BLaszczyk, Grzegorz. Litwa na przelomie srednio­wiecza i nowozytnosci 1492—1569. Poznan, 2002. 336 s., mapy.

Пазнанскі даследчык Гжэгаж Блашчык добра вядомы ў Беларусі сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва яго паўночназаходняй часткіЖамойці. Апошняя вялікая праца гісторыкаабагульняючы нарыс (сінтэза) па гісторыі ВКЛ ад пачатку княжання Аляксандра I да Люблінскай уніі, якая, як адзначае аўтар, паўстала з адпаведнага раздзела планаванага сінтэтычнага нарыса гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, што рыхтаваўся пазнанскімі літуаністамі на чале з прафесарам Ежы Ахманьскім. З розных прычын нарыс не пабачыў свету, а свой раздзел у перапрацаваным выглядзе Г.Блашчык цяпер прадстаўляе чытачу. Гэта сапраўды абагульняючае даследаванне, якое з розных бакоў асвятляе гісторыю ВКЛ канца XV— сярэдзіны XVI ст. Адносна невялікія памеры прамежка часу, які абраў аўтар для разгляду, дазволілі яму многія з’явы асвятліць нават у дробных дэталях. З іншага боку, 70—80 гадоў для эпохі Сярэднявечча — задужа малы прамежак, каб многія з’явы грамадскага жыцця выявіліся ў дынаміцы свайго развіцця. Такім чынам, кніга Г.Блашчыка ў нечым уяўляе хранала­гічны зрэз ВКЛ. Не ўпэўнены, што да працы ў стылі „храналагічнага зрэзу“ цалкам пасуе выраз „сінтэтычнае даследаванне“. Кніга забяспечана вялі­кай бібліяграфіяй і 2 картамі.

Некалькі слоў вымагае сказаць назва кнігі. У загаловак трапіла слова „Літва“. Добра ведаючы захапленні Г.Блашчыка гісторыяй Літвы ў вузкім значэнні слова („Літва этнічная“, якая больш–менш супадае з тэрыторыяй сучаснай Літоўскай Рэспублікі), чытач можа чакаць ад аўтара асвятлення гісторыі менавіта гэтай, этнічнай Літвы. Да таго схіляе і выява на вокладцы — фрагмент старажытнай карты, што паказвае тэрыторыю менавіта этнічнай Літвы, з абрэзанымі абшарамі Беларусі і Ўкраіны (чаго ніколі б не зрабілі  даследчыкі з гэтых краін). У назву кнігі было б варта ўвесці поўную назву аб’екта даследавання — „Вялікае Княства Літоўскае“. Да таго, аўтар у многіх месцах некарэктна карыстаецца тэрмінам „Літва“, сустракаюцца дзіўныя фразы, як гэта: „Францішканцы мелі свае два кляштары ў паганскай Літве — у Вільні і Новагародку“.

Структуру даследавання лучаць храналагічны і тэматычны падыходы. Раздзел 1 прысвечаны разгляду палітыкі вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра (1492—1506). Асаблівая ўвага тут аддадзена асвятленню зменаў ва ўладнай будове ВКЛ (дзейнасці Рады паноў, генэзісу сойма), дзвюм войнам Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 і 1500—1503 г., заключэнню новых уній ВКЛ з Польскім каралеўствам.

Раздзел 2 асвятляе унутраную і знешнюю палітыку вялікіх князёў ВКЛ і каралёў Польшчы Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста („жыгімонтавы часы“): новыя войны з Масквой (1507—1508, 1512—1522, 1534—1536 г.), адносіны з Крымам, Малдовай, Інфлянтамі, Нямецкім ордэнам, новыя змены ва ўладнай структуры ВКЛ, прыняцце Першага Статута, гаспадарчую рэформу („валочную памеру“), дзяржаўныя адносіны ВКЛ з Польскім каралеўствам, заключэнне Люблінскай уніі.

