Канец эры рэвалюцыяў?

Яраслаў Ходак

Французская рэвалюцыя — толькі прадвесніца значна больш сур'ёзнай рэвалюцыі, якая будзе апошняю.

Гракх Бабёф

Трохвяковая гісторыя палітычных і сацыяльных рэвалюцыяў дасягнула апагею ў XX ст., якое пачало называцца стагоддзем рэвалюцыяў. Міф рэвалюцыі ўздзейнічаў на людское ўяўленне, спараджаючы масавыя дзеянні, часта з ужываннем гвалту. На схіле XX ст., разам з распадам блоку камуністычных дзяржаваў і СССР і адначасовай дыскрэдытацыяй ідэалогіі марксізму, набыла папулярнасць ідэя канца гісторыі, выказаная ў слынным эсэ Фрэнсіса Фукуямы1 . „Аксамітныя", бяскроўныя (калі не лічыць Румыніі) рэвалюцыі 1989 г. меліся пакласці канец гісторыі, а ў тым ліку і эры рэвалюцыяў. На думку Фукуямы, пад канец XX ст. альтэрнатывы ўжо не існавала. Не рэвалюцыя, а эвалюцыйны працэс, здавалася, павядзе ўсё большую частку свету да сучаснасці. Дэмакратыя і рынкавая эканоміка меліся стаць асноўнымі прынцыпамі, паводле якіх арганізуецца жыццё ўсё большае часткі свету2.

Ці сапраўды скончылася эра рэвалюцыяў? Або ў эпоху глабалізацыі ідэі і практыка палітычных і сацыяльных рэвалюцыяў страцілі сэнс свайго існавання? Або ў сучасных грамадствах гвалтоўныя змены рэвалюцыйнага характару зрабіліся немагчымымі? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы мусім задумацца над тымі прычынамі, што выклікаюць рэвалюцыі. Рэвалюцыі або іх спробы здараліся ў розных палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных сістэмах. Ці магчыма знайсці пэўныя заканамернасці ў іх генэзісе? Якая канфігурацыя прычын найбольш спрыяла выбуху і перамозе рэвалюцыі ? У гэтым артыкуле я спрабую правесці параўнаўчы аналіз сацыяльных падставаў рэвалюцыяў, узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства, у якім выбухае рэвалюцыя, прыроды палітычнай сістэмы, на якую нападаюць рэвізіяністы, ідэалогіі, якая мабілізуе прыхільнікаў рэвалюцыі, і міжнароднага кантэксту, у якім функцыянуе рэвалюцыйны рух. Далей я паспрабую адказаць на пытанне, ці сапраўды эра рэвалюцыяў падышла да канца. Я задамся пытаннем, у якіх сучасных грамадствах магчыма з'яўленне адпаведных перадумоў для выбуху рэвалюцыі. Я не стаўлю на мэце прадказваць чарговыя рэвалюцыі. Дагэтуль досвед прадстаўнікоў грамадскіх навук быў адмоўны: ніводнай з рэвалюцыяў XX ст. прадказаць не ўдалося. Усе яны аказаліся вялізнай неспадзяван каю3. Больш за тое, кожная наступная прымушала тэарэтыкаў рэвалюцыяў пераглядаць ранейшыя азначэнні. Сама больш, што мы можам зрабіць, — гэта шукаць умовы, якія спрыяюць рэвалюцыйнаму канфлікту.

Высвятленню паняцця рэвалюцыі ў літаратуры прадмету прысвечана багата месца. Яго падрабязны разгляд выходзіць па-за рамкі гэтага артыкула. Для нашых развагаў істотным будзе адрозненне паміж рэвалюцыямі палітычнай і сацыяльнай. Паводле Тэдзі Скокпол (Skocpol), палітычная рэвалюцыя — гэта трансфармацыя палітычнай структуры і змена ўлады ў грамадстве, якой не спадарожні чае поўная змена эканомікі, культуры і стратыфікацыі грамадства . А сацыяльная рэвалюцыя нішчыць ранейшы парадак. Адбываюцца не толькі змены ў сістэме ўлады, але і істотныя пераўтварэнні ў сацыяльнай стратыфікацыі. Сацыяльныя рэвалюцыі — шпаркія, усебаковыя трансфарма цыі дзяржаўных інстытутаў і класавых структур грамадства. Яны суправаджаюцца класавымі выступленнямі 4. Хоць я засяроджуся галоўным чынам на сацыяльных рэвалюцыях, але ў ходзе аналізу буду звяртацца і да рэвалюцыяў палітычных. Прыведзенае вышэй азначэнне тычыцца адносна кароткага перыяду рэвалюцыйнай трансфармацыі. Томас Грын (Thomas Greene) звярнуў увагу на тое, што рэвалюцыя павінна разглядацца як працэс, а не як падзея5. Дзеянні рэвалюцыянераў, якія папярэднічаюць канфрантацыі з дзяржаўнымі ўладамі, маглі ахопліваць вельмі доўгі перыяд часу. І не заўсёды канфрантацыя сканчалася іхнім поспехам. Пры канцэптуалізацыі гэтае з'явы можа дапамагчы катэгорыя рэвалюцыйнага руху. Следам за Дэфранцо я буду называць рэвалюцыйным рухам такі грамадскі рух, удзельнікі якога арганізаваліся з мэтаю поўнае змены грамадскіх, эканамічных і палітычных інстытутаў 6.

У больш як трохвяковай гісторыі рэвалюцыяў мы можам вылучыць некалькі іх тыпаў:

1) Рэвалюцыі ў традыцыйных аграрных бюракратыях (напрыклад, Францыя, Расія, Кітай);

2) Антыкаланіяльныя рэвалюцыі ў Трэцім Свеце (В'етнам, Алжыр, Ангола, Мазамбік);

3) Рэвалюцыі ў незалежных неапатрыманіяльных дзяржавах (Іран, Нікарагуа);

4) „Аксамітныя" рэвалюцыі ў камуністычных краінах (Венгрыя, Польшча, Чэхаславакія, ГДР, Балгарыя).

Рэвалюцыі першага тыпу складаюць клас анталагічна замкнёных з'яваў. Вельмі малаверагодны і выбух рэвалюцыі ў якой-небудзь з цяперашніх калоніяў. Таму асноўную ўвагу я звярну на рэвалюцыі тыпаў 3 і 4, не забываючыся адначасова пра іх істотныя падабенствы, перадусім з незалежніцкімі рэвалюцыямі ў Трэцім Свеце.

Які ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця спрыяе рэвалюцыі?

Беглы агляд гісторыі рэвалюцыяў прыводзіць да высновы, што ўсе яны мелі месца ў эпоху Новага часу. У грамадствах Старажытнасці і Сярэднявечча, нягледзячы на ўсе лакальныя паўстанні, бунты і дзяржаўныя перавароты, ніколі не даходзіла да рэвалюцыі ў сэнсе поўнае змены, якая здзяйсняецца знізу з ужываннем гвалту. Толькі ў Новыя часы, разам з развіццём капіталізму, ці, беручы шырэй, — разам з усёабдымным працэсам мадэрнізацыі, былі створаны адпаведныя ўмовы для масавай грамадскай мабілізацыі і рэвалюцыйных зменаў. Як заўважыў Сэмюэл Хантынгтан (Samuel Huntington): „Сацыяльныя і эканамічныя перамены — урбанізацыя, уздым узроўню адукацыі і ліквідацыя непісьменнасці, індустрыялізацыя, развіццё сродкаў масавай камунікацыі — павялічваюць эканамічную свядомасць, множаць палітычныя патрабаванні, пашыраюць палітычную актыўнасць. Змены падрываюць традыцыйныя крыніцы палітычнае ўлады і традыцыйных палітычных інстытутаў; надзвычай ускладняюцца праблемы са стварэннем новых падставаў палітычнага аб'яднання і новых палітычных інстытутаў, эфектыўных і легітымных. Узровень грамадскае мабілізацыі высокі; узровень палітычнай арганізацыі і інстытуцыяналізацыі нізкі. Вынік — палітычная нестабільнасць і хваляванні" 7.

Рэвалюцыя — вынік раптоўнага развіцця палітычнай свядомасці і мабілізацыі новых групаў да палітычных дзеянняў з хуткасцю, якая не дазваляе існуючым палітычным інстытутам адаптаваць гэтыя праявы. Таму рэвалюцыі спрыяе высокі ўзровень мадэрнізацыі і мабілізацыі, спалучаны з нізкім узроўнем палітычнай інстытуцыяналізацыі 8. З заўвагамі Хантынгтана суадносіцца тэорыя Джэка Голдстоўна (Jack A. Goldstone), якая тычыцца ранняй фазы мадэрнізацыі. Яе галоўны тэзіс — цверджанне, што вырашальнай прычынай рэвалюцыі ў ранняй фазе Новай эры быў дэмаграфічны прырост — які вёў да серыі эканамічных і сацыяльных крызісаў. Працэс мадэрнізацыі быў цесна звязаны з рэзкім дэмаграфічным прыростам. Павелічэнне папуляцыі ўскосна аслабляла грамадскія структуры. Яно запускала тры механізмы: 1) раслі цэны на харч, падрываючы даходы дзяржавы, што вяло да фіскальнага крызісу; 2) за дзяржаўныя пасады спаборнічала ўсё больш людзей — у выніку суперніцтва абвастралася і эліты дзяліліся на фракцыі; 3) нястача харчу вяла да народных бунтаў. Ніводная дзяржава ў ранняй фазе Новага часу не мела адпаведных інстытутаў, каб даць рады вышэй пералічаным наступствам дэмаграфічнага прыросту. У выніку грамадства выстаўляла ўсё большыя патрабаванні, з якімі бюракратыза ваная аграрная дзяржава не магла справіцца. Фіскальныя крызісы, канфлікты элітаў, рост грамадскіх неспакояў рабіліся падставаю для актывізацыі апазіцыйных ідэалогіяў, што ўсё разам вяло да заняпаду дзяржавы і трансфарма цыяў, часам рэвалюцыйных. Такія наступствы дэмаграфіч нага прыросту ў ранняй фазе мадэрнізацыі зазналі Англія і Францыя9 . У XX ст. таксама заўважаецца выразная карэляцыя паміж прыростам насельніцтва і палітычнымі кры зісамі. У бальшыні з прааналізаваных Голдстоўнам 25 дзяржаваў, дзе ў 1980—1981 г. прырост насельніцтва ацэньваўся як 3% у год і больш, даходзіла да розных формаў палітычнага крызісу — грамадзянскіх войнаў, рэвалюцыяў і дэманстрацыяў з ужываннем гвалту — між іншых у Эфіопіі, Руандзе, Кеніі, Нігерыі, Нікарагуа, Емэне, Іране, Алжыры, Намібіі. На думку Голдстоўна, сувязь паміж высокім узроўнем прыросту насельніцтва і гвалтам — карэляцыя не толькі статыстычная. Як і ў Еўропе ў ранняй фазе мадэрнізацыі, у гэтых краінах не існавала адпаведных інстытутаў, якія б маглі даць рады наступствам дэмаграфічнага выбуху10.

