POVOLNY, DANIEL. Operativni technika v rukou StB. Urad dokumentace a vysetrovani zlocinu komunismu. Praha, 2001. 112 s.

Прадметам даследавання аўтара стала сістэма выкарыстання аператыўнай тэхнікі службамі дзяржаўнай бяспекі Чэхаславакіі з 1948 да пачатку 80–х г. Дэфініцыю  „аператыўная тэхнікаён падае наступным чынам: гэтаабсталяванне, што рабіла магчымым незаўважны відэазапіс ахвяраў (патаемны светадрук, уласна відэазапіс і цікаванне з дапамогай відэакамеры), аўдыёзапіс (каротка–  і доўгатэрміновае сканаванне гукавай прасторы і праслухоўванне тэлефонаў), перлюстрацыя ліставання (механічная і хімічная праверка карэспандэнцыі), пранікненне ў замкнёныя памяшканні (тайны тэхнічны падгляд)“ (с.5). У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй выбудоўваюцца першыя сем раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму віду аператыўнай тэхнікі: 1. Каротка– і доўгатэрміновае сканаванне гукапрасторы. 2. Праслухоўванне тэлефону і тэлеграфу. 3. Тайны светадрук і відэазапіс. 4. Патаемны тэхнічны пад­гляд. 5. Перлюстрацыя ліставання. 6. Хімічная праверка карэспандэнцыі. 7. Фальшывыя пасведчанні асобы і фальшывыя пасведчанні наогул.

Усебакова апісваюцца спосабы ўжытку памянёных відаў аператыўнай тэхнікі. Не прамінуў аўтар і праблемы ейнага развіцця, выкліканага як простым тэхнічным удасканаленнем, так і адмовай ад „правальных“ метадаў, а таксама зменамі ў палітычнай сітуацыі (асабліва пасля 1968 г.).

Для аматараў дэтэктываў зазначу, што ў кнізе амаль няма канкрэтных прыкладаў (так бы мовіць, „з жыцця жучкоў“) — хіба толькі рэдкія ілюстрацыі складанага для разумення  тэхнічнага працэсу або вытрымкі з дырэктываў пасля „правальных“ акцыяў. Цікавымі шырокаму колу чытачоў могуць быць такія моманты, як апісанне спосабаў „камуфлявання“ розных прылад, каштарыс апаратуры, дэталяў, стужак, сведчанні пра тое, якія грошы з бюджэту былі выдаткаваныя на аператыўную тэхніку і інш. Асаблівую ўвагу аўтар аддае хімічнай праверцы ліставання, якая рабілася для выкрыцця агентаў з „варожых“ краінаў, а таксама з мэтай развіцця ўласных сродкаў тайнапісу. У 1960—1966–я г. гэткім чынам была нейтралізаваная дзейнасць 15–ці амерыканскіх і заходненямецкіх шпіёнаў. Паказальным чыннікам аператыўнасці і прафесіяналізму спецслужбаў аўтар лічыць надзвычайную складанасць выкрыцця: „палахлівыя“ агенты варожых краін свае цыдулкі шыфравалі, потым занатоўвалі праз сістэму тайнапісу і толькі пасля хавалі.

А апісанне сродкаў тайнапісу, якімі карысталіся самі чэшскія спецслужбы, магло б стаць някепскім практычным дапаможнікам для маладога канспіратара.

Асобна стаіць апошні, восьмы раздзел, прысвечаны выкрыццю Здэнекам Млынаржам сваіх „праслухоўшчыкаў“ у 1973—1974 г. Гэты выпадак падаецца аўтарам як прыклад „правалу“ ў змаганні з „унутраным ворагам“. Гэта, бадай, адзіны раздзел, у якім разглядаецца маральны аспект пытання: парушэнне правоў чалавека, нахабства супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Млынарж, абураны выпадкамі „ўмяшальніцтва ДБ у сваю асабістую і хатнюю свабоду“, скіраваў да тагачаснага міністра ўнутраных спраў ліст з патрабаваннем „сур’ёзнай размовы“, аднак яно было праігнаравана.

Праца Даніэля Павольнага, напрыканцы якой змешчана вялікая колькасць разнастайных табліцаў,  робіць здабыткам чытача недаступны раней фактычны матэрыял, у значнай ступені ўзяты з архіваў Міністэрства ўнутраных спраў Чэшскай Рэспублікі: дырэктываў, пратаколаў, статыстыкі і інш.

Таццяна Буйневіч
Мінск

змест