Новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі

Наталля Бандарэнка

Палітычныя і сацыяльныя перамены, што адбыліся ва Ўкраіне ў 1990-я г., з'явіліся непасрэднымі перадумовамі да ўзнікнення гістарыяграфіі, якую ўжо цяпер можна ахарактарызаваць як якасна новы этап у развіцці ўкраінскай гістарычнай навукі. Гэты этап быў абумоўлены не толькі зменамі палітычнай кан'юнктуры ва Ўсходняй Еўропе, але і развіццём самой навукі, яе тэорыі і метадалогіі.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія — з'ява складаная і дынамічная, у сувязі з гэтым яе аналіз няпросты. Наўрад ці ў цяперашні час можна поўна ахапіць гэтую з'яву. Задачы артыкула больш сціплыя — ахарактарызаваць асноўныя кірункі і праблемы, а таксама паказаць найбольш значныя працы ўкраінскіх даследчыкаў па гісторыі і філасофіі гісторыі.

Украінская палітычная сітуацыя мае свае асаблівасці, што робіць яе вопыт унікальным для гістарычных даследаванняў. Абвяшчэнне ў 1991 г. (паводле вынікаў усенароднага рэферэндума) незалежнасці Ўкраіны паказала няжыццяздольнасць савецка-марксісцкай парадыгмы айчыннай гісторыі. І не толькі ў дачыненні да камунізму (сацыялізму) як найвышэйшай фармацыі «сусветна-гістарычнага працэсу», але і ў дачыненні да тэорыі нацый, згодна з якой найвышэйшай формай нацыянальнага ўкраінства (як і іншых народаў, што ўваходзілі ў СССР) абвяшчалася новая супольнасць — «савецкі народ».

Разам з тым, не нашла пацвярджэння і тэорыя заснавальнікаў старой украінскай гістарыяграфічнай школы Міхайлы Грушэўскага, «народніцкай», заснаванай на культурна-этнічнай схеме. Як заўважыў Яраслаў Грыцак, «абвяшчэнне ўкраінскай самастойнасці перакрэсліла шмат тэорый» нацыягенэзу. З'явіўся моцны імпульс пошуку новых падыходаў, новых шляхоў у даследаванні ўкраінскай гісторыі. Цікавасць да ўкраінскай гісторыі выходзіць за межы ўласна ўкраінскай гістарыяграфіі. На гэтым акцэнтуе ўвагу Грыцак: «Гісторыя Ўкраіны з-за складанасці даследчыцкіх праблем..., багацця інтэлектуальных парадоксаў, якія патрабуюць тлумачэння, дзякуючы нераспрацаванасці мноства сюжэтаў набывае значную прывабнасць для сусветнай гістарыяграфіі» 1.

Пра гэта ж піша амерыканскі даследчык М.Хеген у межах дыскусіі 1995 г. «Ці ёсць ва Ўкраіне гісторыя?», адзначаючы асаблівасці ўкраінскай гісторыі: «Тое, што лічылася «слабасцю» ўкраінскай гісторыі або яе «дэфектамі», параўнальна з пададзенымі стандартамі еўрапейскіх краін на ўзор Англіі і Францыі, на самай справе зрабілася «сілай» новай гістарыяграфіі і ператварыла ўкраінскую гісторыю ў вельмі «мадэрнае» поле даследавання» 2.

Між тым, сітуацыя ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі характарызуецца, з аднаго боку, наяўнасцю даследаванняў, што ў асноўным належаць малодшаму пакаленню вучоных-гісторыкаў, якія не вызнаюць пэўных тэарэтыка-метадалагі чных пастулатаў, або прадстаўленых працамі археаграфічна га характару. З другога боку — за выключэннем прац, у якіх павярхоўныя змены тычацца пераважна гістматаўскай тэрміналогіі і некаторых новых сюжэтаў, — гутарка пойдзе перш за ўсё пра даследаванні ў рамках двух кірункаў.

Першы можна назваць «традыцыйным», які азначае вяртанне да пазітывізму і ўзыходзіць да школы заснаваль нікаў украінскай гістарыяграфіі ХIХ—ХХ ст. Уладзіміра Антановіча — Міхайлы Грушэўскага, сюды ўваходзіць таксама гістарыяграфія ўкраінскай дыяспары.

Другі можна назваць «мадэрнісцкім» («мадэрным»), зарыентаваным на метадалогію сучаснай еўрапейскай гістарычнай навукі. Абодвум кірункам уласціва рашучая адмова ад «гістарычнага матэрыялізму», на якім была заснаваная савецкая ўкраінская гістарыяграфія.

Для ўсіх найбольш буйных новых даследаванняў характэрна цікавасць да пытанняў метадалогіі і тэорыі. Ім прысвечаны асобныя працы або раздзелы ў манаграфіях. Да спецыяльных даследаванняў тэарэтыка-метадалагічна га плана належаць працы Міхаіла Брайчэўскага, Юрыя Паўленкі, Міраслава Паповіча, Наталлі Якавенкі, Яраслава Грыцака3 . Далей мы спынімся на характарыстыцы прац названых аўтараў і найбольш актуальных праблемах, якія абмяркоўваюцца ва ўкраінскай навуковай літаратуры.

З буйных гісторыкаў старой школы пасля рэпрэсій 1930-х г. актыўнымі дзеячамі на радзіме заставаліся Н.Палонская-Васіленка (1884—1973) і П.Дарашэнка (1882—1951), якія ў канцы вайны эмігравалі і прадоўжылі працу на Захадзе, ды львавянін І.Крып'якевіч (1886—1967), які цудам пазбегнуў рэпрэсій. Адраджаць навуку ва ўмовах цяжкага ідэалагічнага прэсінгу трэба было новаму пакаленню. Пераадольваючы догматы афіцыйнай гістарыяграфіі, арыгінальную канцэпцыю стварыў Міхаіл Брайчэўскі , навуковая біяграфія якога пачалася яшчэ ў пачатку 60-х г. ХХ ст.

Доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта Кіева-Магілянскай Акадэміі, правадзейны член Свабоднай украінскай акадэміі (ЗША) Міхаіл Брайчэўскі перш за ўсё вядомы як аўтар 10 манаграфій па старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі. Ён распрацаваў новы падыход да археалагічных крыніц, які ў яго працах набыў метадалагіч нае значэнне; пашырыў храналагічны дыяпазон іх выкарыстання да позняга Сярэднявечча. Яму належыць арыгінальная тэорыя этнагенэзу, распрацаваная вучоным з пазіцый гістарызму.

Адным з першых вучоных-гісторыкаў «шасцідзeсят нікаў» Брайчэўскі ўвёў паняцце раннекласавага грамадства ў дачыненні да славянскіх палітычных саюзаў плямён (анты, славены) перадкіеварускага перыяду. Менавіта з гэтых тэарэтычных пазіцый ім напісаны цяпер ўжо класічныя працы «Біля джерел слов'янської державності» (1964), а таксама манаграфіі «Коли і як виник Київ» (1963, дапоўненае выданне на расійскай мове 1964), «Походження Русі» (1968), «Анты» (1998), якія ўвайшлі ў яго «Вибрані твори»4.

