Беларусізацыя ў дакументах *

Публікацыя дакументаў, здзейсненая кафедрай сусветнай і айчыннай гісторыі БДУ і Археаграфічнай камісіяй Рэспублікі Беларусь, асвятляе адно з найбольш цікавых і актуальных цяпер пытанняў — пра моўную палітыку савецкай дзяржавы на Беларусі. Падзеі 1920-х г. і дагэтуль займаюць не толькі навукоўцаў, але і шырокую грамадскасць. Сваю кнігу выдаўцы слушна адрасуюць разнастай най аўдыторыі — ад навукоўцаў да «ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі». На Беларусі пакуль няма грунтоўнай сінтэтычнай працы, прысвечанай беларусізацыі, і таму дадзенае выданне можа на нейкі час закрыць гэтую лакуну.

Зборнік змяшчае дакументы галоўным чынам Нацыяналь нага архіва Рэспублікі Беларусь (з фондаў партыйных ды ўрадавых органаў і адукацыйных устаноў краіны). Публікатары таксама перадрукавалі некаторыя акты, што выйшлі тады ў друку, і асобныя матэрыялы з савецкай перыёдыкі тых часоў.

Падборам дакументаў выдаўцы імкнуліся «паказаць працэсы распрацоўкі палітыкі беларусізацыі, раскрыць яе сутнасць, разуменне ў 1920-я г., асаблівасці і этапы правядзення, тэндэнцыі і супярэчнасці развіцця» (3). Свой матэрыял яны згрупавалі ў тры цыклы, якія адлюстроўваюць: а) мэты і кірункі гэтай палітыкі; б) спосабы і формы яе ажыццяўлення; в) праблемы, што ўзнікалі пры гэтым (маюцца на ўвазе выступы супраць палітыкі беларусізацыі). Публікацыя складаецца з трох частак, кожная з якіх так ці інакш характарызуе «палітыку», «практыку» і «супярэчнасці» беларусізацыі за дзесяцігоддзе. Дакументальны матэрыял атачае працяглая прадмова Р. Платонава, а таксама кароткае заключэнне і іменны паказальнік. Некаторыя персаналіі і рэаліі дакументаў суправаджаюцца сціслымі каментарамі Р. Платонава ў выглядзе пастаронкавых заўваг.

У кожнай частцы дакументы змешчаны ў храналагіч ным парадку. Паводле жанру яны вельмі разнастайныя: гэта рэзалюцыі органаў улады і пратаколы нарад ды паседжанняў; статыстычныя даведкі партыйных канцылярыстаў і імперсанальныя справаздачы партыйных органаў; дырэктывы, пастановы, заклікі і звароты; тэзісы партыйнага кіраўніцтва і артыкулы ці зацемкі з перыёдыкі. Сярод іх як зусім невядомыя дакументы, якія ўпершыню вынесеныя на свет з архіва, так і вядомыя раней — па згадках ці цытатах у працах беларускіх гісторыкаў, але поўнасцю ніколі не публікаваныя ці апублікаваныя ў маладасяжных цяпер крыніцах.

Многія архіўныя матэрыялы ўяўляюць сабой сакрэтныя дакументы (25). У СССР пратаколы і допісы кіруючых органаў партыі і ўраду, а таксама шмат відаў статыстыкі і справаздачнасці гэтых органаў не прызначаліся для публікацыі, а самі іх паседжанні і нарады часта насілі закрыты характар. Такія дакументы больш адкрыта і непрыхавана адлюстроўвалі сапраўдныя матывы ды мэты бальшавіцкага кіраўніцтва; менавіта яны ў першую чаргу прыцягваюць увагу гісторыка. Большасць жа публічных дакументаў, вядомых у тыя часы ці апублікаваных пазней у савецкі час, маюць для гісторыка меншую карысць. Публічная сфера ў краіне саветаў падлягала жорсткай цэнзуры і была арэнай буйнамаштабных прапагандысцкіх акцый і фальсіфікацый. Уся інфармацыя, што трапляла да шырокай публікі праз друк і радыё, была адмыслова прэпараваная і сфальшава ная ў кірунку, патрэбным уладам (не выключаючы і навуковыя публікацыі дакументаў). Таму карыстанне савецкай публічнай інфармацыяй патрабуе валодання эзопавай мовай і пэўнага досведу вычытвання паміж радкоў, што, зразумела, не ўсім дасяжна.

У цяперашні час беларусізацыя 1920-х г. выглядае калі не перыядам імклівага і паспяховага развіцця нацыі, дык, па меншай меры, бяскрыўдным і карысным культурніцкім праектам. Сапраўды, праз крывавыя сталінскія рэпрэсіі і анемічныя гады застою тая эпоха выглядае «залатым векам», перыядам адраджэння і росквіту беларускай мовы і культуры. Цяпер шмат хто ідэалізуе той перыяд, ствараючы новыя міфы пра адносіны паміж беларускай культурай і дзяржавай, перабольшваючы поспехі і дасягненні беларусізацыі. Здзейсненая публікацыя дае магчымасць лепш зразумець прычыны і мэты савецкай палітыкі на Беларусі ў галіне мовы і культуры, дэталёва разгледзець яе чыннікі і механізмы, нанова асэнсаваць яе вынікі і здабыткі.

Савецкая дзяржава мела вельмі грунтоўныя прычыны, каб праводзіць беларусізацыю. Частка гэтых прычын вынікала з бальшавіцкай дактрыны (як яна разумелася і рэалізоўвалася ў тыя часы) аб пабудове сацыялізму ў адной, прычым адсталай краіне, сярод варожага атачэння. Другая частка прычын стваралася бягучым момантам, жывілася запатрабаваннямі бальшавіцкай унутранай і знешняй палітыкі.

Палітыка беларусізацыі, што праводзілася ў 1920-я г., сваёй мэтай мела пабудову беларускага сацыялістычнага грамадства, а зусім не беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, як гэта ўдае камусьці з сучасных назіральнікаў. Таму беларусізацыя не падмяняла і тым больш не адмяняла нацыянальнай палітыкі 1 (4—5, 94), што тады падкрэслівалі бальшавіцкія лідэры. Беларусізацыя была накіравана на беларускі этнас як найбольш адсталы культурна і эканамічна, які, аднак, складаў пераважную большасць насельніцт ва ў ССРБ / БССР (14, 55—56, 60). Беларускае сялянства 2 ў рэспубліцы супрацьстаяла малалікаму расійскамоўнаму гораду (59), што аслабляла пазіцыі горада (і ўлады) на вёсцы (60). Будаваць сацыялізм у гарадах Беларусі без падтрымкі вёскі, якая забяспечвала горад харчаваннем, сыравінай і людскімі рэсурсамі, але «варылася» ў дробнабуржуазнай стыхіі, было немагчыма. Таму савецкае кіраўніцтва разлічвала праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату зрабіць сялянства саюзнікам новай улады (43, 55, 56, 99, 147).

