Беларуская  археаграфія  на  новым  этапе*

Ганна Харашкевіч

Пра „беларускую“ археаграфію пасля працы М. Улашчыка1 можна гаварыць толькі з 20–х г. мінулага стагоддзя, калі справай выдання крыніц па гісторыі Беларусі сталі займацца гісторыкі гэтай краіны. Перадумовы для нацыянальнай археаграфіч­най школы былі створаны яшчэ да 1917 г. Першым археографам, які пакінуў заўважны след у вывучэнні матэрыялаў Літоўскай метрыкі, выступіў С. Шамбінага (разам з М. Беражковым ён займаўся апісаннем найбольш старажытных кніг запісаў Літоўскай метрыкі2). Менавіта гэтыя гісторыкі ўвялі ў зварот шмат якія азначэнні актаў і дакументаў, што сцвердзі­ліся ў сучаснай дыпламатыцы Вялікага Княства Літоўскага.

Публікацыя Дз. Даўгялы 1928 г. была адзінай на працягу ўсяго савецкага перыяду існавання і Беларусі, і краіны, у якую яна ўваходзіла — Савецкага Саюза. У адпаведнасці з узроўнем дыпламатыкі і археаграфіі свайго часу Дз. Даўгяла даў агульную характарыстыку 8–й кнігі судовых справаў і ўнесеных у яе дакументаў. Кніга была цалкам прысвечана адной з беларускіх земляў — Полацкай — і разам з шматлікімі апісаннямі межаў Полацкай зямлі, зробленымі пад час дыпламатычных перамоваў прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства 1570 г., дала надзейны матэрыял для меркавання пра некаторыя карэнныя пытанні сацыяльнага, эканамічнага і часткова палітычнага развіцця гэтай зямлі.

Аднак серыя „Беларускі архіў“, у якую была ўключана і публікацыя кнігі судовых справаў ЛМ, ва ўмовах пачатага „антынацыяналістычнага“ тэрору савецкай улады працягу не мела. Гісторыкі загінулі ў  ГУЛАГу, публікатарская дзейнасць замёрла надоўга. Толькі пасля вайны з’явілася выданне тэндэнцыйна падабраных дакументаў пра расійска–беларускія дачыненні XVII ст., выкананае Абэцэдарскім. Зборнік Абэцэдарскага, як і ўсе выданні пра нацыянальныя адносіны, ажыццёўленыя пад сцягам „антыкасмапалітызму“, быў просталінейны і пазбаўлены атма­сферы рэальнага жыцця з яго супярэчлівымі тэндэнцыямі і плынямі. З археаграфічнага пункту погляду зборнік не ўяўляў цікавасці. Складальнік не абцяжарваў сябе пошукам адэкватных паняццяў для характарыстыкі розных дакументаў, тэксты былі пададзены ў спрошчанай транскрыпцыі, поле іх пошуку звужана да ЦДАСА.

Аднак пасля гэтага зноў надышоў перапынак, на гэты раз ён, здаецца, не суправаджаўся маштабам такога тэрору супраць саміх вучоных, як у канцы 20 — пачатку 30–х г. Тым не менш, найлепшыя ўсё ж пацярпелі. Сярод іх быў і М. Улашчык. Пасля вяртання з трэцяй высылкі ён змог абагульніць досвед папярэдняй археаграфіі гісторыі Беларусі.

Спроба У. Пашуты доказамі ад гісторыі змацаваць распад на асобныя фрагменты цела „адзінага і магутнага Савецкага Саюза“ не знайшла падтрымкі ў афіцыйных акадэмічных колах. Калі манаграфія, прысвечаная старажытнарускім традыцыям і лёсу ўсходняга славянства, была апублікаваная, то другое пачынанне пад яго эгідай — калектыўнае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі вучонымі Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны і Беларусі — было асуджана на пагібель. Сваю ролю выканаў і трывала замацаваны ў свядомасці акадэмічных вучоных страх перад праявамі „нацыяналізму“ (бо гутарка ішла пра гісторыю дзяржавы, што спаборнічала ў Сярэднія вякі і ў пачатку Новага часу з Расійскім царствам і Расійскай імперыяй), і палітычнае стано­віш­ча, якое несла сур’ёзны крызіс сацыялістычнай сістэмы ў Еўропе (Салідарнасць у Польшчы прадэманстравала размах антысацыялістычнага і антысавецкага руху). 

