Катковіч, Анеля; Катковіч–Клентак, Вераніка. Успаміны. Беласток, Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. 142.

Надрукаваныя мемуары беларусаў дагэтуль можна было літаральна пералічыць на пальцах. Быццам беларусы іх увогуле не пісалі, або пісалі вельмі мала і хавалі ад публікі. Зразумела, каб пісаць цікавыя для іншых успаміны, трэба не толькі ўмець паглядзець на падзеі збоку, асэнсаваць сваё месца ў гісторыі і запісаць іх больш–менш літаратурнаю моваю, трэба таксама не баяцца зрабіць гэта адкрыта і не хвалявацца потым за лёс свой і сваіх блізкіх. Іншымі словамі, мемуары — гэта выяўленне вольнага чалавека, які ведае цану сабе і свайму досведу і хоча паведаміць пра іх свету... Лёс ледзь не кожнага свядомага беларуса звычайна не ўкладваўся ў рамкі савецкіх схемаў і тых стэрэатыпаў, што запанавалі ў свеце пасля заканчэння II сусветнай вайны ў поглядах на падзеі вайны і першай паловы ХХ ст. Вось чаму мемуары ў пэўных абставінах становяцца справаю досыць рызыкоўнаю. І таму любое зафіксаванае сведчанне неадназначнасці беларускага лёсу, беларускага шляху — каштоўны ўнёсак у разуменне нашай гісторыі. Беларускае Гістарычнае Таварыства ў Беластоку рэгулярна выдае кнігі, якія, напэўна, яшчэ не змаглі б быць надрукаваныя ў Беларусі (прынамсі, у дзяржаўных выдавецтвах). Апошняе выданне гэтай своеасаблівай серыі — успаміны Анелі Катковіч і Веранікі Катковіч–Клентак. Кніга складаецца з уводзінаў, якія напісалі Алена Глагоўская і Янка Жамойцін, саміх успамінаў, а таксама заўвагаў, каментароў і некалькіх дзесяткаў фотаздымкаў. Выдадзеная яна ў 1999 г. пры фінансавай дапамозе Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польшчы.

Успаміны сясцёр Каткавічанак, якія чытаюцца адным подыхам, напісаныя як бы пункцірам — некаторыя падзеі вылучаюцца, некаторыя затушоўваюцца. Безумоўна, не ўсё памятаецца аднолькава, але часам здаецца, што рукою Веранікі і Анелі рухала несвядомае жаданне апраўдацца, а некаторыя рэчы схаваць паміж радкоў. Так, праца і жыццё ў Менску пад час нямецкай акупацыі прагавораны хутка і без падрабязнасцяў, асабліва ў Анелі, і тлумачыцца гэта пэўна, тым, што пісала яна свае ўспаміны ў 60—70–я г., калі панавалі адназначныя погляды на сітуацыю пад час вайны. А шкада, бо сёстрам было пра што распавесці — Анеля працавала перакладчыцай у менскай гарадской управе, а Вераніка, якая з дапамогаю Івана Ермачэнкі паступіла ў Менскую медычную школу, была намесніцай кіраўнічкі Саюза Беларускай Моладзі Надзеі Абрамавай. Найбольш дэталёвымі аказаліся радкі ўспамінаў Анелі, прысвечаныя дзяцінству і бацькам. Вераніка пра гэта не піша, бо гадавалася без бацькоў, якія рана памерлі. Падрабязнасці побыту, апісанне святкаванняў Калядаў, Вялікадня, успаміны пра вечарыны, звычаі, хатнія стравы амаль што фізічна даносяць да нас вобраз даваеннай Заходняй Беларусі, якая, нягледзячы на ўсе абставіны, развівалася, калі можна так мовіць, нармальна — гэта значыць, што беларускі характар, традыцыі, а, галоўнае, мова, няхай і не ў самых спрыяльных умовах, але існавалі і мелі перспектыву развіцця. Каткавічанкі нарадзіліся ў Будславе. Гэтае мястэчка праз сваіх слаўных прадстаўнікоў — такіх, як Вінцэнт Жук–Грышкевіч, Эдвард Будзька, Паўліна Мядзёлка — даказала, разам з іншымі местамі, мястэчкамі і вёскамі Заходняй Беларусі, што ў краі ёсць вялікі патэнцыял, які пачаў рэалізавацца дзякуючы гістарычным падзеям пачатку стагоддзя. З падобных мястэчак у тыя гады натуральным быў шлях здольнай і актыўнай часткі беларускай моладзі да навукі — Анеля, напрыклад, патрапіла ў славутую Першую Беларускую Гімназію ў Вільні, якую закончыла ў 1934 г. Потым працягвала вучыцца ў Віленскім універсітэце, дзе актыўна ўлучылася ў дзейнасць Беларускага Студэнцкага Саюза, спявала ў хоры Рыгора Шырмы і нават рэдагавала дзіцячы часопіс, але ўспаміны яе з тых гадоў, нягледзячы на россып імёнаў, на жаль, вельмі суб’ектыўныя і кароткія. Сціпла падае Анеля інфармацыю пра далейшыя падзеі — праца ў будслаўскай школе пры саветах, пачатак вайны, акупацыя, уцёкі ў Нямеччыну ў 1944 г. і праца ў польскай рэпатрыяцыйнай місіі ў Берліне. Але нават і гэтыя штрыхі, дзякуючы пэўным дэталям, дазваляюць амаль асязальна адчуць вобраз эпохі і зразумець немагчымасць паводзіць сябе і трымацца па–іншаму ў абставінах, падрыхтаваных для беларусаў чужою воляю... Каткавічанкі былі дэпартаваныя ў СССР як былыя грамадзянкі, дзе іх чакалі арышт і па 10 гадоў папраўчых лагераў. Па колькасці старонак лагерныя ўспаміны займаюць амаль што палову пададзенага ў кнізе тэксту. Глыбокі след у свядомасці сясцёр пакінулі ірацыянальнасць абвінавачванняў, фізічныя і маральныя здзекі, якія яны перанеслі ў турме і лагерах, а таксама іх супольная асабістая трагедыя — Вераніку арыштавалі цяжарную, і яна страціла ў няволі сына. І толькі ўспаміны пра даўняе даваеннае жыццё, якое адбывалася па нармальных, людскіх, а значыць, і боскіх законах, ратавалі іх у самыя цяжкія моманты. Пасля вызвалення ў 1958 г. шлях сясцёр ляжаў у Польшчу — з вялікага лагера на адносную вольнасць.

Успаміны Веранікі і Анелі Катковіч разлічаныя на шырокага чытача, якому, пашыраючы веданне акалічнасцяў гісторыі, дапамогуць пазбавіцца артадаксальнасці і шораў. Жывая гісторыя, агучаная, няхай суб’ектыўна і фрагментарна, яе неабыякавымі сведкамі, удакладняе сапраўдную гісторыю Беларусі ХХ ст., дагэтуль яшчэ не дапісаную. Суцяшае толькі, што дзякуючы намаганням беларусаў на эміграцыі і на бацькаўшчыне, такія сведчанні друкуюцца ўсё часцей, што само па сабе стварае процівагу афіцыйнай хлусні і ўстойлівым савецкім забабонам, якія сёння актыўна аднаўляюцца.

 Алена Арэшка
Менск

зьмест