У гэтых мэтах і папулярызацыя бальшавізму сярод сялян-беларусаў (гэта называлася «палітыка-асветнай», пазней «ідэалагічнай» працай) мусіла весціся на беларускай мове (98): «Патрэбна навучаць і ўцягваць у комунізм беларускага поўпролетара і пролетара беларускай вёскі на яго роднай, зразумелай яму, штодзённай і бытавой для яго беларускай мове» — заклікала яшчэ ў 1921 г. адна з партыйных рэзалюцый (43). У тым самым годзе «заява 32-х» (беларускіх нацыянал-камуністаў) патрабавала: «Необходимо как можно обильнее снабжать беларусское крестьянство и рабочих коммунистической литературой на белорусском языке (крестьянская газета, орган профессиональных союзов, листки, брошюры, календари и т. п.). Необходимо, чтобы ЦБ Коммунистической партии Белоруссии повело агитацию и пропаганду среди белорусских масс на белорусском языке» (30). «Крестьянину нужна понятная, популярная научная литература на белорусском языке, в которой он находил бы чёткую партийную линию», — патрабаваў у 1923 г. эмісар ЦК РКП(б) (56). «...Рабочий должен подойти к крестьянину с его родным белорусским языком, только так можно полно руководить крестьянством», — згаджаўся ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (98). Яму падтакваў у 1928 г. і его пераемнік В. Кнорын: «Верхавіны павінны вывучыць гэтую мову, каб кіраваць масамі» (120). У тым годзе адзін з беларускіх пісьменні каў-камуністаў лічыў: «Изучение рабочим классом Белоруссии её культуры и языка должно cтать одним из средств влияния этого класса на крестьянство» (249).

У адваротным выпадку вялізная сялянская маса, якой бальшавікі не давяралі з прычыны яе дробнабуржуазнасці, магла застацца без «пралетарскага» ўплыву (42—43) і выйсці з-пад кантролю ўлад. Такім чынам, беларусізацыі вымагаў тагачасны «палітычны момант», задачы «пабудовы сацыялізму» ў эканамічна і культурна адсталым рэгіёне, усталявання кантролю новай гарадской улады над вясковым насельніцтвам Беларусі.

Апрача гэтых ідэалагічных мэтаў, істотных на той час для бальшавікоў, беларусізацыя дазваляла ўладам вырашыць шэраг вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі:

а) усталяваць кантроль над беларускім нацыянальным рухам, што шырыўся з пачатку XX ст. сярод мясцовых беларускіх інтэлектуалаў. Гэты рух бальшавіцкае кіраўніцтва аніяк не магло пакінуць без увагі (53) і ўплыву камуністыч най ідэалогіі, а таму патрабавала ўсталявання супрацоўніц тва з беларускай інтэлігенцыяй (79), большасць з якой стрымана паставілася да маскоўскіх бальшавікоў, варожых беларускай культуры 3;

б) з'агітаваць беларускае насельніцтва ў Польшчы, дзе беларусы падлягалі пэўным абмежаванням, а іх любыя інстытуцыі не мелі падтрымкі і часта нават сімпатыіі дзяржавы. Таму «прыклад» узорнай Савецкай Беларусі меў «рэвалюцыянізуючы» характар для нацыянальна-вызвольна га руху беларусаў Польшчы і спрыяў дэстабілізацыі становішча ў гэтай краіне4;

в) выкарыстаць дасягненні нацыянальнай палітыкі ў знешнепалітычнай дзейнасці і ва ўнутранай прапагандзе. Найважнейшай перамогай тут сталася нейтралізацыя і раззбраенне беларускай эміграцыі, якая спыніла антысавец кую барацьбу і прызнала Савецкую Беларусь у якасці «адзінага цэнтра беларускага нацыянальнага руху». Некаторыя эмігранцкія лідэры нават пераехалі ў Менск, дзе занялі высокія, хоць і не адказныя пасады.

Гэтыя мэты і задачы выдатна разумеліся бальшавікамі, аб чым пераканаўча сведчаць матэрыялы публікацыі. Так, ужо ў «заяве 32-х» ад 1921 г. беларускія нацыянал-каму ністы падкрэслівалі перш за ўсё палітычныя выгоды, што прыносіла новай уладзе беларуская дзяржаўнасць (28). Ігнараванне «беларускага пытання», адзначалі яны, вяло да вельмі небяспечных памылак: «незадаволенасць у народных працоўных масах» і «змена настрояў сялянства не на карысць Савецкай улады» (30). Гэтыя перамены былі абумоўленыя хутчэй за ўсё цяжарам эканамічнай ды сацыяльнай палітыкі бальшавікоў, аднак беларускія нацыянал-ка муністы выдавалі іх за пралік цэнтра ў нацыянальным пытанні. У іншым дакуменце, што адлюстроўвае дыскусію на партканферэ нцыі ў 1923 г., партыйныя кіраўнікі падкрэслі валі перш за ўсё знешнепалітычныя дывідэнты ад беларусізацыі (49—51).

Сапраўдныя мэты і сэнс палітыкі беларусізацыі ўжо ў 1920-я г. былі відавочныя і замежным назіральнікам. Тамаш Грыб, адзін з дзячаў БНР і лідэраў партыі беларускіх эсэраў, так бачыў мэты гэтай палітыкі:

«Kab dziarюaчnyja чradoчcy-biurokraty, viedajuczy bieіaruskuju movu, sprytniej i czym chutczej mahli abduryж bieіaruskaha sielanina i rabotnika, Ÿbianteюanaha intelihienta, dy macniej zacisnuж bieіaruski narod u юaleznyja abcuhi kalonijalnaha vyzysku. Niachaj sabie, maчlaч, i ч bieіaruskaj movie havoraж, piszuж i drukujuж — heta nia vaюna, aby tolki Ÿmiest byч ahulnaruski, vialikadziarюaчnicki»5.

У 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, канстатаваў магчымасць двух шляхоў, па якіх можа пайсці партыя на Беларусі: «либо стать безоговорочно на путь полной ассимиляции, т. е. полного приспособления, обрусения белорусского населения... Либо можно дать поддержку ... белорусизации» (97). У 1920-я г. партыя абрала другі шлях, і толькі шмат пазней вярнулася да першага. Зразумела, чаму партыя вырашыла «размаўляць з масамі ... на іх роднай мове» (119). У 1920-я г. ступень і інструменты яе ўздзеяння на грамадства былі абмежаваныя і недаскана лыя. Беларусізацыя бачылася партыйным лідэрам дзейсным інструментам, які дазваляў дасягнуць шэрагу важных знешне- і ўнутрыпалітычных мэтаў, спрыяў планам па пабудове сацыялістычнай Беларусі. Сукупнасць палітычных выгод і ідэалагічных прыярытэтаў і падштурхнула ўлады да беларусізацыі.

Шырокамаштабная палітыка беларусізацыі была абвешчаная ліпеньскімі 1924 г. пастановамі ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР, а таксама рэзалюцыямі некалькіх наступных пленумаў ЦК КП(б)Б у 1925-26 г.6 У сваіх кірунках яна цалкам адпавядала праграме нацыянальнага будаўніцтва, шырока разгорнутай з 1924 г. па нацыянальных рэгіёнах СССР7.

