Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschaffts_ und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999.

Апошнім часам роля вермахта ў вайне на Ўсходзе выклікала крытычныя каментары як з боку грамадскасці, так і ў навуковым асяроддзі Нямеччыны. Спрэчка разгарнулася вакол выставы «Вермахт» Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, якая праходзіла амаль у 30 нямецкіх гарадах1 і закранала таксама партызанскую вайну 1941—1944 г. у Беларусі. На адным з экспазіцыйных стэндаў быў змешчаны шэраг фотаздымкаў, якія дэманстравалі злачынства ў дачыненні да бязвінных грамадзян — павешаных у Мінску жанчыны і двух мужчын. Па сведчанні мінскіх журналістаў размова вядзецца пра вядомую яўрэйскую партызанку Машу Брускіну, якая паспяхова змагалася супраць нямецкіх акупантаў 2. Гледзячы з сённяшняга дня, даволі цяжка ўявіць, што пры дакладных умовах згодна з Гаагскай канвенцыяй вядзення сухапутнай вайны (1907 г.) павешанне партызан адпавядала міжнародным прававым нормам. Для абодвух бакоў, як беларускага, так і нямецкага, вайна была смяротнай рэчаіснасцю. Беларускае насельніцтва было расколата на два лагеры, і партызанская вайна адначасова з'яўлялася грамадзянскай. З аднаго боку беларусы змагаліся на баку немцаў супраць Сталіна, іншыя вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. Тэме нямецкай акупацыйнай і эканамічнай палітыкі прысвечана нядаўна выдадзеная праца Хрысціяна Герлаха. Больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам. Зразумела, паўстае пытанне пра калабарацыю беларускага насельніцтва з нямецкай адміністрацыяй, хоць раней гэта даволі падрабязна, але зусім не вычарпальна разглядаў Бернгард К`яры3. Герлах не выкарыстаў у сваёй працы беларускіх (рускіх) крыніц з-за дрэннага валодання як адной, так і другой мовамі. Таму ён шырока выкарыстоўвае ўсе даступныя нямецкія крыніцы, датычныя тэмы. Менавіта з гэтых пазіцый складалася ўяўленне Герлаха пра партызанскую вайну. Якой жа яе бачыць аўтар?

Згодна з тэзаю аўтара, не было вайны супраць партызан, а быў «план» вынішчэння беларускага цывільнага насельніцтва. Герлах кажа пра гэта на старонках кнігі (229, 1010): «Што тычыцца барацьбы з партызанамі, то тут вялося пераважна пра мэтанакіраваныя, арганізаваныя масавыя забойствы». Утаймаванне партызан складалася ў асноўным з забойства няўзброеных сялян, а да вынішчэння вёсак дайшло, на думку Герлаха, не ў працэсе барацьбы з партызанамі, а яно паўстала пераважна з эканамічна матываванага плану забойстваў (975—1036).

Герлах лічыць, што барацьба з партызанамі мела некалькі этапаў. На першым у 1941 г. праз калектыўныя акцыі насілля і «прэвентыўнай барацьбы» мусілі быць знішчаныя ў асноўным ваеннапалонныя і цывільнае насельніцтва. Але ў супярэчнасць гэтаму ён нагадвае, што не магло б быць і мовы пра «барацьбу з партызанамі без партызан» (861). Падыход Герлаха лепей відаць, калі ён законны абавязак вермахта па ўзяццю ваеннапалонных і знішчэнню чырвонаармейцаў тлумачыць існаваннем нейкага невядомага плана масавага забойства простага насельніцтва (878 і далей). Другі этап складаўся з «Вялікай кампаніі 1942 — пачатку 1943 г.» і характарызаваўся пераважна неразборлівым масавым вынішчэннем людзей і спальваннем вёсак. Трэці быў у 1943 г. і пазначаны «Канцэпцыяй мёртвай зоны», а чацвёрты этап (1944 г.) уяўляў сабой «Wehrdorfproekt». Такі падзел акупацыі Беларусі не новы, ён заснаваны на вядомых фазах змагання з партызанамі. Новым з'яўляецца толькі падыход Герлаха, які істотна аддзяляе нямецкую акупацыйную палітыку ад акцый супраць партызанскага руху. На яго думку, акцыі гэтыя былі праявай ці канкрэтнага жадання знішчаць бязвіннае цывільнае насельніцтва, ці патрэбы ў «эканамічных рабаўнічых нападах». Акрамя гэтага аўтар цвердзіць, што партызаны ў 1941 г. прытрымліваліся нормаў міжнароднага права (869). Але ў 1941 г. партызанскія масы ніяк не выяўлялі сябе і не вялі адкрытай барацьбы, нягледзячы на гэта ўзятыя імі палонныя часта расстрэльваліся, падвяргаліся катаванням. І з саюзнымі немцам беларускімі вёскамі партызаны абыходзіліся радыкальна, у парушэнне міжнароднага права. Нярэдка яны ўзорна расстрэльвалі ўсіх членаў сям'і таго, хто знаходзіўся на службе ў немцаў.

