Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 гг. Тель–Авив, 2000. 432 с. 2 карты.

Хоць даследчык Даніэль Раманоўскі назваў кнігу Л. Смілавіцкага першай навуковай працай па гісторыі катастрофы яўрэяў у Беларусі, напісанай на расійскай мове (с. 7), гэта не адпавядае рэчаіснасці. Дастаткова  згадаць кнігу Яўгена Розенблата ды Ірыны Яленскай „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ (Берасце, 1997), кандыдацкую дысертацыю Я. Розенблата „Нацысцкая палітыка генацыду ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва заходніх вобласцяў Беларусі (1941—1944 г.)“, абароненую 28 студзеня 2000 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама шэраг навуковых прац М. Батвініка, Э. Іофэ, Р. Чарнаглазавай ды іншых даследчыкаў. Разам з тым, праца „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ з’яўляецца значным унёскам у вывучэнне дадзенай праблемы. Гэта своеасаблівы летапіс гісторыі нацысцкай палітыкі генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў гады II су­светнай вайны.

Чым жа кніга Л.Смілавіцкага адрозніваецца ад папярэдніх даследаванняў па гісторыі катастрофы на беларускай зямлі?

Па–першае, шырэйшай базай крыніц. Гэта архівы Беларусі, Расіі ды Ізраіля, энцыклапедыі гэтых краінаў, а таксама Вялікай Брытаніі і ЗША, зборнікі дакументаў і матэрыялаў, манаграфіі, кнігі, брашуры, часопісныя і газетныя артыкулы на іўрыце, рускай, беларускай і англійскай мовах.

Па–другое, прадметам даследавання. У кнізе Л.Смілавіцкага ім сталі такія тэмы, якія яшчэ адмыслова не вывучаліся. Гаворка ідзе пра змены ў дэмаграфічным балансе рэспублікі, пра дапамогу і выратаванне яўрэяў нямецкімі вайскоўцамі, пра лёс дзяцей у гады акупацыі, пра канфіскацыі яўрэйскай маёмасці, пра сямейныя лагеры і атрады, пра яўрэяў і палякаў сярод беларускіх партызанаў, пра антысемітызм у партызанскім руху. Усе сюжэты Л. Смілавіцкі даследуе даволі грунтоўна і глыбока. Так, разглядаючы лёс дзяцей у гады акупацыі, ён акцэнтуе ўвагу на такіх ключавых праблемах, як статус і становішча дзяцей у пачатку вайны, дзеці ў гета, выратавальнікі дзяцей, антысемітызм і дзеці, дзеці ад змяшаных шлюбаў, паводзіны неяўрэйскіх сем’яў, адрозненне статуса яўрэйскіх дзяцей ад неяўрэйскіх, колькасць ахвяраў сярод дзяцей, уплыў катастрофы на лёс дзяцей.

Па–трэцяе, аўтар кнігі зрабіў сур’ёзную спробу вывучэння такой важнай тэмы, як увекавечанне памяці ахвяраў генацыду. На падставе аналізу шэрагу крыніцаў ім складзена арыгінальная табліца „Мемориальные комплексы, памятники и памятные знаки жертвам Холокоста в Белоруссии, установленные в 1945—1999 г.“.

У рэцэнзаваным даследаванні прыведзены цікавыя табліцы, малавядомыя фотаздымкі, іменны і геаграфічны паказнікі, а таксама слоўнік асноўных выкарыстаных тэрмінаў і імёнаў.

Аднак праца Л. Смілавіцкага не пазбаўлена і пэўных недахопаў.