Беларусізацыя стала інтэгральным складнікам бальшавіцкай культурнай рэвалюцыі, мэтай якой была пабудова ў СССР мадэрнізаванага грамадства. Аднак большасць этнасаў Савецкай імперыі ўяўлялі сабой даіндустрыяльныя соцыумы з патрыярхальнымі адносінамі і досыць архаічнай культурай нееўрапейскага кшталту (гл. у партыйнай рэзалюцыі таго часу, 59). Менавіта культурная рэвалюцыя і мусіла вывесці іх з такога стану, далучыць да перадавых тэхналогій і ідэй, давесці да патрэбнага ўладам узроўню мабілізацыі. Таму культура разам з мовай і навукай зрабілася ў краіне саветаў сферай дзяржаўнай палітыкі. Гэтая палітыка ў дачыненні да ўсіх народаў Савецкай імперыі, апрача расійскага, атрымала назву нацыянальна-культур нага будаўніцтва . Яна палягала ў паскораным фармаванні «сацыялістычнай нацыі», іншымі словамі — у фарсаванай мадэрнізацыі адсталых этнасаў (а зусім не ў адраджэнні беларускага народа, як мяркуе Р. Платонаў, 7).

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў СССР прадугледжвала шэраг культурна-асветніцкіх і адміністрацый ных мераў. Падобныя меры актыўна выкарыстоўваліся на той час па ўсім СССР, былі яны ўжытыя і ў Савецкай Беларусі. Такія меры залучалі:

а) перавод выкладання на родную мову карэннай нацыянальнасці не толькі ў пачатковай, але і ў сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай школе, а па магчымасці і вышэйшай (62, 76—77, 132—134);

б) пашырэнне кнігавыдання на нацыянальных мовах, па магчымасці, з давядзеннем долі нацыянальных выданняў прапарцыйна колькасці насельніцтва гэтай нацыяналь насці (61, 85, 135), але ў фокусе выдавецкай палітыкі была пераважна прапагандысцкая літаратура;

в) перавод (у большасці выпадкаў частковы) органаў рэспубліканскага і мясцовага друку на мову карэннай нацыянальнасці (73);

г) перавод зносін і справаводства ў савецкім і (па магчымасці) партыйным апараце, прафсаюзах, службах камунікацыі і ў мясцовых адзінках Чырвонай Арміі на мову карэннай нацыянальнасці (65, 72—73, 85, 87, 130—131), перад усім тых галін апарату, што кантактавалі з мясцовым насельніцтвам (99) і ў тых камунікацыйных жанрах, што мелі масавы, публічны характар (78);

д) пры заняцці пасад аддаваць перавагу кадрам з ліку карэннай нацыянальнасці, а сярод іншанацыянальных кадраў — тым, хто ведае мясцовую мову і мясцовыя ўмовы (67, 81—82); адпаведна гэтаму павялічваўся і працэнт прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці ў складзе выбарных органаў (82—83);

е) вывучэнне супрацоўнікамі апарату мясцовай мовы і культуры (68, 131, 137—138).

Гэтыя меры тычыліся не толькі беларускага этнасу і яго мовы, але і яўрэйскага, чыя прысутнасць была адметнай на Беларусі; звярталася ўвага таксама на польскае і нават літоўскае ды латышскае насельніцтва. З мэтай уцягнуць нацыянальныя меншасці ў сацыялістычнае будаўніцтва на Беларусі ствараліся нацыянальная саветы і нават цэлыя раёны, нацыянальныя школы і асветніцкія ўстановы (123).

Важным кірункам нацыянальнага будаўніцтва было развіццё моў раней прыгнечаных народаў. На думку бальшавіцкіх лідэраў, толькі з распрацаванай ды дасканалай літаратурнай мовай можна дасягнуць эканамічнай ды палітычнай спеласці этнасу (г. зн., яго мадэрнізацыі), ператварыць яго ў сацыялістычную нацыю. Дзеля гэтага мовы, што не мелі літаратурнай формы, атрымлівалі яе; мовы, слаба распрацаваныя ці чыя распрацаванасць не задавальняла бальшавікоў (напрыклад, як адарваная ад жывой гаворкі), набывалі новыя кірункі развіцця. Развіццё літаратурнай мовы штучна прыспешвалася : яна набывала належную апрацоўку ў слоўніках, граматыках і падручніках, дапускалася ў тыя галіны камунікацыі (напрыклад, навука і тэхніка), дзе раней не ўжывалася. Разам з гэтым улады стымулявалі развіццё нацыянальнай школы, тэатра і друку, падтрымлі валі літаратурную творчасць і народную самадзейнасць. А гэта, у сваю чаргу, стварала новыя сферы ўжытку нацыянальнай мовы. Яна пачынала абслугоўваць этнас на ўсёй тэрыторыі яго распаўсюджання — таму важнае значэнне мела межаванне і правільнае вызначэнне этнічнай тэрыторыі . Менавіта такі лёс зазнала ў 1920-х г. і беларуская мова, якая перад тым не мела допуску нават у друк і школу, не кажучы ўжо пра афіцыйныя ўстановы, і доўгі час нават была забаронена (была «вне закона», 95).

Галоўным пытаннем беларусізацыі партыя абвяшчала беларускую мову (60). Тут улады, сапраўды, сутыкнуліся са значнай праблемай. Беларуская літаратурная мова не была падрыхтаваная да функцыянавання ў якасці сродку высокай камунікацыі. Яе рэсурсы былі недастаткова распрацаваныя, а нормы нестабільныя. Да таго часу беларуская мова існавала як дыялект і не мела адметнай практыкі выкарыстання ў пісьмовай галіне (за выключэннем мастацкай літаратуры), тым больш у сферы грамадска значнай камунікацыі (16, 60—61, 102, 232). «...Белорусский язык составляет ся искусственно. <...> ...В школах ... внедряется искусствен но созданный белорусский язык. <...> ...Фактически вся учительская масса не знает белорусского языка» — гэтак трактаваў тагачасную беларускую мову адзін з партыйных актывістаў у 1923 г. (48—49). На гэта У. Ігнатоўскі адказваў:

«Это факт, что у нас ... нет единого белорусского языка, и тот язык, который преподаётся, не есть ещё народный. <...> Верно замечено, что тот белорусский язык, о котором идёт речь, во многом искусственный, в нём мало взято из жизни. Но следует отметить, что язык литератур ный приближается к народному по мере пользования им массой. До сих пор белорусский язык создавался интеллигентами. <...> Поэтому вполне естественно различие между искусственным и народным языком, и разрыв будет преодолён тогда, когда мы все будем пользоваться белорусским языком» (51).

Разам з укараненнем беларускай мовы ў прэстыжных сферах мусіла ісці і далейшая распрацоўка яе сродкаў, развіццё спецыяльнай тэрміналогіі, чаму партыя аддавала пільную ўвагу (61, 72). Рэзалюцыя 1925 г. пленума ЦК КП(б)Б нават абавязала «Наркомпрос и Инбелкульт срочно организовать работу по выработке популярного белорусского языка, наиболее близкого к деревне» (61). Рэзалюцыя іншага пленума таго самага года абвяшчала «вопросы развития и разработки языка», асабліва «под тем же углом зрения максимальной понятности для деревни», аб'ектам «ближайшего внимания партии» (72). Партыя заклікала «вести решительную борьбу против не преодолённого ещё до конца шовинистического взгляда на белорусский язык как на якобы выдуманный и „искусственный" » (72).