Вось жа умоваю патэнцыйнага выбуху рэвалюцыі было ўключэнне традыцыйных аграрных грамадстваў у працэс капіталістычных пераменаў разам з усімі іх наступствамі 11. Праўдападобнасць рэвалюцыйных выступаў змяншаецца, калі грамадствы дасягаюць адносна высокага ўзроўню эканамічнага і інстытуцыянальнага развіцця. Рэвалюцыі ніколі не адбываліся ў высокаразвітых краінах12 . Яны больш верагодныя ў грамадствах, якія перажываюць адносна шпаркія сацыяльна-эканамічныя змены, што вядзе да нераўнамернага развіцця паасобных інстытутаў. У ходзе мадэрнізацыі існуе вялікая верагоднасць адчування адноснай дэпрывацыі і палітычнай нестабільнасці 13. Аднак не ўсе грамадствы, якія мадэрнізуюцца або перажываюць шпаркія сацыяльна-эканамічныя змены, зазналі рэвалюцыйныя ўзрушэнні. Разглядаючы экспансію капіталізму на паасобныя кантыненты і яе наступствы, мусім зазначыць, што рэвалюцыі былі праяваю адносна рэдкаю. Належыць таксама памятаць, што тэорыя мадэрнізацыі не заўсёды адэкватна ілюстравала з'явы, якія адбываліся ў нееўрапейскіх краінах. Мела сваю спецыфіку і Ўсходняя Еўропа, дзе пасля Другой сусветнай вайны мадэрнізацыя адбывалася ў рамках камуністычных рэжымаў з цэнтральным планаваннем эканомікі. Рэвалюцыі 1989 г. здарыліся ў краінах, адносна мадэрнізава ных і з адносна высокай ступенню інстытуцыялізацыі.

Працэс мадэрнізацыі быў шчыльна звязаны з утварэннем дзяржавы новага тыпу — цэнтралізаванае, бюракратызаванае нацыянальнае дзяржавы 14. Узнікненне такіх дзяржаваў было ўмоваю sine qua non для ўтварэння рэвалюцыйных сітуацыяў. Да Новага часу масавыя нізавыя грамадскія пратэсты мелі характар сама больш лакальны. Пры сацыяльнай ізаляцыі сялян і адсутнасці буйных зграмаджэнняў рабочых у гарадах немагчымаю была грамадская мабілізацыя ў маштабе ўсяе краіны. Не існавала і пазнейшага праціўніка рэвалюцыянераў — цэнтралізаванай, бюракратызаванай дзяржавы. Як лаканічна сфармуляваў Джэф Гудвін (Jeff Goodwin), „няма дзяржаваў — няма рэвалюцыі" 15. Фармаванне дзяржавы новага часу было ўмоваю ўтварэння рэвалюцыйных сітуацыяў у выглядзе двоеўладдзя або шматуладдзя — мультысуверэннасці (multiple sovereignty)16.

У новую эру ў шмат якіх дзяржавах, што мадэрнізу юцца, адбывалася эвалюцыя палітычных сістэмаў. У адных адносна рана была ўсталявана парламенцкая дэмакратыя (Англія, ЗША), у іншых існавалі розныя варыянты аўтарытарызму. Толькі нешматлікія зазналі рэвалюцыйныя трансфармацыі. Ці была нейкая форма палітычнай сістэмы асабліва спрыяльнаю для фармавання рэвалюцыйных кааліцыяў?

Які род палітычнай сістэмы асабліва лёгка спараджае рэвалюцыйныя выступленні?

Рэвалюцыйныя рухі не фармуюцца ў палітычным вакууме. Як правіла, яны ўтвараюцца ў апазіцыі да нейкае формы аўтарытарнага рэжыму. Шматпартыйныя дэмакратыі ці квазідэмакратыі, нават у вельмі бедных краінах накшталт Індыі, Малайзіі, Дамінікі ці Гандураса, не зазналі рэвалюцыйных пераваротаў. Насуперак канцэпцыі Маркса, рэвалюцыі мелі месца толькі ў краінах, у якіх не ўсталявалася ліберальна-дэмакратычная палітычная сістэма17 . Аднак не кожная форма аўтарытарызму паддаецца на рэвалюцыйныя трансфармацыі. У Лацінскай Амерыцы XX ст. аўтарытарныя рэжымы існавалі ў такіх краінах, як Аргенціна, Бразілія, Гватэмала, Калумбія, Сальвадор, Венесуэла ці Уругвай. Ніводная з гэтых краін не зазнала рэвалюцыйнага перавароту, хоць у кожнай з іх выступаў рэвалюцыйны партызанскі рух. Вырашальным у гэтым выпадку аказваецца стасунак паміж грамадствам і палітычнай уладаю. Калі тыя, хто пры ўладзе, ахвяруючы пэўнымі выгодамі, давалі магчымасць удзелу ў палітыцы галоўным класам грамадства, — яны здабывалі падтрымку і пэўную легітымізацыю сваёй улады. Вышэйшыя класы не былі зацікаўленыя ў апазіцыйнай дзейнасці, а ў выпадку існавання рэвалюцыйнага партызанскага руху ўставалі на бок рэжыму18.

Але калі рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым выключаў з удзелу ў палітыцы бальшыню грамадства, у тым ліку эліты, — тады лёгка фармаваўся апазіцыйны саюз многіх класаў. Існавалі дзве формы палітычных сістэмаў, якія характары заваліся выключэннем з палітыкі групаў грамадства і таму паддаваліся на рэвалюцыйныя выступы. Першая — якую называюць неапатрыманіяльнай 19, султаністычнай 20 формаю, мафіякратыяй 21 ці патрыманіяльным прэтарыян ствам22 — існавала, між іншага, пры панаванні Батысты на Кубе, Трухільё — у Дамініцы, Самосы — у Нікарагуа, Стрэснера — у Парагваі, Дзювалье — на Гаіці і шаха Пехлеві ў Іране. Другою быў каланіяльны рэжым, заснаваны на непасрэдным кіраванні. Такую форму ажыццяўлення ўлады ўжывалі ў сваіх калоніях французы і партугальцы. Адгэтуль выніклі пераможныя незалежніцкія рэвалюцыі ў В'етнаме, Алжыры, Гвінеі-Бісау, Анголе і Мазамбіку 23.

Aйзенштат (Eisenstadt) вызначыў як неапатрыманіяль ныя тыя часткова мадэрнізаваныя дзяржавы, у якіх выканаўчая ўлада пастаўлена ў залежнасць ад разлеглае сістэмы індывідуальнага патранату, а не ад безасабовага права. Такія дзяржавы могуць мець дэмакратычныя інстытуты — парламенты, палітычныя партыі, канстытуцыі ці выбары. Але ўсе важныя рашэнні ў дзяржаве прымаюцца асобаю, якая стаіць на чале дзяржавы, і якраз яна ажыццяўляе рэальную ўладу24. Дзяржава ператвараецца ў аўтаномную асабістую дзяржаву аднаго дыктатара. Вышэйшы клас адлучаны ад удзелу ў палітычным жыцці, толькі некалькі адданых паплечнікаў удзельнічаюць у ажыццяўленні ўлады. Узброеныя сілы, што застаюцца пад кантролем дыктатара, робяцца практычна прыватнаю арміяй25.

Неапатрыманіяльныя рэжымы бываюць асабліва падатлівыя на фармаванне шырокае шматкласавае апазіцыі з некалькіх прычын. Па-першае, у адрозненне ад больш безасабовай і бюракратызаванай формы аўтарытарнае ўлады, індывідуальныя дыктатуры лягчэй спараджаюць апазіцыю вышэйшых і сярэдніх класаў. Буйныя землеўласнікі, бізнесмены, прафесіяналы часцей абураюцца непрыхава наю карупцыяй дыктатараў і іх найбліжэйшых паплечнікаў, тэндэнцыяй да манапалізацыі істотных сектараў эканомікі, схільнасцю да цэнзуры, манапалізацыяй урадавых пасадаў сям'ёй дыктатара, наданнем адмысловых прывілеяў замежным інвестарам і рабалепствам перад інтарэсамі вялікіх дзяржаваў (узамен за іх дапамогу). Гэта можа весці да фатальнага ў сваіх наступствах адчужэння (alienacji) шмат якіх сегментаў элітаў грамадства.

Па-другое, пагаршэнне эканамічнага становішча групаў, выключаных з палітычнае сістэмы, можа хутка палітызавац ца. Дыктатар і ягоныя прыхільнікі разглядаюцца тады як адказныя за сітуацыю эканамічнага і палітычнага адставання і пачынаюць выступаць у ролі галоўнага ворага. Палітычная легітымізацыя звычайна бывае вельмі праблематычнаю, асабліва калі рэлігійныя аўтарытэты дыстанцуюцца ад кіраўнікоў або становяцца да іх у апазіцыю. Саюз ніжэйшых класаў грамадства з элітамі можа спарадзіць на палітычнай сцэне новую сілу, здольную стварыць пагрозу для дыктатуры.

Па-трэцяе, калі эліты пераходзяць у апазіцыю і ствараюць масавы рэвалюцыйны рух, замежная падтрымка індывідуальнае дыктатуры можа спыніцца, нават калі апошняя атрымлівала яе доўгі час, лічачыся гарантам стабільнасці. Злучаныя Штаты адмовіліся ўрэшце ад падтрымкі даўніх саюзнікаў, такіх, як Дыяс, Батыста, Самоса ці шах Пехлеві, між іншым, пабачыўшы шырокі шматкласавы апазіцыйны рух супраць іхніх дыктатураў.

Па-чацвёртае, узброеныя сілы неапатрыманіяльных рэжымаў часта бываюць карумпаванымі і некампетэнтнымі — часткова таму, што дыктатар больш засяроджваецца на прадухіленні патэнцыяльнага вайсковага перавароту, чым на стварэнні эфектыўных узброеных сілаў. Таму часта бывае, што калі армію ўрэшце выкарыстоўваюць супраць рэвалюцыйных збройных сілаў, яна хутка распадаецца 26.

Відавочна, поруч з вышэйпералічанымі рысамі, кожная з неапатрыманіяльных дыктатураў мае сваю ўласную спецыфіку. Мусім таксама падкрэсліць, што, нягледзячы на падатлівасць да фармавання шматкласавай апазіцыі, не ўсе неапатрыманіяльныя рэжымы былі скінуты шляхам рэвалюцыйных пераваротаў (Дзювалье, Стрэснер, Трухільё).

Так званае непасрэднае каланіяльнае кіраванне выказвае шмат рысаў, супольных з неапатрыманіяльнымі дыктатурамі. Калонія, якою кіруюць чыноўнікі з метраполіі, не магла ператварыцца ў стабільную палітычную сістэму. Як і ў індывідуальных дыктатурах, там немінуча ўтвараліся масавыя рэвалюцыйныя рухі. Акрамя таго, відаць выразная розніца паміж такою формаю кіравання падпарадка ванымі тэрыторыямі і апасродкаванаю ўладаю ў брытанскіх калоніях, дзе не здаралася пераможных рэвалюцыяў, а рэвалюцыйныя рухі былі нешматлікія і вельмі слабыя (Кенія). У адрозненне ад апасродкаванага каланіяльнага кіравання, мясцовыя эліты пры такой сістэме не ўключаюцца ў палітычнае жыццё. Як і ў неапатрыманіяльных дыктатурах, яны зазнаюць адчужэнне (alienacjе), уступаюць у саюз з ніжэйшымі класамі грамадства і часта робяцца кіраўнічай сілай рэвалюцыйнага руху. Ключавыя прадпрыемствы ў бізнесе, пэўныя прафесіі і вышэйшыя ўзроўні адміністрацыі рэзервуюцца для прыезджых з метраполіі. Гэта выклікае такую ж антыпатыю, як падтрымка дыктатарамі замежных інвестыцыяў. Асабліва калі ўлічыць, што выключэнне мясцовых элітаў з вышэйшых пасадаў у адміністра цыі і эканоміцы ўспрымалася як праява расавай дыскрымінацыі. У выніку каланіяльнае панаванне, атаясамленае з замежнай вялікай дзяржаваю, рабілася галоўным ворагам рэвалюцыянераў, якія маглі для сваіх палітычных мэтаў карыстацца сімваламі нацыяналізму і культурнай самаідэнтыфікацыі.