Цэнтральнымі тэмамі навуковай творчасці прафесара Брайчэўскага можна лічыць канцэптуальнае асэнсаванне этнічнай гісторыі славян і праблему этнагенэзу ўкраінска га народа ў кантэксце ранняй гісторыі Ўкраіны. Стварэнне славянскіх народаў паказваецца не як міфічнае рассяленне «праславян» з нейкай міфічнай «прарадзімы» (хоць нельга адмаўляць і факт рэальных міграцый), а як паступовае ўцягванне ўсё новых і новых этнічных груп у працэс славянскай этнаганіі» 5.

Асаблівую цікавасць выклікае яго манаграфія «Конспект історії України» 6, у якой Брайчэўскі сфармаваў сваё бачанне ўкраінскай гісторыіі ад часоў палеаліта да перабудовы ў стройную гістарыясофскую канцэпцыю. Паводле Брайчэўскага, этнічнае развіццё Русі ішло па схеме: анты VI—VII ст. — пачатковая Русь VII—VIII ст. — Кіеўская Русь IX—XIII ст. Пазбягаючы спрашчэння этнагенетычна га працэсу, аўтар не ставіць знака роўнасці паміж антамі і сучасным украінскім народам. «Непасрэднымі продкамі ўкраінцаў былі не толькі плямёны чарняхоўскай культуры, але і насельніцтва Палесся — пазнейшыя драўляне і севяране» (плямёны чарняхоўскай культуры, паводле Брайчэўскага, — анты)7.

Пачатак украінскай дзяржаўнасці, на думку Брайчэўскага, вядзе нас менавіта ў анцкія часы. «Распад першай усходнеславянскай дзяржавы, зразумела, не азначаў ліквідацыі тых гістарычных умоваў, якія яе спарадзілі... Замест Анцкага царства на яго развалінах даволі хутка ўзнікае новае палітычнае ўтварэнне — значна большае і магутнейшае — Кіеўская Русь»8. «У першай палове ХI ст. ад агульнага стрыжня адгаліноўваецца новая этнічная супольнасць, якая кансалідуецца як беларуская народнасць. Яе тэрытарыяльнай асновай былі Полацкая, Смаленская і Пскоўская землі, а этнічнай асновай (субстратам) — пераважна балцкія плямёны, якія славянізаваліся ў часы зарубінецкай (II ст. да н.э. — II ст. н.э.) і кіеўскай (II ст. н.э. — V ст. н.э.) культуры. Такім чынам, славянская каланізацыя стварыла тут магутны суперстрат, якія пазначыў фінал этнічнага развіцця Паўночна-Заходняй Русі»9.

Згодна з канцэпцыяй Брайчэўскага, «у сярэдзіне і другой палове ХII ст. адбываецца аналагічны працэс этнічнай асіміляцыі фіна-ўгорскага насельніцтва Надволжаншчыны пад час славянскай каланізацыі паўночна-ўсходніх зямель (Растоўскай, Суздальскай, Мурамскай, Разанскай). Гэтыя землі паслужылі тэрытарыяльнай асновай фармавання расійскай народнасці» 10. Генетычнай базай фармавання ўкраінскага народа заставаўся, паводле яго меркавання, менавіта гэты першасны агульнарускі стрыжань.

На аснове сістэмнага даследавання пісьмовых, лінгвістычных і антрапалагічных крыніц ім створана новая канцэпцыя перадгісторыі, фармавання і ранняй эпохі Кіеўскай Русі. На гэтым шляху яму папярэднічаў толькі Міхайла Грушэўскі, працы якога былі забаронены ва Ўкраіне да «перабудоўчых» часоў.

У падручніку «Вступ до історичної науки», у аснову якога лёг курс лекцый, прачытаны Брайчэўскім ва універсітэце «Кіева-Магілянская Акадэмія», аўтар выкладае асновы новай канцэпцыі і метадалогіі сучаснай украінскай гістарычнай навукі, якая, на яго думку, патрабуе карэнных зменаў.

Даследчык з іроніяй піша пра савецка-марксісцкую канцэпцыю гісторыі Ўкраіны: «У савецкай гістарыяграфіі з'явілася спецыяльная тэорыя, заснаваная на перакананні, што гістарычнае мінулае можна канструяваць на свой густ і розум... Так фармавалася сітуацыя, з якой украінская гістарыяграфія падышла да сярэдзіны 80-х г. Сітуацыя, сутнасць якой «высочайше утверждена»..., а сам гістарычны працэс — суцэльны шэраг белых плямаў і рознакаляровых фальсіфікацый» 11.

Ужо ў першых сваіх працах Брайчэўскі ўзняўся да разумення складанай узаемасувязі паміж стадыяльна-заканамер ным і рэгіянальна-унікальным у славянскай гісторыі, пазбегнуўшы аднолькава ўласцівых савецкай навуцы фармацыйна га падыходу спрошчанага гістмату і патрыятычнага панславіз му. Стаўленне Брайчэўскага да марксізму — творчае, што выяўлялася, у першую чаргу, у яго «несавецкім» прачытанні «класікаў», якое выключала пошукі ў працах Маркса і Энгельса ілюстрацый да пэўных падзей. І хоць метадалогія Брайчэўска га не выходзіла за рамкі класічнага марксізму ў яго дэтэрміна цыі эканомікай усіх астатніх сфераў жыцця грамадства, у тым ліку і этнічнага развіцця, яго погляды былі пазбаўлены нават ценю дагматызму. Гэта адрознівае Брайчэўскага ад шматлікіх аўтараў, якія адмовіліся ад марксісцкай тэрміналогіі, але не вызваліліся ад уяўленняў гістмату (фармацыйнага падыходу, аналізу з пазіцый класавай структуры грамадства і г.д.). У новых умовах грамадскага развіцця ён не здрадзіў сабе і ў тым, што не перайшоў пад уплывам еўрапейскай гістарыяграфіі на «новую мову» навукі, застаўся арыгінальным мысляром.

Новы кірунак у філософіі гісторыі ўяўляюць фундаментальныя працы Юрыя Паўленкі — доктара навук, аўтара некалькіх манаграфій. Найбольш значныя з іх: «Передісторія давніх русів в світовому контексті», «Історія світової цивілізації» і «Пути и перепутья современной цивилизации» ў суаўтарстве з Ю.Пахомавым і С.Крымскім 12.

У працы «Передісторія давніх русів в світовому контексті» пададзена асэнсаванне старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі з новых метадалагічных пазіцый. Паўленка падсумаваў разуменне руху этнагістарычнага працэсу ў межах тэрыторыі сучаснай Украіны і сумежных рэгіёнаў ад старажытных часоў да ўзнікнення Кіеўскай Русі. Абавязковай умовай правядзення такога даследавання аўтар лічыць «бачанне месца славянскага і старажытнарус кага этнагенэзу ў сістэме сусветнай гісторыі» 13.

Так, у рамках перадгісторыі старажытных русаў аўтар разглядае пытанні фармавання і развіцця індаеўрапей скай і праславянскай супольнасці. Асаблівую ўвагу аўтар аддаў працэсу грамадскага развіцця славян і іх гістарычных продкаў у межах Лесастэпавай Украіны ў кантэксце асноўных мадэляў сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі першабытных і раннекласавых грамадстваў. Галоўным чынам гэта тычыцца раннедзяржаўных сістэмаў скіфа-антычнай і анцка-палянскай эпох. Паўленка таксама рэканструюе структуру праславянскага пантэону, аналізуючы рэлігійна-міфалагічныя ўяўленні старажытных славян. Комплексны, міждысцыплінарны падыход, характэрны для ўсіх даследаванняў гэтага гісторыка і філосафа, аб'ядноўваецца тут з сістэмным разуменнем заканамернасцяў поліварыянтнага развіцця старажытных славян.

