упарта трымалася плыні мясцовых даследаванняў эмпірычнага і бягучага кшталту. Гістарычная сацыялогія была абсягам нешматлікіх даследчыкаў. Але менавіта тады паўсталі працы, залічаныя сёння да класікі амерыканскай гістарычнай сацыялогіі — творы са значным храналагічным і праблематычным дыяпазонам, аўтары якіх звычайна заставаліся на перыферыі акадэмічнай навукі. Такі маргінальны стан вынікаў з міждысцыплінарнага характару іх інтарэсаў. Гэтыя даследчыкі былі выхаваны ў рэчышчы функцыянальнай традыцыі, аднак час і пераважна левыя погляды праз натхнёнасць вучэннямі Карла Маркса ды Макса Вэбэра падводзілі іх да розных версіяў тэорыі канфлікту. Папулярнасць гістарычнай школы „Аналаў“ таксама адыграла ролю ў росце цікаўнасці сацыёлагаў да мінулага.

Сярод стваральнікаў сучаснай гістарычнай сацыялогіі неабходна адзначыць С.Н. Айзенштада — прадстаўніка функцыянальнай традыцыі; гадаванцаў неамарксісцкай плыні Пэры Андэрсана, Бэрынгтана Мура малодшага, Тэды Скокпол, Эдварда П. Томпсана, Імануэла Валерстайна; а таксама Рэйнхарда Бэндыкса ды Чарльза Тылі, натхнёных сацыялогіяй Дзюркхейма і Вэбэра16.

Узнятыя імі тэмы, датычныя генезісу грамадскага ды палі­тычнага аблічча сучаснага свету, месцяцца каля праблемаў сацыялогіі палітыкі. Прадметамі даследавання робяцца: з’яўленне і грамадскія дасягненні пашырэння рынкавай эканомікі, сувязі паміж пачаткамі капіталізму і змяненнямі формы ды абсягу дзейнасці дзяржаў, генезіс дзяржаў новага часу, а таксама змяненні правамоцнасці дзяржаўнай улады і эвалюцыя да дэмакратычнага ладу. Да істотных пытанняў належыць таксама гістарычны аналіз рэвалюцыі як з’явы, а перадусім грамадскіх рухаў ды іх ролі ў фармаванні дэмакратычнай сістэмы.

Усе працы паўсталі, абапіраючыся на параўнальны метад — праз супастаўленне гісторыі грамадстваў Еўропы ды некаторых нееўрапейскіх (Японіі, Кітая, краін Трэцяга свету). Да класічных пазіцыяў належаць: Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура, States and Social Revolutions Тэды Скокпол, Nation Building and Citizenship Рэйнхарда Бэндыкса, Lineages of the Absolutist State Пэры Андэрсана, The Vendee і The Rebellious Century 1830—1930 Чарльза Тылі17.

Сямідзесятыя ды васьмідзесятыя гады прынеслі не толькі шматлікія працы па гістарычнай сацыялогіі, але і першыя метадалагічныя развагі аб яе перспектывах18. Таксама адбылася інстытуалізацыя і хуткае вылучэнне гістарычнай сацыялогіі ў параўнанні з іншымі спецыяльнасцямі амерыканскай сацыялогіі. У 1983 г. у Амерыканскім Сацыялагічным Таварыстве паўстала секцыя параўнальна–гістарычнай сацыялогіі. Праз некалькі гадоў яна зрабілася, разам з секцыямі сацыялогіі палітыкі і грамадскага змянення, трэцім па велічыні тэматычным блокам сярод васьмі наяўных19. Пачалі множыцца канферэнцыі і семінары, прысвечаныя гістарычным метадам. Курсы гістарычнай сацыялогіі з’явіліся ў праграме большасці амерыканскіх навучальных устаноў. Пераломнымі момантамі ў развіцці сталі: выхад у 1966 г. надзвычай аўтарытэтнай кнігі Бэрынгтана Мура Social Origins of Dictatorship and Democracy, колькасныя гістарычныя аналізы Тылі, угаранаванне прэстыжнай узнагародай American Sociological Association імя Піцірыма Сарокіна: Імануэла Валерстайна за працу The Modern World–System (1975), Джыма Пэйджа за Agrarian Revolution (1976), Пола Андэрсан за Considerations on Western Marxism (1977) і Тэды Скокпол за States and Social Revolutions (1980)20. Паўсталі такія асяродкі даследаванняў, як Даследчы цэнтр Імануэла Валерстайна імя Фердынанда Брадэля ў Нью–Ёркскім Універсітэце ў Бінгэмптане, Цэнтр Даследавання Грамадскіх Арганізацый (CSRO) Чарльза Тылі ва Універсітэце Мічыган у Эн–Арбар, а таксама Цэнтр Да­следавання Грамадскіх Змяненняў (CSSC) у New School for Social Research у Нью–Ёрку21. На пачатку васьмідзесятых гадоў чвэрць артыкулаў у галоўных англамоўных перыядычных выданнях па сацыялогіі пісалася пад уплывам дасягненняў гістарычнага падыходу22. Узмацнілася плынь гістарычных даследаванняў брытан­скай сацыялогіі, прадстаўленая здзяйсненнямі Эрнэста Гэлнэра, Джона Хола і Міхаэля Мана23. Пачаўся „залаты век гістарычнай сацыялогіі“24. Пасля гадоў спрэчак выяўляецца, што „сацыялогія і гісторыя спаткаліся сёння ў амерыканскіх універсітэтах“25.

Здзейснены нейкі час таму разгляд сацыялагічных субдысцыплін ў Злучаных Штатах выяўляе існаванне моцнага напрамку палітычнай і макрасацыялогіі (political and macrosociology). У яго межах вылучаюцца такія спецыяльнасці, як: сацыялогія палітыкі, сацыялогія грамадскіх змяненняў, параўнальная сацыя­логія ды макрасацыялогія, сацыялогія развіцця, сацыялогія грамадскіх рухаў. Сюды ж уваходзіць грамадска–эканамічная праблематыка, а таксама вузкая галіна сацыялогіі сусветнага канф­лікту. Даследаванні ў межах гэтых спецыяльнасцяў маюць сацыягістарычны характар26.