Удасканаленне беларускага правапісу зрабілася адным з аб'ектаў партыйнай увагі, што аформілася ў Акадэмічную канферэнцыю па правапісу, якая адбылася ў Мінску ўвосень 1926 г. Публікацыя сакрэтнага даклада У. Ігнатоўскага (102—109) сведчыць, што ўлады разглядалі яе перш за ўсё як палітычна-прапагандыскую акцыю, і толькі потым — як навуковае мерапрыемства 8. Канферэнцыя рыхтавалася (пры ўдзеле органаў ОГПУ) вельмі паспешліва, як процівага да Усебеларускага з'езду, які «варожыя» арганізацыі замежжа меркавалі неўзабаве склікаць (103). З дакладу бачна, што канферэнцыя, на задуму ўладаў, мусіла насіць пераважна рэкламна-прапагадысцкі характар, разлічаны ў асноўным на замежную аўдыторыю (104—109), і, як паказвае ў прадмове Р. Платонаў (10), гэтая мэта была дасягнутая.

Пашыраючы ўжытак беларускай мовы, улады сутыкнуліся яшчэ з адной складанасцю. Пераважная большасць беларускага насельніцтва была слаба знаёмая са сваёй літаратурнай мовай. Набыццё адукацыі раней для беларусаў заўжды адбывалася ў чужой мове і азначала асіміляцыю з чужыннай культурай. Таму яны, маючы нізкі ўзровень свядомасці, выяўлялі піетэт да больш распрацаваных расійскай ці польскай моў і на іх фоне ўспрымалі беларускую мову як штучную ці недасканалую (48—49, 52, 56—57, 95), незразумелую (212, 215), нават «холопскую, не дающую никаких прав» (60, 90—91). Улады добра разбіраліся ў тагачаснай моўнай сітуацыі. Бліскучы сацыялінгвістычны аналіз становішча беларускай мовы ў грамадстве падаў А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б (94—97, 100—101). Партыйнае кіраўніцтва зважала на русіфікаванасць часткі беларускага насельніцтва і меркавала мяккімі мерамі, прыкладамі і праз тлумачальную працу заахвоціць беларусаў да карыстання роднай мовай у прэстыжных сферах камунікацыі (20—21, 98—99, 101). Насельніцтва, пад уплывам шавіністычнай ідэалогіі, напачатку сустрэла ўвядзенне беларускай мовы непрыхільна, так што нават спатрэбілася весці ў масах тлумачальную працу аб мэтах і задачах гэтай палітыкі беларусізацыі (84, 91). Але ўжо ў 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, адзначаў, што ў беларускіх акругах:

«...Крестьянин уже на практике, на опыте убедился, что белорусский язык это не есть „бесправный язык" и „мужицкий язык", с которым учиться нельзя, с которым только „детей запутать можно", а дальше никуда не пойдёшь, там крестьянин видит, что этот язык такой же равноправный, как язык русский, потому предпочитает пользоваться своим белорусским языком» (97).

Нігілізм беларусаў да роднай мовы актыўна скарыстоўвалі праціўнікі беларусізацыі. Паводле Ігнатоўскага, яны ператварылі «белорусский язык в жупел, которым пугают крестьян, говорящих на этом языке» (52, аналагічна 147). У 1926 г. сход сялян адной вёскі Капыльскага раёна нават пастанавіў: «Ликвидировать белорусский язык и потребовать от власти быстрого его уничтожения» (212). Насельніцтва настройвалася супраць беларускай мовы расійскамоўным чынавенствам і настаўніцтвам, у асаблівай меры прасякнутых шавіністычнай ідэалогіяй (210—211); іншы шыхт, апантаны гэтай ідэалогіяй, духавенства, быў выключаны з грамадскага жыцця, хоць і яго ўплыў нельга ігнараваць. Свае погляды шавіністы наважваліся абараняць публічна (214—217, 222—224, 228—230), падаючы іх за меркаванне ўсяго насельніцтва Беларусі ці супрацьпастаўляючы «беларусіфікацыю» марксісцкаму, пралетарскаму інтэрнацыяналізму (48, 230). Непрыхільнае стаўленне да беларускай мовы існавала і сярод яўрэйскіх рабочых (192—193), асабліва ў іх русіфікаванай частцы. Трываласць і пашыранасць шавіністычнай, імперскай ідэалогіі сярод насельніцт ва Беларусі сведчыць пра высокую ступень русіфікацыі краіны за царскім часам. Партыя ставіла задачу пераадолець у насельніцтве пагардлівае стаўленне да беларускай мовы (60, 71, 94), асабліва звяртаючы ўвагу на рэакцыйныя погляды былых расійскіх чыноўнікаў, што знаходзіліся на службе ў савецкай улады (65, 70, 110—111, 218).

Іншым важным кірункам нацыянальна-культурнага будаўніцтва быў тэрытарыяльны аспект. Для буйных ці важных этнасаў9 СССР ствараліся саюзныя і аўтаномныя рэспублікі, нацыянальныя акругі і раёны, праводзілася вылучэнне нацыянальных адзінак у межах ужо існуючых утварэнняў, іх узбуйненні ці размежаванні. У тагачаснай партыйнай тэрміналогіі гэта называлася нацыянальна-дзяр жаўным будаўніцтвам . Яго мэтай было аб'яднанне пад адной нацыянальнай адміністрацыяй усёй тэрыторыі распаўсюджання дадзенага этнасу, калі яна ўтварала адзіны эканамічны рэгіён. На думку бальшавікоў (далёка небеспадстаўную), гэта паскарала працэс складвання (развіцця) сацыялістычнай нацыі («рэвалюцыянізавала » працоўных) і дазваляла перадухіліць магчымыя злоўжыванні з боку кіраўнічага апарату, што пагражала дэстабілізацыяй становішча ў шматнацыянальнай дзяржаве.

Менавіта з гэтых пазіцый зыходзіла кіраўніцтва Савецкай Беларусі, калі ў 1-й палове 1920-х г. патрабавала далучэння да Савецкай Беларусі ўсходніх абшараў, населеных беларусамі, якія на той момант знаходзіліся ў складзе РСФСР10. Такія патрабаванні выстаўлялі яшчэ раней беларускія эсэры і нацыянал-камуністы, аднак тагачаснае маскоўскае кіраўніцтва ігнаравала іх. Толькі пасля ўтварэння СССР і ўсталявання дзейснага кантролю над Беларуссю яно згадзілася вырашыць і пытанне аб павелічэнні тэрыторыі ССРБ на ўсход. Вядома, што мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва гэтых раёнаў адмоўна паставілася да такога далучэння (88, 91—93), паколькі гэта перасякала кантакты мясцовых функцыянераў з маскоўскім кіраўніцтвам і прымушала іх праводзіць беларусізацыю , гэтак ненавісную шавіністам . Аднак беларускае кіраўніцтва высоўвала шэраг аргументаў, якія Маскве цяжка было аспрэчыць: а) эканамічны: аб'яднанне ў межах адной рэспублікі раёнаў з аднолькавым гаспадарчым ладам і з цеснымі ўзаемасувязямі, б) ідэалагічны : узмацненне ў аграрнай Беларусі пралетарскай базы, в) прапагандысцкі : стымуляванне прасавецкага руху сярод беларусаў Польшчы (92).