Уяўляе цікавасць і праца Ю.Паўленкі ў суаўтарстве з Ю.Храмавым «Українська державність в 1917—1919 р. (історико-генетичний аналіз)»14 . У кнізе скрозь прызму альтэрнатыўнасці гісторыі асвятляецца пытанне пра страчаныя магчымасці Ўкраіны захаваць сваю дзяржаўнасць — гісторыя фармавання, развіцця і падзення першай у ХХ ст. украінскай дзяржавы, звязаных з гэтым сацыяльных працэсаў, культурных пераўтварэнняў і палітычных падзей.

У працы «Історія світової цивілізації» Паўленка стварае панараму сусветнай цывілізацыі праз сацыякультур нае развіццё чалавецтва ў яго цывілізацыйных і этнанацыянальных формах. Кніга з'яўляецца арыгінальнай спробай стварэння тэорыі і метадалогіі даследавання гісторыі, заснаванай на сучаснай філасофіі навуковага пазнання, у якой пераважае сістэмны падыход, фактарны аналіз, якія знайшлі найбольшае ажыццяўленне ў тэорыі сінергетыкі.

Нагадаем: сінергетыка — гэта канцэпцыя самааргані зацыі сістэм як такіх, у тым ліку і грамадства. Сінергетыч ны падыход да гістарычных даследаванняў замяніў ідэю абумоўленасці працэсу гісторыі эканамічным і вытворчым фактарамі шматфактарным аналізам. Згодна з гэтай тэорыяй гістарычны рух мае верагоднасны характар і заўсёды ўлучае ў сябе альтэрнатыўныя магчымасці. Гісторыя падпарадкоўваецца верагоднаснай логіцы. Паняцце «магчымасці» ў пэўныя моманты азначае больш, чым «закон» і «заканамернасць» 15.

Аўтар падкрэслівае, што «марксізм — як у яго класічным варыянце, так і, тым больш, у вульгарызаванай афіцыйнай інтэрпрэтацыі савецкай гістарыяграфіі — не здольны выконваць ролі базавай тэорыі культурна-гістарычна га працэсу. Але і заходняя філасофія таксама не можа прапанаваць якую-небудзь цэласную канцэпцыю культурна -гістарычнага руху, паколькі тэорыі нават такіх выдатных мысляроў, як М.Вэбер, А.Шпенглер, К.Ясперс, П.Сарокін або А.Дж.Тойнбі па-свойму не менш аднабаковыя, чым канцэпцыя К.Маркса. Яшчэ ў большай ступені гэта датычыць прац сучасных заходніх, у асноўным паўночнаамерыканскіх палітолагаў і сацыёлагаў, якім не хапае менавіта культурна-гістарычнага бачання развіцця чалавецтва» 16.

Асабліва важнай уяўляецца пазіцыя Паўленкі ў пастаноўцы задачы сучаснай метадалогіі. Яна, на яго думку, заключаецца не ў тым, каб, адмяжоўваючыся ад марксізма, прыняць нейкую альтэрнатыўную канцэпцыю, а ў тым, каб выйсці на распрацоўку новай цэласнай тэорыі культурна-гістарычнага працэсу праз сінтэз дасягненняў розных філасофскіх і навуковых школ, тэорыі, якая магла б функцыянаваць як тэарэтыка-метадалагічная аснова пазнання на ўзроўні канкрэтных дысцыплін культуралагіч на-гістарычнага цыклу. Гутарка ідзе пра прынцыпы «стадыяльнасці, полілінейнасці і цывілізацыйнай унікальнасці сацыякультурнага развіцця чалавецтва», на аснове якіх «ажыццяўляецца спроба абгрунтаваць і выкласці агульнае разуменне культурна-гістарычнай эвалюцыі, галоўнае — цывілізацыйнага працэсу», у адрозненне ад ўяўленняў пра адзінства сусветна-гістарычнага развіцця, прынятага ў гістмаце. На думку аўтара, «стадыяльны падыход асветніцкай і гегелеўскай філасофіі гісторыі, марксізму і эвалюцыянізму павінен быць дапоўнены бачаннем полілінейнасці шляхоў развіцця чалавецтва, сярод якіх найуніверсальнейшым з'яўляецца падзел заходняй і ўсходняй мадэляў эвалюцыі» 17.

Апрача таго ў кнізе асэнсоўваецца працэс фармавання сусветнай макрацывілізацыйнай сістэмы, асвятляецца пытанне пра прычыны захопу Новаеўрапейскай цывілізацыяй сусветнага лідэрства і інтэграцыі вакол яе іншых нацыянальных цывілізацый, якія трансфармаваліся, рэагуючы на «выклікі» з яе боку. Крытыкуючы састарэлыя палажэнні марксісцкай філасофіі гісторыі, Паўленка не адмаўляе самую ідэю аб'ектыўнай гістарычнай заканамернасці ў развіцці грамадства. На грунце ідэй А.Тойнбі (лакальная цывілізацыя) у працы развіваецца арыгінальны падыход да паняцця цывілізацыйнай сістэмы як самастойнай рэаліі надэтнічнага маштабу.

Цывілізацыйны падыход звязаны з асаблівай сістэмаўтваральнай роляй культуры — істотным кампанентам асэнсавання гісторыі. Гісторыя культуры з гістарыясофскім ухілам, якая яскрава выяўляе сучасныя навуковыя тэндэнцыі ў культуралогіі, пададзена ў кнізе філосафа, культуролага, гістарыёсафа, акадэміка Міраслава Паповіча . Як даследчык Паповіч арыентаваны на дасягненні сучаснай еўрапейскай навукі. Манаграфія «Нарис історії культури України» 18 заслугоўвае асаблівай увагі.

Кніга ўяўляе сабой нарыс гісторыі культуры Украіны, у якім галоўныя падзеі ўкраінскай гісторыі трактуюцца надзвычай карэктна і неартадаксальна. Глыбіню і энцыклапе дычнасць манаграфіі аўтар спалучае з лёгкасцю і займальнасцю падарожжа ў гісторыю культуры Ўкраіны, з вытанчаным стылем выкладу гістарычнага матэрыялу.

Прыхільнік антрапалагічнай канцэпцыі культуры, Паповіч трактуе культуру як комплекс характэрных матэрыяльных і духоўных дасягненняў грамадства, які ўлучае ў сябе не толькі розныя мастацтвы, літаратуру і філасофію, але і лад жыцця, сістэму каштоўнасцяў, традыцый і вераванняў. Таму ў манаграфіі паказана развіццё не проста разнастайных «галін культуры», але і інтэлектуальных працэсаў, грамадскіх (прававых і адукацыйных) інстытутаў. Варта адзначыць, што стрыжань арганізацыі матэрыялу — не гістарычна-падзейны, а светапоглядны. Уласна ўкраінская культурная гісторыя ў выкладзе Паповіча на кожным сваім этапе паказана ў сусветным ідэйна-культурным кантэксце.

Адмовіўшыся ад агульнапрызнанай дэфініцыі нацыі, аўтар пашырае гэтае паняцце, адкідваючы тэзіс пра ўкраінскую мову як неабходную прыкмету ўкраінскай культуры (а значыць, і трактоўку ўкраінскай культуры як перш за ўсё ўкраінамоўнай культуры этнічных украінцаў). Паповіч лічыць, што «для курса гісторыі культуры дастаткова канстатаваць, што пэўная супольнасць — можа, не такая знітаваная, можа, занадта крохкая, але супольнасць — існавала, а ў рамках яе жыла культура» 19.