Ні маскоўскія3, ні ўкраінскія, ні беларускія афіцыйныя акадэмічныя колы не ўспрынялі савецка–польскай дамовы пра сумеснае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі як кіраўніцтва да дзеяння. Падрыхтаваны В. Мянжынскім першы з беларускай серыі том Літоўскай метрыкі з цяжкасцю знайшоў выдаўца, і то за межамі Акадэміі навук Беларусі4. Ён праклаў шлях падобным заняткам у незалежнай Беларусі. І ў 2001 г. з’явіўся другі том, праўда, зноў пад грыфам не АНБ, а Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пры фінансавай падтрымцы Гарадзенскага абласнога аб’яднання маладых вучоных. Паколькі зайшла гутарка пра гэтую ўстанову, варта сказаць пра яе хоць некалькі слоў. Гародня дзякуючы намаганням Дз. Карава стала сапраўдным цэнтрам беларусазнаўства ў межах самой краіны, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і за яе межамі. У серыі „Наш радавод“ выйшла ўжо 8 тамоў, дзе змешчаны даследаванні па археаграфіі і крыніцазнаўстве айчынных і замежных даследчыкаў.

У 2001 г. была апублікавана 44–я кніга запісаў, дакументы якой прысвечаны пераломнаму ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы пачатковаму перыяду Лівонскай вайны — 1559—1566 г. Дазволім сабе не пагадзіцца з выдаўцом А.Грушам, які ў анатацыі адрасуе сваё выданне „ўсім тым, хто цікавіц­ца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі“. Ён занадта сціпла ацэньвае значэнне 44 дакументаў, якія ўваходзяць у кнігу. Без іх немагчыма вывучэнне мінулага ні Расійскага царства, ні Рэчы Паспалітай, ні Латвіі, ні Еўропы ў цэлым. Можна спадзявацца, што на гэты пралік выдаўца звернуць увагу і іншыя рэцэнзенты з сумежных і несумежных з Беларуссю еўрапейскіх і іншых краін.

Задача дадзенай рэцэнзіі значна вузейшая — падысці да выдання 44–й кнігі запісаў з пункту погляду патрабаванняў сучаснай археаграфіі. Нельга адмаўляць таго, што гэтыя па­трабаванні бываюць рознымі: расійская археаграфічная школа — максімалісцкая па сваім характары (яе каноны распрацоўваюцца пераважна С.Каштанавым5), заходняя ў цэлым адпавядае ўзроўню расій­скай археаграфіі пачатку ХХ ст.6

Адзначым адразу, што выданне А.Грушы па тыпе найбольш блізкае да выданняў „Актов Русского государства ХVI в.“, „Актов Российского государства XVI в.“7. Сам склад тома нагадвае названыя тамы. У аб’ёмных уводзінах чытач знойдзе характарыстыку, праўда, вельмі кароткую, змешчаных у кнізе дакументаў, падрабязнае палеаграфічнае апісанне рукапісу з пазначэннем дакументаў, перапісаных трыма пісцамі, узоры почыркаў якіх пададзены ў дадатках, суадносінамі чатырох розных пагінацый канца XVI— 50–х г. ХХ ст. (што вельмі зручна для даследчыкаў, якія будуць карыстацца працамі класікаў беларусазнаўства ХIХ— пачатку ХХ ст.), вылучэнне асобных дакументаў па гісторыі некалькіх родаў ВКЛ, у тым ліку і роду Корсакаў. Тут жа выдавец выкладае свае ўяўленні наконт паходжання кнігі–копіі. Ён зыходзіць з меркавання, што кніга–копія ўзнаўляе цэлую арыгінальную кнігу пісара і земскага падскарбія Астафія Багданавіча Валовіча. Шкада толькі, што А.Груша не звязаў храналагічнае размеркаванне дакументаў 1561—1562, 1563 і 1566 г. з рэальнымі фактамі біяграфіі пісара, каралеўскім ітынерарыем і паездкамі самога пісара, абмежаваўшыся агульнай заўвагай, што Валовіч рэдка пакідаў краіну ў час доўгіх ад’ездаў караля (XXV).