Пад час змяненняў у амерыканскай сацыялогіі адбылося тэарэтычнае пераарыентаванне і сярод тамтэйшых гісторыкаў. У канцы пяцідзесятых гадоў пачала заяўляць аб сабе група маладых навукоўцаў, што спрабавалі займацца гісторыяй як грамадскай навукай (social science history). Ад палітычнай гісторыі і вывучэння ролі асоб яны перайшлі да аналізавання эканамічных ды грамадскіх фактараў, імкнуліся да стварэння абагульняльных фармулёвак і тлумачальных мадэляў. Менавіта тады паўстала колькасная гісторыя, пашырыліся даследаванні гісторыі ментальнасці, грамадскіх рухаў, гвалту і рэвалюцыі. Узорам новага міждысцыплінарнага падыходу стала новая эканамічная гісторыя: балазе, у межах гэтай спецыяльнасці здаўна існаваў непа­срэдны кантакт паміж даследчыкамі дзвюх дысцыплін27. Такому падыходу спрыя­ла перакананасць, што неабходна „ўжываць навуковыя метады, якія тэстуюць утвораныя гіпотэзы“28. Эканаметрыя ўводзіла ў даследчую практыку гісторыкаў чыстае мадэляванне, колькасныя метады, а таксама цікавасць да паўторных выпадкаў, датычных калектыўнасці. Даследчыкі звярнулі ўвагу на новы тып крыніц — масавыя звесткі, стандартны прадукт бюракратыі, і выпрацавалі іншы спосаб іх аналізу29. Гэтыя рэвалюцыйныя змяненні абумовілі ўзнікненне некалькіх новых спецыяльнасцяў — псіхагісторыі, новай грамадскай гісторыі, квантацыйнай гісторыі, новай палітычнай гісторыі, family history ды іншых30. Амерыканская гістарычная сацыялогія таксама трапіла ў спектр гэтага новага падыходу да гістарычных даследаванняў.

Падобныя ж спробы пераарыентаваць мадэль гістарычных даследаванняў можна ўгледзець у еўрапейскіх гістарыяграфіях. Французская традыцыя школы „Аналаў“ і глабальнай гісторыі Фердынанда Брадэля дала пачатак гэтак званай Nouvelle Histoire. У Нямеччыне ў асяроддзі даследчыкаў найноўшай гісторыі пашырылася новая грамадская гісторыя пад назвай Sozial­ge­schichte31. У Вялікай Брытаніі цікавасць да грамадскіх навук распаўсюдзілася сярод марксісцкіх гісторыкаў, звязаных у пасляваенныя гады з камуністычнай партыяй — такіх як Эрык Хабсбаўм, Эдвард П. Томпсан або Пэры Андэрсан32.

Упэўненае аднясенне пералічаных выпадкаў да плыні грамадскай гісторыі або гістарычнай сацыялогіі мае самаўпраўны характар. Іх метадалагічныя прынцыпы, спосаб вядзення даследаванняў, нарэшце, праблемы, што выклікалі даследчыцкую цікавасць, часта ідэнтычныя. Гэткая блізкасць набывае інстытуцыйныя формы — напрыклад, праз выдаванне сумеснай перыё­дыкі. У Злучаных Штатах і Еўропе працяглы час выходзіць вялікая колькасць сацыягістарычных перыядычных выданняў. Сярод іх, з 1958 г., — Comparative Studies in Society and History, заснаваны гісторыкамі квартальнік, у якім прапагандуецца параўнальны сацыягістарычны аналіз33.

Гістарычная сацыялогія ўпісваецца ў доўгую традыцыю вывучэння макраструктур і зменных працэсаў. Пад адной назвай паўстаюць як агульныя працы — мадэляванні вялікіх часавых ды прасторавых абшараў, так і эмпірычныя аналізы асобных працэсаў ці гістарычных здарэнняў. Дыяпазон ад агульных тэорыяў змянення да даследаванняў канкрэтных сацыягістарычных праблем складае першую цяжкасць пры самавызначэнні дысцыпліны.

Да агульных элементаў ва ўсіх працах па гістарычнай сацыялогіі належыць тлумачэнне грамадскай рэчаіснасці як працэсу і падкрэсліванне ролі гістарычнага моманту, тэмпу ды рытму ператварэнняў. Грамадскія змяненні складаюцца са шмат­лікіх рознаскіраваных працэсаў кумуляцыйнага кшталту. Іх першапачатковымі віноўнікамі з’яўляюцца дзеячы, абмежаваныя існымі структурамі. Такая перспектыва падкрэслівае, што свет развіваецца не аднакалейна, а папярэднія сітуацыі ўплываюць на магчымыя альтэрнатывы развіцця. Акцэнтуецца таксама значнасць чалавека як стваральніка грамадскай рэчаіснасці.

Сярод прыхільнікаў гістарычнага падыходу ёсць тыя, для каго ён, на добры лад, вызначае сутнасць усёй сацыялогіі34. Размежаванне сацыялогіі і гісторыі разумеецца імі як штучнае і шкоднае не толькі ў абсягу прадмета, але таксама метадаў і да­следчых мэтаў35. У такім скрайнім падыходзе выяўляецца перакананне ў магчымасці ўзгадніць імкненне сацыялогіі да агульных мадэляў з уласцівым для гісторыкаў нарацыйным, апісальным шляхам, адданасцю канкрэтыцы36. Іншыя пазіцыі абмяжоў­ваюцца падкрэсліваннем карысці для сацыялогіі, перадусім для будавання і тэставання вартых тэорыяў і мадэляў, датычных макраструктур і сацыяльных зменаў37. Апісванне генезісу навачаснага свету і гістарычных прычын працэсаў, што мяняюць яго аблічча,  звязваюць даследаванні гістарычных сацыёлагаў з цэнтральнай плынню сучаснай сацыялагічнай рэфлексіі.

