Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics, and Implications for the West. Edited by Margarita M.Balmaceda, James I.Clem, Lisbeth L.Tarlow. Harvard Ukrainian Research Institute and Davis Center for Russian Studies. Cambridge, Mass., 2002. 483.

 

Калектыўная манаграфія, падрыхтаваная гарвардскімі Цэнтрам украінскіх даследаванняў і Цэнтрам Дэвіса па вывучэнні Расіі, была выдадзеная з дапамогай Фундацыі Сміта Рычардсана. Кніга складаецца з уступу рэдактараў, чатырох (умоўна вызначаных рэдактарамі) рознавялікіх раздзелаў:  „Унутраная палітыка“  (21—108), „Беларуская эканоміка“ (109—196), „Расія і Беларусь: узаемаўспрыманне і ўзаемаўплывы“ (197—255), „Беларусь і еўрапейская бяспека“ (256—458); у Дадатку змешчаны тэкст „Хартыі–97“ (на беларускай і англійскай мовах) і Паказальнік стрыжнявых паняццяў ды імёнаў, што згадваюцца ў тэксце.

Ва Ўступе рэдактары манаграфіі, у прыватнасці, сцвярджаюць: „Беларускі досвед як выключэнне з агульнай больш тыповай рэгіянальнай тэндэнцыі руху ў кірунку рэформаў прапаноўвае каштоўную магчымасць зрабіць аналіз таго выпадку, калі дэмакратыя ў постсавецкім кантэксце церпіць паразу. Параўноўваючы беларускі досвед з іншым, можна даць ацэнку слабасці беларускае нацыянальнае самаідэнтычнасці, а таксама ахарактарызаваць індывідуальную ролю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Разуменне ступені выключнасці беларускай сітуа­цыі вельмі істотнае для ацэнкі верагоднасці таго, што сцэнар развіцця беларускай сітуацыі можа паўтарыцца ў суседніх з ёй краінах“ (5). Далей аўтары Ўступу ўводзяць чытача ў гісторыю палітычнага жыцця Беларусі з часу ўзнаўлення яе незалежнасці ў 1991 г., падкрэсліваючы, у прыватнасці, што на пачатку 90–х г. „апазіцыя Беларускага Народнага Фронту заставалася невялікай групай інтэлектуалаў, а беларуская дзяржава стваралася і была кіраваная тымі самымі камуністычнымі кіраўнікамі, што яшчэ за год перад абвяшчэннем незалежнасці былі яе праціўнікамі“ (6). Асноўныя раздзелы кнігі пачынаюцца артыкулам кіраўніка Цэнтра Дэвіса па вывучэнні Расіі Тыматы Дж. Колтана (Timothy J.Colton) пад назвай“Беларуская грамадская думка і саюз з Расі­яй“. Аўтар разважае пра неадназначныя і часта ўзаемавыключальныя вынікі грамадскіх апытанняў, што цягам апошніх гадоў праводзіліся сярод беларусаў па пытанні незалежнасці краіны і саюзу Беларусі з Расійскай Федэрацыяй (у мана­графіі найчасцей цытуюцца звесткі па выніках сацыялагічных апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльных, эканамічных і палітычных даследаванняў). Робячы высновы, Т.Дж.Колтан падкрэслівае, што „дзесяць мільёнаў беларусаў будуць шчаслівейшыя, маючы аўтаномнае грамадства і свабоду выбару ў пабудове мастоў супрацоўніцтва з Усходам або з Захадам, чым калі б яны былі прыдаткам да новай Расіі“ (51—52). Разам з тым, аўтар гэтага падраздзела за­значае абмежаванасць заходніх уплываў на стан свядомасці бальшыні жыхарства Беларусі, у т.л. на інфармаванасць беларусаў пра падзеі ўнутранага і міжнароднага жыцця. У наступным падраздзеле канадскі гісторык Дэвід Р.Марплс (David R.Marples) і беларускі палітпсіхолаг Уладзімір Падгол разглядаюць гісторыю, патэнцыял і перспектывы дзейнасці беларускай палітычнай апазіцыі, у цэлым адмаўляючы песімістычныя прагнозы наконт яе будучыні. Матэрыял „Феномен Лукашэнкі“ напісаны добравядомым у Беларусі нямецкім гісторыкам Райнэрам Лінднэрам (Rainer Lindner), які чарговы раз дэманструе сваю добрую аба­знанасць у падзеях найноўшай беларускай палітычнай гісторыі і разам з тым, на наш погляд, пераацэньвае магчымасці пашырэння эканамічнага супрацоў­ніц­тва Захаду з Беларуссю пры сённяшнім беларускім рэжыме. Патрысія Брукоф (Patricia Brukoff) у наступным падраздзеле манаграфіі выказвае вялікі сумнеў наконт магчымасці беларускай эканомікі ў перспектыве забяспечваць адносную стабільнасць сённяшніх жыццёвых стандартаў. Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў, у сваю чаргу, аналізуе магчымасці развіцця прыватнага сектара ў сучаснай эканоміцы Беларусі і пашырэння ўплыву сярэдняга класа на палітычную сітуацыю і  змены, што маюць адбыцца. Гэты падраз­дзел кнігі цікавы падборам табліц вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных НІСЭПД  па пытаннях стаўлення насельніцтва Беларусі (і паасобных беларускіх рэгіёнаў) да формаў уласнасці, да іншых эканамічных, сацыяльных і маральных каштоўнасцяў, высвятлення прычын таго або іншага стаўлення рэспандэнтаў да сённяшняй улады і персанальна да А.Лукашэнкі. Маргарыта Бальмасэда (Margarita M.Balmaceda) у наступнай частцы першага раздзела разглядае пытанне ўнутранай ды знешняй палітыкі Беларусі як транзітнай краіны ў кантэксце яе асаблівага геапалітычнага становішча, зазначаючы, у прыватнасці,  што сёння плённаму выкарыстанню выгодаў ад спрыяльнага транзітнага становішча Беларусі перашкаджае „нестабільнасць яе дачыненняў з заходнімі краінамі–суседзямі“ (195).