Дакументы зборніка пераканаўча сведчаць, што беларусізацыя мела рысы чарговай буйнамаштабнай кампаніі , якую ўлады самі ініцыявалі і праводзілі пад сваім кантролем . Ужо з 1921 г. кіраўніцтва патрабавала ўводзіць беларускую мову «ўдарнымі тэмпамі» ў друк, установы асветы і ўлады. «Наркомпрос решил в течении года перевести преподавание во всех школах на белорусский язык, не имея для этого ни достаточного количества педагогов, ни учебных пособий», — выказваўся ў 1923 г. адзін з партыйных кіраўнікоў (55). З 1924 г. да гэтага дадаліся дырэктывы, планы і нават лічбы беларусізацыі (з абавязковымі рапартамі аб іх выкананні). Яны падлягалі праверцы вышэйшымі органамі (прычым правяралася нават асабістае карыстанне службоўцамі беларускай мовай!) і ў выпадку невыканання цягнулі розныя санкцыі (198—205). Праўда, пад пакаранні найчасцей траплялі шараговыя супрацоўнікі (206). З 1925 г. «раздзелы пра беларусізацыю... сталі ўключацца ва ўсе колькі-небудзь значныя рашэнні партыйных і дзяржаўных органаў. Без спасылак на беларусізацыю не абыходзілася амаль ні адна прамова...» — піша Р. Платонаў (16). Але ў 1928—29 г. імпэт партыйнага кіраўніцтва ў правядзенні беларусізацыі значна саслабнуў, хоць па інерцыі кампанія працягвала каціцца далей. Калі ж улетку 1929 г. погляды маскоўскіх уладаў на мэты і змест нацыянальнай палітыкі радыкальна змяніліся, то і беларусізацыя была хутка згорнутая менш чым за адзін год.

Зразумела, і ў партыі, і сярод насельніцтва заўжды знаходзіліся прыхільнікі гэтай кампаніі, якія спрыяльна і зацікаўлена ставіліся да беларускай справы. Р. Платонаў у сваёй прадмове слушна адзначае, што галоўнымі энтузіястамі беларусізацыі сталі беларускія нацыянал-камуністы, якія актыўна ўключыліся ў нацыянальную працу (13). Вядомыя матэрыялы паказваюць, што беларусізацыя ішла імкліва і нефармальна ў тых раёнах і галінах, дзе ёю кіравалі менавіта нацыянальна свядомыя адміністратары. Калі яны з'язджалі, то беларуская справа часта губляла свой імпэт і хутка ператваралася ў казённае мерапрыемства 11.

На гэтай падставе некаторыя сучасныя аўтары мяркуюць, што палітыка беларусізацыі была навязаная бальшавіцкаму кіраўніцтву мясцовымі нацыяналістамі і праводзілася ледзь не выключна іх высілкамі 12. Сапраўды, публікацыя паказвае, што да 1924 г. выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржапараце БССР было абмежаванае ў лепшым выпадку сістэмай адукацыйных устаноў. Але і туды беларуская мова, якая да рэвалюцыі не мела легальнага доступу ў школу, пачала трапляць пад ціскам беларускіх нацыянал-ка муністаў. Іх удзел у правядзенні палітыкі беларусізацыі, безумоўна, значны. Яны адыгрывалі ролю групы ціску і напаўнялі афіцыйнае мерапрыемства жывой працай.

Аднак абсалютна слушна даводзіць у прадмове Р. Платонаў, што беларусізацыя была складнікам тагачаснай партыйнай палітыкі, якая праводзілася на дзяржаўным узроўні (7—8, 259). Матэрыялы публікацыі пераканаўча сведчаць, што ініцыятарам, правадніком, потым душыцелем беларусізацыі была кампартыя 13. Гэта і зразумела, паколькі ёй належала кіраўнічая роля ў савецкім грамадстве, яна была адзіным арганізатарам усіх перамог (і параз) савецкага народа.

У цэлым беларусізацыя вялася не нацыянальна свядомымі актывістамі, а дзяржаўным апаратам і амаль выключна — дырэктыўным, загадным метадам (гл. розныя матэрыялы ў 2-й частцы, асабліва 139—146, 149—198). Інакш і быць не магло ў таталітарнай краіне; як у любой савецкай кампаніі, у ёй пераважалі казёншчына і фармалізм 14. Улады і самі прызнавалі памылкі і недахопы ў яе правядзенні, павярхоўнасць і хаатычнасць сваіх мераў, злоўжыванне голымі метадамі адміністравання і камандавання (77, 83). Мноства мераў і справаздач насілі парадны, паказны характар (120). Таму трэба з вялікай насцярогай ставіцца да тагачасных паказчыкаў беларусізацыі (18—19) — савецкая бюрактатыя была вельмі здатная рапартаваць аб выкананні цэнтральных дырэктыў. Так, у 1926 г. А. Крыніцкi, першы сакратар ЦК КП(б)Б, быў вымушаны канстатаваць, што «государственный аппарат говорит до сих пор в [белорусских] округах с крестьянином только по-русски, только по-русски выходит печать» (95). Прымушаныя да выкарыстання беларускай мовы, чыноўнікі нават і ў 1929 г. ведалі яе вельмі павярхоўна і калі і ўжывалі, то альбо недалугую мешаніну з расійскіх і беларускіх словаў, «альбо ўсе словы і пабудаванне мовы» ў іх мелі «расійскі выгляд з некаторым адценнем беларусізацыі» (199). Карыстанне беларускай мовай, недастаткова распрацаванай і нестабільнай у сваіх нормах, спараджала камунікацыйныя цяжкасці і ў расійскамоўных навукоўцаў Беларусі. Выкладчык вну ў Горках так казаў у 1927 г. пра моўныя складанасці:

«Беларуская мова ў галіне нашых ведаў, у галіне нашай навукі недастатачна распрацавана, недастатачна развіта. Праца на беларускай мове прадстаўляе большую складанасць... Наколькі палажэнне навуковых працаўнікоў, працуючых за межамі Беларусі, адрозніваецца ў гэтых адносінах, я нядаўна адчуў на сабе, калі трапіў у Саратаў, дзе павінен быў чытаць лекцыі. Мне, працуючаму ўжо некалькі гадоў у Беларусі, проста здалося незвычайным, што людзі зусім свабодна гавораць, што ў іх няма гэтых труднасцей, няма гэтай сталай думкі аб тым, як быць з мовай» (232).

Без сумневу, большасцю дзяржаўнага апарату беларусізацыя нават у часы яе апагею ўспрымалася як чарговая кампанія, досыць непаслядоўная па метадах і не зусім уцямная паводле сваіх мэт, як і іншыя савецкія акцыі. На думку ўладаў, у дзяржаўным апараце беларусізацыя павінна была праводзіцца прымусова (99—100), паколькі «асноўныя кадры нашых [апаратных] працаўнікоў прайшлі русіфікатарскую царскую школу, праз яе далучыліся да культуры і тым самым адарваліся ад шырокіх беларускіх мас» (119). Даволі рэзкія меры (уласцівыя наогул бальшавіцкай палітыцы), якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да апарату (але пераважна шараговых яго працаўнікоў), не спрыялі прыхільным адносінам да беларускай мовы (20, 206, 225—228) і выклікалі патрабаванні аб запавольванні беларусіза цыі (232).