Вялікая колькасць уздыманых гістарычнымі сацыёлагамі даследчых праблем, а таксама разнароднасць эпістэмалагічных, тэарэтычных і метадалагічных накіраванасцяў выяўляецца ў трох тыпах даследчых стратэгіяў38. Галоўнай мэтай першага шляху з’яўляецца ўжыванне агульнай тэарэтычнай мадэлі ў дачыненні да гістарычнай рэчаіснасці. Канкрэтныя гістарычныя прыклады прымяняюцца пры тэставанні, удакладненні ды выкарыстанні тэорыі або яе фрагмента. Такі характар маюць, напрыклад, працы, напісаныя ў рэчышчы функцыянальнай традыцыі — як Social Change in the Industrial Revolution Нэйла Смейзера, або неаэвалюцыйнай — як Power and Priviledge Герхарда Ленскі39. У іх аналізах выяўляецца схільнасць да безапеляцыйнага будавання мадэлі разам з самаўпраўным прымяненнем яе да абраных гістарычных выпадкаў. Гістарычны матэрыял у такіх даследаваннях выконвае пераважна ілюстрацыйную функцыю. Гэта не надае законнай моцы тэорыі і не спрыяе яе верыфікацыі, бо прыклады падбіраюцца ў катэгорыях папярэдне ўзятай мадэлі. Такім чынам, пашырэнне разважанняў пра найбагацейшы склад гістарычных фактаў не нясе належных метадалагічных перавагаў. У апошнія гады спробы пераадолець азначаную хібу прасочваюцца ў тэорыі сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайна. У створаным ім Цэнтры Даследавання Грамадскіх зменаў імя Фердынанда Брадэля вядуцца даследаванні ўзнікнення і развіцця трох гістарычных сусветных сістэмаў: мінісістэмаў, сусветных імперыяў і сусветнай эканомікі. Зыходзячы з марксіз­му, праз мадыфікаваную тэорыю залежнага развіцця, Валерстайн стварыў агульную міждысцыплінарную канцэпцыю глабальнага грамадства. У катэгорыях генезісу і пашырэння сусветнай сістэмы капіталізму, разам з падзелам на рэгіёны (цэнтр, перыферыя ды напаўперыферыя), яго тэорыя бярэ за мэту апі­санне і тлумачэнне гістарычнай адметнасці розных шляхоў развіцця40. Натхнёны міждысцыплінарнай перспектывай Фердынанда Брадэля і французскай школы „Аналаў“, Імануэл Валерстайн спалучае праніклівы гістарычны аналіз з канструяваннем мадэлі грамадскай сістэмы. Абсяг функцыявання грамадскай сістэмы змяняецца з уплывам часу, ад перадгістарычных міні­сістэмаў да сучаснага дамінавання капіталістычнай сусветнай сістэмы.

Другі падыход, гэтак званая гістарычна–інтэрпрэтацыйная перс­пектыва, з’яўляецца рэакцыяй на функцыянальныя, марк­сіс­цкія ды іншыя агульныя схемы гісторыі. Ён грунтуецца на стварэнні інтэрпрэтацыі гісторыі, бяручы пад увагу ролю кан­крэтных выпадкаў. Акцэнт прыпадае на культурны кантэкст, жаданні ўдзельнікаў, унікальныя рысы разгляданых з’яваў. Да­следаванне кіруецца абранымі паняццямі, катэгорыямі, праблемамі. Аўтары рэдка займаюцца раскрыццём прычынных сувязяў, падлеглых абагульненню. Аналізы засяроджваюцца на невялікай колькасці выпадкаў. Гэтая перспектыва характарызуецца найбольшай слушнасцю ў дачыненні да гістарычнай непаўторнасці і складанасці. Прыкладамі яе прымянення з’яўляюцца працы Рэйнхарда Бэндыкса, Чарльза Тылі, Вікторыі Бонэл і Міхаэля Мана41.

Мэта трэцяга падыходу — канструяванне мадэляў тлумачэння на падставе аналізу канкрэтных гістарычных выпадкаў. Тут дапускаецца існаванне прычынных рэгулярнасцяў, якія можна адкрываць пры даследаванні гістарычнай рэчаіснасці. Гэтыя абагульненні абмежаваны наяўным часавым ды прасторавым кантэкстам. Прычынна–аналітычная перспектыва імк­нецца пазбягаць крайнасці дзвюх папярэдніх. У адрозненне ад тых, яна мае даволі выразную даследчую праграму. Істотнай праблемай з’яўляецца пытанне кантралявання зменных, перадусім размежаванне важкіх прычын ад менш значных. Апрача таго, у гэтых аналізах паўстае праблема перадумоваў і тэорыяў, прыхаваных за выпрацаванымі прычыннымі мадэлямі. Аднак, на думку прыхільнікаў падыходу, толькі ён дазваляе сацыёлагам фармуляваць лепшыя мадэлі і тэорыі, дзякуючы ўсебаковай канфрантацыі са зменлівай разнароднасцю гістарычнай матэрыі. Гэта дае магчымасць крытыкаваць і дыскваліфікаваць памылковыя гіпотэзы, мадэлі ды тэорыі42. Да сацыягістарычных прычынных аналізаў належаць працы: Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура, States and Social Revolutions Тэды Скок­­пол, або The Vendee Чарльза Тылі. У іх аналізах усталёўваюцца рэгулярнасці і фармулююцца прычынныя сцверджанні на падставе параўнаных выпадкаў. Працэдура грунтуецца на індукцыйнай выснове. Вынікі даследаванняў маюць характар абагульненняў, абмежаваных, аднак, разгле­джанымі выпадкамі43.