Даследчык з Інстытута Еўропы Аркадзь Мошас (Arkady Moshes) аналізуе ролю Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай палітыцы. Высновы гэтага аўтара супадаюць з высновамі шмат якіх беларускіх палітолагаў: першасным  для А.Лукшэнкі ёсць пытанне яго асабістай улады, а ўся астатняя дзейнасць, у т.л. па прасоўванні інтэграцыі з Расіяй, падпарадкаваная задачы захавання і ўзмацнення гэтай улады. Колішні беларускі дыпламат Андрэй Саннікаў робіць спробу аналізу эвалюцыі стаўлення Масквы да Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліваючы, што за пуцінскім часам яно набыло больш прагматычныя рысы. Гістарычны экскурс у дачыненні да пытання беларуска–расійскай інтэграцыі на постсавецкай прасторы робяць беларускі журналіст Юры Дракахруст і  расійскі палітолаг Дзмітры Фурман. Выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў інстытута кіравання імя Дж. Ф. Кенэды пры Гарвардскім універсітэце Джон Рэперт (John C.Reppert)  прысвяціў свой падраздзел манаграфіі разгляду ролі фактару бяспекі ў гістарычным развіцці Беларусі ў недалёкім мінулым і ў агляднай будучыні. На яго думку, актывізацыя палітыкі НАТО ў справе пашырэння на ўсход пад­штурхоўвае Беларусь і Расію да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, а пры пэўных акалічнасцях да гэтага супрацоўніцтва магла б далучыцца і Ўкраіна; але ўцягванне Беларусі ў дзеянні ў „гарачых кропках“ на постсавецкай прасторы, наадварот, мусіла б прывесці да больш актыўнага павароту Ўкраіны ў бок НАТО. Нямецкія даследчыцы Астрыд Зам (Astrid Sahm) і  Кірстэн Вэстфаль (Kirsten Westphal) падрабязна асвятляюць гісторыю беларускага  ўдзелу ў рэалізацыі праекта газа­правода „Ямал—Еўропа“, у прыватнасці, палітычнай заангажаванасці ўрада В.Чарнамырдзіна і кіраўніцтва расійскага „Газ­прома“ пад час палітычнага крызісу ў Беларусі, звязанага з правядзеннем рэферэндуму 1996 г.