Афіцэры ўзброеных сіл у калоніях з непасрэдным кіраваннем адбіраліся і прасоўваліся па службе паводле іх лаяльнасці да каланіяльных уладаў. Як правіла, яны не былі звязаныя з мясцовымі элітамі, існавалі адасоблена і ўспрымаліся як паплечнікі каланіяльнага рэжыму. Тым часам у калоніях, якія кіраваліся апасродкавана, афіцэры, набраныя з мясцовага насельніцтва, захоўвалі повязі з мясцовымі элітамі. Часта яны былі звязаныя з тымі сіламі, якія імкнуліся да палітычных рэформаў і нацыянальнага вызвалення. Калі ўзяць пад увагу вышэйзгаданыя адрозненні, не дзіва, што калоніі, якія кіраваліся апасродкавана, пазбеглі рэвалюцыйных рухаў альбо адносна лёгка знішчылі такія рухі, няздатныя сфармаваць моцную, шматкласавую апазіцыю. Ім удалося правесці трансфармацыю ў кірунку незалежнасці або большай адкрытасці палітычнай сістэмы. Прыклады гэтага працэсу — Малайзія, Кенія, Філіпіны, Індыя, Інданезія 27.

Пад час Другой сусветнай вайны краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі — Філіпіны, Малайзія і В'етнам — былі акупаваныя японцамі. У выніку адбыўся рост масавай падтрымкі камуністычнага партызанскага руху, які змагаўся пад лозунгамі нацыянальнага вызвалення. Вырашальнаю для незалежніцкага працэсу гэтых краін была, аднак, паваенная палітыка метраполіі. Французскае непасрэднае кіраванне ў В'етнаме дазволіла камуністам прадоўжыць пабудову масавай падтрымкі ў імя нацыянальнага вызвалення. Тым часам брытанцы ў Малайзіі і амерыканцы на Філіпінах падтрымлівалі антыкамуністычныя мясцовыя эліты, якім у адпаведны час перадалі ўладу. Урады гэтых краін з дапамогаю войскаў і абмежаваных рэформаў разбілі ці маргіналі завалі камуністычны рух28.

Ва Ўсходняй Еўропе васьмідзесятых гадоў найбліжэй шая да вышэйзгаданых форма рэжыму існавала ў Румыніі. Дыктатура Чаушэску, якую называлі „дынастычным сацыялізмам", „сацыялізмам аднае сям'і", „сацыялістычным патрыманіялізмам", адрознівалася ад сістэмаў іншых камуністычных краін. І якраз тут дайшло да найбольш гвалтоўнай, крывавай канфрантацыі ўлады з шматкласавай апазіцыяй 29. Астатнія краіны Ўсходняга Блоку не мелі характару неапатрыманіяльных дыктатур, і тым не менш там адбыліся бяскроўныя рэвалюцыйныя трансфармацыі. З другога боку, не ўсе неапатрыманіяльныя дыктатуры і сістэмы непасрэднага, рэпрэсіўнага каланіяльнага кіравання сталі прадметам атакі ці перамогі рэвалюцыянераў. Якія ж яшчэ змены мы павінны ўлічыць?

Геапалітычны кантэкст

Калі ўжо ўдаецца стварыць масавы рэвалюцыйны рух, тыя, хто маюць уладу, могуць яго знішчыць або процістаяць яму, аж пакуль іх дзяржаўная арганізацыя застаецца эфектыўнаю. Толькі разбурэнне адміністрацыі і апарату прымусу (паліцыі, войска) адкрывае дарогу да захопу ўлады рэвалюцыянерамі. Калі метраполія рашуча намагаецца ўтрымаць свае каланіяльныя ўладанні, рэвалюцыянерам пераняць уладу не ўдаецца. Кіраўнікі незалежнай дзяржавы, маючы саюзніка ў вялікай дзяржаве, зацікаўленай у захаванні статус-кво, могуць падобным жа чынам здушыць рэвалюцыйныя выступленні. Французы, увёўшы ў Алжыр у пяцідзесятых гадах ваенізаваныя аддзелы, якія дзейнічалі жорстка, патрапілі авалодаць сітуацыяй. Калі Партугалія ў шасцідзесятых гадах змусіла рэвалюцыянераў у Анголе і Мазамбіку да партызанскай вайны, тыя не былі ў стане стварыць пагрозу для панавання метраполіі. У Нікарагуа апазіцыйны Фронт Нацыянальнага Вызвалення імя Сандына (FSLN), які ўзнік у 1961 г., амаль дваццаць гадоў быў няздатны паставіць пад пытанне дыктатуру Самосы. Гэтаксама рэжымы Батысты на Кубе і шаха Пехлеві ў Іране, якіх падтрымлівалі Злучаныя Штаты, доўга не адчувалі пагрозы для сябе, нягледзячы на існаванне апазіцыі. Рашучая палітыка Савецкага Саюза ў дачыненні да сатэлітаў з Усходняй Еўропы рабіла вызваленне з-пад апекі вялікай дзяржавы немагчымым аж да другой паловы васьмідзесятых гадоў XX ст. Чаму ж ва ўсіх гэтых краінах дайшло ўрэшце да рэвалюцыйнага перавароту?

Пасля Другой сусветнай вайны інтэлектуалы на чале з Сартрам пачалі аспрэчваць французскую прысутнасць у Алжыры. Іх пазіцыя адыграла ролю, аналагічную пазнейшаму стаўленню часткі амерыканскай грамадскай думкі да інтэрвенцыі Злучаных Штатаў у В'етнаме. На міжнароднай арэне крытыкаваліся французскія метады дзеяння, скіраваныя супраць тэрарыстаў з алжырскага Фронту Нацыянальнага Вызвалення (FLN). Параза французаў у В'етнаме таксама падарвала рашучасць намеру захаваць Алжыр французскай калоніяй. Усе гэтыя фактары прычыніліся да сыходу французаў з Алжыра. Крыху інакшая сітуацыя была ў партугальскіх калоніях. Тамтэйшыя рэвалюцыйныя рухі — Народны рух вызвалення Анголы (MPLA) і Фронт Вызвалення Мазамбіка (FRELIMO) — ад пачатку шасцідзесятых гадоў вялі працяглую партызанскую вайну на знясіленне з войскамі метраполіі. Толькі палітычны пераварот у самой Партугаліі — так званая рэвалюцыя гваздзікоў у 1974 г. — зрабіла магчымай перамогу рэвалюцыянераў. Праз год Партугалія прызнала незалежнасць Анголы і Мазамбіка 30. У Іране і Нікарагуа перамога рэвалюцыі стала магчымаю пасля таго, як у другой палове сямідзесятых гадоў Злучаныя Штаты змянілі сваю палітыку ў дачыненні да гэтых краін. Гэтая змена была звязана з палітыкай абароны правоў чалавека, якую прапагандавала адміністрацыя прэзідэнта Картэра. Пасля дзесяцігоддзяў, цягам якіх дапамога давалася без ніякіх умоваў, Злучаныя Штаты пачалі дамагацца ад шаха Ірана і пануючай у Нікарагуа сям'і Самосы пашаны да правоў чалавека. Хоць у абедзвюх краінах адбыліся толькі абмежаваныя рэформы, яны стварылі магчымасць для фармавання моцнай апазіцыі, а як вынік — для перамогі рэвалюцыі ў 1979 г. і ўзнікнення новых, варожых да ЗША дыктатураў 31. Спыненне дапамогі Злучаных Штатаў свайму ранейшаму саюзніку Батысту гэтаксама зрабілася адной з галоўных прычын перамогі рэвалюцыі на Кубе ў 1959 г.32. Рэвалюцыйныя трансфармацыі ў Усходняй Еўропе сталі магчымыя дзякуючы рэформам Гарбачова ў самім СССР і дазволу гэтай дзяржавы на правядзенне палітычных зменаў у краінах-сатэлі тах33. Відавочна, прычыны рэфарматарскіх тэндэнцыяў у Савецкім Саюзе вынікалі, між іншага, з слабасці тамтэйшае эканомікі, прайгранай гонкі ўзбраенняў з заходнімі дзяржавамі, вайною ў Афганістане, дэлегітымізацыяй дагэтуляшняй ідэалогіі.

Ва ўсіх гэтых выпадках змена знешняй кан'юнктуры мела вырашальнае значэнне для далейшага лёсу рэвалюцыйнага руху. Такая сітуацыя аслаблення кантролю і часта пасіўнага дазволу на рэвалюцыйную трансфармацыю называецца дазвольны сусветны кантэкст 34 або адкрыванне сусветнай сістэмы для пераменаў 35. На думку Голдфранка (Goldfrank), яна выступае тады, калі: 1) галоўныя дзяржавы ўцягнутыя ў вайну або міжнародныя праблемы, 2) галоўныя дзяржавы захоўваюць раўнавагу паміж сабою і ставяцца адна да другой антаганістычна, 3) паўстанцы атрымліваюць большую знешнюю дапамогу, чым дзяржаўныя ўлады36. Яна будзе звязвацца і з разгледжанымі вышэй выпадкамі: 4) спынення вялікай дзяржавай падтрымкі ранейшага саюзніка, 5) існавання спрыяльнай для рэвалюцыянераў міжнароднай грамадскай думкі, 6) змены ўнутранай сітуацыі ў метраполіі.

Удзел галоўных каланіяльных дзяржаваў у II сусветнай вайне распачаў працэс распаду іх уладанняў, адкрываючы магчымасці для нацыяналістычных рухаў, у тым ліку рэвалюцыйнай партызанкі. Дэкаланізацыя ў наступныя гады адбывалася па прынцыпе эфекту даміно, дасягнуўшы апагею ў шасцідзесятыя гады37. У выпадках, калі метраполія намагалася захаваць статус-кво, выбухала рэвалюцыя. Аднак, калі ўзяць пад увагу маштаб дэкаланізацыі, толькі ў нешматлікіх выпадках незалежнасць здабывалася шляхам рэвалюцыі (В'етнам, Алжыр, Ангола, Мазамбік). У В'етнаме канчатковы поспех рэвалюцыянераў быў прадвызнача ны моцным пацыфісцкім рухам у ЗША і неспрыяльнай міжнароднай грамадскай думкай. Прэзідэнт Рычард Ніксан найперш пастанавіў вывесці войскі з В'етнама, а пасля 1972 г. Злучаныя Штаты спынілі ўсялякую дапамогу паўднёва-в'етнамскаму ўраду38.

