Cyrillic Books printed before 1701 in British and Irish Collections: A Union Catalogue / R.Cleminson et al. — S. 1.: The British Library, [2000]. — xlvii, 16 fig., 172 p.

Брытанская Бібліятэка выдала зводны каталог кірылічных друкаў XVI—XVII ст., якія захоўваюцца ў бібліятэчных і прыватных зборах у Вялікай Брытаніі ды Ірландыі. Каталог уяўляе сабой густоўна выдадзены том, які змяшчае апісанні 171 старадрукаванага выдання ў 262 асобніках з 38 кнігазбораў Брытанскіх выспаўгалоўным чынам з Лондана, Оксфарда, Кембрыджа і Дубліна. Падрыхтавана гэтая праца высіл­камі чатырох навукоўцаў з розных краін: прафесара Ральфа Клемінсана з Портсмуцкага універсітэта, загадчыцы Славянскага і Ўсходнееўрапейскага аддзела Брытанскай Бібліятэкі доктара Крысціны Томас, доктара Андрэя Вазнясенскага з аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі СанктПецярбургскага дзяржуні­версітэта і Дзіляны Радаслававай з Інстытута літаратуры Балгарскай Акадэміі навук. Том задэдыкаваны знакамітаму бібліё­графу, патрыярху ангельскай славістыкі Дж.С.Г.Сімансу з Оксфардскага All Souls College.

Каталог падзяляецца на 3 часткі. Першая змяшчае тэксты спецыяльна напісанай Прадмовы самога Дж.С.Г.Сіманса і аўтарскіх Уводзінаў з апісаннем ужытых прынцыпаў укладання каталогу, праблем і знаходак, а таксама — аповедам пра колішніх уладальнікаў гэтых кніг.

У другой частцы размешчаны 16 якасна зробленых чорна–белых ілюстрацый з выявамі старонак, мініяцюр і аправаў апісваных старадрукаў. Шэсць з тых ілюстрацый рэпрэзентуюць старабеларускія кнігі. Вялікую цікаваць, у прыватнасці, уяўляе рэпрадукцыя арыгінальнай аправы віленскага брацкага выдання «Новага Запавету» і «Псалтыра» 1623 г.

Апошняя і найбольшая па аб’ёме частка тома — уласна каталог, які ўключае 171 нататку і дапаможныя паказальнікі да ўсяго выдання. Асаблівай увагі заслугоўвае методыка падачы інфармацыі пра старадрукі. Кожная каталожная картка складаецца з бібліяграфічнага апісання, спісу бібліяграфіі другой ступені, інфармацыі пра месца захоўвання асобніка і анатацыі. У выпадку наяўнасці некалькіх асобнікаў дадзенага выдання інфармацыя пра кожны з іх падаецца дадаткова, адпаведна падаванаму месцу захоўвання. 

Бібліяграфічнае апісанне даволі тыповае, яно змяшчае:

— тытул выдання па–ангельску (у асобных выпадках на лаціне, па–грэцку або па–нямецку) і ў напісанні арыгінала, з захаваннем скарачэнняў і дыякрытыкаў;

— месца і год выдання з пазначэннем імя выдаўца або назвы выдавецкай інстытуцыі;

— фармат у частках друкарскага аркуша;

— колькасць лістоў і, часам, старонак.

Бібліяграфічны спіс падае інфармацыю пра наяўнасць апісання выдання ў асноўных профільных каталогах і паказальніках (у тым ліку ў айчынным каталозе «Кніга Беларусі», Мінск, 1986), а таксама пра факсімільныя ўзнаўленні.

Інфармацыя пра месца захавання суправаджаецца падачай бібліятэчных шыфраў, што выгодна вылучае гэты каталог сярод шэрагу аналагічных і часам можа значна палегчыць працу даследчыка.

Найцікавейшай, аднак, для навукоўца ў рэцэнзаваным каталозе будзе анатацыя, дзе ў сціслай форме падаецца максі­мум бібліяграфічнай інфармацыі пра апісваны асобнік. Тут змяшчаюцца дэталёвыя звесткі пра варыянтнасць набору, аправу, пропускі і ўстаўкі і да т.п., а таксама, у выпадку патрэбы, даецца склад зместу. Пры наяўнасці надпісаў і пячатак нярэдка падаецца іх тэкст і апісанне, што вельмі спрашчае працу даследчыка. У апошнім параграфе анатацыі прасочана гісторыя прыналежнасці дадзенага асобніка.

Для айчыннага бібліёграфа рэцэнзаваны каталог будзе цікавы тым, што амаль трэцюю частку пададзеных у ім кніг складаюць менавіта выданні беларускія — пражскія і віленскія Скарыны, заблудаўскія, віленскія Мамонічаў, брацкія, куцеінскія і г.д. Паказана прадукцыя, бадай, усіх найбуйнейшых тагачасных нашых друкарняў. На жаль, некаторыя з беларускіх друкаў, як, напрыклад, куцеінскі «Буквар» (1653), залічаны да «Russian printed books» (с. 115), хоць звычайна ўкладальнікі адрозніваюць беларусаў і ўкраінцаў ад расіян. Напрыклад, пры апісанні аправы выпушчаных у 1648 г. у Маскве «Святцаў» гаворыцца пра «seventeenth–century Belarusian or Ukrainian leather on boards with tooling» (с. 107).

Дарэчы, наяўнасць у анатацыі апісання аправаў, якое звычайна так рэдка сустракаецца ў каталогах старадрукаў, — несумненна, вялікая заслуга ўкладальнікаў, і гэта значна павышае вартасць выдання.

Вельмі каштоўнай рысай рэцэнзаванай працы таксама з’яўляецца тое, што ў ёй карэктуюцца недакладныя або памылковыя звесткі з раней выдадзеных паказальнікаў і каталогаў (у тым ліку і з «Кнігі Беларусі», параўн., напрыклад, с. 28, 45 і інш.). Больш за тое, укладальнікі падаюць у каталозе невядомую папярэднім бібліяграфіям кнігу — «Часаслоў» Мамо­нічаў 1590–х г., адрозны ад іншых мамоніцкіх часасловаў гэтага часу (с. XVIII, 45). Таксама падаецца інфармацыя пра наяўнасць не ўлічанага раней другога выдання брацкага «Часоў­ніка з азбукай» 1596 г. (с. XVIII, 52).

Сярод іншых беларускіх старадрукаў у каталозе варта адзначыць публікацыю малавядомага варыянту выдавецкага надпісу скарынаўскай «Кнігі Ёва», што захоўваецца ў лонданскай Беларускай Бібліятэцы: „а то сb стало накладомъ богдана lнь / ковича. радци мјста виленьского“, які толькі нядаўна быў упершыню апублікаваны аўтарам гэтых радкоў у артыкуле «Autograph Dedications in the Skaryna Library», London (Belarusian Cronicle, 1999—2000, autumn—winter, Nos 9—10). Тут, дарэчы, трэба адзначыць, што пры складанні каталога былі шырока выкарыстаны фонды Беларускай Бібліятэкі імя Францішка Скарыны і некаторыя рарытэты апісаны выключна паводле яе збораў. Гэтая бібліятэка валодае унікальнай калекцыяй кірылічных старадрукаў, другой па велічыні ў Лондане пасля збору Брытанскай Бібліятэкі.

Рэцэнзаваны каталог падрыхтаваны на высокім прафесій­ным узроўні і можа стаць добрым дапаможнікам для беларускіх гісторыкаў у правядзенні бібліялагічных даследаванняў.

Юрась Лаўрык
Лондан

змест