Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja bylych zolnierzy Polskich sil zbrojnych na Zachodzie z Bialorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 roku. Warszawa, 1998.

Гэтая кніга цалкам складаецца са спісаў дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі, Літвы і Ўкраіны былых жаўнераў Корпуса Андэрса, які пад час другой сусветнай вайны ваяваў супраць гітлераўцаў у Італіі. На старонках працы змешчаны звесткі пра былых «андэрсаўцаў». З іх 888 асобаў складаюць тыя, хто ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. паводле распараджэння спецыяльнай калегіі пры Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі СССР быў разам з сем’ямі выселены ў Іркуцкую вобласць, на г. зв. спецпасяленні з тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Спіс высяленцаў падрыхтаваны вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Адамушкам, які займаецца тэмай палітычных рэпрэсіяў 20—50–х г. на Беларусі, на падставе дакументаў з цэнтральнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў Рэспублікі Беларусь. Гэты спіс быў дапрацаваны польскімі даследчыкамі, у выніку чаго на кожнага «андэрсаўца» склаўся своеасаблівы жыццяпіс: адзначаюцца вайсковыя часткі, у якіх служыў чалавек пад час I і II сусветных войнаў ці ў міжваенны час; месца, куды быў выселены жаўнер; імёны сваякоў, з якімі яго выселілі; лёс пасля вяртання з спецпасялення; узнагароды, якімі ганаравалі ваяра. Дарэчы, апошні паказчык даволі карысны ў тым сэнсе, што гэткім чынам можна даведацца, у якіх ваенных баталіях удзельнічала асоба. Так, паводле спісу звыш паловы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) удзельнічалі ў бітве за Монтэ–Касіна (травень 1944), бо былі ганараваныя памятным крыжам Монтэ–Касіна.

Апрача вайскоўцаў 2–га Польскага Корпуса генерала Уладыслава Андэрса ў ліку дэпартаваных і жаўнеры са складу 1–га Польскага Корпуса і польскай ваеннай авіяцыі, якія ў часе вайны кватаравалі на Брытанскіх выспах. Сустракаюцца і ўдзельнікі баёў з нямецкімі войскамі ў Паўночнай Афрыцы, на італьянскай паўвыспе ды інш. Шмат хто з лётчыкаў браў удзел у паветраных бамбаваннях Нямеччыны. Варта зазначыць, што сярод дэпартаваных у 1951 г. былых вайскоўцаў ПЗСЗ трапляюцца прозвішчы людзей, якія ніколі там не былі, але трапілі пад спецпасяленні за гэткія дробязі, як шчырае сяброўства з сем’ямі былых «андэрсаўцаў» або частае гасцяванне ў іх.

Усе асобы са спісу, скончыўшы свой шлях жаўнера II сусветнай вайны ў Вялікай Брытаніі ў 1946 г., дзе адбывалася расфармаванне ixных злучэнняў, павярталіся пры канцы 40–х г. у тыя мясціны, адкуль яны самі паходзілі і дзе засталіся да вайны сем’і. Адпаведна, вайскоўцы польскага паходжання маглі вяртацца ў Польшчу, а на «Крэсы Ўсходнія» патрапілі беларусы — грамадзяне II Рэчы Паспалітай. Bядома, што не менш за 1/3 вайскоўцаў Арміі Андэрса складалі беларусы.

Увагі беларуcкага даследчыка заслугоўвае і спіс дэпартаваных вайскоўцаў ПЗСЗ з Літвы. Яны таксама маюць непасрэднае дачыненне да айчыннай гісторыі, таму што былыя жаўнеры са спісу — нараджэнцы пераважна Віленшчыны. А ведаючы яе нацыянальны склад у міжваенны перыяд, можна лічыць дэпартаваных за беларусаў, пра што яны ўласна сведчылі пры жыцці. Тым болей, што ў спісе рэпрэсаваных у 1951 г., які складаецца з 40 асобаў, няма ніводнага літоўскага прозвішча. Праўда, сам чалавек з–за адсутнасці нацыянальнай свядомасці мог лічыць сябе палякам.

Звесткі пра дэпартаваных грунтуюцца цалкам на дакументальных крыніцах і польскай вайсковай літаратуры, таму кніга з’яўляецца вельмі дасканалай. Зразумела, што дзеля паўнавартасных даследаванняў у гэтым кірунку адной такой працы мала, бо значная частка нашых землякоў з ліку вайскоўцаў ПЗСЗ засталася пасля вайны на эміграцыі. Апрача тэкстаў, кніга насычана рэдкімі фотаздымкамі баявога шляху Арміі Андэрса, выняткамі са справаў пад час арышту былых жаўнераў ПЗСЗ. Кніга даволі зручная ў карыстанні — ёсць шэраг тлумачэнняў асноўных скарачэнняў, алфавітны паказчык і інш.

Юры Грыбоўскі
Менск

зьмест