BUES, ALMUT. Das Herzogtum Kurland und der Norden der polnisch–litauischen Adelsrepublik im 16. und 17 Jahrhundert. Moglichkeiten von Integration und Autonomie. Giessen, 2001. 370 S.

У кнізе нямецкай даследчыцы Альмут Бюс упершыню комплексна асвятляецца гісторыя Курляндскага герцагства (афіцыйна называлася Курляндска–Земгальскім) у яго цеснай сувязі з Рэччу Паспалітай. Сінтэтычнае даследаванне, заснаванае на надзвычай шырокім корпусе архіўных матэрыялаў (аўтар працавала ў архівасховішчах па ўсёй Еўропе — ад Масквы, Пецярбурга і Рыгі да Стакгольма, Парыжа і Рыма!) і багатай спецыяльнай літаратуры, напісана на ўзроўні захапляльнай эрудыцыі.

Праца складаецца з уводзінаў, якія ўтрымліваюць агляд гістарыяграфіі, васьмі асноўных раздзелаў, заключных разваг і дадатку са спісу крыніц і літаратуры. У першым раздзеле («Зыходнае становішча», с. 29—53) аўтар разглядае ўтварэнне Рэчы Паспалітай, Люблінскую унію (1569) і першае міжкаралеўе (1572/73), а таксама параўноўвае федэратыўную Рэч Паспалітую з іншымі дзяржавамі еўрапейскага абшару. У другім («Геаграфічнае і дэмаграфічнае становішча», 55—92) паказаны ландшафт Курляндскага герцагства, яго насельніцтва (сельскае і гарадское) і адлюстраванасць рэгіёну ў картаграфіі. Наступны («Дзяржаўныя слаі», 93—146) прысвечаны дынастыі, двару і органам улады, станам і іх ландтагам, адносінам сярод шляхты, шляхецкай ідэалогіі ў Рэчы Паспалітай. Зместам чацвёртага («Правы і судовая справа», 147—174) стаў разгляд фундаментальных правоў (герцагства з 1617 г. мела свой зямельны асноўны закон), заканадаўства і судаводства. У далейшых раздзелах даследаваны мясцовыя ўзброеныя сілы, наступствы войнаў у рэгіёне і абарончыя ўмацаванні краю («Ваенная і цытадэльная справа», 175—200), рамёствы, гандаль і грашовая сістэма («Гісторыя гаспадаркі і фінансаў», 201—242). Раздзел сёмы («Рэгіянальная і культурная палітыка», 243—294) дае яснае ўяўленне пра царкоўную арганізацыю герцагства і рэфармацыйны рух, пра каталіцкі касцёл і яго адносіны да іншых рэлігійных супольнасцяў, а таксама пра адукацыйную справу. Урэшце, у апошнім («Магчымасці інтэгравання і аўтаноміі», 306—318) аўтар паказвае, якія магчымасці інтэграцыі і яе межаў, з аднаго боку, і якія перспектывы аўтаноміі і шансы яе захаванння, з другога, меў перыферыйны рэгіён Рэчы Паспалітай.

Курляндскае герцагства невыпадкова мела аўтаномны статус у Рэчы Паспалітай. Яно было асаблівай складовай часткай шляхецкай рэспублікі. Балтыйскі абшар адрозніваўся ад яе іншых рэгіёнаў не толькі фізічна, але і гістарычна: яго мінулае прайшло ў Ганзейскім саюзе і Нямецкім ордэне. Плюсам для герцагства было і лютэранства, што адрознівала яго ад іншых зямель дзяржавы. Тут адсутнічалі канкуруючыя тэалагічныя навучальныя ўстановы. Для самаідэнтыфікацыі Курляндскага герцагства і атрымання ім асаблівага становішча ў складзе Рэчы Паспалітай шмат значыла ўласная дынастыя. Аўтар адзначае, што на лакальным узроўні тут цалкам дамінавала мясцовае рыцарства. Гэта была гамагенная ўладная эліта, 15 сямей якой трымалі ў сваіх руках, згодна з падлікамі аўтара, палову самых важных дзяржаўных пасадаў герцагства. Аднак курляндская эліта не кансалідавалася. Ёю толькі часткова інвеставаліся найважнейшыя для існавання дзяржавы сферы — войска, гаспадарка, адукацыя. У войнах ХVII ст. не было ўласнай арміі курляндскага герцага.

