Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Нью–Ёрк. 1999. 362.

Мяркуючы па беларускамоўных нью–ёркскіх выданнях, Нью–Ёрк становіцца адным з найважнейшых цэнтраў выдання беларускай кнігі. За апошнія пяць гадоў выйшлі: „Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі“ Юркі Віцьбіча, „Архіўная кніга“, „Беларусізацыя пад №…“ Лявона Крывічаніна, „Эпізоды“ Яўхіма Кіпеля. У 1999 г. у серыі БІНіМа выйшла яшчэ адна кніга — „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі“, укладальнік якой — Лявон Юрэвіч.

Прадмова да кнігі, напісаная Лявонам Юрэвічам, уяўляе з сябе асобнае грунтоўнае даследаванне беларускай эміграцыйнай мемуарыстыкі: „Успамінамі пранізана беларуская эміграцыйная літаратура. Яны ўзбагачаюць жывымі фактамі палітычныя й крытычныя артыкулы. Яны натуральныя ў гісторыка–этнаграфічных нарысах. Яны — неад’емны элемэнт палемічных зацемак і фэльетонаў. Яны ўплятаюцца ў тканку навуковых дасьледваньняў. На іх грунтуюцца мастацкія творы. Успамінамі пра адышоўшых поўняцца нэкралёгі“ (с. 6–7). Нью–ёркскі даследчык адзначае, што духам мемуарыстыкі прасякнутыя не толькі ўласна ўспаміны, але і празаічныя творы, такія, як „Змагарныя дарогі“ Кастуся Акулы ці „Случчына ў вагні“ Алеся Змагара. Таму, напэўна, варта пагадзіцца з меркаваннем Яна Чыквіна, пададзеным у кнізе: „...амаль усе, зь невялікімі выняткамі, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзёньнікаў, словам, да жанру аўтабіяграфічнага або парадакумэнтальнага“ (8).

Лявон Юрэвіч падзяляе мемуарную літаратуру на аўтабіяграфіі, некралогі, інтэрв’ю, ліставанні, запіскі і занатоўкі, выступленні, прамовы, дзённікі, уласна ўспаміны. Каб пазбегнуць абвінавачванняў у празрыстасці падзелу мемуарыстыкі, ён сам адзначае, што гэта даволі хістка і ўмоўна.

Кніга складаецца з успамінаў Апалёніі Радкевіч („Беларуская хатка“), Сямёна Підгайнага („Беларусы на Салаўках“), Юркі Віцьбіча („Не чарнілам, а крывёю“, „Люблю я, разумееце, Віцебск“), Льва Гарошкі («Праз навальніцы й нягоды“), Наталлі Арсенневай („Аўтабіяграфічны нарыс“), Канстанціна Езавітава („Кароткі жыццяпіс“), Міколы Равенскага („Жыцьцяпіс“), Вячаслава Сэлях–Качанскага („Уласны жыцьцяпіс“), Алеся Змагара („Мой жыцьцяпіс“), Уладзімера Брылеўскага („Аўтабіяграфія“), Юрыя Жывіцы („Маё паходжаньне“), Зінаіды Кадняк („Успаміны пра Алеся Салаўя)“, Аляксандра Калодкі («Беларусы ў Аўстраліі»).

Згадкі Апалёніі Радкевіч–Савёнак пераносяць нас у Менск 1916 г. Гэта расповед пра дзейнасць у горадзе „Беларускай хаткі“ і пра сустрэчы з Антонам Лявіцкім, Уладыславам Галубком, Максімам Багдановічам, Аркадзем Смолічам, Змітраком Бядулем, пра вечары, якія ладзіліся беларускай інтэлігенцыяй. Адзін з цікавых фактаў — згадка пра першую дэкламацыю ў „Беларускай хатцы“ багдановічавай «Пагоні», якая зрабіла незабыўнае ўражанне на прысутных.