Прыклады В'етнама, Кубы, Ірана і Нікарагуа паказваюць, наколькі ключавое значэнне мела палітыка Злучаных Штатаў у дачыненні да дзяржаваў, якія знаходзіліся пад пагрозай рэвалюцыйнага перавароту. Праўдападобна, рэвалюцыя ў Мексіцы ў 1910—1911 г. не адбылася б, калі б паўночныя сілы, апазіцыйныя да рэжыму Парфірыо Дыяса, не маглі перамяшчацца па паграніччы ЗША і Мексікі, здабываючы падтрымку шмат каго з амерыканцаў. Пазней ЗША правялі абмежаваную інтэрвенцыю (ген. Першынг [Pershing]), але гэтая інтэрвенцыя не справакавала абурэння мексіканцаў. Пазней уцягненне ЗША ў I сусветную вайну і прэзідэнцтва Вудра Вільсана паклалі канец амерыканскім контррэвалюцыйным намаганням, стварыўшы магчымасць кансалідацыі новага мексіканскага рэжыму39.

Зусім адрозную палітыку праводзілі Злучаныя Штаты ў дачыненні да Сальвадора, Гватэмалы, Перу і Філіпінаў. Рашучая падтрымка Злучанымі Штатамі ўрадаў гэтых краін прадухіліла выбух рэвалюцыі. Пачатак дзеянняў рэвалюцый нага партызанскага руху ў Сальвадоры супаў з апошнім годам прэзідэнцтва Картэра. Скрытыкаваны за тое, што дапусціў узнікненне варожых ЗША рэжымаў у Іране і Нікарагуа, ён пачаў адступаць ад палітыкі абароны правоў чалавека. Яго наступнік — Рональд Рэйган — поўнасцю падтрымаў дыктатуру ў Сальвадоры. Пад час панавання Рэйгана ў замежнай палітыцы ЗША адбыўся паварот. Архітэктарам новай стратэгіі была Джын Кіркпатрык (Jeane Kirkpatrick), якая ў вядомым артыкуле „Дыктатуры і падвойныя стандарты" правяла адрозненне паміж памяркоўна рэпрэсіўным аўтарытарызмам, характэрным для правых дыктатураў, і таталітарызмам левых рэжымаў. Дактрына Кіркпатрык надала легітымнасць дзеянням адміністрацыі Рэйгана ў дачыненні да дыктатураў у Трэцім Свеце40. У васьмідзесятых гадах Злучаныя Штаты падтрымлівалі ўрад у Гватэмале, дзе рэвалюцыянеры вялі партызанс кае змаганне ад пачатку шасцідзесятых гадоў. Амерыканская дапамога ўключала ў сябе, між іншага, навучанне і ўзбраенне гватэмальскай арміі. Падобна было ў Перу, дзе ўрад змагаўся з партызанамі з групоўкі Sendero Luminoso („Светлы шлях"). На Філіпінах, пасля палітычнае рэвалюцыі і звяржэння дыктатуры Маркаса, быў усталяваны дэмакратычны ўрад Коры Акіна. Амерыканская падтрымка гэтага апошняга прадухілі ла грамадскую рэвалюцыю 41.

Вялікае значэнне для перамогі рэвалюцыйных рухаў мела дапамога, якую тыя атрымлівалі ад СССР і ягоных саюзнікаў, найперш Кубы (Ангола, Мазамбік і Нікарагуа) і Кітая (В'етнам). Рэвалюцыйны рух у самім Кітаі займае ў Трэцім Свеце асобнае месца. Гэта прыклад разгледжа ных Т.Скокпол рэвалюцыяў у грамадствах аграрных бюракратыяў, уключаных у сферу міжнародных уплываў42 . Ключавым быў ваенны канфлікт з Японіяй, які прывёў да аслаблення ўрада Чан Кайшы, а тым часам камуністы Мао Цзэдуна кансалідавалі свае сілы. Паваенныя эканамічныя цяжкасці (гіперінфляцыя) канчаткова падарвалі легітымізацыю ўлады нацыяналістаў (камуністы вінавацілі іх у няўдачах у вайне з Японіяй). Адсутнасць рэакцыі Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў часе канфрантацыі арміі Мао з войскамі Чан Кайшы адкрыла дарогу канчатковай перамозе камуністаў 43.

Нягледзячы на ключавое значэнне, якое адыгрываў геапалітычны кантэкст у генезісе рэвалюцыяў у Трэцім Свеце, урэшце ён ствараў пэўныя рамкі, у якіх дзейнічалі канкрэтныя акторы. Экспансія заходняга капіталіз му спалучалася з пераўтварэннем традыцыйных грамадстваў. У залежнасці ад прасунутасці мадэрнізацыйных працэсаў у паасобных краінах існаваў больш ці менш шматлікі сярэдні клас, рабочы клас і сялянства, якое змянялася пад уплывам рынкавых стасункаў. Якія ж сацыяльныя групы адыгралі ключавую ролю ў рэвалюцыйным працэсе?

Сацыяльная аснова рэвалюцый

Паводле марксісцкай тэорыі рэвалюцыі галоўнай дзейнай асобай у рэвалюцыйным працэсе мусіў быць рабочы клас. Аднак ужо рэвалюцыі першай паловы XX ст. (Мексіка, Кітай) характарызаваліся ўдзелам і масавай падтрымкай сялян. Гэтай тэндэнцыі не заўважалі ні прадстаўнікі школы „натуральнай гісторыі рэвалюцыяў", ані тэарэтыкі пяцідзесятых-шасцідзесятых гадоў44. Толькі ўдзел Злучаных Штатаў у в'етнамскай вайне звярнуў увагу назіральнікаў на вялізную падтрымку тамтэйшай рэвалюцыі сялянамі. Неўзабаве з'явілася некалькі тэарэтычных працаў з аналізам ролі сялянскай праслойкі ў рэвалюцыйных выступах 45.

Іх аўтары імкнуліся даць адказ на пытанне аб прычыне масавага ўдзелу сялян у сацыяльных рэвалюцыях. Некаторыя аўтары даводзілі, што вырашальную ролю выконвае характар адносін паміж землеўласнікамі і сялянамі. На думку Барынгтана Мура (Barrington Moore), камерцыяліза цыя сялянства вяла да распаду традыцыйнай раўнавагі правоў і абавязкаў паміж панам і селянінам. Рэвалюцыйным выступам найбольш спрыяла сітуацыя, калі камерцыяліза цыя не была поўнаю, калі сяляне захоўвалі сувязь з зямлёю, а іх супольнасці не разбураліся. Патрабаванне большых выплатаў яны маглі тады палічыць несправядлівым і адкінуць 46. Прыклады з мексіканскай рэвалюцыі пацвярджаюць тэзіс пра сувязь паміж сялянскімі выступамі і няпоўнай мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі. Мяцеж пад кіраўніцтвам Эміліяна Сапаты выбухнуў у Марэлас (Morelos) — цукравытворчай правінцыі — дзе вялікія асьенды, што працавалі на рынак, няспынна займалі ўсё новыя землі сялянаў, а тыя патрабавалі вярнуць захопленую зямлю. З другога боку, традыцыйны і больш адсталы рэгіён Аахака (Oaxaca), дзе рынкавыя стасункі не парушылі ў значнай меры раўнавагі паміж селянінам і панам, застаўся ў пачатковай фазе рэвалюцыі пераважна пасіўны. Падобна было ў рэгіёнах з цалкам камерцыялізаванай сельскай гаспадаркаю, як Веракрус ці паўвостраў Юкатан47.

Ці ўсе сяляне былі аднолькава схільныя да рэвалюцый ных выступаў? Ці, можа, сярод іх вылучалася нейкая група, асабліва схільная да бунту? Адны даследчыкі лічылі, што найлягчэй паддаваліся на рэвалюцыйную агітацыю беззямельныя і найбяднейшыя сяляне і бедныя імігранты, што рабілі на зямлі ў каланіяльных уладаннях 48. Іншыя бачылі самую рэвалюцый ную сілу ў сярэдняках 49. Насамрэч у бальшыні пераможных рэвалюцыйных рухаў бралі ўдзел як бедныя і беззямельныя, так і сераднякі. Апрача таго, меў месца ўдзел імігрантаў, што выконвалі наёмную працу на зямлі, вясковых рамеснікаў, багатых сялян ці нават буйных землеўласнікаў 50.

Хоць сяляне адыгрывалі цэнтральную ролю ў бальшыні рэвалюцыйных выступаў, цверджанні, што гэтыя рэвалюцыі былі „сялянскімі войнамі" або „сельскагаспадар чымі рэвалюцыямі", адварочваюць нашую ўвагу ад іншых дзейных асобаў. Ніводная рэвалюцыя не мела выключна сялянскага характару. Звернемся зноў да мексіканскай рэвалюцыі — найбліжэйшай да „ідэалу". Армія Франсіска Панча Вілі — Division del Norte — а яна, як і армія Сапаты, успрымалася як сялянская — мела вельмі дыферэнцыява ную сацыяльную базу. Паўночная Мексіка была рэгіёнам пагранічча, дзе сяляне жылі побач з індзейцамі племені які, а поруч — насельніцтва, што прыбыло апошнім часам: гарнякі, каўбоі, не звязаныя з традыцыйнымі вясковымі супольнасцямі дробныя сяляне і розныя адкіды грамадства. З іх і рэкрутавалася армія Панча Вілі51. Трэба зазначыць, што сяляне нідзе не мелі адпаведных арганізацыйных магчымасцяў, каб стварыць удалы рэвалюцыйны рух. Ім патрабаваліся знешнія лідэры, і гэтую ролю прымалі на сябе рэвалюцыянеры з вышэйшых класаў. Яны адыгрывалі ключавую ролю ў арганізацыі, узбраенні і ачольванні рэвалюцыйных рухаў. Такія рухі не грунтаваліся выключна на адным класе грамадства. Яны мелі характар шматкласавай кааліцыі , у якой звычайна адзін клас адыгрываў цэнтральную ролю. У бальшыні выпадкаў гэта быў сялянскі клас, аднак рэвалюцыі ў Іране і ў Нікарагуа мелі яскрава гарадскі характар 52. Партызанскі рух Кастра, што дзейнічаў у гарах Сьера-Маэстра, таксама на 60—80% рэкрутаваўся з гарадскіх асяродкаў 53. Гарадскі характар мелі і ўсходнееўрапейскія рэвалюцыі 1989 г. Тут асаблівую ролю адыгралі рабочы клас і інтэлігенцыя, з якой галоўным чынам рэкрутаваліся кіраўнікі рэвалюцыі 54.

Належыць зазначыць, што не заўсёды рэвалюцыяне рам удавалася сфармаваць кааліцыю з многіх класаў. У Інданезіі і Гандурасе левы рэвалюцыйны партызанскі рух не здолеў здабыць шырокай падтрымкі. У іншых выпадках узнікненне масавага саюзу не было дастатковай падставай для перамогі рэвалюцыі. У Малайзіі і на Філіпінах у часе II сусветнай вайны сфармаваліся масавыя камуністычныя рэвалюцыйныя рухі, аднак пасля сыходу японцаў яны страцілі падтрымку і ім не ўдалося стварыць пагрозу для тых, хто меў уладу55. Гэтаксама ў Гватэмале і Сальвадоры — рэвалюцыйны партызанскі рух, нягледзячы на падтрымку шмат якіх сацыяльных асяроддзяў, не здолеў захапіць уладу56. У сувязі з гэтым слушна будзе паставіць пытанне: што абумоўлівае ўзнікненне шырокай, шматкласавай кааліцыі і ў якіх акалічнасцях яна ў стане пераняць уладу шляхам рэвалюцыі? Дагэтуляшнія доследы паказваюць на дзве галоўныя прычыны фармавання масавага рэвалюцыйнага руху. Першая — характар праціўніка, то бок тых, хто меў уладу. Пэўная форма ажыццяўлення ўлады спрыяе ўзнікненню апазіцыйнага саюзу многіх класаў. Вышэй мы стараліся паказаць, што найлягчэй шматкласавыя рэвалюцыі ўзнікалі ў г.зв. неапатрыманіяльных рэжымах і калоніях з непасрэдным кіраваннем. Другою прычынай, што яднала розныя грамадскія асяродкі, была ідэалогія, ці, шырэй кажучы, — пэўная культура супраціву і апазіцыі 57.