Праца Герлаха выклікае такое ўражанне, што калі і гаварыць пра «вермахт» ці «СС», дык зыходзячы з аднароднасці арганізацыі і адпаведнага розным акцыям метаду дзеяння. Паколькі вермахт і СС рэпрэзентуюцца пратаганістамі палітыкі самых розных масавых забойстваў, аўтар робіць выснову, што паміж імі і іх акцыямі не было істотных адрозненняў. Акурат на тэрыторыі акупаванай Беларусі вермахт і СС пад выглядам барацьбы з партызанамі праводзілі жорсткія акцыі масавага знішчэння насельніцтва. Праз апісанне кампаніі «Bamberg», пачатай увесну 1942 г., у Герлаха неаднаразова сцвярджаецца, што падобная аперацыя была тыповай для антыпартызанскай барацьбы (884—893). Але гэтая аперацыя, праведзеная сумнавядомай 707 пяхотнай дывізіяй, славацкім пяхотным палком і батальёнам паліцаяў, адрознівалася ад іншых аперацый вермахта. Суадносіны ў стратах партызанаў і немцаў ды мясцовых, беларускіх фармаванняў (пры перавазе ўдзельнікаў з боку вермахта) паказваюць, што вялося не пра сістэматычнае масавае забойства цывільнага насельніцтва, але пра барацьбу з моцнай партызанскай групоўкай, ахвярамі якой стала зашмат людзей, як бязвінных, так і тых, хто падтрымліваў партызанаў. Але толькі больш падрабязным даследаваннем можна ўсё растлумачыць. СС-групы Готберга разам са спецгрупамі Дзірлервангера сталі ў Герлаха «нармальнай» з'явай у барацьбе з партызанамі. Ён прысвячае цэлы раздзел кнігі таму, каб даказаць залежнасць барацьбы супраць партызан ад эканамічных інтарэсаў немцаў, пачынаючы з 1942 г. Шкада, што аўтар не высветліў некаторых асаблівасцяў, якія мелі значны ўплыў на развіццё падзеяў. Усё зліваецца ў адну вялізную аперацыю па здабычы трафеяў, і ўжо малаважна, ці яе праводзіў вермахт, ці СС. Аднак такая выснова непрымальная, бо больш за 100 000 партызанаў, якія аперавалі ў канцы 1943 г. у Беларусі, зусім не браліся пад увагу.

Даволі часта інтэрпрэтацыя выклікае пытанні з-за выкарыста ных крыніцаў. Напрыклад, на с. 843 аўтар сцвярджае, што выкананне карных аперацыяў часта ўспрымалася як пачэсная справа і выконвала ся толькі афіцэрамі (падкрэслена ў арыгінале). Ён спасылаецца на адзін з дакументаў Ostkomendatur 930. Пасля падрабязнага даследавання дзейнасці вышэйшых чыноў і гэтага дакумента ўсё стала зразумелым: уласнаручны расстрэл палонных партызанаў ці мірных жыхароў выклікаў абурэнне афіцэраў, менавіта таму і быў складзены гэты дакумент, які стаў няўклюднай спробай апраўдаць дзейнасць такіх афіцэраў. Таго ж дня было выдадзена распараджэнне, каб афіцэры не бралі ўдзелу ў падобных экзекуцыях супраць партызан 4. Такім чынам, Герлах сказіў змест крыніцы да яго супрацьлегласці.

Калі партызаны не з'яўляюцца актыўным суб'ектам у працы, то такое цэнтраванае выключна на нямецкай палітыцы даследаванне можа лёгка пайсці падманлівым шляхам. Шмат дзе праца адрозніваецца недастатковай уважлівасцю і памылковым тлумачэннем крыніц. Яна ў пэўным плане стаіць ніжэй за цяперашні стан даследаванняў вайны з партызанамі на акупаваных тэрыторыях Савецкага Саюза. У той час яна ёсць яркай праявай сучасных даследчыцкіх тэндэнцый у Нямеччыне, для якіх нямецкая акупацыйная палітыка ўяўляецца выключна палітыкай знішчэння. На думку рэцэнзента, без увагі засталіся падставы нямецкай акупацыйнай палітыкі, напруга ў адносінах, розныя праблемы, змены, а таксама вядзенне вайны Савецкім Саюзам.

Клаўс Ёхэн Арнольд
Мюнстэр


1 Гл.: Bogdan M. Bilder einer Ausstellung. Kritische Anmerkungen zur Wanderausstellung «Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wermacht 1941 bis 1944» // VJHZG (1999), Jg. 47, Heft 4, S.563—591; Krisztian U. Echte Bilder-problematichse Aussagen. Eine quantitative und qualitative Analyse des Bildmaterials der Ausstellung «VernichtungskriegVerbrecher der Wehrmacht 1941—1944» // GWU, Nr.10/1999. S. 584—595, а таксама Dieter S.-N. Die Tarnopol-Stellwand der Wanderausstellung «VernichtungskriegVerbrechend der Wehrmacht 1941 bis 1944» // Ebenda, S. 596-603.
2
Гл.:Arno L. Zum Kampf auf Leben und Tod! Das Buch vom Widerstand der Juden 1933—1945. Köln, 1944. S. 370f.. Ausstellungskatalog: Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wehrmacht 1941—1944, hrsg. vom Hamburger Institut fur Sozialforschung, 3. Auflage. Hamburg, 1997. S.144f. Тым часам з'явіліся новыя выданні.
3
Гл.: Bernhard С. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weissrussland 1941—1944. Dьsseldorf, 1998.
4
Bundesarchiv — Militärarchiv. Korück 582, vom 7.10.1941. RH 23-228.

зьмест