Украінскi эміграцыйны гісторык Сямён Підгайны ў нарысе „Беларусы на Салаўках“ аўтар распавядае пра сустрэчы з беларускімі палітвязнямі пад час знаходжання ў салавецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Гэта былі дзеячы заходнебеларускага нацыянальнага руху савецкай арыентацыі, якія ў 1933 г. выехалі ў Савецкі Саюз, спадзеючыся на вольнае жыццё ў ім, але іхныя спадзяванні былі падманутыя. Нарыс не пазбаўлены іроніі. Думаецца, карысна прывесці з’едлівую, але справядлівую цытату: „Зь вялікім трыумфам ды помпаю ехалі гэтыя ахвяры польскага самаволу ў савецкую Беларусь, у «шчасьлівую, незалежную й самастойную» сацыялістычную савецкую Беларусь. Курорты, санаторыі, банкеты, найлепшыя пасады — усё было да паслуг гэтых пакутнікаў–рэвалюцыянэраў, якіх так мучылі фашысты–палякі. Пачалося запраўды не звычайнае жыцьцё, а суцэльнае сьвята. Сымон Рак–Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Пётр Мятла, Язэп Гаўрылік былі шчасьлівыя надмерна. Гэта–ж тыя сьляпыя падсавецкія беларусы, якія незадаволеныя раем. І ўся гэтая група… шчыра прыкладае рукі да зьнішчэньня нацыянальных антыбальшавіцкіх сілаў у падсавецкай Беларусі <…> А наўкола быў жах, а наўкола быў пагром за пагромам“ (123). Неўзабаве былых грамадоўцаў арыштавалі і пасля доўгіх катаванняў накіравалі на Поўнач, — выпраўляцца. Підгайны падрабязна апісвае грамадоўцаў, даючы ім трапныя характарыстыкі: „найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак–Міхайлоўскі“, „высокі, складны, зь сінявата–шэрымі вачамі, Мятла быў лірычна–пяшчотнаю натураю“, „бледны, з чорнаю барадою, крыху згорблены Дварчанін“, „Гаўрылік... высокі, русы, з рыжанькаю бародкаю на круглявым адкрытым твары, з крыху кірпатым носам“ (125—126). Усе яны нарэшце зразумелі злачынствы савецкай сістэмы. Аўтар апісвае і іншых салавецкіх беларусаў, што працавалі ў нечалавечых умовах і „не былі аб’яднаны й скансалідаваны ды ня мелі выразнай нацыянальнай групы, як гэта было ў украінцаў, татар, грузінаў, немцаў ды ў іншых нацыянальных групах...“ (131).

Наступныя два артыкулы аб’яднаныя прозвішчам аднаго аўтара — Юркі Віцьбіча. Першы — „Не чарнілам, а крывёю“ — распавядае пра рэпрэсаваных літаратараў Андрэя Александровіча, Францішка Аляхновіча, Сымона Баранавых, Уладыслава Галубка і інш. Артыкул надрукаваны паводле рукапісу, што захоўваецца ў архіве БІНіМа. Лявон Юрэвіч мяркуе, што гэта накіды да кнігі з аднайменнай назвай, якая мусіла быць значна пашырана. У другім артыкуле „Люблю, я разумееце, Віцебск“ падаецца ліставанне, дзе так ці інакш закранаецца горад Віцебск.

Вельмі цікавы і пазнавальны нарыс грэка–каталіцкага святара Льва Гарошкі „Праз навальніцы й нягоды. Успаміны з гадоў 1930—1944. Фрагмэнты“. Вядомы уніяцкі святар распавядае пра станаўленне уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі за часамі II Рэчы Паспалітай і ў часе ваеннага ліхалецця. Ён вызначае цяжкасці уніяцкага руху ў 20—30–х г. ХХ ст.:

— непрыхільнае становішча польскага рыма–каталіцкага духавенства;

— варожае стаўленне польскага ўрада;

— варожая прапаганда праваслаўнага духавенства (194).

Новы этап у жыцці беларускіх уніятаў, паводле сцвярджэння Льва Гарошкі, пачаўся пасля верасня 1939 г., калі уніяцкія парафіі былі зачыненыя савецкімі ўладамі. У гэты час львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, карыстаючыся паўнамоцтвамі, дадзенымі з Рыму, заснаваў для земляў былой Расійскай імперыі чатыры экзархаты, адзін з іх — Беларускі, на чале якога стаў ксёндз Антон Неманцэвіч. Спадзяванні беларускіх уніятаў былі перакрэсленыя ў жніўні 1942 г., калі нямецкія ўлады арыштавалі і неўзабаве знішчылі айца Неманцэвіча. З яго забойствам фактычна скончылася і грэка–каталіцкае жыццё ў Беларусі. Уніяцкія святары ці былі арыштаваныя, ці выехалі на эміграцыю (як аўтар успамінаў). У арышце ксяндза Неманцэвіча Леў Гарошка абвінавачвае праваслаўных біскупаў з Жыровіцкага манастыра, якім замінала душпастырская дзейнасць грэка–каталікоў найперш сярод праваслаўных вернікаў.