Роля ідэалогіі

Ідэалогіі ў рэвалюцыйным працэсе прыпісвалася рознае значэнне — ад ігнаравання яе ўплыву на матывы дзеяння рэвалюцыянераў да падачы яе як аднаго з галоўных рухавікоў рэвалюцыі. На пераломе 70-х і 80-х г. у тэарэтызаванні пра рэвалюцыю запанаваў падыход, выказаны ў слыннай формуле Tэдзі Скокпол: revolutions are not made, they come (рэвалюцыі не робяцца, а надыходзяць). На думку Скокпол, людскія ідэі і свядомыя дзеянні адыгрываюць у генэзісе рэвалюцыі мізэрную ролю. Вырашальныя фактары — структурныя: адносіны паміж класамі грамадства і дзяржаваю і шырэйшы міжнародны кантэкст 58. Пазіцыю Скокпол у большай ці меншай ступені падзялялі іншыя структурна арыентаваныя тэарэтыкі рэвалюцыі 59. Падзеі іранскае рэвалюцыі, дзе ідэалогія (шыіцкі іслам) адыграла вялікую ролю60, дыскусія паміж Скокпол і С'юэлам61, нарэшце, „культурны" паварот, які адбыўся ў грамадскіх навуках у 80-х і 90-х г.62, зноўку рэабілітавалі ролю ідэяў і свядомых людскіх учынкаў у рэвалюцыйным працэсе. Адначасова паўстала шмат цікавых прапановаў, прыдатных для канцэптуалізацыі пытання, якое нас цікавіць. Фарыдэ Фархі (Farideh Farhi) прапанавала адкінуць канцэпцыю ідэалогіі як простай сістэмы ідэяў. Яе належыць успрымаць як дынамічны сацыяльны працэс, які творыцца і трансфармуеца праз свядомыя дзеянні больш ці менш інфармаваных дзейных асобаў63. Пераўтварэнні ідэалогіі асабліва добра відаць у перыяд шпаркіх і гвалтоўных сацыяльных зменаў, такіх, як рэвалюцыя. Рэвалюцыянеры ў перадрэвалюцыйны перыяд і ў ходзе рэвалюцыі адзначаюцца вялікім прагматызмам і схільнасцю да мадыфікацыі ўласнае ідэалогіі. Закасцяненне адбываецца толькі разам з кансалідацыяй рэвалюцыйнай улады. Фархі падкрэслівае розніцу паміж ідэалогіяй і культурай. Культура адносіцца да розных, часта спрэчных сімвалаў, аповедаў, рытуалаў, светапоглядаў, на падставе якіх прымаюцца розныя стратэгіі індывідуальных дзеянняў. Ідэалогіі ж — вельмі ясна сфармуляваныя культурныя мадэлі, якія прапануюць адзін уніфікаваны адказ на людскія пытанні пра тое, як чалавек павінен жыць і дзейнічаць. У гэтым сэнсе яны творацца з мэтаю змены існуючых светапоглядаў і перакананняў 64. Больш дакладны падзел паміж доўгатрывалымі, ананімнымі і сацыяльна дыферэнцыяванымі культурнымі ідыёмамі і свядома распрацаванымі ідэалогіямі , якія фармулююць палітычна ангажаваныя дзейныя асобы дзеля пэўных мэтаў, праводзіць T. Скокпол65 . Джон Форан, уводзячы катэгорыю палітычнай культуры супраціву і апазіцыі , прапануе больш цэласны падыход да пытання. Калі даходзіць да далёка ідучай сацыяльна-эканамічнай змены, паасобныя часткі папуляцыі зазнаюць і інтэрпрэтуюць яе ў святле ранейшых вартасцяў і культурных арыентацыяў, уключаючы сюды ідэі нацыяналізму, сацыялізму, дэмакратыі, рэлігію і іншыя культурныя формы, закаранёныя ў грамадстве. На іх падставе розныя класы і сацыяльныя групы намагаюцца высветліць, што здарылася, і твораць палітычную культуру супраціву і апазіцыі ў адносінах да рэпрэсіўнай дзяржавы і яе замежных саюзнікаў. Культура супраціву і апазіцыі адыгрывае істотную ролю ў здольнасці грамадскіх рухаў да арганізацыі. Яна ўзнікае або актывізуец ца, каб патлумачыць працэс змены і мабілізаваць сацыяльную апазіцыю 66.

Насуперак пашыранай думцы, марксізм адыграў у інспіраванні рэвалюцыйных кааліцыяў зусім не такую вялікую ролю, як звычайна лічыцца. Пасля II сцусветнай вайны дзяржавы Трэцяга Свету сталі прадметам інтэнсіўных ідэалагічных пераконванняў з боку СССР і яго саюзнікаў. У выніку пераможных рэвалюцыяў камуністычныя рэжымы былі ўсталяваны ў В'етнаме, на Кубе, у Анголе і Мазамбіку. Аднак не марксізм быў тут ідэалогіяй, якая яднала рэвалюцыйныя рухі. Паварот да інкарпараванай з СССР ідэалогіі адбываўся пазней, калі ўмацоўваліся заваяванні рэвалюцыі і пачынаў будавацца новы рэжым. Сацыялістычныя ідэі, праўда, таксама адыгрывалі пэўную ролю67, аднак вырашальным быў нацыяналістычны дыскурс, звязаны з супрацівам знешняму кантролю. У працэсе дэкаланізацыі роля нацыяналізму была асабліва значнаю. Як піша Э.Гелнер (Gellner), „паўставаў нацыяналізм, які яднаў усіх нябелых жыхароў дадзенае тэрыторыі; тэрыторыі гістарычна выпадковай, якую выдзеліла толькі адміністрацыйная машына"68 . У імкненнях да незалежнасці шляхам рэвалюцыі нацыяналізм рабіўся свайго кшталту рэвалюцыйнай ідэалогіяй. Такая сітуацыя мела месца ў Анголе і Мазамбіку. Нягледзячы на палітычную і ваенную падтрымку, якую забяспечвалі тамтэйшым рэвалюцыйным рухам СССР і Куба, інкарпарацыі марксісцкай ідэалогіі ў гэтых краінах не адбылося. Яна была прынята ў большым маштабе толькі пасля перамогі рэвалюцыі 69.

Нацыяналізм адыграў таксама вельмі важную ролю ў працэсе рэвалюцыйнай мабілізацыі ў дзяржавах, якія фармальна заставаліся незалежнымі, але знаходзіліся ў розных формах палітычнай, эканамічнай і ваеннай залежнасці ад замежных дзяржаваў. Узнікае пытанне пра тое, што паноўная сістэма аблягчае чужынцам панаванне над краінай і яе эксплуатацыю. У меркаванні, што належыць змяніць такую сістэму, карэніцца адна з прычын ператварэння нацыянальных лозунгаў у рэвалюцыйныя. „Нацыянальная" і антысістэмная матывацыі робяцца неаддзельнымі адна ад другой70.

На Кубе Кастра мабілізаваў сваіх прыхільнікаў вакол лозунгаў нацыянальнай суверэннасці (якая разумелася як незалежнасць ад ЗША), сацыяльнай справядлівасці і свабодных дэмакратычных выбараў. У перадрэвалюцый ны перыяд і ў часе рэвалюцыі марксізм у ідэалогіі Руху 26 ліпеня адсутнічаў. Кастра займаў у дачыненні да нешматлікіх кубінскіх камуністаў непрыхільную пазіцыю. Толькі ў паслярэвалюцыйным часе, калі стасункі са Злучанымі Штатамі напружыліся, Кастра заключае саюз з СССР і прымае марксізм-ленінізм як афіцыйную дзяржаўную ідэалогію 71.

З нацыянальных лозунгаў зыходзіла сандынісцкая рэвалюцыя ў Нікарагуа. Міф Сандына, на які спасылаўся тамтэйшы рэвалюцыйны рух, паказваў яго як чалавека, што біў „gringos"72. Поруч з нацыяналізмам істотную ролю адыграла там тэалогія вызвалення, папулярная і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі73 .

У Іране ў перыяд рэвалюцыі роля ісламу аказалася меншаю, чым прынята лічыць. Апазіцыйны рух выказваў галоўным чынам незадаволенасць сацыяльна-эканамічнай палітыкай шаха і яго сувязямі з ЗША. Ісламская Рэспубліканская Партыя, якая ажыццяўляе ўладу ў Іране і цяпер, да падзення шаха Пехлеві не існавала 74. Большую ролю радыкальны іслам адыграў у Алжыры, дзе ён, поруч з антыфранцузскім нацыяналізмам, быў важным элементам культуры супраціву і апазіцыі 75.

У В'етнаме палітычная культура супраціву і апазіцыі спалучала ў сабе традыцыйныя вартасці незалежнасці і эгалітарызму, на якія наклаліся ідэалогіі нацыяналізму і сацыялізму. Попкін (Popkin), які даследаваў ролю сялянства ў в'етнамскай рэвалюцыі, заўважыў таксама, што яго мабілізацыя пайшла лепш, калі рэвалюцыянеры пачалі рабіць націск на лакальных мэтах і вартасцях , абяцаючы заплаціць адразу, а не на ідэалогію камунізму. Сяляне ігнаравалі маладых трацкістаў і камуністаў, якія спрабавалі арганізаваць іх вакол лозунгаў сусветнае рэвалюцыі 76.

Падчас кітайскай рэвалюцыі камуністы Мао, нягледзячы на прыняццё марксісцкае дактрыны, таксама адзначыліся немалым прагматызмам. Стратэгія арганізацыі рэвалюцыйнага руху з апораю на гарадскі пралетарыят была даволі хутка адкінута. Камуністы здабылі шырокую падтрымку ў кітайскім грамадстве дзякуючы лозунгам справядлівасці і сацыяльных рэформаў 77.

Патрабаванні нацыянальнае суверэннасці з'явіліся таксама, поруч з лозунгамі сацыяльна-палітычных рэформаў, пад час „Восені народаў" у Ўсходняй Еўропе. Галоўным дасягненнем дысідэнцкіх рухаў была рэабілітацыя нацыяналізму (патрыятызму) і ўключэнне яго ў прадэмакратыч ныя праграмы і рухі. Гэты дэмакратычны нацыяналізм стаў ідыёмам антыпартыйнай і антысавецкай мабілізацыі 78.

Тое, што марксісцкай дактрыне з яе нягнуткай прапагандаю кепска ўдавалася мабілізаваць масавы рэвалюцый ны рух, выразна відаць на прыкладзе Сальвадора, Гватэмалы, Перу і Філіпінаў. У Сальвадоры палітычная культура супраціву і апазіцыі спалучала ў сабе тэалогію вызвалення і марксізм-ленінізм. Радыкалізм рэвалюцыянераў, якія адкрыта прапагандавалі лозунгі класавай барацьбы, быў адной з істотных перашкодаў да мабілізацыі вышэйшых класаў на рэвалюцыйную справу. У Гватэмале і на Філіпінах рэвалюцыйныя рухі таксама прапагандавалі ідэалогію марксізму-ленінізму. У сваю чаргу ў Перу ідэалогія Sеndero Luminoso змяшчала ў сабе элементы марксізму і радыкальнага мааізму. Bа ўсіх гэтых выпадках спробы здабыцця шырокай грамадскай падтрымкі не прынеслі плёну79.

