ГУЖАЛОЎСКІ, АЛЯКСАНДР А. Нараджэнне беларус-кага музея. Мінск, 2001. 124 с.;
ён жа, Музеі Беларусі (1918—1941 гг.) Мінск, 2002. 176 с.

Першая праца Аляксандра Гужалоўскага прысвечана станаўленню на беларускіх тэрыторыях музеяў як сацыяльнага інстытута. У кнізе разглядаецца развіццё ўсіх музеяў Беларусі ў рамках яе этнічных межаў, якія былі створаны да 1917 г. Чытач можа прасачыць працэс станаўлення беларускага музея ад з’яўлення прыватных збораў у XI—XIII ст. да пачатку арганізацыі сеткі дзяржаўных музеяў.

Структурна праца складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў і заключэння. Ва ўводзінах (с. 3—12) падаецца па­драбязны агляд айчынных ды замежных крыніц і гістарыя­графіі па тэме. Першы раздзел кнігі «Прыватнае збіральніцтва» (13–52) распавядае  пра фантастычныя беларускія калекцыі, першыя перадмузейныя зборы пачынаючы з эпохі Вялікага Княства Літоўскага да пачатку ХХ ст. Чытач можа знайсці інфармацыю пра дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Нясвіжскія скарбы, калекцыі Сапегаў, зборы Ганны Ябланоўскай, Канстанціна Тышкевіча, Канстанціна Тызенгаўза і г. д. Аўтар падкрэслівае, што на беларускіх землях існавала значная колькасць разнастайных калекцый, якія пазней папоўнілі фонды музеяў Беларусі, Расіі і Польшчы.

Другі раздзел «Музеі навучальных устаноў» (53—72) апісвае стварэнне першых музеяў пры некаторых свецкіх і духоўных навучальных установах Беларусі з канца ХVIII ст., што спрыяла зараджэнню адукацыйна–выхаваўчай сацыяльнай функцыі музея. У дадзеным раздзеле сабрана дакладная інфармацыя пра музеі ў Гарадзенскай медыцынскай акадэміі, Горы–Горацкам земляробчым інстытуце, духоўнай семінарыі ў Мсціславе і г. д. Акрамя таго, на пры­кладзе земскіх музеяў, нягледзячы на непрацяглы перыяд існавання земстваў, прасочваецца патрэба інтэлігенцыі ў музеях як сродку павышэння агульнакультурнага ўзроўню насельніцтва.

Апошні раздзел «Музеі навуковых устаноў» (73—104) распавядае пра складанне разнастайных калекцый з сярэдзіны ХIХ ст. Тут разглядаецца дзейнасць Тамаша Зана, а таксама Яўстафія Тышкевіча, які стаў ініцыятарам стварэння музея Віленскай археалагічнай камісіі. Таксама тут размешчаны даволі цікавыя звесткі  пра з’яўленне статыстычных і царкоўна–археалагічных музеяў ды іх працу. 

У заключэнні (105—106) аўтар падкрэслівае, што на развіццё музейнай справы на Беларусі паўплывалі складаныя сацыяльна–палітычныя і культурныя зрухі, наклалі адбітак адносіны Расіі і Польшчы. Напрыканцы кнігі размешчана табліца «Спіс музеяў Беларусі, заснаваных у дакастрычніцкі перыяд», дзе ёсць звесткі пра 51 музей, год заснавання, горад, ведамасную прыналежнасць і даступнасць для агляду публікай.

Другая кніга аднаго з вядучых музеязнаўцаў краіны з’яўляецца, па сутнасці, першай спробай комплекснага разгляду развіцця музейнай справы на Беларусі ў міжваенны час ад першых ініцыятыў Савецкай улады на ўсходніх землях да спынення музейнай дзейнасці ў 1941 г. На падставе шматлікіх як беларускіх, так і замежных крыніц аўтар дае грунтоўную і падрабязную характарыстыку музейнай справы таго перыяду і вызначае агульныя заканамернасці яе развіцця.