Значная частка бальшавіцкага кіраўніцтва сама была прасякнутая шавіністычнай ідэалогіяй. Але незалежна ад сваіх антыпатый, партыйнае кіраўніцтва разумела небяспеку і нявыгаду прапаганды расійскага шавінізму на нацыянальных ускраінах ў 1920-я г., калі пазіцыі савецкай улады яшчэ не былі трывалыя (220). Аднак пры гэтым бальшавікі не жадалі ўласнымі рукамі ўзрошчваць там і нацыяналізм, які абуджаў сепаратысцкія настроі, што магло разбурыць Савецкую імперыю (як, урэшце, і адбылося).

Таму ад самых пачаткаў беларусізацыі партыя звяртала ўвагу на «небяспекі» расійскага вялікадзяржаўнага ўхілу, пагарды мясцовымі нацыянальнасцямі і мясцовага нацыяналізму (64, 66, 78—79). Партыя заклікала камуністаў змагацца тут на два бакі: з аднаго боку, пераадольваць супраціў нацыянальнай палітыцы партыі, а з другога, даваць рашучы адпор розным «ухілам» і «замахам». Таму партыя адзначала небяспеку не толькі беларускага ды яўрэйскага нацыяналізму, але і расійскага таксама (110—118, 217—221, 231—232); беларускаму нацыяналізму ў гэтай крытыцы аддавалася гэтулькі ж увагі, колькі і іншым нацыяналізмам. Кампанія беларусізацыі абудзіла свядомасць насельніцтва (96—97, 212) і актывізавала спадзяванні беларускай інтэлігенцыі, што «белорусизация это есть уступка этой, мелкобуржуазной по существу, части белорусской интеллиген ции» (115). Зразумела, партыя не магла з гэтым мірыцца і павяла барацьбу з беларускім нацыяналізмам, які ўжо з сярэдзіны 1920-х г. атрымаў у партыйным жаргоне назву нацыянал-дэмакратызму.

Напачатку гэтая барацьба мела мяккія формы і абмяжоўвалася «адзёргіваннем» камуністаў-беларусаў у тых выпадках, дзе пільным цэрберам бальшавізму бачыўся «ўхіл». Але недзе з канца 1928 г. партыйныя колы пачалі пераходзіць ужо да цкавання асобных беларускіх нацыяналістаў з ліку маладых пісьменнікаў (235—239, 255—258). Тады ж і пачынаецца «распрацоўка» беларускага нацыянал-дэмакратызму ў друку (239—242), а тыя, хто трапіў пад яе агонь пачынаюць каяцца (242). З паблажлівасці вышэйшага кіраўніцтва асобныя партыйцы беспакарана ладзяць публічныя абструкцыі беларускай мове (253—254). Улетку 1929 г. з Масквы прыехала партыйная камісія Затонскага, якая рэзка раскрытыкавала кіраўніцтва БССР за спаўзанне на пазіцыі нацыянал-дэмакратызму. «Беларускі шавінізм» і нацыянал-дэмакратызм афіцыйна быў абвешчаны «галоўнай небяспекай» (21—22). Партыя асноўны агонь сваёй крытыкі перанесла на беларускі нацыяналізм, тады як расійскі шавінізм усё больш і больш станавіўся толькі дзяжурнай тэмай. Хоць фармальна палітыка беларусізацыі не была згорнутая 15, аднак, як слушна адзначае ў сваёй прадмове Р. Платонаў, гэта была «ўжо іншая беларусізацыя» (22), якая «стала паскорана перарастаць у сваю процілегласць» (24). З 1930 г. распачынаецца масавая кампанія па барацьбе з нацдэмамі, і ў БССР на працягу пяці гадоў нагнятаецца антынацыяналістычная істэрыя, якая набывае антыбеларускі і шавіністычны характар. У 1930—31 г. шэраг найбольш актыўных і выбітных нацыянал-каму ністаў і культурных дзеячаў Савецкай Беларусі былі абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваны. Нарэшце, у 1933 г. беларуская літаратурная мова зазнала радыкальную рэформу, якая гвалтоўна наблізіла яе да расійскай мовы.

Бальшавіцкай уладзе ўжо быў непатрэбны «захоп» сялянскіх мас праз беларусізацыю дзяржаўнага апарату, і яна з лёгкасцю адмовілася ад гэтай палітыкі. Яна знайшла іншыя, больш дзейсныя і радыкальныя сродкі панавання над вёскай — калектывізацыю. А гучнае згортванне беларусізацыі выклікана зменамі ў афіцыйнай ідэалогіі: з перамогай у апараце Сталіна ўмацоўвалася ідэя магутнасці савецкай дзяржавы (і дзяржавы наогул), якая мусіла надалей цэментавацца расійскай культурай і мовай. Улады з жахам убачылі, што палітыка каранізацыі правакуе на нацыяналь ных ускраінах СССР рост нацыяналізму, які пагражаў сепаратызмам і дэцэнтралізацыяй. Ва ўмовах узмацнення камандна-адміністрацыйнай сістэмы, складвання моцна цэнтралізаванай бюракратыі такія тэндэнцыі выглядалі вельмі небяспечна. Таму на іх і абрынулася ў 1929—31 г. хваля жорсткіх рэпрэсій. Падзеi тых гадоў можна разглядаць як барацьбу расiйскага (iмперскага) камунiзму з беларускiм нацыянал-камунiзмам 16, барацьбу цэнтральнай улады супраць сепаратызму нацыянальных ускраін, за цэнтралiзацыю дзяржавы. Менавіта таму беларусізацыя была не проста згорнутая, а згорнутая гучна, і на змену ёй прыйшла новая кампанія — па барацьбе з нацдэмаўшчы най, якая мусіла ўмацаваць на нацыянальных ускраінах гэтыя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі.

Але нягледзячы на параўнальна кароткі перыяд, беларусізацыя адыграла выключна важную ролю ў развіцці беларускай мовы і культуры, абуджэнні нацыянальнай свядомасці ў шырокіх колах насельніцтва і сярод кіраўнічай эліты. Упершыню на Беларусі дзяржава актывізавала ўсе сродкі і магчымасці «для приостановки процесса дальнейшего обрусения белорусской национальности» (97). І хоць палітыка беларусізацыі вымагалася задачамі нацыянальна -культурнага будаўніцтва ў СССР і мадэрнізацыі яго нацыянальнай перыферыі, эканамічна і культурна адсталай, аднак аб'ектыўна яна вельмі паспрыяла нацыянальнаму адраджэнню беларусаў.

Нягледзячы на супраціў шавіністычных колаў, беларуская мова ўпершыню здабыла падтрымку дзяржавы, якая прыклала значныя намаганні ў бок распрацоўкі яе рэсурсаў і пашырэння яе ўжытку ў прэстыжных сферах камунікацыі. Дасягненні ў гэтых адносінах за часы беларусізацыі становяцца зусім відавочнымі ў параўнанні з іншымі мовамі, што мелі статус, блізкі да беларускай. Марксісцкі гісторык М. Пакроўскі ў 1928 г. прывёў дзеля прыкладу Нарвегію, якая доўгі час знаходзілася пад дацкім панаваннем. Там у якасці літаратурнай мовы засталася дацкая мова, тады як нарвежская (заснаваная на мясцовых дыялектах) амаль не мела доступу ў вышэйшыя сферы камунікацыі (251—252).