Вырашаць пытанне, што з'яўляецца арганічным, а што не арганічным для ўкраінскай культуры, аўтар пакідае гісторыі, разглядаючы, па магчымасці, у цэласнасці ўсё тое, што належыць да культурнага фонду ўкраінскага народа. «Украіна — гэта заўсёды нешта большае, чым выключна ўкраінамоўная або ўкраінская па тэматыцы і сюжэту культура...» 20.

Прафесар Наталля Якавенка — яскравая прадстаўн іца новай украінскай гістарыяграфіі. Ёй належыць фундаментальнае даследаванне «Нарис історії України з найдавніших часів до кінця XVIII століття» 21, якому папярэднічае эсэ метадалагічна-тэарэтычнага зместу. У ім дэкларуецца прыхільнасць да ідэяў сучаснай еўрапейскай гістарыясофіі (М.Блок, Ф.Брадэль, сучасныя польскія гісторыкі Оскар Халецкі, Ена Сюч, Ежы Клачоўскі). Таксама, на наш погляд, прасочваецца ўплыў найноўшай расійскай тэарэтычна-метадалагічнай школы, перш за ўсё, блізкасць да пазіцый аднаго з найбуйнейшых яе прадстаўнікоў А.Гурэвіча.

Свае пазіцыі аўтар падкрэслівае, ідучы ад супрацьлеглага, папярэджваючы чытача, чаго ён не знойдзе ў яе кнізе: «Па-першае, гатовага адказу на ўсе пытанні: асабліва ў галінах, дзе пакуль няма распрацовак патрэбнага ўзроўню. Па-другое, ідэалізаванага набору гераічна-пат рыятычных прыкладаў: выхаваўчай мэце павінна служыць адпаведная папулярная літаратура, тым часам як абавязак навукі — не адварочвацца ад свайго адбітку ў люстэрку, нават калі яно не цешыць. Па-трэцяе, — спачування ультрапатрыятычным гіпотэзам з дылетанцкім адценнем, якога б вузла праблем яны не тычыліся — этнагенэзу, вытокаў пісьменнасці, дзяржаўных традыцый Запарожскай Сечы або яшчэ чаго-небудзь: такія рэчы маюць права на існаванне, але не ў навуцы, а побач з ёй — у спецыяльных друкаваных выданнях і з сваім колам прыхільнікаў» 22.

Метадалагічнае крэда Наталлі Якавенкі — антытэза пазітывізму класічнай украінскай гістарыяграфіі («народніцкаму» кірунку Грушэўскага і «дзяржаўнаму» кірунку Ліпінскага), а таксама савецка-марксісцкай гістарыяграфіі, якую яна лічыць своеасаблівай мадыфікацыяй апошніх. Яе даследаванні ў цэлым выкананы ў фарватары заходнееў рапейскай школы «Аналаў» і польскай гістарыяграфіі. Як даследчык яна ўпэўнена, што для таго каб рухацца наперад ад уяўленняў народніцкай традыцыі ХIХ ст. і гістматаўскіх пастулатаў, «трэба загаварыць мовай канца ХХ ст., мовай заходніх калег»23.

Разам з тым, недастатковае крыніцазнаўчае даследаванне ўкраінскай гісторыі, на думку Якавенкі, робіць немагчымым дастаткова поўнае выкарыстанне метадаў гэтых вучоных. Сваю гісторыю Ўкраіны аўтар піша як «гісторыю чалавека ў грамадстве» і лічыць немагчымым у цяперашняй сітуацыі «змяніць сучаснае ўяўленне пра гісторыю Ўкраіны» 24. Такая спроба, мяркуе яна, стане гіпатэтычна магчымай толькі пасля запаўнення тых лакун, якія да гэтага былі зусім не вывучаныя ці іх праблематыка ахутана застарэлымі, сфальсіфікаванымі або занадта «патрыятыч нымі» ўяўленнямі (паказальна, што да гэтых «лакун» належыць гісторыя вёскі і сялянства, гісторыя эканомікі і г.д.). Даследаванне грамадства, яго гісторыі не можа мець універсальных або папярэдне пастулаваных прынцыпаў. Бо сістэма, створаная «чалавечым матэрыялам», рэалізуе сябе праз канкрэтныя — заўсёды розныя ў часе і прасторы — учынкі людзей». Таму вывучэнне ўсёй сістэмы павінна пачынацца на ўзроўні індывіда — мікрагрупы, сацыяльнай праслойкі, стану і г.д. На больш агульным узроўні — гэта адмова ад звыклых ацэнак-вобразаў «суседзяў-захопнікаў», «падступных езуітаў» або «сваіх запраданцаў». Аўтар тлумачць шэраг крызісных перыядаў гісторыі Ўкраіны скрозь прызму глыбінных перамен у сістэме стэрэатыпных каштоўнасцяў.

Кірунак руху сучаснай гістарычнай украінскай навукі Наталля Якавенка бачыць у збліжэнні і дыскусіі з заходняй навукай. Найлепшым партнёрам тут, на думку аўтара, можа выступіць Польшча, вучоным якой цікава на аналагічным навуковым узроўні — у манаграфіях, кнігах, даследаваннях — «капаць» агульную гісторыю. Тут, несумненна, варта пагадзіцца, што менавіта ў сумеснай дыскусіі, у атмасферы ўзаемапавагі і добразычлівасці ёсць усе ўмовы для нараджэння ісціны.

Ідучы ад тэорыі да практыкі, Наталля Якавенка разам з Яраславам Грыцаком прыняла ўдзел у пачатым дзесяць гадоў таму Польскім навукова-даследчым інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы праекце, які прадугледжваў напісанне нацыянальных гісторый чатырох краін, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, з максімальна аб'ектыўнага і палітычна карэктнага пункту погляду. З гэтай мэтай украінскія, беларускія, літоўскія і польскія гісторыкі ў пошуках кампрамісаў праводзілі рэгулярныя сустрэчы і кансультацыі, абмяркоўваючы самыя важныя моманты агульнай гісторыі, знаходзячы як мага больш аб'ектыўныя інтэрпрэтацыі і ўзаемапрымальныя фармулёўкі. Вынікам гэтай працы стала публікацыя першых чатырох кніг 9-томавай гісторыі чатырох усходнееўрапейскіх краін — Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны — найноўшай гісторыі Польшчы Ганны Дылянговай і Ежы Клачоўскага і двух вядучых украінскіх гісторыкаў — Наталлі Якавенкі і Яраслава Грыцака25 .

***

Сярод украінскіх гісторыкаў існуе ходкае меркаванне, што ў бальшыні ўкраінскія даследчыкі пісалі гісторыю «страчаных магчымасцяў». Уладзімір Віннічэнка пасля прачытання чарговага фрагмента «Історії Україны-Руси» Грушэўскага запісаў у сваім дзённіку: «Чытаць украінскую гісторыю трэба з бромам, — да такой ступені балюча, прыкра, горка, сумна перачытваць, як няшчасная... нацыя толькі тое і рабіла за ўвесь час свайго дзяржаўнага (або дакладней: паўдзяржаўнага) існавання, як адбівалася на ўсе бакі: ад палякаў, рускіх, татараў, шведаў. Уся гісторыя — шэраг... паўстанняў, войнаў, пажарышчаў, голаду, набегаў, вайсковых пераваротаў, інтрыг... Не, украінскую гісторыю (чытаць) без брома, без валяр'янкі або добрай дозы філасофскага папярэджання нельга»26 .

