Turonek, Jerzy. Ksiazka bialoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Slawistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.

Першая праца прысвечана гісторыі беларускай кнігі ў міжваеннай Польшчы. Адна з падставовых задачаў аўтара — складанне магчыма поўнага каталогу беларускіх выданняў y II Рэчы Паспалітай, што i было выканана. Гэты каталог, пададзены ў Aneksie напрыканцы кнігі, прадстаўляе 446 пазіцый (складальнік, аднак, не ўлічвае календары, улёткі, выданні, меншыя аб’ёмам за 4 старонкі, выдавецкія каталогі i да т.п.). Кнігі i брашуры размешчаны паводле года выдання i з указаннем падставовых характарыстык: аўтара, загалоўка, выкарыстанага алфавіта, жанравае прыналежнасці, выдавецтва і друкарні, аб’ёму i накладу.

Асноўны тэкст кнігі складае апісанне беларускага кнігавыдавецтва ў міжваеннай Польшчы як з’явы, з паданнем выдаўнічага i тэматычнага аналізу публікаванае літаратуры. Гісторыя беларускай кнігі паказана дынамічна, y сваім развіцці i ў лагічнай сувязі са зменнай палітыкай польскага ўраду ў адносінах да беларускае нацменшасці; шмат увагі аддадзена канфіскацыям накладаў, чаму ўласна прысвечаны асобны раздзел. Несумненнай заслугай аўтара трэба лічыць тое, што ён не толькі звярнуў адмысловую ўвагу на колькасць выдаваных асобнікаў, але і знайшоў спосаб вызначыць яе для вялікага шэрагу выданняў (наклад з’яўляецца, бадай, найскладанейшай для вывучэння характарыстыкай кнігі ў большасці перыядаў ейнае гісторыі).

Д–р Туронак дапаўняе свой тэкст паказаннем факта­графічнага матэрыялу ў форме табліцаў, што, безумоўна, да­зваляе падаць матэрыял y сціслай і, разам з тым, больш «празрыстай» форме. Аднак y такім падыходзе часам крыецца небяспека разбежнасці паміж тэкстам i табліцамі, асабліва калі апошнія складаліся не ў адзін час з пісаннем кнігі. На жаль, гэтае небяспекі не ўнікнуў i спадар Туронак, i ў яго падобныя разбежнасці можна сустрэць некалькі разоў. Як прыклад прывяду крыптанім кс. Яна Семашкевіча «J.S.», які Туронак y табліцы псеўданімаў і крыптанімаў не падае, хоць, несумненна, ведае, бо на с.35 сярод іншых выданняў Семашкевіча пералічае i перакладзены ім Ruїaniec Najњviaciejљaj Dziewy Мarуі, які быў менавіта так падпісаны.

Яшчэ адна рэч, якую можна закінуць рэцэнзаванай кнізе (тым разам, аднак, ужо не ейнаму аўтару, a выдаўцам) — гэта часам сустраканая друкарская нядбаласць выдання. У шэрагу месцаў (пр., на с.18) неапраўдана ўжыты розныя памеры шрыфту: абзац пачынаецца адным шрыфтам, a праз некалькі радкоў, часам нават пры пераносе слова, працягваецца буйнейшым. У некалькіх месцах таксама (25, 38) замест паслядоўных парадкавых нумароў y дачыненні да розных катэгорый літаратуры прастаўлены толькі рымскія адзінкі.

У цэлым жа кніга пакідае вельмі станоўчае ўражанне. Хацелася б бачыць яе выдадзенай па–беларуску з увагі як яе неаспрэчнай навуковай каштоўнасці, так i дзеля таго, каб яна служыла ўзорам, як пішуцца «традыцыйныя» працы ў галіне бібліялогіі.

Для другой працы даследчыку ўдалося знайсці нетрадыцыйную і вельмі ўдалую назву: тытулам канкрэтна i дакладна паведамляецца, пра што напісана кніга (тое, што не вельмі характэрна для назваў беларускіх навуковых выданняў апошняга часу).

Сама кніга напісана даволі жыва, чым розніцца ад сухога, «акадэмічнага» стылю папярэдняга даследавання. Відавочна, яна ад пачатку рыхтавалася для больш шырокага чытача; ёсць ілюстрацыі i біяграмы дзеячоў кнігадруку, a табліцы зведзены да мінімуму. Жывасць аповеду, аднак, ніякім чынам не адбіваецца на навуковым узроўні: матэрыял пададзены лагічна i дакладна, з паказаннем крыніцаў інфармацыі. Часам аўтар, не маючы пэўных дадзеных пра тыя ці іншыя характарыстыкі даследаванага выдання, спрабуе ix «пралічыць», абапіраючыся на ўнутраную i знешнюю крытыку тэксту (напрыклад, на с.23), — і робіць гэта абгрунтавана i пераканаўча. А такі аналіз, трэба адзначыць, вымагае немалога ведання як палітычнае гісторыі Еўропы ў цэлым, так i тагачаснае кніжнае справы ў прыватнасці.