Кіраўнік Ваеннага аддзела Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў ва Ўкраіне Рыгор Перапяліца (Григорій Перепелиця) аналізуе беларускі чыннік у еўрапейскай палітыцы Ўкраіны. Ён акцэнтуе ўвагу на сённяшніх „супрацьлеглых геапалітычных арыентацыях Украіны і Беларусі“ і бачыць у гэтым прычыну „адноснага ізаляцыянізму“ ва ўзаемадачыненнях абедзвюх краін. Найлепшай жа доўгатэрміновай альтэрнатывай сённяшнім інтэграцыйным сцэнарыям для абедзвюх краін аўтар падраздзела бачыць ажыццяўленне стратэгіі субрэгіянальнага супрацоўніцтва, паяднанне высілкаў Украіны і Беларусі з высілкамі суседніх краін — Літвы, Польшчы, Турцыі і інш.

У сваю чаргу, Альгімантас Грыцюс (Algimantas Gricius) вядзе гаворку пра „розныя шляхі“, якімі Літва і Беларусь ішлі цягам апошніх дзесяці гадоў, а Агнешка Магдзяк–Мішэўска (Agnieszka Magdziak–Miszewska) гаворыць пра Беларусь як пра „дзіўнага суседа“ Польшчы. Артыкул колішняга кіраўніка Кансультацыйна–назіральнай групы АБСЕ ў Беларусі Ганса–Геарга Віка (Hans–Georg Wieck) прысвечаны ролі міжнародных арганізацый у сучаснай Беларусі. Нямецкі дыпламат паказвае сваю ўвогуле неблагую абазнанасць у найважнейшых падзеях і працэсах старадаўняй, новай і найноўшай гісторыі Беларусі, выкладае гісторыю стварэння і дзейнасці місіі АБСЕ ў Беларусі, у т.л. у арга­нізацыі дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, робіць аналіз прычын безвыніковасці гэткіх намаганняў, а таксама абмежаванасці ўплыву міжнародных арганізацый на ўнутраную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Прафесар Мічыганскага універсітэта Шэрман Гарнэт (Sherman Garnett) разважае пра палітычную дылему ў трактоўцы Беларусі Злучанымі Штатамі ды іх саюзнікамі: з аднаго боку, яны ўсведамляюць геапалітычную ролю краіны для забеспячэння стабільнасці аб’яднанай Еўропы, з іншага боку, бачаць надзвычайную складанасць сённяшняга руху Беларусі да дэмакратыі ды рынкавай эканомікі. Аўтар падраздзела прапануе ў цэлым вядомыя рэчы: пераадолець ізаляцыю Беларусі ў галіне бяспекі, заахвочваць развіццё рэгіянальных ініцыятыў з удзелам Беларусі, далучаць Расію да стымулявання рэформаў у Беларусі, спрыяць выбару Беларусі на карысць Еўропы, больш актыўна падтрымліваць развіццё грамадзянскай супольнасці. Элен Канкевіч (Elaine M.Conkievich) аналізуе сучасны стан „трэцяга сектара“ ў Беларусі, вызначае яго моцныя і слабыя бакі, аналізуе прычыны найважнейшых цяжкасцяў у развіцці няўрадавых арганізацый, падкрэслівае неабходнасць падтрымкі міжнародных фундацый для беларускіх арганізацый сапраўды няўрадавага характару. Тэму працягвае Кэрын Ўайлд (Caryn Wilde), якая акцэнтуе асаблівую ўвагу на гісторыі развіцця беларускіх няўрадавых арганізацый і вызначае прынцыпы падтрымкі дзейнасці такіх арганізацый у будучыні.

Хоць калектыўная манаграфія „Незалежная Беларусь“, магчыма, не ўтрымлівае якой–небудзь звышновай або сенсацыйнай інфармацыі для падрыхтаванага беларускага чытача, яна цікавая, на наш погляд, ужо самой колькасцю суаўтараў, якія даследуюць праблемы найноўшай беларускай гісторыі і выказваюцца па іх. Гэта сведчыць, напэўна, пра тое, што беларуская праблематыка перастае быць экзатычнай і незвычайнай у заходніх цэнтрах сучасных гістарычных, палітычных і эканамічных даследаванняў.

Мiнск
Лявон Баршчэўскі

 

змест