Remy, Johannes. Higher Education and National Identity. Polish Student Activism in Russia 1832—1863. Helsinki, 2000. 380.

 

Кніга Ёганэса Рэмі, прысвечаная праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці і складванню нацыянальнай самасвядомасці так званых „польскіх“ студэнтаў у расійскіх універсітэтах, стала вынікам грунтоўных даследаванняў архіўных матэрыялаў Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, пра што сведчыць спіс выкарыстаных крыніц. Як вядома, у рэчышчы рэпрэсіўных захадаў расій­скага ўрада пасля паўстання 1830—1831 г. адбылося закрыццё ўсіх „польскіх“ вышэйшых навучальных установаў, сярод якіх універсітэты ў Варшаве і Вільні, а таксама ліцэй у Крамянцы. У выніку, на тэрыторыі, заселенай палякамі (маюцца на ўвазе заходнія губерні Расійскай імперыі), не засталося свецкіх вышэйшых навучальных установаў, і гэтае становішча захоўвалася да 1848 г., калі быў адкрыты Горы–Горацкі Земляробчы інстытут.

Такім чынам, паміж 1832 і 1862 г. маладыя палякі атрым­лівалі вышэйшую адукацыю ў расійскіх універсітэтах. Стаўленне расійскага ўрада да польскіх студэнтаў было даволі пераменлівым, але стабільна падазроным. Так, у 1830—1840–х г. улады спрыялі таму, каб польскія студэнты вучыліся ў расійскіх універсітэтах, у спадзяванні, што навучанне ў Расіі дапаможа стварыць новую русіфікаваную польскую інтэлігенцыю. Аднак потым сталі нарастаць антыпольскія настроі, якія дасягнулі найвышэйшай ступені напрыканцы царавання Мікалая I. З прыходам на трон Аляксандра II распачаўся ліберальны перыяд, які скончыўся паўстаннем 1863 г.

Польскія студэнты прынеслі ў расійскія універсітэты традыцыі студэнцкіх тайных таварыстваў кшталту варшаўскіх або віленскіх перыяду 1810—1820 г. У 1838 г. такія тайныя таварыствы былі раскрыты ва універсітэтах Кіева, Дэрпта (цяпер Тарту) і Віленскай медыцынскай акадэміі. Нягледзячы на жорсткую палітыку царскага ўрада, у другой палове 1850–х г. студэнцкая актыўнасць дасягнула велізарнай інтэнсіўнасці, а ў 1861—1863 г. універсітэты ўжо былі ахоплены масавымі хваляваннямі.

Ёганэс Рэмі ў сваёй манаграфіі, якая ахоплівае час з 1832 да 1864 г. і грунтуецца на архіўных матэрыялах універсітэтаў Масквы, Санкт–Пецярбурга, Кіева, Дэрпта, а таксама медыцынскіх акадэмій Санкт–Пецярбурга і Вільні, імкнецца даследаваць сам феномен навучання польскіх студэнтаў у Расійскай імперыі і іх палітычную актыўнасць. З прычыны цеснай узаемасувязі палітыкі расійскага ўрада і дзейнасці студэнтаў аўтар звяртаецца да разгляду двух галоўных аспектаў адзначанай праблемы: адукацыйнай і нацыянальнай палітыкі ўладаў і спецыфічных рысаў самой польскай супольнасці, з увагай да нацыянальных рухаў ды ідэяў, і таго, як яны былі перaнесены ў Расій­скія ўніверсітэты.

З мэтай усебаковага раскрыцця абранай тэмы Ёганэс Рэмі разглядае такія істотных моманты, як колькасць палякаў, што атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў Расійскай імперы, іх станавая прыналежнасць, крытэрыі вызначэння нацыянальнасці студэнтаў, характар і формы палітычнай дзейнасці польскіх студэнтаў, асабовыя характарыстыкі актывістаў студэнцкіх рухаў (іх сацыяльны статус, рэлігійная прыналежнасць, ідэі), асаблівасці ўзаемаадносінаў паміж польскімі студэнтамі ды іх расійскімі калегамі, і, нарэшце, характар і прычыны зменаў палітыкі царскага ўрада ў дачыненні да польскіх студэнтаў. Зварот да крытэрыяў вызначэння нацыянальнасці вымусіў аўтара аддаць асаблівую ўвагу студэнтам з Заходніх губерняў Расійскай імперыі, якія адрозніваліся ад этнічных палякаў мовай і канфесійнай прыналежнасцю. Даследаванне станавага і рэлігійнага паходжання студэнтаў былых польскіх тэрыторый дае магчымасць як прасачыць фармаванне ўласна польскай інтэлігенцыі, так і параўнаць яе з інтэлігенцыяй іншых нацыянальнасцяў рэгіёну.

Кніга добра структуравана і складаецца з 14 раздзелаў, вы­значаных згодна з храналагічна–тэматычным прынцыпам. У першым раздзеле „Польскі нацыянальны рух“ (с. 17—34) разглядаюцца тэарэтычныя падыходы да вывучэння нацыяналізму і нацыянальных рухаў. Вялікая ўвага аддаецца дзейнасці поль­скай эміграцыі пасля паўстання 1830—1831 г., стварэнню ў яе асяроддзі палітычных партый і груп, яе ўплыву на грамадства як Царства Польскага, так і Заходніх губерняў Расійскай імперыі. Не застаецца па–за ўвагай аўтара ўплыў на тагачасную поль­скую грамадскасць (асабліва на студэнтаў) паэзіі А. Міцкевіча, З. Красінскага і Ю. Славацкага, пры гэтым вызначаюцца асаблівасці рэгіянальнай папулярнасці аўтараў. Таксама ў гэтым раздзеле даецца агляд дзейнасці тайных таварыстваў, што ўзнікалі на тэрыторыі Царства Польскага і ў Заходніх губернях, ды іх сувязяў з міжнароднымі палітычнымі арганізацыямі і саюзамі.