Варта адзначыць, што дасюль у айчыннай гістарычнай навуцы сустракаліся толькі асобныя публікацыі, прысвечаныя непасрэдна музейным установам, якія мелі ў большасці апісальны характар. Кніга Аляксандра Гужалоўскага стварае цэльную гістарычную карціну, комплексны навуковы аналіз дадзенай праблемы, не толькі асвятляе працэс станаўлення і развіцця музейнай справы ў міжваенны час, але і аналізуе грамадска–палітычную і сацыяльна–эканамічную сітуацыю, ва ўмовах і пад уплывам якой адбывалася музейнае жыццё.

Праца складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў і за­ключэння. Уводзіны (3—12) акрэсліваюць перыяды развіцця музейнай справы  і падаюць агульны агляд савецкіх, беларускіх і замежных выданняў і разнастайных архіўных крыніц, якімі карыстаўся аўтар.

Першы раздзел кнігі называецца «Дзяржаўныя музеі БССР» (13—68). Тут разглядаецца ўзнікненне і развіццё музейнага заканадаўства і органаў кіраўніцтва музейнай справай, стварэнне сеткі дзяржаўных музеяў у савецкай краіне, фармаванне прапагандысцкай і ідэалагічнай функцый музейных устаноў.

Другі раздзел працы «Грамадскія краязнаўчыя музеі ў БССР» (69—104)  паказвае ўздым і заняпад беларускага краязнаўчага руху ў міжваенны перыяд, з’яўленне края­знаўчых музеяў і арганізацый па каардынацыі іх дзейнасці, фармаванне выдатных калекцый па гісторыі краю і спыненне дзейнасці энтузіястаў у гады рэпрэсій, імкненне партыйных ідэолагаў вытравіць памяць людзей пра свае карані і традыцыі.

Апошні раздзел кнігі «Музеі Заходняй Беларусі» (105—141) дазваляе чытачу параўнаць развіццё музейнай справы дзвюх частак краіны, якія тады знаходзіліся ў складзе розных дзяржаў. Аўтар падкрэслівае, што ў дадзены перыяд музеі як у БССР, так і ў Заходняй Беларусі знаходзіліся ў досыць складаных умовах (у першым выпадку — партыйна–ідэалагічны ціск, у другім — пазбаўленне нацыянальнай афарбоўкі). У раздзеле грунтоўна распавядаецца пра дзейнасць і лёс Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, пра музейную справу ў Горадні, Пінску, Баранавічах, Слоніме, Наваградку і г. д.

У заключэнні (142—145) аўтар абагульняе і ацэньвае міжваенны перыяд, падкрэслівае, што, нягледзячы на ўсе складанасці  эканамічнага і ідэалагічнага характару, гэта быў час, калі выпрацоўваліся прававыя нормы музейнай справы, музеі спрыялі захаванню помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

Адметнасцю абедзвюх кніг з’яўляецца іх добрая ілюстраванасць. У дадатку да першай можна ўбачыць як партрэты вядомых беларускіх дзеячаў Яўхіма Храптовіча і Тамаша Зана, так і выявы экспанатаў і былых экспазіцый, будынкаў, дзе захоўваліся калекцыі. У дадатку да другой працы змешчана каля 20 ілюстрацый, прычым некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню. Сярод іх — фота­здымкі будынкаў і экспазіцый музеяў, вядомых музейных дзеячаў. Таксама тут прыведзена табліца «Музеі Беларусі, створаныя ў перыяд з 1917 да 1941 г.», дзе ёсць звесткі пра 81 музей, час іх заснавання, горад, ведамасную прыналежнасць і лёс калекцый.

Аддаючы своеасаблівую даніну пашаны рупліўцам культурнай спадчыны ў міжваенны перыяд, аўтар напрыканцы кнігі ў табліцы «Музейныя дзеячы Беларусі, пацярпелыя падчас рэпрэсій 1930–х г.» падае сціслыя звесткі пра музейных дзеячаў Беларусі, якія сталі ахвярамі сталінскага тэрору. У спіс патрапілі як агульнавядомыя імёны, так і прозвішчы кіраўнікоў рэгіянальных краязнаўчых музеяў.

Вольга Коваль
Мінск

змест