Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. 142.

Гэта другая (пасля біяграфічнага нарыса ў «Беларускім гістарычным зборніку», 1996, № 2(6)) спроба жыццяпісу вядомага беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі Юрыя Весялкоўскага і першы яго аўтабіяграфічны твор. Аўтар тут апісвае свой жыццёвы шлях ад дзяцінства і юнацтва, якія прыпалі на гады, калі ягоная Стаўпеччына была ў складзе II Рэчы Паспалітай, да падзей 80–х г., якія адбываюцца на Брытанскіх выспах, дзе Весялкоўскі жыве і цяпер. Гэткі вялізны прамежак часу дазваляе чытачу вачыма аўтара зірнуць на такія моманты айчыннай гісторыі, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР увосень 1939 г., пачатак нямецка–савецкай вайны ў 1941 г., нямецкая акупацыя, дзейнасць Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны (Весялкоўскі сам быў кадэтам), знаходжанне ў 30–й дывізіі СС Зіглінга, заканчэнне вайны ў складзе Арміі Андэрса, паваенная беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі. Расповед гэткага ж зместу напісаў іншы эмігрант — Кастусь Акула (Акула К. Змагарныя дарогі. 1994), які таксама прайшоў шлях жаўнера ад кадэта Менскай школы БКА да кіраўніка ветэранскага руху на эміграцыі. Таму можна параўнаць погляды абодвух аўтараў на некаторыя моманты і падзеі ды заўважыць адрозненні. Асабліва гэта тычыцца перыяду ад улучэння менскіх кадэтаў у склад 30–й дывізіі СС, якая была ў сваім афіцэрскім складзе расійскай па сутнасці. Разам з тым варта сказаць, што Акула больш падрабязна апавядае пра падзеі таго часу, нават пра тыя, сведкам якіх ён не быў. Так, гэта тычыцца пераходу брыгады «Беларусь» разам са злучэннем РОА на бок амерыканскіх войскаў. Што датычыць Весялкоўскага, то ён не прэтэндуе на грунтоўны твор пра лёс вайскоўцаў–беларусаў па–за межамі Беларусі ў 1944—45 г., затое праз прызму свайго ўспрымання і светапогляду намагаецца праўдзіва давесці да ведама чытача найперш пра сваё жыццё і дзейнасць, закранаючы ў аповедзе толькі асобаў, з якімі ён сутыкаўся, і падзеі, у якіх давялося ўдзельнічаць.

Кніга складаецца з невялічкіх раздзелаў па некалькі старонак, кожны з якіх прысвечаны асобнаму эпізоду. Напрыклад, у раздзеле «У Францыю на фронт» Весялкоўскі распавядае пра настроі вайскоўцаў 30–й дывізіі перад тым, як гэтую частку немцы вырашылі перакінуць у Францыю дзеля змагання з войскамі заходніх саюзнікаў. Вядома, шмат хто прагнуў на ўсходні фронт. Весялкоўскі добра прытрымліваецца геаграфіі мясцовасці, дзе ён знаходзіўся, нягледзячы на тое, што яна вельмі часта мянялася. Бадай што падзённа Весялкоўскі распавядае пра ўсе здарэнні, якія адбываліся з рэштай кадэтаў афіцэрскай школы БКА, якім удалося пад час знаходжання ў Францыі ўцячы з дывізіі Зіглінга і, прайшоўшы праз палон французскіх партызанаў і амерыканцаў, апынуцца на супрацьлеглым баку — у складзе Арміі Андэрса, жаўнерамі якой скончыць вайну ў Італіі.

Праца Весялкоўскага — рэдкая крыніца па гісторыі беларускіх вайскоўцаў пад Брытанскай камандай. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, як склаўся лёс тых 6еларусаў з ліку жаўнераў 2–га Польскага Корпуса, якіх ён асабіста ведаў і якія стаялі на чале беларускага руху ў шэрагах гэтага фармавання напрыканцы II сусветнай вайны. З кнігі можна даведацца, як ставіўся польскі генералітэт і простае афіцэрства да беларускай дзейнасці ў шэрагах Арміі Андэрса. Уважліва пазнаёміўшыся з творам, чытач можа заўважыць, што аўтар акцэнтуе рэлігійную прыкмету. У кнізе зазначаецца, што найбольшымі завадатарамі і абаронцамі беларускасці ў Польскім войску тады выступалі беларусы праваслаўнага веравызнання, тым часам наконт беларусаў–каталікоў звестак надта мала. Ва ўспамінах Весялкоўскага адсутнічаюць моманты з баявых дзеянняў нашых землякоў у складзе Брытанскага войска на Апенінскай паўвыспе. Гэта натуральна, бо кадэты Менскай афіцэрскай школы БКА патрапілі ў Корпус Андэрса толькі ў студзені 1945 г., калі асноўныя баталіі ўжо сканчаліся на італьянскім фронце. Але, тым не менш, гэта не зніжае каштоўнасці кнігі.

Твор Весялкоўскага будзе цікавы і тым, хто даследуе тэматыку гісторыі беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, асабліва першыя пасляваенныя гады яе існавання. Тут ёсць змястоўныя звесткі пра працу 1–га З’езду беларусаў Вялікай Брытаніі, утварэнне і дзейнасць Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), спрэчкі паміж рознымі плынямі беларускага эмігранцкага руху ў Вялікай Брытаніі. У прыватнасці, аўтар як былы сябра менш вядомай за ЗБВБ Хрысціянскй Арганізацыі Беларускіх Работнікаў (ХАБР) распавядае пра ўмовы яе ўзнікнення і спынення дзейнасці. Весялкоўскі таксама прыводзіць шэраг дакументаў з дзейнасці гэтай арганізацыі (напрыклад, рэзалюцыю ХАБР).

З гістарычнага гледзішча кніга ўспамінаў Весялкоўскага з’яўляецца важнай крыніцай для даследавання грамадска–палітычнай дзейнасці беларусаў у Вялікай Брытаніі. Каштоўныя згадкі і былога кадэта Менскай афіцэрскай школы БКА, па гісторыі якой вельмі мала матэрыялаў. Кніга напісана даступнай мовай і лёгкая для ўспрымання.

Юры Грыбоўскі
Менск

зьмест