Класічным прыкладам аналітычнага параўнання з’яўляецца Social Origins of Dictatorship and Democracy Бэрынгтана Мура. Галоўнае пытанне тычыцца формаў мадэрнізацыйных ператварэнняў у аграрных грамадствах, спрыяльных для дэмакратычнага ладу. Мур намагаўся зразумець стасункі паміж эканамічнымі і палітычнымі зменамі. На думку аўтара, на характар і кірунак палітычных ператварэнняў галоўным чынам паўплывалі дачыненні, што склаліся паміж буйнымі землеўласнікамі ды сялянамі. Паходжанне трох найбольш значных у ХХ ст. палітычных сістэмаў — дэмакратыі, фашызму і камунізму — тлумачыцца праз спосаб вырашэння аграрнага пытання, змяненні ў сістэме класавых дачыненняў, ператварэнні ў сістэме дзяржаўнай улады. Параўноўваючы гісторыі Англіі, Францыі, ЗША, Кітая, Японіі, Індыі, а таксама, часткова, Расіі ды Нямеччыны, Мур вышуквае прынцыпы зменлівасці палітычных ладаў. Параў­нанні дапаўняюцца разгорнутым даследаваннем выпадкаў. Праца з’яўляецца прыкладам спалучэння адданасці гістарычнаму кантэксту з фармуляваннем агульных высноваў.

Мур здзейсніў параўнанне выбраных аспектаў гісторыі розных грамадстваў і вызначыў канфігурацыю фактараў, спрыяльных ці неспрыяльных для з’яўлення пэўных палітычных формаў. Яго аналіз надоўга ўсталяваў стыль і кірунак гістарычна–параўнальных даследаванняў.

Прымяненне кампаратывістыкі ў дачыненні да гістарычных пытанняў абумовіла развіццё рэфлексіі над тыпамі параў­нанняў, іх каштоўнасцю ды прыдатнасцю гэтага метаду да гістарычнай матэрыі. У даследчай практыцы гістарычных сацыёлагаў вылучаюцца чатыры стратэгіі параўнальнага аналізу: параў­нанне паводле індывідуальнасці; паводле універсальнасці — адшукванне агульных мадэлёвых рысаў; варыяцыйныя — з мэтай адкрыць прынцыпы зменлівасці разгледжаных выпадкаў; кантэкставыя — розніца паміж выпадкамі тлумачыцца іх месцам у структуры44.

У параўнанні паводле індывідуальнасці за мэту бярэцца пошук гістарычнай непаўторнасці апісваных з’яваў. Тлумачэнне замяняецца адпаведнасцю кантэксту і дэталям. Вынікам гэтага ёсць схільнасць да генетычнага дэтэрмінізму і ўтоеных зададзенасцяў, а таксама няпэўнасці пры размежаванні залежных і незалежных зменных у разгляданых выпадках.

У параўнаннях паводле універсальнасці робіцца дапушчэнне аб гамагеннасці выпадкаў, іх прынцыповым падабенстве, пры гэтым абмінаецца праблема сістэматычнага або выпадковага дыферэнцыявання45. Тым не менш, яны дапамагаюць стварыць выразны вобраз, упарадкоўваць выпадкі, што спрыяе адчувальнасці даследчыкаў не толькі да верагоднага падабенства, але і да адрозненняў.

Варыяцыйныя параўнанні дазваляюць пашырэнне адкрытага правіла на новыя выпадкі — пры ўмове, што як тэставаныя гіпотэзы, так і супастаўляльныя зменныя былі дакладна вызначаны. Істотным патрабаваннем з’яўляецца іх узаемная незалежнасць, а таксама параўнальнасць адносна даследаваных пытанняў.

Метадалогія кантэкставых параўнанняў вымагае распрацоўкі сістэмнай мадэлі і тэорыі яе дзейнасці. Такая стратэгія рызыкуе саслізгнуць у функцыянальныя тлумачэнні, па сваёй сутнасці цяжкія для верыфікацыі і таму часта таўталагічныя. Аднак кантэкставыя параўнанні лічацца каштоўнымі і асабліва прыдатнымі для сацыягістарычных даследаванняў дзякуючы ўвя­дзенню аналізу ў кантэксце шырэйшых гістарычных структур ды працэсаў і прадстаўленню грамадскай рэчаіснасці як сеціва ўзаемазвязаных дачыненняў46.

Названыя тыпы параўнанняў спалучаюцца з трыма да­следчымі стратэгіямі ў гістарычнай сацыялогіі47. Параўнанні паводле індывідуальнасці звязаны з гістарычна–інтэрпрэтацыйным падыходам, кантэкставыя — з ужываннем тэарэтычнай мадэлі ў гісторыі. Нарэшце, параўнанні паводле універсальнасці і варыяцыйныя выяўляюць альтэрнатыўныя формы аналітычнай стратэгіі.

Некалькі дзесяцігоддзяў досведу гістарычнай сацыялогіі выявілі таксама і галоўныя метадалагічныя цяжкасці гэтага міждысцыплінарнага праекта. Яны канцэнтруюцца вакол спецыфікі параўнаўчага метаду, а таксама на пытанні аб’яднання гістарычнага і сацыялагічнага падыходаў. Абедзве праблемы шчыльна ўзаемазвязаны.