У адрозненне ад такой пазіцыі Якавенка і Грыцак у сваіх працах сцвярджаюць прынцыповую нармальнасць украінскай гісторыі.

Яраслаў Грыцак — доктар гістарычных навук, аўтар манаграфій і шматлікіх артыкулаў, прысвечаных узнікненню і развіццю канцэпцый украінскай дзяржаўнасці ў канцы ХIХ—ХХ ст., аўтар палітычнай біяграфіі Івана Франка і манаграфіі, прысвечанай гісторыі фармавання сучаснай украінскай нацыі. З 1992 г. працуе дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў пры Львоўскім дзяржаўным універсітэце, чытае лекцыі ў Мічыганскім, Калумбійскім універсітэтах (ЗША) і ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце ў Будапешце.

У працы «Нарис історії України: формування модерної україньскоі нації ХIХ—ХХ ст.» Грыцак супастаўляе ўкраінскі гістарычны матэрыял з найноўшымі тэорыямі еўрапейскіх і амерыканскіх вучоных, аналізуе таксама праблему сучаснай украінскай нацыі. У кнізе Грыцака асвятляецца не проста гісторыя нацыянальнага руху з 1772 (першага падзелу Польшчы) да 1996 г., але і асноўныя праблемы найноўшай украінскай гісторыі, даецца новая трактоўка яе фактаў і падзей. Паводле яго меркавання, «Украіна 1991» не ўпісалася ў структурныя схемы, якія лічылі стварэнне нацый і нацыянальных ідэнтычнасцяў вынікам вялікіх сацыяльна-эканамічных зменаў, пазначаных у еўрапейскай літаратуры паняццем «мадэрнізацыя». Калі пагадзіцца з пастулатам гэтых тэорый, то ўкраінцаў у канцы ХХ ст. зусім не павінна было б быць, паколькі па большасці паказчыкаў украінцы сваю мадэрнізацыю прайгралі. І, як піша на гэты конт Арэст Субтэльны, «ва Ўкраіне мадэрнае было неўкраінскім і ўкраінскае было не мадэрным...» 27.

Гісторык В.Скуратоўскі адзначае, что ва Ўкраіне нацыянальнае станаўленне пачыналася ў ХVIII ст. з «гістарыяграфічнай, філалагічнай, этнолага-этнаграфічнай мабілізацыі ўсіх знакавых рэсурсаў... этнасу...»28 . Сучасны ўкраінскі нацыянальны рух фармаваўся таксама ў значнай ступені пад штандарам абароны ўкраінскай мовы, якая была ўзнята пад час гэтай барацьбы да статусу найважнейшай прыкметы ўкраінскай нацыі. Таму ў масавай свядомасці бытуе атаясамленне ўкраінцаў з тымі, хто гаворыць на ўкраінскай мове. Але відавочна, што сучасны «ўкраінскі праект» — вынік узаемадзеяння розных ідэалогій і палітычных рухаў (як ні парадаксальна, у тым ліку і прынцыповых праціўнікаў украінскай самастойнасці). Сучасная Ўкраіна не з'яўляецца стварэннем выключна нацыянальна свядомай інтэлігенцыі або вынікам дзеяння толькі ўкраінскіх масаў29.

Таму Яраслаў Грыцак ставіць пытанне пра сучасную ўкраінскую нацыю як палітычную структуру, хоць і не адмаўляе ролі этнакультурнага і моўнага фактараў. Украінская гісторыя ведае прыклады, якія дазваляюць выключыць этнічны характар украінскай нацыі або атаясамліваць яе з дзяржавай. Грыцак схіляецца да таго, што няма і не можа быць нейкага набору пэўных характарыстык, якія з'яўляюцца вызначальнымі для існавання нацыі. Спасылаючыся на вядомую сарбонскую (1882) лекцыю французскага гісторыка Э.Рэнана «Што такое нацыя?», Грыцак адзіным такім «адчувальным» фактарам называе «згоду і жаданне жыць агульным жыццём». Вызначальным для нацыі з'яўляецца не набор пэўных прыкмет, а суб'ектыўнае адчуванне членаў нацыі сваёй прыналежнасці да адной супольнасці... Сутнасцю нацыі з'яўляецца адчуванне самаўсведамлення. Яна можа страціць або змяніць свае вонкавыя прыкметы, не губляючы пры гэтым адчування жыццёвай унікальнасці таго, што робіць яе нацыяй»30 .

У пытаннях пра сучасныя нацыі аўтар абапіраецца на сучасныя англамоўныя даследаванні, часта яшчэ не выдадзеныя — машынапісныя і дысертацыйныя. У гэтых адносінах праца, паказваючы найноўшыя дасягненні заходняй гістарыяграфіі на тэму Ўкраіны, выконвае важную ролю пасярэдніка паміж дзвюма навуковымі культурамі. Разам з тым, апошнія дасягненні ў распрацоўцы тэорыі нацыягенэзу, або шырэй — этнагенэзу, у тым ліку і расійскіх, і ўкраінскіх вучоных (Ю.Брамлей, В.Генінг і інш.) выкарыстаны Грыцаком недастаткова 31. Гэтыя недахопы не змяншаюць значэння працы Грыцака; яго манаграфія, несумненна, — адна з значных з'яваў ва ўкраінскай гістарыяг рафіі апошніх дзесяці гадоў.

Пытанне пра сучасны стан гістарычных даследаванняў ва Ўкраіне, як і праблема далейшых шляхоў іх развіцця, абмяркоўваецца на старонках навуковых перыядычных выданняў і навукова-публіцыстычнай прэсы. У прыватнасці, ва «Ўкраінскім гуманітарным аглядзе», які рэдагуе Якавенка, пад крытычным поглядам апынулася новая літаратура апошніх двух гадоў. У часопісе, мэта якога — зрабіць нормай навуковага жыцця прафесійнае публічнае абмеркаванне прац па гісторыі, на высокім узроўні вядзецца навуковая дыскусія па самых розных аспектах гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. На дыялог і дыскусію зарыентаваны таксама такія выданні, як «Генеза», украінскі культуралагічны альманах «Хроніка 2000», «Дух і літера», «Київска старовина».

На старонках часопіса «Дух і літера», які выдае цэнтр Еўрапейскіх даследаванняў пры Кіева-Магілянскай Акадэміі, змяшчаюцца філасофскія, культуралагічныя і рэлігіязнаўчыя даследаванні ўкраінскіх вучоных, а таксама пераклады папулярных прац заходніх культуролагаў. Адно з апошніх выданняў часопіса — «Энциклопедия політичної думкі» (пад рэдакцыяй Дэвіда Мілера, Киеў, 2000). Спецвыпускі «Генезы» — «Філософські студії» — працягваюць гістарыясофскі кірунак «Генезы». Матэрыялы пасяджэнняў гістарычнай секцыі, якая адбылася ў рамках канферэнцыі (22—23 лістапада 2000 г.) «Гуманітарныя веды на парозе ХХI ст.», будуць апублікаваны ў адным з найбліжэйшых нумароў «Беларускага гістарычнага агляду».

