Ходзін, Сяргей М. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка–генетычнае і кампаратыўнае выву­чэнне) / Вучэбны дапаможнік. Мінск, 1999. 193.

Першы беларускі дапаможнік па крыніцазнаўству расчароўвае. Aдразу выразна кідаецца ў вочы, што аўтар прывязаны да расійскай гісторыі і гістарыяграфіі. З першых жа старонак літаральна навязваюцца расійскія сюжэты ды імёны: царэвіч Дзмітры, Карамзін, Салаўёў, Ключэўскі, цытаты з Сумарокава, Крылова, прыклады з савецкай гістарыяграфіі... Але ж мы дзесяць гадоў пасля Саюзу! Дзесяць гадоў, як заслона рухнула і свет адкрыўся. Студэнты, якім дапаможнік адрасаваны, думаю, пэўна ж ведаюць Гурэвіча з яго „Адысеем“,  чыталі і Ле Гофа і Тойнбі, арыентуюцца ў гістарычнай антрапалогіі і постмадэрнізме — балазе за гэты час  шмат такой літаратуры выйшла ў перакладах і стала агульнадаступнай. Словам, яны ведаюць значна больш за тое, што ёсць у старой расійскай і савецкай гістарыяграфічнай традыцыі, і слушна чакаюць большага ад сучасных дапаможнікаў.

Лёгка заўважаецца і другая асаблівасць выдання: на ім —  адбітак старой эпохі. Пра яе нагадвае як аўтарская лексіка [мяне, прынамсі, уражваюць „феадалы“, „рэакцыйныя феадальныя сілы“ (157), асуджэнне шляхціча за несімпатыю да паказачаных паўстанцаў („аднак сімпатыі Б.Маскевіча не на баку ўдзельнікаў паўстання“ — с. 136), крытыка „эгацэнтрызму“ мемуарыста Яна Цадроўскага (137)  і да т.п.], так і прапорцыі размеркавання тэксту па перыядах і тэмах. Напрыклад, на параграф „Соймавыя матэрыялы ХVI—ХVII ст.“ у падручніку адведзена паўстаронкі (68), а на мемуарную літаратуру найноўшага (фактычна савецкага) часу — больш за 6 старонак (143—149)!

Але першачарговай крытыкі заслугоўвае прынцып адбору літаратуры, ужо неаднакроць заўважаны ў дапаможніках апошніх гадоў, выдадзеных у беларускіх універсітэтах. Хоць аўтар сцвярджае, што „пачынаць пошук неабходна з апублікаваных крыніц“ (13), сваім дапаможнікам ён сам жа і абвяргае гэтае патрабаванне, бо ў змешчаны спіс апублікаваных крыніц, як і ў спіс літаратуры, не ўключаны выданні некірылічным шрыфтам! Нічым неапраўдальны прынцып! У кнізе пра крыні­цы гісторыі Беларусі — толькі руска– і беларускамоўныя пазі­цыі! Дзеля дакладнасці скажу, што ў „Публікацыях крыніц“ зроблена адно выключэнне: тут названы „Volumina legum“ (189), а ў спісе літаратуры да ўводзінаў — літоўскамоўная кніга Э.Лаўцэві­чуса пра літоўскую паперу ХV—ХVIII ст. (180). Але гэта такая ж незразумелая выпадковасць, як выданні „Archiwum Sapiehуw“ А.Прахаскі i „Korespondencja filomatуw“ М.Зялінскай (171) сярод спасылак да асноўнага тэксту. Чаму выключэнне зроблена толькі для гэтых малазначных пазіцый? Між тым, атрымалася тое, чаго ў прынцыпе нельга было ўявіць: на гісторыю Беларусі прапанавана глядзець фактычна толькі праз візантыйска–рускую перспектыву! Навошта ж так збядняць сваё мінулае?

Увогуле, у скарыстанай літаратуры, як і ў кнізе ў цэлым, адчуваецца нейкі зададзены мінімалізм. Бо нават у абзацах пра палеаграфію аўтар спасылаецца не на класічныя падручнікі і дапаможнікі, а на такое ж універсітэцкае малатыражнае выданне неспецыяліста па фаху С.Куль–Сяльверставай (19, спас.7).

Лішне казаць, што ў так напісанай кнізе і канкрэтных недахопаў нямала. Спынюся толькі на некаторых, найбольш тыповых.

Ужо ў тэарэтычнай частцы хочацца аспрэчыць некаторыя сцвярджэнні. Так, у дапаможніку напісана, што аб’ект вывучэння — гэта „тое, на што накіравана пазнавальная дзейнасць чалавека“, а прадмет — „канкрэтныя бакі, якасці і адносіны аб’ектаў, якія даследуюцца з пэўнай мэтай у пэўных абставінах і ўмовах“ (10). Але тут жа ў аўтара атрымліваецца, што гістарычныя крыніцы з’яўляюцца і аб’ектам, і прадметам для крыніцазнаўства. Адрозненне павінна быць прыкладна такое, як навуковая дысцыпліна адрозніваецца ад навучальнай.

Зашмат невыразных і цьмяных азначэнняў. Прыкладам, „атрыбуцыя“ — гэта „вызначэнне аўтара“ (16), „са­праўднасць гістарычнай крыніцы“ — гэта тое, што „яна мела месца як гістарычны факт“ (17) (але што такое „гістарычны факт“? — яго дэфініцыя ж таксама праблематычная), „герменэўтыка“ — гэта асобная галіна крыніцазнаўства, якая „мае на мэце вызначыць сэнс, зыходзячы з яго аб’ектыўных (значэнне слоў і іх гістарычныя абумоўленыя варыяцыі) і суб’ектыўных (намеры аўтараў) падстаў“ (16).