Сярод астатніх вылучаюцца ўспаміны беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Яны былі напісаныя па просьбе Вітаўта Тумаша і перахоўваліся ў БІНіМе. Наталля Арсеннева распавядае пра сваё дзяцінства ў Баку, жыццё ў бежанстве ў Яраслаўлі, Дрысе. Але найбольшую ўвагу прыцягвае яе аповед пра Вільню. Зацікаўлены чытач, і найперш гісторык, знойдзе тут шмат замалёвак з жыцця Віленскай Беларускай гімназіі. З асаблівай любасцю будучая паэтка ўспамінае настаўніка літаратуры Максіма Гарэцкага: „Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам. Аўтар кнігі, што мне спадабалася, пісьменьнік… Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю? На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!). Ці дзіва, што гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнаньня і апанаваньня беларускай мовы?“ (216—217). Так, магчыма, па–дзіцячы наіўна, характарызуе Наталля Арсеннева выдатнага дзеяча беларускай культуры, які згінуў у жорнах сталінскага ГУЛАГа. Найбольшую ўвагу аддае Арсеннева ўспамінам пра мужа Франца Кушаля. Магчыма, гэтыя ўспаміны — адзін са спосабаў зірнуць іншым поглядам на чалавека, да якога савецкія гісторыкі прышчапілі кляймо здрадніка радзімы.

Франц Кушаль быў для яе найперш (а можа і толькі) муж і, адпаведна, яна глядзіць на яго як на роднага, блізкага чалавека, з пэўнымі недахопамі ці станоўчымі рысамі. Найбольшыя выпрабаванні выпалі на плечы гэтай жанчыны з 1939 г. Са знікненнем польскай дзяржавы шмат што змянілася ў яе жыцці. Франц Кушаль патрапіў у савецкі палон, Арсеннева ўладкавалася ў „Сялянскую газэту“, што выдавалася ў Вялейцы. Цікавасць выклікаюць уражанні ад „творчай“ паездкі вялейскіх журналістаў (Наталлі Арсенневай, Максіма Танка і Міхася Машары) у Менск. „…Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк, вядома, як Танк, ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па–беларуску, бо па–іншаму ён ці ўмеў. А Кучар спалохаўся: «Ведаеце, — зьвярнуўся ён да яго, — не гаварыце так голасна па–беларуску, у нас гэта ня прынята». І гэта ў сэрцы Беларусі — Менску!“ (226). Хутка вольнае жыццё скончылася. Кушалі, як сям’я польскага ваеннапалоннага, былі арыштаваныя. „…аднае прыгожае раніцы, калі я толькі ўставала з ложка, каб ісьці ізноў у рэдакцыю пасьля недаспанае ночы, у нашыя дзьверы пастукалі ўзброеныя энкавэдыстыя. Яны зь месца абшукалі мяне, дарма, што я была яшчэ нават без сукенкі, і загадалі мне зараз–жа зьбірацца з хлапцамі, куды — яны не сказалі. <…> Пасьля перагляду рэчы і пасьцель абы–як зьвязалі ў клумак, і неўзабаве мы ўжо стаялі ў машыне, якая імчала вуліцамі Вялейкі. Шмат такіх машынаў можна было пабачыць у гэты сьцюдзёны, золкі дзень 13–га сакавіка ў горадзе! Усіх высыланых звозілі на станцыю й ладавалі ў даўжэзны таваровы цягнік. Уся станцыя была поўная людзей. Вартаўнікі грубыя, брутальныя; сплаканыя, напалоханыя жанчыны (іх ды дзяцей было 99%); сваякі й знаёмыя, якія, дарма што бальшавіцкія запалохваньні, прыбеглі праводзіць сваіх блізкіх у далёкую нязнаную дарогу, усё гэта мітусілася, пхалася, крычэла й плакала. Энкавэдоўцы шчыльна абкружылі цягнік, але ўсё–ж той і гэты з натоўпу прарываўся, падбягаў да дзьвярэй вагонаў, падаваў тую ці іншую забытую рэч, бутэльку малака, яшчэ раз разьвітваўся. Нас — ніхто не праводзіў <…> хоць мы і ехалі ў вялікую дарогу, ня маючы пры сабе нават кавалка хлеба. Ды ці да хлеба тады было? Пачуцьцё страшэннай крыўды сьціскала горла… А людзей усё прыбывала й прыбывала“ (227—228). Натальля Арсеннева з двума сынамі была выселеная ў Казахстан, дзе зведала ўсе выгоды савецкага раю. У 1941 г. адбыўся перагляд справы Франца Кушаля, яго вызвалілі з савецкай турмы, і сям’я здолела вярнуцца ў Беларусь. Далей Наталля Арсеннева апісвае падзеі вайны, жыццё ў Менску на Ленінградскай вуліцы, сваю працу ў „Беларускай газэце“, працу для Беларускага тэатра. Цікавае апісанне беларускіх грамадска–культурных дзеячаў той пары, з якімі сутыкала жыццё: Антон Адамовіч, Уладыслаў Казлоўскі, Мікола Шчаглоў, Лявон Савёнак, Мікола Шкялёнак. Погляд на ваенны Менск Наталлі Арсенневай — гэта адмысловы погляд, які цалкам не стасуецца з традыцыйным уяўленнем пра горад пад нямецкай акупацыяй. Гэта багатае культурнае жыццё, выпуск беларускай прэсы, росквіт тэатра, святкаванне 25–х угодкаў беларускай гімназіі. У жонкі Франца Кушаля былі свае рахункі з савецкай уладай, ад рук савецкіх падпольшчыкаў загінуў яе сын Яраслаў (пад час тэрарыстычнага акта ў гарадскім тэатры 22 чэрвеня 1943 г.). Улетку 1944 г. Кушалі вымушаныя былі пакінуць Беларусь і з’ехаць на эміграцыю. Жыццю ў лагерах Нямеччыны прысвячае Арсеннева яшчэ некалькі старонак.