Яскравым, крытычным і адкрытым асвятленнем палітычных і культурных падзей грамадскага жыцця адрозніваецца і штомесячнік «Крытыка», які прапануе чытачу і вучоным-даследчыкам ідэі і спосаб бачання, што прынцыпова адрозніваецца ад канонаў савецкай украінскай гуманістыкі. Дастаткова прыгадаць у гэтай сувязі дыскусію на старонках часопіса, выкліканую аглядам Аляксея Талочкі «The Good, the Bad and the Ugly»32. Яна адлюстравала стан не толькі гістарычнай дысцыпліны, але і шмат якіх іншых сфераў гуманістыкі. Талочка ўзняў пытанне наконт правамоцнасці картаграфічнага размяшчэння гісторыі Ўкраіны паміж Усходам і Захадам, нацыянальнай ідэнтычнасці, заснаванай на такой лакалізацыі, наконт самой магчымасці гісторыі, пабудаванай на наратыўным даследаванні. Яго пазіцыя постмадэрнізму ў гістарычным даследаванні, прыхільнікамі якога цяпер з'яўляюцца многія аўтары-пачаткоўцы, тычыцца непасрэдна і прац, пра якія ідзе гаворка і ў нашым нарысе (перш за ўсё Якавенка). Палеміка, у якую адразу ўвайшлі Якавенка, Грыцак, Галенка, закранула надзённыя праблемы ўкраінскай гістарыяграфіі, у тым ліку пераасэнсавання ўкраінскай ідэнтычнасці 33. Талочка вызначае сучасную даследчыцкую сітуацыю як «дзвюхвер'е», уласцівае гісторыкам, якія страцілі тэарэтычную недатыкальнасць, паспытаўшы ад дрэва постмадэрністычнай мудрасці. «Калі нас пытаюцца пра метадалогію, мы расказваем урок, вычытаны ў Дэрыды і Фуко; сеўшы за пісьмовы стол, адчуваем, што «намі» піша дух пазітывізму ХIХ стагоддзя, утрымліваючы ад метадалагічнага вар'яцтва» 34. Аўтар засцерагае ад выкарыстання мадэрнага і постмадэр нага гістарычнага інструментарыя, які правамоцны ў рамках сучаснай гістарычнай парадыгмы пры дэманстраванні старых канцэптуальных схемаў, але не падыходзіць для стварэння схемаў новых.

Несумненна, такая дыскусія карысная для далейшага развіцця абраных кожным з аўтараў метадалагічных шляхоў. Больш за тое, Якавенка адзначыла, што «скрупулёзны аналіз калегі акрэсліў ёй падсвядомую задуму ўласнай кнігі: стварыць гісторыю станаўлення ўкраінскай ідэнтычнасці» 35.

Цікавасць да гісторыі з боку ўкраінскай грамадскасці, якая заўважна павысілася ў апошняе дзесяцігоддзе, актуалізавала для прафесіяналаў-гісторыкаў пытанне пра сацыяльную ролю гістарычнай навукі, а для гісторыкаў Украіны — пра ролю гісторыі ў працэсе фармавання сучаснай нацыі. Адзін з сучасных тэарэтыкаў даследавання нацыяналізму сказаў, што «нацыянальныя гісторыкі маюць такія ж адносіны да стваральнікаў нацыі, як і сяляне, якія вырошчваюць мак, да гандляроў опіумам: у абодвух выпадках першыя даюць другім сыравіну» 36. На думку Грыцака, адной з сацыяльных функцый гісторыі застаецца фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, роля якой асабліва істотная ва ўсходнеславянскім рэгіёне, дзе многія народы, у тым ліку і ва Ўкраіне, не мелі сваёй дзяржаўнасці. «Гісторыя павінна даць чалавеку ўяўленне пра той спосаб, якім ён звязаны з сваім грамадствам і яго мінулым, і якія магчымыя наступствы адсюль вынікаюць» 37. Без усведамлення гэтага, лічыць Грыцак, немагчымы шлях як да стварэння нацыі, так і да дэмакратычнага грамадства, што ўзаемазвя зана і ўзаемаабумоўлена ў сучасных умовах. У гэтай сувязі ў навуковай літаратуры і гістарычнай публіцыстыцы ўкраінскімі гісторыкамі шырока абмяркоўваецца праблема гістарычнага нацыянальнага міфа. На гэты конт нямецкі палітолаг і гісторык Гергард Сіман, адзін з аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі Ўсходняй Еўропы, адзначае, што «шлях да дэмакратыі праз стварэнне нацыі, несумненна, не зусім бяспечны, але іншых шляхоў папросту няма»38.

На еўрапейскім Захадзе «этнас» рабіўся самастойнай палітычнай катэгорыяй — нацыяй — у канцы XVIII—XIX ст. Пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі галоўным фактарам, які кансалідаваў народ, стаў прынцып нацыяналь най пабудовы еўрапейскіх дзяржаў (кожнай нацыі — свая дзяржава). І калі ў Англіі, Францыі, Іспаніі гэты прынцып перамог, то на ўсход ад Рэйна сітуацыя не адпавядала гэтаму патрабаванню часу. Гэта адбілася і ў нацыянальнай міфалогіі: нацыянальныя ідэі дзяржаўных і недзяржаўных нацый адрозніваліся. Паводле словаў І.Гірыча, «пангерманізм Прусіі адрознівалі такія самыя рысы экспансіянізму і нецярпімасці, як і славянафільства дзяржаўных нацый палякаў і расіян. У той час як чэшская, славацкая, харвацкая, украінская, беларуская ідэі як варыяцыі славянафільства мелі больш талерантны характар, больш узважаныя адносіны да іншых нацый, што жылі на іх тэрыторыі. Кожная нацыянальная варыяцыя міфа, якая клалася ў аснову адпаведнай нацыянальнай ідэі, мела свае пэўныя адрозненні і асаблівасці» 39.

Сучасная нацыянальная міфалогія, паводле вызначэння культуролага А.Грыцэнкі, з'яўляецца нечым блізкім да «грамадзянскай рэлігіі» 40. Міфы не толькі ўплываюць на ідэалогію, але і інтэграваны ў яе і часам асаясамліваюцца з ёю. Апрача таго ў міфе заўсёды абсалютызуецца дабро, гераізуюцца і дэманізуюцца тыя або іншыя гістарычныя асобы, ствараюцца ўяўленні пра варожы лагер як носьбіт абсалютнага зла, ідэалізуюцца з'явы, да якіх імкнецца грамадства. Усе гэтыя асаблівасці міфа паспяхова выкарыстоўва юцца палітыкамі, якія ствараюць нацыянальны міф і ўкараняюць яго ў масавую свядомасць. Зразумела, гістарычны міф не мае нічога агульнага з акадэмічнай навукай. Але, прызнаючы за гісторыяй пэўныя выхаваўчыя функцыі, частка гісторыкаў прызнае і «права на існаванне» нацыянальнага міфа ва ўмовах фармавання сучаснай украінскай нацыі і дзяржаўнасці. Да прыхільнікаў такога меркавання належыць і Грыцак, які лічыць, што наяўнасць нацыянальных міфаў (як і спосабаў іх пераасэнсавання) — неабходны спадарожнік на шляху фармавання нацыі41. Неабходна пагадзіцца, што ні адзін народ свету на шляху свайго ператварэння ў нацыю не пазбегнуў «самаміфалагізацыі». «Гістарычная масавая свядомасць фармуецца праз уласныя каналы — сямейныя ўспаміны, сродкі масавай інфармацыі, папулярныя выданні — г. зн. праз тыя спосабы, на якія акадэмічная гісторыя не мае вырашальнага ўплыву»42 . Гэтая сфера міфалагізаваная ў найбольшай ступені.