Раздзел „Рускае і польскае пытанне“ (40—50) прысвечаны аналізу асабістага стаўлення Мікалая I да палякаў, расійскага нацыяналізму і агульных антыпольскіх настрояў у асяроддзі расійскіх чыноўнікаў ды інтэлігенцыі. Аўтар паказвае своеасаблівы механізм стварэння міфаў і стэрэатыпаў адносна Польшчы і палякаў. Тут жа даецца кароткі агляд асноўных пераўтварэнняў расійскага ўрада на тэрыторыях, далучаных да Расіі ў вы­ніку падзелаў Рэчы Паспалітай.

У раздзеле „Нацыянальнае абуджэнне ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў“ (50—56) аўтар даследуе фактары, што ўплы­ваюць на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці, і паказвае асаблівасці гэтага працэсу для кожнага народа.

Аналізуючы сістэму адукацыі ў Расійскай імперыі („Адукацыя і палітыка“, 56—65), аўтар разглядае яе заканадаўчую базу, дзейнасць афіцыйных урадавых структур, а таксама працэс укаранення ў сістэму адукацыі расійскага нацыяналізму. Рэмі паказвае сістэму кіравання універсітэтамі, характар дзейнасці органаў універсітэцкага самакіравання і асаблівасці статутаў.

У частцы „Адукацыйная палітыка ў рэгіёнах, населеных палякамі (1830—1837)“ (65—76) даецца агляд дзейнасці сістэмы адукацыі ў Заходніх губернях Расіі напярэдадні паўстання, а таксама наступнай адукацыйнай палітыкі царскага ўрада на гэтых землях як часткі агульнай палітыкі русіфікацыі.

У раздзеле „Палякі ў вышэйшай адукацыі“ (76—94) праводзіцца даследаванне сацыяльнага складу, нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці польскіх студэнтаў, іх размеркавання па факультэтах (для зручнасці падаецца шэраг зводных табліц). Разглядаюцца непасрэдна падзеі студэнцкага жыцця ў розных расійскіх універсітэтах і асаблівасці ўзаемаадносінаў расійскіх і польскіх студэнтаў.

Частка „Народная помста і асабістыя справы ў 1833 г.“ пры­свечана праблеме стварэння тайных таварыстваў польскіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах на прыкладзе аналізу справы студэнта Маскоўскага універсітэта Тадэвуша Лады–Заблоцкага (выхадца з Віцебскай губерні), арыштаванага за распаўсюджванне нелегальнай паэзіі і спробу стварэння тайнага таварыства ў універсітэце.

Аналіз актыўнасці студэнцкіх групаў у расійскіх універсітэтах пачынаецца з раздзела „Студэнцкія групы, што далучыліся да Саюзу Польскага Народа (СПН)“ (99—154), які змяшчае матэрыялы дзейнасці Сымона Канарскага і СПН у Заходніх губернях, групы Ўладыслава Гардона ва універсітэце Св. Уладзіміра ў Кіеве, „Маладой Польшчы“ і яе паслядоўнікаў у Віленскай Медыцынскай акадэміі, студэнцкага саюзу „Палонія“ і групы Караля Гільдэбранта ва універсітэце Дэрпта, а таксама Севярына Галембёўскага і нелегальнай літаратуры ў Санкт–Пецярбургу.

Дзейнасці польскіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах таксама прысвечаныя раздзелы „Польскія студэнты і іх актыўнасць (1841—1854)“ (177—216) і „Польскія студэнты (1856—1860)“ (239—282), якія маюць практычна аднолькавую структуру і ўтрымліваюць інфармацыю пра дзейнасць польскіх студэнтаў у асобных універсітэтах Расійскай імперыі ў розныя перыяды, а таксама падсумаванне вынікаў студэнцкай актыўнасці за пазначаныя перыяды. Асаблівасці і кірункі дзейнасці, сацыяльны, нацыянальны і канфесійны склад студэнтаў прыводзяцца аўтарам па кожным з разгледжаных універсітэтаў, што дае магчымасць параўнання і выяўлення агульных характарыстык студэнцкага руху. Непасрэдна адукацыйнай палітыцы расійскага ўрада пры­свечаныя тры раздзелы — „Адукацыйная палітыка і палякі: 1838—1848“ (154—177), „Адукацыйная палітыка і палякі: 1848—1854“ ды „Новае цараванне і новая палітыка (1856—1860)“ (94—99). У апошняй частцы манаграфіі з вельмі лака­нічнай назвай „1861—1863“ (287—358) аўтар разглядае крызісную сітуацыю напярэдадні паўстання 1863 г., спецыфіку рэформы адукацыі ў Царстве Польскім, а таксама стан студэнцкай супольнасці ў 1861—1862 г. і студэнцкую актыўнасць як адказ на рэакцыйныя меры ўрада.

Праца забяспечана індэксам персаналій (373—380), які палягчае пошук патрэбнай інфармацыі. Застаецца дадаць, што гэтае грунтоўнае даследаванне заслугоўвае сур’ёзнай увагі гісторыкаў Беларусі.

 

Мінск
Наталля Анофранка 

 

 

 

змест