У літаратуры прадмету прынята акцэнтаваць тлумачальную функцыю сацыягістарычных аналізаў. Яна прызнаецца галоўнай адметнасцю такіх даследаванняў у параўнанні з практыкай гісторыкаў. Але менавіта пастулат спалучэння з’яваў гістарычнасці з патрабаваннямі чыстага мадэлявання складае кры­ніцу прынцыповых цяжкасцяў. Параўнальна–гістарычная сацыялогія ўзнікла на грунце распрацаваных тэорыяў грамадскіх зменаў, такіх як функцыянальная тэорыя, тэорыя мадэрнізацыі, марксаўскі ды вэбэраўскі аналізы генезісу капіталізму. Адначасова ад пачатку паўстала рэакцыя на дамінаванне агістарычных версіяў гэтых тэорый, што спарадзілася са сцвярджэння непасавальнасці агульных тэарэтычных мадэляў да гістарычнай рэча­існасці. Ёю падкрэсліваецца складанасць, выключнасць ды выпадковы характар грамадскага жыцця, у якім асаблівую ролю выконвае вымярэнне часу і прасторы. Кожная спроба тлумачэння мусіць быць абмежаванай і мець дакладна акрэслены часавы ды прасторавы абсяг. Апрача таго, гістарычныя сацыёлагі імкнуцца цалкам адпавядаць патрабаванням выразнай фармулёўкі прынцыпаў, чыстага мадэлявання, па магчымасці поўнага кантралявання ўмоў параўнання і, нарэшце, будавання верыфікацыйных гіпотэз. Сутнасць пошукаў канцэнтруецца вакол цэнтральнай метадалагічнай праблемы параўнальнай сацыялогіі: пераходу ад ідэі агульнага шляху развіцця да канкрэтных, інды­відуальных траекторыяў змянення. Азначаная дылема выяў­ляец­ца ў цяжкасцях кожнага з чатырох параўнаўчых тыпаў, а таксама прасочваецца ў падзеле на тры роды даследчых стратэгіяў.

Параўнальна–гістарычны метад стварае таксама праблемы правамернасці, звязаныя з выкананнем уступных прынцыпаў. Яны не заўсёды ўсведамляюцца даследчыкамі. Звычайна параў­нанні здзяйсняюцца на ўзроўні грамадстваў, то бок нацыянальных дзяржаў ці іх гістарычных папярэднікаў. Такім чынам, дапускаецца іх сувымернасць і незалежнасць як прыкладаў. Пры гэтым часта абмінаецца культурная адметнасць і кантэкставыя сувязі паміж выпадкамі. Зводзіць гісторыі розных грамадстваў да агульнага збору тлумачальных зменных — значыць інтэр­прэтаваць іх у катэгорыях адной абранай культуры48. Выкарыстанне такой аналітычнай адзінкі выклікае цяжкасці пры адасабленні зменных, асабліва ў выпадку параўнальна малой колькасці грамадстваў — нацыянальных дзяржаў49. Прыняцце гэтых адзінак аналізу выво­дзіцца з традыцыі даследаванняў сацыялогіі палітыкі і паліталогіі, падлеглых уплы­ву тэорыі развіцця і мадэрнізацыі. Паступовае адмаўленне азначанай перспектывы ў сямі­дзесятыя гады адкрывае шлях новым прапановам і ідэям. У асяроддзі гістарычных сацыёлагаў пашыраецца меркаванне, што катэгорыя грамадства ў якасці адзінкі параўнання непрыдатная і памылковая — ствараюцца фікцыйныя творы без практычнага адасабляльнага крытэрыю, якія ў выніку зводзяцца да сучаснай нацыянальнай дзяржавы. Лепш, такім чынам, даследаваць працэсы і структуры, прыдатныя да вылучэння і дакладнага азна­чэння50.

Праблема несувымернасці паняццяў у параўнальнай сацыялогіі звязана яшчэ з адным пытаннем. Навуковыя паняцці — канструкты, надбудаваныя над паняццямі грамадскімі. Адсюль вынікае цяжкі пошук агульнай параўнальнай плоскасці. Выйсце бачыцца ў сучасных кірунках развіцця сацыялогіі і грамадскага свету51. Тэндэнцыі глабалізацыі, з аднаго боку, інтэрнацыя­налізацыя і уніфікацыя мовы ды паняццёвага апарату сацыялогіі, з другога, палягчаюць супадзенне абодвух тыпаў паняццяў.

Значэнне тэарэтычных мадэляў у сацыягістарычных аналізах стварае істотную праблему: кожнае тлумачэнне грунтуецца на мадэлях, што апісваюць механізм узнікнення засведчаных залежнасцяў. Такім чынам, агульныя тэорыі або, прынамсі, падставы ды катэгорыі ўпарадкавання робяцца неадлучным складнікам кожнага такога аналізу. Галоўная мэта метадалагічных пошукаў у гістарычнай сацыялогіі — укараненне тэорыі і мадэлі ў гістарычнай рэчаіснасці, або фармулёўка гістарычна ўмацаванай тэорыі. У такі бок скіравана даследчая ўвага Чарльза Тылі52. Таксама ў якасці прыкладу можна прывесці тэорыю сусветнай сістэмы Імануэла Валерстайна53.

Аналіз узнікнення і пашырэння сусветнай сістэмы капіталістычнай эканомікі зрабіўся агульным узорам для параўнання і апісання гісторыі канкрэтных грамадстваў. Расповед пра гісторыю сусветнай сістэмы капіталізму адначасна з’яўляецца спробай патлумачыць яе механізм. Рэчаіснае пераўтварэнне ўзнікае толькі на сістэмным ўзроўні, змяненні асобных грамадстваў выяў­ляюць адзіна ўнутраныя працэсы — напрыклад, пашырэнне сістэмы.

У макрасацыягістарычных параўнаннях цяжка пазбегнуць пасткі затоенага механізму „нябачнай рукі“, які працуе па–над і па–за людзьмі. Тлумачэнні набываюць структурны характар, абмінаючы сапраўдную, актыўную ролю людзей у грамадскіх працэсах. Калі дадаць сюды ж закіды пра немагчымасць тэставання ды верыфікацыі гіпотэз, зведзенасць да некалькіх агульных, „цяжкіх“ зменных, часам паўстае выснова пра абмежаваныя імкненні гістарычнай сацыялогіі. Яе абсягам мусіць быць аналізаванне выбраных фрагментаў гісторыі ў сацыялагічных катэгорыях ды вызначэнне іх разнароднасці і ўзаемнай нескарачальнасці54. Паводле іншых даследчыкаў, пераход ад пошуку універсальных элементаў да выяўлення адметных з’яўляецца сімптомам шырэйшай парадыгматычнай змены. Яна заключаецца ў пераходзе ад традыцыяў пазітывісцкай навукі да гума­нітарнай сацыялогіі55.