Зусім відавочная сувязь нацыянальнага міфа з нацыянальнай ідэяй, нараджэнне якой звязана з старой украінскай гістарыяграфіяй. Упершыню выказаная лідэрамі Кірыла-мяфодзеўскага брацтва Т.Шаўчэнкам, М.Кастамаравым і П.Кулішом у 40-я г. ХIХ ст., яна ўключала таксама шэраг нацыянальных міфаў, якія ўзыходзілі яшчэ да вядомай ананімнай «Гісторыі Русаў». У яе аснове былі гістарычныя аргументы, якія давалі навуковыя абгрунтаванні для палітычнага супрацьпастаўлення двум галоўным прэтэндэнтам на авалоданне ўкраінскай тэрыторыяй: Польшчы і Расіі.

Гірыч, аналізуючы праблему, супярэчнасці нацыяналь нага міфа гістарычнай праўдзе, адзначае: «Польская гістарыяграфія гаварыла пра існаванне «гістарычнай Польшчы», пра сацыяльны мір паміж украінцамі і палякамі ў мінулым, пра цывілізатарскую місію польскай шляхты; расійская абапіралася на думку пра адзіны «рускі праваслаўны народ» ад Карпатаў да Камчаткі, пра тысячагадовую гісторыю ўкраінцаў і расіян, пра адзіную мову, «сапсаваную» толькі ў XIV—XVII ст. пад час польскага панавання» 43.

Сутнасцю ўкраінскай ідэі было абвяржэнне двух супрацьдзейных пастулатаў украінскай гісторыі, што сфармаваліся ў польскай і расійскай гістарыяграфіях, у адрозненне ад якіх падкрэслівалася самабытнасць і самастойнасць культуры, мовы, гісторыі народа. Сама назва «Ўкраіна» павінна была засведчыць этнічнае адрозненне ад расіян, хоць гістарычна ўкраінцы ў IX—XVIII ст. саманазываліся русічамі, русінамі, рускімі.

Адзначым: у сярэдзіне — канцы ХIХ ст. украінскія гісторыкі, у адказ на ціск пецярбургскай палітычнай эліты, лічылі ўкраінскім народам перш за ўсё просты народ. Эліта ў большасці была носьбітам польскай або расійскай нацыянальных культур. Такім чынам, ва Ўкраіне, побач з культам усяго нацыянальнага, сцвердзіўся і стаў часткай нацыянальнай ідэі тэзіс пра «бяскласавасць» украінскага грамадства. У выніку гэтае міфалагізаванае ўяўленне знайшло адбітак у вядомым супастаўленні В.Антановіча 44 ўкраінцаў з іх найбліжэйшымі суседзямі, згодна з якім палякам уласцівы прыроджаны арыстакратычны, расіянам — аўтакратычны, а ўкраінцам — дэмакратычны дух.

Украінская гістарыяграфія, якой яна склалася на пачатак ХХ ст., была заснавана на культурна-этнічнай схеме, што зводзіла ўкраінства да этнічных (у першую чаргу моўных) адрозненняў, і лічыла абарону гэтых адрозненняў найвышэйшай мэтай украінскага руху. Канцэпцыя Грушэўскага доўга заставалася найбольш уплывовай для наступных пакаленняў нацыянальных гісторыкаў, у тым ліку і сучасных. Як гісторык-пазітывіст з ухілам у сацыялогію, Грушэўскі аб'ектам гістарычнага даследавання лічыў народ, вырашальнымі фактарамі — тэрыторыю і этнас.

У канцы 90-х г. ХХ ст. узнавілася дыскусія па асноўных палажэннях канцэпцыі Грушэўскага, пачатая яшчэ Іванам Франко45. Дыскусія закранула ў першую чаргу тэрытарыяльнае бачанне Ўкраіны (каго лічыць «украінцамі»: прадстаўнікоў украінскага этнасу або прадстаўнікоў усіх этнічных груп, якія жылі на тэрыторыі Ўкраіны). Пад сумненне падпаў таксама фундаментальны тэзіс Грушэўскага аб народзе як адзіным героі гісторыі.

У 1920—80-я г. украінская гістарыяграфія паступова развівалася ў эміграцыі, у месцах кампактнага рассялення ўкраінцаў у Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі, а пасля Другой сусветнай вайны — у ЗША і Канадзе. На працягу 1920—60-х г. узнікалі навукова-даследчыя інстытуты ў Празе, Варшаве, Берліне, Парыжы, а з цягам часу ў Нью-Ёрку, Эдмантане і іншых гарадах. У бальшыні гэта паслядоўнікі народніцкага кірунку Грушэўскага або дзяржаўнай школы Ліпінскага.

Як уяўляецца, некаторыя іх погляды фармаваліся на аснове палітычных брашур Грушэўскага, які ўвёў у навуковы зварот некалькі міфаў, зыходзячы з прапагандысцкіх задач будаўніка нацыянальнай дзяржавы. Напрыклад, толькі ў палітычных брашурах Грушэўскі прыраўняў паняцці «анты» і «ўкраінскія плямёны», і ніколі не пісаў пра гэта ў «Історії Україны-Руси».

Фармулёўкі папулярных выданняў Грушэўскага, якія падтрымліваюць міф пра славянства (трыпольцы — таксама даўнія ўкраінцы), перайшлі нават у сур'ёзныя даследаванні дыяспары (А.Аглоблін, І.Лісяк-Рудніцкі, Н.Палонская -Васіленка).

Такім чынам, прысутнасць нацыянальнага міфа ў сучаснай гісторыі Ўкраіны — аб'ектыўная рэальнасць, паняцце «міф» шырока выкарыстоўваецца, і не толькі ў гістарычнай публіцыстыцы — яно стала прадметам спецыяльных даследаванняў 46.

Даследчая сітуацыя ва Ўкраіне характарызуецца абвостранай увагай да пытанняў метадалогіі, сярод якіх на першы план выступае праблема ўплыву суб'ектыўнага і аб'ектыўнага фактараў у даследаванні, альтэрнатыўнасці гісторыі, ролі асобы даследчыка, праблема пазнавальнасці гісторыі. Меркаванні разыходзяцца ад выяўленняў крайняга рэлятывізму да рацыяналізму з прызнаннем адноснасці ведаў у духу «адноснай і абсалютнай ісціны». Паказальнай з'яўляецца цікавасць да новых сюжэтаў, прысвечаных гістарычным біяграфіям, гісторыі палітычных элітаў ва Ўкраіне (Аляксей Талочка, Наталля Якавенка).

Яраслаў Грыцак, далучаючыся да свайго амерыканскага калегі Дэвіса, сцвярджае, што «добрыя гісторыкі павінны прызнавацца ў сваёй абмежаванасці. Найгоршымі гісторыкамі з'яўляюцца тыя, якія лічаць сябе свабоднымі ад якіх-небудзь перадузятых перакананняў» 47.