Трэці раздзел прысвечаны агульнай характарыстыцы ВКЛ, яе гаспадаркі і грамадства. Тут разглядаюцца тэрыторыя дзяржавы, яе межы, заселенасць, сельская гаспадарка (вёска, фальварак), гарады, Вільня як сталіца ВКЛ, магдэбургскае права, юрысдыкі, рамяство, рамесныя цэхі, гандаль, купецтва, саслоўі (шляхта, святарства, мяшчанства, сялянства, казацтва), этнічныя групы.

Апошні, чацвёрты раздзел кнігі прысвечаны разгляду канфесій і культуры ВКЛ: развіццю каталіцкага касцёла, палажэнню праваслаўнай царквы, пачатку Рэфармацыі, асаблівасцям рэлігійнай талерантнасці ў ВКЛ, праявам Рэнесансу ў розных галінах мастацтва. Нарэшце, тут разглядаюцца праблемы этнічнай самасвядомасці і моўнай сітуацыі ў ВКЛ.

Такім чынам, праца Г.Блашчыка — гэта сапраўды ўсебаковы разгляд Вялікага Княства Літоўскага на працягу хоць і невялікага, але вельмі істотнага перыяду ў яго гісторыі. Колькі слоў аўтар прысвяціў абгрунтаванню абраных гра­нічных гадоў. Першы з іх (1492) — гэта ўкняжанне вялікага князя Аляксандра, адметны тым, што пачаўся новы перыяд узброенага супрацьстаяння з Масквой, якое было цэнтральнай знешнепалітычнай праблемай ВКЛ усе наступныя стагоддзі. Другі гранічны год (1569) — гэта год падпісання Люблінскай уніі і з’яўлення ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе найбольшай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Абраныя аўтарам храналагічныя межы працы цалкам абгрунтаваныя.

Ва „Уступе“ Г.Блашчык закрануў балючае і дасюль актуальнае пытанне пра этнічны характар ВКЛ і яго выяўленне ў тэрміналогіі гісторыкаў розных краін у ХIХ—ХХI ст. Як вядома, у Расійскай імперыі было пашырана вызначэнне ВКЛ як Літоўска–Рускай дзяржавы. З пачаткам ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі ўзнікла вызначэнне „Літоўска–Беларуская дзяржава“. Пасля з’явіліся азначэнні „Беларуска–Літоўская дзяржава“, „Беларуская дзяржава“, „Літоўска–Беларуска–Ўкраінская дзяржава“, „Літоўска–Ўкраінская дзяржава“. Літоўскія гісторыкі ўсіх часоў, натуральна, карыстаюцца тэрмінам „Літоўская дзяржава“. Са свайго боку, Г.Блашчык адразу адкінуў азначэнні ВКЛ, у якіх фігуруюць прыметнікі „беларуская“ і „ўкраін­ская“, бо, на яго пункт погляду, да 1569 г. беларусы і ўкраінцы як народы са сваёй асобнай самасвядомасцю яшчэ не сфармаваліся. З двух тэрмінаў — „Літоўска–Руская дзяржава“ і „Літоўская дзяржава“ — Г.Блашчык схіляецца да другога, бо ў ВКЛ літоўскі элемент відавочна дамінаваў палітычна. „Рускі“ элемент меў вагу ў этнічным плане, але гэта, на думку аўтара, больш адносіцца да грамадства, а не да дзяржавы. Як бачна, саму дзяржаву Г.Блашчык разглядае ў вузка палітычнай сферы, менавіта як палітычны механізм (гэтак разумелі яе і марксісты ў ХIХ ст. — „апарат гвалту“).  Калі ж само вызначэнне „дзяржава“ разглядаць шырэй, як пэўны сінонім грамадства, то, вядома, маюць правы на жыццё і іншыя этнічныя азначэнні ВКЛ.