Наогул, у дапаможніку ўсё неяк спрошчана, часам да непрымальнасці. Не ведаю, як і ўспрымаць, калі ў падраздзеле „Аналіз гістарычнай крыніцы“ чытаю: „Вывучаючы пісьмовыя крыніцы, гісторык выкарыстоўвае розныя слоўнікі і даведнікі (дыялекталагічныя, тлумачальныя і інш.)“ (15). Дыялекталагічнымі і тлумачальнымі слоўнікамі карыстаецца, спадзяюся, кожны, хто піша і хоча адчуваць мову.

Характарыстыка актавага матэрыялу эпохі ВКЛ, як і соймавых пастаноў, — па–за крытыкай (дарэчы, у параграфе пра соймавыя матэрыялы „Volumina legum“ нават не згаданы — дарма, што гэтае выданне соймавых канстытуцый неяк трапіла ў спіс літаратуры). Не кажу ўжо пра методыку іх аналізу. Аўтар, дарэчы, сам падае кепскі прыклад, неабгрунтавана ставячы пад сумненне аўтэнтычнасць такога важнага дакумента, як акт Крэўскай уніі (55): тут варта як мінімум падаваць аргументы прызнаных спецыялістаў, прычым з абодвух бакоў і з канкрэтнымі спасылкамі на адпаведныя публікацыі.

У раздзеле „Апавядальныя крыніцы“ ёсць параграф „Лацінамоўныя крыніцы ХII—ХIII ст.“, у якім характарызуюцца толькі дзве польскія хронікі і „Хроніка Лівоніі“ Генрыха Латыша (122—123), далей ідуць ісландскія сагі, і потым аўтар пераходзіць да летапісаў. Незразумела, чаму праігнараваны асноўны корпус лаціна– і нямецкамоўных хронік ХIII—ХV ст., якія інфармацыйна для гісторыка Беларусі куды багацейшыя, чым, напрыклад, разгледжаная аўтарам „Хроніка Гала Аноніма“.

Нямала ў дапаможніку і звычайных фактаграфічных памылак і недакладнасцяў. Прыкладам, у 1229 г. паміж Полацкам, Віцебскам і Смаленскам з Рыгай была падпісаная не першая дамова (21), а, хутчэй, трэцяя.

Недакладна патлумачана сутнасць прывілеяў 1432 і 1434 г. (23). Вельмі скажона пракаментавана сутнасць магдэбургіі і практыка яе атрымання гарадамі Беларусі. Факты зусім не сведчаць, што ў ХV—ХVI ст. магдэбургскае права атрымлівалі менавіта „буйныя“ гарады (24). З іншага боку, казаць, што ў прывілеях на магдэбургскае права змяшчаліся „найперш агульныя, характэрныя для многіх гарадоў прававыя нормы “ (25), значыць свядома спрашчаць сутнасць пытання.

Аўтар піша, што Першы Статут ВКЛ (1529 г.) быў створаны на аснове „кадыфікацыі і сістэматызацыі нормаў мясцовага звычаёвага права, пастаноў дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяў“ (26). І ўсё? Але тады ён не быў бы такім прарывам. Важнай крыніцай Статута стала рымскае права, а шмат нормаў запазычана з польскага, чэшскага, нямецкага. Цікава, што і ў якасці крыніцаў другога Статута ВКЛ (1566) аўтар бачыць толькі ранейшыя прывілеі, звычаёвае права і папярэдні звод. Фактычна тое ж сказана і пра Статут 1588 г. (28). Выходзіць, гэта проста рээдыцыі аднаго зводу.

Спробу звязаць асноўную патрэбу падрыхтоўкі новага Статута з „антыфеадальнымі выступленнямі сялянства“ (27) можна аднесці хіба што да кур’ёзаў. Цяжка ўспрымаць  усур’ёз і характарыстыку, дадзеную „Адпіскам“ Філона Кміты–Чарнабыльскага (156).

Незразумелым застаецца прынцып адбору замежных падарожнікаў, якія пакінулі звесткі пра Беларусь (138—139) (да ўсяго, характарыстыку іх запісак аўтар чамусьці пачаў з Джэрома Гарсэя), як і шмат–шмат чаго іншага.

Многа заўваг выклікае выкарыстаная ў кнізе тэрміналогія. Прыкладам, поўнае атаясамленне ўсходнеславянскіх зямель з „рускімі“ (20), што даўно лічыцца недапушчальным у навуковай літаратуры, як і атаясамленне „Маскоўскай“ дзяржавы з „Рускай“ (84). Адначасовае ўжыванне азначэнняў „старабеларуская“ і „старажытнабеларуская“ мова таксама заблытвае чытача, тым больш студэнта. На адной старонцы, нават у адным сказе пішацца то „сойм“, то „сейм“ (68). Наогул, з беларускай мовай аўтар абыходзіц­ца недаравальна самавольна. Чытач спаткнецца тут на выразах кшталту „паводзінскія“ (рус. „поведенческие“) крыніцы (8),  „частка за­стаўшыхся кніг“ (67), „падрастаючае пакаленне“ (153) і г.д.

Датычна моўнай культуры выдання адзначу яшчэ адну дэталь: у пятай тэме праграмы курса крыніцазнаўства ў характарыстыцы перыёдыкі 1990–х ёсць незалежныя выданні, але слова незалежныя аўтар чамусьці ўзяў у двукоссе (178). Двукоссе можа ўспрымацца вельмі шмат­значна, асабліва ў такім дапаможніку.

Максім Шчадровіч
Мінск

 

змест