Найбольш істотную ролю ў мабілізацыі рэвалюцый ных рухаў XX ст. адыграў нацыяналізм. Пры існаванні разнастайных формаў залежнасці сацыяльную незадаволенасць лёгка было скіраваць на вялікую дзяржаву, заангажава ную ў гэтай краіне палітычна ці эканамічна. Марксізм натхняў перадусім рэвалюцыйных правадыроў. Калі нават ён не адыгрываў такое ролі, як нацыяналізм, у мабілізацыі знізу, то легітымізаваў рэвалюцыйныя памкненні.

Заключныя высновы

У XIX ст. у грамадскай свядомасці ўзнікла ідэалізацыя рэвалюцыі як праявы наскрозь пазітыўнай, утварыўся свайго кшталту міф рэвалюцыі 80. Абгрунтаванасць або нават абавязковасць рэвалюцыйнага шляху здзяйснення зменаў легітымізавалася ідэалогіяй марксізму. Толькі досвед наступных рэвалюцыяў, асабліва XX ст., пахіснуў гэты міф. Рэвалюцыі прыносілі эфекты, адваротныя тым, пра якія марылі рэвалюцыянеры: рэпрэсіі, новыя віды няроўнасці і несправядлівасці, пагаршэнне якасці жыцця. Замест прагрэсу наступаў рэгрэс. Ідэалізаваныя вобразы рэвалюцыяў былі ў выніку перагледжаны, прычым пачалі акцэнтавацца іх чорныя бакі81. Акрамя адмоўных наступстваў рэвалюцыяў XX ст., падзенню гэтага міфу паспрыяў эканамічны крызіс СССР і іншых камуністычных дзяржаваў. Гэты крызіс прывёў да дыскрэдытацыі марксізму, найбольш натхняльнай ідэалогіі XX ст. У 1989 г. мэтаю рэвалюцыянераў быў не прывід бяскласавага грамадства, а палітычна-эканамічная трансфармацыя ў напрамку дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Ранейшая ідэя рэвалюцыі „вычарпалася". Існуючыя дагэтуль камуністычныя дзяржавы, такія, як Кітай або В'етнам, таксама арыентуюцца на ўвядзенне рынку ў эканоміку, якая раней планавалася з цэнтру.

Эра рэвалюцыяў скончылася ў 1989 г. разам з падзеннем міфа рэвалюцыі і дэлегітымізацыяй марксізму. Рэвалюцыя перастала быць мэтаю грамадскіх рухаў апазіцыйнага характару. Эра рэвалюцыяў скончылася ў сэнсе падзення міфа рэвалюцыі, які натхняў рэвалюцыянераў амаль два стагоддзі. Гэта, аднак, не азначае, што ў будучыні рэвалюцыйныя выступы немагчымыя. Але будучыя рэвалюцыйныя правадыры не мецьмуць на мэце прывід бяскласавага грамадства.

Якая ідэалогія магла б у будучыні стаць падставаю мабілізацыі рэвалюцыянераў? Пасля 1989 г. зрабілася відавочным, што марксізм-ленінізм „вычарпаўся" і як дзяржаўная дактрына, і як аснова для мабілізацыі рэвалюцыя нераў. Гэтую апошнюю ролю надалей можа выконваць нацыяналізм або фундаментальны іслам, асабліва там, дзе існуе нейкая форма залежнасці ад замежнай вялікай дзяржавы. Пад асаблівай пагрозай знаходзяцца сістэмы дзяржаваў, моцна залежных ад Злучаных Штатаў. Такая сітуацыя выступае на Блізкім Усходзе, дзе ў некаторых дзяржавах палітычная залежнасць ад Злучаных Штатаў спалучаецца з моцным антыамерыканізмам тамтэйшых грамадстваў (Саудаўская Аравія, Пакістан). Патэнцыйныя рэвалюцыянеры маглі б тут з поспехам выкарыстаць нацыяналістычныя настроі. Цяперашнія палітычныя эліты ў Саудаўскай Аравіі і Пакістане маюць рашучую падтрымку Злучаных Штатаў. Адмова ЗША ад палітычнай актыўнасці на Блізкім Усходзе ў найбліжэйшай будучыні мала праўдападобная. Да такога павароту маглі б прывесці толькі эфектная ваенная параза і адмоўная грамадская думка ў ЗША. Беручы пад увагу палітычную нестабільнасць рэгіёну, мы не можам, аднак, выключыць распаду некаторых дзяржаваў у выніку збройнага канфлікту і адкрыцця такім чынам шляху для перамогі апазіцыі. Такая сітуацыя мела месца ў прааналізава ных Скокпол французскай, бальшавіцкай і кітайскай рэвалюцыях. Не выступала яна, аднак, у выпадку іншых рэвалюцыяў XX ст. Рэвалюцыям ў Мексіцы, на Кубе, у Іране ці ў Нікарагуа не папярэднічала ўцягванне гэтых дзяржаваў у збройны канфлікт. Шмат якія з арабскіх краін маюць аўтарытарныя палітычныя сістэмы, нягледзячы на існаванне дэмакратычных інстытутаў. Найбліжэйшы да неапатрымані яльнага рэжым функцыянуе ў Іраку. Сацыяльная падстава ўлады Садама Хусейна здаецца не мацнейшаю, чым у шаха Пехлеві перад выбухам рэвалюцыі ў Іране, але адзначаец ца значна большым маштабам рэпрэсіўнасці ў стасунку да грамадзянаў. Нягледзячы на антызаходнюю і на погляд варожую капіталістычнай мадэлі эканомікі прыхільнасць значнае часткі грамадскіх сіл і рухаў да адраджэння ісламу, мадэрнізацыйныя працэсы тут немагчыма ні павярнуць назад, ні затрымаць. Іх уплыў не абмяжоўваўся і не абмяжоўваецца сфераю толькі матэрыяльнаю. Апрача канстытуцыяў і парламентаў еўрапейскага ўзору і вызначанай у нацыянальных катэгорыях мадэлі дзяржаўнага суверэнітэ ту, паўсюль прымаюцца некаторыя еўрапейскія ідэалогіі, асабліва ж палітычнае разуменне паняцця народа, як у версіі ліберальна-патрыятычнай, так і ў адваротнай — версіі этнічнага шавінізму. Аднак найважнейшы і найбольш трывалы эфект інтэлектуальнага ўздзеяння Захаду — культ рэвалюцыі. Ідэя рэвалюцыі дасканала ўкампанавалася ў традыцыю ісламу. Гісторыя ісламу ведала мноства прыкладаў бунтаў і закалотаў, што вялі да звяржэння ўрада, а таксама правадыроў, якія запярэчвалі ўсёй сацыяльна-палітычнай сістэме. Права і традыцыя ісламу вызначаюць мяжу паслушэнства ўладарам і разглядаюць абставіны, у якіх уладар не можа чакаць лаяльнасці ад падданых і мусіць быць пазбаўлены ўлады з прычыны сваіх злоўжыванняў 82. 1989 год у свеце ісламу не быў успрыняты па-заходняму — як рэзкі разрыў з мінуўшчынай. Інкарпараваная з Захаду ідэя рэвалюцыі не страціла тут легітымнасці канчаткова. Яе ўключэнне ў традыцыю ісламу пры адначасовай нясхільнасці гэтай рэлігіі да секулярызацыйных тэндэнцыяў творыць у спалучэнні з нацыяналізмам падставу для ўтварэння сацыяльнай мабілізацыі знізу.

Лацінская Амерыка ў XIX і XX ст. характарызавалася вялізнаю палітычнаю нестабільнасцю, таму тут існуе доўгая традыцыя культуры супраціву і апазіцыі. У другой палове XX ст. існавала больш за дваццаць партызанскіх рэвалюцыйных рухаў83. Яны натхняліся тэорыяй foco, якую прапагандаваў Чэ Гевара (Che Guevara). Паводле яе, рэвалюцыянеры мусілі ствараць умовы, якія спрыяюць захопу ўлады. Каб прыспешыць момант выбуху рэвалюцыі, ім належала ствараць на вясковых тэрыторыях ачагі паўстання 84. Нягледзячы на актыўную дзейнасць, рэвалюцыйнаму партызанскаму руху ў шасцідзесятых і першай палове сямідзесятых гадоў не ўдалося дамагчыся рэвалюцыі ў ніводнай краіне Лацінскай Амерыкі. Калі тэорыя foco аказалася няўдалаю, была прапанавана альтэрнатыўная стратэгія перманентнай грамадзянскай вайны85. Абедзве канцэпцыі прадугледжвалі, што рэвалюцыянеры могуць самі стварыць умовы, неабходныя для выбуху і перамогі рэвалюцыі. На пачатку XXI ст., нягледзячы на заняпад эканомікі, рост беспрацоўя, карупцыі і злачыннасці ў Аргентыне, Балівіі, Эквадоры і Калумбіі, толькі ў гэтай апошняй краіне функцыянуе партызанскі рух Fuerzas Armadas Revolucionarias86. У Аргентыне, дзе эканамічны крызіс найглыбейшы, а легітымізацыя некаторых дзяржаўных інстытутаў пахіснулася, няма апазіцыйнае сілы, якая патрапіла б сфармуляваць рэвалюцыйныя задачы. Стабілізацыя дэмакратычных сістэмаў і адносна высокая ступень мадэрнізацыі значна аслабляе рэвалюцыйны патэнцыял гэтага рэгіёну. Развітая дэмакратыя забяспечвае адносна дастатковую колькасць формаў удзелу ў палітыцы і інстытуцыя нальнай бяспекі, якая не дае паставіць пад пытанне ўсю палітычную сістэму. Уключэнне паасобных краін у арганізацыю NAFTA, трэба думаць, прыспешыць эканамічнае развіццё, як гэта мела месца ў выпадку Мексікі.

Трансфармацыі 1989 г. ва Ўсходняй Еўропе заахвочваюць да рэфлексіі над будучыняй іншых камуністычных дзяржаваў. У арыентаваных на ўвядзенне ў эканоміку рынку Кітаі і В'етнаме адбываецца, паволі, але няспынна, „адкрыццё" палітычных сістэмаў. Развіццё рэфармаваных эканомік дало магчымасць адносна заспакоіць спажывецкія патрэбы грамадства, чаго не ўдалося рэалізаваць у эканоміках камуністычных дзяржаваў усходняга блоку з цэнтралізаваным планаваннем. Праўдападобна, павелічэнне абсягу эканамічнае свабоды будзе надалей пазітыўна ўплываць на абсяг свабоды палітычнай 87. Менш прасунулася ў працэсе рэфармавання эканомікі Куба. Фармаванне ўсё мацнейшае апазіцыі, пры тым, што рэжым працягвае настойваць на ідэалах рэвалюцыі, стварае ўмовы для патэнцыяльнае канфрантацыі. Тут магчымы некалькі сцэнарыяў. Калі ўлады наважацца на глыбейшыя эканамічныя рэформы, ад іх абсягу будзе залежаць, ці паўторыцца тут кітайская або ўсходнееўрапейская мадэль мірнай трансфармацыі і змены палітычнае сістэмы. Калі ўлада паспрабуе ўтрымаць статус-кво, ёсць верагоднасць канфрантацыі з ужываннем гвалту. Падобныя сцэнарыі магчымыя ў Паўночнай Карэі, але больш тут усё ж верагодная арыентацыя на кітайскую „мадэль".