Відавочны „літвацэнтрызм“ аўтара прыкметна адбіўся на змесце яго працы. Пры асвятленні падзей і з’яў у межах ВКЛ ён перш за ўсё звяртаецца да тэрыторыі этніч­най Літвы, пасля пераходзіць да беларускіх і ўкраінскіх зямель. Цікава пабудаваны падраздзелы з характарыстыкамі ўладароў ВКЛ — Аляксандра, Жыгімонта Старога, Жыгімонта Аўгуста, Боны. Перш за ўсё аўтар падае меркаванні пра пэўную асобу даўнейшых польскіх аўтараў, пасля — найноўшых, нарэшце, — літоўскіх гісторыкаў. Думкі беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў наогул не ўлічаны. Адзначана, што літоўскія аўтары часта называюць Жыгімонта Старога — Жыгімонтам II (а не Жыгімонтам I, як палякі) і, адпаведна, Жыгімонта Аўгуста — Жыгімонтам III. Так іх цяпер называюць і беларускія гісторыкі, але ў кнізе і гэта не адзначана. Пэўная абыякавасць да беларускай і ўкраінскай праблематыкі выявілася і ў адсутнасці біяграфічнага нарыса пра праваслаўную вялікую княгіню Алену Іванаўну, жонку Аляксандра. Яна была не такой энергічнай дзеячкай, як Бона, але ўсё ж значнай палітычнай фігурай, якая адыграла прыкметную ролю ў маскоўска–літоўскіх войнах канца XV— пачатку XVI ст.

Гэтым войнам у кнізе Г.Блашчыка адведзена належнае месца. Пярэчанне можа вызваць адзін важны момант. Ідучы за пэўнай традыцыяй, Г.Блашчык палічыў патрэбным занумараваць іх, такім чынам, на старонках кнігі прысутнічае апісанне пяці, з 1–й да 5–й, маскоўска–літоўскіх войнаў. Сцвярджаецца, што „з канца XV ст. пачаліся шматгадовыя войны паміж Масквой і Вялікім Княствам Літоўскім за панаванне на Русі“. Між тым, ваенныя сутычкі ВКЛ з Масквой пачаліся значна раней, і вяліся яны таксама за панаванне на Русі. ВКЛ намагалася дамінаваць над Масквой. Першы ўзброены канфлікт паміж імі — серыя паходаў на маскоўскія землі вялікага князя ВКЛ Альгерда ў 1378—1382 г. Гэтыя паходы ў сукупнасці як вайну вызначыў буйны расійскі гісторык–медыявіст Л.У.Чарапнін. Другая вайна паміж ВКЛ і Масквой — серыя ўзаемных буйных узброеных нападаў 1406—1408 г., што скончылася падпісаннем „вечнага міру“ на р. Угра. Такім чынам, на шырокай гістарычнай шкале вайна Масквы з ВКЛ 1492—1494 г. была не першай, а трэцяй.

Шмат увагі аддаў Г.Блашчык асобе каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны. Гэта і зразумела, бо яна — адна з цэнтральных постацей у гісторыі Польшчы і ВКЛ разгляданага часу. Сярод іншага, аўтар палічыў па­трэбным адзначыць, што Бона садзейнічала наплыву вялі­кай колькасці палякаў на абшар Літвы, гэта значыць, прычынілася да пачатку паланізацыі ВКЛ. Г.Блашчык падкрэс­лівае, што „асаблівыя заслугі каралевы Боны заключаюцца ў яе дасягненнях у дзвюх сферах: грамадска–гаспадарчай і культурнай“. Што датычыць першых, то ў дачыненні да Беларусі яны не падлягаюць сумненню. Сапраўды, Бона пачала ў Беларусі валочную памеру, якая захапіла вялізныя абшары на яе захадзе і поўдні. Мусім удакладніць палажэнне Г.Блашчыка: уладанні Ягелонаў, прыватныя і дзяржаўныя, не ляжалі „галоўным чынам“ толькі ў двух рэгіёнах ВКЛ — на Палессі і ўздоўж заходняй дзяржаўнай мяжы ад Падляшша да Прыбалтыкі. Не менш вялізныя дзяржаўныя ўладанні ляжалі ўздоўж усходняй і паўночнай межаў ВКЛ — так званыя Падняпроўскія і Падзвінскія воласці. Да таго, Рагачоўская воласць — гэта не Палессе, а менавіта Падняпроўе. Г.Блашчык вылучае 3 этапы валочнай памеры: 1530–я г. — „дзейнасць каралевы Боны“, 1547—1566 г. (рэформа ў этнічнай Літве, на Жамойці, Падляшшы, у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, Заходняй Украіне) і канец XVI— сярэдзіна XVII ст. (Усходняя Беларусь). Відавочна, дзейнасць Боны не абмяжоўвалася  толькі 1530–мі гадамі, таму што і ў 2–м перыядзе валочнай памеры яна адыграла вельмі значную ролю. Характарыстыка вызначаных аўтарам перыядаў патрабуе большай дакладнасці.