Правілы перадачы тэкстаў крыху адрозніваюцца ад прынятых літоўскімі калегамі і рэкамендаваных расійскімі ў 1985 г. Аднак па дакладнасці перадачы тэкстаў выданне А.Грушы, бадай, пераўзыходзіць усе папярэднія. Крыху нязвычны, ды і ня­зручны для чытання выгляд „рваных“ слоў у тэксце, калі лічбавымі пазначэннямі вылучаецца адна ці дзве літары ў слове і менавіта да гэтай літары даецца палеаграфічная заўвага. Больш мэтазгодна ў заўвазе расказаць пра асаблівасці напісання слова, захоўваючы яго цэласнасць у тэксце. Незразумелая прычына адмовы ад літарнага пазначэння палеаграфічных заўваг і выкарыстання ў іх курсіву, які ўжываецца ва ўсім свеце для такіх заўваг. Залішнім здаецца ўзнаўленне кустодый.

Публікацыя 44–й кнігі запісаў Літоўскай меторыкі мае і іншае падабенства з названымі выданнямі рускіх сярэднявечных актаў, ажыццёўленымі ў савецкі і постсавецкі час. Маем на ўвазе забеспячэнне дакументаў складальніцкімі загалоўкамі. Паколькі кнігі–копіі Літоўскай метрыкі ўжо маюць загалоўкі, якія ўзыхо­дзяць да часу іх перапіскі, г. зн. да канца XVI ст., то літоўскія калегі адмові­ліся ад складальніцкіх загалоўкаў. Мяркуем, не зусім правамоцна, бо ўяўленні капііста XVI ст. пра дыпламатыку разыходзяцца з сучаснымі. Асэнсаванне ж формы і зместу дакументаў — гэта, на нашу думку, інструмент і шлях да спазнання сярэднявечнага грамадства. Таму, у цэлым падтрымліваючы ідэю ўключэння ў выданне складальніцкіх загалоўкаў, не магу ўстрымацца ад невялікага папроку А.Грушу. На наш погляд, выдавец неда­статкова закрануў пытанні дыпламатыкі і вызначэнні тыпу і разнавіднасці дакументаў, якія ў 1988 г., на апошняй канферэнцыі па гісторыі ЛМ, вы­клікалі вельмі вострыя спрэчкі і справядлівыя папрокі на адрас маскоўскіх складальнікаў „Метадычных рэкамендацый“ 1985 г., перш за ўсё на адрас цяперашняга рэцэнзента.

У цэлым можна пагадзіцца з прапанаванай выдаўцом класі­фікацыяй, якая, на наш погляд, уяўляе крок наперад параў­нальна з прапанаванай намі ў 1985 г. Аднак суадносіны з анала­гічнай класіфікацыяй К. Яблонскіса застаюцца ў выкладанні выдаўца цьмянымі. Ёсць і прыватныя пытанні: незразумела, чаму ў спісе разнавіднасцяў дакументаў пазначаны толькі 17 (c.17), а ў загалоўках іх крыху больш. Пра некаторую няўпэўненасць складальніка ў прапанаванай ім класіфікацыі сведчыць разнабой у вызначэнні разнавіднасцяў дакументаў. У паказальнік унесены 126 нумароў, а ў самой публікацыі толькі 106 дакументаў, якія знахо­дзяцца ў 44–й кнізе–копіі, плюс два дакументы–копіі, якія захоў­ваюц­ца ў Нацыяльнальным архіве Беларусі. Гэты разнабой адбыўся таму, што некаторыя, вылучаныя ў якасці асаблівай разнавіднасці, дакументы залічаны і ў гэтай асаблівай якасці і занесены ў агульную рубрыку „листы“ (так, сярод „листов“ двойчы згаданы „известительные окружные“ — №№ 16, 36, „данный уставной“ № 9, „ввязчие“ №№ 1—6, 10, 63, 80, 83). Аднак паслядоўнасці тут няма — частка „известительных окружных“ у лік „листов“ не трапіла (№№ 34, 43, 59, 72), як і адзін „данный уставной“ №53 і некалькі „ввязчих“ №№ 22, 25, 94, — і ўсё гэта без вытлумачэння прычын.

Вызначэнне некаторых разнавіднасцяў да таго ж выклікае сумненне. Так, вылучаюцца „данины“ ад імя ваяводаў, якія мелі сілу „до воли и ласки господарской“, яны адрозніваюцца ад па­цвярджальных караля і вялікага князя і яго ж прывілеяў, аднак тэрмінам „данина“ яшчэ ў першай палове XVI ст., мяркуючы па 6–й кнізе запісаў, пазначаліся і ўсе каралеўскія прывілеі.