Выклікае пярэчанне структура кнігі. Ёй не хапае цэласнасці і лагічнасці. Так, у сярэдзіне матэрыялу „Яўрэі і палякі сярод беларускіх партызанаў“ змешчаны звесткі (не зусім дакладныя) пра яўрэяў — камандзіраў і камісараў, начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў і брыгадаў (134—137). У чытача можа з’явіцца пачуццё, што Л. Смілавіцкі стараўся ўціснуць у кнігу ўсё, што ёсць у яго па „яўрэйскай“ тэме. Навошта ў працы пра катастрофу беларускіх яўрэяў даваць спісы кіраўнікоў абшчын Аб’яднання яўрэйскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (паміж іншага, правільная назва — Саюз беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — Э.І.), яўрэйскіх арганізацый у Мінску і кіраўнікоў абшчын Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі (пададзеных у змесце як „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Беларусі“ і „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Ізраілі“) (389—393). У выніку ў працы дастаткова другаснага, таго, што не датычыць тэмы даследавання, паўтораў тых самых фактаў.

Навуковую значнасць даследавання зніжаюць шматлікія недакладнасці. Так, на с. 356 Л.Смілавіцкі змяшчае спіс сакратароў падпольных абласных камітэтаў КП(б)Б — яўрэяў. У сапраўднасці, з трох чалавек у гэтым спісе, толькі адзін — Каган В.Я. — быў яўрэем. Але ён быў сябрам падпольнага абкама партыі, а не сакратаром. Адкуль, з якіх крыніцаў аўтар кнігі ўзяў звесткі, што сакратары Мінскага падпольнага абкама партыі Раман Навумавіч Мачульскі і Іосіф Аляксандравіч Вельскі — яўрэі? Мне дакладна вядома, што яны не яўрэі. Мачульскі і Вельскі па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспулікі Беларусь у сапраўднасці беларусы.

Нямала фактычных недакладнасцяў дапушчана ў спісе яўрэяў–кіраўнікоў партызанскага руху. Назаву толькі некалькі. На якой падставе ў яго ўключаны камандзір партызанскай брыгады ім. Панамарэнкі, што ўваходзіла ў свой час у склад украінскага паліцэйскага батальёна, Сямён Ганзенка (137), камандзір Трэцяй Беларускай партызанскай брыгады Аркадзь Марчанка, камандзір 210–га асобнага атрада 1–й Асіповіцкай брыгады Дзмітры Барысавіч Шрэйн (135 — 136)? Прозвішча камандзіра партызанскага атрада Мукацэр, а не Мукацаў, як пададзена на с. 134.

Выклікае шкадаванне, што недарэчныя фактычныя недакладнасці бяруць пачатак ужо з першых старонак рэцэнзаванай кнігі. Так, у матэрыяле „Ад аўтара“ (с. 13) даводзіцца, што паўстанне ў Клецкім гета адбылося 21 ліпеня 1943 г. У сапраўднасці яно было 21—22 ліпеня 1942 г. На гэтай жа старонцы адзначана, што ў верасні 1942 г. адбылося паўстанне вязняў гета ў Тучынцы. Але гэта тэрыторыя Ўкраіны, а не Беларусі. На с. 339 сцвярджаецца, што гістарычна–дакументальная хроніка „Памяць“ Бярэзінскага раёна пабачыла свет у 1987 г. Гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо яна не выдадзена да цяперашняга часу і толькі зусім нядаўна пачалася падрыхтоўка да яе напісання. У некаторых месцах няма спасылак на выкарыстаную літаратуру.

Не магу пагадзіцца з меркаваннем арганізатара паўстання ў Нясвіжскім гета, вядомым ізраільскім навукоўцам Шаломам Халяўскім, што „постсавецкія гісторыкі, нягле­дзячы на адкрытыя для іх архівы, не падрыхтаваныя да сапраўднага асвятлення падзеяў“ (388).

І ўсё ж выхад у свет кнігі Л.Смілавіцкага „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ — значная падзея ў навуковым жыцці і Беларусі, і Ізраіля. Гэта вынік шматгадовай працы і актыўных навуковых пошукаў, які пад­штурхне да комплекснага, усебаковага вывучэння катастрофы яўрэяў на беларускай зямлі ў час апошняй вайны, паспрыяе больш аб’ектыўнаму вывучэнню гісторыі беларускіх яўрэяў ды іх адносін з беларусамі і палякамі ў 1941—1944–х г.

Эмануіл Іофе
Мінск

змест