Як і перад іншымі даследчыкамі, перад Г.Блашчыкам паўстала праблема аб ацэнцы заслуг Боны ў сферы гаспадаркі. Адразу ацэньваючы яе дзейнасць вельмі высока, Г.Блашчык вымушаны пасля адзначыць і негатыўныя бакі гаспадарання Боны. Для сваіх разлеглых маёнткаў яна дамаглася статуса прыватных, гэта значыць, вольных ад дзяржаўных падаткаў. А дзяржаве грошы былі вельмі патрэбныя, у тым ліку на войны з Масквой. Да таго, атрыманыя са сваіх уладанняў прыбыткі Бона вывезла ў Італію. На думку аўтара, у выніку аграрнай рэформы эксплуатацыя сялян вырасла, як выраслі і прыбыткі дзяржаўнага скарбу (больш чым у 4 разы). Аднак пры агульнай ацэнцы рэформы Г.Блашчык упэўнены, што яна была пазітыўнай.

Да заслуг Боны можна залічыць і пракладку каналаў. У Заходнім Палессі дасюль захаваўся Канал Боны; магчыма, яна паклала пачатак меліярацыі тых зямель (гэтыя факты ў кнізе Г.Блашчыка не адзначаны, ды і ў беларускай гістарыяграфіі не распрацаваныя).

Аўтар адзначае вялікія заслугі Боны ў развіцці культуры: яна калекцыянавала карціны, габелены, ювелірныя вырабы, антыкі; закладала паркі („італьянскія сады“); была апякункай пісьменнікаў — Анджэя Кшыцкага, Яна Дантышка, Мікалая Рэя, магчыма, Міколы Гусоўскага. Г.Блашчык адзначае яе намаганні ў перабудове каралеўскіх палацаў у Вільні і Гародні, а таксама гарадзенскага фарнага касцёла. Што маецца на ўвазе ў апошнім выпадку, аўтарам не раскрываецца. Той мураваны фарны касцёл, які замяніў сабой драўляны, быў пабудаваны ў самым канцы XVI ст., значна пазней часоў Боны. Дарэчы, Г.Блашчык не прывёў ніводнага выпадку фундацыі Бонай якога–небудзь касцёла, шпіталя ці школы на Беларусі. Выглядае на тое, што добрая каралева Бона разглядала Беларусь выключна як крыніцу даходаў. Што ж, за грамадскі прагрэс заўсёды трэба было плаціць, і Беларусь заплаціла спаўна.

Належную ўвагу аўтар кнігі аддаў разгляду фальваркаў — аднаму з асноўных элементаў новага эканамічнага парадку. Падкрэсліваецца ранняе паходжанне фальварка, які, пэўна, старэйшы за валочную памеру. Як першае ўпамінанне фальварка ў ВКЛ прымаецца звестка з 1450 г. (маёнтак Менедыкаўскі ў Новагародскім павеце). Са­праўды, такая інфармацыя існуе. Але яна досыць заблытаная. Арыгінал адпаведнага дакумента напісаны па–лацінску і апублі­каваны1. Маёнтак там названы, канешне, не нямецкім словам „фальварак“, а лацінскім „curia“ (двор). Да таго, у 1602 г. новагародскі суд прызнаў дакумент 1450 г. фальшывым2. Выглядае, што звестка пра фальварак у 1450 г. — вынік непаразумення, пазнейшага недакладнага перакладу лацінскага тэксту. Перад гісторыкамі застаецца задача пошуку сапраўды найстаражытнейшых звестак пра фальваркі ў Беларусі і ВКЛ.