Што да навукова–даведачнага апарата, то яго разнастайнасць і якасць можа задаволіць, спадзяюся, амаль кожнага чытача. Гэта слоўнік, каментары, табліца суадносінаў старых і новых шыфраў рукапісу, спіс копій дакументаў, змешчаных у кнізе. З іх толькі копіі двух дакументаў апублікаваны ў дадатку. Выданне мае так­сама спіс папярэдніх публікацый і спасылак на дакументы кнігі–копіі № 44. За гэтым спісам змешчаны храналагічны пералік дакументаў, паказальнікі — імянны і геаграфічны. Такім чынам, можна сказаць, што гэтае выданне па паўнаце навукова–даведачнага апарату можа прэтэндаваць на першае месца сярод усіх публікацый Літоўскай метрыкі канца ХХ— пачатку ХХI ст.

Спынімся падрабязней на некаторых частках гэтага апарату.

Тлумачальны слоўнік улічвае ўсе асноўныя дасягненні гісторыкаў і лінгвістаў у гэтай сферы. Можна выказаць толькі шкадаванне, што пераклад даецца, як і ў папярэднім, мінскім, томе Літоўскай метрыкі, толькі на беларускую мову. Рускамоўнаму чытачу, верагодна, можа не хапаць тлумачэння такіх слоў і словазлучэнняў, як вепрь кормный (№80), вгеръский золотый (№67), закло (№109), лой (№107), сажавки (№114), татарка (№67), шпекг (№67). У каментарах тлумачацца спасылкі на розныя па­дзеі, падаюцца імёны асобаў, названых толькі па займаных пасадах, ёсць бія­графічныя дадзеныя розных асобаў, уда­кладняецца месцазнаходжанне тых або іншых пунктаў, праводзіцца параў­нанне спісаў пінскіх мяшчан, прыведзеных у аднатыпных дакументах 1562 і 1563 г. (44, 71—73).

На заканчэнне хацелася б яшчэ паўтарыць сцвяр­джэнне, вынесенае ў загаловак рэцэнзіі. З публікацыяй 44–й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі беларуская археаграфія не толькі зрабі­ла вялікі крок наперад параўнальна з дарэвалюцыйнымі выданнямі, але і ўзняла планку патрабаванняў да сучасных археографаў, якія займаюцца ўвядзеннем ў зварот не толькі кніг–копій Літоўскай метрыкі, але і помнікаў рускага і польскага Сярэднявечча.

 

* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559—1566)/ Падрыхт. А.І.Груша). Мінск, 2001. 229.

 

1 Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973.

2  Книги Литовской метрики / Сост. Н.Г. Бережков и С.К. Шамбинаго //Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Москва, 1915. Кн. 21.

3 Сярод якіх пасля смерці Ў.Пашуты першую скрыпку ў пахаванні яго пачынанняў выконваў злы геній расійскай медыявістыкі — намеснік, а пазней дырэктар інстытута (што паслядоўна называўся Інстытутам гісторыі СССР, потым Інстытутам расійскай гісторый) А.Сахараў.

4 Метрыка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Архiў Канцылярыi вялiкага Князя Лiтоўскага. Кнiга 28. (1522—1552). Кнiга запicаў 28 (Копiя канца XVI ст.). Менск, 2000.

5 Падрабязней гл.: Список печатных трудов Каштанова С.М. / Сост. Г.А. и О.И. Елисеевы, Л.В. Столярова, О.И. Хоруженко // У источника. Сборник статей в честь члена–корреспондента  Российской Академии наук Сергея Михайловича Каштанова. Москва, 1997. Ч. 1. С. 26—59.

6 Гэты ўзровень цягам апошняй трэці ХХ ст. вызначаўся ў асноўным рукапіснымі „Методическими рекомендациями по изданию „Актов Русского государства“ С.М. Каштанава, якія пабачылі свет толькі ў 1998 г. Гл.: Каштанов С.М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 143—232

7 Акты Русского государства. Москва, 1975; Акты Российского государства. Москва, 1999. Пра іх гл.: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты... Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история. 2000. № 5. С. 127—138.

 

змест