Прапанова Валерстайна акцэнтуе інтэрпрэтацыйныя магчымасці параўнальнага метаду. Іншы, альтэрнатыўны падыход звяртае ўвагу на яго фармальныя ўласцівасці, а таксама аналітычны і статыстычны характар. Гэтыя скрайнія спосабы прымянення параўнанняў спрабуюць злучыцца для стварэння стратэгіі, пазбаўленай абмежаванасці кожнага з іх. Такой спробай ёсць параўнанне, у якім канструюецца агульная сістэма шляхам сцвярджэння даследаваных з’яваў праз гістарычны кантэкст. Гэта нагадвае тэорыю сусветнай сістэмы Валерстайна, хоць тут і не прадугледжваецца існаванне нейкага аналітычнага адзінства56. Характар падыходу хутчэй фарматны, а не структурны, манера супастаўлення залежыць ад разгляданых выпадкаў.

Размежаванне на інтэрпрэтацыйны і фармальны тып параў­нанняў нагадвае іншы, вядомы ў літаратуры падзел на параў­нанні якасныя (інтэнсіўныя) і колькасныя (экстэнсіўныя). Першыя, пабудаваныя на абмежаванай колькасці выпадкаў і лагічным аналізе, выводзяцца з традыцыі сацыялогіі Макса Вэбэра. У вывучэнні грамадскіх макрапрацэсаў яны дамінуюць. Для якасных метадаў ўласцівы халістычны падыход, які выяўляе складаныя абумоўленасці. Тлумачэнні ўлічваюць непаўторнасць выпадкаў, таму мусяць ахапляць і нерэгулярнасці. Гэта спрыяе фармулёўцы новых тэарэтычных прапановаў. Параўнанні экс­тэнсіўныя арыентуюцца на зменныя, якія можна паказаць колькасна. Гістарычная разнароднасць бярэцца імі ў агульных катэгорыях, зве­дзеных да некалькіх сквантыфікаваных зменных. Карані такога тыпу параўнанняў сягаюць у сацыялогію Дзюркхейма. Абедзве гэтыя стратэгіі з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі57.

Пры такім размежаванні параўнанняў, таксама як і пры падзеле на інтэрпрэтацыйны ды фармальны тыпы, з’яўляецца ідэя іх аб’яднання. Жорсткае раздзяленне стратэгіяў сталася вынікам дамінавання да нядаўняй пары номатэтычнага ідэалу тэорыі ў грамадскіх навуках. Пошукі прамежнага шляху вызначаны ўзрослай цікавасцю да гістарычнага аспекту з’яваў, абумоўленай як новымі тэарэтычнымі кірункамі, так і грамадскай запатрабаванасцю на навуковае апісанне працэсаў, што ператвараюць сучасны свет. У метадалагічным вымярэнні такое зблі­жэнне выяўляецца ў стварэнні стратэгіі спалучэння логікі ды атрыбутаў інтэнсіўнага даследавання з выкарыстаннем вялікай колькасці выпадкаў. Яна робіць мажлівым аналізаванне канфігурацыі зменных у сітуацыях са шматлікімі складанымі прычынамі58. Усе гэтыя пошукі засяроджаны вакол галоўнай метадалагічнай праблемы параўнальнай сацыялогіі, якой з’яўляецца  спалучэнне агульнай канцэпцыі грамадскіх зменаў (ці мадэлі паасобных шляхоў ператварэння) з канкрэтнымі, гістарычнымі траекторыямі тых змяненняў.

У апошнія гады сацыёлагі ўсё часцей звяртаюцца да гістарычнай праблематыкі. Гісторыя перастала быць згаслай ды нецікавай галіной, зарэзерваванай для класікаў. Яна ўсё выразней робіцца прасторай, на якой сустракаюцца галоўныя сюжэты тэарэтычных зацікаўленняў сацыялогіі дзевяностых гадоў. Апрача таго, развіццё гістарычнай навукі сведчыць пра між­дысцыплінарныя захапленні. Будучыня такога збліжэння бачыцца вельмі цікавай, пагатоў, традыцыя сацыягістарычных даследаванняў ужо сёння багатая і распрацаваная. Яно асаб­ліва каштоўнае для спробаў рэфлексіі над пераломнымі зменамі ў найноўшай гісторыі Ўсходняй Еўропы. Выпрацаваныя гістарычнай сацыялогіяй метады, яе даследчыя дасягненні, а таксама назапашаныя веды пра навачасныя грамадскія змяненні могуць быць плённа скарыстаны пры вывучэнні працэсаў, якія трансфармуюць цяпер нашую частку Еўропы.

Пераклад Вольгі Мазуравай

 

1 Гл.: Szacki J. Historyzm a wspуіczesne nauki spoіeczne // Szacki J. Dylematy historiografii idei. Warszawa, 1991. S.320; Kwaњniewicz W. Przeciw lekcewaїeniu historycznego punktu widzenia w badaniach socjologicznych // Studia Socjologiczne. 1982. Nr 1/2. S. 6—30.

2 Popper K. The Poverty of Historicism. London, 1957.

3 Гл.: Wrong D. The Present Condition of American Sociology // Journal of Comparative Study of Society and History. 1993. Nr. 35. P. 186; таксама Turner J.H. Socjologia amerykaсska w poszukiwaniu toїsamoњci. Warszawa, 1993. S. 17.