Зусім пераканальнай уяўляецца пазіцыя Грыцака і Якавенкі, што не вераць у магчымасць існавання якой-небудзь адзіна правільнай украінскай гісторыі, гэтак як і не вераць у магчымасць так званай аб'ектыўнай гісторыі. Не адвяргаючы неабходнасці імкнуцца быць максімальна аб'ектыўным у напісанні гісторыі, Грыцак лічыць, што празмерныя спробы «аб'ектывізаваць» гісторыю вядуць да яе абязлічвання і страты грамадскай цікавасці да яе. «Працы гісторыка павінны несці на сабе адбітак асобы аўтара, з яго моцнымі і слабымі бакамі... Галоўнае, каб гісторык дакладна ўсведамляў сваю мэту, якую ён ставіць пры напісанні або выкладанні гісторыі» 48.

Варта сказаць, што Якавенка стаіць на крайне рэлятывісцкіх пазіцыях у пытанні пра пазнавальнасць гісторыі. Неаднаразова паказвае на тое, што гісторык мае справу не з прадметам, які існуе фізічна, а з «канструктам ўласнага ўяўлення», лічыць, што пераадолець суб'ектыўную сутнасць гістарычнага пазнання можна толькі праз тлумачэнні логікі дзеянняў людзей мінулага і фактараў, якія іх абумовілі 49.

Разважаючы пра стан сучаснай украінскай навукі, нельга не абазначыць яе найбольш слабыя бакі. Сучасныя гісторыкі стаяць адной нагой на платформе старых канцэпцый, карыстаюцца старой тэрміналогіяй, але ў ацэнках падзей мяняюць «плюс» на «мінус». Ідзе засваенне новага факталагічнага матэрыялу, але тэарэтычныя палажэнні застаюцца няпэўнымі.

Варта таксама адзначыць катастрафічны недахоп спецыялістаў неўкраінскай гісторыі. Адзіная «замежная гісторыя», якая крыху развіваецца — гэта гісторыя Расіі. Галоўны рэдактар «Крытыкі» амерыканскі вучоны-славіст Рыгор Грабовіч характарызуе стан навукова-даследчага комплексу як калапс: «Інстытуты на месцах, Акадэмія Навук, як і Міністэрства адукацыі — усё гэта прадукты савецка-сталінскай сістэмы, якія паспяхова перажылі распад імперыі, іх саступкі новай рэальнасці... звяліся да пераменаў назваў...»50 .

Апрача таго, уплывае і такая спадчына савецкай сістэмы, як штучная ізаляванасць ад еўрапейскай навукі, няведанне замежных моваў, комплекс «правінцыйнасці». Таму ў нацыянальнай гісторыі вельмі часта гутарка ідзе не столькі пра распрацоўку новых інтэрпрэтацый, колькі пра элементарнае вызначэнне абгрунтаваных фактаў. У сувязі з гэтым узрастае роля археаграфічных даследаванняў.

Тым значней і яскравей на гэтым фоне вымалёўва юцца няхай яшчэ нешматлікія, але фундаментальныя даследаванні, якія ўвасабляюць новае разуменне гістарычна га працэсу, новае прачытанне ўкраінскай гісторыі. Гэтым працам і прысвечаны наш артыкул. Яны ілюструюць шэраг «прарываў» да сучаснай гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі і з'яўляюцца сведчаннем дынамічнага развіцця сучаснай украінскай гістарыяграфіі і гістарыясофіі.

1 Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. C.7.

2 Hagen M. Does Ukraine Have a History? // Slavic Review. Vol. 54. 1995. №3. P.670.

3 Брайчевський М. Вступ до історичної науки. Київ,1995; і спецыяльныя раздзелы ў яго ж манаграфіі «Походженне Русі» (Київ,1968) Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999; Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.

4 Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999.

5 Брайчевський М. Вступ до історичної науки. С.158

6 Брайчевський М. Конспект історії України. Київ, 1993.

7 Тамсама. С.39.

8 Тамсама. С.40.

9 Тамсама. С.162.

10 Тамсама. С.162.

11 Тамсама. С.5.

12 Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Пахомов Ю., Крымский С., Павленко Ю. Пути и перепутья современной цивилизации. Киев, 1999.

13 Павленко Ю. Передісторія давніх русів в світовому контексті. Київ, 1994, С.3

14 Павленко Ю., Храмов. Ю. Украінька державність в 1917—1919 рр. (історико-генетичний аналіз). Київ, 1995.

15 Пригожин Н., Стенгерс И. Порядок из хаоса. Новый диалог человека с природой. Москва,1986. С.163.

16 Павленко Ю. Історія світової цивілізації. С.12.

17 Тамсама. С.13.

18 Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999.

19 Тамсама. С.723.

20 Тамсама. С.5.

21 Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.

22 Тамсама. С.3.

23 Яковенко Н. Щоб рухатися вперед требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. № 9.

24 Тамсама.

25 Dyl№gowa H. Historia Polski 1795—1990. Lublin, 2000; Jakоwenko N. Historia Ukrainy do koсca ХVIII w. Lublin, 2000; Hrycak J. Historia Ukrainy 1772—1999. Lublin, 2000; Kіoczowski J. Historia Polski do koсca ХV w. Lublin, 2000.

26 Винниченко В. Щоденник // Київ.1990. №9. С.122.

27 Субтельний О. Україна: історія. Київ, 1993. С.5.

28 Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. №3—4. С.70.

29 Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.

30 Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. С. 11.

31 Химка І. Дві історії України // Критика. 1998. №7—8; Бромлей Ю. Очерки теории этноса. Москва, 1973; Генинг В. Этнический процесс в первобытности. Свердловск, 1970.

32 Толочко О. The Good, the Bad and the Ugly // Критика. 1998. №7—8.

33 Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика. 1998. №11; Галенко О. Українці мiж карасями та пiраньями // Критика. 1998. №11; Грицак Я. Східна європа як інтелектуальна конструкція // Критика. 1998. №11.

34 Толочко О. Свої своя не познаша // Критика.1998. №11.

35 Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика.1998. №11.

36 Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.

37 Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. С.3.

38 Simon G. Die Unabhдngigkeit der Ukraine als Folge der Anti-Revolution in Osteuropa // Ukraine: Gegenwart und Geschichte eines neuen Staates. Baden-Baden, 1993. S.376.

39 Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.49.

40 Гриценко О. „Своя мудрість". Національні мифології та „громадянська релігія" в Україні. Київ,1999.

41 Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. С.71.

42 Тамcама. С.67.

43 Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? С.50.

44 Антонович В. Три національні типи народні // Старожитності. 1992. №3. С.11.

45 Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. С.3.

46 Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. 1998. № 3—4; Гриценко О. „Своя мудрість". Національні мифології та „громадянська релігія" в Україні. Київ,1999; Гончаренко Н. Міфи в сучасних підручниках з историї України // Дух і літера. 1998. № 3—4; Яковенко Н. Кілька спостережень над модифікаціями україньского національного міфу в історіографії // Дух і літера. 1998. № 3—4; Мотиль О. Реконцептуалізація націй // Критика. 2000. №10 (36); Історична міфологія в сучасній українськії культурі. Київ, 1998; Герої та знаменітостї в українськії культурі. Київ, 1999 і інш.

47 Davies N. Тhe Misuderstood Victory in Europe // New York Review of Books. 1998. May 11. P.10.

48 Грицак Я Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. C.5.

49 Яковенко Н. Щоб рухатися вперед, требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. №9.

50 Грабович Г. Советізація української гуманістики // Критика. 1997. №2.

змест