Нават і ў 1930-х г., калі беларусізацыю згарнулі, улады былі вымушаныя падтрымліваць пэўны ўжытак беларускай мовы (праўда, не такі шырокі, як планавалася ў 1920-я г.) у высокіх сферах камунікацыі — ад навукі і мастацтва да публічных выступленняў і справаводства. Фактычна, у 1930 г. спынілася толькі кампанія па беларусізацыі, але яе інтэнцыі і шэраг дасягненняў захаваліся. Пагардлівыя адносіны да беларусаў, беларускай мовы ці культуры ўжо не маглі папулярызавацца, нават у часы барацьбы з нацдэмаўшчы най — інакш гэта патыхала ўжо дыскрэдытацыяй усёй бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і магло наклікаць рэпрэсіі. Упершыню за некалькі стагоддзяў этнічная самастойнасць беларусаў, аўтаномнасць іх мовы і вартасць іх культуры не браліся дзяржавай пад сумнеў і нават атрымлівалі з яе боку пэўную санкцыю на захаванне і развіццё. Пасля рэпрэсій 1930 г. засталіся беларуская школа, беларуская літаратура, друк, тэатр, народная самадзейнасць; захаваліся і беларуская інтэлігенцыя (зразумела, у сервільным стане), і беларускія культурныя ўстановы (якія мусілі гадаваць насельніцтва толькі ў вызначаным уладамі духу).

Захаваліся і тэрытарыяльныя набыткі беларусізацыі. БССР ужо нельга было скасаваць ці зменшыць, яна стала важным складнікам Савецкай імперыі. Беларусь ляжала на мяжы з «варожым буржуазным атачэннем» і ў выпадку замежнай агрэсіі магла прыкрыць сабой раёны цэнтральнай Расіі, дзе разгортвалася індустрыялізацыя. На погляд маскоўскага кіраўніцтва, беларусізацыя разам з узбуйненнем рэспублікі дастаткова ўзняла патэнцыял беларусаў, каб стварыць з іх надзейную заслону на шляху магчымай агрэсіі. Цяпер беларусы мусілі змагацца з агрэсарам не толькі пад прымусам Масквы, але і дзеля абароны сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці.

Здзейсненая публікацыя касуе недахоп падставовых дакументальных крыніц па гэтым важным перыядзе і забяспечвае даследчыкаў карысным матэрыялам для далейшай працы. Застаецца спадзявацца, што публікацыя паспрыяе развянчанню некаторых міфаў, што ўсталяваліся ў цяперашняй літаратуры, дасць магчымасць кожнаму чытачу зрабіць уласныя назіранні і высновы.

Хоць аўтары падкрэсліваюць важнасць дакументаль най гісторыі (3), але выкананая імі публікацыя дакументаў выклікае некаторыя заўвагі. Зразумела, што ў адрозненне ад філалагічнай публікацыі, публікацыя для гісторыкаў не патрабуе такой дакладнасці ў перадачы ўсіх пісьмовых і моўных асаблівасцяў тэксту. Але чамусьці толькі адзін дакумент (рэзалюцыя КП(б)Б 1921 г., выдадзеная ў 1926 г.) друкуецца «тарашкевіцай» (40—45), тады як усе астатнія тэксты на беларускай мове падаюцца ў сучаснай арфаграфіі, хоць тады яны пісаліся на «тарашкевіцы». Дарэчы, у тыя часы і напісанне некаторых расійскіх слоў таксама было інакшым. Такая непаслядоўнасць крыху дэзарыентуе чытача, не кажучы ўжо пра тое, што ўнікненне «тарашкеві цы» пазбаўляе яго адчування духу і каларыту той эпохі.

Аўтары не заўжды ўдала скарацілі некаторыя дакументы. Так, у дакладзе У. Ігнатоўскага аб выніках Акадэмічнай канферэнцыі чамусьці апушчаны важны раздзел з пералічэннем недахопаў (у т. л. ідэалагічных) у правядзенні канферэнцыі (гл. 105).

У наборы сустракаюцца памылкі: дружнмым (235), буларус (121) і інш., трапляюцца прагалы ў сярэдзіне слова: рамка ми (49), пра цаўнікоў (225), пра весці (232), не калькі (235), пакі нуць (236) і далей вельмі часта. Відаць, публікатары цалкам паклаліся на кампутарную праграму і не зрабілі апошняй карэктуры гатовага тэксту.

Падобныя недахопы крыху аслабляюць у чытача давер да публікацыі і нараджаюць сумнеў, ці дакладна арыгіналы суадносяцца з публікацыяй? Так, амаль усюды ў дакументах зборніка фігуруе БССР — ці так гэта ў арыгіналах? Вядома, што да сярэдзіны 1920-х г. краіна называлася ўсё ж такі ССРБ (такая назва выступае толькі ў адным дакуменце, 32).

Аднак гэтыя дробныя хібы не зніжаюць значнай вартасці і актуальнасці дадзенай дакументальнай публікацыі.

Ігар Клімаў
Мінск

 

* Беларусізацыя: 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Пад агульнай рэд. Р. П. Платонава і У. К. Коршука. Мінск: БДУ, 2001. 270 с.

1 Нацыянальная палітыка ахоплівала ўвесь дыяпазон нацыянальных адносін у савецкім грамадстве. Яе мэтай было не толькі ўсталяванне бесканфліктнага і кампліментарнага суіснавання розных нацый у межах унітарнай дзяржавы — СССР, але і «мабілізацыя» іх на пабудову сацыялізму: «пралетарскай, нацыянальнай палітыкай прасякнута ўся наша праца па эканамічным і культурным будаўніцтве, па арганізацыі Савецкай улады», — казаў у 1927 г. В. Кнорын, першы сакратар ЦК КП(б)Б (119).

2 Беларускі народ складаўся пераважна з сялянства — прыгнечанага і пагарджанага класу, які бальшавікі залічалі да сваіх натуральных саюзнікаў. Адпаведна, і беларуская мова сустрэла падтрымку бальшавіцкай улады перш за ўсё таму, што была мовай сялянства і царскім рэжымам трактавалася як мужыцкая і некультурная (41—42, 43, 100).

3 У беларусаў адсутнічаў адметны шыхт уласнай інтэлігенцыі, і бальшавіцкія ўлады спадзяваліся, што беларусізацыя дазволіць ім выхаваць на Беларусі лаяльную беларускую інтэлігенцыю (4—6), і як паказала далейшыя гісторыя, у гэтым яны не памыліліся.

4 У міжваенны перыяд Польшча зрабілася для бальшавіцкага кіраўніцтва ці не галоўным ворагам сярод суседніх краін (244—247). Працяглая мяжа з ёю, набліжанасць да найважнейшых цэнтраў СССР, ваяўнічы антысаветызм, які мяшаўся з русафобіяй, ператваралі Польшчу ў зручны плацдарм для магчымай агрэсіі супраць краіны саветаў. Таму адной з найважнейшых мэтаў бальшавіцкай знешняй палітыкі была дэстабілізацыя становішча ў Польшчы. Галоўным чыннікам гэтага ў 1920-х г. стаў «нацыянальна-вызвольны рух», які разгортвала камуністыч ная агентура сярод беларусаў і ўкраінцаў II Рэчы Паспалітай.