Чарговая праблема для тэарэтыкаў рэвалюцыі — дзяржавы, што ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза. Некаторыя з іх маюць аўтарытарную палітычную сістэму, але разам з тым тут ёсць істотныя культурныя адрозненні ад дзяржаваў Лацінскай Амерыкі ці Блізкага Ўсходу.

У Беларусі сістэма ўлады мае характар аўтарытарнага рэжыму, у якім галоўную ролю адыгрывае нікім не кантраляваны прэзідэнт. Ён мае фармальныя і нефармальныя інструменты непасрэднага ўплыву на ўсе органы заканадаўчае, выканаўчае і судовае ўлады. Больш за тое, значэнне дэмакратычных інстытутаў — парламента і ўрада — тут маргіналізавана 88. Беларуская палітычная сістэма, аднак, — не тыповая неапатрыманіяльная дыктатура. Істотнай падставай улады прэзідэнта служыць лаяльная да яго наменклатура. Уключанасць эліт у структуру ўлады тут нашмат большая, чым, напрыклад, на Кубе Батысты ці ў Нікарагуа Самосы. Каб зрабіць немагчымым утварэнне ўнутры кіраўнічых кадраў групаў інтарэсаў, якія маглі б стварыць пагрозу для прэзідэнта, узнікла сістэма кантролю і пранікнення паасобных органаў улады. Такая сістэма кантролю асабліва важная для Лукашэнкі пасля вопыту апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі ўзнікла рэальная магчымасць, што кіраўнічая наменклатура выкажацца супраць яго. Цяпер прэзідэнт паставіў на правераных людзей, што выконвалі раней на палітычнай сцэне другарадныя ролі89. Не спрыяе рэвалюцыйнай мабілізацыі і нізкі ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці, а таксама адносна высокая грамадская падтрымка прэзідэнта. Для беларусаў Лукашэнка — не такі ненавісны ўсім дыктатар, якім быў для кубінцаў Батыста ці для нікарагуанцаў Самоса. Колькасная і арганізацыйная слабасць апазіцыі, яе нізкая грамадская падтрымка дадаткова аслабляюць фармаванне шматкласавай апазіцыі. Моцная палітычная, эканамічная і ваенная залежнасць Беларусі ад Расіі нагадвае некаторыя залежныя ад ЗША перадрэвалюцыйныя дыктатуры (Іран ці Нікарагуа) альбо залежныя ад метраполіі каланіяльныя дзяржавы (Алжыр, В'етнам, Ангола, Мазамбік). Падабенства, аднак, існуе толькі на погляд. У згаданых вышэй прыкладах грамадствы былі настроены супраць знешняга кантролю вельмі варожа. Апазіцыі ўдалося скарыстаць нацыяналістычныя настроі дзеля рэвалюцыйнае мабілізацыі. У Беларусі становішча адваротнае. Бальшыня грамадства — за актывізацыю працэсу аб'яднання ці нават злучэння Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву*. Істотныя фактары тут — культурная блізкасць абедзвюх дзяржаваў, пачуццё моўнай, рэліігйнай повязі, супольная гісторыя і настальгія па савецкіх часах, калі Беларусь была адной з найбольш развітых рэспублік. Прарасійскія настроі беларусаў дадаткова ўзмацняюцца афіцыйнымі СМІ і падпарадкаванай Маскоўскай патрыярхіі беларускай праваслаўнай царквою90 . Пасіўнасць грамадства ў дачыненні да ўладаў і інтэграцыі з Расіяй звязваецца і з адсутнасцю доўгай незалежніцкай традыцыі. Не існуе там і культуры супраціву і апазіцыі, аналагічнае польскай, венгерскай ці нават украінскай.

З іншых рэгіёнаў былога СССР небяспека рэвалюцыі найбольш рэальная ў краінах, якім пагражае ісламскі фундаменталізм. На Паўночным Каўказе (Дагестан) і ў Ферганскай даліне, якая належыць Узбекістану, Таджыкістану і часткова Кіргізстану, ужо шмат гадоў адзначаюцца праблемы з фундаменталісцкімі арганізацыямі. Шмат разоў даходзіла да ўзброеных дзеянняў на „рэлігійным" фоне. Гэта, сярод іншага, замахі і выкраданні людзей ва Ўзбекістане, арганізаваныя Ісламскім рухам Узбекістану, замахі ў Дагестане. Накладанне моцных ісламскіх традыцыяў, сацыяльных і эканамічных праблемаў (крызіс, беспрацоўе і да т. п.), дэмаграфічных (перанаселенасць і вялізны натуральны прырост), палітычных (дыскрымінацыя з боку цэнтральных асяродкаў, немагчымасць легальнай апазіцыйнай дзейнасці), этнічныя і рэгіянальныя канфлікты ствараюць проста ідэальныя ўмовы для выбуху „рэвалюцыі" 91.

Пераклаў Мікола Раманоўскі

 

1 Fukuyama F. Czy koniec historii? // Polityka. 1990. №. 7.

2 Fukuyama F. The West Has Won, in: http://www.guardian.co.uk/Archive/Article/0,4273,4274753,00.html

3 Гл.: Kuran T. Why Revolutions Are Better Understand Than Predicted // Debating Revolutions. Ed. by N. R. Keddie. New York, 1995. C.27—35; Ён жа, The Inevitability of Future Revolutionary Surprises // American Journal of Sociology. 1995. Vol. 100. №. 6. C. 1528—1551.

4 Skocpol T. States and Social Revolutions. New York, 1979. C. 4.

5 Greene T. H. Comparative Revolutionary Movements. Englewood Cliffs, 1974. C. 8—9.

6 DeFronzo J. Revolutions and Revolutionary Movements. Boulder, 1991. C. 8.

7 Huntington S. Political Order in Changing Societies. New Haven, 1968. C. 5.

8 Тамсама. C. 266.

9 Goldstone J. A. Revolutions and Rebellion in the Early Modern World. Berkeley, 1991.

10 Goldstone J. A. Population Growth and Revolutionary Crises // Theorizing Revolutions. Ed. by John Foran. London, 1997. C. 105—106.

11 Wolf E. Peasant Wars of the Twenties Century. New York, 1969; Greene T. H. Comparative Revolutionary Movements. C. 131—135.

12 Студэнцкія пратэсты 1968 г. у Заходняй Еўропе, Японіі і ЗША разглядаюцца некаторымі аўтарамі як рэвалюцыі (Wallerstein I. 1968, Revolution in the World-System // Theory and Society. 1989. Vol. 18. C. 431—449), але іх цяжка прызнаць за рэвалюцыі sensu stricto.

13 Feierabend I. K., Feierabend R. L., Nesvold B. A. The Comparative Study of Revolution and Violence // Comparative Politics. 1973. №. 3. С. 393—424.

14 Трэба, відавочна, памятаць пра розную ролю дзяржавы і яе інстытутаў у нацыятворчым працэсе і пра адрознасць гэтага працэсу ў розных грамадствах. Гл.: Radzik R. Formowanie siк narodуw w Europie œrodkowo-wschodniej // Kultura i Spoіeczeсstwo. 1993. №. 4. C. 17—34.

15 Goodwon J. State-Centered Approaches to Social Revolutions // Theorizing Revolutions,. E. by John Foran. London, 1997. C. 14.

16 Tilly C. From Mobilization To Revolution. Reading, 1978. C. 190—193.

17 Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions in the Contemporary Third World // Politics and Society. 1989. Vol. 17. №. 4. C. 495.

18 Dix R. H. Why Revolutions... C. 437.

19 Тэрмін „неапатрыманіяльны", грунтуючыся на веберавай канцэпцыі патрыманіялізму, увёў Сэмюэл Н. Эйзенштат. Гл.: Eisenstadt S. N. Revolution and the Transformation of Societies: A Comparative Study of Civilizations. New York, 1978. Гэтае паняцце часта ўжываецца ў грамадскіх навуках, між іншага для аналізу грамадстваў, якія зазналі рэвалюцыйныя трансфармацыі. Гл.: Goldstone J. A. The Comparative and Historical Study of Revolutions // Annual Review of Sociology. 1982. №. 8. C. 196—197; Goldstone J.A. Revolutions and Superpowers // Superpowers and Revolution. Ed. by J. R. Adelman. New York, 1986. C. 38—48; Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions..., C. 498—505; Snyder R. Explaining Transitions from Neopatrimonial Dictatorships // Comparative Politics. 1992. 24. №. 4. C. 370—399.

20 Шугарт выкарыстоўвае паняцце „султаністычны" ў дачыненні да сітуацыі, калі сацыяльная база рэжыму вузейшая, чым пануючы клас. Гл.: Shugart M. S. Patterns of Revolution // Theory of Society. 1989. V. 8. №2. C. 249—271. Гудвін і Cкокпал адносяць гэтае паняцце да крайняе формы неапатрыманіялізму. Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions... C. 498.

21 Wickham-Crowley T. A Qualitative Comparative Approach to Latin American Revolutions // International Journal of Comparative Sociology. 1991. V. 32. №1—2. C. 89.

22 Паняцце было ўведзена Аленам Рук'е (Alain Rouquie). Гл. яго: The Military and the State in Latin America. Berkeley, 1987. Ім карыстаецца і Т. Ўікэм-Кроўлі (T. Wickham-Crowley). Гл.: Understanding Failed Revolution in El Salvador: A Comparative Analysis of Regime Types and Social Structures // Politics and Society. 1989. V. 17. №. 4; A Qualitative Comparative Approach...; Elites, Elite Settlements, and Revolutionary Movements in Latin America // Social Science History. 1994. V. 18. №. 4.

23 Skocpol T. Reflections on Recent Scholarship About Social Revolutions and How to Study Them // Social Revolutions in Modern World. Cambridge, 1994. C. 305-308; Goodwin J. Colonialism and Revolution in Southeast Asia: A Comparative Analysis // Revolution in the World-System. Ed. by T. Boswell. New York, 1989. C. 59—78.

24 Eisenstadt S. N. Revolution and the Transformation... C. 274—298.

25 Midlarsky S. N., Roberts K. Class, State, and Revolution in Central America. Nicaragua and El Salvador Compared // Journal of Conflict Resolution. 1985. V. 29. № 2. C. 183.

26 Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions...C. 499; Goldstone J.A. Revolutions and Superpowers. C. 41.

27 Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions... C. 499—503.

28 Goodwin J. Colonialism and Revolution. C. 73.

29 Goodwin J. Old Regimes and Revolutions in the Second and Third Worlds // Social Science History. 1994. V. 18. №. 4. C. 594—596.

30 Foran J. Op. cit. C. 237—238, 240. Мусім зазначыць, што aдной з прычын палітычнай рэвалюцыі ў Партугаліі была незадаволенасць становішчам у калоніях. Аднак у канчатковым выніку лёс абедзвюх калоніяў вырашыла змена знешняе кан'юнктуры. Аналагічна ў Францыі — палітычны крызіс і ўзнікненне Пятай рэспублікі былі звязаны з падзеямі ў Алжыры.