Вялікую цікавасць уяўляюць раздзелы працы Г.Блашчыка пра рэлігію і культуру ВКЛ у 1492—1569 г. Сапраўды, звестак пра многія бакі рэлігійнага і культурнага жыцця ў ВКЛ захавалася не вельмі многа. Часта інфармацыя проста фрагментарная. Многія адшуканыя аўтарам звесткі унікальныя і ўяўляюць значную навуковую каштоўнасць (пра школы, шпіталі і г.д.). На жаль, беларускія матэрыялы прыцягнуты аўтарам у другую чаргу; у цэнтры яго ўвагі зноў застаецца этнічная Літва. Сцвярджаецца нават, што казаць пра беларускую культуру да 1569 г. — гэта пэўнае злоўжыванне і спрашчэнне, што вынікае з аўтарскага тэзіса пра адсутнасць у тыя часы беларускай этнічнай самасвядомасці.

Культура ў Беларусі, між тым, развівалася. Толькі сведчаць пра яе зусім не археалагічныя знаходкі „прылад для навучання пісьму“. Можна здагадацца, што аўтар мае на ўвазе пісалы — прылады для пісьма на вошчаных дошчачках. Але яны датуюцца ХI—ХIII ст., гэта значыць, нашмат ранейшым часам, чым разгляданы ў кнізе. Яшчэ некалькі дробных заўваг. Францішканцы асталяваліся ў Пінску значна раней, чым падае аўтар (1440 г.), бо вядомы фундуш на заснаванне кляштара яшчэ князем Жыгімонтам Кейстутавічам у 1396 г3. Што датычыць шпіталяў, то, паводле некаторых звестак, упершыню на Беларусі яны адзначаны ў 1495 і 1503 г. у Бярэсці, у 1508 г. — у Зэльве, у 1513 г. — у Менску, у 1516 г. — у Мазыры4. Касцёлы ў Новым Свержані і Клецку, якія, на думку Г.Блашчыка, адносяцца да „беларускай готыкі“, па праўдзе збудаваныя ўжо па–за храналагічнымі межамі разгляданага твора, бо паўсталі ў канцы XVI ст. дзякуючы намаганням вядомага італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні, заснавальніка барока ў Рэчы Паспалітай; гатычных рыс у іх няшмат5. Што датычыць касцёла ў Чарнаўчыцах, то той, не зважаючы на больш выразныя гатычныя рысы, таксама не ўпісваецца ў храналагічныя рамкі агляду Г.Блашчыка, бо змураваны ў канцы XVI— пачатку XVII ст.6.

Падобныя заўвагі можна зрабіць і наконт пералічаных Г.Блашчыкам бастыёнавых замкаў Беларусі ў Заслаўі, Нясвіжы, Ляхавічах, Кароліне. Самы ранні з іх, Нясвіжскі, таксама паходзіць з канца XVI ст. і ёсць творам Бернардоні. Што датычыць Мядзела з яго замкам, то ён знахо­дзіцца, вядома ж, на паўночны захад ад Мінска, а не на паўднёвы ўсход, як напісана ў рэцэнзаванай працы.

Увогуле, праца Г.Блашчыка — адна з самых удалых спроб накрэсліць нарыс Вялікага Княства Літоўскага, хай сабе і на даволі абмежаваным храналагічным адрэзку. Калі яго твор атрымае працяг, гэта будзе важкім крокам да стварэння ўсёабдымнай сінтэзы ВКЛ, якой дасюль не існуе. На жаль, планаваная пазнанская сінтэза не выйшла з друку. Не выйшла даўней планаваная праца „Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага“. Між тым патрэба ў абагульняльных нарысах Вялікага Княства Літоўскага ўсё больш расце.

Валеры Пазнякоў
Мінск

змест