З яе ўспамінамі выразна дысануюць успаміны (калі іх так можна назваць) Кастуся Езавітава, пад назвай „Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы“. Гэта нават не ўспаміны, а падрабязная анкета ўсіх істотных этапаў жыцця ад паступлення ў Дзвінскае 2–е гарадское вучылішча і да працы ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Такая аўтабіяграфія мусіць быць карыснай для біёграфаў Езавітава. У такім кантэксце і жыццяпісы, створаныя ўжо на эміграцыі ў Бельгіі, беларускага кампазітара Міколы Равенскага, спевака і тэатральнага дзеяча Вячаслава Сэлях–Качанскага.

Асобна можна вылучыць жыццяпіс Алеся Змагара (Алеся Яцэвіча), які распавядае пра свой жыццёвы шлях ад нараджэння і да эміграцыі. Тут можна знайсці нямала цікавых старонак пра Слуцкае паўстанне, навучанне ў БДУ, жыццё ў Менску 20—30–х г., адкрыццё беларускіх школ пад час нямецкай акупацыі і працу ў беларускай адміністрацыі, ягоную дзейнасць на эміграцыі. Адно што ўспаміны Змагара грашаць вялікай колькасцю падзеяў, і гэта падаецца нерэальным, а многае — прыдуманым. На эміграцыі Алесь Змагар належаў да эмігранцкіх арганізацый, якія былі больш дэкарацыйныя, чым рэальныя: „Быў неафіцыйным рэдактарам газэты „За Волю“, але, пасьля таго, як абрамчыкавая цэнзура не прапусьціла маіх артыкулаў „Лістапад“ і „За незалежнасьць Беларусі“, я ад удзелу адмовіўся. Напісаны ў 1952 г. верш „Да згоды“ паслаў у бэнээраўскую й бэцээраўскую прэсу, але ні адна зь іх майго верша не надрукавала, тагды паслаў Хмары, і той надрукаваў. Прапанову Абрамчыку і Астроўскаму прыйсьці да паразуменьня ды спачатку чаргавацца прэзыдэнцтвам і віцэ–прэзыдэнцтвам, а свае Рады злучыць у адну Раду, якая з часам і абярэ сабе прэзыдэнта Рады, Абрамчык катэгарычна адкінуў“ (293). Сумнеўнай выглядае згадка пра неафіцыйнае рэдактарства „За волю“, а ідэя аб’яднання Радаў здаецца наіўнай і нерэальнай.

Завяршае кнігу нататка Аляксандра Калодкі „Беларусы ў Аўстраліі“, дзе распавядаецца пра станаўленне беларускіх арганізацый на зялёным кантыненце. Першы транспарт з беларускімі эмігрантамі прыбыў у Аўстралію ў 1948 г. Беларусы мусілі прызвычайвацца да новых умоваў жыцця, новай экзатычнай краіны.Дбаючы пра ўласны дабрабыт, яны не забываліся і на грамадскую працу на карысць Беларусі, стваралі арганізацыі, праводзілі святы, усяляк пашыралі веды аўстралійцаў пра Беларусь.

Наогул успаміны добра скампанаваныя і распавядаюць пра розныя бакі жыцця беларускіх дзеячаў: ад Менску з ягонай беларускай хаткай 1916 г. ці Салавецкіх лагераў і да жыцця на эміграцыі ў Флорыдзе ці далёкай Аўстраліі, паказваюць розныя погляды эміграцыйных дзеячаў, розныя бакі іх жыцця. Кніга будзе карысная не толькі ўсім аматарам беларускай гісторыі ці мемуарыстыкі, але і спецыялістам, якія могуць знайсці тут новыя факты.

Алег Гардзіенка
Менск

зьмест