На жаль, аднак, i ў гэтай кнізе часам сустракаюцца пэўныя недакладнасці, хай, можа, i не заўсёды звязаныя з галоўнай тэмай. Напрыклад, словы Туронка  ва Ўступе, што ён купіў усю кніжную калекцыю Пятра Ластаўкі, «блізу 20 беларускіх кніг», могуць ўвесці ў зман будучых даследчыкаў гісторыі беларускіх бібліятэк. Бо, напрыклад, толькі ў лонданскай Скарынаўскай Бібліятэцы захоўваецца, прынамсі, з дзесятак кніжак са збору варшаўскага бібліяфіла, a на адной з ix (акурат, на асобніку Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, Прага, 1941), побач з подпісам Ластаўкі, знаходзіцца надпіс ягонай жа рукой: «Nr катал. 117», які сведчыць, што выданняў y калекцыі было прынамсі не менш за гэтую лічбу.

Інфармацыю, пададзеную ва ўспамінах Язэпа Най­дзюка пра Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, варта было б узгадніць са звесткамі ў мемуарах іншых працаўнікоў друкарні (напрыклад, Янкі Багдановіча), што дазволіла б пазбегнуць некаторых прыкрых хібаў y біяграмах. Дарэчы, пры чытанні біяграмаў y мяне нярэдка з’яўлялася вялікае жаданне ix дапоўніць. Я разумею, што аўтар адмыслова выбраў кароткую форму, падаючы толькі асноўныя факты біяграфіяў, але, з другога боку, хіба тое, напрыклад, што ксёндз Адам Станкевіч быў адным са стваральнікаў Друкарні ім. Францішка Скарыны i Беларускага Каталіцкага Выдавецтва, фактычна заснавальнікам i рэдактарам віленскай Крыніцы, да такіх фактаў не належыць? Не маю найменшага сумнення, што д–р Туронак гэта ўсё ведае, але чаму б было не падзяліцца сваёй ведай з чытачом?

Яшчэ адзін негатыўны момант — гэта непаслядоўнае паданне інфармацыі пра месцазнаходжанне кніг. Бо ў некаторых выпадках аўтар пазначае ўсе вядомыя яму месцы захавання, як, напрыклад, пры апісанні 10–й пазіцыі каталога (Верес У. Шляхам барацьбы Беларусі з Масквой): «Месца захавання — НАРБ, калекцыя аўтара»; тады як y іншых выпадках пададзена толькі месцазнаходжанне асобніка, з якім аўтар працаваў, як гэта, напрыклад, відаць з апісання пазіцыі 1 (Аляхновіч Ф. Круці, ня круці — трэба памярці), дзе паказана толькі, што кніга захоўваецца ў БДАЛіМ, хоць яна, зноў жа, ёсць i ў лонданскай Скарынаўцы. Д–ру Туронку, які быў y кантакце з ББФС, варта было б звярнуць увагу на такога роду інфармацыю.

На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што мая крытыка не змяншае вартасці аналізаваных працаў i датычыць, пераважна, момантаў другасных. Зазначаю гэта адмыслова, бо рэцэнзаваныя кнігі з’яўляюцца сапраўды значным дасягненнем беларускага гістарычнага кнігазнаўства i вартасць абедзвюх яўна перавышае тыя недахопы, якія ў ix можна адшукаць. Маю смеласць спадзявацца, што мае заўвагі, як i заўвагі іншых рэцэнзентаў (гл. беластоцкую Ніву №12 за 25.03.01), будуць улічаны пры далейшых перавыданнях. Згадайма таксама, што доктару Ю.Туронку належаць навуковыя публікацыі па іншых перыядах новай i найноўшай гісторыі беларускай кнігі; перакладзеныя на беларускую мову ды выдадзеныя пад адной вокладкай разам з разгляданымі вышэй працамі, яны б склалі цэласнае даследаванне ды маглі б стаць важнай дапамогай як для навукоўцаў, так і для выкладчыкаў i студэнтаў.

Юрась Лаўрык
Лондан

змест