4 Гл.: Kwaњniewicz W. Przeciw lekcewaїeniu historycznego punktu widzenia w badaniach socjologicznych. S. 11; таксама Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna // Studia Socjologiczne. 1988. Nr 1—2. S. 5—32.

5 Новым, адрозным ад парсанскага прачытаннем Вэбэра англамоўная сацыялогія абавязана працам Энтані Гідэнса Capitalism and Modern Social Theory (New York, 1971) ды Рэндала Колінза Weber’s Last Theory of Capitalism. A Systematisation (American Sociological Review. vol. 45 (1980). P. 925—942).

6 За выключэннем Пола Андэрсана, прадстаўніка малодшага пакалення даследчыкаў, гэта было кола гісторыкаў–актывістаў Гістарычных Груповак Бры­танскай Камуністычнай Партыі пасля II сусветнай вайны. Гл.: Callinico A. Making History: Agency, Structure and Change in Social Theory. Cambridge, 1987.

7 Sztompka P. The Sociology of Social Change. Oxford, 1994. P. 132—135.

8 Гл., напр.: Frank A.G. Capitalism and Underdevelopment in Latin America. New York, 1967; Cardoso F., Faletto E. Dependency and Development in Latin America. Berkeley, 1979; Wallerstein I.

9 Wright Mills C. The Sociological Imagination. New York, 1959.

10 Тамсама. P. 128.

11 Dahrendorf R. Out of Utopia. Toward a Reorientation of Sociological Analysis // American Journal of Sociology. 1958. vol. 64; Popper K. Nкdza historycyzmu; Nisbet R. Social Change and History. London, 1969. Гл. таксама: Sztompka P. The Renaissance of Historical Perspective in Sociology // International Sociology. vol. 1 (1986). Nr. 3. P. 328.

12 Wrong D. The Present Condition of American Sociology; Turner J.H., Turner S. Socjologia amerykaсska w poszukiwaniu toїsamoњci. S. 111, 113.

13 Willey N. The Current Interregnum in American Sociology // Social Research. vol. 52 (1985). Nr. 1.

14 Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna. S. 17.

15 Гістарычныя лініі прасочваюцца ў такіх працах, як: Bendix R. Work and Authority in Industry: Ideologies of Management in the Course of Industrialization. New York, 1956; Smelser N. Social Change in the Industrial Revolution: An Appli­ca­-tion of Theory to the British Cotton Industry. Chicago, 1959; Lipset M. Agrarian Socialism: The Cooperative Commonwealth Federation in Saskatchewan. Berkeley, 1950; Eberhard W. Conquerors and Rulers: Social Forces in Medieval China. Leiden, 1952; Moore Jr.B. Terror and Progress. Cambridge, 1956; Bellah R.N. Tokugawa Religion: The Values of Pre–Industrial Japan. Glencoe, 1957; Lipset M. Sociologist Looks at A History // Pacific Sociological Review. vol. I (Spring 1958). Nr. 1. Пар. з: Bonnell V. The Uses of Theory, Concepts, and Comparisons in Historical Sociology // Comparative Studies of Society and History. vol. 22 (1980). Nr. 2. P. 158—169.

16 Гл.: Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. New York, 1984; Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna // Studia Socjologiczne. 1986. Nr. 2; idem. The Renaissance of Historical Orientation in Sociology. S. 330.

17 Moore B. Social Origins of Dictatorship and Democracy: Lord and Peasant in the Making of the Modern World. Boston, 1966; Skocpol T. States and Social Revolution. Cambridge, 1979; Bendix R. Nation–Building and Citizenship. New York, 1964; Anderson P. Lineaeges of the Absolutist State. London, 1974; Tilly C. The Vendee. London, 1964; Tilly C., Tilly L., Tilly R. The Rebellious Century 1830—1930. London, 1975.

18 Гл, напр.: Stinchcombe A. Theoretical Methods in Social History. New York, 1978; Abram P. Historical Sociology. Ithaca, 1982; Skocpol T. (ed.). Vision and Method in Historical Sociology; Tilly C. As Sociology Meets History. New York, 1981; idem. Big Structures, Large Processes, Huge Comparison. New York, 1984; Burke P. Sociology and History. Cambridge, 1980.

19 Ennis J.G. The Social Organisation of Sociological Knowledge: Modeling the Intersection of Specialties // American Sociological Review. vol. 57 (April 1992). P. 259—265.

20 Willey N. The Current Interregnum. P. 197.

21 Sztompka P. Socjologia jako nauka historyczna. S. 18.

22 Smith D. The Rise of Historical Sociology. Oxford, 1991. P. 2.

23 Gellner E. Plough, Sword and Book: The Structure of Human History. Glasgow, 1988; Hall J.A. Powers and Liberties: The Causes and Consequences of the Rise of the West. Oxford, 1985; Mann M. The Sources of Social Power. vol. 1. New York, 1986, vol. 2. New York, 1993.

24 Collins R. Three Sociological Traditions. Oxford, 1985. P. 107.

25 Turner J.H., Turner S. Socjologia amerykaсska w poszukiwaniu toїsamoњci. S. 180.

26 Ennis J.G. The Social Organization of Sociological Knowledge: Modeling the Intersection of Specialties. P. 259—265.

27 Pomorski J. Historyk i metodologia. Lublin, 1991. S. 105 – 106.

28 North D.C. Growth and Welfare in the American Past: A New Economic History. Englewood Cliffs, 1966. P. VII, цыт. па: Pomorski J. Historyk i metodologia. S. 106.

29 Гл.: Pomorski J. Paradygmat „New Economic History“: Studium z teorii rozwoju nauki historycznej. Lublin, 1985. Пра новую грамадскую квантытацыйную гісторыю гл.: Kammen M. (ed.) The Past Before Us: Contemporary Historical Writing in the United States. Ithaca, 1980. Раздзел 18, 19.