Пераканаўча паказваючы на прыкладзе Курляндыі, што і ў ХVI—ХVII ст. малыя дзяржавы мелі пэўныя магчымасці для ўтрымання сваёй аўтаноміі, якія, праўда, залежалі ад умоў захавання міру і ад інтарэсаў вялікіх еўрапейскіх дзяржаў, Альмут Бюс дае змястоўную характарыстыку Рэчы Паспалітай. Гэта дзякуючы спецыфіцы яе палітычнай сістэмы перыферыйныя рэгіёны маглі захоўваць асобнасць.

Цэнтр у Рэчы Паспалітай не браў на сябе функцый манапалізацыі, а дапускаў плюральнасць: рэгіёны атрымлівалі незалежнасць для ўласнай актыўнасці, пры гэтым да канфлікту даходзіла толькі калі гэта пярэчыла інтэграцыйнай ідэалогіі шляхты. Дзяржаўны лад тут пакідаў складовым часткам федэрацыі асаблівыя формы сувязі з цэнтрам. Эліта рэгіёнаў схілялася на карысць такой палітычнай сістэмы, якой найбольш сімпатызавала. І ў цэнтры, і на перыферыі шляхта адчувала сябе з’яднанай супольнай згодай. У гэтым сэнсе прывабнасць федэратыўнай мадэлі шляхецкай рэспублікі ўсё ХVII ст. заставалася нязменнай. Калі ў Еўропе Новага часу ролю асноўнага фактару дзяржава– і нацыяўтварэння выконвала рэлігійная прыналежнасць, то ў Рэчы Паспалітай, поліканфесійнай прынамсі да канца ХVII ст., было інакш. Супольнаму жыццю і адкрытай камунікацыі тут не заміналі ні розныя рэлігіі і адрозненні ў летазлічэнні, ні розныя мовы і культуры.

Палітычнае адзінства Рэчы Паспалітай пакоілася на асаблівай калектыўнай ментальнасці і рэгіянальнай лаяльнасці, аднак у кожным часе трансфармацыйны працэс мог змяніць актуальны баланс, бо апошні быў не статычным станам, а, гаворачы словамі Рэнана, «штодзённым плебісцытам».

Як ужо даўно паказана ў гістарыяграфіі, выдатнае функцыянаванне рэгіянальнага шляхецкага самакіравання ў Рэчы Паспалітай спалучалася з палітычнай слабасцю яе цэнтра. Пра гэта піша і Альмут Бюс, заўважаючы, што федэратыўная мадэль, якая ў ХVI ст. выглядала яшчэ мадэрновым варыянтам дзяржаўнасці, у канкурэнцыі з абсалютысцкімі манархіямі ХVIII ст. выявіла сваю няздатнасць.

Варта адзначыць канстатацыю аўтарам адмоўнага ўплыву шляхецкай інтэграцыі на абуджэнне нацыянальнай свядомасці этніяў усёй Рэчы Паспалітай. Бюс заўважае, што менавіта шляхта перыферыйных рэгіёнаў, набыўшы супольную з цэнтрам ідэнтычнасць, асабліва моцна трымалася старых традыцый надрэгіянальнай шляхецкай культуры. У выніку гэта абярнулася тармажэннем росту нацыянальнай свядомасці і нацыятворчага працэсу латышоў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў (323).

Рэч Паспалітую гісторыкі даўно супастаўлялі з Нямецкай імперыяй. Параўноўваючы іх, аўтар задаецца пытаннем, ці сапраўды абедзве дзяржавы былі monstra ХVII ст.? Са спасылкай на працу Гайнца Шылінга, які нядаўна выступіў з крытыкай распаўсюджаных меркаванняў пра Sonderweg Нямецкай імперыі і, зыходзячы з пазіцыі, што ў тыя часы дзяржаватворчы працэс здзяйсняўся не ў нацыянальнай, а ў тэрытарыяльнай плоскасці, паказаў яе частковую мадэрнізаванасць у еўрапейскім параўнанні, Альмут Бюс лічыць, што ў такім выпадку асаблівай застаецца адна Рэч Паспалітая: яна была мультыэтнічнай і мультыканфесійнай, але не мультытэрытарыяльнай.

Застаецца сказаць, што гэтая надзвычай змястоўная манаграфія па малавядомай нам гісторыі Курляндыі багатая не толькі фактурай, але і смелымі ідэямі ды шырокімі параўнаннямі. Шкада, што яна зусім пазбаўленая картаў і візуальных матэрыялаў, якія толькі спрыялі б успрыманню зместа.

Генадзь Сагановіч
Мінск

 

змест