Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з'яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-бела русаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст.

Што тычыцца першай часткі кнігі, то запіс успамінаў былых вязняў канцлагераў зроблены прадстаўнікамі нямецкага антыфашысцкага моладзевага руху пад час знаходжання беларусаў летась у Нямеччыне. Сярод апытаных вязні не толькі такіх вядомых лагераў, як Майданэк, але і зусім невядомых (канцлагер Канстантынаў). Апытанні праводзіліся з нагоды прэзентацыі выставы «Невядомая вайна. Злачынствы Вермахту 1941—44 г.». Знаёмства з успамінамі дазваляе чытачу вачыма беларускага дзіцяці ўбачыць усе жахі лагернага існавання. У кнізе змешчаны аповеды людзей, якіх вайна напаткала ў розных кутках Беларусі — на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Меншчыне, што стварае даволі добрую панарамную карціну нямецкаму чытачу.

Даволі цікавы матэрыял з гістарычнага гледзішча змешчаны ў другім раздзеле кнігі. Ён падрыхтаваны дасведчанымі ў айчыннай гісторыі спецыялістамі з Беларусі і Нямеччыны. Адзін з падраздзелаў ахоплівае прамежак часу ад узнікнення беларускай дзяржаўнасці ў XIII ст. і да Рыжскага міру 1921 г., займаючы тры невялічкія абзацы. Тут згадваецца татара-мангольскае нашэсце, Люблінская унія 1569 г., бальшавіцкі пераварот 1917 г. і яшчэ колькі падзеяў. Трэба зазначыць, што аўтар не пільнаваўся дакладнасці ў датах і назвах. Так, сцвярджаецца, што Беларусь з XIII ст. увайшла ў літоўскае княства. Праўда, зазначаецца, што насельніцтва Беларусі размаўляла па-беларуску. Такую сціплую падачу звестак можна, пэўна, абгрунтаваць тым, што аўтар бачыў гэты падраздзел не самым галоўным сярод іншых.

Дастаткова падрабязна для нямецкага чытача распавядаецца гісторыя Беларусі з 1921 да 1945 г. У асобныя раздзелы вылучаны такія тэмы, як польская палітыка ў міжваенны час у дачыненні да заходнебе ларускага насельніцтва, БССР напярэдадні вайны, пакт Гітлера-Стал іна 23 жніўня 1939 г., савецкая партызанка пад час другой сусветнай вайны ў Беларусі, знішчэнне жыдоў гітлераўцамі, нацысцкая прапаганда на Беларусі. Адначасна з тэкстамі змяшчаюцца і карты (фармаванне тэрыторыі БССР у 1921-39 г.), малюнкі (антыпартызанскі плакат на беларускай мове), цікавыя фотаздымкі, карта размяшчэння партызанскіх зонаў з іх колькасным складам, узятая з аднаго з нямецкіх вайсковых нататнікаў групы Арміі «Цэнтр» ад 1 студзеня 1944 г.

Каб паказаць памеры ажыццяўлення галакосту на Беларусі, аўтары прыводзяць колькасць габрэйскага насельніцтва БССР напярэдадні нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Апрача таго, аўтары зважаюць на стан габрэяў і адносіны да іх пасля пакта Гітлера-Сталіна. Таксама зазначаецца, што на Беларусі пад час нямецкай акупацыі знішчалася габрэйскае насельніцтва з краін Заходняй Еўропы.

У асобным раздзеле «Партызанскі рух на Беларусі», апрача савецкай партызанкі, вылучаецца дзейнасць Арміі Краёвай і габрэйскі партызанскі збройны чын.

Сярод згаданых антысавецкіх рухаў у часе II сусветнай вайны тут выступае расійскі генерал Камінскі са сваёй брыгадай, якая доўгі час кватаравала на Наваградчыне. Чамусьці ні слова няма пра беларускія нацыянальныя вайсковыя фармаванні пад нямецкай камандай.

Заслугоўвае ўвагі шэраг невялічкіх даведкавых артыкулаў пад агульнай назвай «Гісторыя Беларусі з 1944 г.». Апрача звестак пра дзяржаўнае будаўніцтва ў паваеннай БССР, страты беларускага народа ў выніку вайны і інш., аўтар даводзіць пра наяўнасць сярод часткі беларускага грамадства антысавецкіх настрояў. У прыватнасці, згадваецца дзейнасць Саюза Беларускіх Патрыётаў (СБП) на Пастаўшчыне і Глыбоччыне. Аддаецца ўвага палітычным рэпрэсіям на Беларусі пасля вайны. Падаюцца таксама падзеі апошніх гадоў, адлюстроўваюцца асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця Рэспублікі і яе эканамічны стан.

Пры канцы кнігі ёсць дадатак у выглядзе гістарычнага календара 1939—1945 г., дзе змяшчаецца шэраг асноўных датаў, звязаных, галоўным чынам, з палітыкай знішчэння цівільнага насельніцтва Беларусі пад час нямецкай акупацыі.

Апрача гэтага ёсць і тэматычны паказальнік шэрагу паняццяў, якія тычацца часоў акупацыйнага рэжыму на Беларусі і не толькі. Так, побач з даведкай пра СД можна ўбачыць адпаведны матэрыял наконт НКУС. Праўда, ёсць і пралікі. Так, апрача лагера смерці Малы Трасцянец, варта было б распавесці пра Баранавіцкае гета і іншыя буйныя месцы знішчэння цывільнага насельніцтва на Беларусі.

Калі казаць пра крыніцы, на падставе якіх падрыхтавана другая частка кнігі, то яны вельмі разнастайныя. Галоўным чынам аўтары абапіраліся, з аднаго боку, на нямецкія матэрыялы па ваеннай гісторыі і акупацыйным рэжыме ў Еўропе, у тым ліку і архіўныя, а з другога боку — на беларускую літаратуру апошніх гадоў, сярод якой праца Уладзіміра Адамушкі «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі 20—50-х гг.» (Мінск, 1994), а таксама кніга «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў» (Мінск, 1997).

Нягледзячы на шэраг недакладнасцяў у гістарычных падзеях, кніга з'яўляецца адметнай з'явай, яна будзе добрым даведнікам пра нашу краіну для замежнага чытача. Дзякуючы гэтай працы нямецкія аматары гісторыі могуць даведацца пра сапраўдны цяжар II сусветнай вайны, які выпаў на Беларусь. Апрача таго, шмат каму з нямецкіх чытачоў другі раздзел кнігі падасца добрым экскурсам у гісторыю Беларусі, паколькі пра большасць праблемаў, узнятых у гэтай працы, яны даведаюцца ўпершыню. Добрае спалучэнне ўспамінаў сведкаў вайны са змястоўным гістарычным даведнікам робіць кнігу даступнай і зручнай для чытання.

Юры Грыбоўскі
Менск

зьмест