30 Аб месцы тэорыі і колькасных метадаў у family history гл.: Laslett B. Beyond Methodology: The Place of Theory in Quantitative Historical Research // American Sociological Review. vol. 45 (1980). P. 214—228.

31 Topolski J. Teoria wiedzy historycznej. S. 69, 95, 105; Pomorski J. Historyk i metodologia. S. 5, 99—105.

32 Callinicos A. Making History: Agency, Structure and Change in Social Theory. P. 23.

33 Thrupp S. L. Diachronic Methods in Comparative Politics // Holt R.T., Turner J.E. (ed.) The Methodology of Comparative Research. New York, 1970. P. 357.

34 Wright Mills C. The Sociological Imagination. P. 146.

35 Abrams P. Historical Sociology. New York, 1980. P. IX, 300; Giddens A. The Constitution of Society: Outline of the Theory of Structuration. Cambridge, 1984. P. 230.

36 Abrams P. Historical Sociology. P. 187.

37 Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. P. 19; Stinchcombe A. Theoretical Methods in Social History. New York, 1978. P. 1; Homan G.C. Рэц. на: Stinchcomba A. // Theory and Society. vol. 12 (1983). P. 682.

38 Гл.: Skocpol T. (ed.) Vision and Method. Раздзел 11; Kalberg S. Max Weber’s Comparative Historical Sociology. Cambridge, 1994. P. 4.

39 Smelser N. Social Change in the Industrial Revolution: An Application of Theory to the British Cotton Industry. New York, 1959; Lenski G. Power and Priviledge: A Theory of Social Stratification. New York, 1966.

40 Wallerstein I. The Modern World System. Vol. 1. Capitalist Agriculture and the European World–Economy in the XVIth Century. New York, 1974, vol. 2 Mercantilism and the Consolidation of the European World–Economy, 1600—1750. New York, 1980, vol. 3. The Second Era of Great Expansion of the Capitalist World–Economy, 1730—1840’s. New York, 1989.

41 Bendix R. Nation–Building and Citizenship; idem. Kings or People: Power and the Mandate to Rule. New York, 1978; Tilly C. The Contentious French. Cambridge, 1986; Bonnell V. Roots of Rebellion: Workers Politics and Organizations in St.Petersburg. New York, 1982; Mann M. The Sources of Social Power. Vol. 1—2.

42 Skocpol T. (ed.) Vision and Method. P. 385; Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry // Comparative Study of Society and History. vol. 22 (April 1980). Nr. 2. P. 193—194.

43 Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry. P. 190—196; Skocpol T. (ed.) Vision and Method in Historical Sociology. P. 380—386.

44 Гл.: Tilly C. Big Structures, Large Processes, Huge Comparisons. New York, 1984. Раздзел 5—8.

45 Тамсама. P. 97—115.

46 Тамсама. P. 125—126, 147.

47 Пар. з: Skocpol T., Somers M. The Uses of Comparative History in Macrosocial Inquiry. P. 174—197; таксама McMichael P. Incorporating Comparison within a World–historical Perspective: An Alternative Comparative Method // American Sociological Review. vol. 55 (June 1990). P. 385—397.

48 Badie B. Comparative Analysis and Historical Sociology // International Social Science Journal. Nr. 133 (August 1992). P. 321.

49 Vallier I. (ed.) Comparative Methods in Sociology: Essays on Trends and Applications. Berkeley, 1971. P. 272.

50 Tilly C. Tkacze, kopacze i egzegeci w historii spoіecznej // Historyka. 1989. T. XIX. S. 40.

51 Sztompka P. Conceptual Frameworks in Comparative Inquiry // International Sociology. 1988. Nr. 3. P. 207—218.

52 Kolasa–Nowak A. Socjolog w badaniu przeszіoњci. Koncepcja socjologii historycznej Charlesa Tilly’ego. Lublin, 2001.

53 Wallerstein I. The Modern World System. Vol. 1—3; Hopkins T.K. World–System Analysis: Methodological Issues // Hockney Kaplan B. (ed.) Social Change in the Capitalist World–Economy. Beverly Hills, 1978. P.199—218; Chirot D., Hall T.D. World–System Theory // Annual Review of Sociology. vol.8 (1982). P. 81—106.

54 Badie B. Comparative Analysis and Historical Sociology. P. 326—327.

55 Sztompka P. Conceptual Frameworks in Comparative Inquiry. P. 216.

56 Гл.: McMichael P. Incorporating Comparison within a World–historical Prespective: An Alternative Comparative Method. P. 385—397; idem. Rethinking Comparative Analysis in a Post–developmentalist Context // International Social Science Journal. Nr. 133 (August 1992). P. 351—362.

57 Гл.: Ragin С., Zaret D. Theory and Method in Comparative Research: Two Strategies // Social Forces. vol. 61 (1983). P. 731; Ragin С. Comparative Sociology and the Comparative Method // International Journal of Comparative Sociology. vol. XXII (1981). Nr. 1—2. P. 102—120; idem. Comparative Method: Moving Beyond Qualitative and Quantitative Strategies. Berkeley, 1987. P. VIII, 3—32; idem. New Directions in Comparative Research; Kohn M. (ed.), Cross–National Research in Sociology. Newbury Park, 1989. P. 57—75.

58 Гл.: Ragin С., Zaret D. Theory and Method in Comparative Research: Two Strategies // Social Forces. vol. 61 (1983). P. 731; Ragin С. Comparative Sociology and the Comparative Method // International Journal of Comparative Sociology. vol. XXII (1981). Nr. 1—2. P. 102—120; idem. Comparative Method: Moving Beyond Qualitative and Quantitative Strategies. Berkeley, 1987. P. VIII, 3—32; idem. New Directions in Comparative Research; Kohn M. (ed.). Cross–National Research in Sociology. Newbury Park, 1989. P. 57—75.

 

змест