5 Iskry Skaryny. Praha, lipiec 1931. S. 5.

6 Яны апублікаваныя: Постановления второй сесии Центрального Исполнительного Комитета БССР VI созыва. Менск, 1924; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (25—29 января 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (12—15 октября 1925 г.). Менск, 1925; Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б: (октябрь 1926 г.). Менск, 1926. З гэтых крыніц пастановы апублікаваныя і ў рэцэнзаваным зборніку (с. 58—80, 83-87, 129-135). Яшчэ раней, у ліпені 1923 г., ЦБ КП(б)Б распрацавала «платформу па нацыянальным пытанні», якая залучала шэраг мераў па шырокай беларусізацыі ў рэспубліцы (14—15).

7 У прадмове Р. Платонаў спрабуе давесці, што «да беларусізацыі ў рэспубліцы падыходзілі паступова, па меры ліквідацыі цяжкіх вынікаў грамадзянскай вайны, пазбаўлення ад бандытызму, вывядзення народнай гаспадаркі з крызіснага стану, падвядзення пад гэтую палітыку неабходнай эканамічнай базы, стварэння кадравых перадумоў» (10). Але калі цяжкасці, адсутнасць базы і перадумоў спынялі бальшавікоў, асабліва ў ідэалагічных кампаніях? Старт палітыкі беларусізацыі ў 1924 г. тлумачыцца не гэтым, а загадам Масквы. З 1924 г. у СССР, паводле пастаноў X і XII з'ездаў РКП(б), пачала праводзіцца палітыка каранізацыі, складнікам якой і сталася палітыка беларусіза цыі. Платонаў згадвае пра гэта (13), але неяк мімаходзь.

8 У беларускай навуцы, як афіцыйнай, так і неафіцыйнай, канферэнцыя падаецца як вялізнае навуковае дасягненне беларускай лінгвістыкі, але гэта рэлятыўна. Шмат прапаноў ці выступленняў на ёй не мелі навуковай вартасці, а некаторыя з іх нават былі чыстай фантастыкай (праўда, большай навуковасцю ў СССР тады не магло пахваліцца ніводнае мерапрыемства падобнага кшталту). Навуковыя задачы, якія ўлады ставілі перад канферэнцыяй, былі ў асноўным практычнага характару: ад канферэнцыі ў галіне правапісу яны патрабавалі «поставить вопрос практически и упростить» (104).

9 Важнасць таго ці іншага этнасу вызначалася яго стратэгічным значэннем для савецкай дзяржавы: колькасцю і геаграфіяй — размяшчэннем пры мяжы з варожымі краінамі. Таму «іншародцы» ўнутры Расіі нават і з высокім узроўнем нацыянальнага руху да рэвалюцыі (напрыклад, татары) не атрымалі статусу саюзнай рэспублікі, тады як народам, што ляжалі на мяжы з «варожым» атачэннем (напрыклад, туркмены), пашанцавала нашмат больш, хоць патрабаванні іх нацыянальных эліт былі на той час непараўнальна сціплейшымі.

10 Калі ў 1921 г. была ўтворана ССРБ, то яе абмежавалі адной Мiнскай губерняй (нават без Рэчыцкага павету), а астатнія этнічна беларускiя абшары шчодра аддалі РСФСР, а таксама Лiтве і Польшчы, якія Масква бачыла ў перспектыве савецкімі (ці прасавецкімі) рэспублiкамі.

11 Гл. напрыкл.: Гесь А. Калінінская акруга: Хроніка беларускага культурнага жыцьця 1920-х гадоў // Спадчына. 2001. № 3. С. 3—49.

12 Гл.: Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000. С. 62; Вялікі А. Чырвоная беларусізацыя // Спадчына. 2001. № 3. С. 50—51. Нават Р. Платонаў у сваёй прадмове, абапіраючыся на неапублікаваныя дакументы пачатку 1920-х гг., спрабуе давесці, быццам «партыя» ставіла пытанне аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы і да 1924 г. (10—12, 13—15). Сапраўды, такое пытанне асобнымі камуністамі-беларусамі ставілася, але ніякія патрабаванні нешматлікіх беларускіх нацыянал-камуністаў не здолелі б прымусіць спрэс русіфікаваную і апантаную шавінізмам КП(б)Б да беларусізацыі, калі б на тое не было дазволу і нават патрабавання маскоўскага кіраўніцтва. Таксама мае рацыю А. Вялікі (цыт. публ. у «Спадчыне», с. 51), калі даводзіць, што нацыянальная праца мала турбавала партыйнае кіраўніцтва на пачатку 1920-х г.

13 Праўда, Р. Платонаў у сваёй прадмове, здаецца, лічыць ініцыятарам палітыкі беларусізацыі адну толькі кампартыю Беларусі, але з гэтым нельга згадзіцца. Хоць яна была манапольным кiраўнiком Савецкай Беларусi, але самастойнай i незалежнай партыяй не з'яўлялася. У кадравых i iдэалагiчных пытаннях яна цалкам падпарадкоўвалася РКП(б) / ВКП(б), якая разглядала КП(б)Б як сваю рэгiянальную арганiзацыю, няспынна тасавала яе кіраўніцтва і прадвызначала аб'екты ды кірункі асноўных ідэалагічных і палітычных акцый. Таксама і палітыка беларусізацыі распачалася (як і скончылася) з падачы маскоўскага кіраўніцтва.

14 Памылкова А. Вялікі ў «Спадчыне» (с. 52—61) тлумачыць гэта шавіністычным байкотам на месцах — але пра такі байкот ганебнай бюракратыі казаў яшчэ Ленін. Савецкі кіраўнічы аппарат, асабліва ў 1920-я— 30-я г., вызначаўся няўмельствам і прафесійнай некампетэнтнас цю. У выпадку з беларусізацыяй «цэнтр» ставіў нерэальныя і супярэчлівыя задачы, якія «месцы» проста не ў стане былі выканаць.

15 А. Вялікі ў сваім артыкуле ў «Спадчыне» (с. 62) указвае, што беларусізацыя праводзілася яшчэ напачатку 1930-х г.

16 Р. Платонаў разглядае гэтую барацьбу як супрацьстаянне дзвюх сіл: нацыянальна арыентаванай і звышінтэрнацыяналістычнай (12, 22—24), але такая тэрміналогія здаецца не вельмі ўдалай. Барацьба паміж нацыянал-камуністамі і масквафіламі разгарнулася тады ва ўсіх нацыянальных рэспубліках СССР. Негледзячы на беларусізацыю 1920-х г., «фракцыя» Масквы заўжды была моцная ў КП(б)Б, а ў 1930 г. яна канчаткова выціснула нацыянал-камуністаў з улады. З таго часу кампартыя Беларусi да канца XX ст. рэпрадукавала выключна масквафiльскiя кадры. Нават беларусы-камуністы выхоўваліся ў духу зацятай варожасці да «беларускага нацыяналізму» і захаплення «расійшчынай».

змест