31 Farhi F. State Disintegration and Urban-Based Revolutionary Crisis. A Comparative Analysis of Iran and Nicaragua // Comparative Political Studies. 1988. 21. №2. C. 241—245; Goldstone J. Revolutions and Superpowers // Superpowers and Revolution. Ed. by J. R. Adelman. New York, 1986. C. 46. Належыць, аднак, падкрэсліць, што дзеянні адміністрацыі Картэра ў абодвух выпадках не мелі на мэце звяржэння рэжымаў у Іране і Нікарагуа.

32 Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military Mobilization // World Politics. 1988. 40. № 2. C. 160.

33 Pakulski J. Rewolucje wschodnioeuropejskie // Kultura i Spoіeczeсstwo. 1991. № 3. C. 4—6; Verdery K. What Was Socialism and Why Did It Fall? // Debating Revolutions. Ed. by N. R. Keddie. New York, 1995. C. 221—243.

34 Goldfrank W.L. Theories of Revolution and Revolution Without Theory: The Case of Mexico // Theory and Society. 1979. . №.7. C. 148.

35 Foran J. The Comparative... C. 230.

36 Goldfrank W. Op. cit. C. 148—149; Foran J. A Theory of Third World Social Revolutions: Iran, Nicaragua, and El Salvador Compared // Critical Sociology. 1992. V.19. № 2. C. 10.

37 Сваё значэнне тут мела і перакананне міжнароднай грамадскай думкі, што эра каланіялізму скончылася і краіны Афрыкі і Азіі павінны здабыць незалежнасць.

38 Foran J. Op. cit. C. 239; DeFronzo J. Revolutions and Revolutionary Movements. Boulder, 1991. C. 137—140.

39 Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military. C. 159—160.

40 Bodenheimer T., Go R. The Reagan Doctrine: Third World Rollback, in: www.thirdworldtraveler.com/Ronald-Reagan/ReaganDoctrine-TWRollback.html; Jeane Kirkpatrick, Dictatorships and Double Standards: A Critique of US Policy, «Commentary». 1979. November.

41 Foran J. Op. cit. C. 47—250.

42 Skocpol T. States and Social Revolutions. У адным з пазнейшых артыкулаў Скокпал падкрэслівае адрозненні паміж „класічнымі рэвалюцыямі" ў Францыі, Расіі і Кітаі і рэвалюцыямі ў залежных краінах. Гл.: Skocpol T. Social Revolutions and Mass Military. C. 147—168.

43 Foran J. Op. cit. C. 235.

44 Гл.: Edwards L. The Natural History of Revolutions. Chicago, 1927; Petee G. The Process of Revolution. New York, 1937; Brinton C. The Anatomy of Revolution. New York, 1938; Hopper R. The Revolutionary Process // Social Forces. 1950. V. 28. №. 3; Johnson C. Revolution and the Social System. Stanford, 1964; Huntington S. Op. cit.

45 Wolf E. Peasant Wars of Twentieth Century. New York, 1969; Paige J. Agrarian Revolution: Social Movements and Export Agriculture in Underdeveloped World. New York, 1975; Scott J. The Moral Economy of Peasant. New Haven, 1976; Popkin S. The Rational Peasant: The Political Economy of Rural Society in Vietnam. Berkeley, 1979.

46 Moore B. Social Origins of Dictatorship: Lord and Peasant in Making of Modern World. Boston, 1966.

47 Roxborough I. Theories of Revolution: The Evidence from Latin America // London School of Economics Quarterly. 1989. V. 3. 2. C. 104; Goldfrank W. Op.cit. C. 154—157.

48 Paige J. Op. cit.

49 Wolf E. Op. cit.

50 Goodwin J., Skocpol T. Explaining Revolutions in the Contemporary Third World // Politics and Society. 1989. V.17. №. 4. C. 492.

51 Roxborough I. Op. cit. C. 105.

52 Гарадскі характар гэтых рэвалюцыяў падкрэсліваецца ў: Dix R. The Varieties of Revolution // Comparative Politics. 1983. №.15. C. 283—285; Dix R. Why Revolutions Succeed and Fail // Polity. 1984. №. 16. C. 434-435; Gugler J. The Urban Character of Contemporary Revolutions // Studies in Comparative International Development. 1982. №. 27. C. 60—73.

53 Gugler J. Op. cit. C. 62.

54 Barker C., Mooers C. Theories of Revolution in the Light of 1989 in Eastern Europe // Cultural Dynamics. 1997. №. 1. C. 25—27.; Dix R. Eastern Europe's Implication for Revolutionary Theory // Polity. 1991. V. 24. №. 2. C. 233.

55 Goodwin J. Colonialism and Revolution in Southeast Asia: A Comparative Analysis // Revolution in the World-System. Ed. by T. Boswell. New York, 1989. C. 61—67.

56 Джон Форан цвердзіць, аднак, што ў абодвух выпадках, нягледзячы на падтрымку шмат якіх сацыяльных асяроддзяў, да ўтварэння шырокай масавай шматкласавай апазіцыі не дайшло. Няўдача гэтая мелася вынікаць з большага сацыяльнага радыкалізму рэвалюцыйных рухаў у Гватэмале і Сальвадоры. Іх правадыры цвёрда трымаліся прынцыпаў марксісцкай дактрыны; гэта не дазваляла, між іншага, мабілізаваць вышэйшыя класы. Гл.: Foran J. A Theory of Third World Social Revolutions: Iran, Nicaragua, and El Salvador Compared // Critical Sociology. 1992. V. 19. № 2. C. 18; Foran J. The Comparative-Historical Sociology of Third World Revolutions. Why a Few Succeed, Why Most Fail // Theorizing Revolutions. Ed. by J. Foran. London, 1997. C. 248—249.

57 Foran J. Discourses and Social Forces. The Role of Culture and Cultural Studies in Understanding Revolutions // Theorizing Revolutions. Ed. by J. Foran. London, 1997. C. 203—226.

58 Skocpol T. States and Social Revolutions.

59 Гл. м. інш.: Goldstone J. Revolution and Rebellion in Early Modern World. Berkeley, 1991.

60 Скокпол прысвяціла гэтым падзеям асобны артыкул, дзе змякчыла сваю пазіцыю. Гл.: Rentier State and Shi'a Islam in Iranian Revolution // Theory and Society. 1982. V. 11. № 2. C. 265—303.

61 Гл.: Sewell W. Ideologies and Social Revolutions: Reflections on French Case // Journal of Modern History. 1985. V.57. №. 1. C. 57—85; Skocpol T. Cultural Idioms and Political Ideologies in the Revolutionary Reconstruction of State Power: A Rejoinder to Sewell // Journal of Modern History. 1985. V. 57. №.1. C. 89—96. Перадрук абодвух артыкулаў змешчаны ў працы: Skocpol T. Social Revolutions in the Modern World. Cambridge, 1994. C. 169—198, 199—209.

62 Foran J. Discoures and Social Forces. C. 203—205.

63 Farhi F. Ideology and Revolution in Iran // Journal of Developing Societies. 1990. V. 6. №.1. C. 99.

64 Тамсама. C. 99.

65 Skocpol T. Cultural Idioms and Political Ideologies in the Revolutionary Reconstruction of State Power: A Rejoinder to Sewell // Social Revolutions in the Modern World. Ed. by Theda Skocpol. Cambridge, 1994. C. 204—205.

66 Foran J. Discourses and Social Forces. C. 207—208; Foran J. Third World Social Revolutions. C. 9—10.

67 Катэгорыі сацыялізму і камунізму я трактую паасобку, хоць абодва гэтыя паняцці часта ўжываюцца наўзамен. Пішучы пра сацыялізм, буду мець на думцы такія элементы гэтай ідэалогіі, як роўнасць або сацыяльная справядлівасць, наяўныя ў камунізме, але таксама ў папулярнай у Лацінскай Амерыцы тэалогіі вызвалення.

68 Gellner E. Narody i nacjonalizm. Warszawa, 1991. C. 104.

69 Асабліва ў Анголе пасля рэвалюцыі распачалася інтэнсіўная саветызацыя краіны. Гл.: Colburn F. The Vogue of Revolution in Poor Countries. Princeton, 1994. C. 55—56, 84.

70 Kula M. Narodowe i rewolucyjne. Londyn, 1991. C. 150.

71 Foran J. A Comparative-Historical... C. 231; DeFronzo J. Op. cit. C. 173—175; Leiden C., Schmitt K. The Politics of Violence. Revolution in the Modern World. Englewood Cliffs, 1968. C. 198—200.

72 Kula M. Op. cit. C. 314.

73 Foran J. A Comparative-Historical… C.231—235, 237.

74 Farhi F. State Disintegration and Urban-Based Revolutionary Crisis. A Comparative Analysis of Iran and Nicaragua // Comparative Political Studies. 1988. V. 21. 2. C. 249—251.

75 Chaliand G. Revolutions in the Third World. Sussex, 1977. C. 72—74, 110.

76 Popkin S. The Rational Peasant: The Political Economy of Rural Society in Vietnam. Berkeley, 1979.

77 DeFronzo J. Op. cit. C. 79—80.

78 Pakulski J. Rewolucje wschodnioeuropejskie // Kultura i Spoіeczeсstwo. 1991. №.. 3. C. 6—8.

79 Foran J. A Comparative-Historical... C. 248—250.

80 Sztompka P. Rewolucja // Encyklopedia socjologii. T. 3. Warszawa, 2000. C. 295.

81 Тамсама. C. 295.

82 Lewis B. Europa a islam // Europa i co z tego wynika. Rozmowy w Castel Gandolfo. Warszawa, 1990. C. 292—294

83 Wickham-Crowley T. Guerrillas and Revolution in Latin America. A Comparative Study of Insurgents and Regimes Since 1956. Princeton, 1992.

84 Гэтая канцэпцыя прапагандавалася таксама Рэгісам Дэбрэем (Regis Debray) і шырока вядома як тэорыя рэвалюцыі Гевары-Дэбрэя. Wickham-Crowley T. A Qualitative Approach to Latin American Revolutions // International Journal of Comparative Sociology. 1991. 32. C. 91; Che Guevara E. Guerilla Warfare. Lincoln, 1985; Debray R. Revolution in the Revolution? New York, 1967.

85 Wickham-Crowley T. Op. cit. C. 91.

86 Ammann B. Forum. 2001. 52. №. 30—32.

87 Гл.: Friedman M. Kapitalizm i wolnoœж. Roz. 1. Warszawa, 1993.

88 Sadowski R. System wіadzy na Biaіorusi, in: http://uxa.osw.waw.pl/ramym.htm

89 Тамсама.

90 Wierzbowska-Miazga A. Republika Biaіoruœ czy republika biaіoruska? In: http://uxa.osw.waw.pl/ramy4.htm

91 Strachota K. Islam w krajach Wspуlnoty Niepodlegіych Paсstw, in: http://uxa.osw.waw.pl/ramym.htm

* Верагодна, блытаецца ідэя саюзу і зліцця Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву. За другі варыянт ніколі не было большасці беларусаў. Паводле апытання, праведзенага 1997 г. НІСЭПД, за Беларусь як „незалежную суверэнную дзяржаву" выказалася 85,4% рэспандэнтаў (Гл.: Дракохруст Ю., Фурман Д. Перипетии интеграции (Развитие процесса белорусско-российского объединения) // Белоруссия и Россия: общества и государства. Ред. Д.Е.Фурман. Москва, 1998. С.358). У 2001 г. падобнае апытанне засведчыла, што за саюз выступала каля 60%, а за зліццё — зноў меншасць беларусаў (Рэд.).